кірунак у сярэдневяковай схаластыцы, які ўзнік пад уплывам ідэй Аўгусціна Блажэннага. У тэалогіі прыхільнікі аўгусцініянства аддавалі перавагу т.зв. анталагічным доказам існавання Бога, напрыклад, праводзілі аналогію паміж трыма здольнасцямі душы (памяць, розум і воля) і трыма абліччамі тройцы. У гнасеалогіі яны лічылі веру перадумовай усякіх ведаў. Да 12 ст. аўгусцініянства было пануючым кірункам (яму процістаялі толькі пантэізм Іаана Скота Эрыўгены, наміналізм І.Расцэліна і П.Абеляра і крайнія ерэтычныя пазіцыі). У 13—14 ст. у барацьбе супраць тамізму ідэі аўгусцініязму адстойвалі Банавентура, Іаан Пека, Дунс Скот. У эпоху рэфармацыі і контррэфармацыі іх развівалі М.Лютэр, Дж.Серынада, Г.Норыс, Л.Берці і інш. Водгаласы крытыкі тамізму з пазіцый аўгусцініянства сустракаліся і пазней у каталіцкай рэліг. філасофіі і ў інш.філас. вучэннях і плынях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАМЕ́ЙСКАЕ ПІСЬМО́,
складовае пісьмо кансанантнага тыпу. Узнікла на пач. 1-га тыс. да н. э. на аснове фінікійскага пісьма; фармальна — спрошчаная (курсіўная) яго форма. Алфавіт складаецца з 22 знакаў, кожны абазначае склад — «зычны + галосны (або нулявы галосны)», — да якога потым дадаюцца т.зв. matres lectionis (знакі для абазначэння доўгіх і канцавых галосных). Кірунак пісьма — справа налева. Першыя пісьмовыя помнікі армейскага пісьма датуюцца 9—8 ст. да н. э. У сярэдзіне 1-га тыс. да н. э. было пашырана ў Пярэдняй Азіі (дзелавое пісьмо Асірыі і Персіі), у 4 ст.н. э. знікла. Аснова большасці пісьмовых сістэм Пярэдняй і Цэнтр. Азіі.
А.А.Кожынава.
Арамейскае пісьмо. Надпіс з аазіса Тэйма (Паўн. Аравія). Сярэдзіна 1-га тыс. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛХІ́МІЯ (позналац. alchimia ад араб. аль-кімія),
данавуковы кірунак развіцця хіміі; своеасаблівая з’ява культуры. Узнікла ў Егіпце (3—4 ст.н.э.), атрымала пашырэнне ў Зах. Еўропе (11—13 ст.). Гал. мэта — пошукі «філасофскага каменя» для ператварэння звычайных металаў у золата і серабро, атрымання эліксіру неўміручасці, універсальнага растваральніку і інш.
Тэарэт. ўяўленні алхіміі — перапляценне рэлігійна-містычных вучэнняў язычніцтва, хрысціянства, іудаізму і ант. філасофіі. На працягу шматвяковых спробаў іх практычнага ўвасаблення алхімікі адкрылі або ўдасканалілі спосабы атрымання мінер. і раслінных фарбаў, лек. сродкаў, шкла, эмаляў, металаў і іх сплаваў, кіслот, шчолачаў, соляў, а таксама распрацавалі прыёмы хім. аперацый (фільтраванне, перагонка, узгонка і інш.). На аснове назапашаных звестак у 17—18 ст. Пачалося станаўленне хіміі як навукі (працы Р.Бойля, М.В.Ламаносава, А.Лавуазье і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЕРАІ́ЗМ,
кірунак у заходнееўрап. філасофіі 13—16 ст., які развіваў погляды арабскага мысліцеля 12 ст.Ібн Рушда (Авероэса); натуралістычная і матэрыяліст. трактоўка вучэння Арыстоцеля. Асн. ідэі авераізму: нястворанасць свету, вечнасць матэрыі і руху, прызнанне смяротнасці чалавечай душы, сцвярджэнне ўсеагульнай прычыннай сувязі прыродных з’яў, дзвюх ісцін тэорыя. Гал. прадстаўнікі: Сігер Брабанцкі, Жан Жандэн, П’етра д’Абана, П.Пампанацы, Дж.Бруна і інш. У 14—16 ст.еўрап. цэнтрамі авераізму былі Падуанскі і Балонскі ун-ты ў Італіі. На Беларусі авераізм — адна з крыніц вальнадумства; Ф.Скарына, С.Будны і інш. ў сваіх творах прытрымліваліся ідэі дваістай ісціны, імкнуліся ў духу авераізму вызваліць чалавечы розум з-пад улады дагматычных аўтарытэтаў, зрабіць яго вышэйшым крытэрыем у зямных справах чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭ́ЙНАСЦЬ,
