ПАРФУМЕ́РНА-КАСМЕТЫ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці па вытв-сці парфумерна-касметычных вырабаў, эфірных алеяў і сінт. пахучых рэчываў. У вытв-сці парфумерна-касметычных вырабаў (гл. Парфумерыя, Касметыка) у якасці сыравіны выкарыстоўваюцца натуральныя эфірныя алеі, пахучыя рэчывы (сінт. і жывёльнага паходжання), а таксама этылавы спірт. У свеце буйнейшымі вытворцамі парфумерна-касметычнай прадукцыі з’яўляюцца Францыя, Італія, Кітай, Польшча, Расія, Балгарыя, ФРГ, Вялікабрытанія, Японія.

Прамысл. вытв-сць парфумерна-касметычных вырабаў пачалі ў Францыі ў канцы 17 ст. На Беларусі ўзнікненне П.-к.п. звязана з арганізацыяй у 1936 вырабу туалетнага мыла на Гомельскім тлушчавым камбінаце. У пасляваенныя гады на Гомельскім з-дзе сухога мелу пачалі выпуск зубнога парашку, хны і басмы (сродкі па догляду за валасамі). У 1998 доля П.-к.п. склала прыкладна 0,6% ад валавой прадукцыі харч. прам-сці.

Буйнейшымі прадпрыемствамі галіны з’яўляюцца Брэсцкі завод бытавой хіміі, Гомельскі тлушчавы камбінат, Гомельскі з-д сухога мелу (выпускае хну, басму, шампуні), сумесныя прадпрыемствы па выпуску касметыкі «Беліта» (бел.-італьян.) і «Белор-Дызайн» (бел.-амер.). У 1997 экспарт парфумерна-касметычных тавараў склаў 5614 т (на суму 14,9 млн. дол.), яго асн. частка (каля 98%) прыпадала на краіны СНД, адначасова імпарт склаў 9196 т тавараў (36,3 млн. дол.), з іх 25% з краін СНД. Сярод замежных краін асн. імпарцёрамі парфумерна-касметычных вырабаў з’яўляюцца ФРГ, Чэхія, Італія, Францыя і Вялікабрытанія.

П.​І.​Рогач.

т. 12, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЁННЫЯ І АБ’ЯДНА́НЫЯ ГАЗЕ́ТЫ,

друкаваныя перыядычныя выданні, якія выдаюцца раённымі і гар. выканаўчымі к-тамі і раённымі і гар. Саветамі дэпутатаў Рэспублікі Беларусь; адзін з асн. сродкаў масавай інфармацыі. Адрозніваюцца аператыўнасцю, перыядычнасцю (2—4 разы на тыдзень), фарматам. Асвятляюць пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця раёна і горада. Змяшчаюць афіц. і паліт. дакументы, карэспандэнцыі і каментарыі, хранікальныя паведамленні і маст. творы.

Раённыя газеты ўзніклі ў пач. 1930-х г. Ствараліся на базе б. акр., калг.-саўгасных і некат. фабр.-зав. газет як масава-паліт. орган раённых к-таў КП(б)Б і райвыканкомаў. Найб. развіццё атрымалі пасля пастановы ЦК ВКП(б) ад 18.1.1931 «Аб сельскім раённым і нізавым друку». У Вял. Айч. вайну на акупіраванай фаш. захопнікамі тэр. Беларусі выходзілі падп. раённыя і міжраённыя газеты (гл. Друк падпольны ў Вял. Айч. вайну). Пасля вайны выпуск раённых газет адноўлены ва ўсіх раёнах Беларусі. У 1954 з’явіліся аб’яднаныя газеты (раённыя і гар.). З крас. 1962 у сувязі са стварэннем тэр. калг.-саўгасных упраўленняў замест раённых выдаваліся міжраённыя (абласныя) газеты. У 1965 раённыя газеты зноў адноўлены.

На 1.1.2001 на Беларусі зарэгістравана 118 газет, у т. л. 105 раённых і 13 аб’яднаных. Найбуйнейшыя з іх: «Полесская правда» (г. Пінск), «Маяк» (г. Бяроза), «Навіны Палесся» (г. Столін), «Наш край» (г. Баранавічы), «Дняпровец» (г. Рэчына), «Маладзечанская газета» (г. Маладзечна), «Адзінства» (г. Барысаў).

В.​І.​Дубовік.

