міжнародны канфлікт, выкліканы анексіяй 7.10.1908 Босніі і Герцагавіны Аўстра-Венгрыяй. Паводле рашэння Берлінскага кангрэса 1878 правінцыі Боснія і Герцагавіна, населеныя сербамі і харватамі, былі акупіраваны аўстра-венг. войскамі, але юрыдычна заставаліся пад намінальнай уладай Асманскай імперыі; у іх пасля выхаду Сербіі з саюзу з Аўстра-Венгрыяй (1903) узмацніўся нац.-вызв. рух. Анексія была задумана, каб прадухіліць магчымае аб’яднанне правінцый з Сербіяй, што не адпавядала інтарэсам Габсбургаў. Дзеянні Аўстра-Венгрыі выклікалі пратэст з боку Турцыі і Сербіі, якая спадзявалася на падтрымку Расіі. Англія заявіла пра непарушнасць Берлінскага трактата 1878, Францыя ўстрымалася ад пратэсту, анексію не ўхвалілі Італія і Румынія. Аўстра-Венгрыю падтрымала Германія. За кампенсацыю ў 2,5 млн.тур. фунтаў Габсбургі дамагліся прызнання анексіі ад Турцыі (пагадненне ад 26.2.1909). Расія імкнулася ўрэгуляваць Баснійскі канфлікт дыпламатычным шляхам, але ва ўмовах ваен. падрыхтоўкі Аўстрыі і магчымага яе нападу на Сербію вымушана была прыняць ультыматыўнае патрабаванне Германіі (22.3.1909) аб прызнанні анексіі. 31.3.1909 анексію прызнала і Сербія. Баснійскі крызіс прывёў да росту міжнар. напружанасці, паглыблення супярэчнасцяў паміж Антантай і Траістым саюзам, пагаршэння адносін паміж Аўстра-Венгрыяй і Сербіяй, стаў адной з перадумоў развязвання 1-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́СЦІ ((Christie) Агата) (15.9.1891, г. Торкі, Вялікабрытанія — 12.1.1976),
англійская пісьменніца, майстар дэтэктыўнага жанру. Дэбютавала раманам «Таямнічая гісторыя» (1920). Шматлікія раманы (больш за 60) «Пуаро расследуе» (1924), «Таямніца камінаў» (1925), «Забойства Роджэра Экрайда» (1926), «Усходні экспрэс» (1934), «Забойства па алфавіце» (1936), «Смерць на Ніле» (1937), «Дзесяць негрыцянят» (1939), «Н або М?» (1941), «Труп у бібліятэцы» (1942), «Крывая хаціна» (1949), «Кот сярод галубоў» (1959) і інш., п’есы «Пастка», «Сведка абвінавачання» (абедзве 1954), «Бледны конь» (1961), «Трэцяя» (1966) і інш. напісаны ў жанры т.зв. інтуітыўнага дэтэктыва. Злачынства ў іх выкрываецца не з дапамогай фактаў і рэчавых доказаў, а дзякуючы выключнай псіхал. праніклівасці і незвычайнай назіральнасці герояў — Джэйн Марпл і прафес. сышчыка Эркюля Пуаро. Творам К. ўласцівы тонкі гумар, дакладнасць дэталяў у абмалёўцы калізій і персанажаў. За літ. творчасць ёй нададзены дваранскі тытул. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі П.Марціновіч, В.Чудаў, К.Дзмітрыенка, М.Котаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЁМНІЦТВА,
спосаб камплектавання ўзбр. сіл, заснаваны на прыцягненні на ваен. службу асоб паводле найму. Зарадзілася ў Стараж. Егіпце, калі ў войска пачалі прымаць прадстаўнікоў інш. краін. Наёмныя арміі мелі Персія, Карфаген, Стараж. Рым і інш. У эпоху феадалізму з 11 ст. асобныя феадалы, а з 14 ст. каралі і князі шэрагу краін Еўропы выкарыстоўвалі наёмнае войска для ўмацавання сваёй ўлады. З 15 ст. Н. (гл.Ландскнехты) стала пашыраным спосабам камплектавання ўзбр. сіл. Напр., у войску ВКЛ служылі наёмнікі з Германіі, Венгрыі і інш. (венг. конніца і пяхота, ням. і швейцарскія мушкецёры, рэйтары, аркебузёры і інш.). У 17—18 ст. ў Зах. Еўропе з’явіліся пастаянныя наёмныя арміі. У канцы 18 — пач. 19 ст. ў шэрагу краін уведзена ўсеагульная воінская павіннасць (у Расіі да 1874 дзейнічала сістэма рэкруцкай павіннасці). У наш час нац.ўзбр. сілы шэрагу краін (ЗША, Вялікабрытаніі і інш.) камплектуюцца шляхам Н. і вярбоўкі. У арміях і інш.узбр. фарміраваннях некат. краін (напр., Францыі) выкарыстоўваюцца замежныя наёмнікі (гл.Легіён). Кантрактная сістэма, якая па сутнасці з’яўляецца Н., значна пашырана ў шэрагу дзяржаў свету, у т. л. яе асобныя элементы ёсць ва Узбр. Сілах Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛАМАЎЦ (Olomouc),
горад у Чэхіі, на р. Марава. Каля 120 тыс.ж. (1999). Трансп. вузел. Прам-сць: маш.-буд., хім., харч., у т. л.вытв-сць цукру і соладу. Ун-т. Галерэя выяўл. мастацтва. Горад-запаведнік; шматлікія арх. помнікі 11—18 ст.
