РАГАЧО́ЎСКА-ЖЛО́БІНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1941,

контрудар на Рагачоўска-Жлобінскім напрамку ў Вялікую Айчынную вайну. Праведзены 63-м стралк. корпусам (камкор Л.Р.Пятроўскі) 21-й арміі Зах. (з 24.7.1941 Цэнтр.) фронту з удзелам Жлобінскага і Рагачоўскага знішчальных батальёнаў 13 ліп. — 17 жн.; састаўная частка Смаленскай бітвы 1941. 6 ліп. часці 117-й дывізіі са складу корпуса пасля разведкі боем фарсіравалі Дняпро, авалодалі Жлобінам і прасунуліся на З уздоўж бабруйскай шашы. Гітлераўцы тэрмінова падцягнулі 10-ю матарызаваную і 255-ю пях. дывізіі. У выніку жорсткіх баёў сав. войскі ноччу адарваліся ад праціўніка і адышлі на зыходныя пазіцыі, сарваўшы разлікі ням. камандавання з ходу фарсіраваць Дняпро на гэтым участку. 13 ліп. войскі 21-й арміі перайшлі ў контрнаступленне. 63-і корпус фарсіраваў Дняпро, вызваліў Жлобін (з дапамогай нар. апалчэння), Рагачоў, развіў наступленне на Бабруйск і да канца ліпеня ўклініўся на 30 км у размяшчэнне ворага. Толькі з дапамогай перакінутых сюды 8 дывізій рэзерву ням. войскі здолелі замацавацца на зах. беразе Друці, 14 жн. прарвалі абарону і зайшлі ў тыл. корпуса. З 17 жн. часці корпуса з баямі пачалі выходзіць з акружэння, пры прарыве з якога быў смяротна паранены камкор Пятроўскі. У выніку контрудару ворагу нанесены значныя страты, 15 яго дывізій былі трывала скаваны ў прасоўванні на ўсход.

Літ.:

Беларусь у Вялікую Айчынную вайну, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 517.

У.​І.​Лемяшонак.

т. 13, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗБО́Р ШЛЯ́ХТЫ,

комплекс мерапрыемстваў, праведзеных уладамі Рас. імперыі па верыфікацыі і скарачэнні шляхецкага стану (саслоўя) б. ВКЛ. Пачаўся адразу пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772). Шляхце было загадана падаць доказы свайго дваранства з апісаннем паходжання родаў, гербаў, з усімі пасведчаннямі і дакументамі. У час рэвізіі 1772—74 шмат чыншавай і служылай шляхты, ніжэйшыя пласты шляхецкага стану — зямяне, панцырныя баяры, путныя баяры былі запісаны ў склад сялян. Пасля выдання Даравальнай граматы дваранству 1785 аформіліся карпаратыўныя правы дваранства Рас. імперыі, дваране павінны былі быць унесены ў дваранскія радаводныя кнігі, для чаго прадстаўлялі доказы паходжання. На камісію, што праводзіла рэвізію 1816, быў ускладзены абавязак разбору правоў асоб, якія называлі сябе шляхтай. Асоб, пазбаўленых шляхецкіх правоў, запісвалі ў вольныя хлебаробы, дзяржаўныя сяляне або мяшчане. Пасля задушэння паўстання 1830—31 шляхецкае саслоўе было падзелена на дваран, спецыяльна створаныя станы аднадворцаў і грамадзян зах. губерняў. Дваранамі прызнаваліся толькі асобы, зацверджаныя ў адпаведнай годнасці Герольдыяй. Былі праведзены і новыя рэвізіі складу саслоўяў. Пасля задушэння паўстання 1863—64 уведзены новыя абмежаванні ў прынцыпах доказу і атрымання дваранства; шляхціцы, якія не даказалі дваранства, уключаліся ў склад сялян або мяшчан. У 1863 скасаваны станы аднадворцаў і грамадзян зах. губерняў; яны пераведзены ў стан сялян ці мяшчан. Гэта быў канчатковы акт юрыд. ліквідацыі шляхецкага стану б. ВКЛ, але да 1917 захаваліся некаторыя абмежаванні ў правах «былой польскай шляхты».

