«ДВА АГНІ́»,
бел. нар. гульня. Удзельнікі (8—20 чал.) дзеляцца на 2 каманды, выбіраюць «агнёў» (вядучых). На пляцоўцы чэрцяць «калідор» (даўж. 8—12 м, шыр. 8—10 м). «Агні» становяцца ў «калідоры», гульцы — паабапал яго. Ударам аб зямлю ўнутры «калідора» гулец адной каманды перакідвае мяч гульцу другой, а «агні» ловяць. Гулец, мяч якога злоўлены, лічыцца «згарэлым» і выбывае. Гульня працягваецца, пакуль «агні» выведуць з яе гульцоў другой каманды. Гульню можна праводзіць і са зменай «агнёў» праз 10—15 мін. Перамагае той, хто выведзе з гульні найб. гульцоў.
Я.Р.Вількін.
т. 6, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВА ГРО́ШЫ (польск. dwugrosz),
сярэбраная манета Рэчы Паспалітай і некат. краін Зах. Еўропы. 1) У 1565 выраблена ў ВКЛ Віленскім манетным дваром як пераходны намінал паміж манетамі, бітымі па кароннай і літоўскай стапе; роўны 5 паўгрошам каронным ці 4 літоўскім.
2) У 17 ст. агульнадзярж. (1650—51, 1672) і гарадская (1651—53) манета Рэчы Паспалітай, выпушчаная для зручнасці пераходу ад орта да драбнейшых наміналаў.
3) У 18 ст. манета (1766—82, 1785—86), адпаведная палове асн. адзінкі грашова-лікавай сістэмы ў Рэчы Паспалітай — паўзлотага ў 4 сярэбраныя грошы, эквівалентныя 15 медным грошам.
І.І.Сінчук.
т. 6, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ШЫНСКІЯ ДВА ВАЛУНЫ́,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1995). Каля в. Пашына Аршанскага р-на Віцебскай вобл., на левым беразе р. Дняпро. Першы валун буйназярністага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату. Даўж. 2,5 м, шыр. 2,1 м, выш. 1,3 м, у абводзе 7 м, аб’ём 6,8 м³, маса каля 18 т. Другі валун сярэднезярністага гнейсу з крышталямі палявога шпату і гранатаў альмандзінаў, зернямі кварцу. Даўж. 3,1 м, шыр. 2,1 м, выш. 1,4 м, у абводзе 8 м, аб’ём 9 м³, маса каля 22 т. Прынесены ледавіком каля 150 тыс. г. назад з тэр. Ленінградскай вобл.
В.Ф.Вінакураў.
т. 12, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЗАЎ (Анатоль Міхайлавіч) (24.4.1910, г. Гомель — 5.8.1986),
артыст цырка. Засл. арт. Беларусі (1964). У цырку з 1927, артыст Саюздзяржцырка. Акрабат, скакун, дывановы клоун у масцы Чарлі Чапліна. Вынаходнік і асн. выканаўца арыгінальнага гімнастычнага нумара — паветранага палёту без сеткі з амартызатарам, у якім спалучалася майстэрства гімнаста і коміка. Здымаўся ў фільмах «Два-Бульдзі-два», «Цырк», «Дзяўчынка на шары».
т. 4, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫЯ ФА́БРЫКІ.
Два самастойныя прадпрыемствы ў Гомелі. Першае дзейнічала ў 1898, працавала 80 рабочых. Другое дзейнічала ў 1913—14 (100 чал.), вырабіла дошак, шпунтавога вагоннага матэрыялу і інш. на 200 тыс. руб.
т. 5, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЯМІ́ДА АСТРАВЫ́,
два астравы і скалы ў Берынгавым праліве. Зах. в-аў Ратманава (пл. каля 10 км²) належыць Расіі, усх. в-аў Крузенштэрна і скала Фэруэй — ЗША. Адкрыты ў 1728 экспедыцыяй В.Берынга.
т. 6, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́ШКІН (Сяргей Іванавіч) (15.7. 1888, в. Хамякова Данкоўскага р-на Ліпецкай вобл., Расія — 22.6.1988),
расійскі пісьменнік. Друкаваўся з 1905. Зб-кам вершаў «Мускулы» (1918) і «Мяцяжы» (1920) уласцівы публіцыстычнасць, навізна рытмаў. Раманы і аповесці «Запісы Ананія Жмуркіна» (1927), «Дзве вайны і два міры» (кн. 1, 1927), «Сачыненне Яўлампія Завалішына пра народнага камісара і наш час» (1928) і інш. вострасюжэтныя, ахопліваюць жыццё розных слаёў рус. грамадства. Аўтар раманаў пра грамадз. і Вял. Айч. войны: «Дзяўчаты» (1956), «Крылом па зямлі» (1963), «Петраград» (1968), «На поўдзень ад Масквы» (1975), зб. ваен. апавяданняў «Два бронецягнікі» (1958) і інш.
Тв.:
Избр. произв. Т. 1—2. М., 1988;
В поисках юности: (Москва. 1905—1906 гг.): Зап. очевидца. М., 1983.
т. 10, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЭ́БНІК,
часціна мовы, якая абазначае абстрактны лік, пэўную і няпэўную колькасць прадметаў або парадак пры іх лічэнні. Паводле значэння Л. падзяляюцца на колькасныя, зборныя і парадкавыя. Да колькасных адносяцца пэўнаколькасныя — указваюць на дакладную колькасць прадметаў («два вучні») ці на пэўны лік безадносна да прадметаў («два і сем — дзевяць»), няпэўнаколькасныя — маюць недакладнае лікавае значэнне («многа»), дробавыя — называюць пэўную частку цэлага прадмета («трэць чалавецтва»). Зборныя абазначаюць колькасць прадметаў як адно цэлае («чацвёра сутак»). Парадкавыя ўказваюць на парадкавы нумар прадметаў пры пералічэнні («трэці дом»), Паводле граматычных адзнак Л. неаднародныя: адны з іх змяняюцца па родах, ліках і склонах («адзін», «тысяча», «мільён»), другія — па родах і склонах («два», «абодва») ці толькі па склонах («тры», «чатыры» і інш.). Паводле марфал. складу падзяляюцца на простыя («адзін»), складаныя («адзінаццаць») і састаўныя («дваццаць пяць»). Л. не ўтвараюць адзінага тыпу скланенняў і могуць нагадваць па канчатках скланенне розных іменных часцін мовы. Спалучаюцца толькі з назоўнікамі.
Літ.:
Вярхоў П.В. Лічэбнік у беларускай мове [параўнальна з рускай і ўкраінскай мовамі]. Мн., 1961;
Чабярук А.І. Лічэбнік у беларускіх гаворках. Мн., 1977;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;
Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы Мн., 1996.
А.І.Наркевіч.
т. 9, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВАРО́ТНЫ ЛІК,
лік, здабытак якога з дадзеным лікам роўны адзінцы. Два такія лікі наз. ўзаемна адваротнымі, напр. 5 і 1/5, 2/3 і 3/2 і г.д. Для кожнага ліку a, не роўнага 0, існуе адваротны лік 1/a.
т. 1, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГУМЕ́НТ (ад лац. integumentum пакрывала),
покрыва семязавязі насенных раслін, які вырастае з яе цэнтр. ч. — нуцэлуса. На верхавінцы семяпупышкі І. не злучаецца, фарміруецца адтуліна — пылкаўваход (мікрапіле). Пасля апладнення І. ператвараецца ў насенную скурку. У некат. раслін адзін І., у інш. (усе аднадольныя) — два.
т. 7, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)