свядомая прыхільнасць чалавека да пэўнага вучэння, сістэмы ідэй, якая знаходзіць сваё выяўленне ў яго жыццёвых паводзінах, складзе думак, ацэнак навакольнай рэчаіснасці. У практыцы праяўляецца ў сістэме сац. дзеянняў у адпаведнасці з захаванымі ідэйнымі пачаткамі з мэтай здзяйснення станоўчага сац. ідэалу. Паводле сваёй структуры І. — унутр. адзінства тэарэт. ведаў і пераканання ў іх правільнасці. Неабходнай перадумовай І. з’яўляецца свядомае засваенне ідэй і свабодны выбар практычнай дзейнасці па іх ажыццяўленні. Для ідэйнага чалавека характэрны пастаянства поглядаў і мэтанакіраванасць дзеянняў. І. адкрывае чалавеку сістэму каштоўнасцей і ідэалаў, якія дазваляюць яму акрэсліць гал.кірунаксац. прагрэсу, верыць у канчатковую перамогу дабра над злом, у чалавечы розум. У грамадскім і паліт. жыцці І. выступае альтэрнатывай бездухоўнасці, безадказнасці, абыякавасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫНКТЫВІ́ЗМу сацыялогіі,
кірунак, які імкнецца растлумачыць сац. з’явы і працэсы з дапамогай звяртання да біял. прыроды чалавека. Сфарміраваўся на мяжы 19—20 ст. У яго аснову пакладзена тэорыя сац. паводзін У.Мак-Дугала, паводле якой аснова грамадскага жыцця — у біялагічна прыроджаных інстынктах, што суправаджаюцца адпаведнымі эмоцыямі. З узаемазвязаных паміж сабой інстынктаў і эмоцый (гнеў, страх, пачуццё самазахавання, узнаўленне роду, набыццё уласнасці) ён выводзіў асн.сац. ін-ты — сям’я, дзяржава, рынак і інш. І.Лебон даказваў, што з-за валявой неразвітасці і нізкага інтэлектуальнага ўзроўню вялікіх мас людзей («натоўпу») імі кіруюць неўсвядомленыя інстынкты. У апошнія гады ў зах. навуцы сталі звяртаць большую ўвагу на ідэі І. ў рамках «эталагічных» (спадчынных) і «сацыябіялагічных» тлумачэнняў сац. паводзін і грамадскага жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАМЕРА́ТА»,
вакальная група Бел. філармоніі. Створана ў 1986. Кіраўнікі А.Шыкуноў (з 1986), І.Мельнікаў (з 1995). У складзе групы (1998): В.Вараб’ёва, Т.Дробышава, Ю.Караткевіч, Г.Гардынец, А.Доўнар, А.Бурдзялёў. Першапачаткова рэпертуар уключаў харавыя акапэльныя творы 14—20 ст., з 1988 — джазавыя стандарты. У 1989 канцэртнай праграмай «Музыка падсвядомасці» акрэслены асн.кірунак групы: уласныя кампазіцыі (у т. л. В.Вараб’ёвай), якія спалучаюць спевы а капэла з тэхнікай мікрафонных спеваў і адначасовай апрацоўкай галасоў электронікай. Творчая вяршыня калектыву — пастаноўка містэрыі «Бог сярод нас» Шыкунова (1995). З 1996 «К.» супрацоўнічае з Дзярж. канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам М.Фінберга, выконвае апрацоўкі эстр. песень. У рэпертуары некалькі разнапланавых праграм: ад старадаўняй духоўнай музыкі да авангарда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІЯЦЮРЫЗА́ЦЫЯ (франц. miniaturisation ад miniature нешта вельмі маленькае),
сукупнасць метадаў значнага змяншэння габарытаў, масы і энергаспажывання радыёэлектронных апаратаў з адначасовым павелічэннем іх надзейнасці; кірунак у канструяванні прылад, механізмаў, машын і інш. (пераважна ў электроніцы, электратэхніцы і прыладабудаванні).
