КОНС,
адзін з найб. старажытных рым. аграрных багоў, што шанаваліся разам з багіняй Опс. Ушаноўваўся як абаронца запасаў збожжа, схаваных пад зямлёй. Яго падземны алтар адчынялі раз на год у час свята кансуалій, калі К. прыносілі ахвяры і наладжвалі ў яго гонар гульні і спаборніцтвы. Пазней кансуаліі зліліся са святам коннага Нептуна, а сам К. з прычыны сугучча яго імя са словам «савет» (лац. consilium) лічыўся богам добрых парад.
т. 8, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКАЯ «РЭСПУ́БЛІКА»,
назва рэв. к-та, які дзейнічаў у Мазыры пад кіраўніцтвам Мазырскай арг-цыі РСДРП у час Кастр. Усерас. паліт. стачкі 1905. 30.10.1905 на агульнагарадскім мітынгу выбраны рэўком, які меў баявую дружыну і 9 дзён праводзіў рэв. мерапрыемствы. Была зроблена спроба захапіць склады зброі і казначэйства, вызваліць палітвязняў. У сутычцы з царскімі войскамі 4 чал. забіты, 6 паранена. Усе члены рэўкома сасланы ў Сібір на вечнае пасяленне.
т. 9, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́НДЗЯ,
катэгорыя спадчынных воінаў-наёмнікаў у сярэдневяковай Японіі. Практыкавалі адзін з відаў баявога майстэрства — «ніндзютсу» (яп. «нін» — нябачны, цярплівы і «дзютсу» — майстэрства). У час міжусобных войнаў (11—16 ст.) наймаліся яп. князямі для шпіянажу і забойства сапернікаў. Пасля аб’яднання Японіі ў пач. 17 ст. пад уладай сёгунаў з дома Такугава частка Н. выконвала паліцэйскія функцыі, частка далучылася да дэкласаваных элементаў.
Літ.:
Гвоздев С.А., Кривоносов И.В. Ниндзя: Тайны демонов ночи. Мн., 1997.
т. 11, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАМУ́З, Думузі,
у міфалогіі і рэлігіі стараж. семіцкіх народаў бог урадлівасці, які штогод памірае і ўваскрасае. Паводле стараж. шумерскага міфа Т. — бог-пастух, каханы і муж багіні Інаны, якая аддала яго ў падземнае царства «як замену» сябе самой. Т. выратавала яго сястра Гештынана, якая пагадзілася праводзіць пад зямлёй замест брата палавіну кожнага года (у гэты час Т. апякае зямлю, якая квітнее і пладаносіць). У фінікійскай міфалогіі Т. адпавядае Адоніс.
т. 15, с. 415
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЕРАСІ́ЙСКІ СЯЛЯ́НСКІ САЮ́З,
масавая арг-цыя сялян у час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі (470 мясц. арг-цый, каля 200 тыс. членаў). Створаны ў жн. 1905 у Маскве, дзейнічаў пад кіраўніцтвам партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Праграма ўключала патрабаванні нацыяналізацыі зямлі, склікання Устаноўчага сходу. Быў звязаны з Пецярб. саветам рабочых дэпутатаў, «Працоўнай групай» у Дзярж. думе. Аднавіўся пасля Лют. рэвалюцыі 1917, яго кіраўніцтва падтрымлівала Часовы ўрад. Распаўся пасля Кастр. рэвалюцыі 1917.
т. 16, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (№131). Створаны ў Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікамі летам 1941 у акупіраваным Бабруйску на тэр. Бабруйскай крэпасці для масавай загубы сав. ваеннапалонных і цывільных грамадзян. Пад канец года ў ім было каля 60 тыс. чал., з іх больш за 20 тыс. трымалі пад адкрытым небам. З-за голаду, холаду, антысанітарных умоў пачалася эпідэмія сыпнога тыфу. У кастр.—ліст. 1941 за суткі памірала 600—800, зімой — да 1 тыс. чал. Цяжкахворых фашысты закопвалі разам з мёртвымі. 7.11.1941 гітлераўцы падпалілі адзін з баракаў. Вязняў, якія выбягалі з падпаленага будынка, расстрэльвалі з кулямётаў. У выніку згарэла і расстраляна больш за 4 тыс. чал. У снеж. 1941 пад выглядам адпраўкі ў Мінск 3200 паўраспранутых вязняў пагрузілі ў таварныя вагоны і на адкрытыя платформы. Усе яны па дарозе замерзлі. Да жн. 1942 загублена каля 40 тыс. чал., да студз. 1944 — усе ваеннапалонныя. Лагер увесь час папаўняўся цывільнымі вязнямі, 5 тыс. з іх вызваліла Чырв. Армія. На магіле ахвяраў фаш. тэрору пастаўлены помнік.