т. 13, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУХАВІ́К УНУ́ТРАНАГА ЗГАРА́ННЯ,

від цеплавога рухавіка, у якім хім. энергія, выдзеленая пры згаранні паліва, пераўтвараецца ў мех. энергію або ў кінетычную энергію рэактыўнага струменя. Падзяляюцца на поршневыя, газатурбінныя рухавікі і рэактыўныя рухавікі.

Поршневыя Р.ў.з. маюць крывашыпна-шатунны (ці ротарны; гл. Ротарная машына) і газаразмеркавальны механізмы, сістэмы сілкавання, запальвання, ахаладжэння, змазкі і рэгулявання. Бываюць 2- і 4-тактавыя (найб. пашыраны). Акрамя таго, адрозніваюць газавыя рухавікі і рухавікі вадкага паліва (лёгкага, напр., бензіну і цяжкага, напр., дызельнага), а таксама рухавікі з унутр. і знешнім сумесеўтварэннем. Да Р.у.з. адносяць карбюратарныя (гаручая сумесь утвараецца ў карбюратары), помпава-карбюратарныя (сумесь утвараецца ва ўсмоктвальным трубаправодзе, куды паліва ўпырскваецца помпай) і газазмяшальныя (сумесь газавага паліва і паветра ўтвараецца ў газазмяшальніку). Запальванне ў такіх рухавіках прымусовае ад іскры ці факела. У рухавіках з унутр. сумесеўтварэннем запальванне гаручай сумесі ажыццяўляецца ад напаленай дэталі камеры згарання (каларызатара) ці ад нагрэтага сціснутага паветра (гл. Дызель). Р.ў.з. выкарыстоўваюцца на аўтамаб., чыг. і марскім транспарце, у ваеннай справе, энергетыцы і інш.

Літ.:

Двигатели внутреннего сгорания: Теория поршневых и комбинированных двигателей. 4 изд. М., 1983.

Я.​А.​Старадзетка, Ч.​Б.​Драбышэўскі.

Схема работы двухтактнага рухавіка ўнутранага згарання: а — сцісканне гаручай сумесі ў цыліндры і запаўненне крывашыпнай камеры; б — прадуўка прадзіманне* і выпуск; 1 — цыліндр; 2 — карбюратар; 3 — упускное акно; 4 — выпускное акно; 5 — крывашыпная камера.
Схема работы чатырохтактнага карбюратарнага рухавіка ўнутранага згарання: 1 — упусканне; 2 — сцісканне; 3 — рабочы ход; 4 — выпусканне.

т. 13, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ,

адна з першых бел. сярэдніх навуч. устаноў у Зах. Беларусі. Існавала ў 1919—44 у Вільні. Засн. па ініцыятыве І.Луцкевіча. У розны час дырэктарамі гімназіі былі М.​Анцукевіч, Р.​Астроўскі, Ф.​Грышкевіч, В.​Кавалевіч, Кахановіч (1-ы дырэктар), А.​Міхалевіч, А.​Нэканда-Трэпка, С.​Паўловіч, Станкевіч, Б.​Тарашкевіч. Мела на мэце захаванне бел. нац. самабытнасці, выхаванне патрыят. пачуццяў, развіццё роднай мовы, пашырэнне дэмакр. і гуманіст. поглядаў. Акрамя беларусаў вучыліся рускія і яўрэі. Гімназія імкнулася захаваць нац. характар, усе прадметы ва ўсіх класах выкладаліся на бел. мове. Але з 2-га года навучання ўведзена вывучэнне і польскай мовы, на ёй выкладаліся геаграфія і гісторыя Польшчы. У 1932/33 навуч. г. стала дзяржаўнай, што, з аднаго боку, забяспечвала трывалую матэрыяльную базу, з другога — пазбавіла незалежнасці (стала філіялам польскай гімназіі імя Ю.​Славацкага). У ліст. 1939 Вільня перададзена сав. урадам Літве, гімназія была рэарганізавана ў прагімназію, а ў 1940/41 навуч. г., калі Літва ўвайшла ў склад СССР, стала няпоўнай сярэдняй школай. Дзейнічала і ў перыяд ням.-фаш. акупацыі. У крас. 1944 спыніла існаванне.

Л.​А.​Луцкевіч.

