КАРАСЛА́ВАЎ Георгі Славаў (12.1.1904, г. Першамай, Балгарыя — 26.1.1980),
балгарскі пісьменнік. Акад.Балг.АН (1961). Нар. дз. культ. Балгарыі (1963). Скончыў Сафійскі ун-т (1930). Друкаваўся з 1919. Першы зб.апавяд. «Беспрытульнікі» (1926). У зб-ках «Жалейка плача» (1927), «На варце» (1932), «На два франты» (1934), «Вясковыя гісторыі» (кн. 1—2, 1946—50), аповесцях «Селькор» (1933), «Танга» (1948), раманах «Дурман» (1938), «Нявестка» (1942), «Простыя людзі» (кн. 1—6, 1952—75) жыццё балг. вёскі. Аўтар п’ес «Габеравы» (1955), «Камень у балота» (1959), зб.літ.-крытычных арт. «Блізкія і знаёмыя» (1968), прозы для дзяцей і юнацтва. Дзімітраўская прэмія 1950 і 1959. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў В.Нікіфаровіч.
Тв.:
Бел.пер. — Нявестка. Мн., 1966;
Рус.пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1983.
Літ.:
Андреев В.Д. Георгий Караславов: Критико-биогр. очерк. Л., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРДЗЯНО́К Зінаіда Валянцінаўна (21.3.1915, г. Віцебск — 1.9.1985),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыла Бел. студыю пры Цэнтр.тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працавала ў Бел. т-ры юнага гледача (1937—41), Брэсцкім абл.драм. т-ры (1944—76). Выконвала ролі травесці, драм. і вострахарактарныя. Яе работы вызначаліся дэталёвай распрацоўкай сцэн. характараў, падкрэсленай тэатральнасцю формы. Сярод лепшых роляў: у Бел. т-ры юнага гледача — Маруся Гарбацэвіч («Блакітнае і ружовае» А.Бруштэйн), Першы сын караля («Цудоўная дудка» В.Вольскага); у Брэсцкім драм. т-ры — Марыя Васілеўна («Усяго адно жыццё» А.Маўзона), Круціцкая («Не было ні граша, ды раптам шастак» А.Астроўскага), Акуліна Іванаўна («Мяшчане» М.Горкага), мадам Абломак («Юнацтва бацькоў» Б.Гарбатава), Старухна («Праз сто гадоў у бярозавым гаі» В.Карастылёва), Баба Яга («Два клёны» Я.Шварца), місіс Пэдзі («Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРА́НГАС (Lavrangas),
Лаўранга Дыянісіяс (17.10.1860 або 1864, г. Аргастоліян, Грэцыя — 18.7.1941), грэчаскі кампазітар, дырыжор, педагог. Вучыўся ў кансерваторыях Неапаля (1882—85) і ў Парыжы (з 1885) у Л.Дэліба, Ж.Маснэ і інш. Працаваў у вандроўных франц. оперных трупах, оперны дырыжор у Турыне і Венецыі. У 1894—96 кіраўнік Філарманічнага т-ва ў Афінах. Адзін з арганізатараў Нац. опернага т-ра («Лірыкі скіні», 1939). У 1901—05 праф. Афінскай кансерваторыі. У ліку першых грэч. кампазітараў звярнуўся да інстр. музыкі, у творчасці выкарыстоўваў нар. тэмы. Сярод твораў: 9 опер, у т. л. «Два браты» (паст. 1900), «Чарадзейка» (паст. 1901), «Дыдона» (паст. 1909), «Факанапас» (паст. 1950); балет «Персефона» (паст. 1936); 5 аперэт, у т. л. «Белы волас» (паст. 1917); сімф. паэма для аркестра «Пяцібор’е» (1896, для першых міжнар.Алімп. гульняў у Афінах); хары, песні; музыка да драм. спектакляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКО́ЎСКІ Лявон Іосіфавіч (9.1.1896, г. Глыбокае Віцебскай вобл. — 15.8.1979),
рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі ун-т (1924). Друкаваўся з 1924. Аўтар зб-каў апавяд. «Зялёная Амерыка» (1927), «Сівапляс» (1928), аповесцей «Блудны д’ябал» (1928) «Канстанцін Заслонаў» (1949), «Міхась Тухачэўскі» (1967) гіст. раманаў «Генералісімус Сувораў» (ч. 1—2, 1947), «Адмірал Ушакоў» (1952), «Кутузаў» (1960). У 1925 у газ. «Ленинградская правда» апублікаваў нарысы пра Беларусь («Два гарады. Пісьма з Барысава», «На Бабруйшчыне», «У Слуцку — усё па-людску» і інш.). Пераклаў на рус. мову п’есы «Паўлінка» Я.Купалы і «Вайна вайне» Я.Коласа, раман «Мінскі напрамак» І.Мележа, аповесць «Андрэйка» П.Кавалёва, апавяданні М.Лынькова, зб.апавяд. «Ніколі не забудзем!». На бел. мову яго аповесць «Канстанцін Заслонаў» пераклалі В.Рудава і У.Ідэльсон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ГАЎЦАВА Ада Мікалаеўна (н. 6.7.1937, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна),
украінская актрыса. Нар.арт.СССР (1978). Скончыла Кіеўскі тэатр.ін-т (1959). З 1959 у Кіеўскім рус.драм. т-ры імя Лесі Украінкі. З 1980 адначасова выкладае ў Кіеўскім ін-це тэатр. мастацтва імя І.Карпенкі-Карага. Лірыка-драм. актрыса, валодае сцэн. абаяльнасцю, музычнасцю, шчырасцю: Гелена («Варшаўская мелодыя» Л.Зорына, 1967), Далорэс («Каменны гаспадар» Лесі Украінкі, 1971), Ларыса («Беспасажніца» А.Астроўскага, 1973), Леся Украінка («Спадзявацца» Ю.Шчарбака, 1979), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.Чэхава, 1980), Саша («Іванаў» А.Чэхава, 1985), Таісія Пятроўна («Урокі музыкі» Л.Петрушэўскай, 1989) і інш. Выступае і ў камед. ролях. З 1957 здымаецца ў кіно: «Салют, Марыя!», «Утаймаванне агню», «Авадзень», «Вечны кліч», «За што?», «Чатыры лісты фанеры», «Два месяцы, тры сонцы» і інш.Дзярж. прэмія Украіны 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАТЭ́Г (грэч. stratēgos ад stratos войска + agō вяду),
у старажытнагрэчаскіх полісах 6—1 ст. да н.э. военачальнік, надзелены шырокімі ваен. і паліт. паўнамоцтвамі. У Афінах існавала калегія з 10 С.: адзін — для камандавання гаплітамі (цяжкаўзброенай пяхотай), адзін — для падрыхтоўкі флоту, адзін — для аховы краіны, два — для аховы Пірэя, астатнія камандавалі войскамі ў паходах паводле строга вызначанай чаргі. Выбіраліся С. нар. сходам па аднаму ад кожнай філы (родаплемянное аб’яднанне) тэрмінам на 1 год (дазвалялася неаднаразовае выбранне — напр., Перыкл на працягу 15 гадоў). Пасада была безаплатнай. С. ўзначальвалі ваен.-паліт. саюзы (Фесалійскі, Эпірскі, Ахейскі і інш.). У Паўн. Прычарнамор’і калегіі С. вядомы ў Ольвіі і Херсанесе. Знешнім знакам адрознення С. былі асобая хламіда і вянок. Паводле некат. звестак, С. называліся военачальнікі таксама ў Егіпце і шэрагу краін М. Азіі. У сучасным значэнні С. — палкаводзец, кіраўнік буйных ваен. аперацый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЙ-ЛЮСА́КА ЗАКО́НЫ,
два законы, адкрытыя Ж.Л.Гей-Люсакам (1802, 1808). Закон цеплавога расшырэння газаў: аб’ём дадзенай масы ідэальнага газу пры пастаянным ціску мяняецца паводле формулы VT = V0(1 + αvΔT), дзе V0 і VT — аб’ём газу пачатковы і пры т-ры T; ΔT = T − T0 — рознасць гэтых т-р; αv — каэф. цеплавога расшырэння газу пры пастаянным ціску (~1/273,15 К−1 для ўсіх газаў). Для рэальных газаў выконваецца набліжана і тым лепш, чым далей ад крытычнага стану знаходзіцца газ. Разам з Бойля—Марыёта законам і Авагадра законам паслужыў асновай для вываду ўраўнення стану ідэальнага газу (гл.Клапейрона—Мендзялеева ўраўненне). Закон аб’ёмных адносін: аб’ёмы газаў, якія ўступаюць у хім. рэакцыю, адносяцца адзін да аднаго і да аб’ёмаў газападобных прадуктаў рэакцыі як простыя цэлыя лікі. Напр., пры ўзаемадзеянні вадароду і хлору з утварэннем газападобнага хлорыстага вадароду H2 + Cl2 = 2HCl аб’ёмы газаў адносяцца як 1:1:2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛЕ́ГІНА Марыя Агасаўна (н. 9.8.1959, г. Адэса, Украіна),
спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыла Адэскую кансерваторыю (1983). З 1983 салістка Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Валодае гнуткім прыгожым голасам шырокага дыяпазону, высокай каларатурнай тэхнікай. Ёй уласцівы яркая эмацыянальнасць, моцны тэмперамент. Сярод партый на бел. сцэне: Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Лізавета, Аіда («Дон Карлас», «Аіда» Дж.Вердзі), саліруючае сапрана ў вак.-харэаграфічным прадстаўленні «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа. З 1990 працуе па кантрактах у буйнейшых т-рах свету («Ла Скала», «Метраполітэн-опера», Гамбургская і Венская оперы). Партыі: Тоска, Манон («Тоска», «Манон Леско» Дж.Пучыні), Амелія («Баль-маскарад»), гал. партыі ў операх «Два Фаскары» і «Сімон Баканегра» Вердзі і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.Глінкі (1984, Ерэван), Міжнар. конкурсу спевакоў (1985, Рыо-дэ-Жанейра), міжнар. конкурсу вакалістаў імя П.Чайкоўскага (1986, Масква).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМАНО́ЎСКІ Янка (Іван Міхайлавіч; 1896, Дзісеншчына — ?),
бел. пісьменнік. Скончыў рэальнае вучылішча, вучыўся на агр. курсах. У 1915—17 у арміі, у 1919—20 у Чырв. Арміі. У 1920—30-я г. працаваў у Наркамаце земляробства БССР, чл. прэзідыума секцыі бел. мовы і л-ры Інбелкульта, Цэнтр. бюро літ. аб’яднання «Маладняк», адзін з арганізатараў і кіраўнікоў БелАПП. Працаваў нам. дырэктара Ін-та л-ры і мастацтва АН Беларусі, дырэктарам 2-га Бел.дзярж.т-ра ў Віцебску. Рэдагаваў газ. «Камуніст» (Бабруйск). У час ням.-фаш. акупацыі Беларусі заг.літ. часткі Мінскага гар.т-ра. З 1944 у Германіі, потым у ЗША. У 1951—55 дырэктар управы Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Друкаваўся з 1920. Аповесці «Адшуканы скарб» (1925), «Два шляхі» (1926), «Вецер з усходу», «Над абрывам» (абедзве 1928) пра станаўленне сав. улады на Беларусі. Пасля вайны ад літ. творчасці адышоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЫ́ЛКА,
невялікі вершаваны твор, часцей гумарыстычнага характару, з дапамогаю якога вызначаецца чарговасць у гульні, выбіраюцца яе ўдзельнікі або вядучыя; адзін з жанраў дзіцячага фальклору. Паходжанне Л. звязваюць са стараж. вераваннямі, варажбой, з даўнімі часамі, калі людзі вучыліся лічыць. Паводле тэматыкі розныя: ад стараж. цуранняў да сучасных сюжэтаў (пра космас і інш.). Паводле зместу падзяляюцца на сюжэтныя і бессюжэтныя. У залежнасці ад лексічнага складу, кампазіцыйнай будовы і эмацыянальна-гукавой арганізацыі сярод сюжэтных вылучаюцца Л. з пералікам (накшталт «Раз, два, тры, чатыры, пяць...»), з элементамі мудрагелістасці («Энікі-бэнікі...», «Анцы, цванцы, трычы, рычы...») і без пераліку і мудрагелістасці («Бегла курка па таку...»). Важныя элементы выканання Л. — міміка, рухі, якія супадаюць з рытмікай верша (лёгкага для вымаўлення).
Публ.:
Дзіцячы фальклор. Мн., 1972.
Літ.:
Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;
Мельников М.Н. Русский детский фольклор. М., 1987;
Довженок Г.В. Український дитячий фольклор. Київ, 1981.