ВІ́ЦЕБСКАЯ ЗЯМЛЯ́,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—16 ст. Землямі звычайна наз. асабліва значныя намесніцтвы, якія мелі элементы аўтаноміі, замацаваныя абласнымі прывілеямі. Намесніцтва ў Віцебску, верагодна, з моманту свайго ўтварэння (1392) атрымала ад вял. кн. Вітаўта грамату, якая гарантавала захаванне пэўных нормаў мясц. права, што ўзыходзілі да дагавораў паміж горадам і князем. Сляды такой граматы прасочваюцца ў віцебскім прывілеі вял. князя Казіміра IV (каля 1440—47, не захаваўся), які пазней быў пацверджаны вял. князямі Аляксандрам (1503) і Жыгімонтам I Старым (1509, 1547). Гэтыя прывілеі гарантавалі мясц. феадалам і мяшчанам правы, абвешчаныя шляхце цэнтр. часткі ВКЛ (Віленскаму і Трокскаму ваяв.) прывілеямі 1387, 1432, 1434, а таксама права несці гарнізонную службу толькі ў сваёй зямлі, мясцовы (замкавы) суд і непадлегласць юрысдыкцыі ўпаўнаважаных вял. князя (дзецкіх). Мясц. баяры карысталіся выключным правам па чарзе кіраваць дзярж. валасцямі, што знаходзіліся ў складзе зямлі, за выключэннем некалькіх маёнткаў, падпарадкаваных непасрэдна віцебскаму намесніку (гл. Віцебскае права). Аднак на практыцы самастойнасць Віцебскай зямлі была даволі абмежаваная. Асн. ўлада належала намесніку (ужо ў прывілеях 1503 і 1509 ён наз. ваяводам). Азярышчанская і Усвяцкая воласці пры Казіміру IV былі вылучаны з-пад кіравання мясц. баяр і ператвораны ў асобныя намесніцтвы. Відаць, самастойны намеснік быў і ў Оршы. Значныя воласці ў Віцебскай зямлі былі падараваны князям Андрэю Уладзіміравічу, Друцкім, Жылінскім, што таксама выключала іх з-пад кантролю віцебскага баярства. Пасля 1511 за Віцебскай зямлёй канчаткова замацавалася назва «ваяводства». Яе асобны статус быў афіцыйна скасаваны з прыняццем Статута ВКЛ 1566, які пашырыў на ўсю тэр. ВКЛ агульныя прававыя нормы.

В.​Л.​Насевіч.

т. 4, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫВІЛЕ́Й 1447, Казіміраў прывілей,

агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял. кн. Казімірам IV Ягелончыкам у Вільні 2.5.1447. Адзін з асн. дзярж. актаў, які замацаваў шырокія правы баяр ВКЛ у паліт., сац. і эканам. жыцці дзяржавы. Складаецца з 14 артыкулаў. Пацвярджаў асабістую свабоду і недатыкальнасць баяр, гарантаваў, што за правіннасць павінен адказваць толькі сам вінаваты, а не яго жонка, бацька, слуга або інш. баярын. Баярам дазволены выезд за межы дзяржавы «для лепшага набыцця шчасця або ўчынкаў рыцарскіх», але не ў «непрыяцельскую краіну». Пацверджаны прывілеі баярам на маёнткі, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі, права на продаж і абмен маёнткаў. П. гарантаваў баярам, што іх маёнткі не будуць канфіскаваны, а пасля смерці баярына яго сыны і дочкі «ад сваёй вотчыны не маюць аддалены быць». У П. зафіксаваны дагавор вял. князя з феадаламі, што ён, як і яны, не будзе прымаць у свае маёнткі збеглых сялян, а вяртаць уцекачоў назад да свайго пана. Адным з гал. палажэнняў П. была перадача вял. князем свайго права судзіць сялян і інш. падданых самім баярам (права судовага імунітэту). З гэтага часу феадал станавіўся адзіным суддзёю сваіх падданых, што вяло да яшчэ большай іх залежнасці і ўрэшце дало магчымасць іх запрыгоніць. П. гарантаваў баярам, што землі і дзярж. пасады ў ВКЛ будуць атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ. Такім чынам, П. забараняў пранікненне польскай шляхты ў ВКЛ. Вял. князь таксама ўрачыста абяцаў бараніць незалежнасць дзяржавы і яе тэр. цэласнасць. Напісаны на лац. мове. Меў вял. значэнне ў далейшым юрыд. афармленні правоў феадалаў, некаторыя яго нормы ўвайшлі ў Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 13, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІ́ЦЫНЫ,

расійскія ваен. і дзярж. дзеячы, князі з розных галін аднаго стараж. роду.

