пераважаючы перанос паветра з захаду на ўсход у трапасферы і стратасферы сярэдніх шырот. Абумоўлены мерыдыянальным паніжэннем т-ры і атм. ціску ад субтропікаў (дзе пераважаюць вобласці павышанага атм. ціску) да палярных шырот і адхіляючай дзейнасцю Карыяліса сілы. Зона гэтага пераносу вызначаецца інтэнсіўнай цыкланічнай дзейнасцю. З ім на тэр. Беларусі звязаны адлігі і выпадзенне ападкаў зімой, халоднае дажджлівае надвор’е летам. Гл. таксама Цыркуляцыя атмасферы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ЎПЛІУСЫ (ад грэч. nauplios жывёла з панцырам),
планктонныя лічынкі розных ракападобных. Цела не сегментаванае; прыдаткаў 3 пары: спераду рота аднагалінастыя адчувальныя антэнулы, ззаду — двухгалінастыя антэны і жвалы жавалы (мандзібулы), якія выкарыстоўваюцца пры плаванні. Маюць няпарнае (наўпліяльнае) вока. Паміж жваламі жаваламі і анальнай адтулінай знаходзіцца зона росту, у якой па меры развіцця ўзнікаюць т.зв. постнаўпліяльныя сегменты з канечнасцямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́НТУПСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры пач. 20 ст. ў г.п. Лынтупы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Першапачатковая драўляная сядзіба апісана ў інвентары 1591. Належала Гільзенам, сучасны выгляд набыла пры ўладальніку Ю.Бішэўскім. Ансамбль сядзібы падзяляецца на 2 зоны. Перад сядзібным домам размешчана парадная зона, якая ўключае партэр, мураваны арачны мост, капліцу, службовы флігель і бровар. За домам і ставам — выцягнутая па папярочнай восі гасп.зона. Цэнтр ансамбля — 2-павярховы мураваны сядзібны дом (1907, арх. Т.Раствароўскі) у стылі неарэнесансу. У асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынка дамінуе тарцовая 3-ярусная чацверыковая вежа. Насычаная арх. пластыка ўключае канеліраваныя калоны, пілястры, анты, рустоўку, ракавіны, атык з балюстрадай і інш. Парк пейзажна-рэгулярнага тыпу (пл. 6 га). Насаджэнні згрупаваны па перыметры 4 ставоў і каналаў паміж імі на р. Лынтупка. У парку растуць клён серабрысты, елка блакітная, лістоўніца еўрап., піхта сіб. і інш. Сярод інш. пабудоў вылучаецца вежа-вяндлярня з машыкулямі і вокнамі-байніцамі ў рэтраспектыўна-замкавым стылі, у 1897 пабудаваны МЛЫН.
А.М.Кулагін.
Лынтупская сядзіба. Галоўны фасад сядзібнага дома.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЗЛЯ́НКА,
рака ў Мядзельскім і Вілейскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Нарач (бас. Віліі). Даўж. 53 км. Пл. вадазбору 663 км². Пачынаецца каля в. Мазалеўшчына Мядзельскага р-на. Асн. прытокі: Чорная, Ментынь (злева). Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 1—2 км. Пойма ў верхнім цячэнні разараная, шыр. 200—300 м. Ад вытоку на працягу 15 км рэчышча каналізаванае. Водапрыёмнік меліярац. каналаў. На рацэ зона адпачынку Вузлянка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАШЭ́ВІЧЫ,
геалагічнае агаленне паміж вёскамі Дарашэвічы і Кабакі Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Пл. 3 тыс.м². ахоўная зона вакол 12 тыс.м². Размешчана на схіле 2-й надпоймавай тэрасы левага берага р. Прыпяць. У абрыве ракі агаляюцца магутныя адклады (больш за 2 м) торфу, якія ўтварыліся ў муравінскае міжледавікоўе 130—70 тыс.г. назад у вял.стараж. возеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-ІНДЫ́ЙСКІ ХРЫБЕ́Т,
падводны сярэдзінны акіянічны хрыбет на ПдЗ Індыйскага ак. Размешчаны паміж Афрыканска-Антарктычным і Цэнтральнаіндыйскім хрыбтамі. Даўж. каля 3600 км, шыр. да 700 км, адносная выш. 1000—2000 м, найменшая глыб. над хрыбтом 251 м, пераважныя глыб. над грэбенем 2000—3000 м. Восевая зона мае характэрныя рысы рыфта. Паверхня расчлянёная. Пашыраны выхады карэнных парод, у т. л. ультраасноўных (серпенцініты, перыдатыты). Характэрна павышаная сейсмаактыўнасць для восевай зоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́МА (ад грэч. nomē язва, якая пашыраецца),
форма вільготнай гангрэны, што хутка пашыраецца. Звычайна ўзнікае пры рэзкім аслабленні ахоўных сіл арганізма. Хварэюць пераважна дзеці пасля цяжкіх інфекц. хвароб. Пашкоджвае слізістыя абалонкі поласці рота, тканкі твару, зрэдку — палавыя органы, прамую кішку і інш. Працякае з высокай т-рай цела, язвамі, ацёчнасцю твару, вакол ачага воскападобная зона, якая паступова мярцвее. На месцы язваў фарміруюцца глыбокія рубцы. Лячэнне тэрапеўт., вітаміны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯХО́Р(А) (ад бія... + ...хор),
1) геаграфічнае асяроддзе, у якім вызначаныя пануючыя жыццёвыя формы прыстасаваны да пэўных спалучэнняў метэаралагічных фактараў.