У 10 ст. ўмацаванае паселішча, адм. і паліт. цэнтр Маравіі (да 1641). З 1063 сталіца епіскапіі (з 1777 — архіепіскапіі). Належаў чэш. дынастыі Пржэмыславічаў. У наваколлі горада адбылася Оламаўцкая бітва 1241. У 1261 атрымаў гар. правы. Чэш. кароль Пржэмысл II Отакар [1253—78] пасяліў тут ням. каланістаў (ням. назва Ольмюц). У час гусіцкіх войнаў О. падтрымаў імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Сігізмунда I. У 1468 захоплены венг. каралём Мацьяшам Хуньядзі, які ў 1469 абвясціў тут сябе каралём Чэхіі. У 16 ст. О. — адзін з цэнтраў лютэранства. У 1562 тут засн. езуіцкі калегіум, у 1569 — ун-т. У час трыццацігадовай вайны 1618—48 акупіраваны швед. войскамі (1642—50). Тут падпісана пагадненне 1850 паміж Прусіяй і Аўстрыяй. Оламаўцкая крэпасць адыграла важную ролю ў час аўстра-прускай вайны 1866. У 2-й пал. 18 ст. ў О. развівалася металург. прам-сць. У 19 ст. О. — цэнтр чэш.нац.-вызв. руху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАСВЕ́ТАЎ Іван Сямёнавіч, пісьменнік-публіцыст ВКЛ і Русі, ідэолаг дваранства сярэдзіны 16 ст. Паходзіў з бел. шляхецкага роду, гаспадарскі дваранін. У канцы 1520-х г. у складзе атрада Ф.Сапегі на службе ў венг. караля Яна Запальі, потым у чэш. караля Фердынанда I. З сярэдзіны 1530-х г. у ВКЛ. У канцы 1538 ці пач. 1539 пераехаў у Маскву. У 1549 перадаў Івану IV Грознаму свае творы: «Казанне пра кнігі», «Казанне пра Магмет-Салтана», «Першае прадказанне філосафаў і дактароў», «Казанне пра цара Канстанціна» і інш. (захаваліся ў складзе 2 рукапісных зборнікаў 17 ст.). Выступаў супраць баярства, за задавальненне асн. патрабаванняў «воиников» (дваран). Лічыў неабходным стварэнне пастаяннага войска стральцоў колькасцю 300 тыс.чал. Заклікаў цара да стварэння «судовых кніг», наступальнай палітыкі ў адносінах да Казанскага ханства. Яго праграма дзярж. рэформ у асноўным супадала з палітыкай Выбранай рады. Асуджаў халопства, усякае «закабаленне» і занявольванне людзей, выступаў за агульную роўнасць. Ставіў праўду вышэй за веру. Верагодна, з-за сваіх поглядаў у сярэдзіне 16 ст. стаў ахвярай рэпрэсій. Яго творы напісаны простай мовай, пазбаўленай царкоўнаславянізмаў, блізкай да фальклору.
Тв.:
Соч.М.; Л., 1956.
Літ.:
Замалеев АФ. Философская мысль в средневековой Руси (XI—XVI вв.). Л., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫВАЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ, радыеактывацыйны аналіз,
метад вызначэння якаснага і колькаснага саставу рэчыва, які грунтуецца на апрамяненні (актывацыі) ат. ядраў і наступным вымярэнні іх радыеактыўнага выпрамянення. Упершыню выкарыстаны венг. хімікамі Дз.Хевешы і Г.Леві (1936).
