вырашальная бітва Вялікай вайны 1409—11 паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам з другога. Адбылася 15.7.1410 каля населеных пунктаў Грунвальд і Таненберг (цяпер Альштынскае ваяв., Польшча). З’явілася гал. этапам вайны, план якой быў распрацаваны польск. каралём Ягайлам і вял.кн.ВКЛ Вітаўтам на Берасцейскай сустрэчы 1409. У ліп. 1410 войскі саюзнікаў (каля 30—40 тыс.чал.) злучыліся ў раёне Казініц і рушылі на сталіцу ордэна Марыенбург (Мальбарк). 15 ліп. яны былі вымушаны прыняць бой на адкрытай мясцовасці з крыжацкім войскам (каля 15—20 тыс.чал.). Войска крыжакоў (уваходзілі таксама рыцары з Германіі, Англіі, Францыі, Швейцарыі, Чэхіі і інш. краін) складалася з 51 харугвы, войска ВКЛ і Польшчы (уваходзілі таксама татары саюзнага Вітаўту хана Джэлал-ад-Дзіна і наёмнікі) — з 90 харугваў, 40 з іх належалі ВКЛ (Трокская, Гарадзенская, Ковенская, Лідская, Смаленская, Полацкая, Віцебская, Пінская, Новагародская, Берасцейская, Ваўкавыская, Драгічынская, Старадубская, Мсціслаўская і інш.). Крыжакі занялі больш выгадную для атакі пазіцыю на ўзвышшы. Перад баявымі парадкамі крыжакоў стаялі гарматы і арбалетчыкі. Войскі саюзнікаў размяшчаліся трыма лініямі на беразе р. Маршы. Бітва пачалася атакай 1-й лініі крыла Вітаўта і змешчаных на яе правым флангу татар. Атакуючых сустрэлі гарматным агнём, потым супраць іх рушыла левае крыло крыжацкага войска, сітуацыя схілілася на іх карысць. Верныя сваёй улюбёнай тактыцы, татары арганізавалі прытворныя ўцёкі. Услед за імі пабегла 1-я лінія войска ВКЛ, акрамя трох харугваў са Смаленскай зямлі (мсціслаўскай, смаленскай і няпэўнай прыналежнасці) на чале з мсціслаўскім кн. Лугвенам. Націск крыжакоў спынілі 2-я і 3-я лініі войск Вітаўта. Адначасова 1-я лінія палякаў атакавала правае крыло крыжакоў. Атака была няўдалая, крыжакі ледзь не захапілі вял. каралеўскі сцяг. Становішча выправілася з увядзеннем 2-й польск. лініі. Пасля 6 гадз напружанай бітвы сілы ордэна пачалі адкочвацца ад свайго лагера. Імкнучыся пераламіць ход бітвы, магістр ордэна Ульрых фон Юнгінген павёў у наступленне апошнія 16 харугваў рэзерву. Яны прарвалі фронт і выйшлі ў тыл польск. войска, але былі акружаны і знішчаны, загінуў і сам магістр ордэна. У рукі саюзнікаў трапілі ўмацаваны лагер крыжакоў і ўсе іх сцягі. Паражэнне Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве абумовіла вынік вайны ў цэлым. Паводле Тарунскага міру 1411 ва ўладанне ВКЛ і Польшчы адышлі Добжынская і Жамойцкая землі. Магутнасць ордэна была падарвана. У 1960 на месцы бітвы пастаўлены помнік.
Літ.:
Длугош Я. Грюнвальдская битва: [Пер. с лат.]. М.; Л., 1962;
Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi. Т. 1. Warszawa, 1846;
Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg 1410. Quellenkritische Untersuchungen. Bd. 1. Berlin, 1982;
Kuczyński S.M. Bitwa pod Grunwaldem. Katowice, 1987. Nadolski A. Grunwald;
Problemy wybrane. Olsztyn, 1990.
Ю.М.Бохан.
Грунвальдская бітва 1410. Літаграфія М.Басалыгі. 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́НІЯ,
1) паселішча, заснаванае стараж. народамі (асірыйцамі, фінікійцамі, грэкамі, рымлянамі) у чужых землях. Іх узнікненне найчасцей абумоўлена недахопам зямлі і гандл. рынкаў. К. грэкаў і фінікійцаў былі звычайна самастойнымі, рымскія — апорнымі пунктамі імперыі ў яе правінцыях.
2) Краіна або тэр., якая знаходзіцца пад уладай замежнай дзяржавы (метраполіі), кіруецца на падставе спец. рэжыму і пазбаўлена паліт. і эканам. самастойнасці. Адна з гал. прычын утварэння К. — нераўнамернасць эканам. і сац. развіцця чалавецтва. Першыя К. (пазней калан. імперыі) па-за межамі Еўропы (у Амерыцы, Афрыцы і Паўд.-Усх. Азіі) створаны ў эпоху Вял.геагр. адкрыццяў 15—16 ст.Напр., ісп. К. ахоплівалі амаль усю Паўд., Цэнтр. і частку Паўн. Амерыкі. У 17 — пач. 19 ст. ў Паўн. Амерыцы, Афрыцы, Паўд.-Усх. Азіі К. Англіі, Францыі і інш. краін узнікалі як прыбярэжныя крэпасці, земляробчыя і гандл. паселішчы, якія паступова пашырыліся. Карэннае насельніцтва К. прыгняталася, часам вынішчалася ці выганялася. Самаразвіццё буйных К. выклікала неабходнасць іх аддзялення ад метраполій. У выніку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83паўн.-амер. К. Англіі аддзяліліся і ўтварылі самаст. дзяржаву — ЗША. Падобным чынам у выніку вайны за незалежнасць іспанскіх калоній ў Амерыцы 1810—26 утварыліся незалежныя дзяржавы ў Лац. Амерыцы. У эпоху даманапаліст. рыначнай эканомікі К. — рынкі збыту тавараў і крыніцы сыравіны для метраполій. У манапаліст. эпоху К. сталі і сферай прыкладання капіталу. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. патрэбы прам-сці метраполій у сыравіне і барацьба паміж буйнымі індустр. дзяржавамі за рынкі збыту выклікалі новую хвалю калан. захопаў у Афрыцы і Азіі. У 1923 агульная плошча К. Бельгіі, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Італіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Францыі, ЗША і Японіі складала 58,5 млн.км² (больш за 1/3 плошчы зямлі), у т. л. К. Вялікабрытаніі 35,2 млн., Францыі 12,2 млн.км². У 1930—40-я г. пачаўся і ў 1970-я г. завяршыўся распад калан. сістэмы, абумоўлены працэсамі сац.-эканам. развіцця чалавецтва і ростам нац.-вызв. руху ў К. Цяпер К. такога тыпу ў свеце няма. Гл. таксама Каланіялізм.
3) Паселішча перасяленцаў з інш. краіны, вобласці. У Рас. імперыі ў 18 — пач. 20 ст. К. называлі пасёлкі замежных перасяленцаў (немцаў, грэкаў, сербаў і інш.), якія атрымлівалі ад дзяржавы зямлю і займаліся сельскай гаспадаркай.
