ГЕ́ЛЬМАН Аляксандр Ісаакавіч (н. 25.10.1933, пас. Дандзюшаны, Малдавія),

расійскі драматург. Вучыўся ў Кішынёўскім ун-це (1960—63). Выступае ў жанры публіцыст. драматургіі. Аўтар сцэнарыя фільма «Прэмія» (1975, Дзярж. прэмія СССР 1976), п’ес «Пратакол аднаго пасяджэння» (паст. 1975), «Зваротная сувязь» (1976, сцэнарый 1978), «Мы, ніжэйпадпісаныя» (1979), «Сам-насам з усімі» (1981), «Лаўка» (1983), «Чокнутая» («Зінуля», 1984), кінааповесці «Начная змена», кінасцэнарыяў «Ксенія, любімая жонка Фёдара», «Лічыце мяне дарослым» (абодва з Т.​Калецкай). Яго творам уласціва завостранасць жыццёвых праблем, якія вырашаюцца праз сутыкненні супярэчлівых поглядаў і чалавечых характараў.

Тв.:

Пьесы. М., 1985.

І.​С.​Александровіч.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРОС (Gross) Віллем (н. 11.1.1922, г. Тарту, Эстонія),

эстонскі празаік і драматург. Засл. пісьменнік Эстоніі (1975). Друкуецца з 1949. У сацыяльна-псіхал. п’есах «Лёд растае» (1950), «У вялікай сям’і» (1951), «Анкета» (1955), «Паўтара месяца» (1967), у зб-ку апавяданняў «Сярэднія дні» (1966), раманах «Крылы распрамляюцца» (1958), «Прадаецца індывідуальны недабудаваны дом...» (1961), «Аднакласнікі» (1965), «Зімовы адпачынак» (1975), «Матывы ўмоўчвання» (1978, Літ. прэмія імя Ю.​Смуула 1978), «У перагружанай лодцы» (1981) і інш. даследуе актуальныя маральна-этычныя і філас. праблемы на матэрыяле пасляваен. і сучаснага жыцця сваіх суайчыннікаў. Аўтар кнігі літ.-публіцыстычных артыкулаў «Хіба сёння — толькі сёння» (1972).

т. 5, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАГАРША́Н (сапр. Пагасян) Вагарш Багданавіч

(14.2.1894, г. Шуша, Нагорны Карабах — 6.5.1959),

армянскі акцёр, рэжысёр, драматург. Нар. арт. СССР (1954). З 1923 у армянскім т-ры імя Г.​Сундукяна (Ерэван). Праф. Ерэванскага тэатр. ін-та (з 1946). Акцёр шырокага творчага дыяпазону, майстар пераўвасаблення. З роляў: Гагік («Краіна родная» Д.​Дэмірчана), Арбенін («Маскарад» М.​Лермантава), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра). Сярод пастановак: «Дасцігаеў і іншыя» (1934) і «Васа Жалязнова» (1937) М.​Горкага, «Каварства і каханне» Ф.​Шылера (1938). Аўтар п’ес «У кальцы» (1930), «Давід Сасунскі» (1940) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1952.

т. 3, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СЕЎ Віктар Міхайлавіч (30.1.1909, Масква — 23.1.1944),

рускі паэт і драматург. Асн. тэма зб-каў вершаў «Паход рэчаў» (1929), «Слова брыгадзіра» (1932), «Сыны дыктатуры» (1934) і інш. — пафас працы. Аўтар папулярных песень «Полечка-поле», «Як за Камай за ракой» і інш., п’есы ў вершах «Слава» (1936), камедый «Дружба» (1938), «Вясна ў Маскве» (1941), кінасцэнарыяў «Свінарка і пастух» (1941, Дзярж. прэмія СССР 1942), «У шэсць гадзін вечара пасля вайны» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946). Бываў на Беларусі, перакладаў вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа і інш.

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1955;

Пьесы. М., 1959.

т. 5, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАМО́ЛЕЦ (Bohomolec) Францішак (29.1.1720, Віцебшчына — 24.4.1784),

польскі драматург, публіцыст. Па паходжанні лічыў сябе «русаком». Вучыўся ў Віленскай акадэміі. У 1760—70-я г. рэдагаваў у Варшаве шэраг перыяд. выданняў, дзе змяшчаў матэрыялы з Беларусі. Аўтар больш як 20 камедый для школьнага тэатра («Хітры гаспадар», «Модныя кавалеры», «Польскі парыжанін» і інш.), у якіх з пазіцый памяркоўнага Асветніцтва крытыкаваў норавы Рэчы Паспалітай, заганы сталічнай і правінцыяльнай шляхты. У камедыях шмат беларусізмаў. Збіраў бел. прыказкі і прымаўкі, якімі хацеў папоўніць зборнік С.Рысінскага. Сваімі пераробкамі Мальера аказаў уплыў на бел. і польск. драматурга М.​Цяцерскага.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 2, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛКІН Самуіл Залманавіч (5.12.1897, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 21.9.1960),

