сінтэтычныя палімеры, складаныя поліэфіры вугальнай к-ты і дыгідроксізлучэнняў. Маюць агульную ф-лу [—ORO—C(O)—]n, дзе R — араматычны ці аліфатычны радыкал.
Найб. пашыраны араматычныя П. на аснове дыфенілолпрапану (бісфенолу А), найважн. з іх П., які атрымліваюць полікандэнсацыяй бісфенолу А з фасгенам [—OC6H4C(CH3)2C6H4OC(O)—]n. Цвёрдае аморфнае бясколернае рэчыва, мал. м. (2—12)∙104, шчыльн. 1200 кг/м³, tпл 220—230 °C, раскладаецца пры t > 320 oC. Тэрмапласт. Раствараецца ў метыленхларыдзе, хлараформе і інш.арган. растваральніках. Характарызуецца высокімі трываласцю і цвёрдасцю, добрымі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі. Аптычна празрысты, атмасфера- і марозаўстойлівы (т-ра эксплуатацыі ад -100 да 135 °C), цяжкагаручы матэрыял. Выкарыстоўваюць П. якканстр. матэрыялы ў аўтамабілебудаванні, электроннай і электратэхн. прам-сці, як высокачастотныя дыэлектрыкі ў радыёэлектроніцы, у вытв-сці фільтраў для крыві, касцявых пратэзаў, абалонак для лек. сродкаў пралангаванага дзеяння, вочных лінзаў, лінзаў для оптыкі, асвятляльнай арматуры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́НСКІЯ,
род татарскіх царэвічаў у ВКЛ. Паходзілі ад царэвіча Енбек-салтана, сына Халек-салтана — пляменніка Шах-Ахмата, апошняга хана Вялікай (Заволжскай) Арды, які ў пач. 16 ст. ў якасці ганаровага палонніка знаходзіўся ў ВКЛ. Енбек-салтан упамінаецца ў попісе войска ВКЛ 1528. У 1542 Жыгімонт I Стары на просьбу «царэвіча Пунскага» аб маёнтку загадаў выдаваць яму штогод замест ранейшых 50 ужо 100 коп грошай. У гэты час Енбек-салтан з сям’ёй атрымаў землі ў Пунскай воласці каля Аліты і маёнтак Калдычэва ў Навагрудскім ваяв. Меў сыноў — Іслама, Цімура і Селіма, якія выкарыстоўвалі і княжацкі тытул. Як і царэвічы Астрынскія, П. не ўваходзілі ў склад татарскіх харугваў, а мелі права (як князі і паны) з’яўляцца са сваім атрадам непасрэдна да гетмана. Унукі Енбек-салтана захавалі княжацкі тытул, а тытул царэвічаў П. ператварыўся ў прозвішча. У 18 ст. гэты род, верагодна, згас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́КЕРТ (Rickert) Генрых (25.5.1863, г. Гданьск, Польшча — 30.7.1936),
нямецкі філосаф, адзін з заснавальнікаў бадэнскай школы неакантыянства. Праф. Фрайбургскага (з 1894) і Гайдэльбергскага (з 1916) ун-таў. Супрацьпастаўляў прыродазнаўчыя навукі як свабодныя ад каштоўнасцей, накіраваныя на вызначэнне агульных законаў, гіст. навукам, якія даследуюць непаўторныя з’явы і падзеі і адносяцца да сферы каштоўнасцей. Лічыў філасофію навукай пра каштоўнасці, якія ствараюць самаст. «свет трансцэндэнтнага сэнсу». Вызначаў 6 асн. катэгорый каштоўнасцей: ісціна, прыгажосць, безасобасная і асобасная святасць, маральнасць, шчасце. Распрацаваў анталагічную канцэпцыю свету, які разумеў як сукупнасць 4 сфер: фіз. і псіхічнага быцця; «інтэлігібільнага» быцця (свет каштоўнасцей і сэнсавых утварэнняў); неаб’ектывуемай суб’ектыўнасці (злучэнне каштоўнасцей і існага); «незямнога» быцця (супадзенне каштоўнасцей і існага, зразумелае толькі пры дапамозе рэліг. веры).
