французскі графік, жывапісец і скульптар. З 1814 жыў у Парыжы, у 1820-я г. браў урокі жывапісу і малюнка, вучыўся мастацтву літаграфіі. Аўтар вострагратэскавых карыкатур на кіруючыя вярхі грамадства, у т.л. на караля Луі Філіпа. Асновай для серыі літаграфічных партрэтаў-шаржаў «Славутасці залатой сярэдзіны» (1832—33) сталі скульпт. эскізы-бюсты паліт. дзеячаў (1830—32, захавалася 36 бюстаў). У літаграфіях 1834 Д. выкрываў бяздарнасць і своекарыслівасць улад («Заканадаўчае чэрава», «Усе мы сумленныя людзі, абдымемся»), ствараў вобразы рабочых («Сучасны Галілей», «Вуліца Транснанен 15 красавіка 1834 года» і інш.). Пасля забароны ў 1835 паліт. карыкатуры Д. звярнуўся да быт. сатыры: серыя «Карыкацюрана» (1836—38), «Лепшыя ў жыцці» (1843—46), «Добрыя буржуа» (1846—49). У перыяд і пасля рэв. 1848—49 стварыў (спачатку ў статуэтцы, потым у шэрагу літаграфій) абагульнены вобраз паліт. прайдзісвета Ратапуаля. У жывапісе Д. па-наватарску пераасэнсоўваліся традыцыі рамантызму, трагічная велічнасць спалучалася з гратэскам, драма з сатырай, вострая характарнасць вобразаў са свабодай пісьма, смелай абагульненасцю формаў, выразнасцю пластыкі і светлавымі эфектамі. У яго карцінах адлюстраваліся пафас рэв. барацьбы («Паўстанне», каля 1848), прыгажосць простага чалавека («Прачка», каля 1859—60); улюбёнымі матывамі жывапісу былі цырк, тэатр, вандроўныя камедыянты: «Меладрама» (каля 1856—60), «Крыспэн і Скапэн» (каля 1860), серыя карцін «Дон Кіхот» (каля 1868) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́НКІНА,
архітэктурна-мастацкі ансамбль канца 18 ст. ў Маскве. Былая падмаскоўная сядзіба графаў Шарамецевых, з 1918 палац-музей творчасці прыгонных. Аснову арх. ансамбля складае комплекс у стылі позняга класіцызму (1791—98, арх. Ф.Кампарэзі, П.Аргуноў і інш.; ляпныя рэльефы Ф.Гардзеева і Г.Замараева). Цэнтр комплексу — палац-тэатр, злучаны невысокімі галерэямі з канцэртнай залай у «Егіпецкім» і з банкетнай — у «Італьянскім» павільёнах. У інтэр’ерах — калекцыі жывапісу, гравюры, скульптура, мэбля, фарфор і інш. Часткова захаваўся пейзажны парк, Троіцкая царква (1678—92) са званіцай у псеўдарускім стылі. У раёне Астанкіна ў 1967 пабудавана унікальная вежа (537 м) Маскоўскага тэлецэнтра (арх. Дз.Бурдзін, Л.Батанаў, В.Мілашэўскі, інж. М.Нікіцін, Б.Злобін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ЎКІ ПЕТРУСЯ́ ЛІТАРАТУ́РНЫ МУЗЕ́Й у Мінску. Засн. 10.7.1980. Адкрыты для наведвання 29.12.1984. Мае 5 экспазіцыйных залаў, у т. л. 2 мемарыяльныя. Пл. экспазіцыі 110,5 м². Налічвае больш за 20 тыс. экспанатаў асн. і навук. дапаможнага фонду (1996). Знаходзіцца ў доме, дзе П.Броўка жыў у 1951—80. Зберагае рэчы духоўнай, матэрыяльнай культуры, звязаныя з жыццём, творчасцю і грамадскай дзейнасцю паэта. Сярод іх рукапісы твораў П.