Паходзяць ад Гедзімінавічаў. Родапачынальнік — Міхаіл па мянушцы Галіца (п. у 1554), баярын, удзельнік паходаў на Ноўгарад, Смаленск, бітвы пад Оршай (1514), дзе трапіў у палон. Яго сын Юрый Міхайлавіч першы стаў пісацца князем Галіцыным. У 11—17 ст. Галіцыны служылі акольнічымі, стольнікамі, ваяводамі, намеснікамі, баярамі, начальнікамі прыказаў. У 17 ст. род Галіцыных разгалінаваўся, а ў 18—19 ст. налічваў некалькі дзесяткаў прадстаўнікоў.

Найб. вядомыя: Васіль Васілевіч (1643—2.5.1714), вылучыўся пры цару Фёдару Аляксеевічу, баярын (з 1676), прыхільнік Міласлаўскіх, фаварыт правіцельніцы Соф’і Аляксееўны, пасля прыходу да ўлады ўрада Пятра I пазбаўлены баярства, усёй маёмасці, сасланы ў Архангельскі край; Барыс Аляксеевіч (1654—1714), дзярж. дзеяч, баярын (з 1690), дзядзька-выхавальнік Пятра I, у 1697—98 узначальваў урад; Дзмітрый Міхайлавіч (1665—25.4.1737), дзярж. дзеяч, дыпламат, сенатар (з 1718), чл. Вярх. тайнага савета (1726—30); Міхаіл Міхайлавіч (11.11.1675—21.12.1730), ген.-фельдмаршал (1725), дзярж. дзеяч, паплечнік Пятра I, удзельнік Паўночнай вайны 1700—21, з 1728 прэзідэнт Ваен. калегіі; Міхаіл Міхайлавіч (1681—5.6.1764), ген.-адмірал (1756), дзярж. дзеяч, дыпламат, астраханскі ген.-губернатар (з 1740), пасол у Іране (1745—48); Аляксандр Міхайлавіч, гл. Галіцын А.М.; Дзмітрый Аляксеевіч (26.5.1734—7.3.1803), аўтар кніг па прыродазнаўстве, філасофіі і паліт. эканоміі, ганаровы чл. Пецярбургскай і шэрагу замежных АН, пасол у Францыі і Нідэрландах (1762—98); Аляксандр Мікалаевіч (19.12.1773—4.12.1884), дзярж. дзеяч, міністр нар. асветы (1816—24); Мікалай Сяргеевіч (28.6.1809—15.7.1892), ваен. гісторык, ген. ад інфантэрыі (1880), удзельнік рус.-тур. вайны 1828—29 і задушэння паўстання 1830—31 у Польшчы, Літве і на Беларусі; Мікалай Дзмітрыевіч, гл. Галіцын М.​Дз.

т. 4, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА.

1) удзельнае княства Смаленскай зямлі ў 12—13 ст. Цэнтр — г. Мсціслаў. Адзіны вядомы мсціслаўскі князь — Мсціслаў Раманавіч (з 1180). У 1197 ён стаў князем смаленскім і, верагодна, пакінуў М.к. за сабою як дамен.

2) Удзельнае княства ў складзе ВКЛ у 14—16 ст. пасля захопу Мсціслава ў 1359 вял. кн. ВКЛ Альгердам. У 1380-я г. ў якасці намесніка тут сядзеў яго сын Карыгайла, з 1392 — другі сын, Лугвен, які паклаў пачатак роду князёў Мсціслаўскіх (Лугвенавічаў). Княства першапачаткова ўключала ў свой склад воласці ўздоўж сярэдняга цячэння Сажа і Дняпра: Мсціслаў, Магілёў, Цяцерын, Княжыцы, Дрокаў, Крычаў, Папову Гару, Мглін і далучаную Вітаўтам воласць Малохву ўздоўж правага берага р. Віхра і яе прытока Малохвы. У 1432 за падтрымку Яраславам і Юрыем Лугвенавічам.і кн. Свідрыгайлы вял. кн. ВКЛ Жыгімонт Кейстутавіч забраў у іх М.к.

