КАРТЛІ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА,

дзяржава ва Усх. Грузіі на тэрыторыі гіст. вобласці Картлі ў 2-й пал. 15—18 ст. Узнікла ў выніку распаду адзінага Груз. царства. Сталіца — г. Тбілісі. Аснова эканомікі — натуральная гаспадарка. Падзялялася на паўсамаст. адзінкі — сатавада. У канцы 17 — пач. 18 ст. перажывала пэўны эканам. і культ. ўздым. У 16—18 ст. К.ц. пад кіраўніцтвам Луарсаба I, Георгія Саакадзе, Вахтанга VI і інш. супраціўлялася ірана-тур. агрэсіі. У 1723 К.ц. авалодалі туркі, у 1735 — іранцы. У 1744 аднавіла незалежнасць. Існавала да 1762, калі пад уладай кахецінскага цара Іраклія II было аб’яднана з Кахеты ў адзінае Картлійска-Кахецінскае царства са сталіцай у Тбілісі, якое ў 1801 далучана да Расіі.

т. 8, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЯЧЭ́ЛІ (Лео) (сапр. Шэнгелая Леан Міхайлавіч; 19.2.1884, в. Абуджы Цаленджыхскага р-на, Грузія — 19.12.1963),

грузінскі пісьменнік. Вучыўся ў Харкаўскім (1904—05) і Жэнеўскім (1910-я г.) ун-тах. Друкаваўся з 1909. Дэбютаваў навеламі, створанымі пад уплывам імпрэсіянізму. Маст. асэнсаванне рэв. падзей пач. 20 ст. ў аснове гіст.-рэв. раманаў «Тарыэл Галуа» (1917), «Кроў» (1927), навел «Княжна Мая» (1927), «Алмасгір Кібулан» (1928), «Хакі Адзба» (1933). Аўтар раманаў пр станаўленне, жыццё груз. калгаснай вёскі («Гвадзі Бігва», 1938, Дзярж. прэмія СССР 1941), пра змаганне народа ў гады Вял. Айч. вайны («Чалавек з гор», 1948), твораў для дзяцей. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў В.​Гігевіч.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное М., 1957.

т. 8, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТВІ́Н (Сцяпан Міхайлавіч) (н. 10.6. 1931, с. Кармалюкава Вінніцкай вобл., Украіна),

украінскі паэт, перакладчык. Скончыў Кіеўскі, ун-т (1954). Друкуецца з 1950. Аўтар зб-каў вершаў «Сэрца не маўчыць» (1958), «Пад небам Крыма» (1960), «Усхваляванасць» (1966), «Спадчыннасць» (1974), «Колеры трывогі і надзеі» (1984), «На зорных вятрах» (1988) і інш., якія адлюстроўваюць этапы гіст. лёсу Украіны, яе народа, героіку Вял. Айч. вайны і прасякнуты чалавечай дабрынёй, паэтызуюць родную прыроду. Перакладае з рус., бел., балг., груз. моў. Пераклаў на ўкр. мову асобныя вершы М.​Багдановіча, Я.​Купалы, М.​Танка, А.​Куляшова. На бел. мову асобныя вершы Л. пераклалі С.​Панізнік, Я.​Янішчыц.

Тв.:

Поезії. Київ, 1991;

Рус. пер. — Неодолимость любви. М., 1985.

В.​А.​Чабаненка.

т. 9, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСАШВІ́ЛІ (Іло) (Ілья Анісімавіч; 7.1.1896, с. Чаргалі, Грузія — 4.8.1954),

грузінскі паэт і драматург. Вучыўся ў Харкаўскім ін-це. Майстар грамадз. лірыкі (зб-кі «Вершы», 1939, 1940, 1945, 1954). Аўтар драматычных твораў «Начальнік станцыі» (1947), «Затопленыя камяні» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Яго зорка» (1950), гіст. драмы ў вершах «Шлях у будучае» (1953). Быў знаёмы з Я.​Купалам, Я.​Коласам, К.​Чорным, А.​Александровічам, П.​Галавачом, П.​Глебкам, К.​Крапівой, А.​Куляшовым, М.​Лыньковым. Падтрымліваў творчыя кантакты з П.​Броўкам, К.​Крапівой, Лыньковым. Беларусі прысвяціў шэраг вершаў. Пераклаў на груз. мову асобныя вершы Я.​Купалы. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі Броўка, Ю.​Свірка.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. Тбилиси, 1967.

