ГЕРАНТАПСІХАЛО́ГІЯ,
галіна геранталогіі і ўзроставай псіхалогіі, якая выкарыстоўвае агульнапсіхал. сродкі і методыкі для вывучэння асаблівасцей псіхікі і паводзін асоб пажылога і старога ўзросту. Як асобная дысцыпліна пачала складвацца ў 2-й пал. 20 ст. Яе з’яўленне абумоўлена павелічэннем (абсалютным і адносным) колькасці людзей старога ўзросту, праблемамі іх працаздольнасці і жыццёвага ладу. Герантапсіхалогія вывучае ўзаемасувязь агульных псіхал. і псіхафіз. характарыстык пры старэнні, а таксама асобасныя зрухі, што з’яўляюцца ў выніку змены характару дзейнасці і каштоўнасных арыентацый. Мэта герантапсіхалогіі — пошук сродкаў для працягу актыўнага і паўнакроўнага жыцця чалавека.
т. 5, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЫ́КА (Галіна Аляксандраўна) (н. 6.12.1960, в. Восава Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. паэтэса. Дачка А.М.Булыкі. Скончыла хім. ф-т БДУ (1983), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1989). У 1990—94 у газ. «Культура», з 1994 у час. «Беларуская думка». Друкуецца з 1983. У зб-ках вершаў «Сінтэз» (1986), «Турмалін» (1994) — рацыяналізм і экспрэсіўнасць, эмац.-эстэтычнае асваенне «непаэтычных» фіз. і хім. з’яў і рэчываў, філасафічнасць, незвычайнасць міфалагічнай і фалькл. сімволікі, шматпланавасць, неадназначнасць сэнсу (вершы пра гісторыю, навуку, культуру, мастацтва, каханне і інш.).
І.У.Саламевіч.
т. 3, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСТГО́ТЫ, візіготы,
германскае племя, зах. галіна готаў. У 2—3 ст. пачалі прасоўвацца ў Прычарнамор’е, адкуль у канцы 4 ст. перайшлі ўсх. граніцу Рым. імперыі, разграмілі армію імператара Валента (гл. Адрыянопальская бітва 378), потым пасяліліся ў Ілірыі. Вестготы на чале з каралём Аларыхам I 24.8.410 захапілі і разрабавалі Рым. У 418 утварылі ў Паўд. Галіі Тулузскае каралеўства — першую варварскую дзяржаву на рым. тэрыторыі (на пач. 6 ст. выцеснены франкамі). У 5 ст. захапілі большую ч. Пірэнейскага п-ва, у 711 дзяржаву вестготаў заваявалі арабы.
т. 4, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ ГЕАГРА́ФІЯ,
галіна ваеннай навукі, якая вывучае ваенна-паліт., ваенна-эканам., фізіка-геагр. ўмовы і аператыўнае абсталяванне магчымых сухапутных і марскіх тэатраў ваен. дзеянняў (у межах асобных краін, стратэгічных раёнаў, напрамкаў) і іх уплыў на падрыхтоўку і вядзенне вайны і ваен. дзеянняў. Складаецца з ваен. краіназнаўства (сукупнасць эканам., паліт., маральнага і ваен. патэнцыялу) і геаграфіі тэатра ваен. дзеянняў (уплыў фізіка-геагр. наваколля на арганізацыю і падрыхтоўку войска, характар баявых дзеянняў, фіз. адчуванне і баяздольнасць асабовага складу). Выкарыстоўвае метады параўнальна-геагр., матэм. мадэлявання і інш.
У.А.Мехед.
т. 3, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,
галіна псіхалогіі, якая вывучае заканамернасці фарміравання і работы псіхікі чалавека ў працэсе ваеннай службы, асабліва ва ўмовах бою. Як асобная дысцыпліна склалася на пач. 20 ст. Актуальныя праблемы ваеннай псіхалогіі — маральна-псіхал. настрой арміі, псіхал. гатоўнасць ваеннаслужачых, адносіны салдата да сучаснай ваен. тэхнікі і ўзбраення. Разглядае пытанні, звязаныя з фарміраваннем эмацыянальнай стойкасці і валявых якасцей воіна, уплывам умоў бою на псіхіку і псіхалогію воінскага калектыву, выяўленнем здольнасцей чалавека пераадольваць цяжкасці паходна-баявога жыцця, устанаўленнем псіхал. крытэрыяў падбору асабовага складу па родах войск, для спец. заданняў і інш.