У 1440 вял. кн. Казімір IV вярнуў княства Юрыю Лугвенавічу, які з перапынкамі трымаў яго да сваёй смерці. Потым М.к. валодаў яго сын Іван, пасля смерці якога (2-я пал. 1480-х г.) Казімір забраў М.к. ў скарб. 15.8.1495 вял. кн. ВКЛ Аляксандр аддаў Мсціслаў жонцы і дочкам Івана Юр’евіча. У 1499 Аляксандр выдаў Ульяну, дачку Івана Юр’евіча, замуж за кн. Міхаіла Іванавіча Заслаўскага (гл. Заслаўскія), які атрымаў ў вотчыну Мсціслаў і Мглін і стаў называцца кн. Мсціслаўскім. У 1526 старэйшы сын Міхаіла Іванавіча Фёдар ад’ехаў у Маскву. Пасля смерці другога сына, Васіля, М.​І.​Мсціслаўскі завяшчаў княства каралевічу Жыгімонту Аўгусту і трымаў яго далей у якасці каралеўскага ўладання. Пасля смерці М.​І.​Мсціслаўскага (1529) яго ўладанні сталі староствам Віленскага ваяводства, а ў 1565 утворана Мсціслаўскае ваяводства.

А.​А.​Мяцельскі.

т. 10, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛІЦКА-ВАЛЫ́НСКАЕ КНЯ́СТВА,

старажытнарускае княства, утворанае ў 1199 у выніку аб’яднання князем Раманам Мсціславічам Галіцкага і Уладзіміра-Валынскага княстваў. Размяшчалася ў вярхоўях Днястра, Віслы, Нарава і Прыпяці, у канцы 13 ст. ўключала больш за 80 гарадоў. Пасля смерці Рамана Мсціславіча ў 1205 распалася на ўдзелы, але да 1240 кн. Даніла Галіцкі зноў аб’яднаў іх. У далейшым князі Галіцка-Валынскага княства браты Даніла і Васілька Раманавічы праводзілі палітыку падначалення сваёй уладзе Тураўскага, Пінскага і Новагародскага (Навагрудскага) княстваў, Берасцейскай зямлі і летапіснай Літвы (Верхняе Панямонне), якія выкарыстоўваліся імі як плацдарм для паходаў на Польшчу (1219, 1237) і на яцвягаў (1229, 1248, 1250, 1256). Князі Галіцка-Валынскага княства былі гал. знешнімі праціўнікамі ўтварэння ВКЛ, у 1248—49, 1251 і 1253 яны зрабілі 3 паходы на сталіцу дзяржавы — Новагародак. У 1254 новагародскі князь Войшалк аддаў сваю зямлю сыну Данілы Галіцкага Раману, а сам правёў 3 гады ў манастыры. У 1264 з дапамогай Галіцка-Валынскіх князёў Войшалк заваяваў літоўскія землі Нальшчаны і Дзяволтву, а ў 1267 перадаў велікакняжацкі пасад сыну Данілы Галіцкага Шварну. Пры вял. князю ВКЛ Трайдзеню Галіцка-Валынскія князі ў саюзе з татарамі ў 1274 і 1277 зрабілі спусташальныя паходы на Новагародак і Гародню (Гродна). Князі ВКЛ Будзікід і Будзівід аддалі ў 1289 валынскаму кн. Мсціславу Данілавічу Ваўкавыск, каб захаваць з ім мір. У далейшым у выніку міжусобнай барацьбы Галіцка-Валынскае княства распалася. У 1340-я г. за землі былога Галіцка-Валынскага княства ваявалі ВКЛ і Польшча. Паводле пагаднення 1352 Галіцкая зямля падначалена Польшчы, а Валынская ўвайшла ў склад ВКЛ.