4) У Польшчы, у т. л. ў Зах. Беларусі, у 1920—30-я г. тып с.-г. паселішча сялян-перасяленцаў на новаасвоеных землях (гл.Асаднікі).
5) Супольнасць землякоў у чужой краіне (горадзе); зямляцтва. У 1989 бел. К. налічвалі ў Расіі 1052 тыс.чал., на Украіне 406 тыс., у Польшчы больш за 200 тыс., Казахстане 182 тыс., Латвіі 112 тыс., Літве 58 тыс., Эстоніі 23 тыс., у краінах Зах. Еўропы, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. ад 300 тыс. да 2 млн.чал. 6) У Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. краінах СНД від папраўча-працоўнай установы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІ́НСКАЕ ПІСЬМО́, лацінка,
літарнае пісьмо, якім карысталіся стараж. рымляне і якое пакладзена ў аснову пісьма большасці народаў Еўропы, Афрыкі, Амерыкі і Азіі (карыстаецца каля 35% насельніцтва свету). Назва паходзіць ад племені лацінаў. Узнікненне лац. алфавіта, які ўзыходзіць да грэч. (гл.Грэчаскае пісьмо), адносяць да 4—3 ст. да н.э. Напрамак пісьма напачатку бустрафедон (1-ы радок — справа налева, 2-і — злева направа і г.д.), з 4 ст. да н.э. — злева направа. У ант. Л.п. знакаў прыпынку не было, падзел на вял. і малыя літары адсутнічаў. Словы аддзяляліся адно ад аднаго пераважна словараздзяляльнымі знакамі, якія стаялі на ўзроўні сярэдзіны літар. Каля 234 да н.э. ўведзена літара G, амаль адначасова ўпарадкавана ўжыванне C, K, Q: C — найб. агульнае абазначэнне для k; Q — перад u; K — захоўваецца толькі ў некалькіх словах. З увядзеннем у 1 ст. да н.э. літар Y і Z для слоў грэч. паходжання скончылася фарміраванне лац. алфавіта (23 знакі). Найстараж. помнік лац. пісьма — надпіс на сярэбранай пасудзіне (7 ст. да н.э.) з г. Прэнеста (Італія). У сярэднія вякі, калі лац. мова з’яўлялася міжнар. мовай еўрап.культ. свету, лац. алфавіт папоўніўся літарамі J і W, а літары U і V сталі адрознівацца гукавым значэннем (у і в). У пасляант. час узнік падзел літар на вял. і малыя, з’явіліся знакі прыпынку і дыякрытычныя знакі. У нац. сістэмах пісьма, якія маюць у аснове Л. п., яго прыстасаванне да адпаведных фанет. сістэм адбывалася пераважна за кошт увядзення дыякрытычных знакаў (у франц., польскай, літ. і інш. мовах). Сучасны лац. алфавіт мае 2 друкарскія віды: гатычны шрыфт (фактура) і лацініца (антыква) — блізкі да стараж., з’яўляецца пануючым.
На Беларусі Л.п. вядома са старажытнасці ў пашыраных на яе тэрыторыі пісьмовых помніках на польскай і лац. мовах. У 18 ст. паралельна з кірыліцай Л.п. выкарыстоўвалася ў некат. (напр., драматычных) творах на бел. мове. У 19 ст. Л.п. (пры існаванні кірыліцы) бел. пісьменнікі (Я.Чачот, П.Багрым, В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч і інш.) прыстасавалі для перадачы роднай мовы. Лацінкай друкавалася нелегальная, першая на бел. мове газ. «Мужыцкая праўда» К.Каліноўскага (1862—63), кірыліцай і лацінкай — газеты «Наша доля» (1906) і «Наша ніва» (1906—12), кнігі Цёткі «Хрэст на свабоду» (1905), «Скрыпка беларуская», «Першае чытанне для дзетак беларусаў» (абедзве 1906), зб. Я.Купалы «Гусляр» (1910). У аснове сучаснай бел. графікі рус.грамадзянскі шрыфт. У Зах. Беларусі побач з ім лац. алфавіт ужываўся да 1939. Цяпер выкарыстоўваецца пры друкаванні асобных бел. выданняў за мяжой.
Літ.:
Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ.М., 1963;
Люблинская АД. Латинская палеография. М., 1969;
Федорова Е.В. Введение в латинскую эпиграфику. М., 1982;
Крамко І.І., Юрэвіч А.К., Яновіч А.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны са спец. рабочымі органамі для выканання адной або некалькіх аперацый тэхнал. працэсу меліярац. работ. Выкарыстоўваюцца для буд-ва, рамонту і догляду арашальных сістэм, асушальных сістэм, выканання аграмеліярац. работ, паліву с.-г. культур. Бываюць: бесперапыннага і цыклічнага дзеяння; з актыўнымі (ратацыйнымі, шнэкавымі, каўшовымі, камбінаванымі), пасіўнымі (плужнымі, адвальнымі) ці актыўна-пасіўнымі (ротарна-плужнымі, скрабалкава-нажавымі) рабочымі органамі; навясныя, прычапныя, паўпрычапныя, самаходныя, гусенічныя, колавыя, на лыжах, плывучыя.
Сістэма М.м. складаецца з 8 груп тэхн. сродкаў, кожная група ўключае тэхнал. комплексы. Энергетычныя, транспартныя і пагрузачныя сродкі ўключаюць: дызельныя электрастанцыі і кампрэсарныя станцыі (устаноўкі); трактары гусенічныя і колавыя, самаходныя шасі — як база для бульдозераў, рыхліцеляў, для агрэгатавання з меліярац. і с.-г. прыладамі; аўтамабілі грузавыя, седлавыя цягачы, спец. — аўтамабілі-фургоны, -цыстэрны, -змяшальнікі, цэментна-, бетона-, труба- і лесавозы, механізаваныя агрэгаты для тэхн. догляду, прычэпы; аўтамаб. і гусенічныя краны, пагрузчыкі, трубаўкладчыкі. Агульнабудаўнічыя тэхнічныя сродкі для механізацыі меліярацыйных работ: аднакаўшовыя і траншэйныя экскаватары, бульдозеры, скрэперы, аўтагрэйдэры і грэйдэры, каткі, палівачныя машыны, рыхліцелі, земснарады, машыны для буд-ва, абслугоўвання і рамонту свідравін. Машыны для будаўніцтва арашальных і асушальных сістэм: каналакапальнікі, дрэнажныя машыны, планіроўшчыкі, баразнаробы, машыны для абліцоўкі каналаў, умацавання адхонаў і інш.Машыны для культуртэхнічных работ; карчавальныя машыны, кустарэзы, каменяўборачныя машыны, драбілкі камянёў, балотныя плугі, рыхліцелі, бароны, фрэзерныя машыны, каткі палявыя і дарожныя, машыны для аэрацыі, сяўбы і інш.Машыны для догляду і рамонту арашальных і асушальных сістэм: каналаачышчальныя машыны, касілкі, дрэнапрамывачныя машыны, агрэгаты для рамонту дрэн, для догляду гідратэхн. збудаванняў і інш.Тэхніка для арашэння: дажджавальныя машыны і ўстаноўкі, камплекты кропельнага арашэння, перасоўныя агрэгатныя палівальшчыкі, гідрападкормшчыкі, прыстасаванні для ўнясення пестыцыдаў і мінер. угнаенняў, помпавыя станцыі і інш.Абсталяванне для пошукавых работ: буравыя ўстаноўкі, прыстаўкі для статычнага зандзіравання, грунтапомпы для плывунных і воданасычаных грунтоў. Ветраэнергетычныя агрэгаты і ўстаноўкі: водападымальныя ўстаноўкі, ветраагрэгаты для ўстановак пашавага водазабеспячэння, ветраэлектрычныя агрэгаты.