Першы выпуск Віленскай беларускай гімназіі: 1-ы рад (злева направа) — Г.​Бонч-Асмалоўская, Л.​Макоўская, М.​Васільева; 2-і рад — Ф.​Аляхновіч, А.​Станкевіч, М.​Кахановіч, Ф.​Мікуліна, А.​Луцкевіч, М.​Гарэцкі; 3-і рад — Г.​Бонч-Асмалоўскі, А.​Лабуць, В.​Акушка, Нядзвецкая, А.​Уладзімірская, Н.​Арсеннева: 4-ы рад — М.​Пяткевіч, А.​Клімовіч, В.​Аляксюк, Л.​Пусько, А.​Сасноўскі. 15.6.1921.

т. 4, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБІКО́РМАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна прамысловасці, спецыялізаваная на выпуску камбікармоў і бялкова-вітамінных дабавак для с.-г. жывёл, птушак і рыбы. Неабходная для развіцця жывёлагадоўлі на прамысл. аснове. Найб. развіта К.п. у ЗША, Японіі, Расіі, Вялікабрытаніі, Украіне, Францыі, Германіі, Польшчы і інш.

На Беларусі К.п. развіваецца з сярэдзіны 20 ст. Першыя камбікормавыя цэхі пры млынкамбінатах створаны ў 1957 у Віцебску і Магілёве. Да 1960 пабудаваны 10 малагабарытных універсальных з-даў магутнасцю па 35 т у суткі і 2 камбікормавыя цэхі ў Слуцку і Лідзе — па 200 т у суткі кожны. На працягу 1966—75 здадзена ў эксплуатацыю 28 прадпрыемстваў: спецыялізаваныя камбікормавыя з-ды, цэхі амаль на ўсіх камбінатах хлебапрадуктаў; выпуск прадукцыі павялічыўся ў 8,1 раза.

Сучасная К.п. Беларусі налічвае больш за 2 тыс. прадпрыемстваў і вытв-сцей (у т. л. 17 спецыялізаваных з-даў), на якіх занята каля 10 тыс. чал. Найбольшыя прадпрыемствы: з-ды ў Глыбокім, Жабінцы, Драгічыне, Смаргоні; цэхі ў Віцебску, Магілёве, Мар’інай Горцы, Слуцку і інш. Шмат дробных вытв-сцей створана ў калгасах і саўгасах, на жывёлагадоўчых комплексах і фермах. Камбікорм звычайна выпускаецца грануляваны і брыкетаваны. Сыравінай для вытв-сці камбікармоў з’яўляюцца зерне збожжавых культур, жывёльныя і грубыя кармы, травяная і хвойная мука, прадукты хім. і мікрабіял. прам-сці, вітаміны, мікраэлементы, антыбіётыкі, амінакіслоты і інш. біял. рэчывы, што ўводзяцца ў камбікорм у выглядзе дамешкаў (прэміксаў). Асвоена вытв-сць камбікармоў для ўсіх відаў і полаўзроставых груп жывёлы. У 1995 выраблена 2059,6 тыс. т камбікармоў.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 7, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБА́РДЫЯ (Lombardia),

гістарычная і адм. вобласць на Пн Італіі, самая вял. па плошчы і колькасці насельніцтва ў краіне. Уключае 9 правінцый: Бергама, Брэшыя, Варэсе, Крэмона, Кома, Мантуя, Мілан, Павія, Сондрыо. Пл. 23,8 тыс. км². Hac. каля 9 млн. чал. (1995). Адм. і прамысл. цэнтр — г. Мілан. На Пн Ламбардскія Альпы (выш. да 4049 м) і Перадальпы, астатняя ч. Паданская раўніна. Клімат пераходны ад міжземнаморскага да ўмеранага, у гарах умераны. Ападкаў каля 1000 мм за год. Найб. эканамічна развітая вобласць Італіі. Прам-сць сканцэнтравана ў асн. у Мілане і яго прыгарадах: маш.-буд. (радыёэлектронная, электратэхн., выпуск энергасілавога абсталявання, станкоў, прылад, аўтамабіляў, самалётаў і інш.), хім. (мінер. ўгнаенні, фарбавальнікі, сінт. каўчук, пластмасы і інш), тэкст., швейная, харчовая. Асноўны с.-г. раён краіны. Апрацоўваецца каля 1,5 млн. га, у т. л. каля 60% пад ворывам, каля 30% пад лугамі і пашай, 10% пад садамі і вінаграднікамі. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, рыс, кармавыя культуры, агародніну. Жывёлагадоўля пераважна малочнага кірунку. Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Развіты турызм. Шматлікія курорты, цэнтры зімовых і водных відаў спорту.