Літ.:

Пашуто В.Т. Очерки по истории Галицко-Волынской Руси. М., 1950;

Котляр Н.Ф. Формирование территории и возникновение городов Галицко-Волынской Руси IX—XIII вв. Киев, 1985;

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 4, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РСАКІ,

дзяржаўныя дзеячы, род уласнага герба «Корсак» (змененая «Катвіца») у ВКЛ. Паходзяць з полацкага баярства. Родапачынальнік Фёдар упамінаецца ў 1385, калі ён атрымаў ад полацкага кн. Андрэя Альгердавіча землі каля воз. Беразвеч. Яго сын Дзмітрый меў сыноў Саву, Якава (Яшку) і Васіля, якія ўзвысіліся пры вял. кн. Свідрыгайле [1430—32]. Ад Савы пайшла галіна, якая карысталася прозвішчам Савічы-К. і гербам «Ліс», дапоўненым выявай герба «Катвіца» ў клейнодзе. Найб. вядомыя К.:

Васіль Дзмітрыевіч (каля 1380—1452), намеснік полацкі пры Свідрыгайле, потым у яго радзе, калі апошні быў валынскім князем. Баркулаб (каля 1520—76), пасол у Маскву ў час Лівонскай вайны ў 1562, староста свіслацкі, дзісненскі. Праз шлюб з князёўнай П.​Крошынскай набыў маёнткі ў Аршанскім пав., дзе заснаваў названае сваім імем мяст. Баркалабава. Іосіф (каля 1540—1618), полацкі войскі з 1570 і суддзя земскі з 1586, кашталян мінскі, потым полацкі з 1597. Ян Рыгоравіч (каля 1560—1625), полацкі харунжы з 1598, гараднічы да 1611, кашталян дэрпцкі з 1620, полацкі з 1621, у канцы жыцця ваявода смаленскі. Іосіф Львовіч (каля 1570—1643), мсціслаўскі староста з 1629 і ваявода з 1639, заснавальнік базыльянскага кляштара ў Беразвеччы і кармеліцкага ў Глыбокім. Рафаіл (свецкае імя Мікалай; каля 1595—28.8.1640), архімандрыт уніяцкіх манастыроў Віленскага св. Тройцы, Ануфрыеўскага, Кобрынскага св. Спаса, Жыдзічынскага, протаархімандрыт (генерал) базыльянскага ордэна (1626—40), епіскап галіцкі (1626—32) і турава-пінскі (1632—37), мітрапаліт грэка-каталіцкай царквы Рэчы Паспалітай (1636—40). Ян Раманавіч (каля 1620—97), полацкі падчашы з 1658, падкаморы з 1659, кашталян з 1661. Самуэль (каля 1745 — пасля снеж. 1795), грамадска-паліт. і вайсковы дзеяч ВКЛ. Пасол ад Навагрудскага ваяв. на сейм 1773, які зацвердзіў 1-ы падзел Рэчы Паспалітай. Уваходзіў у апазіцыю на чале з Т.Рэйтанам і С.​Багушэвічам, якая імкнулася не дапусціць падзелу. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, падпісаў віленскі акт паўстання 24.4.1794. Уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду. Гл. таксама Корсак Т.

т. 8, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ЎСКАЯ У́НІЯ 1385,

дзярж. саюз паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай, заключаны 14.8.1385 у Крэўскім замку. Акт К.у. — дакументальнае зацвярджэнне вял. князем ВКЛ Ягайлам папярэдне прынятых абавязацельстваў перайсці ў каталіцтва і ахрысціць паводле лацінскага абраду ўсіх язычнікаў-літоўцаў, а таксама стварыць дзярж. саюз (унію) ВКЛ і Кароны Польскай. У акце зафіксавана таксама абяцанне польскіх паслоў ад імя сваёй дзяржавы аддаць кн. Ягайлу ў жонкі малалетнюю каралеву Ядвігу, а з ёю і польскую карону. Акт падпісалі Ягайла, князі Скіргайла, Лугвен, Карыбут, Вітаўт. Агульным гал. фактарам саюзу была барацьба абедзвюх дзяржаў з Тэўтонскім ордэнам, небяспека з боку якога ўзмацнілася і пагражала стратай зямель Польшчы і ВКЛ. Польская шляхта хацела спыніць ваенныя канфлікты з ВКЛ з-за Валыні, а каталіцкая царква — мірным шляхам ахрысціць апошні язычніцкі народ у Еўропе. 2.2.1386 на з’ездзе польскай шляхты ў Любліне Ягайлу абралі каралём Польшчы. Ён прыбыў у Кракаў, прыняў са сваімі братамі каталіцтва і атрымаў імя Уладзіслаў. 18.2.1386 Ягайла ажаніўся з Ядвігай, а 4.3.1386 быў каранаваны. Абедзве дзяржавы аб’ядноўваў адзін манарх (праўда, ненадоўга), але кожная з іх захоўвала сваю сістэму кіравання, праводзіла самаст. палітыку. Працягам К.у. была Віленска-Радамская унія 1401. Аддаленыя вынікі К.у. — даволі трывалы дзярж. саюз (трымаўся на персанальнай уніі) ВКЛ і Польшчы на працягу 14—16 ст., да заключэння Люблінскай уніі 1569, паступовае збліжэнне дзярж. інстытутаў ВКЛ і Польшчы, а таксама культ. збліжэнне вярхоў грамадства. Дзякуючы саюзу ўдалося ліквідаваць пагрозу з боку Тэўтонскага ордэна, перамагчы яго ў Грунвальдскай бітве 1410, адкрыць гандл. шляхі ў Зах. Еўропу. На ўсходзе ВКЛ з дапамогай Польшчы ўдалося стрымліваць націск з боку Маскоўскай дзяржавы. Адным з вынікаў уніі быў шырокі дыпламатычны выхад ВКЛ у Еўропу, а таксама культ. збліжэнне з інш. краінамі Еўропы.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 8, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЕ ВЯЛІКАЕ КНЯ́СТВА,

феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе, якая ў канцы 15 ст. стала ядром Рускай цэнтралізаванай дзяржавы. Цэнтр — г. Масква. Утварылася каля сярэдзіны 14 ст. ў выніку росту Маскоўскага княства, якое ў 2-й пал. 13 ст. вылучылася як удзел Уладзіміра-Суздальскага княства. У час княжання Данілы Аляксандравіча [1276—1303] Маскоўскае княства стала незалежным, да яго былі далучаны Каломна (1301), Пераяслаўль-Залескі (1302) і Мажайск (1303). Асновы паліт. і эканам. магутнасці Масквы заклаў кн. Іван I Данілавіч Каліта [1325—40], які дамогся ад хана Залатой Арды права збору тат. даніны з зямель паўн.-ўсх. Русі. Па яго ініцыятыве цэнтр агульнарус. правасл. мітраполіі ў 1326 перанесены ў Маскву. Паслядоўная палітыка Івана Каліты і яго пераемнікаў па пашырэнні тэр. М.в.к. шляхам скупкі і захопу зямель, дынастычных шлюбаў і г.д. абумовіла ператварэнне Масквы ў гал. паліт., эканам. і рэліг. цэнтр паўн.-ўсх. Русі. Вял. кн. Дзмітрый Іванавіч Данскі [1359—89] замацаваў за Масквой вял. Уладзімірскае княжанне, за якое яна з пач. 14 ст. вяла барацьбу з Цвярскім, а ў 1350—60-я г. і з Суздальска-Ніжагародскім княствамі. Яго перамога над войскам Залатой Арды ў Кулікоўскай бітве 1380 спрыяла замацаванню вядучай ролі М.в.к. паўн.-ўсх. Русі. З 14 ст. М.в.к. вяло барацьбу за ўплыў на сумежныя рус. землі з ВКЛ, якое да сярэдзіны 15 ст. мела перавагу. Пры вял. кн. Васілю II Васілевічу Цёмным [1425—62] у выніку працяглай феад. вайны была падаўлена апазіцыя ўдзельных князёў. Вял. кн. Іван III [1462—1505], які скінуў манг.-тат. няволю (1480), далучыў да М.в.к. Наўгародскую феадальную рэспубліку (1478), у асн. завяршыў аб’яднанне вакол Масквы інш. рус. зямель і адваяваў значныя тэрыторыі ў ВКЛ, першы пачаў называць сябе вял. князем і «государём всяе Руси».

Літ.:

Черепнин Л.В. Образование Русского централизованного государства в XIV—XV вв. М., 1960;

