ДРО́НТАВЫЯ (Raphidae),

сямейства птушак атр. голубападобных. 2 роды, 3 віды: дронт звычайны, або дода (Raphus cucullatus), белы (R. apterornis) і пустэльнік (Pezophaps solitaria). Вынішчаны паляваннем, завезенымі свойскімі жывёламі і макакамі. Былі пашыраны на Маскарэнскіх а-вах (Індыйскі ак.), дода на в-ве Маўрыкій (апошнія звесткі ў 1681), белы на в-ве Рэюньён (вымер каля 1750), пустэльнік на в-ве Радрыгес (канец 18 ст.). У некат. музеях (Оксфард, Капенгаген, Масква і інш.) зберагліся шкілеты і асобныя часткі цела пераважна доды.

Маса да 20 кт (дода). Галава вял., дзюба кручкаватая. Крылы маленькія, пер’е кароткае. 4 пальцы. Неслі 1 яйцо. Расліннаедныя.

Да арт. Дронтавыя. Дронт звычайны, або дода.

т. 6, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІМАРО́ДАК звычайны

(Alcedo atthis),

птушка сям. зімародкавых атр. ракшападобных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Жыве каля рэк, розных вадаёмаў з абрывістымі берагамі. На Беларусі рэдкі гнездавальны від, нар. назва рыбалоў. Трапляецца па ўсёй тэр., часцей на Пд і Пн. Занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела 18—19 см, маса 27—38 г. Галава вялікая, дзюба доўгая, прамая. Хвост кароткі. Апярэнне стракатае: зверху блакітна-зялёнае, надхвосце бліскуча-блакітнае, шырокая паласа ад дзюбы праз вока да патыліцы і горла — вохрыста-белаватая, брушка ржава-рыжае. Гняздуецца асобнымі парамі. Гнёзды ў норах. Нясе 5—8 яец. Корміцца дробнай рыбай. Зімуе ў краінах Міжземнамор’я, зрэдку каля незамёрзлых вадаёмаў.

Зімародак звычайны.

т. 7, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЮКІ́, сарычы (Buteo),

род драпежных птушак сям. ястрабіных атр. сокалападобных. 25 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыкі. На Беларусі 2 віды: К. звычайны (Buteo buteo) і К. касматаногі, або зімняк (B. lagopus).

Пералётныя птушкі. Селяцца ў месцах, дзе лес чаргуецца з адкрытай прасторай (лугі, балоты, высечкі).

Даўж. да 66 см, маса да 1,3 кг. Крылы шырокія, дазваляюць лунаць у палёце. Хвост кароткі, закруглены. Афарбоўка зменлівая; спіна аднатонная, бурая, рыжая ці шэрая, ніз цела паласаты ці плямісты. Гняздуюцца на дрэвах, абрывах берагоў рэк. Нясуць 2—5 яец. Кормяцца грызунамі, насякомымі, паўзунамі, птушкамі. 2 віды і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.

Канюкі: 1 — касматаногі; 2 — звычайны.

т. 8, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГО́НІЧЫ (Porzana), балотныя курачкі, вадзяныя курачкі,

род птушак сям. пастушковых атр. жураўлепадобных. 18 відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Жывуць на балотах, вільготных лугах. Актыўныя ўначы. На Беларусі 2 віды: П. звычайны (P. porzana) і П. малы (P. parva), нар. назва малая вадзяная курачка, занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 28 см, маса да 130 г. Апярэнне чорнае, шараватае, бураватае з стракацінкамі.

Крылы кароткія. Ногі і пальцы доўгія. Добра бегаюць і плаваюць. Часта і гучна свішчуць, нібы пастух, што паганяе статак (адсюль назва). Корм пераважна жывёльны. Гняздуюцца на зямлі. Нясуць да 18 яец. Аб’ект палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Пагонічы: 1 — звычайны; 2 — малы.

т. 11, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДУ́СТЫ (Chondrostoma),

род рыб сям. карпавых атр. карпападобных. 18(10) відаў. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы (акрамя Англіі і Скандынавіі) і Пярэдняй Азіі. Трымаюцца чародамі ў мясцінах з хуткай плынню, пясчаным ці камяністым дном. На Беларусі тыповая форма П. звычайны (Ch. nasus, нар. назвы: свінка, свінюк, сіг, сіга, цырта, чарнакол) у рэках бас. Буга і Нёмана. У бас. Дняпра трапляецца яго форма П. дняпроўскі (Ch.n.nasus natio borysthenicum).

Даўж. да 50 см, маса да 2,5 кг. Рот ніжні ў выглядзе папярочнай шчыліны. Ніжняя губа завострана, з рогападобным чэхлікам. Корміцца водарасцямі (пераважна абрастаючымі), лічынкамі насякомых, ракападобнымі. Аб’ект промыслу.