2) Вобласць пашырэння жыцця.
3) Група падобных месцапражыванняў.
4) Кліматычная мяжа фларыстычнага раёна.
5) Буйное падраздзяленне біясферы. Ахоплівае прасторава аб’яднаныя біятопы, якія размешчаны ў аднатыпных кліматычных умовах і характарызуюцца спецыфічным складам жывога насельніцтва. Аб’ядноўваюцца ў біяцыклы. Уяўленне аб біяхоры аналагічнае паняццю «ландшафтная зона» (у экалогіі з-за большай канкрэтнасці яму аддаецца перавага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́РДЖТАЎН (Georgetown),
Пінанг, горад у Малайзіі, на в-ве Пінанг каля зах. берага п-ва Малака. Адм. ц. штата Пінанг. Засн. ў 1786 брытанскай Ост-Індскай кампаніяй. 219,4 тыс.ж., з прыгарадамі каля 400 тыс.ж. (1993). Марскі порт, звязаны з мацерыком мостам і паромамі. Міжнар. аэрапорт. Гандл.цэнтр.Прам-сць: волаваплавільная, каўчукавая і гумавая, эл.-тэхн., тэкст., швейная, харчасмакавая, электронная, машынабудаўнічая. Зона свабоднага гандлю. Курорт. Арх. помнікі 18 і 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНДЛЯ́РНЯ,
устаноўка (печ, шафа, апарат, камера) для вэнджання мясных прадуктаў, сала, рыбы, сыру і інш. ўздзеяннем дыму, цяпла, вяндлярных вадкасцей. Прамысл. вяндлярні бываюць перыядычнага (камерныя, пралётныя) і неперарыўнага (тунэльныя, вежавыя, шахтавыя) дзеяння.
Дым атрымліваецца ў топцы печы або ў спец. дымагенератары (часцей размешчаны па-за печчу) пры няпоўным згаранні драўніны ці пілавіння пераважна лісцевых парод. Перад паступленнем у зону вэнджання дым праходзіць праз фільтры для ачысткі ад канцэрагенных рэчываў. Для цеплавой апрацоўкі выкарыстоўваюць дым у сумесі з паветрам або толькі паветра, якія награюцца ў каларыферах і перамяшчаюцца вентылятарамі. Выкарыстоўваюць і інфрачырвоныя прамяні. Вяндлярныя вадкасці (іх наносяць на прадукты, дадаюць у фарш або ў сумесь для салення) атрымліваюць у асн. дыстыляцыяй, перагонкай і адсорбцыяй з воднага канцэнтрату дыму. Эфектыўныя і эканамічныя эл. вяндлярні, напр. вертыкальнага тыпу з сістэмай шахтаў, канвеерам і эл. прыстасаваннямі. У іх падсушка і прапяканне (рыбы) робяцца інфрачырвоным выпрамяненнем, само вэнджанне — дымам ад дымагенератара (часцінкі дыму іанізуюцца ў эл. полі і асаджваюцца на паверхні прадукту).
На Беларусі здаўна былі пашыраны вежавыя пераважна двух’ярусныя вяндлярні. На іх 1-м ярусе распальвалі агонь, на 2-м на жэрдках падвешвалі прадукты. Палілі сырую яблыню, галлё ядлоўцу, граба, дуба, тырсу і інш. У апошні час будуюць цагляныя або каменныя кампактныя вяндлярні, выкарыстоўваюць міні-вяндлярні, заводскія і самаробныя, падручныя прыстасаванні (бочкі, бітоны, каністры, вёдры без дна, трубы, скрыні і г.д., апрача пакрытых лакам, палімернымі смоламі і зробленых з ДСП).
К.В.Фамічэнка.
Вяндлярня (прамысловая печ): 1 — рама; 2 — вентылятары; 3 — каларыферы; I — зона падсушкі; II — зона абсмажвання; III — зона варкі.Вяндлярні для невялікіх прадпрыемстваў: а — універсальная камера на 900 л; б — камера (6) з дымагенератарам (1), якія працуюць у замкнёным цыкле без забруджвання асяроддзя (2, 3 — дросельныя засаўкі, 4 — засаўка для рэгулявання выкіду дыму ў атмасферу, 5 — засаўка падачы свежага паветра).