Прадпрыемствы Беларусі (Мазырскі завод меліярацыйных машын, эксперыментальна-вытв. прадпрыемства меліярацыі і лугаводства Беларускага НДІ, рамонтныя прадпрыемствы Беларускага дзяржаўнага канцэрна па будаўніцтве і эксплуатацыі меліярацыйных і водагаспадарчых сістэм) выраблялі або вырабляюць і цяпер многія М.м.: каналаачышчальнікі, каналакапальнікі, кротадрэнажныя машыны, кратавальнікі, шчылінарэзныя машыны, карчавальнікі. кустарэзы, гідрасеялкі, машыны для прамыўкі дрэн, касілкі, планіроўшчыкі і інш.
Літ.:
Машины для строительства и содержания осушительных дрен. М., 1973;
Машины и оборудование для планировки откосов мелиоративных каналов. М., 1978;
Мелиоративные машины. М., 1980;
Справочник механизатора-мелиоратора. Мн., 1982;
Кондратьев В.Н. Гидравлические сеялки для укрепления каналов. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁМАНСКАЕ ШКЛОмастацкае,
вырабы са шкла (посуд, вазы, скульптура, творы манум.-дэкар. мастацтва) шклозавода «Нёман». Традыцыі Н.ш. закладзены ў 2-й пал. 19 ст. майстрамі гутаў хутара Устрынь-Боркі (1875), урочышча Малодзіна (цяперг. Бярозаўка Лідскага р-на Гродзенскай вобл.). Посуд і прадметы раскошы (маст. шкло) выраблялі метадамі прасавання, выдзімання ў нерухомыя і рухомыя формы (ціхае выдзіманне), свабоднага фармавання з бясколернага, каляровага празрыстага і глушанага шкла. Пры дэкарыраванні вырабаў выкарыстоўваліся алмазная і шырокая грань, гравіроўка, люстр, размалёўка эмалямі і золатам, светлае і глыбокае траўленне, налепы, скульптурная пластыка, каляровыя ніці. У 1880—1914 прасаваныя і ціхавыдзіманыя вырабы пакрывалі нізкарэльефным дэкорам з матывамі неаготыкі і неаракако. Віцці аканта, ракайлевыя грабеньчыкі і краты, выявы анёлаў, дробныя раслінныя элементы мудрагеліста кампанаваліся на паверхні пасудзін і рэчаў. Прасаваныя і свабодна фармаваныя вырабы часта дадаткова дэкарыравалі гутнымі пластычнымі аздобамі (фігуркамі людзей, жывёл, птушак, каляровымі ніткамі). Выдзіманыя масавыя вырабы ў 1890—1920-я г. ствараліся ў стылі мадэрн, пазней — пад уплывам чэш. шкла і школы «Баўгауз» — функцыяналізму, канструктывізму і кубізму. Сярод размалёвак пераважалі пейзажныя і кветкавыя кампазіцыі, якія стылістычна набліжаюцца да размалёвак на бел. дыванах пач. 20 ст. У 1940 — сярэдзіне 1950-х г. пераважаў выраб посуду з каляровага накладнога (2—3-слойнага) жоўтага, зялёнага, сіняга, фіялетавага і чырвонага шкла па бясколерным і малочным, аздоблены шліфаваным геам. і зрэдку расл. арнаментам. З 1956 на з-дзе працуюць прафес. мастакі, работы якіх сталі значным укладам у распрацоўку маст. шкла. Н.ш. гэтага часу характарызуецца класіцыстычнай прастатой высакародных форм гладкасценнага недэкарыраванага посуду са слабаафарбаванага шкла пастэльных, пераважна дымчатых колераў. Для серыйных і дэкар. вырабаў характэрна скульптурна-вобразнае вырашэнне. У 1969 майстар А.Федаркоў распрацаваў новы метад дэкарыравання вырабаў сульфідна-цынкавым шклом пад назвай «нёманская ніць». У 1970-я г. распрацаваны новыя віды ўзбагачэння малюнкаў фактуры спосабам ціхага выдзімання, што дало магчымасць выкарыстоўваць разнастайныя выяўл. і асацыятыўныя сродкі пры стварэнні маст. вобразаў. У 1980-я г. створана брыгада па вырабе масавых рэчаў у тэхніцы пракатнага маліравання. Сучаснае Н.ш. характарызуецца разнастайнасцю маст. стылістыкі і тэхнік формаўтварэння (гута, прэс, рухомае і ціхае выдзіманне, рыфленне, пракатнае маліраванне), шырокім выкарыстаннем розных тэхнік дэкарыравання — халоднага (алмазная грань, шліфоўка, пескаструменная тэхніка, фотадрук, размалёўка) і гутнага (прылепы, пячаткі, аплікацыі, дробная пластыка, каляровая крошка, ніці сульфідныя, крыялітавыя, каляровыя, бясколерныя). Сярод вядучых мастакоў Н.ш. — А.Анішчык, К.Вакс, В.Дзівінская, У.Жохаў, Г.Ісаевіч, Т.Малышава, У.Мурахвер, Л.Мягкова, С.Раўдвеэ, В.Сазыкіна, Г.Сідарэвіч, Федаркоў і інш.
Літ.:
Беларускае мастацкае шкло: [Альбом]. Мн., 1978;
Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло, XIX — пачатак XX ст.Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЖНІ НО́ЎГАРАД,
горад, цэнтр Ніжагародскай вобл., у Расіі. Размешчаны каля ўпадзення р. Ака ў Волгу. 1385,9 тыс.ж. (1996). Буйны рачны порт, чыг. вузел. Аэрапорт. Метрапалітэн (з 1985). Буйны цэнтр машынабудавання, у т. л. аўта-, авія-, суднабудавання і металаапрацоўкі (акц.т-ва «ГАЗ», ВА «Ніжагародскі машзавод»; ВА «Завод «Чырвонае Сормава» — гал. суднабудаўная база Волжскага флоту; з-ды: спецыялізаваных машын, каробак скарасцей, штампаў і прэс-форм, дызелебудавання, авіябудаўнічы, апаратуры сувязі, тэлевізійны). Прадпрыемствы перапрацоўчай чорнай і каляровай металургіі, хім., нафтахім., хім.-фармацэўтычнай, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харчасмакавай, лёгкай прам-сці. 9 ВНУ. У т. л.ун-т.