т. 3, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛМАНО́ЎСКІ (Эдуард Савельевіч) (9.1.1923, г. Магілёў — 27.6.1994),
расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1974), нар. арт. Расіі (1981), нар. арт. СССР (1991). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1945, клас В.Шабаліна). Асн. галіна творчасці — песні («Я люблю цябе, жыццё», «Ці хочуць рускія вайны», «Бірусінка», «Алёша», «Вальс аб вальсе», «Мужчыны», «Песенька без канца»). Аўтар оперы «Беласнежка» (1965), муз. камедый «Жаночы манастыр» (1963), «Вось ужо гэты Вронскі» (1975), музыкі да драм. спектакляў («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра і інш.), аркестравых і эстр. п’ес, рамансаў. Дзярж. прэмія СССР 1984.
Літ.:
Игнатьева М.А. Э.Колмановский. М., 1983.
т. 7, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НТРЫ (ад англ. country music вясковая музыка),
у шырокім сэнсе — пласт традыцыйнай сялянскай песенна-танц. культуры Вялікабрытаніі і белага насельніцтва ЗША (пераважна Поўдня і Сярэдняга Захаду), у вузкім — галіна амер. папулярнай музыкі 20 ст., заснаваная на традыцыях гэтай культуры. Уключае нар. і аўтарскія песні, балады, рэліг. гімны, інстр. п’есы, танцы. Тыповыя інструменты К. — скрыпка, банджа, мандаліна, гітары розных відаў, кантрабас, губны гармонік, акардэон. Для ансамбляў К. (2—10 чал.) характэрны спецыфічнае «насавое» спяванне ў высокай тэсітуры, паслядоўнае чаргаванне салістаў у вак. і інстр. эпізодах.
т. 8, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНА́МІКА ПАДЗЕ́МНЫХ ВОД,
галіна гідрагеалогіі, якае вывучае рэжым і баланс падземных вод. Грунтуецца на тэорыі фільтрацыі і звязана з гідраўлікай і гідрамеханікай. Засн. ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. франц. вучонымі А.Дарсі і Ж.Дзюпюі (выявілі лінейны закон фільтрацыі), рус. вучоным М.Я.Жукоўскім (распрацаваў тэорыю руху падземных вод) і інш. Метады Д.п.в. выкарыстоўваюцца пры рашэнні задач гідратэхн. буд-ва, вызначэнні руху падземных вод па неаднародных пластах, падпору грунтавых вод, рэгіянальнай дынамікі глыбокіх і ўзаемадзейных ваданосных гарызонтаў, нафта- і газа-гідрадынамікі, ацэнкі эксплуатацыйных запасаў падземных вод і інш.
т. 6, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГАРЭ́НКАВА (Галіна Іванаўна) (13.5.1942, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 9.2.1989),
рускі і бел. крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1973). Скончыла Горкаўскі ун-т (1965). Працавала ў Мінскім пед. ін-це, Бел. тэатр.-маст. ін-це, з 1980 у Горкаўскім пед. ін-це. Даследавала рус. класічную л-ру (Ф.Дастаеўскі, Л.Талстой, М.Гогаль, А.Пушкін, М.Салтыкоў-Шчадрын і інш.), бел. прозу (творы А.Адамовіча, Г.Далідовіча, В.Казько, І.Пташнікава, І.Чыгрынава, І.Шамякіна і інш.).
Тв.:
Духовная жажда. Горький, 1983;
Земная основа. Горький, 1987;
Звено связующее. Мн., 1990.
т. 6, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛОН (ад грэч. klōn галіна, парастак, нашчадак),
сукупнасць клетак або асобін, што паходзяць ад агульнага продка ў выніку бясполага размнажэння. Аснова ўтварэння К. — мітоз (у бактэрый — простае дзяленне): генетычная інфармацыя падзяляецца пароўну паміж мацярынскімі і даччынымі клеткамі. У мікрабіялогіі К. — патомкі адной клеткі. У селекцыі раслін К. — патомкі адной расліны, расплоджаныя атожылкамі, чаранкамі, цыбулінамі, карэнішчамі і інш. яе часткамі. Новы метад атрымання К. раслін (напр., новы сорт бульбы) — вырошчванне іх з адной клеткі з дапамогай клетачнай культуры. Выкарыстоўваецца ў біялогіі, медыцыне, харч., хім. і мікрабіял. прам-сці.
т. 8, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)