Стараж. назва Л. — Інсубрыя (ад назвы кельцкага племя інсубраў). У 2 ст. да н.э. заваявана Рымам. У 5—7 ст. н.э. на Л. нападалі остготы, Візантыя, лангабарды (адсюль назва Л.). З 8 ст. ў складзе імперыі Каралінгаў. З 10 ст. ў «Свяшчэннай Рымскай імперыі», у 11—13 ст. існавалі самакіравальныя гар. камуны, у 14—15 ст. усталяваліся тыранічныя рэжымы. Пазней належала ісп. і аўстр. Габсбургам, напалеонаўскай Францыі, з 1815 пад аўстр. панаваннем, уваходзіла ў склад Ламбарда-Венецыянскага каралеўства. З 1859 у складзе Італіі.

І.​Я.​Афнагель.

т. 9, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ТРА́КТАРНЫ ЗАВО́Д (МТЗ) імя У.​І.​Леніна. Засн. ў 1946—48 у Мінску. З 1972 галаўное прадпрыемства ВА «Мінскі трактарны завод»; мае 4 з-ды-філіялы: Віцебскі завод трактарных запасных частак, Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, Мінскі спец. інструменту і тэхнал. аснасткі, Смаргонскі агрэгатны. З 1948 вырабляў пускавыя рухавікі, з 1950 — гусенічныя с.-г. і тралёвачныя трактары, з 1953 — колавыя с.-г. трактары «Беларусь» на пнеўматычных шынах, з 1961 — трактар МТЗ-50 магутнасцю (40 кВт) з 1974 — МТЗ-80 (55—59 кВт), у 1984 — МТЗ-100 і МТЗ-102 (74 кВт), пазней — «Беларусь-1025», у 1993—94 — мадэрнізаваныя трактары серыі 900 (60—66 кВт), з 1995 — «Беларусь-1221» (96 кВт). У 1981 пачаў выпуск сям’і міні-тэхнікі: мотаблокі (4—6 кВт), міні-трактары (9—12 кВт), малагабарытныя трактары (12—26 кВт). У 1995 выпусціў 3-мільённы трактар і 500-тысячны экспартны трактар «Беларусь». Асн. прадукцыя (1999): 44 мадэлі розных відаў новай тэхнікі. ВА «МТЗ» — адна з найбуйнейшых у свеце кампаній па выпуску і экспарце колавых трактароў, на яе долю прыпадае 8—10% сусв. рынку трактароў у сваім класе. Мае больш як у 60 краінах свету 13 уласных і змешаных акц. т-ваў, 30 фірм-агентаў за мяжой і 140 дылерскіх цэнтраў у СНД. ВА «МТЗ» узнагароджана міжнар. прызам «Залаты Меркурый». На міжнар. выстаўках і кірмашах трактары «Беларусь» атрымалі 27 медалёў, у т. л. 24 залатыя.

Узоры прадукцыі Мінскага трактарнага завода. 1 — трактар «Беларусь-1522»; 2 — трактар «Беларусь-680»; 3 — трактар «Беларусь-1221»; 4 — трактар «Беларусь-220»; 5 — мотаблок «Беларусь-08БС»; 6 — трактар «Беларусь-082БС».

т. 10, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ТАРНАЯ МАШЫ́НА,

машына, рабочым органам якой з’яўляецца ротар. Да Р.м. належаць ротарныя рухавікі, помпы, землярыйныя машыны, снегаачышчальнікі і інш. Комплекс машын (ротараў), у якім загатоўкі, што апрацоўваюцца, рухаюцца па дугах акружнасці разам з рабочым інструментам, наз. аўтам. ротарнай лініяй.