Засн. як каменная крэпасць у 1221 уладзімірскім кн. Юрыем Усеваладавічам. З 1350 сталіца Ніжагародска-Суздальскага княства, гандл. і культ. цэнтр (у Пячорскім манастыры ў 1377 створаны Лаўрэнцьеўскі летапіс). У 1392 далучаны да Маскоўскага вял. княства і стаў апорным пунктам у барацьбе з Казанскім ханствам. У 1520 і 1536 на горад нападалі татары. З 2-й пал. 16 ст. адзін з буйнейшых гандл.-рамесніцкіх цэнтраў Маскоўскага княства. У канцы 1611 у Н.Н. пачалося фарміраванне нар. апалчэння К.Мініна і Дз.Пажарскага. З 1719 цэнтр Ніжагародскай губ. У 1817—1917 у горадзе дзейнічаў Ніжагародскі кірмаш (адноўлены з 1990). У 1862 злучаны чыгункай з Масквой. У 1932—91 наз. Горкі.
З 2-й пал. 16 ст. складваюцца 2 часткі горада — Нагорная (цэнтр) і Зарэчная (слабоды, пазней прамысл. раён). Помнікі архітэктуры 16 — пач. 18 ст.: крэмль (крапасныя сцены з вежамі, 1500, 1508—11) з Архангельскім саборам (1624—31, арх. Л. і А.Вазауліны, на месцы сабора 13 ст.); манастыры Пячорскі з Узнясенскім саборам (1632, арх. А.Вазаулін) і 2 шатровымі цэрквамі (1642—45 і 1648), Дабравешчанскі з саборам (1649) і Успенскай царквой (1678); Успенская царква на Ільінскай гары (1672—1715); цэрквы т.зв. строганаўскага стылю (пры сядзібе Строганавых) — Смаленская (1694—97) і Раства (1719). Паводле плана 1824 у межы горада на левым беразе Акі ўвайшла Канавінская слабада з тэр. Ніжагародскага кірмашу; захаваліся саборы Спаскі старакірмашовы (1817—22, арх. А.Манферан) і Кірмашовы Аляксандра Неўскага (1881, арх. Р.Кілевейн і Л.Даль, аднаўляецца), Гал. дом кірмашу (1890, з пач. 1990-х г. цэнтр адноўленай біржавай і кірмашовай дзейнасці). У Нагорнай частцы захаваліся будынкі б. Шляхетнага сходу (1826, арх. І.Яфімаў, класіцызм). т-ра драмы (1896, арх. В.Шротэр, эклектыка), дзяржбанка (арх. В.Пакроўскі, неарускі стыль), дом Сіроткіна (абодва 1913, арх. браты Весніны, неакласіцызм; цяпермаст. музей) і інш. Помнікі: абеліск у гонар К.Мініна і Дз.Пажарскага (1826), М.Горкаму (1952), М.А.Дабралюбаву (1986) і інш.
Літ.:
Бубнов Ю.Н., Орельская О.В. Архитектура города Горького: Очерки истории, 1917—1985. Горький, 1986;
Бубнов Ю.Н. Архитектура Нижнего Новгорода середины XIX — начала XX в. Нижний Новгород, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧА́ТКА, пячаць,
рэч з выразанымі знакамі для адбітку іх на гліне, сургучы, воску, паперы і інш., а таксама адбітак гэтых знакаў, зроблены, каб надаць якому-н. дакументу верагоднасць і юрыд. сілу. Вывучае П. сфрагістыка.
П. вядомы з 4-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. У Стараж. Грэцыі і Рыме П. рабілі з каштоўнага каменю — т.зв. гемы, як узоры мастацтва іх вывучае гліптыка. Рымляне карысталіся таксама П.-пярсцёнкамі. З канца 4 ст. ў Рыме былі віслыя П. — булы (адціскаліся на свінцовых, сярэбраных, залатых пласцінках і прывешваліся на шнурках да дакументаў), у канцы 10 ст. праз Візантыю трапілі на Русь. Найб. колькасць віслых П. знойдзена ў Ноўгарадзе, а свінцовых П. для тавараў (пломбаў) — у Драгічыне на р.
Буг (цяпер у Падляскім ваяв., Польшча). Знойдзены полацкія П. кн. Ізяслава Уладзіміравіча (канец 10 ст.), Ефрасінні Полацкай і яе маці Софіі. епіскапаў Дыянісія і Міны (12 ст.). П. з выявамі расквітнеўшага крыжа і св. Глеба належала менскаму кн. Глебу Усяславічу. У Тураве знойдзена П. кіеўскага мітрапаліта Кірылы (13 ст.). У 1-й пал. 14 ст. ў Полацку карысталіся свінцовымі буламі, у канцы 14—15 ст. ужываліся віслыя і прыкладныя васковыя П. Паводле тыпаў П. 14—15 ст. былі княжацкія. епіскапскія, гарадскія, баярскія і інш. У Польшчы і ВКЛ у 15—18 ст. ужываліся асабістыя П.-пярсцёнкі (сыгнеты). З прыняццем магдэбургскага права ў 14—17 ст. многія бел. гарады мелі П. з выявамі гербаў. Стараж. адбіткі П. падзяляюцца на металічныя (10—15 ст.), васковыя (14—17 ст.), сургучныя (з канца 17 ст.), куродымныя (18—19 ст.). У канцы 19 ст. ўзніклі каўчукавыя штэмпелі і спец. масціка, каб рабіць адбітак на паперы.
У Рэспубліцы Беларусь П. гербавыя і простыя. На гербавай назва дзярж. арг-цыі ці органа, якія яе выкарыстоўваюць, і выява Герба дзяржаўнага Рэспублікі Беларусь. На простых П. няма выявы герба, імі звычайна карыстаюцца грамадскія арг-цыі, недзярж. прадпрыемствы і асобы (напр., урачы). Адзін з відаў простай П. — вуглавы і інш. штампы.