Броўкі, яго кнігі, выдадзеныя на розных мовах, кнігі бел. і зарубежных пісьменнікаў з дарчымі надпісамі; асабістыя рэчы, дакументы паэта, творы жывапісу, графікі і скульптуры (З.Азгура, А.Бараноўскага, В.Бялыніцкага-Бірулі, А.Кашкурэвіча, Г.Паплаўскага і інш.). Філіял — хата-музей Петруся Броўкі ў Пуцілкавічах (Ушацкі р-н Віцебскай вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́СІМАЎ Сяргей Васілевіч
(26.9.1885, г. Мажайск, Расія — 20.4.1964),
рускі жывапісец. Нар. мастак СССР (1958), правадз.чл.АМСССР (1947), д-р мастацтвазнаўства (1956), праф. (1931). Вучыўся ў Строганаўскім вучылішчы (1901—07) і Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1907—12) у С.В.Іванава і К.А.Каровіна. Пісаў простыя па кампазіцыі, стрыманыя па каларыце партрэты («Сялянка з пеўнем», 1924, «Калгасны вартаўнік», 1933), гіст. палотны («Клятва сібірскіх партызан», 1933, «Маці партызана», 1943—50), жанравыя карціны («Калгаснае свята», 1937), пейзажы; ілюстрацыі да твораў М.А.Някрасава, М.Горкага і інш. Ленінская прэмія 1966. У Нац.маст. музеі Беларусі 6 работ Герасімава, сярод якіх «Сялянка-дэлегатка», 1935, «Ранняя вясна», 1956, «Мажайск. Масква-рака», 1960, і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́ЦКАЯ ШКО́ЛА мініяцюры, адна са школ сярэднеўсх. мініяцюрнага жывапісу (пераважна іл. да кніг). Існавала ў 15 ст. ў сталіцы дзяржавы Цімурыдаў — Гераце; звязана з дзейнасцю прыдворнай майстэрні рукапісаў — кітабхане (засн. прыкладна ў 1410-я г.). Мініяцюрам 1-й пал. 15 ст. (мастакі Халіл, Гіяседдзін, Мансур) уласціва тонкае пісьмо, стрыманы, часам гарачы каларыт («Шахнамэ» Фірдаўсі, 1430; «Хамсе» Нізамі, 1431). У 2-й пал. 15 ст. працавалі мастакі Шах-Музафар, Мірак Накаш, Хаджы Мухамед Накаш, Кемаледдзін Бехзад і яго вучань Касім Алі. Характэрны вытанчаная дэкаратыўнасць, паэтычнасць і разнастайнасць сюжэтаў, шматфігурнасць і шматпланавасць кампазіцый, пейзажныя фоны, гармонія і вытанчанасць колеру, дакладны віртуозны малюнак, развіццё партрэта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАШЭ́ВІЧ Фёдар Іванавіч
(28.8.1905, г. Камянец Брэсцкай вобл. — 23.12.1986),
бел. жывапісец. Скончыў Ін-тжывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1938). З 1938 выкладчык у маст. вучылішчы, у 1941—45 мастак агітмайстэрні ў Пермі. З 1951 жыў у Мінску, у 1960—66 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Аўтар станковых твораў «Пасля працы» (1954), «Гарманіст ідзе» (1955), «Трывога» (1961), тэматычных карцін «Страляйце, не шкадуйце нас!» (1964), «1941 год» (1967), лірычных пейзажаў «Над Прыпяццю» (1973), «Возера Мураці» (1975) і інш. Стварыў шэраг партрэтаў.