У ротарнага рухавіка энергія згараючых газаў пераўтвараецца ў мех. з дапамогай трохграннага ротара, які верціцца ў цыліндры (статары) спец. профілю. Паміж паверхнямі ротара і статара ўтвараюцца камеры, аб’ём якіх перыядычна змяняецца пры вярчэнні ротара. Выкарыстоўваецца ротарна-поршневы рухавік Ф.​Ванкеля (сканструяваны ў 1957), у якім грані ротара адсякаюць пераменныя аб’ёмы камер, дзе адбываюцца звычайныя для поршневых рухавікоў працэсы. Устанаўліваецца на аўтамабілях, лодках, верталётах і інш. Ротарная помпа — аб’ёмная, з вярчальным або вярчальным і зваротна паступальным рухам рабочых органаў (гл. Помпа). Выкарыстоўваецца пераважна для падачы вязкіх вадкасцей без цвёрдых дамешкаў. Ротарная землярыйная машына — многакаўшовы экскаватар, рабочы орган якога (кола або ротар) аснашчаны па акружнасці каўшамі са зменнымі зубамі. Выкарыстоўваецца для выемкі мяккіх парод у вугальных і рудных кар’ерах, для капання траншэй. Ротарнымі бываюць таксама каналакапальнікі і інш. меліярацыйныя машыны. Ротарныя снегаачышчальнікі выкарыстоўваюцца для ачысткі чыг. пуці (робяцца на чыг. колавым хаду) і аўтадарог (на аўтамабілях або спец. шасі; гл. Снегаўборачныя машыны).

У.​М.​Сацута.

Ротарныя машыны: а — ротарна-поршневы рухавік Ванкеля (1 — ротар, 2 — вал, 3 — вадзяное ахаладжэнне, 4 — корпус, 5 — свечка запальвання, 6 — шасцярня, 7 — зубчастае кола; I — упуск, II — сцісканне, III — расшырэнне, IV — выпуск); б — аўтаматычная ротарная лінія (1 — рабочы ротар, 2 — лінія перамяшчэння вырабу пры апрацоўцы, 3 — клешчы, 4 — транспартны ротар, 5 — блок інструментаў, 6 — капір).

т. 13, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАБІ́ЛЬ (франц. automobile ад грэч. autos сам + лац. mobilis рухомы),

самаходная бязрэйкавая машына, якая прыводзіцца ў рух уласным рухавіком. Бываюць аўтамабілі: пасажырскія (легкавыя аўтамабілі, аўтобусы); грузавыя аўтамабілі (у т. л. аўтапаязды), грузапасажырскія (для адначасовай перавозкі пасажыраў і грузаў); спецыяльныя (аўтакраны, пажарныя машыны, санітарныя аўтамабілі, аўтамабілі для ачысткі і палівання вуліц, перасоўныя рамонтныя майстэрні і інш.); спецыялізаваныя (самазвалы, седлавыя цягачы, бензавозы, бетанавозы, аўтапагрузчыкі, кантэйнеравозы, рэфрыжэратары, аўтамабілі-цыстэрны, фургоны, леса-, панэля- і фермавозы і інш.); спартыўныя аўтамабілі (у т. л. гоначныя аўтамабілі). Усе віды аўтамабіляў аснашчаюцца бензінавымі ці дызельнымі аўтамабільнымі рухавікамі. Пэўны час выкарыстоўваліся газагенератарныя аўтамабілі, набываюць пашырэнне газабалонныя аўтамабілі, распрацоўваюцца розныя варыянты электрамабіляў. Для цяжкіх дарожных умоў існуюць усюдыходы, «амфібіі», для перавозкі асабліва каштоўных грузаў, вайсковых патрэб — бронеаўтамабілі. Тэндэнцыяй у легкавым аўтамабілебудаванні з’яўляецца пераход на выпуск тэхнічна і экалагічна бяспечных аўтамабіляў.

Асн. элементы аўтамабіля — рухавік, шасі і кузаў. Шасі ўключае хадавую частку (рама, масты, падвескі, колы), трансмісію (счапленне, каробка перадач, карданная перадача, галоўная перадача, дыферэнцыял, паўвосі) і сістэмы кіравання (рулявое кіраванне, тармазная сістэма). Кузаў грузавога аўтамабіля складаецца з кабіны, капота і платформы для размяшчэння грузу; у легкавых да кузава мацуюцца агрэгаты аўтамабіля. Усе аўтамабілі па агульнай колькасці колаў і колькасці вядучых колаў маюць адну з колавых формул: 4×2, 4×4, 6×2, 6×4, 6×6, 8×8.

Першы аўтамабіль з паравым рухавіком пабудаваны Н.​Ж.​Кюньё (1769—70, Францыя). Датай нараджэння аўтамабіля лічыцца 1886, калі К.​Бенц (Германія) запатэнтаваў трохколавы аўтамабіль з рухавіком унутранага згарання. У Расіі аўтамабілебудаванне пачалося перад 1-й сусв. вайной на Руска-Балтыйскім з-дзе ў Рызе, у СССР — у 1924, калі на з-дзе АМО (Масква) выпусцілі першыя грузавікі АМО-Ф15.