Тв.:
Рус.пер. — Границы естественнонаучного образования понятий: Логич. введение в ист. науки. СПб., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААБАРО́НА ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУ́СІ (Samoobrona, Samoobrona Litwy i Białorusi),
польскія вайсковыя фарміраванні на тэр. Літвы і Беларусі, акупіраванай у 1-ю сусв. вайну герм. войскамі. Стваралася з мэтай абароны інтарэсаў мясц. польскага насельніцтва, а таксама як авангард польскай арміі. Іх органы пачалі стварацца з 1918 афіцэрамі б. 1-га польскага корпуса ген. Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага пры падтрымцы мясц. польскіх паліт. колаў. Гал. цэнтрамі самаабароны сталі Мінск, Вільня, Ліда, Гродна; яе часці дзейнічалі ў Шчучыне, Свіры, Вілейцы, Ашмянах, Радуні, Эйшышках. У выніку супрацьдзеяння герм. боку і наступлення Чырв. Арміі 29.12.1918 С.Л. і Б. ліквідавана, а яе часці фармальна ўвайшлі ў склад польскай арміі. Замест самаабароны, як органа кіраўніцтва польскімі вайсковымі фарміраваннямі на акупіраванай немцамі тэрыторыі, створана Ген. акруга Літвы і Беларусі. Жорсткае задушэнне рэв. руху, яўр. пагромы, абарона інтарэсаў польскіх землеўласнікаў, рэквізіцыі і інш. выклікалі негатыўныя адносіны да самаабароны з боку мясц. няпольскага насельніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРАБА́НДА (ісп. zarabanda),
1) старадаўні танец ісп. паходжання. Вядомы з 16 ст.як хуткі, свавольны, тэмпераментны песня-танец любоўнага характару. З 17 ст. пашырыўся ў Англіі і Францыі і ператварыўся ў павольны прыдворны танец урачыстага характару.
2) З сярэдзіны 17 ст. — частка інстр.сюіты. Жанравыя прыкметы: тэмп павольны, памер 3/4 або 3/2 з акцэнтам на 2-й долі такта, развітае гарманічнае суправаджэнне, шырокае выкарыстанне арнаментыкі; характар урачысты або журботна-засяроджаны, часам жалобны. Лепшыя ўзоры створаны І.С.Бахам і Г.Ф.Гендэлем. У 20 ст. кампазітары выкарыстоўваюць С. ў творах неакласічнай арыентацыі (сюіта «Для фартэпіяна» і фп. «Вобразы» К.Дэбюсі, балет «Агон» І.Стравінскага). У бел. музыцы выкарыстана Я.Глебавым для стварэння вобраза Філіпа ў балеце «Тыль Уленшпігель», У.Дарохіным у сімф. сюіце «Мемарыял», у якой кампазітар пераасэнсоўвае прынцыпы будовы класічнай сюіты, В.Войцікам як частка «Сюіты ў старадаўнім стылі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЦКАЯ ВО́ЛАСЦЬ,
буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у нізоўі р. Свіслач (прыток Бярэзіны) у 14—18 ст. Першапачаткова ўяўляла сабой, напэўна, цэнтр. частку Свіслацкага княства, далучанага да ВКЛ у сярэдзіне 14 ст. У 15 ст., верагодна, мела двайное падпарадкаванне Віленскаму і Трокскаму ваяв. У 1-й пал. 16 ст. ўваходзіла ў Віленскае ваяв. У 1560 у С.в., як і ў інш.дзярж. маёнтках, праведзена зямельная рэформа, уведзена новая адзінка абкладання — служба. Паводле інвентара, складзенага з гэтай нагоды, у воласці (акрамя мястэчка і замка Свіслач) было 18 сёл з 484 дварамі, у якіх намерана 137 службаў. Паводле адм. рэформы 1565—66 тэр. С.в. на З ад р. Бярэзіна ўключана ў Мінскі пав., рэшта — у Аршанскі пав. У 1568 свіслацкі намеснік М.Б.Гарабурда атрымаў ад вял.кн.ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста прывілей на падараванне яму воласці, якая засталася за яго нашчадкамі як прыватны маёнтак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ДА,
тэхнічная назва карбанатаў натрыю. Бязводны натрыю карбанат Na2CO3наз. кальцыніраванай С., яе крышталегідрат Na2CO3∙10H2O (дэкагідрат) — крышт. С., гідракарбанат NaHCO3 — пітной, ці харч. С. У прыродзе трапляецца ў выглядзе грунтавых расолаў, рапы ў азёрах і мінералаў — натрону Na2CO3∙10H2O, тэрманатрыту Na2CO3∙H2O, троны Na2CO3∙NaHCO3∙2H2O.
