ГАЛАВАНІ́ЎСКІ (Сава Яўсеевіч) (29.5.1910, г. Кіраваград, Украіна — 2.5.1989),
украінскі пісьменнік. У 1927—30 вучыўся ў Адэскім і Харкаўскім с.-г. ін-тах. Друкаваўся з 1927. У паэт. зб-ках (больш за 30) «Рапартую!» (1931), «Блізкае і далёкае» (1948), «Сіняя птушка» (1980), «Вечны агонь» (1986) і інш. рамантычна-ўзнёсла апаэтызаваў рэчаіснасць, хараство бацькоўскай зямлі, лёс свайго пакалення. Аўтар п’ес «Лёс паэта» (1939), «Далёкае рэха» (1961), раманаў «Таполя на тым беразе» (1965), «Корсунь» (1972; пра героіку Вял.Айч. вайны) і інш. Уражанні ад паездак па Італіі, Германіі, Польшчы і Турцыі ў вершах і нарысах. Нарысы, артыкулы Галаваніўскага ў кн. «Паядынак» (1941), «Часопіс» (1968), «Мемарыял» (1987) і інш. На бел. мову творы Галаваніўскага перакладалі П.Глебка, А.Звонак, М.Танк, М.Калачынскі, Л.Салавей, К.Цітоў.
Тв.:
Твори. Т. 1—3. Київ, 1980—81;
Рус.пер. — Мост к людям: Размышления, воспоминания, рассказы. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІЯ БАІ́ 1943,
баі партызан па разгроме буйнога ням.-фаш. гарнізона ў Давыд-Гарадку Столінскага р-на Брэсцкай вобл. ў ліп. і кастр. 1943 у Вял.Айч. вайну. У першым баі ўдзельнічалі 5 груп (400 чал.) з партызан атрада «Савецкая Беларусь» (камандзір П.П.Тамілаў) Пінскай і злучэння А.М.Сабурава Жытомірскай абл. Дзве групы блакіравалі шляхі падыходу падмацаванняў праціўніка да горада, 3 групы ў ноч на 25 ліп. ўварваліся ў Давыд-Гарадок і поўнасцю авалодалі ім, знішчылі будынкі з установамі і прадпрыемствамі акупантаў, склады, спалілі мост цераз р. Гарынь, ням. маёнтак, умацаванні, захапілі зброю, свойскую жывёлу, што была ў маёнтку, і пакінулі горад. Пры 2-м налёце партызан у ноч на 14 кастр. праціўнік без бою пакінуў умацаваныя пазіцыі. Партызаны знішчылі ўсе будынкі і прадпрыемствы акупантаў, узарвалі масты цераз р. Гарынь, катэр, захапілі склады з харчаваннем і амуніцыяй і без страт адышлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ (Leigh) Віўен [сапр.Хартлі
(Hartley) Вівіян Мэры; 5.11.1913, г. Дарджылінг, Індыя — 8.7.1967], англійская актрыса тэатра і кіно. Вучылася ў Парыжы і Каралеўскай акадэміі драм. мастацтва ў Лондане. У 1935 дэбютавала ў лонданскім т-ры «К’ю». Выступала ў «Олд Вік» і інш. т-рах Лондана. Сярод роляў: Тытанія, Віёла, лэдзі Макбет, Лавінія («Сон у летнюю ноч», «Дванаццатая ноч», «Макбет», «Ціт Андронік» У.Шэкспіра),
Джэніфер Дзюбеда («Дылема доктара» Б.Шоу), Сабіна («На валаску ад гібелі» Т.Уайлдэра), Антыгона («Антыгона» Ж.Ануя) і інш. З 1934 здымалася ў кіно. Лепшыя ролі: Скарлет О’Хара («Унесеныя ветрам», 1939, прэмія «Оскар»), Майра («Мост Ватэрлоо», 1940), лэдзі Гамільтан («Лэдзі Гамільтан, 1941), Ганна («Ганна Карэніна», 1948), Бланш Дзюбуа («Трамвай «Жаданне», 1951, прэмія «Оскар»), Мэры Трэдвел («Карабель дурняў», 1964). Стварала складаныя, супярэчлівыя характары, якія раскрываліся ў драм. сутыкненнях з жорсткай рэчаіснасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТА́ПАЎ (Юрый Фёдаравіч) (н. 3.9.1930, г. Сяміпалацінск, Казахстан),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1985). Скончыў Маскоўскі арх.ін-т (1954). Працаваў у Свярдлоўску, Маскве, Мінску, Гродне. З 1980 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект». З 1990 кіраўнік творчай майстэрні. Асн. работы на Беларусі (усе ў сааўт.): забудова мікрараёнаў № 1, 2, вул. Леніна, 9-павярховы жылы дом, адм. будынак (усе 1960-я г.) у г. Салігорск; добраўпарадкаванне прывакзальнай плошчы (1974—85), 16-павярховая гасцініца па вул. Савецкіх пагранічнікаў (1982) у Гродне; мост цераз Зах. Дзвіну (1973) і добраўпарадкаванне плошчы імя 1000-годдзя Віцебска (1985) у Віцебску; забудова цэнтра в. Расна Камянецкага р-на (1976—85); тыпавыя праекты жылых дамоў для індывід.буд-ва (1975) і дзіцячых дашкольных устаноў (1980—85); Мінскі лядовы палац спорту (1998). Сярод інш. работ водалячэбніца санаторыя «Беларусь» (1984) у г. Друскінінкай (Літва).
