БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК) у Ігумене, Ігуменскі беларускі нацыянальны камітэт, прадстаўнічы орган бел.нац. арг-цый Ігуменскага пав. ў 1919—20. Створаны ў кастр. 1919 у Ігумене (цяпер г. Чэрвень) па ініцыятыве інструктара Часовага беларускага нацыянальнага камітэта М.І.Каспяровіча. У кіраўніцтва к-та ўваходзілі Я.Е.Макась (старшыня), І.М.Савіч, З.Харытановіч і інш. Арганізоўваў бел. школы, культ.-асв. гурткі і кааператывы. Ініцыятар стварэння павятовай Бел. школьнай рады Ігуменшчыны, разам з ёй выступіў у ліст. 1919 супраць закрыцця польск. акупантамі Будслаўскай бел.гімназіі. Знаходзіўся пад уплывам бел. эсэраў і Бел.камуніст. арг-цыі. Неафіцыйна падтрымліваў антыпольскі падп. і партыз. рух. Спыніў сваю дзейнасць з прыходам Чырв. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́ЦКІ (Іван) (Ян) Станіслававіч (каля 1803, Гродзенская губ. — не пазней 1854),
удзельнік руху дзекабрыстаў. Уваходзіў у тайнае т-ва «Заране» ў Свіслацкай гімназіі (1823). З 1824 у Беластоку, у 1825 уступіў у т-ва«Ваенныя сябры», быў адным з кіраўнікоў яго арганізацыі ў Беластоку. 14.5.1826 арыштаваны, прыгавораны да пакарання смерцю. Па царскай канфірмацыі (1827) пазбаўлены дваранства і прыгавораны да крапасных работ тэрмінам на 5 гадоў з далейшым пасяленнем у Сібіры. Летам 1827 сасланы ў Омскую, потым у Усць-Каменагорскую крэпасці. У 1830 прызначаны радавым у Сібірскія лінейныя батальёны. Служыў у г. Петрапаўлаўск Табольскай губ. У 1845 звольнены ў адстаўку, жыў у Петрапаўлаўску пад тайным наглядам паліцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬПЕ́РЫН (Яфім Абрамавіч) (каля 1855, Мінск — ?),
рэвалюцыянер-народнік. Вучыўся ў Мінскай гімназіі. У 1874 далучыўся да ідэй народніцкага сацыялізму. У 1875—76 вёў «лятучую прапаганду» сацыялізму ў Смаленскай і Тульскай губ. Вярнуўся ў Мінск, супрацоўнічаў з землявольскім гуртком М.Л.Велера. Пасля расколу «Зямлі і волі» далучыўся да «Чорнага перадзелу», кіраваў яго гуртком у Гродне. З канца 1881 у Мінску далучыўся да нарадавольскага гуртка Я.С.Хургіна. З 1885 уваходзіў у гурток І.А.Гурвіча, вёў прапагандысцкую работу ў т.зв. «ісаакаўскіх» рабочых гуртках, супрацоўнічаў з газ.«Минский листок». Адзін са стваральнікаў Рабочай партыі палітычнага вызвалення Расіі. У 1900 арыштаваны, сасланы на 5 гадоў у Сібір. У 1924 напісаў успаміны пра рэв. дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬЯШЭ́ВІЧ (Мікалай) (1903, г. Пружаны Брэсцкай вобл. — 2.9.1934),
бел. гісторык, географ, педагог. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1923), Пражскі ун-т (1928). Абараніў доктарскую дысертацыю ў 1928 на тэму «Беларусь як антрапагеаграфічная адзінка». Рэдагаваў час. «Маладое жыццё» ў Вільні. Адзін з заснавальнікаў і старшыня Бел.культ.т-ва імя Ф.Скарыны ў Празе. Змяшчаў артыкулы па гісторыі Беларусі ў энцыклапедычных выданнях Чэхаславакіі. Аўтар працы «Культурна-геаграфічны характар Беларусі» (1928), інфарм. нарыса «Беларусь і беларусы» (1930), «Кароткага нарыса псіхалогіі» (1932). З 1929 выкладаў у Віленскіх бел.гімназіі і правасл. духоўнай семінарыі. У 1930—31 рэдагаваў час. «Саха».
