КАРАНА́ЦЫЯ, каранаванне,

цырымонія ўрачыстага прыняцця хрысц. манархам (імператарам, каралём, вял. князем, герцагам і інш.) сімвалаў улады (карона, скіпетр і інш.) пры ўступленні на прастол, якая суправаджаецца царк. абрадамі і сімвалізуе «боскае» паходжанне манарх. улады. Вяршыняй К. з’яўляецца ўскладанне вышэйшым царк. іерархам краіны кароны (адсюль назва) на галаву манарха. У ВКЛ і Польшчы адбывалася паводле звычаяў каталіцкіх краін. У Расіі абрад К. запазычаны з Візантыі, адбываўся ва Успенскім саборы Маскоўскага Крамля.

т. 8, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПЛА́СА АПЕРА́ТАР,

лінейны дыферэнцыяльны аператар Δ, які зададзенай функцыі u(x, y, z) ставіць у адпаведнасць функцыю Δu(x, y, z). У прамавугольных дэкартавых каардынатах мае выгляд Δu = ∂2u ∂x2 + ∂2u ∂y2 + ∂2u ∂z2 . Для функцыі адной пераменнай супадае з аператарам 2-й вытворнай. Ураўненне Δu = 0 наз. Лапласа ўраўненнем (адсюль назва «Л.а.»). Абазначэнне Δ увёў англ. фізік і матэматык Р.​Мёрфі (1833).

т. 9, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРЫ́НЫ (Littorinidae),

сямейства пярэдняшчэлепных малюскаў. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераных, радзей у халодных і субтрапічных морах Паўн. паўшар’я. Вядомы з палеацэну. Жывуць на літаралі (адсюль назва) да глыб. 50 м. Прамежкавыя гаспадары некат. паразітаў.

Ракавіна даўж. да 45 мм, авальна-канічная, гладкая, бывае грубая спіральная. Афарбоўка пярэстая з белымі або аранжавымі палосамі на цёмным фоне, часам аднаколерная. Кормяцца расліннасцю і дэтрытам. Раздзельнаполыя, некат. яйцажывародныя. Ядомыя.

Ракавіна літарыны.

т. 9, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ННА,

1) застылы сок некаторых раслін (ясеня маннага, грабеншчыка і інш.), што выцякае з ранак на кары.

2) Некалькі відаў вандроўных лішайнікаў сям. леканоравых (засушлівыя вобласці ў Паўд.-Усх. Еўропе, Паўд.-Зах. Азіі і Паўн. Афрыцы). Маюць выгляд камячкоў дыям. да 4 см гліністага ці папяліста-шэрага колеру, якія да глебы не прымацоўваюцца. Лёгка пераносяцца ветрам на вял. адлегласці. Ядомыя (магчыма, адсюль і легенда пра М., якая «падае з неба»).

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЧ-РЫ́БА (Xiphias gladius),

адзіны від сям. мечарылых атр. акунепадобных. Пашыраны ва ўсіх акіянах, пераважна ў тропіках. Мігрыруе на вял. адлегласці. Зрэдку трапляецца ў Азоўскім, Балтыйскім, Баранцавым, Чорным, Японскім морах.

Даўж. да 4,5 м, маса да 0,5 т. Цела без лускі. Верхняя сківіца выцягнута ў мечападобны адростак (адсюль назва) даўж. да ​1/3 усёй рыбы. Драпежнік, корміцца кальмарамі, рыбай і інш. Аб’ект промыслу і спарт. лову.

Меч-рыба.

т. 10, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РАЖСКІ МАНАСТЫ́Р,

помнік архітэктуры 12—19 ст. у г. Пскоў (Расія). Засн. ў 1156 наўгародскім архіепіскапам Ніфантам каля вусця р. Міража (адсюль назва). Уключае Спаса-Праабражэнскі сабор (каля 1156; з цэглы-плінфы і каменю) — крыжова-купальны храм з масіўным барабанам і вял. купалам (у інтэр’еры фрэскі, магчыма, грэч. майстра), каменныя палаты, надбрамную царкву св. Стафана (абодва 17 ст.). Манастырскі комплекс абнесены сценамі ў 1799—1805.

Панарама Міражскага манастыра.

т. 10, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСКУ́ЛЬКА (Anser erythropus),

вадаплаўная птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў Еўропе і Азіі. Жыве ў хмызняковай тундры, па берагах азёр, далінах рэк, на горных схілах.

Гняздуе на зямлі. На Беларусі трапляецца на пралётах.

Даўж. да 62 см, маса да 2,5 кг. Апярэнне буравата-шэрае, лоб, бруха і падхвосце белыя. Вакол вока жоўтае кольца. Піскліва крычыць (адсюль назва). Корміцца травяністымі раслінамі, ягадамі. Нясе да 9 яец. Аб’ект промыслу.

Піскулька.

т. 12, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЦІГО́Р’Е.

У Перадкаўказзі, паўн. ч. раёна Каўказскіх Мінеральных Вод (у наваколлі г. Пяцігорск). Пакатая раўніна (выш. да 600 м), сярод якой узнімаюцца 18 ізаляваных гор-лакалітаў, якія маюць купалападобную (Машук, Лысая, Залаты Курган), канічную (Юца) ці вычварную (Развалка, Вярблюд і інш.) формы. Пяцікупальная (адсюль назва) г. Бештау самая высокая (1400 м). Трапляюцца карставыя формы рэльефу (правалы, пячоры). На схілах — шыракалістыя лясы, месцамі яны ўкрываюць і раўніну. Шмат мінер. крыніц.

т. 13, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗАНА́НСНЫЯ ЧАСЦІ́ЦЫ, рэзанансы,

нестабільныя элементарныя часціцы (адроны), якія могуць распадацца за кошт моцных узаемадзеянняў. Маюць час жыцця ад 10​−24 да 10​−22 с. Аб наяўнасці Р.ч. мяркуюць па ўскосных звестках, напр., па «рэзанансным» (адсюль назва) павелічэнні эфектыўнага сячэння даследаванага працэсу ўзаемадзеяння часціц пры тых значэннях энергіі, якія адпавядаюць масе (у энергет. адзінках) пэўнай Р.ч. Эксперыментальна адкрыты Э.​Фермі (пач 1950-х г.) і першасна трактаваліся як узбуджаныя станы адронаў.

т. 13, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНКТ-МО́РЫЦ (Sankt Moritz),

бальнеалагічны і горнакліматычны курорт у Швейцарыі. Размешчаны ў даліне р. Ін на выш. 1856 м, на беразе воз. Санкт-Морыц (адсюль назва). Асн. прыродны лек. фактар — мінер. крыніцы жалезістай вады. Лечаць захворванні органаў дыхання, руху і апоры, стрававання і інш. Мін. вада ўжываецца на пітное лячэнне, мінер. ванны. Атэлі, пітная галерэя, курортны парк. Буйны цэнтр турызму і зімовых відаў спорту (зімовыя Алімп. гульні 1928 і 1948).

т. 14, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)