Тв.:
Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТАЛО́ГІЯ (ад грэч. pente пяць + ...логія),
літаратурны твор, які складаецца з 5 адносна самастойных твораў (частак), звязаных паміж сабой логікай развіцця ідэі, пераемнасцю сюжэтных ліній, агульнасцю кампазіцыйнай будовы; разнавіднасць архітэктонікі (гл. таксама Дылогія, Трылогія, Тэтралогія). Расчляненне маст. цэлага на 5 частак дыктуецца значнасцю і маштабнасцю пастаўленых праблем, аб’ёмам маст. матэрыялу, неабходнасцю прасачыць лёс герояў на працягу значнага адрэзка часу, імкненне аблегчыць чытачу ўспрыманне твора, зрабіць яго кампазіцыйна больш стройным. Трапляецца рэдка (асобныя часткі літ. твора выяўляюць моцную тэндэнцыю да самастойнасці). Паводле жанру да П. належыць паэма А.Белабоцкага «Пентатэугум, або Пяць кніг кароткіх...», эпапея Дж.Ф.Купера («Піянеры»; «Апошні з магікан»; «Прэрыя», «Следапыт», «Зверабой»). У сучаснай бел. л-ры П. з’яўляецца «Трывожнае шчасце» І.Шамякіна («Непаўторная вясна», «Начныя зарніцы», «Агонь і снег», «Пошукі сустрэч», «Мост»), раманы І.Чыгрынава «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы», «Вяртанне да віны», «Не ўсе мы згінем».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДУНСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—17 ст. Яго рэшткі захаваліся на ўзвышшы сярод забалочанай мясцовасці на беразе р. Радунька ў цэнтры в. Гарадзішча Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. (за 2 км ад г.п. Радунь). Пляцоўка чатырохвугольная ў плане, памерам 85 × 60 м, узвышаецца на 8 м над далінай ракі, умацавана валам выш. 3—5 м і абкружана ровам глыб. 2,5—3 м, шыр. 6—8 м. У паўд.-ўсх. вугле быў уваход. Аснову замкавай абароны складаў комплекс драўляна-земляных умацаванняў — вал, сцены-гародні, вежы. Перад уязной вежай-брамай быў мост з пад’ёмным пралётам — узводам. Пры археал. раскопках знойдзена кераміка 14—17 ст., паліваная і тэракотавая кафля, жалезныя наканечнікі дзідаў, сякера, манеты 15—17 ст. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІНТО́РФСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да кастр. 1943 у раёне прадпрыемства «Асінторф», чыг. ст. Асінаўка Дубровенскага р-на, гідрастанцыі БелДРЭС. Аб’ядноўвала каля 50 чал. Кіруючы састаў: Г.Г.Амельчанка, С.П.Шмуглеўскі, Я.У.Вільсоўскі, Л.К.Букацік, В.Ф.Агурцоў. Баявыя групы былі ў г. Дуброўна, рабочых пасёлках Цэнтральны, № 1, 2, 3, 5, 6, 8, 11, в. Азёры, Замоські, Заполле, Судзілавічы, у Асінторфскім лагеры ваеннапалонных. Падпольшчыкі здабывалі для партызанаў зброю, боепрыпасы, дакументы, медыкаменты, пропускі, звесткі пра дыслакацыю войскаў праціўніка, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных, ратавалі людзей ад вывазу ў Германію, перапраўлялі іх да партызанаў і за лінію фронту. Патрыёты ўзарвалі чыг.мост, спалілі плаціну помпавай станцыі, вывелі са строю сістэму гідраторфу, знішчылі 3 склады боепрыпасаў, ваен. маёмасці і гаручага, спалілі дом адпачынку ням. афіцэраў, псавалі тэлеф. сувязь, машыны і абсталяванне. У кастр. 1943 уліліся ў 16-ю Смаленскую партыз. брыгаду.
