КО́ЎПІЦЫ (Platalea),

род птушак сям. ібісавых атр. буслападобных. 4 віды. Пашыраны на Пд Еўразіі, у Паўн.-Усх. Афрыцы, Аўстраліі. На Беларусі трапляецца К. звычайная (P. leucorodia), рэдкая залётная птушка.

Даўж. К. звычайнай каля 90 см, маса каля 1,5 кг. Ногі і шыя доўгія, дзюба доўгая, пляскатая, на канцы расшыраная. На галаве чубок. Апярэнне белае. Корміцца дробнымі беспазваночнымі, часам маляўкамі рыб або ікрой. Гняздуе калоніямі ў зарасніках трыснягу, радзей на дрэвах. Нясе 3—4 яйцы.

Коўпіца.

т. 8, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАПА́НЫ (Rapana),

род марскіх пярэдняшчэлепных малюскаў сям. пурпуровых смаўжоў. 3 віды. Пашыраны ў морах Д.​Усходу. Від Р. тамазіяна (R. thomasiana, або R. venosa) занесена ў Чорнае м., адкуль пашыраецца ўздоўж узбярэжжа Міжземнага мора.

Ракавіна даўж. да 22 см, шырокаавальнай формы, шаравата-карычняватая, са спіральнымі рэбрамі. Сіфон кароткі, вусце шырокае, часта ярка афарбаванае (белае, жоўтае, аранжавае). Драпежнікі. Выдзяленні гіпабранхіяльнай залозы ядавітыя для двухстворкавых малюскаў (вустрыц, мідый), якімі Р. кормяцца. Раздзельнаполыя.

Ракавіна рапаны тамазіяны.

т. 13, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКАЯ БЕ́ЛАЯ ПАРО́ДА курэй яечнага кірунку. Выведзена скрыжаваннем пеўняў пароды легорн с мясц. курамі. Прамысл. значэння не мае, гадуецца ў прыватных гаспадарках.

Паводле целаскладу падобныя да курэй легорн, адрозніваюцца высокай жыццяздольнасцю. Грэбень лістападобны, прамастойны ў пеўняў, звіслы набок у курэй. Апярэнне белае. Дзюба і лапы жоўтыя. Маса пеўняў 2,9—3,2, курэй 2,1—2,2 кг. Яйцаноскасць 200—230 яец за год, маса яйца 58—60 г. Не наседжваюць.

М.​Ц.​Гарачка.

Руская белая парода курэй.

т. 13, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́СЦЕР,

рыба, атрыманая ў выніку штучнай гібрыдызацыі бялугі і сцерлядзі ў Расіі (1952), адсюль назва. Спалучае хуткі рост бялугі і ранняе выспяванне сцерлядзі. На Беларусь завезена ў 1973—74 на рыбакамбінат «Белае» (Гомельская вобл.) для вывучэння перспектыў рыбагасп. выкарыстання.

Даўж. да 180 см, маса больш за 30 кг. Пладавітая. Хутка расце. У аквакультуры гібрыды 1-га пакалення за год дасягаюць масы да 500 г, за 2 гады — да 4 кг. Вырошчваюць у басейнах, садках, сажалках.

Бесцер.

т. 3, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАПЛЯ́НКА (Acanthis cannabina),

птушка сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі, паўн.-зах. Афрыцы. На Беларусі звычайны пералётны від, на Пд і ў цэнтр. ч. часам зімуе. Жыве ў садах, на ўзлесках, лугах. У перыяд гнездавання трымаюцца парамі, у інш. час. чародамі.

Даўж. да 140 мм, маса да 22 г. У самцоў лоб і грудка чырв., спіна карычневая, брушка белае; самкі і маладыя К. шаравата-бурыя. Нясуць 3—7 яец. Кормяцца насеннем травяністых раслін.

Канаплянка: 1 — самец; 2 — самка.

т. 7, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛУ́ША (Larus fuscus),

птушка сям. чайкавых атр. сеўцападобных. Пашырана на марскіх узбярэжжах і вял. азёрах Еўропы. На Беларусі трапляецца на пралётах вясной (сярэдзіна крас.—пач. чэрвеня) і восенню (вер.—ліст.) на буйных азёрах і рэках.

Даўж. да 58 см, маса да 1200 г. Апярэнне белае, акрамя цёмна-шызай спіны і крылаў. Дзюба вял., моцная, ярка-жоўтая з чырв. плямай. Ногі лімонна-жоўтыя. Гняздуе на прыбярэжных скалах і астраўках, часта калоніямі. Нясе 2—3 яйцы. Усёедныя.

Клуша.

т. 8, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАДУ́НКА (Xenus cinereus),

птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашырана ў лесатундры і лясной зоне Еўразіі. Жыве па берагах рэк і азёр, на вільготных лугах. На Беларусі рэдкі пералётны від, трапляецца пераважна ў бас. р. Прыпяць, занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 27 см, маса 100 г. Апярэнне зверху шаравата-бурае з чорнымі палосамі, знізу белае. Дзюба тонкая, доўгая, выгнутая ўгору, буравата-чорная, каля асновы бледна-аранжавая. Ногі жаўтавата-ружовыя. Корміцца дробнымі беспазваночнымі. Гняздо на зямлі, нясе 4 яйцы.

Марадунка.

т. 10, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХНЕ́ВІЧ (Кася) (1746?, г. Слуцк Мінскай вобл. — ?),

танцоўшчыца. З 1756 вучылася ў Слуцкай балетнай школе Г.​Ф.​Радзівіла (у А.Пуціні і Л.Дзюпрэ), з 1758 танцавала ў яго прыдворным т-ры (дэбютавала ў «Балеце на тры пары» ў паст. Пуціні), выступала таксама на гастролях у г. Нясвіж і Белае (цяпер Бяла-Падляска, Польшча). Была найб. таленавітай у трупе, удасканаленню яе майстэрства аддаваў асаблівую ўвагу Пуціні. З 1760 салістка (першая танцоўшчыца) Нясвіжскага т-ра М.​К.​Радзівіла Рыбанькі.

Г.​І.​Барышаў.

т. 10, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕКІ́НСКАЯ ПАРО́ДА качак.

Выведзена ў Кітаі ў 17 ст., у СССР завезена ў 1925. Парода мяснога кірунку.

Птушка буйная, тулава прыпаднятае, шырокае, галава вял., дзюба аранжава-жоўтая. Крылы невялікія, шчыльна прылягаюць да тулава. Хвост прыўзняты. Ногі невысокія, аранжава-чырвоныя. Апярэнне белае, з крэмавым адценнем. Маса качараў 3,6—4,2, качак 3,4—3,9 кг. Сярэдняя яйцаноскасць за год — 130—150 яец. Асн. парода для вытв-сці мясных качанят, якія ў 60-сутачным узросце важаць да 2,5 кг.

Пекінская парода качак.

т. 12, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЙНСКАЯ ПАРО́ДА гусей.

Выведзена ў Германіі ў 20 ст. скрыжаваннем эмдэнскіх гусей з мясц. формамі. Пашырана паўсюдна, у т. л. на Беларусі.

Галава і шыя сярэдніх памераў, тулава кампактнае, грудзі шырокія. Апярэнне белае, дзюба і ногі аранжавыя. Маса гусакоў 6,5—6,7, гусак 5,5—6 кг. Яйцаноскасць 45—50 яец за год. Маса кожнага яйца да 175 г. Выкарыстоўваюць як бацькоўскую форму для вытв-сці мяснога маладняку, якія ў 60 сут важаць 3,7—4 кг.

М.​Ц.​Гарачка.

т. 13, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)