Літ.:
Янин В.Л. Актовые печати Древней Руси X—XV вв. Т. 1—3. М., 1970—98 (т. 3 разам з П.Р.Гайдуковым);
Цітоў А. Пячаткі старажытнай Беларусі: Нарысы сфрагістыкі. Мн., 1993;
Трофимов А.И. Об атрибуции брестской печати XI в. // Гербовед. 1997. № 3.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Пячатка. Віслыя свінцовыя двухбаковыя пячаткі: 1 — полацкага кн. Ізяслава Уладзіміравіча (канец 10 ст.); 2 — кіеўскай вял. княгіні Алісавы з Пінска (11 ст.); 3 — полацкай княгіні Софіі (12 ст.); 4 — Ефрасінні Полацкай (12 ст.); 5 — пячатка з Ваўкавыска; 6 — полацкага епіскапа Дыянісія (12 ст.); 7 —полацкага епіскапа Міны (12 ст.); 8 — пячатка з Ваўкавыска з выяваю св. Сімяона; 9 — пячатка з Полацка з выявамі Божай Маці і архангела Міхаіла (канец 12 — пач. 13 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДу садова-паркавым мастацтве,
зямельны ўчастак, засаджаны дрэвамі, кустамі, кветкамі. Як і парк, з’яўляецца ч.азелянення і фарміруецца паводле асн. прынцыпаў садова-паркавага мастацтва. Ствараюцца для адпачынку, прагулак, гульняў. З калекцыйна-экспазіцыйнымі і навук. мэтамі ствараюцца С. спец. прызначэння (напр., батанічны сад). Гар. С. для кароткачасовага адпачынку наз.скверам. Ад парку культуры і адпачынку адрозніваецца меншымі памерамі, нязначнай колькасцю спарт. збудаванняў, атракцыёнаў і інш. У кампазіцыі С. важную ролю адыгрываюць алеі, дарожкі, пляцоўкі, газоны, кветнікі, фантаны, каскады, каналы, малыя формы архітэктуры, часта ў С. ўключаюць альпінарыі і ружоўнікі. Для фарміравання прадметна-прасторавага асяроддзя і яго ўзбагачэння С. гарманічна спалучаюць рэльеф, вадаёмы і інш. сродкі ландшафтнай архітэктуры.
Вядомы з даўніх часоў: у Стараж. Егіпце, Вавілоне (т. зв. вісячыя сады Семіраміды), Рыме (багатыя С. ў загарадных вілах) і інш. Высокія дэкар. якасці ўласцівы С. сярэдневякоўя (Японія, Кітай, Індыя, Персія і інш.), эпохі Адраджэння (С. вілаў Баболі, д’Эстэ ў Італіі). З 12 ст. вядомы С. ў княжацкіх сядзібах Кіева, Уладзіміра (Расія). Сярод узораў С. — Летні сад у Пецярбургу, Аляксандраўскі ў Маскве.
На Беларусі С. вядомы з 15 ст. Іх стваралі ў манастырах, каля замкаў, у магнацкіх сядзібах і маёнтках; часам яны мелі утылітарнае прызначэнне, напр., аптэчныя С. (аптэчныя агароды) — папярэднікі бат. С. З 17 ст. стваралі т.зв. зімовыя С. (аранжарэі), якія часам уваходзілі ў арх. кампазіцыю палацаў, сядзібных дамоў (Альбінскі палацава-паркавы ансамбль, Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс, Ружанскі палацавы комплекс і інш.). У 17 ст. вядомы т.зв. італьянскія С., дзе спалучаліся утылітарныя і дэкар. функцыі. З 2-й пал. 18 ст. пашыраны бат. С. з калекцыямі мясц. і іншаземнай флоры (Гродзенскі батанічны сад, С. у г. Горкі Магілёўскай вобл). У канцы 18 — пач. 19 ст.гар. С. створаны ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Магілёве, Рагачове, Чэрыкаве, яны спалучалі планіроўку пейзажнага тыпу з элементамі рэгулярнага. У 19 ст. з развіццём прамысл. садоўніцтва на ўчастках паркаў эканам. тыпу (в. Бабоўня Капыльскага, г.п. Казлоўшчына Дзятлаўскага, в. Псуя Глыбоцкага р-наў) узніклі пладовыя С. З канца 1950-х г. адным з асн. элементаў сістэмы азелянення і ўзбагачэння эстэтыкі тэр. жылой забудовы стаў мікрараённы С. Інтэр’еры грамадскіх будынкаў часам афармляюць т.зв. зімовымі С. Для ўзбагачэння арх.-ландшафтнага вырашэння аб’ектаў робяць С. на дахах і тэрасах жылых дамоў. Навукова-доследная база для азелянення нас. месцаў — бат. С., адзін з кірункаў даследаванняў якіх — зялёнае буд-ва і ландшафтная архітэктура (Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай АН Беларусі, Батанічны сад БДУ, Батанічны сад Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта і інш.).
Літ.:
Горбачев В.Н. Архитектурно-художественные компоненты озеленения городов. М., 1983;
Хромов Ю.Б. Планировка и оборудование садов и парков. Л., 1974;
Сычева А.В., Сосков И.Н. Актуальность организации садов на искусственных основаниях // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1981. № 1.
В.Р.Анціпаў, А.В.Сычова.
Бутхардскі батанічны сад каля г. Вікторыя (Канада).Былы Аляксандраўскі сад (цяпер Цэнтральны сквер) у Мінску.Сад Баболі ў г. Фларэнцыя (Італія).Сад камянёў манастыра Роандзі ў Токіо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬНЮС (Vilnius; да кастр. 1939 Вільня),
горад, сталіца Літвы. Размешчаны на р. Нярыс (Вілія). 582 тыс.ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (стэрэамагнітафоны, персанальныя камп’ютэры, металаапр. станкі, паліўная апаратура, радыёвымяральныя прылады, электрарухавікі, гандл. абсталяванне, с.-г. машыны, інструменты і тэхнал. аснастка і інш.), лёгкая (тэкст., абутковая, футравая, трыкат., швейная), хім. (смолы, мыйныя сродкі), хім.-фармацэўтычная, харч. (мясная, малочная, кандытарская і інш.), дрэваапр. (піламатэрыялы, вытв-сць мэблі), шкляная (вітражы, посуд) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў.