А.​М.​Петрыкаў.

Падуст звычайны.

т. 11, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СОМ звычайны

(Silurus glanis),

рыба сям. сомавых атр. карпападобных. Пашыраны ў Еўропе на У ад р. Рэйн (акрамя бас. Паўн. Ледавітага ак. і Балканскага п-ва) і ў Азіі ў бас. Аральскага м., р. Амур. Аселы, жыве ў глыбокіх месцах. На Беларусі рэдкі.

Даўж. да 5 м, маса да 300 кг. Цела верацёнападобнае, без лускі. Спіна чорная, бакі жоўта-зялёныя, бруха амаль белае. Скура мяккая, слізкая. Галава вял., пляскатая. Рот шырокі, ніжняя сківіца даўжэйшая за верхнюю. На верхняй сківіцы пара доўгіх вусікаў, на ніжняй — 2 пары кароткіх. Вочы невялікія. Анальны плаўнік доўгі, зліваецца з закругленым хваставым. Драпежнік. Аб’ект промыслу.

А.​М.​Петрыкаў.

Сом звычайны.

т. 15, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАЧО́К (Gyromitra),

род сумчатых грыбоў сям. гельведавых. 3 віды. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 2 віды С.: асенні (G. infula) і звычайны (G. esculenta), які развіваецца вясной. Трапляюцца пераважна ў хваёвых лясах.

Пладовыя целы (апатэцыі) шапкавыя. Шапка няправільна-акруглая, звіліста-маршчакаватая, з глыбокімі складкамі, каштанава-карычневая, часам з прырослым да ножкі краем, пустая, шыр. да 30 см. Ножка няправільнай формы, пустая, крохкая, белая, часам з фіялетавым адценнем. Пладовыя целы маюць ядавіты таксін гірамітрын, колькасць якога залежыць ад умоў росту. Па ўздзеянні падобны на таксін бледнай паганкі. Споры эліпсоідныя, бясколерныя, з 2 кроплямі алею на канцах. Умоўна ядомы.

Страчок звычайны.

т. 15, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУНЦЫ́,

група рыб сям. скумбрыевых. 5 родаў, 13 відаў. Пашыраны ў цёплых водах усіх акіянаў, некат. заходзяць ва ўмераныя воды. Стайныя Чародныя* пелагічныя рыбы.

Даўж. ад 30 см да 3 м і больш. маса да 680 кг (Т. сіні, або звычайны, з роду сапр. Т.). Цела верацёнападобнае, падоўжанае. Хваставое сцябло тонкае. мае з кожнага боку вял. скурысты кіль. Ззаду спіннога і анальнага плаўнікоў некалькі дадатковых плаўнічкоў. Адрозніваюцца моцным развіццём крывяносных сасудаў скуры, бакавых мышцаў цела і т.зв. чырв. мышцаў, што дае ім магчымасць плаваць хутка і на вял. адлегласці. Кормяцца рыбамі. малюскамі, ракападобнымі. Аб’екты промыслу.

Тунцы: 1 — сіні. або звычайны; 2 — малы, ці плямісты; 3 — макрэлевы.

т. 16, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́СТАР (ням. Pastor ад лац. pastor пастух),

служыцель культу ў пратэстанцкіх цэрквах, якія адмаўляюць інстытут свяшчэнства. Вядзе звычайны лад жыцця і не лічыцца выключным уладальнікам «боскай ласкі».

т. 12, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСЯ́НІКІ (Ephemeroptera),

атрад насякомых падкл. адкрытасківічных. Вядомыя з карбону. Найб. прымітыўныя з крылатых насякомых. Пашыраны ўсюды. У сусв. фауне 17 сям., больш за 2 тыс. відаў. На Беларусі адзначана каля 20 відаў, найб. вядомыя — аўсянік звычайны (Ephemera vulgata), аўсянік дацкі (Ephemera danica) і аўсянік двухкрылы (Cloëon dipterum).

Даўж. ад 1 мм да 6 см. Пярэднія крылы даўжэйшыя за заднія. На канцы брушка 2—3 членістыя ніткападобныя вырасты. У дарослых ротавага апарата няма. Развіццё з няпоўным пераўтварэннем. Ад інш. насякомых адрозніваюцца наяўнасцю 2 крылатых фаз — субімага і імага. Лічынкі развіваюцца ў вадзе 1—4 гады, кормяцца дэтрытам, глеем, водарасцямі. Жывуць ад некалькіх гадзін да 10 сутак. Корм для рыб.

Аўсянік звычайны.

т. 2, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)