МІ́ЛАШ (Milloss; сапр.Мілаш дэ Міхай; Milloss de Micholy) Аўрэл
(12.5.1906, г. Уздзін, Сербія — 21.9.1988),
італьянскі танцоўшчык, балетмайстар. Па нацыянальнасці венгр. Вучыўся ў Р.Лабана, В.Праабражэнскай, Э.Чэкеці і інш. З 1928 першы танцоўшчык Берлінскай дзярж. оперы, танцаваў і ў інш. т-рах Германіі. З 1932 выступаў як балетмайстар. Вывучаў і выкарыстоўваў у сваіх пастаноўках танц. фальклор. З 1936 пераважна ў Італіі. У 1938—45 гал. балетмайстар Т-ра оперы ў Рыме, у 1942—75 — у «Ла Скала» (у 1946—50 маст. кіраўнік). Кіраўнік створанай ім трупы «Балет чатырох стагоддзяў Сан-Паўлу», у 1963—66 і 1971—74 — балетнай трупы Венскай дзярж. оперы, з 1974 — Рымскай оперы. Сярод пастановак балеты І.Стравінскага («Апалон Мусагет», 1941; «Гульня ў карты» і «Арфей», 1948), Б.Бартака («Цудоўны мандарын», 1942; «Драўляны прынц», 1951), С.Пракоф’ева («Блудны сын», 1942) і інш., на музыку сучасных італьян. кампазітараў, у т. л. «Дама з камеліямі» (1945) і «Рычэркар» (1968) Р.Влада, «Народныя забавы» на муз. А.Казелы (1948), «Твар» на муз. Л.Берыо (1973) і інш. Яго пастаноўкі адметныя драм. выразнасцю, дакладнасцю мізансцэн, экспрэсіўнасцю, спалучэннем пластыкі танца мадэрн і класічнага танца. Аўтар даследаванняў па пытаннях харэаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РТАК ((Bartók) Бела) (25.3.1881, Надзьсентміклаш, Венгрыя, цяпер г. Сынікалаў-Марэ, Румынія — 26.9.1945),
венгерскі кампазітар, піяніст, музыказнаўца-фалькларыст. Скончыў Будапешцкую муз. акадэмію па класах фп. і кампазіцыі (1903), у 1907—34 яе прафесар. У 1920—30-я г. выступаў як піяніст у краінах Еўропы, у ЗША, СССР. З 1940 у ЗША. Збіраў і вывучаў венг. сялянскую песню, рум., славацкі, серб., харвацкі, зах.-ўкр. фальклор (больш за 30 тыс. узораў); аўтар навук.прац. На аснове фальклору склаўся самабытны дынамічны муз. стыль Бартака, які арганічна спалучыў стараж. квартава-пентатонную аснову венг.сял. песні з найноўшымі муз.-выразнымі сродкамі прафес. музыкі, узбагаціў яе метрарытмічную і тэмбравую палітру. У творах 1910—20-х г. выкарыстоўваў наватарскія элементы дадэкафоніі, атанальнасць, політанальнасць і інш. Сярод твораў: опера «Замак герцага Сіняя Барада» (паст. 1918), балеты «Драўляны прынц» (1917) і «Цудоўны мандарын» (1926); сімф. паэма «Кошут» (1903); Танц. сюіта (1923); Музыка для струнных, ударных і чэлесты (1936); Дывертысмент для струннага аркестра (1939), Канцэрт для арк. (1943), 3 фп. і 2 скрыпічныя канцэрты; 6 струнных квартэтаў; Саната для 2 фп. і ўдарных інстр.; фп. цыкл «Мікракосмас»; хары а капэла і з фп.; цыклы песень і інш. Прэмія імя Л.Кошута 1948.
Літ.:
Уйфалуши Й. Бела Барток: Жизнь и творчество: [Пер. с венг.] Будапешт, 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ КЛЯШТА́Р АЎГУСЦІ́НЦАЎ.