На думку літ. даследчыка К.Бугі, славяне-крывічы з’явіліся тут у 6—7 ст. і жылі цераспалосна з мясц. балцкім насельніцтвам. У 11—12 ст. тут існавала заснаванае крывічамі паселішча гар. тыпу пад назвай Крывы (ці Крывіч-горад), які пазней паводле слав. традыцыі атрымаў назву Вільня (ад р. Вільня). У 2-й пал. 11 ст. горад стаў цэнтрам Віленскага княства — феад. ўдзела Полацкай зямлі. У 1070 тут княжыў полацкі кн. Расціслаў Рагвалодавіч, пасля 1129 — яго сыны. Сярод тагачасных жыхароў Вільнюса пераважала ўсх.-слав. насельніцтва; жылі таксама тубыльцы-аўкштайты. У часы княжання Гедзіміна [1316—41] Вільнюс стаў сталіцай Вялікага княства Літоўскага. Як сталічны горад з замкам і велікакняжацкім палацам Вільнюс упершыню ўпамінаецца ў мірным дагаворы ВКЛ з Лівонскім ордэнам і г. Рыга ад 2.10.1323. У 1387 горад атрымаў права на самакіраванне паводле магдэбургскага права. З 1413 цэнтр Віленскага ваяводства. З 1416 у Вільні знаходзілася рэзідэнцыя правасл. мітрапаліта; існавалі правасл. цэрквы, адна з якіх — Мікалаеўская — пабудавана пры Гедзіміне. У канцы 15 — пач. 16 ст. ў Вільнюсе каля 10 тыс.ж. У 1511 тут дзейнічалі 14 цэркваў і 7 касцёлаў, што сведчыць пра колькасную перавагу праваслаўнага, г.зн. бел., насельніцтва. У пач. 16 ст. ў Вільнюсе (Вільні) бел. першадрукар Ф.Скарына абсталяваў друкарню, у якой выдаў «Малую падарожную кніжку» (1522) і «Апостал» (1525). Паслядоўнік Скарыны бел. друкар П.Мсціславец у 1569 заснаваў у Вільні друкарню з кірылічным шрыфтам. Тут дзейнічала друкарня Мамонічаў, у якой на царк.-слав., старабел., лац. і польск. мовах выдаваліся падручнікі, рэліг.л-ра, законы ВКЛ, у т. л.Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, інш. творы бел. пісьменства. У 1579 езуіты заснавалі Віленскую акадэмію (гл.Віленскі універсітэт). У Вільні быў створаны саюз бел. і літ. шляхты супраць палітыкі абсалютызму караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II — Віленская канфедэрацыя 1716. У 1773 тут заснавана Адукацыйная камісія. З 1795 Вільня у складзе Рас. імперыі, цэнтр Літоўскай, пазней Віленскай губерні, Віленскага генерал-губернатарства. Пасля вайны 1812 у Вільні існавалі патрыят. т-вы шубраўцаў, філаматаў, філарэтаў, «прамяністых». З Вільняй звязаны пэўныя перыяды жыцця і дзейнасці А.Міцкевіча, Я.Чачота, Т.Зана, А.Кіркора, С.Манюшкі, Ф.Багушэвіча і інш. З 1855 працавала Віленская археалагічная камісія, з 1864 — Віленская археаграфічная камісія. У час паўстання 1863—64 у Вільні дзейнічаў Выканаўчы аддзел Літвы на чале з К.Каліноўскім. У 1894—95 у горадзе 286 прадпрыемстваў. Паводле перапісу 1897, у Вільні 154 532 ж. У 1902—03 культ.-асв. гурткі бел. вучнёўскай і студэнцкай моладзі Вільні ўдзельнічалі ў стварэнні бел.рэв. грамады (гл.Беларуская сацыялістычная грамада). З 1906 тут выдаваліся першыя бел. легальныя газ.«Наша доля», «Наша ніва», пазней — час.«Саха», дзейнічалі Беларускае выдавецкае таварыства, выдавецкае т-ва«Наша хата», Кухты М. друкарня. У 1906—15 у Вільні жылі бел. пісьменнікі Я.Купала, Я.Колас, Цётка, К.Буйло, З.Бядуля, Ядвігін Ш. і інш. У галіне бел. адраджэння працавалі каардынацыйныя органы бел.паліт. і грамадскіх арг-цый Беларускі народны камітэт, Віленская беларуская рада, Беларускі нацыянальны камітэт, знаходзілася кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групы, адбылася Беларуская канферэнцыя 1918, выдаваліся газ.«Гоман» і інш. 1.1.1919 заснавана Віленская беларуская гімназія. З 27.2 да 21.4.1919 Вільня — адм. цэнтр Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 9.10.1920 войскі пад камандаваннем ген. Л.Жалігоўскага занялі Вільню, што выклікала Віленскі канфлікт 1920—39. З кастр. 1920 Вільня у складзе Сярэдняй Літвы. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 Вільня стала паліт. і культ.-інтэлектуальным цэнтрам Заходняй Беларусі. У горадзе ствараліся і дзейнічалі бел.паліт. партыі, гасп.-эканам., асветныя арг-цыі, установы і т-вы. Актыўнасцю вызначаліся Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, Беларускі пасольскі клуб, Блок нацыянальных меншасцяў і інш. У 1920—30-я г. ў Вільні дзейнічалі Беларускі музей, управа Таварыства беларускай школы, Беларускі студэнцкі саюз, Беларускі сялянскі саюз, Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый. У сярэдзіне 1920-х г. тут знаходзіліся Гал. сакратарыят і ЦКБеларускай сялянска-работніцкай грамады, выдавалася больш за 100 беларускамоўных газет і часопісаў. У Вільні жылі і працавалі А.Луцкевіч, М.Гарэцкі, Б.Тарашкевіч, У.Самойла, А.Станкевіч, С.Рак-Міхайлоўскі, І.Дварчанін, Р.Шырма, Г.Цітовіч, М.Танк, П.Сергіевіч, Я.Драздовіч і інш. 19.9.1939 Вільнюс заняты сав. войскамі. 10.10.1939 паводле сав.-літ. дагавора аб узаемадапамозе Вільня і Віленскі край перададзены Літве. У ліст. 1939 літ. адміністрацыя ўзяла Вільнюс пад кантроль. 21.7.1940 абвешчана Літоўская ССР, з 3.8.1940 яна ў складзе СССР. 25.8.1940 Вярх. Савет Літвы абвясціў Вільнюс сталіцай. Адбыўся моцны прыток у Вільнюс літ. насельніцтва. У Вял.Айч. вайну 24.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Аднавілася дзейнасць дасав. літ. адміністрацыі ў асобе т.зв.Літ. самакіравання. У 1941 у Вільнюсе ўзнікла бел.паліт.арг-цыя — Бел.нац.к-т; выдавалася газ.«Беларускі голас». Дзейнічалі бел. гімназія, настаўніцкая семінарыя, Бел. музей. Акупанты стварылі ў Вільнюсе яўр. гета (каля 42 тыс.чал.), вязні якога былі знішчаны ў 1942. Вызвалены 13.7.1944 у ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. Пры адступленні фашысты знішчылі каля 40% жыл. фонду горада, 30% буйных прамысл. прадпрыемстваў. За час акупацыі загінула каля 70 тыс. жыхароў горада. У Вільнюсе быў створаны адзін з трох рэгістрацыйных пунктаў для жыхароў горада, якія жадалі выехаць у Польшчу. Да 10.8.1946 у Польшчу выехалі 86,9 тыс. жыхароў горада і наваколля, пазней — яшчэ каля 24 тыс. Адначасова праводзілася масавае перасяленне ў Вільнюс сялян, пераважна з этнічнай Літвы. Да пач. 1950 у горад прыбыло каля 150 тыс. новых жыхароў. Нац. склад жыхароў мяняўся ў бок паступовага павелічэння колькасці літоўскага насельніцтва. Адначасова праводзілася масавая паланізацыя беларусаў-католікаў. У пасляваен. перыяд бел.культ. і паліт. жыццё ў Вільнюсе было амаль поўнасцю спынена. Практычна ўсе бел. дзеячы і іх сем’і трапілі пад арышты і дэпартацыю.
