КАМБІФО́РМ (ад камбій + лац. forma від, форма),

элементы лубу (флаэмы) пераважна травяністых раслін. Клеткі К. выцягнутай формы, танкасценныя, завостраныя, без папярочных перагародак, паводле функцыі адпавядаюць клеткам парэнхімнай флаэмы. Узнікаюць з клетак пракамбію ці верацёнападобных клетак камбію і захоўваюць характэрную для іх форму (адсюль назва).

т. 7, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНУРБА́ЦЫЯ (ад лац. соп разам + urbs горад),

разнавіднасць гарадской агламерацыі, якая мае ў якасці ядра некалькі аднолькавых па памерах і значнасці гарадоў без дамінуючага. Напр., вял. колькасць гарадоў у Рурскім басейне (ФРГ). Для К. характэрна агульнасць эканам. жыцця, цесныя трансп. сувязі, маятнікавая міграцыя жыхароў.

т. 8, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РУЛА (новалац. morula ад лац. morum тутавая ягада),

стадыя зародкавага развіцця некаторых губак, кішачнаполасцевых, плоскіх чарвей, членістаногіх, большасці млекакормячых у перыяд драблення. На стадыі М. зародак уяўляе сабой шарападобнае ўтварэнне шчыльна прыціснутых (без поласці) адна да адной клетак (бластамераў). У млекакормячых М. ператвараецца ў бластацысту.

т. 10, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФАГРА́ФІЯ (ад марфа... + ...графія),

раздзел геамарфалогіі, які ўключае апісанне форм рэльефу зямной паверхні і сістэматызацыю іх па вонкавых прыкметах. Прадметам М. служаць звесткі аб вышынях, глыбінях, асаблівасцях расчлянення зямной паверхні, абрысах і ўзаемным размяшчэнні дадатных і адмоўных форм рэльефу без разгляду яго генезісу і ўзросту.

т. 10, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАНТЭ́НК, метантанк (ад метан + англ. tank бак, цыстэрна),

збудаванне для біялагічнай ачысткі сцёкавых вод з дапамогай анаэробных бактэрый (без прысутнасці кіслароду, з утварэннем метану). Звычайна гэта рэзервуар значнай (да некалькіх тысяч кубічных метраў) умяшчальнасці для мінералізацыі арган. рэчываў, што збіраюцца ў адстойніках ачышчальных збудаванняў.

т. 10, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,

саюз шляхты ў ВКЛ супраць палітыкі абсалютызму, што намагаўся ўвесці ў Рэчы Паспалітай кароль Аўгуст II Моцны. Створана 23.3.1716 на шляхецкім з’ездзе ў Вільні. Яе маршалкам выбраны ашмянскі харунжы К.​Сулістроўскі. Віленская канфедэрацыя далучылася да Тарнагродскай канфедэрацыі, якая патрабавала вываду саксонскіх войск з Рэчы Паспалітай. Падтрымалі Віленскую канфедэрацыю войска ВКЛ, магнаты, якія і да гэтага выступалі за абмежаванне ўлады караля. Атрады канфедэратаў змагаліся з каралеўскімі войскамі на тэр. ўсёй Рэчы Паспалітай. 3.11.1716 пры пасрэдніцтве рас. дыпламатаў паміж каралём і абедзвюма канфедэрацыямі падпісана пагадненне, паводле якога саксонскія войскі выводзіліся з Рэчы Паспалітай, улада караля абмежавана (не меў права пачынаць вайну без згоды сейма, арыштоўваць шляхціца без суда, раздаваць пасады чужаземцам і некатолікам), а правы шляхты пашыраліся (пацверджана права ліберум вета, абмежавана вайсковая ўлада гетманаў). Пагадненне зацверджана Нямым сеймам 1717.

А.П.Грыцкевіч.