М.​В.​Няхай.

т. 10, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУМБА́ДЗЕ (Надар Уладзіміравіч) (14.7.1928, Тбілісі — 14.9.1984),

грузінскі пісьменнік. Скончыў Тбіліскі ун-т (1950). Друкаваўся з 1948. Першая кніга — зб. гумарыстычных апавяданняў «Вясковы хлапчук» (1958). Раманы «Я, бабуля, Іліко і Іларыён» (1960), «Я бачу сонца» (1962, за абодва прэмія Ленінскага камсамола 1967) прысвечаны жыццю груз. вёскі ў гады Вял. Айч. вайны. У раманах «Сонечная ноч» (1967), «Белыя сцягі» (1972, Дзярж. прэмія Грузіі імя Ш.​Руставелі 1975), «Закон вечнасці» (1978, Ленінская прэмія 1980), аповесці «Кукарача» (1980) і інш. разглядае актуальныя сац.-этычныя праблемы Грузіі. Творы адметныя спалучэннем камічнага з драматычным, нац. гумару з глыбокім лірызмам. Асобныя творы экранізаваны, інсцэніраваны. На бел. мову творы Д. перакладалі В.​Нікіфаровіч, У.​Сіўчыкаў, М.​Стральцоў.

Тв.:

Бел. пер. — Закон вечнасці. Мн., 1989;

Рус. пер. — Романы. М., 1968.

Н.У.Думбадзе.

т. 6, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОРДКІПАНІ́ДЗЕ (Рыгор Давідавіч) (н. 19.10.1927),

грузінскі рэжысёр. Засл. дз. маст. Грузіі (1961). Нар. арт. Грузіі (1970). Нар. apr. СССР (1979). Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва (Масква, 1950). У 1952—63 (з перапынкам) рэжысёр, у 1976—80 маст. кіраўнік Т-ра імя Марджанішвілі ў Тбілісі. У 1967—76 дырэктар і гал. рэжысёр Рустаўскага драм. т-ра. З 1985 маст. кіраўнік т-ра муз. камедыі імя Абашыдзе. З 1951 выкладае ў Груз. ін-це тэатр. мастацтва. Сярод пастановак «Не трывожся, мама» Н.​Думбадзе, «Меч Кахаберы» П.​Какабадзе, «Нашчадкі» А.​Чхаідзе, «Гняздо на дзевятым паверсе» Г.​Чыладзе, «На дне» М.​Горкага, «Цар Эдып» Сафокла, «Джардана Бруна» Л.​Мероці і інш. Паставіў шматсерыйны тэлефільм «Берагі» (1979). Дзярж. прэмія СССР 1981.

т. 9, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЦІ, Пёці (Petit) Ралан (н. 13.1.1924, Парыж), французскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучань С.Ліфара. У 1940—44 танцаваў у кардэбалеце т-ра «Гранд-Апера». З 1945 маст. кіраўнік створанай ім трупы «Балет Елісейскіх палёў», у 1948—55 і 1958—61 «Парыжскага балета». У 1965—72 балетмайстар Парыжскай оперы. З 1972 маст. кіраўнік арганізаванага ім Марсельскага балета. Сярод пастановак балеты: «Кармэн» Ж.​Бізэ (1949), «Сабор Парыжскай Маці Божай» М.​Канстана (1967), «Турангаліла» на музыку А.​Месіяна (1968), «Пелеас і Мелізанда» А.​Шонберга (1969), «Запаліце зоркі!» на музыку М.​Мусаргскага, С.​Пракоф’ева, Дз.​Шастаковіча і груз. нар. песень (1972), «Пікавая дама» на музыку П.​Чайкоўскага (1978), «Чарлі, танцуй з намі» Ф.​Капры (1992, прысвечаны фільмам Ч.​Чапліна). Супрацоўнічае з драм. т-рамі, кінематографам.