Літ.:
Масленікаў П. Мастак жыццёвасці і праўды // Мастацтва Беларусі. 1983. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗМІ́ТРЫЕВА-БА́ЛАШ Ганна Яраславаўна
(н. 27.5.1964, Мінск),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Вучылася ў творчай майстэрні В.Ф.Сумарава (1972—78), скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1987). Працуе ў галіне тэкстылю і мадэліравання. Стварае аб’ёмныя тэкст. кампазіцыі з выкарыстаннем тэхнік габелена, ціснення па скуры, вышыўкі, аплікацыі, калажу, жывапісу і інш.: «Цар-царыца» (1987), «Салавей і ружа» (1996), «Дзівосная краіна» (1997), «Раніца ў Венецыі», «Мурашыная каралева», «Развітанне славянкі» (усе 1990-я г.; з С.Даманавай), пано «Мой горад» (1997). Мастак-пастаноўшчык тэлефільма «Пастка для зубра» (1992—94). Аформіла сцэн. касцюмы ансамблям «Харошкі», «Крупіцкія музыкі», «Камерата» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕШАНКО́ВІЦКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́ЙЗасн. ў 1977 у г.п. Бешанковічы як музей баявой славы, з 1987 — гіст.-краязнаўчы музей. Пл. экспазіцыі 311 м², каля 6,8 тыс. адзінак асн. фонду (1995). Сярод экспанатаў археал. знаходкі (касцяныя наканечнікі стрэл, каменныя і рагавыя сякеры, бівень маманта, фрагменты гліняных гаршкоў з раскопак, карты археал. помнікаў на тэр. раёна), матэрыялы пра падзеі часоў Кастр. рэвалюцыі 1917, грамадз. вайны, калектывізацыі, Вял. Айч. вайны (абарончыя баі 1941, дзейнасць падп. антыфаш. арг-цый, партыз. атрадаў, брыгады «За Савецкую Беларусь», вызваленне раёна ў 1944). У экспазіцыі творы жывапісу, графікі, скульптуры (дыярама А.Гарбунова «Бітва пад Астроўнам у 1812», карціна В.Ціханенкі «Кірмаш у Бешанковічах» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТО́ (Watteau) Жан Антуан
(10.10.1684, г. Валансьен, Францыя — 18.7.1721),
французскі жывапісец. Працаваў таксама ў галіне графікі і дэкар.жывапісу. Вучыўся ў Парыжы ў К.Жыло і К.Адрана. Зазнаў уплыў П.П.Рубенса. У 1717 атрымаў званне акадэміка за твор «Паломніцтва на востраў Кіферу». Пісаў жанравыя карціны («Бівак», «Саваяр з сурком», 1716, і інш.). Пазней у творах на тэмы «галантных урачыстасцей» і тэатр. сцэн («Цяжкае становішча», «Свецкае кола ў парку», «Свята кахання», «Жыль» і інш.) канчаткова сфарміраваўся яго своеасаблівы стыль, адметны вытанчанай грацыёзнасцю вобразаў і інтымнымі настроямі. Паэтычнасцю вылучаюцца і яго малюнкі (аловак, сангіна).
Літ.:
А.Ватто. Старинные тексты / Сост. Ю.К.Золотов. М., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КАЎ Мітрафан Барысавіч
(да 1911 Мартышчанка Мітрафан Паўлавіч; 15.6.1882, хутар Шарпаеўка, Растоўская вобл., Расія — 27.11.1934),
рускі жывапісец, заснавальнік сав. батальнага жывапісу. Вучыўся ў Адэскім маст. вучылішчы (1898—1903), Пецярбургскай АМ (1903—11). Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (1925). Аўтар карцін «Тачанка» (1925), «Кавалерыйская атака», «Трубачы Першай коннай арміі», «Атрад Будзённага» (абедзве 1934) і інш., у якіх з гіст. дакладнасцю, пераканаўча ўзнавіў гераічныя будні грамадз. вайны, атмасферу 1920-х г. Ініцыятар стварэння дыярам і панарам (эскізы дыярам «Штурм Перакопа», 1931; «Абарона Царыцына», 1933, і інш.). Імя Грэкава прысвоена Студыі ваенных мастакоў.