АБРЫКО́С (Armeniaca),

род дрэў і кустоў сям. ружавых. Вядома 10 відаў, пераважна ў Азіі. На Беларусі культывуецца абрыкос звычайны (A. vulgaris), абрыкос маньчжурскі інтрадукаваны Цэнтр. бат. садам АН Беларусі як дэкар. расліна.

Дрэва выш. да 8 м. Засухаўстойлівая, цепла- і святлолюбівая расліна. Лісце эліпса- або яйцападобнае. Кветкі белыя, ружаватыя, распускаюцца раней за лісце. Меданос. Плод — мясістая касцянка, мае цукры, арган. к-ты, вітаміны; сушаныя плады — урук, курага. Ва ўмовах Беларусі пладаносіць 7—8 разоў за 10 гадоў, па 20—30 кг з дрэва, жыве да 40 гадоў, пач. плоданашэння на 4—5-ы год. Размнажаецца насеннем, сарты і формы — прышчэпкамі. Плады маюць радыепратэктарныя ўласцівасці, карысныя пры захворваннях сардэчна-сасудзістай сістэмы, печані, нырак. Сарты: Пінскі, Знаходка, Спадчына, Памяці Шаўчука. Асн. хваробы: парша костачкавых і клястэраспарыёз.

Абрыкос звычайны.

т. 1, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗЫРЫ́КСКІЯ КУРГАНЫ́,

група вял. курганоў (магілы родавых ці племянных правадыроў) ва ўрочышчы Пазырык на правым беразе р. Вял. Улаган у Рэспубліцы Алтай (Расія). Даследаваліся ў 1929, 1947—49. У П.к. выяўлены прамавугольныя ямы глыб. да 4 м і пл. каля 50 м², у якіх стаялі пахавальныя камеры (зрубы з бярвення) выш. да 2 м. Дзякуючы значнай вышыні Пазырыка, асаблівасці клімату і канструкцыі курганоў пад імі ўзнікла шматгадовая мерзлата, якая забяспечыла добрую захаванасць пахавальнага інвентару і бальзаміраваных нябожчыкаў (мужчына мангалоід, мужчына і жанчына еўрапеоіднага тыпу, мужчынскія целы пакрыты татуіроўкай). Захаваліся вырабы з дрэва, тканін, лямцу, футра і скуры, у т. л. ворсавы дыван, танюткія шарсцяныя тканіны, а таксама вышытыя кітайскія шаўковыя тканіны. Шматлікія творы мастацтва выкананы ў т.зв. звярыным стылі.

Да. арт. Пазырыкскія курганы. Наверша з дрэва. 5 ст. да н.э.

т. 11, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЕ́ННЕ,

адлёт з вулля маткі з часткай пчол для ўтварэння новай сям’і; прыроднае размнажэнне пчаліных сем’яў. Бывае ў 1-й пал. лета (на Беларусі ў 1-й пал. чэрв.), калі пчаліная сям’я мае вял. колькасць расплоду і лішак рабочых пчол.

Перад Р. пчаліная сям’я будуе матачнікі для маладых матак, пчолы-разведчыкі знаходзяць новае жыллё. У гэты час яйцаноскасць і маса маткі значна зніжаецца, памяншаецца аб’ём яе яечнікаў, выпростваюцца паветраныя мяшкі ў брушку. і яна набывае здольнасць да палёту. Пры Р. з вулля вылятаюць пчолы з маткай, «прышчэпліваюцца» (збіваюцца ў кучу) на галінцы дрэва, потым пералятаюць і робяць новае гняздо. Ад адной пчалінай сям’і можа аддзяліцца некалькі раёў. У штучных умовах аддзяляюць ч. пчалінай сям’і і падсаджваюць да іх плодную матку.

В.​І.​Сапега.

Да арт. Раенне. Пчаліны рой на галіне дрэва.

т. 13, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОГ,

старажытны нар. духавы сігнальны амбушурны муз. інструмент Вядомы многім народам свету. Вырабляецца з рагоў і біўняў жывёл, а таксама з ракавін, дрэва, металу. У залежнасці ад памераў і формы, наяўнасці ці адсутнасці ігравых адтулін Р. дазваляе здабываць адзін або некалькі тонаў абертонавага ці паступеннага гукарадаў. Моцнае, далёка чутнае гучанне Р. спрыяла выкарыстанню яго як камунікатыўнага сродку ў абрадах, рэліг. цырымоніях, паляўнічай, пастухоўскай, вартаўнічай і ваен. практыцы. На Беларусі пашыраны Р. розных памераў (30—50 см), робіцца з пустацелых рагоў быка, каровы, барана, з дрэва (бярозы, алешыны, клёну формай, блізкай да натуральнага рога жывёлы), часам з бляхі; ігравых адтулін не мае.

