назва шматлікай агентуры ген. Ф.Франка Баамондэ, якая ў час грамадзянскай вайны 1936—39 у Іспаніі (гл.Іспанская рэвалюцыя 1931—39) дзейнічала ў тыле рэсп. войск. Тэрмін «П.к.» ўзнік у кастр. 1936, калі франкісцкі ген. Э.Мола абвясціў па радыё, што мяцежнікі наступаюць на Мадрыд 4-ма калонамі, а 5-я ў рашаючы момант ударыць па рэспубліканцах з тылу. «П.к.» ўчыняла сабатаж, шпіянаж і дыверсіі, сеяла паніку. У гады 2-й сусв. вайны «П.к.» называлі нацысцкую агентуру ў розных краінах, якая дапамагала захопу гэтых краін фаш. войскамі. У наш час тэрмін «П.к.» ўжываецца ў шырокім сэнсе для абазначэння варожай агентуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТРАМЕ́ЕЎ (Уладзімір Пятровіч) (н. 20.3.1953, в. Расна Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1974), Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў (1987) і Вышэйшыя літ. Курсы (1991) у Маскве. Настаўнічаў на Магілёўшчыне, Слонімшчыне. У друку выступае як празаік і драматург. Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар кніг аповесцяў і апавяданняў «Кахаць і верыць» (1986), «Зрушэнне» (1989), «Задарожжа» (1993), п’ес «Ізноў Несцерка» (паст. 1987), «Страсці па Аўдзею» (паст. 1989). Адзін з аўтараў сцэнарыя тэлефільма «Наш сад» (з Я.Міцько, паст. 1987).
Тв.:
Вялікія і славутыя старажытнага свету: Энцыкл. для дзяцей. Мн., 1995;
Вялікія і славутыя людзі беларускай зямлі. Мн., 1995;
Великие и знаменитые: Средние века и эпоха Возрождения. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́НАВІЦКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы з в. Бабінавічы Лёзненскага р-на Віцебскай вобласці. Промысел узнік у старажытнасці, найб. развіцця дасягнуў у 19 — 1-й пал. 20 ст. Выраблялі чырвонагліняную непаліваную, чорназадымленую і гартаваную кераміку. З пач. 20 ст. набылі пашырэнне вырабы, аздобленыя размалёўкай светла-жоўтым ангобам у выглядзе завіткоў, кропак, парасткаў, паліваныя ўсярэдзіне і звонку бясколернай палівай. Акрамя гасп. посуду (збанкі, гаршкі, спарышы, міскі, слоікі) майстры А.Траяноўскі, М.Шчадзінскі, А.Рыжкоў і інш. выраблялі утылітарна-дэкаратыўны (цукарніцы, цукерачніцы, маслёнкі) і фігурны посуд у выглядзе жывёл, а таксама цацкі, скарбонкі, попельніцы з лепкай. У наш час выраб традыц. асартыменту посуду і цацак працягваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛТА́КІС ((Baltakis) Альгімантас) (н. 15.2.1930, в. Страздзішкіс Анікшчайскага р-на, Літва),
літоўскі паэт.Нар. пісьменнік Літвы (1986). Скончыў Вільнюскі ун-т (1954). Аўтар зб-каў вершаў «Калі дожджык імжыць» (1955), «Чортаў мост» (1957), «Падземныя рэкі» (1965, Дзярж. прэмія Літвы 1966), «Хлеб і воблакі» (1973), «Дэдыкацыі» (1975), «Элегіі Страздзішкіса» (1979), «Наш вечар» (1986), «Уздых» (1993). Яго творы вызначаюцца эмацыянальнай адкрытасцю, у іх светаўспрыманне маладога пакалення пасляваен. Літвы, рэчава-канкрэтная паэтыка гарадскіх будняў. На літоўскую мову пераклаў кнігу паэзіі Р.Барадуліна «Бусел на даху» (1981), паасобныя вершы М.Танка. На бел. мову творы Балтакіса перакладае Р.Барадулін.