Існаваў з пач. 15 ст. да 1830 у Брэсце. Засн. каля 1410 вял.кн.ВКЛ Вітаўтам, які даў кляштару 2 карчмы ў Брэсце, загадаў выплачваць манахам па 4 грошы з мыта, па дзесяціне ад брэсцкіх мяшчан і з в. Бучэмля і Трасцяніца. Асн. даход аўгусцінцы атрымлівалі ад в. Кастамлоты, якая належала ім да 1795. Кляштар меў таксама 2 юрыдыкі ў Брэсце, на яго карысць рабіліся грашовыя запісы, і ён лічыўся самым багатым сярод аўгусцінскіх кляштараў ВКЛ. У 17—18 ст. у ім жыло каля 20 манахаў, адбываліся ордэнскія капітулы, дзейнічалі школы філасофіі і тэалогіі, існавала б-ка (у 1818 у ёй былі 322 кнігі). Іх кляштар і першы драўляны касцёл Найсвяцейшай Тройцы размяшчаліся ў прадмесці паміж рэкамі Мухавец і Укрынка (згарэлі ў 1666). Для новай пабудовы ў 1672 брастчане ахвяравалі ім пляцы і дамы на рынку. Мураваны касцёл асвячоны біскупам у 1686. У пач. 18 ст. ён зруйнаваны, каля 1714 адноўлены, пасля пажараў 1801 і 1808 капітальна адбудаваны. У 1830 кляштар скасаваны, будынкі перададзены ваен. ведамству (размяшчаўся к-т крапасных інжынераў). Касцёл перабудаваны пад Мікалаеўскую царкву (захаваўся часткова).
Літ.:
Godzawa M. Augustjanie w Brześciu Litewskim: (Notatka historyczna) // Rocznik Towarzystwa przyjaciół nauk w Wilnie, 1909. Wilno, 1910. Т. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДСЛАЎ,
вёска ў Беларусі, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на р. Сэрвач. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 56 км на ПдУ ад г.п. Мядзел, 130 км ад Мінска, 2 км ад чыг. ст. Будслаў. 721 ж., 300 двароў (1996).
Вядомы э 1504 як уласнасць манахаў-бернардзінцаў, якія ў 1589 пабудавалі тут драўляны, у 1783 мураваны касцёл, пры якім знаходзіліся Будслаўскі кляштар бернардзінцаў і 2 капліцы. З 1732 мястэчка, з 1793 у складзе Рас. імперыі ў Вілейскім пав. У 1868 — 259 ж., 48 двароў. У 1885 цэнтр воласці, 327 ж., 50 двароў, касцёл, сінагога, прыходскае вучылішча, крама, таржок; у маёнтку працавалі бровар, сукнавальня, вадзяны млын, крама, заезны дом, 2 карчмы. У 1907 у Б. 435 ж., 61 двор, каля мястэчка прайшла чыг. Полацк—Маладзечна, пабудавана чыг. станцыя. У 1917—19 працавала Будслаўская беларуская гімназія. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Вілейскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у складзе БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Крывіцкага, з 1962 — Мядзельскага р-наў. У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 да 2.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў 1942 расстралялі тут 270 жыхароў. У 1970 — 859 ж., 318 двароў.
У Будславе лясніцтва, сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Будслаўскі касцёл бернардзінцаў. Магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДСЛАЎСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.
Існаваў у 16—1-й пал. 19 ст. ў в. Будслаў (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.). Упершыню ўпамінаецца ў дакументах у 1504, калі вял.кн.ВКЛ Аляксандр даў віленскім бернардзінцам 6 тыс. маргоў лесу ў Мінскім пав. Манахі жылі па 2—4 чал. ў шалашах («будах»), мелі капліцу. У 1591 пабудаваны драўляны касцёл Наведання Марыяй Елізаветы, у якім знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай, прывезены ў 1598 Я.Пацам з Рыма (дар папы Клімента VIII) і ў 1613 перададзены ў храм. У 1643 пабудаваны новы касцёл, у 1750 — жылы корпус кляштара. 29.6.1767 закладзены новы касцёл, у яго аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю ўвайшоў як бакавая капліца касцёл св. Варвары, пабудаваны ў 1643. У 1783 касцёл асвячоны ў гонар Успення Маці Божай. На працягу 2-й пал. 18 ст. прыбудаваны розныя кляштарныя памяшканні. З 1756 пры кляштары працавала муз. школа (15 вучняў), у 1793—1842 — 2-класная школа (15 вучняў) і шпіталь, у 1731—97 у духоўнай школе кляштара 7—10 слухачоў вывучалі маральную тэалогію і рыторыку. Манахаў было 4—17 чал. Пасля закрыцця кляштара (1852) некаторыя яго манахі (Г.Т.Вольскі, Манстовіч, П.Багдановіч, Загорскі, Маркевіч) бралі ўдзел у паўстанні 1863—64. Касцёл захаваўся як парафіяльны (гл.Будслаўскі касцёл бернардзінцаў). Побач з ім захаваўся будынак плябаніі 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗВЕ́ЦКІ КЛЯШТА́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,