У.​М.​Вяроўкім-Шэлюта.

т. 13, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗУ́МНАГА ЭГАІ́ЗМУ ТЭО́РЫЯ,

этычная канцэпцыя, якая абгрунтоўвае ідэю, што асновай дабрачыннасці чалавека з’яўляецца «разумнае сябелюбства» (П.​Гольбах) або правільна зразуметы прынцып асабістай выгоды (не толькі матэрыяльнай, але і духоўнай — ганарыстасць і да т.п.). Зыходзіць з неабходнасці навучыць чалавека разумець свае інтарэсы «разумна», кіравацца запатрабаваннямі сапраўднай «прыроды»; а не адмаўляцца ад эгаізму. Калі грамадства будзе ўладкавана таксама «разумна», то інтарэсы і асобных індывідаў не будуць сутыкацца з інтарэсамі інш. людзей і грамадства. Элементы такога вучэння ўзніклі яшчэ ў старажытнасці (Дэмакрыт, Эпікур, некат. сафісты), атрымалі развіццё ў эпоху Адраджэння. Найб. поўна ідэі «разумнага эгаізму» сфармуляваны ў 18 ст. франц. асветнікамі, напр., у працах К.​Гельвецыя. Яны скіраваны супраць хрысціянска-рэліг. маралі з уласцівым ёй заклікам да адмаўлення ад свецкіх даброт і безумоўнага падпарадкавання індывіда царк.-феад. іерархіі. Аналагічныя ідэі развіваў ням. філосаф 19 ст. Л.​Феербах. Радыкалізаваны варыянт Р.э.т. абгрунтоўваў М.​Г.​Чарнышэўскі: неабходнасць свядомага падпарадкавання асабістай выгоды агульнай справе, ад поспеху якога ў рэшце выйграе і асабісты інтарэс індывіда. Уплыў Р.э.т. адбіўся на ідэйным змесце бел. Асветніцтва, у прыватнасці на этычных поглядах І.Я.Быкоўскага. Канцэпцыі «разумнага эгаізму» вынікаюць з прынцыпаў антрапал. філасофіі, якая бачыць крыніцы маральнасці ў самім чалавеку, незалежна ад яго ўключэння ў сістэму пэўных грамадскіх адносін. Р.э.т. не знаходзіць свайго прызнання ў грамадствах, дзе безумоўны прыярытэт аддаецца грамадскім інтарэсам, але культывуецца на пажыўнай глебе. сац. умоў там, дзе актывізуецца прыватны інтарэс.

А.​Б.​Савеня.

т. 13, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОД у гісторыі,

супольнасць кроўных сваякоў, якія вядуць паходжанне ад агульнага продка (часам легендарнага) і маюць пэўныя агульныя сац., паліт., эканам., рэліг. інтарэсы. Мае вял. значэнне ў традыц. грамадствах. У феад. Беларусі роднасць вялася па мужчынскай лініі. Само паняцце «Р.» мела сэнс толькі ў дачыненні да вышэйшых пластоў грамадства (князёў, шляхты, духавенства і інш.). Члены шляхецкага Р. карысталіся агульным прозвішчам (канчаткова ўсталяваліся ў 16 ст.) і агульным гербам (уведзены Гарадзельскім прывілеем 1413 для католікаў, на праваслаўных пашыраны Прывілеем 1432 і Прывілеем 1434). Прызнаваліся агульныя юрыд. правы і абавязкі шляхецкіх Р., якія спачатку неслі агульную адказнасць перад законам. Прывілеем 1447 вял. кн. Казімір устанавіў індывідуальную адказнасць шляхціцаў за злачынствы. Р. захоўвалі права выкупу сваіх родавых маёнткаў (вотчын) з рук пабочных асоб. У ВКЛ існавала каля 50 магнацкіх Р., члены іх мелі буйныя зямельныя ўладанні і займалі вышэйшыя дзярж. пасады (міністэрскія і сенатарскія). Значныя Р. аб’ядноўваліся вакол агульных паліт. інтарэсаў і ўтваралі своеасаблівыя партыі («фамілія» Чартарыйскіх, пратэстанцкая і каталіцкая лініі Радзівілаў, Сапегаў). З далучэннем бел. зямель да Рас. імперыі ў выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) бел. шляхецкія Р. страцілі паліт. ўплыў, а з развіццём капіталістычных адносін у 19 ст. зніклі як супольнасці з агульнымі эканам. інтарэсамі. У Рас. імперыі ўрад вёў улік членаў дваранскіх Р. (гл. Радаводныя кнігі), якія карысталіся пэўнымі сац.-эканам. прывілеямі.