Тв.:
Расейская палітыка на землях былога Беларуска-Літоўскага гаспадарства за панавання Кацярыны II і Паўла I (1772—1801). Вільня, 1933.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЛАНЮ́К (Пятро) (Пётр Сцяпанавіч; 12.8.1904, в. Пярэрыў Каламыйскага р-на Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 19.3.1965),
украінскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Каламыйскай гімназіі. У 1920—30-я г. журналіст; адзін з арганізатараў антыфаш. кангрэса ў Львове (1936). За рэв. дзейнасць неаднойчы быў арыштаваны польск. ўладамі. Друкаваўся з 1926. Першыя зб-кі апавяданняў — «У вёсцы», «Сялянскія дастаткі» (абодва 1928), «Агонь» (1930). Аўтар зб. фельетонаў «Парад мерцвякоў» (1943), аповесці-казкі «Вандроўнікі» (1946), трылогіі «Юрко Крук» (1946—56; пра жыццё і нац.-вызв. рух працоўных Зах. Украіны), кн. апавяданняў і нарысаў, літ.-знаўчых і публіцыстычных артыкулаў, памфлетаў, п’ес. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Я.Брыль, А.Клышка, М.Ракітны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЧЭ́ЎСКІ ((Kurczewski) Ян) (1854, в. Данюшава Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 30.7.1917),
бел. гісторык рымска-каталіцкай царквы, рэліг. дзеяч. Магістр тэалогіі (1881). Скончыў Віленскую рымска-каталіцкую духоўную семінарыю, Пецярбургскую рымска-каталіцкую духоўную акадэмію (1881). Выкладаў у 2-й Віленскай гімназіі, з 1886 настаяцель касцёла ў в. Кемелішкі (Астравецкі р-н), з 1889 у касцёле св. Якуба ў Вільні, займаў духоўныя пасады ў курыі Віленскага біскупства. Аўтар кніг пропаведзей, гіст. прац «Замкавы касцёл, або Віленская кафедра ў яе гістарычным, літургічным, архітэктанічным і эканамічным развіцці» (т. 1—3, 1908—16), «Віленскае біскупства ад яго залажэння да сённяшняга дня» (1912), дзе выкарыстаны багаты архіўны матэрыял, шмат звестак па гісторыі каталіцтва ў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́РКВІЧКА (Іван) (23.4.1856, с. Відзім, Чэхія — 16.5.1938),
балгарскі жывапісец і графік; прадстаўнік дэмакр. рэалізму. Па нацыянальнасці чэх. Чл.Балг.АН (1918). Вучыўся ў Пражскай (1873—76) і Мюнхенскай (1876—77) АМ. У 1881—1921 жыў у Балгарыі. У 1882—89 выкладаў малюнак у гімназіі ў Плоўдзіве. Адзін з заснавальнікаў, выкладчык і дырэктар (1896—1921) Дзярж. рысавальнага вучылішча ў Сафіі. У жывапісе пераважалі тэмы нар. свят і абрадаў, сцэны сялянскай працы, у якіх ён перадаў своеасаблівасць балг.нац. звычаяў і касцюмаў: «Кірмаш у Плоўдзіве» (1883, 1888), «Помнікі» (1894, 1895), «Ручэніца» (1894) і інш. Аўтар партрэтаў археолага С.Заімава (1904), праф. Шоўрака (1922) і інш. Як графік працаваў пераважна ў галіне ілюстрацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,
грамадска-палітычная і літ. газета, орган Віленскага бел.нац.к-та. Выдавалася з 3.9 да 10.11.1919 у Вільні на бел. мове. Выходзіла 3 разы на тыдзень. Рэдактары-выдаўцы А.Карабач, К.Мядзёлка (з 6-га нумара). Мела рубрыкі «Апошнія навіны», «З усяго свету», «З Беларусі», «З Вільні», «Беларуская школа». Акцэнтавала ўвагу на актуальных праблемах грамадска-паліт. і сац. жыцця Зах. Беларусі. Пісала пра геапаліт. становішча Беларусі і яго сувязь з будучым краіны, стварэнне бел. войска, школьнае і грамадска-культ. жыццё, у т. л. пра закрыццё ўладамі Будслаўскай гімназіі (А.Будзька). Друкавала творы Я.Бялькевіча, А.Пугі, Селяніна, Яцкевіча і інш. Выйшла 14 нумароў. Забаронена польскай ваен. цэнзурай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Генадзь Васілевіч) (1885, в. Луначарскае Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобласці — 1937 ?),
бел. грамадскі дзеяч, педагог. Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т. З 1911 настаўнічаў. У 1916—19 справавод Мін-ва (з кастр. 1917 Нар. камісарыят) поштаў і тэлеграфаў. У 1917 увайшоў ад Бел.сацыяліст. грамады ў Асобую нараду па падрыхтоўцы праекта закону аб выбарах ва Устаноўчы сход Расіі. На пач. 1918 заг.юрыд. аддзела Бел.нац. камісарыята ў Петраградзе. З 1919 настаўнічаў у Дрысе, выкладаў геаграфію ў Віленскай бел.гімназіі, рэдагаваў газ. «Незалежная думка». У 1924 эмігрыраваў у СССР. Працаваў выкладчыкам віцебскіх пед. тэхнікума і ветэрынарнага ін-та. У 1930 арыштаваны, прыгавораны да 5 гадоў высылкі ў г. Слабадскі Кіраўскай вобласці. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ДРАМАТЫ́ЧНАЯ МАЙСТРО́ЎНЯ,
аматарская тэатральная студыя ў Вільні. Існавала ў 1922—25 (юрыдычна аформлена ў 1924). Мела на мэце папулярызацыю бел.тэатр. культуры ў Зах. Беларусі, стварэнне асновы для прафес. тэатра. Кіраўнікі М.Красінскі, А.Канчэўскі, А.Міхалевіч, Л.Родзевіч. Удзельнікі — навучэнцы і настаўнікі Віленскай бел.гімназіі, прадстаўнікі мясц. інтэлігенцыі. Работа па падрыхтоўцы спектакляў спалучалася з тэарэт. заняткамі па гісторыі тэатра, майстэрстве акцёра і інш. Наладжваліся спектаклі ў вёсках. У рэпертуары: «На папасе» і «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Рысь» («У зімовы вечар») паводле Э.Ажэшкі, «Лес шуміць» паводле У.Караленкі, «Апошняе спатканне» У.Галубка. Для паказаў выкарыстоўвалася форма беларускіх вечарынак.
Літ.:
Лабовіч А. Тэатр змагання. Мн., 1969. С. 21—28, 82—83, 94—96.