т. 13, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІКІРЫ́ЦКІ ((Sikirycki) Ігар) (31.7.1920, г. Брэст — 2.1.1985),

польскі пісьменнік, перакладчык. Вучыўся ў Люблінскім і Лодзінскім ун-тах. Жыў і працаваў у Лодзі на радыё, у т-рах сатыры і «Арлекін» (1945—67). Друкаваўся з 1944. Аўтар паэт. зб-каў «Кліканне дрэў» (1950), «Забаўкі і эпіграмы» (1959), «Асцярожна, свежанапісанае» (1963), «Начны ўлоў» (1966), аповесці «Сямёра адсутных» (1970), кніг для дзяцей. На польскую мову пераклаў асобныя вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Куляшова, У.​Жылкі, М.​Аўрамчыка. Укладальнік, аўтар прадмовы і перакладчык многіх твораў у зб. М.​Танка «Выбраныя вершы» (1974). З груз. пераклаў паэму «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.​Руставелі, з арм. — нар. эпас «Давід Сасунскі». На бел. мову яго вершы перакладалі Р.​Барадулін, Н.​Гілевіч, М.​Танк.

А.​Л.​Верабей.

т. 14, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУДЫЯШВІ́ЛІ (Ладо) (Уладзімір) Давыдавіч (30.3.1896, Тбілісі — 20.7.1980),

грузінскі жывапісец і графік. Нар. мастак Грузіі (1957) і СССР (1972). Герой Сац. Працы (1976). Вучыўся ў Школе жывапісу і скульптуры (Тбілісі, 1910—14). У 1919—26 жыў у Парыжы, наведваў Акадэмію Ронсана. Зазнаў уплыў сярэдневяковага груз. мастацтва і заходнееўрап. плыней 1920-х г. У 1926—32 праф. Тбіліскай АМ. Яго творы насычаны фальклорнымі матывамі, міфалагічнымі і фантаст. вобразамі (алегарычныя і сатыр. карціны, сцэны з жыцця тыфліскай багемы, партрэты, кніжныя іл., тэатр. дэкарацыі). Сярод іх жывапісныя карціны «Рыба Цоцхалі» (1920), «Ніко Пірасмані» (1946), іл. да зб. «Грузінскія народныя песні» Г.​Чхіквадзе (1946), да кн. «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.​Руставелі (2-е выд. 1976) і інш. Дзярж. прэмія Ш.​Руставелі 1965.

Літ.:

Каган М.С. Л.​Гудиашвили: Альбом. Л., 1983.

Л.Гудыяшвілі. Ніко Пірасмані. 1946.

т. 5, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЫЧКО́Ў (сапр. Лешанкоў) Сяргей Антонавіч

(6.7.1889, в. Дуброўкі Калязінскага р-на Цвярской вобл., Расія — 8.10.1937),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маск. ун-це (1908—13). Друкаваўся з 1908. Ранняя паэзія прасякнута рамант. светаадчуваннем, у аснове якога непрыняцце «індустрыяльнай» цывілізацыі (зб-кі «Песні», 1911; «Патаемны сад», 1913). Распрацоўваў матывы рус. казкі, пераасэнсоўваў іх у духу сімвалізму. У паэзіі пераважаюць сузіральнасць, мары пра недасяжнае. У празаічных творах сумяшчаў рэальнае з фантаст., што стварала атмасферу казачнага побыту, дзе героі — самотныя летуценнікі, дзівакі, праўдашукальнікі. У творах 1920-х г. непрыняцце сав. рэчаіснасці, імкненне да даўніны, матывы несуцешнасці і песімізму: кн. «Дубраўна» (1918), раманы «Цукровы немец» (1925; уражанні пра 1-ю сусв. вайну), «Чартухінскі балакір» (1926), «Апошні Лель» (1927), «Князь свету» (1928). Перакладаў груз. паэтаў, вагульскі і кірг. эпасы. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 8, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)