т. 13, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́РСКІ КАНФЛІ́КТ 1922—23,

міжнародны канфлікт у сувязі з франка-бельг. акупацыяй Рурскай вобл. Германіі. Выкліканы праблемай спагнання з Германіі рэпарацый пасля 1-й сусв. вайны і прэтэнзіямі Францыі на гегемонію ў тагачаснай Еўропе. Яшчэ ў 1921 франц. і бельг. войскі акупіравалі рурскія гарады Дзюсельдорф і Дуйсбург, каб прымусіць герм. ўрад прыняць Лонданскі ультыматум ад 5.5.1921, які ўстанавіў суму рэпарацый у 132 млрд. залатых марак. Германія прыняла ультыматум, але выконвала яго толькі год. 11.12.1922 апублікавана заява ням. магната Г.​Стынеса, з якой вынікала, што герм. ўрад не павінен плаціць рэпарацыі. У адказ на невыкананне Германіяй яе рэпарацыйных абавязацельстваў франц. ўрад на чале з Р.​Пуанкарэ вырашыў завалодаць т.зв. прадуктыўнымі закладамі — шахтамі Рурскага вугальнага басейна і сталеліцейнай прам-сцю Рура; 11.1.1923 франц. і бельг. войскі акупіравалі ўвесь Рур. Гэта акупацыя пазбавіла Германію больш як 70% здабычы каменнага вугалю і звыш 50% вытв-сці чыгуну, прывяла да паглыблення крызісу яе гаспадаркі (інфляцыя, развал вытв-сці, масавае беспрацоўе, галеча насельніцтва). Герм. ўрад на чале з В.​Кунам заклікаў жыхароў Рура да «пасіўнага супраціўлення» і сабатажу. Акупац. ўлады выселілі з Рура ў Германію каля 130 тыс. чал., штрафавалі, каралі смерцю. Восенню 1923 новы герм. ўрад Г.​Штрэземана спыніў кампанію «пасіўнага супраціўлення», у канфлікт умяшаліся Вялікабрытанія і ЗША. Пасля прыняцця Даўэса плана франц. і бельг. войскі ў жн. 1924 — жн. 1925 выведзены з Рура.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 13, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЙ ((Rej) Мікалай) (4.2.1505, мяст Жураўна каля г. Галіч, Украіна — паміж 8.9. і 4.10.1569),

польскі пісьменнік, першы з вядучых прадстаўнікоў рэнесансавай л-ры ў Польшчы. Вучыўся ў Скальбмежы, Львове, Кракаўскім ун-це (1517—19). Служыў сакратаром пры двары ваяводы А.​Тэнчынскага (1525—30), дзе пазнаёміўся з ідэямі Рэфармацыі і стаў кальвіністам. Асеў на вёсцы, але актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, выступаў на сеймах 1540—42, 1558—59, 1569. Большасць твораў напісаў на ўзор сучаснай яму замежнай л-ры, але запазычаную форму насычаў актуальным польскім зместам. Першы з буйных твораў Р. — сатыр. дыялог «Кароткая гутарка паміж трыма асобамі: Панам, Войтам і Плябанам» (1543) — звязаны з праграмай паліт. шляхецкага руху «Экзекуцыя» за ўраўнаванне шляхты ў правах з магнатамі. Пратэстанцкія перакананні Р., антыкаталіцкія і антыцаркоўныя матывы ў драме «Купец» (1549), зб. пропаведзей «Пастыла» (1557). Спробы адлюстраваць вобраз ідэальнага чалавека — у вял. (10 тыс. вершаў) дыдактычна-алегарычнай паэме «Сапраўдны паказ жыцця пачцівага чалавека» (1558) і празаічнай кнізе «Зярцала» (1568). Гэта ідэал не толькі добрага сем’яніна, ветлівага гаспадара, але і шляхціца-грамадзяніна. Аўтар зб-каў сатыр. эпіграм «Звярынец» і жартоўных вершаў, анекдотаў, баек «Забаўныя гісторыі» (абодва 1562). Мова яго твораў жывая, багатая, крыху грубаватая, блізкая да народнай.