С. кальцыніраваная — бясколерныя крышталі, tпл 858 °C. Гіграскапічная, раствараецца ў вадзе (растворы маюць моцнашчолачную рэакцыю). Атрымліваюць пераважна награваннем NaHCO3, што ўтвараецца пры карбанізацыі воднага раствору хларыду натрыю, насычанага аміякам. а таксама з прыродных пакладаў, саляных расолаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, мыла і інш. мыйных сродкаў, алюмінію, для атрымання інш. злучэнняў натрыю і пігментаў, ачысткі нафтапрадуктаў, пры варцы цэлюлозы. С. пітная — белы крышт. парашок, які пры 100—150 °C раскладаецца. Атрымліваюць насычэннем воднага раствору Na2CO3 вуглякіслым газам. Выкарыстоўваюць як разрыхляльнік цеста ў хлебапякарнай і кандытарскай прам-сці, у вытв-сці безалкагольных напіткаў, штучнай мінер. вады, яклек. сродак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЛІ́ЦА,
галоўны горад дзяржавы, адм.-паліт. цэнтр краіны. С. звычайна з’яўляецца месцазнаходжаннем вышэйшых органаў дзярж. улады і дзярж. кіравання, вышэйшых суд., ваен. і інш. устаноў. У большасці выпадкаў С. — таксама эканам. цэнтр краіны (якнапр., Мінск у Беларусі), але ў некат. краінах эканам. цэнтрам з’яўляецца іншы горад (напр., сталіца ЗША — г.Вашынгтон, а эканам. цэнтр — г.Нью-Йорк). Як правіла, С. вылучаюцца ў самаст.адм. адзінку з асобым рэжымам кіравання. Акрамя С., якія набылі гэты статус у працэсе гіст. развіцця, існуюць гарады, якія спецыяльна пабудаваны для выканання сталічных функцый (Канбера, Аўстралія; Бразілія, Бразілія; Ісламабад, Пакістан і інш.). У некат. краінах пры існаванні афіц. С. фактычна сталічныя функцыі выконваюць інш. гарады (у Балівіі Ла-Пас замест Сукрэ, у Нідэрландах Гаага замест Амстэрдама). У Расійскай імперыі з пераносам сталіцы (1712) у Санкт-Пецярбург некат. сталічныя функцыі захоўваліся за ранейшай сталіцай — г.Масква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАХ,
1) у псіхалогіі — адмоўная эмоцыя, што ўзнікае ў выніку рэальнай або ўяўнай небяспекі, якая пагражае жыццю арганізма, асобе, яе каштоўнасцям (ідэалам, мэтам, прынцыпам і інш.). Сфарміраваныя рэакцыі С. з’яўляюцца адносна стойкімі і здольныя захавацца нават пры разуменні іх бессэнсоўнасці. Таму выхаванне ўстойлівасці да С. звычайна накіравана не на пазбаўленне ад яго, а на выпрацоўку ўменняў валодаць сабой пры наяўнасці С. Неафрэйдызм разглядае С. якгал. крыніцу неўрозу.
2) Адно з асн. паняццяў экзістэнцыялізму. Уведзена С.К’еркегорам, які вылучаў звычайны «эмпірычны» С.-боязь, выкліканы канкрэтным прадметам ці абставінамі, і нявызначаны, неўсвядомлены С.-тугу — метафізічны С., які невядомы жывёлам, прадметам якога з’яўляецца нішто; ён абумоўлены тым, што чалавек смяротны і ведае пра гэта. У М.Хайдэгера С. адкрывае перад «экзістэнцыяй» яе апошнюю магчымасць — смерць. Метафізічны, экзістэнцыяльны С. Ж.П.Сартр тлумачыць як С. перад самім сабой, перад сваёй магчымасцю і свабодай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДО́ВАЯ ПРА́КТЫКА,
1) дзейнасць судоў па прымяненні законаў пры вырашэнні канкрэтных спраў.
2) Пэўная тэндэнцыя вырашэння судамі асобных катэгорый спраў з улікам рашэнняў судоў, якія набылі законную сілу, найперш судоў вышэйшых інстанцый. Садзейнічае аднастайнасці ў прымяненні законаў судамі. У Рэспубліцы Беларусь абагульняецца вопыт дзейнасці ўсіх судоў, канкрэтызуюцца асобныя нормы, робяцца ўказанні судам, як правільна разумець і прымяняць законы, на прыкладзе канкрэтных спраў адзначаюцца памылкі судоў пры іх вырашэнні. С.п. адыгрывае важную ролю ва ўдасканаленні заканадаўства, паколькі ў працэсе выкарыстання судамі законаў правяраецца эфектыўнасць дзеючых норм, выяўляюцца хібы, супярэчнасці і інш. недахопы існуючага заканадаўства. Вывучэнне і абагульненне С.п., якім займаюцца ўсе суды, ад Вярх. суда да раённых судоў, дае магчымасць глыбей раскрыць прычыны і ўмовы парушэння законнасці, своечасова паставіць перад адпаведнымі органамі і службовымі асобамі пытанне аб папярэджанні гэтых парушэнняў.
У шэрагу краін С.п. разглядаецца як крыніца права, стварае новыя формы (напр., у форме прэцэдэнту).