яўрэйскі паэт і драматург. Друкаваўся з 1920. Аўтар кніг вершаў «Боль і мужнасць» (1929), «За новы падмурак» (1932), «Кантакт» (1935), «Дрэва жыцця» (1948). Лірыка Галкіна вызначаецца верай у будучыню, любоўю да жыцця, да яго шматграннай прыгажосці (зб. «Вершы», 1939, і інш.). Драм. творы Галкіна «Бар-Кохба» (1939), «Суламіф» (1940), «Душа, якая спявае» ішлі на сцэнах яўр. тэатраў. Трагедыя «Паўстанне ў гета» — пра паўстанне ў Варшаўскім гета супраць фашыстаў у час Вял. Айч. вайны.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. Баллады. Драмы. М., 1958;

Стихотворения. М., 1962;

Дальнозоркость. М., 1968.

т. 4, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮ́БА Уладзімір Іванавіч (н. 24.2.1946, г. Палтава, Украіна),

бел. паэт і драматург. Скончыў БДУ (1968). Настаўнічаў, працаваў на тэлебачанні. З 1980 на Бел. радыё. Друкуецца з 1962. Аўтар зб-каў паэзіі «Вуліцы без назваў» (1972), «Кругазварот» (1976), «Карані бліскавіцы» (1986), вершаванай драмы «Доктар Русель» (1985, пра рэвалюцыянера-народніка М.​Судзілоўскага), вершаваных драм. аповесцей «На Радзівілішчы» (1992), «Памінальная па Банапарту каля беларускага тракту» (1995), радыёп’ес у вершах «Жыццё рэвалюцыянера» (паст. 1987, з А.​Пётухам), «Я, Арлоўскі» (паст. 1989), «Нарачным. Рукевічу. Рылееў» (паст. 1990). Распрацоўвае гіст. тэматыку.

Тв.:

Доктар Русель;

Драм. адысея. Мн., 1991.

т. 6, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІБРАГІ́МАЎ Мірза Аждар аглы (н. 28.10.1911, с. Эве, Азербайджан),

азербайджанскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Акад. АН Азербайджана (1945). Нар. пісьменнік Азербайджана (1961). Герой Сац. Працы (1981). У раманах «Настане дзень» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Вялікая апора» (1957), «Пэрванэ» (1970), «Новыя часы» (1971) і інш. адлюстраваў перыпетыі гіст. лёсу азерб. народа (нац.-вызв. рух у Іране, станаўленне калгаснай вёскі, падзеі Вял. Айч. вайны). Вядомы як драматург, публіцыст і літаратуразнавец. Аўтар зб. «Кніга майго жыцця. Нарысы» (1982). На бел. мову асобныя творы І. пераклалі У.​Анісковіч, П.​Ізох, П.​Кавалёў, А.​Макаёнак.

Тв.:

Бел. пер. — Настане дзень. Мн., 1953.

т. 7, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ФЛАНД (Iffland) Аўгуст Вільгельм (19.4.1759, г. Гановер, Германія — 22.9.1814),

нямецкі акцёр, драматург, рэжысёр. З 1777 акцёр т-ра ў Гоце, з 1779 Мангеймскага т-ра (з 1792 гал. рэжысёр), з 1796 у Берлінскім каралеўскім нац. т-ры. Сярод роляў: Філіп, Франц («Дон Карлас», «Разбойнікі» Ф.​Шылера), Шэйлак («Венецыянскі купец» У.​Шэкспіра), Натан («Натан Мудры» Г.​Лесінга). Лепшыя ролі выканаў ва ўласных п’есах і п’есах А. фон Кацэбу. Прадстаўнік жанру мяшчанскай драмы: п’есы «Злачынства з пыхлівасці» (1784), «Узнагароджанае пакаянне», «Паляўнічыя» (абедзве 1785), «Сярэдні шлях — дабрачыннасць» (1788) і інш. адлюстроўвалі ідэалогію бюргерства. Аўтар кн. «Мая тэатральная ніва» (1798).

т. 7, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РПАЎ Яўціхій Паўлавіч (7.11.1857, г. Карачаў Бранскай вобл., Расія — 3.1.1926),

расійскі рэжысёр, драматург. Засл. рэжысёр Расіі (1921). З 1887 працаваў акцёрам у Яраслаўлі. У 1896—1900 гал. рэжысёр, у 1916—26 рэжысёр Александрынскага т-ра, у 1901—16 — Суворынскага т-ра ў Пецярбургу. Паставіў п’есы «Мяшчане» (1917) і «На дне» (1919) М.​Горкага і інш. Напісаў больш за 20 п’ес з нар. жыцця («Цяжкая доля», 1882; «Рабочая слабодка», 1891; «Мірская ўдава», 1897) і побыту памешчыкаў («Чары кахання», «Ранняя восень» і інш.). Аўтар успамінаў пра В.​Ф.​Камісаржэўскую, А.​П.​Чэхава і інш.

т. 8, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)