Тв.:

Pisma wierszem. Wroclaw, 1954;

Wybór pism. 2 wyd. Warszawa. 1979.

Літ.:

Witczak T. Studia nad twórczością Mikołaja Reja. Poznań, 1975;

Podgórska T. Komizm w twórczości Micołaja Reja. Wrocław, 1981.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 13, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСПУ́БЛІКА (лац. respublica ад res справа + publicus агульны, усенародны),

форма дзярж. праўлення, пры якой вярх. ўлада належыць выбраным на пэўны тэрмін органам; краіна з такім дзярж. ладам. Першыя Р. ўзніклі як антыпод манархіі яшчэ ў ант. эпоху. Існавалі ў рабаўладальніцкім (Карфаген, Афіны, Стараж. Рым) і феад. (Венецыя, Ноўгарад, Пскоў) грамадствах. У наш час Р. з’яўляецца асн. формай праўлення ў большасці краін. Форма праўлення, заснаваная на нар. прадстаўніцтве, лічыцца Р. незалежна ад таго, з’яўляецца права грамадзян на ўладу рэальным ці яно толькі дэкларуецца. Ступень забяспечанасці асабістых і паліт. правоў грамадзян ва ўмовах Р. залежыць ад сац.-эканам. ладу і суадносін паліт. сіл у грамадстве.

У залежнасці ад таго, перад кім нясе адказнасць урад — перад парламентам або прэзідэнтам — адрозніваюць Р. парламенцкія і прэзідэнцкія. У парламенцкіх Р. (напр., Індыя, Італія, Латвія, Малдова, ФРГ) прэзідэнт краіны выбіраецца парламентам, а ўрад утвараецца паліт. партыяй ці парт. кааліцыяй, якая мае большасць месцаў у парламенце. У прэзідэнцкіх Р. (Беларусь, ЗША, Мексіка, Рас. Федэрацыя і інш.) прэзідэнт выбіраецца непасрэдна насельніцтвам, або калегіяй выбаршчыкаў, адначасова ўзначальвае органы дзярж. улады і ўрад, які ён фарміруе.

Усталяванне рэсп. формы праўлення на Беларусі звязана з утварэннем 1.1.1919 БССР. 19.9.1991 на сесіі Вярх. Савета БССР была зацверджана новая назва краіны — Рэспубліка Беларусь.

Літ.:

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, 1994 г. (са змян. і дап.). Мн., 1997;

Беларусь на мяжы тысячагоддзяў. Мн., 2000.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 14, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРДЗІ́НСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,

дзяржава ў Італіі ў 1720—1861. Утварылася ў выніку далучэння в-ва Сардзінія да Савойскага герцагства, герцагі якога прынялі тытул сардзінскіх каралёў (гл. Савойская дынастыя). Сталіца — г. Турын, тэр. ядро — вобласць П’емонт, назва якой стала неафіц. назвай усяго каралеўства. З 1792 С.к. ўдзельнічала ў антыфранц. кааліцыі. У 1792 Францыя акупіравала і анексіравала прыналежныя С.к. вобласць Савоя і г. Ніца з наваколлем, у 1798 — П’емонт. Улада Савойскай дынастыі захавалася толькі на Сардзініі. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 С.к. адноўлена ў ранейшых межах і да яго далучана вобласць Лігурыя з г. Генуя. У 1821 аўстр. войскі задушылі ў П’емонце ўзначаленую карбанарыямі антыабсалютысцкую рэвалюцыю. У 1840-я г. ў выніку прамысл. перавароту С.к. ператварылася ў эканам. развітую дзяржаву, якая праводзіла незалежную знешнюю палітыку, была адным з цэнтраў барацьбы за вызваленне і аб’яднанне Італіі (рысарджымента). У рэвалюцыю 1848—49 у Італіі ў С.к. ў сак. 1848 абвешчана ліберальная канстытуцыя. Італьян. войскі пацярпелі паражэнне ў аўстра-італьянскай вайне 1848—49, у час якой спрабавалі вызваліць ад аўстр. панавання Ламбардыю і Венецыю. С.к. ўдзельнічала на баку антырас. кааліцыі ў Крымскай вайне 1853—56. У выніку аўстра-італа-французскай вайны 1859 і рэвалюцыі 1859—60 у Італіі да С.к. далучана амаль уся тэр. Італіі, акрамя Рымскай і Венецыянскай абласцей. 17.3.1861 замест С.к. абвешчана Італьян. каралеўства на чале з апошнім сардзінскім каралём Віктарам Эмануілам II.