Вытворчасць аўтамабіляў на Беларусі пачалася ў 1947 на Мінскім аўтазаводзе (самазвал МАЗ-205 грузападымальнасцю 6 т). У 1995 МАЗ выпускаў аўтамабілі 5-га пакалення: велікагрузныя аўтамабілі і аўтапаязды поўнай масай да 40 т (МАЗ-54323), да 44 т (МАЗ-54321, -54326, -64229), да 50 т (МАЗ-64221, -64226, -63031), грузавыя аўтамабілі высокай праходнасці (МАЗ-6317, -63171), самазвалы (МАЗ-5551), лесавозы (МАЗ-5434), аўтобусы гарадскія (МАЗ-101) і турысцкія (МАЗ-151). Беларускі аўтазавод (г. Жодзіна) працуе з 1958, у 1995 асн. прадукцыю яго складалі кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю 30, 42, 80, 120, 180 і 200 т (адпаведна БелАЗ-7540, -7548, -7549, -7512, -75215 і -7530), шлакавозы (БелАЗ-7920) і аэрадромныя цягачы (БелАЗ-74211). Магілёўскі аўтазавод у 1959 пачаў выпускаць аднавосевыя цягачы, у 1995 вырабляў самазвалы грузападымальнасцю 23 т (МаАЗ-75051), самазвальныя аўтапаязды (МаАЗ-7405-9586) для работ у шахтах і тунэлях, аўтабетоназмяшальнікі (СМБ-49). У 1992 на базе вытв-сці спец. колавых цягачоў МАЗа абсталяваны Мінскі з-д колавых цягачоў, які ў 1995 выпускаў сям’ю пазадарожных аўтамабіляў «Волат» (7909) з колавай формулай 8×8, што працуюць у складзе аўтапаяздоў для перавозкі розных грузаў, лесавозы, трубавозы (для трубаў да 36 м, агульнай масай да 40 т), цягачы грузападымальнасцю да 50 і 65 т, чатырохвосевыя шасі (69232) пад кранавае абсталяванне з вылетам стралы да 50 м і шасцівосевыя (79191) пад абсталяванне для бурэння нафтагазавых свідравін. У 1994 пачаты выпуск аўтобусаў «Амкадор-Ікарус-28033» акц. т-вам «Амкадор-Пінск», аўтобусаў ЛіАЗ-5256 на доследным з-дзе «Нёман» у г. Ліда і зборка мікралітражных аўтамабіляў ВАЗ-1111 «Ака» на Гродзенскім з-дзе карданных валоў. Гл. таксама Аўтамабільная прамысловасць, Аўтамабільны транспарт, Аўтамабільны спорт.

Літ.:

Автомобиль: Основы конструкции. 2 изд. М., 1986;

Боровских Ю.И., Буралев Ю.В., Морозов К.А. Устройство автомобилей: [Практ. пособие]. М., 1988;

Анохин В.И. Отечественные автомобили. 4 изд. М., 1977.

А.​С.​Рукцешэль.

Першыя аўтамабілі: а — «Форд» (ЗША); б — «Руса-Балт» (Расія); в — «Сітраэн» (Францыя).

т. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЫНАБУДАВА́ННЕ І МЕТАЛААПРАЦО́ЎКА,

комплекс галін цяжкай прам-сці па вытв-сці машын, механізмаў, агрэгатаў, прылад, металаканструкцый, металавырабаў, а таксама па рамонце машын і абсталявання. У адпаведнасці з класіфікацыяй Рэспублікі Беларусь уключае каля 30 галін, найважнейшыя з іх: станкабудаўнічая і інструментальная, прыладабудаванне, аўтамабільная, трактарнае і с.-г. машынабудаванне, дарожна-буд. і камунальнае машынабудаванне, машынабудаванне для лёгкай і харч. прам-сці і быт. прылад, эл.-тэхн., сродкаў выліч. тэхнікі, падшыпнікавая, авіяц., суднабуд., метал. канструкцый, метал. вырабаў, рамонту машын і абсталявання і інш. (гл. адпаведныя артыкулы).

