СЁМКАВА,

вёска ў Папярнянскім с/с Мінскага р-на, на паўн.-ўсх. беразе Заслаўскага вадасховішча. Цэнтр саўгаса. За 16 км на ПнЗ ад Мінска, 12 км ад чыг. ст. Беларусь. 1461 ж., 482 двары (2001). Прадпрыемства па вытв-сці дзіцячых цацак «Метэор». Сярэдняя школа, школа-інтэрнат, клуб, б-ка, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзіба (2-я пал. 18 ст.).

Вядома з 1567 як сяло, уласнасць Станіслававічаў, Саламярэцкіх, Рэкуцяў, Хмараў. У 1800 пры панскім двары на правым беразе Вячы мост, грэбля, млын, мураваны панскі дом, драўляная каталіцкая капліца, на левым беразе ракі — цагельны з-д. У 1897 у вёсцы 419 ж., 67 двароў, хлебазапасны магазін, карчма, у маёнтку 92 ж., 8 двароў. У 1917 у вёсцы 489 ж., у маёнтку — 115 жыхароў.

т. 14, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)