З канца 1980-х г. Вільнюс — гал. цэнтр руху за незалежнасць Літвы (абвешчана 11.3.1991). У Вільнюсе створаны Т-вабел. культуры (1987), клуб аматараў бел.нар. творчасці «Сябрына» і інш. З 1989 у Вільнюсе вядуцца беларускамоўныя перадачы на літ. тэлебачанні і радыё, у 1991 адноўлена выданне газ. «Наша ніва», на ф-це славістыкі Віленскага пед. ун-та дзейнічае кафедра бел. мовы, л-ры і этнакультуры. У 1993 адноўлена Т-вабел. школы, адкрыта бел. сярэдняя школа. Дзейнічае Каардынацыйная рада Бел. згуртавання ў Літве (1992).
Цэнтр горада мае рэгулярную, новыя раёны — радыяльна-змешаную планіроўку. Стары горад (пл. 256,14 га; адзін з самых вялікіх ва Усх. Еўропе) — помнік горадабудаўніцтва і археалогіі, дзе сканцэнтравана большасць помнікаў архітэктуры, 7 плошчаў (гал. — Кафедральная), рэшткі культавага будынка сярэдзіны 13 ст. пад цяперашнім Кафедральным саборам і рэшткі вежы 13 ст. пад званіцай сабора. Арх. помнікі: Пятніцкая царква (13 ст.), Верхні замак (замак Гедзіміна, 2-я пал. 14 — пач. 15 ст.), гатычныя касцёлы св. Мікалая (1387), св. Яна (1387—1429, 16 ст.), св. Ганны (1501—80), бернардзінцаў (канец 15 ст. — 1581) і інш. Помнікі рэнесансу: Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гар. сцяны, Вял. двор ун-та (1570—18 ст.), алюмнат (пансіён; 1582—1622); касцёлы францысканцаў (канец 15 ст. — 1610), св. Міхала (1594—1625); св. Стафана (1600—12); жылыя дамы 16 — пач. 17 ст. на вул. Замкавай (Пілес). Помнікі барока: касцёлы св. Казіміра (1604—18, рэканструяваны 1749—55), Усіх святых (1620—31), св. Тэрэзы (1633—50), святых Пятра і Паўла на Антокалі (1668—75); палацы Слушкаў (1690—1700), Сапегаў (1691—97) і інш. У канцы 17 — сярэдзіне 18 ст. сфарміраваўся стыль т.зв.віленскага барока (арх. І.Глаўбіц, Т.Жаброўскі і інш.), да якога адносяцца касцёлы св. Кацярыны (1619—22, перабудаваны ў 1741—43) і місіянераў (1695—1730), брама Базыльянскіх муроў (1761). Будынкі класіцызму: Кафедральны сабор (перабудаваны ў 1777—1801), ратуша (1781—99, цяперМаст. музей), палац у Верках (Вяркяй; 1781—1810, усе арх. Л.Гуцэвіч); палацы Тызенгаўзаў, Агінскіх, Тышкевічаў (18 — пач. 19 ст.). Помнікі ў стылях ампір — б. губернатарскі палац (1824—32, арх. В.Стасаў), неаготыкі — палац Радушкевічаў (1896, цяпер Дом архітэктараў), рус.-візант. — Знаменская царква (1899—1903), неабарока — дом Вілейшы (1904—06, цяперІн-тліт. мовы і л-ры). У 1920—30-я г. пераважала забудова ў стылях мадэрну, канструктывізму, функцыяналізму: будынак гар.т-ра (1926—29, цяпер Рускі драм.т-р Літвы), мікрараён на Антокалі (1933—35, арх. Л.Вітан-Дубейкаўскі), будынак банка (1938) і інш. Пасля 1950-х г. будынкі ўзводзіліся па тыпавых і індывід. праектах. Індывід. праекты, захоўваючы функцыян. мэтазгоднасць, прапаноўваюць больш свабодную планіроўку, пластычнасць формаў, гарманічную сувязь з наваколлем, арыгінальныя па вырашэнні інтэр’еры (Выставачны палац, арх. В.Чэканаўскас; Т-р оперы і балета Літвы, арх. Э.Бучутэ; Палац спорту і Палац шлюбу, арх. Г.Баравікас; Т-р драмы Літвы і гасцініца «Летува», арх. А. і В.Насвітысы; жылыя раёны Жырмунай, Каралінішкес, Лаздзінай і інш). Стары горад уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У Вільнюсе знаходзяцца АН Літвы, 5 ВНУ, у т. л.ун-т, кансерваторыя. Б-кі: Літоўская Нацыянальная бібліятэка імя Мажвідаса, Бібліятэка цэнтральная Акадэміі навук Літвы, Вільнюскага універсітэта бібліятэка. 12 музеяў, у т. л.этнагр., архітэктуры, мастацкі з філіяламі — Карціннай галерэяй, Музеем т-ра і музыкі і інш. Філармонія. Т-ры: оперы і балета, драмы, рус.драм., моладзі, лялечны.
З 14 ст. Вільнюсу належыць важная роля ў развіцці бел. мастацтва. Працы бел. мастакоў з Вільні, абразы віленскага паходжання сведчаць пра існаванне ў 15 ст. жывапіснай школы візант. арыентацыі. Закладзеныя Скарынам традыцыі маст. афармлення кнігі прадоўжыла Віленская школа гравюры. З віленскай брацкай Святадухаўскай друкарняй звязана дзейнасць гравёраў П.Камара, Я.Лапацінскага, Я.Перлі. Многія віленскія архітэктары і мастакі працавалі на Беларусі (І.Глаўбіц, Л.Гуцэвіч, П.Перці, І.Шрэтар, М.Шульц і інш.), майстры з бел. зямель — у Вільнюсе (архітэктар і матэматык Т.Жаброўскі, разьбяр Г.Кунтцан, архітэктары Т.Лянкевіч і К.Падчашынскі, мастак Т.Макоўскі). З 16 ст. ў В. існавала першая на Беларусі школа маст. адукацыі ў езуіцкай Віленскай акадэміі, пры ёй М.Радзівілам Сіроткам была створана друкарня. На маст. кафедрах Віленскага ун-та ў канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. атрымалі адукацыю многія мастакі, выхадцы з Беларусі (гл.Віленская мастацкая школа). У 1866—1914 існавала Віленская школа малявання. Значны ўклад у маст. жыццё Вільні зрабілі Віленскі мастацкі гурток (1901—08) і Віленскае мастацкае таварыства (1908—15). У гэты час ладзіліся маст. выстаўкі з удзелам многіх мастакоў з Беларусі, найб. значная з іх (1910) паказала творы навучэнцаў школ Полацка, Віцебска, Маладзечна, Гродна, Слоніма і інш. На з’ездзе настаўнікаў графічных мастацтваў і рамёстваў Віленскай навуч. акругі (1912) прыняты зварот-прапанова да навучэнцаў школ Беларусі і Літвы рабіць замалёўкі помнікаў архітэктуры і памятных мясцін. У 1920—39 у Вільні канцэнтравалася маст. жыццё Зах. Беларусі. Тут жылі і працавалі мастакі М.Васілеўскі, Я.Горыд, Я.Драздовіч, Н.Сасноўская, Р.Семашкевіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, В.Сідаровіч, К.Чурыла, П.Южык і інш., у творчасці якіх выявіўся бел. рамантызм, звязаны з ідэямі нац. адраджэння. Выдаваліся шматлікія ілюстраваныя перыяд. выданні і кнігі. Значную ролю адыгрываў сатыр. часопіс «Маланка» (1926—28), дзе змяшчаліся малюнкі бел. мастакоў. Цэнтрам падрыхтоўкі маст. кадраў быў ф-т прыгожых мастацтваў Віленскага ун-та, якім кіраваў праф. Ф.Рушчыц. У фондах Беларускага музея імя І.Луцкевіча ў Вільні была сабрана вял. калекцыя твораў стараж.бел. мастацтва. У 1950—90-я г. ў Літоўскай АМ атрымалі адукацыю педагогі і мастакі А.Аблажэй, І.Васільеў, А.Куцікаў, А.Лось, Д.Раманюк і інш. У Вільнюсе жывуць і працуюць бел. мастакі: А.Аблажэй, А. і К.Балаховічы, С.Зялёнка, У.Кузьменка, У.Падбярэзскі, А. і С.Поклады і інш. З 1991 дзейнічае Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар». Рэгулярна адбываюцца маст. выстаўкі.