т. 4, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГЛО́БУС»

(Globe),

тэатр, які існаваў у Лондане ў 1599—1644. Будынак уяўляў сабой авальную пляцоўку, абнесеную высокай сцяной, па ўнутраным баку якой знаходзіліся ложы для арыстакратыі, над імі — галерэя для заможных гараджан. Астатнія гледачы стаялі з трох бакоў сцэны. Спектаклі ішлі пры дзённым святле, без антрактаў і амаль без дэкарацый. Сцэна не мела заслоны. Прасцэніум моцна выступаў наперад, у глыбіні быў балкон (т.зв. верхняя сцэна), дзе таксама разыгрывалася дзеянне. Да 1642 у будынку тэатра іграла трупа «Слугі лорда-камергера», якую ўзначальваў акцёр гэтага тэатра Р.Бёрбедж. У «Глобусе» былі пастаўлены ўсе п’есы У.​Шэкспіра, напісаныя пасля 1594, а таксама інш. драматургаў эпохі англ. Адраджэння. Тэатр быў адным з найб. важных цэнтраў культ. жыцця краіны. У 1644 будынак разабраны. У 1996 тэатр пад назвай «Глобус» адноўлены.

Будынак тэатра «Глобус».

т. 5, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́НТВІЛА ((Montvila) Вітаўтас) (4.2. 1902, г. Чыкага, ЗША — 19.7.1941),

літоўскі паэт. З 1906 жыў у Літве. Вучыўся ў Каўнаскім ун-це (1928—29). За ўдзел у антыфаш. руху зняволены (1929—31). Расстраляны ням.-фаш. захопнікамі. Друкаваўся з 1923. Прадаўжаў рэв. і грамадз. традыцыі лірыкі Ю.Яноніса. У зб. «Ночы без начлегу» (1933) — тэма сац. несправядлівасці, спалучэнне лірызму і сюжэтнасці, сатыр. інтанацыі і экспрэсіўнасць стылю. Аўтар паэт. зб-каў «У шырокі свет» (1940), «Вянок Савецкай Літве» (выд. 1946), кн. «Апавяданні» (выд. 1951). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі М.​Аўрамчык, С.​Дзяргай, А.​Звонак, А.​Лойка, М.​Лужанін, М.​Хведаровіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Літоўская савецкая паэзія: Анталогія. Мн., 1977. Т. 1;

Рус. пер. — Избранное. М., 1956;

Ночи без ночлега. М., 1982;

Когда приходит весна. М., 1982.

т. 10, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЖА́ЕЎ (Барыс Андрэевіч) (1.6.1923, г.п. Піцеліна Разанскай вобл., Расія — 2.3.1996),

расійскі пісьменнік. Скончыў Вышэйшае інж.-тэхн. вучылішча ВМС у Ленінградзе (1948). Друкаваўся з 1953. Аповесці «Наледзь» (1956), «Саня», «Танкамер» (абедзве 1959) з жыцця далёкаўсходнікаў. Пісаў пра вясковае жыццё: аповесць «З жыцця Фёдара Кузькіна» (1966, наст. выд. «Жывы»), раман «Мужыкі і бабы» (кн. 1—2, 1976—87; Дзярж. прэмія СССР 1989), у якіх паказаны моцныя нар. характары, вострая канфліктнасць спалучаецца з гумарам. Аўтар рамана «Ізгой» (ч. 1, 1993), кніг нарысаў «Самастойнасць» (1972), публіцыстыкі «Пах мяты і хлеб надзённы» (1982), п’ес, кінааповесці «Дзень без канца і без краю» (1973), сцэнарыяў і інш. Склаў і апрацаваў «Удэгейскія казкі» (1955).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4 М., 1989—90;

Русские детективные истории, не похожие ни на что. Пушкино, 1993.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 9, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЭМА́Н (франц. agrement),

папярэдняя згода ўрада адной краіны на прызначэнне пэўнай асобы ў якасці кіраўніка дыпламат. прадстаўніцтва другой краіны. Паводле Венскай канвенцыі аб дыпламат. зносінах 1961 без агрэману такое прызначэнне не можа адбыцца. Пасля атрымання агрэману асоба становіцца персонай грата. Прычыны адмовы ў агрэману тлумачыць не абавязкова.

т. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)