архітэктурны комплекс 18 ст.Драўляны кляштар базыльян пабудаваны ў 1643 на паўн. беразе воз. Глыбокае каля в.Беразвечча (цяпер у межах г. Глыбокае Віцебскай вобл.) паводле фундацыі старосты мсціслаўскага Я.Корсака. Пры кляштары дзейнічала школа, у якой выкладаліся прыродазнаўчыя навукі і замежныя мовы. У 1756—63 на месцы старых будынкаў узведзены новы мураваны кляштар з царквой — адзін з лепшых узораў віленскага барока. Гал. 2-вежавы фасад царквы вылучаўся пластычнай формай, дынамічнай святлоценявой кампазіцыяй. Аўтарам праекта царквы лічаць віленскага дойліда І.К.Глаўбіца, над дэкорам з 1753 працаваў архітэктар і лепшчык Ян Табіяш Дыдрыштэн (Дыдрыхштэн). У канцы 18 ст. комплекс уключаў царкву з араторыумам (зімовая капліца, прыбудаваная ў 1766—76), жылыя і гасп. карпусы, школу і сад, абнесеныя мураванай агароджай з брамай. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі кляштар перададзены правасл. мужчынскаму манастыру (1847—74), пазней — жаночаму. У 1919 царква перайшла да католікаў, у манастырскіх будынках размяшчаўся польскі корпус аховы сумежжа. У 1930-я г. комплекс рэстаўрыраваны (з удзелам Ф.Рушчыца, Я.Булгака, Ю.Клоса, Я.Ромера і інш.). У Вял.Айч. вайну на тэр. манастыра ням. фашысты стварылі Беразвецкі лагер смерці. У 1960-я г. царква разбурана.
В.В.Гліннік.
Беразвецкі кляштар базыльян. Галоўны фасад царквы. Здымак 1930-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ФА́РНЫ КАСЦЁЛ, касцёл Прачыстай Божай Маці,
фара Вітаўта. Упершыню ўпамінаецца ў 1389 у грамаце вял.кн.літ. Вітаўта, які яго заснаваў. Першы каталіцкі храм у Гродне. На гравюры М.Цюнта 1568 — гэта драўляны 1-нефавы прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным дахам; на паўд.-ўсх. рагу размяшчалася высокая круглая шмат’ярусная вежа-званіца. У 1584—87 на яго месцы пабудаваны (з удзелам італьян. майстра А.Дзігрэпа) мураваны касцёл у гатычна-рэнесансавым стылі (зафіксаваны на гравюры Т.Макоўскага, 1600). Трохнефавы прамавугольны ў плане будынак. Гал. фасад быў вылучаны прамавугольнай у плане 4-яруснай вежай-званіцай. Па баках да яе прымыкалі 2 баявыя вежы. Бакавыя сцены былі ўмацаваны контрфорсамі. Па сваіх памерах гэта быў самы вял. храм сярод аналагічных яму на Беларусі (даўж. 58,6 м, шыр. каля 23 м). Касцёл перабудоўваўся ў 1753, 1782, 1892. У 1804 перададзены правасл. царкве, пераабсталяваны, у 1807 асвячоны ў імя св. Сафіі. У 1896—99 перабудаваны ў псеўдарус. стылі (арх. М.Чагін), меў 5 цыбулепадобных купалаў на высокіх барабанах, з Пн дабудаваны прыдзел, з У — апсіда. У 1919 вернуты каталіцкай царкве, выкарыстоўваўся як гарнізонны касцёл. Перабудовы 1923 (арх. В.Генеберг) і 1935 (арх. А.Сасноўскі) надалі яму рысы раманскага стылю. У 1961 узарваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСЦІ́НЫ ДВОР,
тып грамадскага будынка гандл. прызначэння, які ўключае гандл. і складскія будынкі, жылыя памяшканні гасцінічнага тыпу.
У гарадах Зах. Еўропы былі пашыраны з 14 ст. (Брэмен, Кракаў, Прага). У Расіі гасціныя двары будавалі ў 13—17 ст. для іншаземных купцоў (гасцей) у Маскве, Ноўгарадзе і інш. у выглядзе прамавугольных у плане плошчаў, абнесеных мураванымі або драўлянымі сценамі крапаснога тыпу з вежамі і праязнымі варотамі. Па ўнутр. перыметры да сцен прыбудоўвалі гандл. і складскія памяшканні (звычайна 2-павярховыя), аб’яднаныя адкрытымі галерэямі. У 18—19 ст. з развіццём унутр. рынку будавалі ў выглядзе будынкаў прамавугольнага плана з адкрытымі на вуліцу або гандл. плошчу аркадамі ці каланадамі (Кастрама, С.-Пецярбург) у стылі класіцызму.