Літ.:
Архитектура Вильнюса: [Альбом]. Вильнюс, 1982.
Ю.Шаўцоў (гісторыя пасля 1939), С.В.Харэўскі (архітэктура, бел. мастацкае жыццё ў Вільнюсе).
Герб Вільнюса 16 ст.Панарама Вільнюса. Невядомы мастак 17 ст.Да арт.Вільнюс. Панарама горада.Да арт.Вільнюс. Знаменская царква. 1899—1903.Да арт.Вільнюс. Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гарадской сцяны.Да арт.Вільнюс. Касцёл св. Ганны. 1501—80.Да арт.Вільнюс. Верхні замак (замак Гедзіміна). 2-я пал. 14 — пач. 15 ст.Да арт.Вільнюс. Касцёл Усіх святых. 1620—31.Да арт.Вільнюс. Касцёл св. Казіміра. 1604—18.Да арт.Вільнюс. Выставачны палац. 1967. Арх. В.Чэканаўскас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯХІ́МІЯ (ад бія... + хімія),
біялагічная хімія, навука, якая вывучае хім. састаў арганізмаў і хім. працэсы, звязаныя з іх жыццядзейнасцю. Адрозніваюць статычную біяхімію, якая займаецца пераважна аналізам хім. саставу арганізмаў і цесна ўзаемазвязана з біяарганічнай хіміяй і малекулярнай біялогіяй, дынамічную біяхімію, што даследуе працэсы ператварэння рэчываў у арганізме, і функцыянальную біяхімію, якая высвятляе сувязь паміж хім. ператварэннямі малекул і функцыяй клеткі ці органа (механізмы сакрэцыі, мышачнае скарачэнне, перадача спадчынных уласцівасцяў і інш.), а таксама механізмы рэгуляцыі працэсаў жыццядзейнасці. Паводле аб’ектаў даследавання адрозніваюць біяхімію мікраарганізмаў, раслін, жывёл і чалавека. Шэраг раздзелаў біяхіміі вылучаюць у асобныя навук. дысцыпліны: біяхімія вітамінаў, гармонаў, клінічная біяхімія і інш. Асобна ідуць параўнальная і эвалюцыйная біяхімія, якія займаюцца вывучэннем узаемасувязі паміж рознымі жывымі арганізмамі на малекулярным узроўні.
Як асобная навука біяхімія сфарміравалася ў 19 ст. Гісторыя развіцця біяхіміі бярэ пачатак ад аграхімікаў (ням. ўрач і прыродазнавец Парацэльс, 16 ст., і інш.), якія разглядалі жыццядзейнасць чалавека з пазіцый хіміі, увялі ў практыку лячэння шэраг хім. прэпаратаў. У пач. 19 ст. праведзены даследаванні па вывучэнні хім. саставу раслінных і жывёльных клетак, у 1828 сінтэзавана мачавіна (ням. хімік Ф.Вёлер), у 1842 у Германіі выдадзены першы падручнік па біяхіміі (І.Зіман). Ва ун-тах Еўропы, Расіі (Казань, А.Я.Данілеўскі, 1863) адкрыты кафедры біяхіміі. У 2-й пал. 19 ст. назапашаны некаторыя звесткі пра састаў і хім. пераўтварэнні бялкоў, тлушчу і вугляводаў, працэс браджэння (ням. вучоныя Ю.Лібіх, Э.Бухнер, франц. Л.Пастэр), фотасінтэз (К.А.Ціміразеў). Вял. ўклад у развіццё біяхіміі ў Расіі зрабілі М.В.Ненцкі, адзін з заснавальнікаў тэорыі біясінтэзу мачавіны ў арганізме млекакормячых, Я.С.Лондан (распрацаваў метады ангіястаміі і арганастаміі для прыжыццёвага даследавання абменных працэсаў на цэлым арганізме), У.І.Паладзін і Дз.М.Пранішнікаў (вывучалі абмен азоту ў раслінах), А.М.Бах (заснавальнік школы рус. біяхімікаў; даследаваў хімізм фотасінтэзу і акісляльныя працэсы ў клетцы) і інш.
На Беларусі біяхім. даследаванні праводзяцца з канца 19 ст.Цяпер вядуцца ў біял. ін-тах АН Беларусі, НДІмед. і с.-г. профілю, на адпаведных кафедрах і ў навук. цэнтрах ВНУ. Найб. вядомы працы па біяхіміі фотасінтэзу (Ц.М.Годнеў, А.А.Шлык, А.С.Вечар), глебавых ферментаў (В.Ф.Купрэвіч), біяхіміі мікраэлементаў (В.А.Лявонаў, Ф.Я.Беранштэйн), вітамінаў (Ю.М.Астроўскі), біяхіміі біял. мембранаў (С.В.Конеў), па патахіміі (М.Ф.Меражынскі), біяхіміі апрамененага арганізма (Л.С.Чаркасава). Даследуюцца біяхім. працэсы ў тканках, асобныя праблемы тэхн. біяхіміі, малекулярнай біяхіміі, біяэнергетыкі; вывучаюцца лакалізацыя і ператварэнне рэчываў у клетках і тканках, сувязь паміж будовай біяпалімераў і інш. біялагічна актыўных прыродных злучэнняў з іх функцыямі. Патрабуюць вырашэння праблемы: вывучэнне малекулярных асноў злаякаснага росту, імунітэту, малекулярных механізмаў памяці, асноў рацыянальнага харчавання чалавека і жывёл, малекулярных асноў спадчынных і саматычных захворванняў чалавека, арганізацыі і механізмаў дзейнасці генома, прынцыпаў біял. пазнавання, структуры і функцыі біял. мембранаў, праблемы ўзаемаадносін чалавека і навакольнага асяроддзя.
Літ.:
Основы биохимии: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1981;
Кретович В.Л. Очерки по истории биохимии в СССР. М., 1984;
Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1985;