У муз. мастацтве Р. — папярэднік разнастайных духавых інструментаў (валторны. трамбона і інш.), а таксама аснова рагавога аркестра.

Літ.:

Pawłowski J. Róg od a do z. Kraków, 1972.

І.​Дз.​Назіна.

т. 13, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБАЛІ́Т (ад лац. arbor дрэва + ...літ),

лёгкі бетон, сумесь арган. запаўняльнікаў (драблёных адыходаў дрэваапрацоўкі, чароту, кастрыцы, канапель і інш.), вяжучага (звычайна партландцэменту) і вады. Сярэдняя (па аб’ёме) шчыльнасць 400—700 кг/м³. З арбаліту робяць сценавыя блокі, панэлі, пліты і да т.п. для малапавярховага будаўніцтва.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЯ́К,

1) тое, што байдарка. 2) Невял. прамысл. лодка, пашыраная ў народаў Арктыкі (захавалася ў эскімосаў). Рашэцісты каркас з дрэва або косці, абцягнуты скурай марскіх жывёл, з адтулінай у верхняй ч. (зацягваецца рэменем вакол пояса грабца). Кіруецца 2 маленькімі вёсламі або адным двухлопасцевым.

Каракскі каяк.

т. 8, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЧА́Н,

у старажытнасці і сярэдневякоўі футарал ці сумка для захоўвання і нашэння стрэл або кароткіх кідальных коп’яў. Вырабляўся са скуры, дрэва, пазней з металу, аздабляўся шыццём і метал. бляхамі. Звычайна воін, узброены лукам, насіў К. з правага боку; К. з коп’ямі мацаваўся да пояса з левага боку.

т. 7, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАФЕІ́Н,

алкалоід, які ёсць у насенні кафейнага дрэва, лісці чайнага куста, арэхах кола і інш., вытворнае пурыну. Стымулюе ц. н. с., асабліва функцыі яе вышэйшых аддзелаў (павышае ўспрыманне, функцыі органаў пачуццяў, рухальную актыўнасць, разумовую і фіз. працаздольнасць, зніжае стомленасць і санлівасць), сасударухальны цэнтр, аказвае сасударасшыральнае ўздзеянне.

т. 8, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЦІ́КС,

смала масцікавага дрэва роду фісташка. Атрымліваецца падсочкай ствалоў. Мае смаляныя к-ты (каля 42%), інертныя вуглевадароды (каля 50%), эфірныя алеі (2—3%) і інш. Антысептык, аснова, што звязвае лекі ў пілюлях і пластырах. Раствор М. ў шкіпінары выкарыстоўваецца для аховы твораў жывапісу, развядзення маст. алейных фарбаў.

т. 10, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАКО́Б (Jacob),

сям’я франц. майстроў маст. мэблі.

Жорж (6.7.1739, Шэні, Францыя — 5.7.1814). Ствараў свой стыль мэблі ў стылі класіцызму (разная з пазалотай, пазней з паліраванага чырв. дрэва і пазалочанай бронзы з ант. матывамі). Працаваў таксама па эскізах Ж.Л.Давіда (мэбля для майстэрні жывапісца, 1789—90), Ш.​Персье і П.​Фантэна (мэбля для залы пасяджэнняў Канвента ў парыжскім палацы Цюільры, 1793) і інш.

Франсуа Анарэ (празваны Жакоб Дэмальтэр; 6.2.1770, Парыж — 15.8.1841). Сын Жоржа. Пасля 1803 заснаваў разам з бацькам фірму (існавала да 1812), якая праславілася сваёй мэбляй у стылі ампір для палацаў Напалеона I, Цюільры.

Жорж Альфонс (21.2.1799, Парыж — 7.6.1870). Сын Франсуа Анарэ. З сярэдзіны 19 ст. вырабы яго майстэрні вызначаліся як «стыль жакоб» (мэбля з чырв. дрэва з наклеенымі палоскамі латуні).

Да арт. Жакоб. Ф.​А.​Жакоб. Туалет з палаца Цюільры. 1805—10.

т. 6, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)