ГАРЫХВО́СТКІ
(Phoenicurus),
род птушак сям. драздовых атр. вераб’інападобных. 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Жывуць на ўзлесках з дуплаватымі дрэвамі, у садах і парках паблізу жылля, у скалах каля горных лугоў. На Беларусі 2 віды: гарыхвостка звычайная (Р. phoenicurus) і гарыхвостка-чарнушка (Р. ochruros).
Даўж. 14—18 см, маса 13—17 г. Апярэнне самцоў яркае, самак больш цьмянае. Хвост звычайна рыжы (адсюль назва). Гнёзды ў дуплах, штучных гняздоўях або скалах. Выседжваюць 3—7 птушанят. Кормяцца насякомымі, зімой пераважна насеннем і пладамі.
т. 5, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)