На Беларусі пашыраны ў 16—19 ст. (Полацк, Гродна, Віцебск). Драўляны гасціны двор у 18 ст. пабудаваны ў Тураве (Жыткавіцкі р-н Гомельскай вобл.). На аснове гасцінага двара вылучыліся гандлёвыя рады, якія часта злучаліся з ратушамі. Сучасныя гандл. ўстановы маюць шырокую наменклатуру паводле зместу і тыпаў збудаванняў (крамы харч. і прамысл. тавараў, універмагі, універсамы, супермаркеты, гастраномы, спецыялізаваныя крамы, рынкі, гандлёвыя цэнтры, а таксама разнастайныя павільёны, кіёскі, ларкі і інш.). Гандл. ўстановы найчасцей размяшчаюць на 1-х паверхах жылых дамоў на гал. вуліцах гарадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКІЯ ЗА́МКАВА-ПАЛА́ЦАВЫЯ КО́МПЛЕКСЫ.
Існавалі ў 17—19 ст. у г. Камянец Брэсцкай вобл. Пабудаваны недалёка ад Камянецкай вежы на беразе р. Лясная. Комплекс драўляных збудаванняў 1-й пал. 17 ст. быў умацаваны земляным валам і абкружаны вадзяным ровам, праз які з боку Камянца быў мост. У цэнтры дзядзінца стаяў 2-павярховы рэнесансавы палац з аркаднай галерэяй на гал. фасадзе, уваход быў праз двух’ярусную браму. Каля брамы стаялі 2 жылыя флігелі, гасп. пабудовы, за межамі ўмацаванняў на беразе ракі — бровар і вял. 2-павярховы свіран. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. комплекс перабудаваны. Складаўся з дзядзінца і ўмацаванага драўлянай абарончай сцяной «перадзамачча». Дзядзінец быў умацаваны земляным валам і астрогам. У цэнтры знаходзіўся невял. 1-павярховы палац, за ім — жылыя флігелі і гасп. пабудовы. «Перадзамачча» злучалася з дзядзінцам праз вадзяны роў мостам з 2 брамамі. У ніжнім ярусе замкавай брамы была турма, у верхнім — лямус з адкрытай галерэяй. У 18 ст. комплекс перабудаваны ў барочны палацавы комплекс, які захаваў ранейшыя вонкавыя ўмацаванні і 2-ярусную браму. Насупраць брамы стаяў 2-павярховы драўляны палац. Дзверы яго былі аздоблены арнаментальнай разьбой, сцены — шпалерамі, падзеленымі разнымі ліштвамі. Каля брамы размяшчаліся дом аканома, кухня, гасп. пабудовы. У канцы 18 — пач. 19 ст. комплекс заняпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАРНЕ́Т [франц. clarinette ад лац. clarus ясны (гук)],
драўляны духавы язычковы муз. інструмент. Складаецца з дзюбападобнага муштука з прымацаваным да яго трысняговым ці бамбукавым язычком, кароткай пашыранай часткі, верхняга і ніжняга кален з пальцавымі адтулінамі (7) і клапанамі (каля 20) і раструба. Сярод рэгістравых разнавіднасцей найб. пашыраны К. малы (пікала), сапранавыя, альт (басетгорн), бас-кларнет.
Прафес. К. створаны ў Германіі каля 1700 на аснове франц.нар. інструмента шалюмо (тыпу бел.жалейкі). Выкарыстоўваецца як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент.
На Беларусі паявіўся спачатку ў прафес. практыцы (Нясвіж, Гродна, Шклоў і інш.), з 2-й пал. 19 ст. таксама і ў народнай. У нар.інстр. ансамблях К. актыўна замяняе жалейку ў спалучэнні са скрыпкай і цымбаламі або з гармонікам, скрыпкай і барабанам. Найб. характэрны для Палесся і цэнтр. раёнаў Беларусі. Творы розных жанраў для К. і камерных ансамбляў з К. у складзе стварылі бел. кампазітары Л.Абеліёвіч, М.Аладаў, Г.Вагнер, В.Войцік, Г.Гарэлава, Я.Глебаў, Я.Дзягцярык, Дз.Камінскі, П.Падкавыраў, Р.Сурус, Л.Шлег і інш. Класы ігры на К. існуюць у муз.навуч. установах рознага ўзроўню.