т. 2, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУШКО́ Пятро (Пётр Паўлавіч; 1.1.1937, в. Сушкі Міёрскага р-на Віцебскай вобл. — 20.11.1996),
бел. паэт. Сын П.М.Сушко. Скончыў БДУ (1966). Працаваў у міёрскай райгазеце, газ. «Віцебскі рабочы», «Звязда», «Літаратура і мастацтва», час. «Вожык», з 1989 у выд-ве «Полымя». Друкаваўся з 1954. Аўтар зб-каў сатыр. і гумарыстычных вершаў, баек, мініяцюр, вершаваных фельетонаў, пародый і эпіграм: «Ганарлівы сучок» (1975, пад псеўд. Цімох Дзераза), «Восці напагатоў» (1978), «Парнаская кузня» (1981); кн. лірыкі «Пратока» (1976). Для дзяцей зб-кі «Вясёлы Бай» (1980), «Чмялёва гушкалка» (1986), «Ехаў кот у лес па дровы» (1990). Яго творам уласцівы дасціпнасць, афарыстычнасць, мяккі гумар. Напісаў жартоўныя варыяцыі на фалькл. тэмы «Касіў Ясь канюшыну» (1976), першы ў бел. л-ры вянок парадыйных санетаў «Паэтычнае веча» (1983 пад псеўд. Цімох Дзераза) і вянок гумарыст. актаў «Роздум ля Парнаса» (1983, пад псеўд. Кірша Рымар).
Тв.:
Бігосаўскі паром. Мн., 1994;
Жораў з выраю вярнуўся. Мн., 1994.
І.У.Саламевіч.
т. 15, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЎЦЮХ Епіфан Іовіч (21.5.1890, с. Высунск Мікалаеўскай вобл., Украіна — 28.7.1938),
савецкі ваен. дзеяч. Камбрыг (1935). Скончыў школу прапаршчыкаў (1916), Ваен. акадэмію РСЧА (1922), курсы ўдасканалення камсаставу (1928), курсы пры Ваен.-паліт. акадэміі (1930). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнічаў у баях на Кубані, Паўн. Каўказе. У час паходу Таманскай арміі (жн.—кастр. 1918) камандаваў 1-й калонай, якая дзейнічала ў авангардзе, паспяхова кіраваў баямі пад Архіпа-Осіпаўкай, Агайскім перавалам, Туапсэ, Беларэчанскай і Армавірам (гэты паход апісаны А.Серафімовічам у рамане «Жалезны паток», дзе К. дзейнічаў пад імем Кожуха). У 1918—20 камандаваў Таманскай арміяй, стралк. дывізіямі і зводным корпусам 11-й арміі, удзельнічаў у баях пад Царыцынам, Ціхарэцкай, Сочы і інш. У 1920 кіраваў дзеяннямі войск у аперацыі супраць ген. Улагая на Кубані, прымаў удзел у падаўленні Кранштацкага паўстання 1921. Камандзір дывізіі, корпуса, з 1936 армейскі інспектар і нам. каманд. БВА. Аўтар кнігі «Ад Кубані да Волгі і назад» (1926). Рэпрэсіраваны; рэабілітаваны пасмяротна.
т. 18, кн. 1, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́НСКІ Мсціслаў Адамавіч (28.4.1839, Вількамірскі пав. Віленскай губ. — 12.11.1868),
этнограф, фалькларыст, публіцыст. Вучыўся ў Варшаўскай медыка-хірург. акадэміі (1860—62). Супрацоўнічаў у газ. «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»), час. «Tygodnik Ilustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік»), «Kłosy» («Калоссе»), «Biblioteka Warszawska» («Варшаўская бібліятэка») і інш. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру бел., літ. і польск. народаў. У арт. «Дзяды» (1862), «Танцы насельніцтва з-пад Віліі» (1864), «Прыказкі жыхароў з-пад Віліі» (1866), «Некалькі слоў пра звычаі насельніцтва ў Мінскай губерні», абразках «Уражанні з падарожжа», «Успамін пра Пініпчыну» (усе 1867) і інш. падаў цікавыя звесткі пра побыт, абрады, звычаі, адзенне, фальклор беларусаў, літоўцаў і палякаў. Паэтычнасць бел. нар. песень адзначаў у працы «Пра паэтычныя ўяўленні літоўска-крывіцкага народа ў яго песнях» (1867).
А.Ф.Літвіновіч.
т. 7, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16 ст. на востраве Лепельскага возера, насупраць в. Стары Лепель (Лепельскі р-н). Пабудаваны ў час Лівонскай вайны 1558—83. Пасля ўзяцця Полацка Л.з. занялі і спалілі ў 1563 рус. войскі. На замчышчы яны залажылі астрог і размясцілі ў ім гарнізон. Войскі ВКЛ захапілі астрог і спалілі яго. Пасля аднаўлення ўмацавання ў 1563 побач з замкам заснаваны горад Лепель. У 1568 пачалося буд-ва новага драўлянага замка. Яго будавала мясц. насельніцтва пад кіраўніцтвам лепельскага старосты і полацкага кашталяна Ю.Зяновіча. Замак быў прамавугольны ў плане, фланкіраваны вуглавымі вежамі. З паўн. боку ад горада яго аддзяляў шырокі роў, які часткова запаўняўся вадой з возера. Каля Л.з. і пад яго аховай знаходзіўся гандл. порт.
М.А.Ткачоў.
т. 9, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)