Актывацыйны аналіз бывае інструментальны (даследаванне другаснага выпрамянення з дапамогай спец. апаратуры без разбурэння пробы) і радыехімічны (хім. раздзяленне радыенуклідаў і вызначэнне актыўнасці кожнага з іх паасобку або ў невял. групе элементаў). Пры актывацыйным аналізе доследны матэрыял пэўны час апрамяняюць ядз. часціцамі, потым вымяраюць энергет. спектр, актыўнасць, перыяд паўраспаду T1/2 радыеізатопа, які ўтварыўся ў выніку апрамянення. Ведаючы T1/2, від радыеактыўных пераўтварэнняў, тып і энергію другаснага выпрамянення, якое суправаджае распад узніклага радыеізатопа, ідэнтыфікуюць зыходны ізатоп. Актыўнасць радыеактыўнага ізатопа пасля апрамянення прама прапарцыянальная колькасці ядраў зыходнага (звычайна стабільнага) ізатопа, што дазваляе правесці колькасны аналіз. Адрозніваюць актывацыйны аналіз нейтронны, на зараджаных часціцах і на жорсткіх гама-квантах. Найб. пашыраны нейтронны актывацыйны аналіз: ядры большасці элементаў лягчэй актывуюцца нейтронамі; розніца ў значэннях эфектыўных сячэнняў ядз. рэакцый на нейтронах забяспечвае высокую выбіральнасць метаду адносна элементаў; мае высокую адчувальнасць (10−7—1010% у залежнасці ад элемента). Актывацыйны аналіз выкарыстоўваецца для аналізу асабліва чыстых рэчываў, кантролю тэхнал. працэсаў, разведкі карысных выкапняў, у крыміналістыцы, археалогіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ФНІЙ (лац. Hafnium),
Hf, хімічны элемент IV групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 72, ат. м. 178,49. Складаецца з 6 ізатопаў з масавымі лікамі 174, 176—180. Належыць да рассеяных элементаў, у зямной кары знаходзіцца (3—4)∙10−4% па масе. Адкрыты ў 1923 венг. хімікам Дз.Хевешы і нідэрл. фізікам Дз.Костэрам, названы па месцы адкрыцця — г. Капенгаген.
Бліскучы серабрыста-шэры пластычны метал, існуе ў 2 крышт. мадыфікацыях: гексаганальнай α-Hf і кубічнай β-Hf (вышэй за 1740 °C). Шчыльн 13 350 кг/м³, tпл каля 2230 °C. Кампактны гафній устойлівы ў паветры, парашкападобны пірафорны (гл.Пірафорныя рэчывы). Па хім. уласцівасцях падобны да цырконію. Пры т-ры вышэй за 700 °C з кіслародам утварае дыаксід HfO2, (белыя крышталі, tпл 2780 °C), пры 200—400 °C з галагенамі — тэтрагалагеніды (напр., тэтрахларыд HfCl4 — бясколерныя крышталі, т-ра вазгонкі 315 °C), пры высокіх т-рах з азотам, борам, крэмніем, вугляродам — металападобныя тугаплаўкія злучэнні (напр., нітрыд HfN — залаціста-жоўтыя крышталі, tпл 3310 °C). Злучэнні гафнію атрымліваюць пры вытв-сці цырконію з руднай сыравіны, метал. гафнію — аднаўленнем HfCl4 магніем ці кальцыем. Выкарыстоўваюць як матэрыял для рэгулюючых стрыжняў і аховы ядз. рэактараў, кампанент гарачатрывалых і тугаплаўкіх сплаваў у авіяцыі і ракетнай тэхніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЦЁФІ ((Petöfi) Шандар) (1.1.1823, г. Кішкёрэш, Венгрыя — 31.7.1849),
венгерскі паэт; прадстаўнік рэв. рамантызму. Быў статыстам у т-ры, салдатам, вандроўным акцёрам. Друкаваўся з 1842. У ранняй паэзіі (зб. «Вершы», 1844; паэма-казка «Віцязь Янаш», 1845), прасякнутай фалькл. матывамі, гал. тэмы — прыгажосць роднага краю, багаты духоўны свет людзей. Песімістычна-рамант. настроі ў лірычным цыкле «Хмары» (1845—46), драме «Тыгрыца і гіена» (1845), паэмах «Пішта Сілай», «Шалга», рамане «Катава вяроўка» (усе 1846). Пад уплывам паўстання 1846 у Галіцыі і рэв. падзей у Пешце 1848—49 яго паэзія набыла яскрава рэв.-дэмакр. характар (вершы «Мае песні», «Венгерац я...», «Нацыянальная песня», «На шыбеніцу каралёў!» і інш.). У вершах «Еўропа змоўкла», «Эрдэйская армія», «Мадзьяр пераможа» выказваў упэўненасць у перамозе рэв. ідэалаў. Паэма «Апостал» (1848, поўнасцю апубл. 1874) пра трагічны лёс рэвалюцыянера. На бел. мову яго вершы пераклалі А.Зарыцкі, Я.Семяжон, М.Хведаровіч, апавяданні — Г.Сапрыка, М.Татур.
Тв.:
Бел.пер. — Ліра і меч: Выбр.Мн., 1971;
У кн.: Венгерскія апавяданні. Мн., 1957;
У кн.: Семяжон Я. Сем цудаў свету: Выбр. пераклады паэзіі. Мн., 1977;
У кн.: Зарыцкі А. У свет па песні: Выбр. пераклады паэзіі. Мн., 1978;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—3. Будапешт, 1973.