Абумоўлена пашырэннем функцый і галін выкарыстання электронных сродкаў аўтаматызацыі вытв-сці, выліч. і вымяральнай тэхнікі, радыётэхнікі і інш., што звязана з ускладненнем электроннай апаратуры і павелічэннем колькасці яе элементаў. Грунтуецца на рацыянальным канструяванні і вырабе вузлоў і элементаў апаратуры з выкарыстаннем пячатных плат, мікрамодуляў, інтэгральных схем і інш. Ажыццяўляецца змяншэннем памераў вузлоў і элементаў прылад, павелічэннем шчыльнасці іх упакоўкі, скарачэннем колькасці і памераў міжэлементных злучэнняў, выкарыстаннем новых канструкцыйна-тэхнал. рашэнняў з мэтай змяншэння колькасці асобных дэталей і іх габарытных памераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАФІЗІ́ЧНЫ ЖЫ́ВАПІС,
кірунак у італьян. жывапісе. Заснаваны ў 2-й пал. 1910 — пач. 1920-х г. Дж. Дэ Кірыка пад уплывам філасофіі А.Шапенгаўэра і Ф.Ніцшэ і стаў рэакцыяй на рацыяналістычную схему кубізму і дынамізм футурызму. Тэарэтык — паэт А.Савіньё. Прадстаўнікі М.ж. (К.Кара, М.Кампільі, Ф.Казараці, Дж.Марандзі, Ф. Дэ Пісіс) у карцінах з выявамі пустынных гарадоў з далёкай перспектывай, манекенаў, у нацюрмортах з дзіўным складам прадметаў імкнуліся вывесці рэальнасць за рамкі звычайнай логікі, стварыць таямнічы настрой і раскрыць містыку вобразаў, якія знаходзіліся па-за межамі адлюстравання рэчаіснасці. Значна паўплываў на станаўленне сюррэалізму і часта разглядаецца як адзін з яго кірункаў.
В.Я.Буйвал.
Да арт.Метафізічны жывапіс. Дж. Дэ Кірыка. 1950. Музы непакою.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТАНІ́ЗМ,
у вузкім сэнсе — кірунакстараж.-грэч. філасофіі 1 ст. да н.э. — пач. 3 ст.н.э.; у шырокім сэнсе — усякі філас.кірунак, які абапіраецца на вучэнне Платона.
У антычнасці П. быў прадстаўлены філосафамі Акадэміі платонаўскай (Спеўсіп, Ксенакрат, Аркесілай, Карнеад і інш.). У духу стаіцызму трактаваў вучэнне Платона Пасідоній; створаны ім стаічны П. знайшоў апору ў багаслоўі Філона Александрыйскага, у гнастыцызме, у — герметызме і ва ўсёй данікейскай патрыстыцы, а ў 2—3 ст.н.э. ў Нуменія, настаўніка Плаціна і Арыгена, які выступаў за сінтэзаванне П. і арыстоцелізму. Гэта садзейнічала пераадоленню элементаў натуралізму, характэрнага для эпохі элінізму, і складванню ў 3 ст.н.э. асноў неаплатанізму. Інтарэс да П. адрадзіўся пасля аднаўлення ў Фларэнцыі філосафам М.Фічына платонаўскай Акадэміі (1459), адкуль ён праз кембрыджскую школу распаўсюдзіўся ў Англіі. Пад уплывам англ. філасофіі і дзякуючы ням. ідэалізму П. і неаплатанізм адрадзіліся ў Германіі, аднак толькі з Г.Лейбніца пачалося гіст. разуменне першапачатковага П.
Неабходны элемент П. — проціпастаўленне пачуццёвага свету свету ідэй. Паводле гэтай канцэпцыі, не ідэя ўтварае сабой адлюстраванне матэрыі, а матэрыя ёсць адлюстраванне і выцяканне ідэі. Платонаўскую ідэю ў П. разглядаюць як родавае, гранічна абагульненае і жыццёва важнае лагічнае паняцце, якое змяшчае ў сабе прынцып канструявання сутнасці рэчы і, значыць, самой рэчы, утварае субстанцыянальную рэчаіснасць і яе мэту. Дамінуючую ролю ў гісторыі П. адыгрывала разуменне дыялектыкі як метаду, заснаванага на ўстанаўленні адзінства процілегласцей. Пры дапамозе такога разумення былі распрацаваны 3 асн. іпастасі (Адзінага, Розуму і Сусв. душы), выяўленне якіх заўсёды складала асн. змест П. (разам з вытлумачэннем матэрыяльнага космасу). Адной з асн. канцэпцый П. з’яўляецца вучэнне аб бессмяротнасці душы і цела, або аб кругавароце душ, г. зн. аб іх пераўвасабленні і перасяленні (сам Платон лічыў, што пасля смерці цела душа пераходзіць у другое цела або функцыянуе ў космасе).