Тв.:
Rinkt. raštai. T. 1—2. Vilnius, 1983;
Рус.пер. — Высокий потолок: Стихи и поэма. М. 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯДЫ́,
народны памінальны абрад у беларусаў, рытуальная вячэра ў памяць памерлых родзічаў. Дзядамі называлі таксама дзень, калі адбываўся абрад, і нябожчыкаў, якіх ушаноўвалі. Паходзяць ад дахрысц. ўсх.-слав. звычаю трызны; звязаны з культам продкаў. Пазней абрад ускладніўся напластаваннем хрысц. культу. Дз. спраўлялі ў пэўныя дні 3—4 і больш разоў на год (у залежнасці ад мясцовасці) вясною і ўвосень. Галоўнымі былі змітраўскія Дз. (асяніны) — у суботу перад Змітравым днём (26 кастр.с. ст.), на радаўніцу, а таксама перад масленіцай, сёмухай. На Дз. гатавалі святочныя і абрадавыя стравы (абавязковымі былі куцця, бліны, клёцкі, яечня, мяса). Паводле звычаю ад кожнай з іх сімвалічна адкладвалі ў асобны посуд нябожчыкам. У наш час Дз. (Дзень памяці) адзначаюць 2 лістапада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІЛЕ́НКА (Міхась) (Міхаіл Пятровіч: н. 28.10.1922, в. Ястрабка Лоеўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1952). Настаўнічаў. У 1953—82 у рэдакцыі «Гомельскай праўды». Друкуецца з 1940. Большасць апавяданняў прысвяціў падзеям вайны, жыццю вёскі і школы, працы настаўнікаў. Героі яго твораў — людзі высакародныя, верныя свайму дому, зямлі, непрымірымыя да праяў несумленнасці і фальшу (аповесці «Наш дом», 1971, «Апанаска Лугавы», 1972, і інш.). Для дзяцей выдаў кнігі «Вернасць слову» (1956), «Зачараваны гарлачык» (1961), «На вуліцы Сонечнай» (1963), «Ключы бабулі Зімы» (1986). Піша вершы, нарысы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЖЫ́НКІ,
старадаўні земляробчы звычай у беларусаў і інш. славянскіх народаў, звязаны з пачаткам жніва. Яго абрадавы сэнс быў скіраваны на тое, каб забяспечыць добры збор ураджаю. Звычайна З. спраўлялі ў суботу вечарам; перад гэтым прыбіралі хату і двор, стол засцілалі белым абрусам, клалі бохан хлеба с соллю. Зажынальніцай выбіралі жанчыну «лёгкую на руку», каб усё жніво прайшло спраўна. Ў першы выхад на ніву нажыналі невял. сноп жыта, перавязвалі яго чырвонай стужкай, неслі дахаты і ставілі на покуці (зерне з яго пасля дамешвалі да насення). У дзень З. рыхтавалася святочная вячэра, у час якой сям’я з’ядала хлеб і сыр, прынесеныя з поля. У наш час З. адзначаюць як свята першага снапа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАМЕДЫ́ ФРАНСЭ́З»
(Comédie Franęaise, афіц. назва «Тэатр Франсэ», «Théatre-Franęais),
старэйшы нац.т-р Францыі. Засн. ў 1680 у Парыжы паводле ўказа Людовіка XIV, які аб’яднаў т-р Мальера, што раней зліўся з т-рам «Марэ», і т-р «Бургундскі атэль». Валодаў манаполіяй на выкананне літ. драмы, атрымліваў датацыю, што дазваляла запрашаць лепшых акцёраў. Стаў школай акцёрскага і рэжысёрскага майстэрства. У час франц. рэвалюцыі канца 18 ст. «К.Ф.» распаўся на «Тэатр Нацыі» і «Тэатр Рэспублікі», якія ў 1799 зноў аб’ядналіся пад назвай «К.Ф.». У розны час у «К.Ф.» выступалі Ф.Ж.Тальма, Э.Рашэль, С.Бернар, Б.К.Каклен, Ж.Л.Баро і інш. У наш час «К.Ф.» захоўвае ў рэпертуары творы Мальера, П.Карнеля, Ж.Расіна, П.Бамаршэ, класічныя традыцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́ШКІН (Сяргей Іванавіч) (15.7. 1888, в. Хамякова Данкоўскага р-на Ліпецкай вобл., Расія — 22.6.1988),
расійскі пісьменнік. Друкаваўся з 1905. Зб-кам вершаў «Мускулы» (1918) і «Мяцяжы» (1920) уласцівы публіцыстычнасць, навізна рытмаў. Раманы і аповесці «Запісы Ананія Жмуркіна» (1927), «Дзве вайны і два міры» (кн. 1, 1927), «Сачыненне Яўлампія Завалішына пра народнага камісара і наш час» (1928) і інш. вострасюжэтныя, ахопліваюць жыццё розных слаёў рус. грамадства. Аўтар раманаў пра грамадз. і Вял.Айч. войны: «Дзяўчаты» (1956), «Крылом па зямлі» (1963), «Петраград» (1968), «На поўдзень ад Масквы» (1975), зб.ваен. апавяданняў «Два бронецягнікі» (1958) і інш.
Тв.:
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1988;
В поисках юности: (Москва. 1905—1906 гг.): Зап. очевидца. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЮЦЕ́НКА (Дзмітрый Емяльянавіч) (21.2.1899, г. Славянск Данецкай вобл., Украіна — 25.1.1966),
украінскі акцёр. Нар.арт.СССР (1960). Сцэн. дзейнасць пачаў у аматарскіх гуртках. З 1923 і з 1936 акцёр Драм.т-ра імя І.Франко ў Харкаве, у 1927—36 — Харкаўскага драм.т-ра імя Т.Шаўчэнкі. Творчасць вызначалася псіхал. распрацоўкай вобразаў, пластычнай выразнасцю і эмацыянальнасцю выканання роляў: Пузыр, Калітка («Гаспадар», «Сто тысяч» І.Карпенкі-Карага), Мікола Задарожны («Выкрадзенае шчасце» Франко), Часнок («У стэпах Украіны» А.Карнейчука), Ваявода («Вяселле Свічкі» І.Качаргі), Шуйскі («Барыс Гадуноў» А.Пушкіна), Блазан («Кароль Лір» Ў.Шэкспіра) і інш. Здымаўся ў кіно: «Багдан Хмяльніцкі» (1941), «Подзвіг разведчыка», (1947), «Тарас Шаўчэнка» (1951), «Сон» (1964), «Наш сумленны хлеб» (1965) і інш.