Літ.:
Петефи в мировой культуре. М., 1975;
Парнов Е.И. Витязь чести: Повесть о Шандоре Петефи. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТАТО́НІКА (ад грэч. pente пяць + тоніка),
гукавая сістэма, якая ўключае 5 гукаў рознай вышыні ў межах актавы. Існуе П. беспаўтонавая, паўтонавая, змешаная, тэмпераваная. Без удакладнення тэрмін «П.» азначае найб. распаўсюджаную беспаўтонавую П. (сінонімы: натуральная, чыстая, ангемітонавая, цэлатонавая, трыхордавая сістэма, кіт. гама, шатл. гама). Для П. характэрна магчымасць размяшчэння ўсіх гукаў па чыстых квінтах. Гал. тонам у П. можа стаць кожны з 5 гукаў, у выніку чаго магчымы 5 розных гукарадаў П. аднаго гукавога складу з функцыян. пераменнасцю гукаў у іх ладавых сувязях.
У многіх муз. культурах П. складае ладавую аснову нар. музыкі (напр., у башк., тат., чув., кіт., кар., яп., шатл., ірл., венг. і інш.), у некат. сустракаецца эпізадычна (напр., у стараж.бел.нар. песні). У прафес. музыцы П. існуе ва ўзаемадзеянні з інш. гукавымі сістэмамі (гл.Натуральныя лады), напр., у творчасці А.Барадзіна, М.Мусаргскага, М.Рымскага-Корсакава, А.Лядава, Э.Грыга, К.Дэбюсі, І.Стравінскага, Б.Бартака, З.Кодая. У бел. музыцы П. прадстаўлена ў творах Я.Касалапава (фантазія для цымбалаў і фп. «Камарова вяселле»), П.Падкавырава (3-я сімфонія), Дз.Смольскага (вак.-сімф. паэма «Галасы світання»), К.Цесакова (канцэрт для габоя і арк.), Я.Цікоцкага (3-я сімфонія), У.Кур’яна (сюіта «Капыльскія дудары»), В.Кузняцова (сюіта «На кірмашы»), У.Дамарацкага (канцэрт «Палескія песні») і інш.
Літ.:
Квитка К. Первобытные звукоряды;
Пентатоника у славянских народов // Избр. труды. М., 1971. Т. 1;
Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки Мн., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ ПАЎСТА́ННЕ Ў РУМЫ́НІІ 1989,
паўстанне (Снежаньская рэвалюцыя) рум. народа ў снеж. 1989, якое прывяло да звяржэння дыктатуры Н.Чаўшэску. Выклікана абвастрэннем у краіне сац., нац. і паліт. праблем, у т. л. харчовай, энергет. і інш.эканам. (з-за інтэнсіўнай выплаты ўрадам Чаўшэску знешніх даўгоў, праследавання ўладамі венг.нац. меншасці, задушэння апазіцыі і дэмакр. свабод, самавольства службаў бяспекі — секурытатэ). Пачалося 15—16 снеж. ў г. Тымішаара з выступленняў у абарону свабоды царк. службаў і пропаведзі венгерскага святара Л.Цёкёша і сутыкненняў дэманстрантаў 16—17 снеж. з узбр. атрадамі сіл бяспекі. 22 снеж. пашырылася на Бухарэст, дзе на мітынгу народ запатрабаваў ад Чаўшэску дэмакр. свабод і яго адстаўкі. У Бухарэсце разгарнуліся жорсткія вулічныя баі (ішлі некалькі дзён) паміж паўстанцамі, якіх падтрымала армія, незадаволеная тым, што Чаўшэску паставіў яе пад кантроль сіл бяспекі, і вернымі Чаўшэску сіламі паліцыі і бяспекі. Узбр. сутыкненні адбыліся таксама ў Тымішаары, Брашове, Сібіў. Пасля ўцёкаў Чаўшэску і яго жонкі (неўзабаве схоплены і 25 снеж. пакараны смерцю паводле прыгавору спец.ваен. трыбунала «за злачынствы перад народам») уладу 26 снеж. ўзначаліў Савет Фронту нацыянальнага выратавання пад кіраўніцтвам І.Іліеску, які распачаў дэмакратызацыю паліт. ладу Румыніі і мерапрыемствы па пераадоленні цяжкай сац.-эканам. спадчыны. Быў сфарміраваны ўрад на чале з П.Романам, на пач. 1990 былі прызначаны парламенцкія выбары. У ходзе паўстання забіты 1104 чал., з іх каля 260 ваеннаслужачых, паранены 3352 чал.
Літ.:
Румыния. 1989. № 12;
1990. № 1;
Революции 1989 г. в странах Центрально-Восточной Европы: взгляд через десятилетие // Славяноведение. 1999. № 6.