Машынабудаванне як галіна прам-сці ўзнікла ў 18 ст. Вынаходніцтва машын для вытв-сці пражы, ткацкага станка, паравой машыны як універсальнага рухавіка стымулявала стварэнне металаапр. станкоў. Як галіна вытв-сці станкабудаванне атрымала развіццё спачатку ў Вялікабрытаніі, потым у інш. краінах Зах. Еўропы, ЗША, а ў пасляваенныя гады ў Японіі, КНР, Бразіліі, Індыі і інш. Цяпер сярод краін свету М. і м. найбольш развіты ў ЗША (першае месца па колькасці і разнастайнасці выпускаемых відаў машын), Японіі (асабліва па выпуску легкавых машын і першае месца па выпуску прамысл. робатаў), Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Канады. У 1996 у свеце было выраблена 39,5 млн. шт. легкавых аўтамабіляў (Японія — 20,4%, ЗША — 16,8, Германія — 12,4, Францыя — 8,2, Вялікабрытанія — 4,4%) і 16,5 млн. шт. грузавых аўтамабіляў (ЗША — 43,7%, Японія — 16,9, Бразілія — 9,6, КНР — 5,0, Рэспубліка Карэя — 3,7%).

На Беларусі М. і м. як галіны вытв-сці пачалі развівацца ў канцы 19 — пач. 20 ст. Дзейнічалі: у Мінску — машынабуд. і чыгунаметалургічны з-д, як Кашырскі з 1881, металаапр. з-д «Гігант» з 1907; у Віцебску — чыгуналіцейны і машынабуд. з-д з 1877; у Магілёве — чыгуналіцейны з-д з 1915. У пач. 20 ст. было 26 невял. металаапр. прадпрыемстваў, якія выраблялі плугі, сярпы, косы, сякеры, цвікі, метал. посуд, нестандартнае абсталяванне для мукамольнай, крухмала-патачнай, дрэваапр. і спіртавой прам-сці, займаліся рамонтам рухомага саставу чыгунак і інш. У 1930-я г. значнымі цэнтрамі станкабудавання сталі Мінск, Віцебск, Гомель. Пачаўся выпуск складаных с.-г. і тарфяных машын, абсталявання для буд. прам-сці, электрарухавікоў. У пач. 1940-х г. асвоены выпуск радыёпрыёмнікаў. У Вял. Айч. вайну ч. машынабуд. з-даў была эвакуіравана ва ўсх. раёны СССР, астатнія разбураны. У пасляваенныя гады структура М. і м. значна змянілася. Пабудаваны аўтамабільны, трактарны, веласіпедны, інструментальны з-ды, радыёзавод у Мінску; асвоена вытв-сць падшыпнікаў, розных с.-г. машын, гадзіннікаў, электронна-выліч. машын, тэлевізараў і інш. Сучасныя М. і м. развіты ва ўсіх абласцях рэспублікі, найб. сканцэнтраваны ў Мінску (каля 45%); буйныя цэнтры М. і м. Гомель, Віцебск, Магілёў, Брэст, Гродна, Бабруйск, Баранавічы, Пінск, Орша, Барысаў, Жодзіна, Маладзечна. Дынаміку вытв-сці важнейшых відаў прадукцыі машынабудавання гл. ў табліцы. Паводле аб’ёму валавой прадукцыі, кошту асн. вытв. фондаў і колькасці рабочай сілы М. і м. займаюць 1-е месца ў рэспубліцы. У 1998 удзельная вага галіны ў агульным аб’ёме валавой прадукцыі склала 25,7%; у галіне 704 прадпрыемствы (з іх 24,7% — дзярж. уласнасці, якія далі 63% усяго аб’ёму прадукцыі), 37,2% усіх рабочых і служачых, 29,6% прамысл.-вытв. фондаў. Па колькасці відаў прадукцыі (больш за 600), сваёй разгалінаванасці, каап. сувязях машынабудаванне не мае сабе роўных сярод інш. галін прамысл. комплексу рэспублікі.

Літ.:

Сацыяльна-эканамічная геаграфія Рэспублікі Беларусь. Мн., 1997;

Рогач П.І., Сасноўскі В.М. Камерцыйная геаграфія Рэспублікі Беларусь. Мн., 1996.

П.​І.​Рогач.

Да арт. Машынабудаванне і металаапрацоўка. Робат-зваршчык у цэху Мінскага аўтамабільнага завода.

т. 10, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)