СТЭНАФА́ГІ (ад стэна... + грэч. phagein пажыраць),
арганізмы, якія жывяцца адным ці нешматлікімі відамі корму, блізкімі паводле саставу. Характарызуюцца анат., фізіял. і біяхім. адаптацыямі (напр., спецыфічнай будовай стрававальнай сістэмы, асаблівымі ферментамі). Ступень стэнафагіі можа мяняцца з узростам — дарослыя асобіны спажываюць больш разнастайны корм, чым маладняк. Спецыялізацыя жыўлення ў С. садзейнічае аслабленню іх канкурэнцыі з інш. відамі, пры памяншэнні кармавой базы іх колькасць можа рэзка зніжацца.
Сярод С. шмат беспазваночных жывёл, асабліва насякомых, напр., многія клапы, перапончатакрылыя і матылі існуюць за кошт сокаў, нектару і пылку абмежаванай колькасці відаў раслін; яблыневыя пладажэркі жывуць у асн. на яблынях і дрэвах грэцкага арэху, каларадскі жук — пераважна на бульбе. Сярод пазваночных С. трапляюцца радзей, з рыб — сігі, сінец (кормяцца пераважна планктонам), сазан, лешч, лінь (заабентасам) і інш. У птушак спецыялізаванае жыўленне характэрна для чарацянак (пераважна аўсянікамі і камарамі-хіранамідамі), крыжадзюбаў (насеннем хваёвых дрэў) і скапы (рыбай). З млекакормячых да С. належаць лятучыя мышы (кормяцца пераважна начнымі насякомымі). Проціпастаўляюць эўрыфагам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧО́РНАЯ ГА́НЧА,
рака ў Польшчы і Гродзенскім р-не Беларусі, левы прыток р. Нёман. Даўж. 145 км, пл. вадазбору 1916 км² (у межах Беларусі даўж. 35 км і пл. вадазбору 178 км²). Пачынаецца ў Польшчы на паўд. схіле Балтыйскай грады, цячэ праз азёры Ганча і Вігры, перасякае граніцу за 1 км на ПдЗ ад в. Лясная. Вусце за 1 км на ПнЗ ад в. Загорнікі. Злучана праз Аўгустоўскі канал з р. Нёман. У Беларусі цячэ па паўн. схілах Гродзенскага ўзв. і зах. частцы Сярэднянёманскай нізіны. Асн. прыток — р. Марыха (злева). Пад лясамі 84% тэр. вадазбору. Даліна шыр. 0,7—3,5 км, глыбока ўрэзаная. Пойма шыр. 0,2—1 км, двухбаковая, забалочаная, парасла хмызняком; ёсць участкі надпоймавых тэрас выш. да 10 м. Рэчышча (шыр. да 10 м) звілістае, з буйнымі меандрамі. Выш. берагоў ад 0,5 да 3 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 17 м³/с. Сярод рыб харыус, стронга ручаёвая (у Чырв. кнізе Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЬВЯ́НКА,
рака ў Брэсцкай і Гродзенскай абл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 170 км. Пл. вадазбору 1940 км². Пачынаецца паміж вёскамі Лідзяны і Кулявічы Свіслацкага р-на, цячэ ў Ваўкавыскім, Пружанскім, Зэльвенскім і Мастоўскім р-нах. Асн. прытокі: Шчыба, Ружанка, Іванаўка, Сасва, Самараўка, Юхнаўка.
Даліна трапецападобная, яе шыр. ад 500 м да 3—4 км у ніжнім цячэнні. Пойма забалочаная, роўная, шыр. да 2,5 км, у сярэднім і ніжнім цячэнні 400—600 м. Рэчышча моцназвілістае, яго шыр. ў межань 15—20 м. На працягу 44,2 км каналізаванае: ад вытоку да в. Краскі Ваўкавыскага р-на (16 км) і на ўчастку за 2 км на Пн ад г.п. Зэльва — 2 км на Пн ад в. Ліхінічы Мастоўскага р-на (28,2 км). Берагі пясчаныя, стромкія і абрывістыя. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Жыўленне мяшанае. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 11 м5/с. На рацэ вадасховішчы Зэльвенскае і Паперня, г.п. Зэльва, г. Масты (пры ўпадзенні Зальвянкі ў Нёман).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРТЫ́Ш,
рака ў Казахстане і Расіі, левы прыток р. Об. Даўж. 4248 км, пл.бас. 1643 тыс.км². Бярэ пачатак у гарах Мангольскага Алтая на тэр. Кітая (Чорны І.). У вярхоўях горная рака. Ад воз. Зайсан да г. Усць-Каменагорск зарэгулявана вадасховішчамі Бухтармінскай і Усць-Каменагорскай ГЭС. Ніжэй г. Сяміпалацінск да вусця цячэ па Зах.-Сібірскай раўніне. Рэчышча няўстойлівае, шмат пясчаных перакатаў, ніжэй г. Омск утварае вял. лукавіны. Даліна шырокая (да 20 км, каля вусця да 35 км). Гал. прытокі: Ішым, Вагай, Табол, Конда (злева), Ом, Тара, Дзям’янка (справа). Жыўленне мяшанае. Ледастаў з ліст. да красавіка. Разводдзе ў ніжнім цячэнні з мая да вер., у верхнім — з крас. да кастрычніка. Сярэдні расход вады каля Табольска 2150 м³/с, у вусці — 2830 м³/с. Суднаходная на 3784 км ад вусця. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння, арашэння, жывіць Іртыш—Караганда канал, Шульбінскае вадасховішча. Багаты рыбай (нельма, шчупак, акунь, асетр, сцерлядзь і інш.). Асн. гарады і парты: Усць-Каменагорск, Сяміпалацінск, Паўладар, Омск, Табольск, Ханты-Мансійск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́БАЛЬ,