Алексеев Ю.Г. Под знаменем Москвы: Борьба за единство Руси, М., 1992.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 10, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—18 ст. у г. Мсціслаў. Размяшчаўся на пляцоўцы гарадзішча Замкавая гара 12—13 ст., на высокім правым беразе р. Віхра. Замак абкружалі шырокія (60—100 м) і глыбокія (больш за 25 м) яры і кальцавы вал, вышынёй з усх. і паўд. бакоў 6—7 м, шыр. ў аснове 15—18 м. На вяршыні стаялі зрубныя абарончыя канструкцыі — гародні, шмат’ярусная вежа і ўязная брама. Перыметр замкавых умацаванняў перавышаў 800 м. Высокі мост на па́лях злучаў замак з горадам. У цэнтры М.з. ўзвышалася пабудаваная ў 15—16 ст. васьмівугольная вежа-данжон, у ніжнім ярусе якой размяшчаўся храм. М.з. лічыўся важнейшым стратэгічным замкам Пасожжа на мяжы ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, таму перажыў шмат аблог і войнаў. У 1389 на працягу 11 дзён яго асаджала войска смаленскага кн. Святаслава Іванавіча. У перыяд міжусобнай вайны (1432—39) паміж вял. князем ВКЛ Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам М.з. адзіны на Беларусі, які не паддаўся войску апошняга і вытрымаў трохтыднёвую аблогу. У 1500, 1502, 1508 (двойчы) і 1514 быў абложаны рус. войскамі. Пасля надання г. Мсціславу ў 1634 магдэбургскага права замак яшчэ больш умацавалі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у ліп. 1654 рас. войскі акружылі Мсціслаў і замак. У выніку 4 штурмаў 22 ліп. замак быў узяты і спалены, а большасць абаронцаў загінула. Стратэг. важнасць М.з. спрыяла хуткаму яго аднаўленню. У 1660 паводле загаду цара М.з. зноў спалены, а 46 яго абаронцаў сасланы ў Яраслаўль. У 1676 сейм Рэчы Паспалітай прыняў рашэнне аднавіць замак. У час Паўн. вайны 1700—21 М.з. узарваны ў жн. 1708 адступаючым войскам Пятра I. Адноўлены, існаваў да 1772 (год далучэння Мсціслава да Рас. імперыі).

М.​А.​Ткачоў.

Мсціслаўскі касцёл і кляштар кармелітаў. Агульны выгляд касцёла.

т. 10, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМЕ́СНАЯ СІСТЭ́МА,

забеспячэнне зямельнымі ўладаннямі (памесцямі) феадалаў за нясенне ваен. і адм. службы ў Расіі ў канцы 15 ст. — 1714. Узнікла ў выглядзе раздачы вял. князем (з 1547 царом) зямель з сялянамі ў карыстанне дваранам пры ўмове нясення імі дзярж., пераважна ваен., службы. Першая масавая раздача зямель у выглядзе памесцяў адбылася пры Іване III у Наўгародскай і інш. далучаных да Маскоўскага вял. княства землях. Пазней аб’ектам раздачы сталі паўд. стэпавыя землі т.зв. Дзікага поля. Эканам. значэнне П.с. было ў гасп. асваенні новых зямель, асабліва на Пд краіны, яе сац.-паліт. роля заключалася ў матэрыяльным забеспячэнні дваранстваасн. сац. сілы дзяржавы ў барацьбе з феад. раздробленасцю. Юрыд. асновы П.с. замацаваны ў Судзебніку 1497. П.с. дасягнула росквіту ў сярэдзіне 16 ст., калі Улажэннем аб службе 1556 была рэгламентавана ваен. служба памешчыкаў і вотчыннікаў: кожны памешчык з кожных 100 чвэрцей (50 дзес.) сваёй зямлі выстаўляў у войска цара аднаго ўзбр. конніка. Пытаннямі службы дваран-памешчыкаў і іх зямельным забеспячэннем займаліся Разрадны прыказ і Памесны прыказ. П.с. расла за кошт раздачы дваранам канфіскаваных баярскіх і царк. зямель, а таксама дварцовых і чарнасошных зямель, з яе пашырэннем звязана развіццё паншчыны і прыгоннага права. Многія памесці, пераходзячы з пакалення ў пакаленне ў адной сям’і, фактычна ператвараліся ў спадчынную ўласнасць — вотчыну. Гэты працэс адлюстравала Саборнае ўлажэнне 1649, якое дазваляла абмен памесцяў на вотчыны. Урад надаваў асобным памесцям статус вотчын у якасці ўзнагароды іх уладальнікам або шляхам продажу. Адначасова была рэзка абмежавана раздача новых памесцяў. П.с. спыніла існаванне пасля выдання Пятром I Указа аб адзінаспадчыннасці (1714), які юрыдычна замацаваў зліццё памесцяў з вотчынамі. Дваране пачалі атрымліваць за службу грашовае жалаванне.

Літ.:

Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988;

Кобрин В.Б. Власть и собственность в средневековой России (XV—XVI вв.). М., 1985.

т. 12, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)