Да арт.Асінторфскае камсамольска-маладзёжнае падполле. Помнік асінторфскім падпольшчыкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫСЕ́ВІЧ (Мікалай Аляксандравіч) (н. 21.9.1923, пас. Лучны Мост Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),
бел. фізік. Акад.АН Беларусі (1969), АНСССР (1981, з 1992 Рас.АН) і шэрагу замежных АН. Д-р фізіка-матэм. н. (1965), праф. (1967). Засл. дз. нав. Беларусі (1994). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў БДУ (1950). З 1955 нам. дырэктара Ін-та фізікі, у 1969—87 прэзідэнт АН Беларусі. З 1992 ганаровы прэзідэнт АН Беларусі і старшыня камісіі па гісторыі навукі. Навук. працы па люмінесцэнцыі і спектраскапіі складаных малекул, квантавай электроніцы і інфрачырвонай тэхніцы. Даследаваў рассеянне выпрамянення дысперснымі сістэмамі, стварыў (разам з супрацоўнікамі) новы клас аптычных фільтраў для інфрачырвонай вобласці спектра. Адкрыў (разам з Б.С.Непарэнтам) з’яву стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул (зарэгістравана ў 1977). Ленінская прэмія 1980. Дзярж. прэмія СССР 1973.
Тв.:
Возбужденные состояния сложных молекул в газовой фазе. Мн., 1967;
Инфракрасные фильтры. Мн., 1971 (разам з В.Р.Верашчагіным, М.А.Валідавым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫТКО́Ў (Барыс Сцяпанавіч) (11.9.1882, г. Ноўгарад, Расія — 19.10.1938),
рускі пісьменнік. Скончыў Новарасійскі ун-т у Адэсе (1906), Петраградскі політэхн.ін-т (1916). Працаваў іхтыёлагам, капітанам н.-д. судна, штурманам парусніка, рабочым-металістам, кіраўніком тэхн. вучылішча, быў марскім афіцэрам і інш. Друкаваўся з 1924. Аўтар марскіх аповесцей (зб-кі «Злое мора», 1924; «Марскія гісторыі», 1925—37), п’ес («Пяты мост», 1927, «Сем агнёў», 1929), навук.-маст. кніг («Пра гэтую кнігу», 1927, «Параход», 1935, і інш.), «Апавяданняў пра жывёл» (1935). Стварыў дзіцячую аповесць-энцыклапедыю «Што я бачыў» (1939) і інш. На бел. мову творы Ж. пераклаў С.Міхальчук і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНАЧЭ́ННЕ СЛО́ВА,
адлюстраванне ў слове той ці іншай з’явы рэчаіснасці (прадмета, якасці, дзеяння, стану, адносін). Адрозніваюць грамат. і лексічнае З.с. Граматычнае значэнне (гл.Граматыка) абумоўлівае прыналежнасць слова да пэўнай часціны мовы. У бел. мове граматычнымі з’яўляюцца значэнні роду, ліку, склону, асобы, ладу, часу, стану, трывання і інш., якія выражаюцца пераважна формамі слова, што ўтвараюцца афіксацыяй (гл.Афікс), чаргаваннем гукаў, націскам, суплетывізмам, спалучэннем паўназначнага слова са службовым. Слова можа мець адно або некалькі грамат. значэнняў. Грамат. З.с. выступаюць як абстрактныя, уласцівыя цэлым групам і класам слоў («дом» — назоўнік мужчынскага роду, адз. л., назоўнага склону; гэтыя значэнні агульныя для назоўнікаў «сад», «лес», «мост» і інш.). Лексічнае значэнне (гл.Лексіка) ствараецца суаднесенасцю слова з адпаведным паняццем (што складае ядро лексічнага З.с.). Носьбітам яго з’яўляецца аснова слова (гл.Аснова ў мовазнаўстве). Лексічнае З.с. — індывід., уласцівае толькі дадзенай лексічнай адзінцы. Словы могуць мець і некалькі лексічных значэнняў (полісемія), тады адрозніваюць прамыя і пераносныя З.с. Лексічныя значэнні слоў фіксуюцца ў тлумачальных слоўніках.