рака па Пн Беларусі, у Гарадоцкім, Шумілінскім і Полацкім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р.Зах. Дзвіна. Даўж. 148 км. Пл. вадазбору 2690 км². Выцякае з воз.Езярышча каля г.п. Езярышча Гарадоцкага р-на, вусце за 1 км на ПдЗ ад в. Новыя Гараны Полацкага р-на. Цячэ на паўн.-зах.ч. Гарадоцкага ўзв. і паўн.-ўсх.ч. Полацкай нізіны. Асн. прытокі: Свіна, Ценіца, Глыбачка (справа), Чарнуйка, Чарнаўка, Чарняўка, Выдрыца, Усыса, Будавесць (злева). Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 0,3—0,6 км (найб. 2,5 км; у вярхоўі невыразная. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, месцамі адсутнічае. Рэчышча звілістае, шыр. 8—20 м у верхнім цячэнні, 20—40 м у сярэднім, 25—30 м у ніжнім. Берагі стромкія, у вярхоўі нізкія, забалочаныя. Замярзае ў канцы 1-й дэкады снеж., крыгалом у пач. красавіка. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 19,4 м³/с. На рацэ Ключагорскае вадасх. ў Гарадоцкім р-не, г.п. Обаль у Шумілінскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛЬСА,
рака ў Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., Клічаўскім і Кіраўскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас.р. Дняпро). Даўж. 92 км. Пл. вадазбору 1690 км². Пачынаецца за 3,4 км на ПнУ ад в. Каменны Барок Бярэзінскага р-на, вусце за 5 км на З ад в. Любонічы Кіраўскага р-на. Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Асн. прытокі: Нясета (справа), Дулебка, Сушанка, Суша (злева). Даліна шыр. 0,8—1 км, пераважна невыразная, месцамі трапецападобная; схілы выш. 2—7 м. спадзістыя, месцамі слабапарэзаныя. Пойма шыр. 0,6—1,5 км, двухбаковая, ніжэй г.п. Клічаў чаргуецца па берагах, нізкая, месцамі забалочаная, перасечаная меліярац. каналамі. Рэчышча ў вярхоўі на працягу 10 км каналізаванае, ніжэй шыр. 12—18 м. Берагі ў вярхоўі нізкія, забалочаныя, спадзістыя, ніжэй да вусця стромкія. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у 3-й дэкадзе сакавіка. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў ніжнім цячэнні ў канцы сак., сярэдняя вышыня над межанню 1,2 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9,3 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў. На рацэ г.п. Клічаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́КРЫЎНЫЯ ТКА́НКІ,
вонкавыя ўтварэнні арганізма на мяжы са знешнім асяроддзем. Асн. функцыі П.т. — ахова, абмен рэчываў (у т. л. газаабмен, транспірацыя), тэрмарэгуляцыя, дотык, выдаленне, часам жыўленне (напр., у стужачных чарвей, скрэбняў, паганафор). У раслін адрозніваюць П.т. першасныя і другасныя. Першасныя (эпідэрміс, або эпідэрма, і эпіблема) вылучаюцца з пратадэрмы. Эпідэрма развіваецца на парастках, лісці, ч. кветак, пладах, насенні; сценкі яе клетак укрыты кутыкулай. Эпіблема ўтвараецца на канцы кораня, выконвае функцыі двухбаковапранікальнай мембраны. Пасля яе адмірання абарончую функцыю выконвае экзадэрма, якая адасабляецца з вонкавых слаёў клетак першаснай кары. У голанасенных і двухдомных раслін на сцёблах і каранях першасныя П.т. замяняюцца на другасныя — корак (вытворнае фелагену), непранікальны для газападобных і вадкіх рэчываў. Ён уваходзіць у склад перыдэрмы, газаабмен у якой адбываецца праз рыхлыя ўчасткі — чачавічкі. У жывёл П.т. складаюцца з покрыўнага (скурнага) эпітэлію (эпідэрмісу). У некат. з іх (немертыны, галаваногія малюскі, пазваночныя) у састаў П.т. уваходзіць мезадэрмальны злучальнатканкавы слой, або дэрма. Для П.т. жывёл характэрны вытворныя: валасы, хіцін панцыра членістаногіх, кутыкула, ракавіны малюскаў, луска, пер’е, кіпцюры, пазногці, скурныя залозы і інш. З П.т. звязаны пігментныя клеткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТА́,
рака ў Шклоўскім, Магілёўскім, Чавускім і Слаўгарадскім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Проня (бас.р. Дняпро). Даўж. 100 км, пл. вадазбору 1290 км². Пачынаецца каля в. Аляксандраўка Шклоўскага р-на, вусце за 2 км на ПдУ ад в. Харанеў Слаўгарадскага р-на. Цячэ па Аршанска-Магілёўскай раўніне. Асн. прытокі: Рудзея, Будлянка, Хоцінка (справа), Плясна, Вілейка (злева). Даліна добра распрацаваная, глыбокаўрэзаная, трапецападобная, шыр. 0,6—1 км. Схілы спадзістыя, умерана стромкія, часам стромкія, выш. 10—15 м, парэзаныя. Пойма двухбаковая, слабазабалочаная, у ніжнім цячэнні ўзгорыстая, парэзаная ручаямі і меліярац. каналамі, шыр. 300—400 м. Рэчышча свабодна меандруе, умерана звілістае, трапляюцца невял. астравы і парогі. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя, выш. 0,8—1,5 м.
Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 68% гадавога сцёку. Найвыш. ўзровень разводдзя ў пач.крас., сярэдняя выш. над межанным узроўнем 2,3—3,2 м. Замярзае ў пач.снеж., крыгалом у канцы сакавіка. Веснавы ледаход 5 сут. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 6,8 м³/с. Р. — водапрыёмнік меліярац.сістэм. На рацэ вадасх. Зарэсце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВО́ЛЬНА,
рака ў Расіі і Беларусі, правы прыток р. Дрыса (бас.р.Зах. Дзвіна). Даўж. 99 км, у т. л. ў межах Беларусі 93 км, пл. вадазбору 1510 км². Выцякае з воз. Нечарыца (Себежскі р-н Пскоўскай вобл.), вусце насупраць в. Цясты Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. (на левым беразе р. Дрыса). Цячэ па Асвейскай градзе і Полацкай нізіне. Асн. прытокі на Беларусі: Лонніца, Лешня (злева), Піжаўка, Водзьга (справа). Даліна трапецападобная, шыр. ў верхнім і сярэднім цячэнні 400—600 м, у ніжнім 800—1500 м. Схілы спадзістыя, месцамі ўмерана стромкія, выш. 10—20 м. Пойма перарывістая, месцамі забалочаная, шыр. 100—300 м. Рэчышча звілістае, месцамі моцназвілістае, шыр. 18—20 м, берагі стромкія. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 40% гадавога сцёку. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў ніжнім цячэнні ў 1-й дэкадзе крас., сярэдняя выш. над межанным узроўнем 4,5 м, найб. 7,7 м. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у пач. красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 11,7 м³/с. Рака — водапрыёмнік меліярац. сістэм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАЗБО́Р, вадазборны басейн, вадазборная плошча,
1) вадазбор паверхневых водаў — тэрыторыя, з якой паверхневыя воды і грунтавыя воды сцякаюць у пэўны вадаём. Абмежаваны водападзеламі. Гідралагічнае значэнне вадазбору — у ператварэнні атм. ападкаў у сцёк. Характарызуецца паказчыкамі гідраграфічнымі (плошча, даўжыня, сярэдняя і найб. шырыня, сярэдні нахіл і вышыня над узр. м., форма, каэфіцыент асіметрыі) і геагр. (геагр. становішча, лясістасць, азёрнасць, забалочанасць, разаранасць, урбанізацыя і інш.). Кожны паказчык уплывае на фарміраванне і велічыню сцёку, які вызначаецца метэаралагічнымі фактарамі, асаблівасцямі геал. будовы тэрыторыі вадазбору, рэльефу, ландшафтаў у яго межах. Найважнейшая характарыстыка вадазбору — плошча. Каля 90% рэк Беларусі маюць малыя плошчы вадазбору (да 200 км²), 8 рэк (Дняпро, Прыпяць, Нараў з Бугам, Нёман, Зах. Дзвіна, Бярэзіна Дняпроўская, Сож і Вілія ў межах Беларусі) — больш за 10 тыс.км²; вадазборы рэк і вадаёмаў Беларусі належаць да бас. Чорнага (65% тэр.) і Балтыйскага мораў. Па форме вылучаюць 5 тыпаў вадазбораў.
2) Вадазбор падземных водаў абмежаваны плошчай тэктанічнай структуры, з паверхні якой адбываецца жыўленневаданосных гарызонтаў і ваданосных комплексаў. Не заўсёды супадае па плошчы з вадазборам паверхневых водаў. У вузкім сэнсе вадазбор — плошча, з якой адбываецца прыток падземных водаў да водазаборнага збудавання — свідравіны, калодзежа, галерэі.