т. 14, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САФО́КЛ (Sophoklēs; каля 496 да н.э., Калон, каля Афін — 406 да н.э.),

старажытнагрэчаскі драматург. Займаў важныя дзярж. пасады, прымыкаў да групоўкі Перыкла. Паводле ант. крыніц, аўтар 123 драм. твораў (каля 90 трагедый і каля 25 сатыраўскіх драм). Перамагаў у шматлікіх (да 24) спаборніцтвах трагічных паэтаў. Цалкам зберагліся 7 трагедый: «Аякс» (да 422), «Антыгона» (каля 441), «Трахінянкі», «Эдып-цар» (каля 425), «Электра», «Філактэт» (паст. 409), «Эдып у Калоне» (паст. 401); часткова — сатыраўская драма «Следапыты» (апубл. 1912) і каля 1100 фрагментаў інш. твораў. Тэматыка твораў С. засн. на вядомых цыклах стараж.-грэч. міфаў: траянскага, фіванскага, міфаў пра атрыдаў і Геракла. У трагедыях дамінуе герой, які ў поўнай меры адказвае за свае паводзіны; канфлікт трагедый вынікае з яго характару, прынятых ім рашэнняў і зробленых учынкаў; ход падзей залежыць ад гэтага, а не ад знешніх абставін. У пакутах герояў С. бачыў не толькі здзяйсненне боскай кары, але і крыніцу маральнага ачышчэння, верыў у магчымасць боскай справядлівасці. С. — рэфарматар стараж.-грэч. трагедыі: увёў на сцэну трэцяга акцёра, павялічыў склад хору (ад 12 да 15), узмацніў у ім ролю карыфея. Трагедыі С. (найперш «Эдып-цар» і «Антыгона») і сёння ўваходзяць у рэпертуар т-раў свету. На бел. мову яго трагедыі пераклаў Ю.​Дрэйзін.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Эсхіл. Прыкуты Праметэй;

Сафокл. Антыгона. Мн., 1993;

Рус. пер. — Трагедии. М., 1988;

Драмы. М., 1990.

Л.​П.​Баршчэўскі.

Сафокл.

т. 14, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІСЦЁЛКА, свістулька,

народны духавы муз. інструмент тыпу глабулярнай флейты, вядомы. многім народам свету. Мае рэзанатарную поласць, свістковае прыстасаванне і 2—5 ігравых адтулін. Гучанне даволі моцнае, яркае і ў той жа час мяккае, крыху прыглушанае. Нярэдка іх выраб набываў характар самаст. промыслу (гл. Дымкаўская цацка). На Беларусі вядома з часоў неаліту. На думку некат. даследчыкаў, у першабытныя часы С. выконвалі ролю не толькі дзіцячай забаўкі, але мелі і рытуальнае прызначэнне: свіст павінен быў адганяць «злых духаў». Сімвалічнае значэнне меў і выбар сюжэтаў (конік, козлік, пеўнік, качка); С. ў выглядзе антрапаморфнай фігуркі абазначалі продкаў. Выраб С. звычайна спадарожнічаў ганчарству, нярэдка лепкай іх займаліся жанчыны і дзеці. Пустацелае тулава С. фармавалі на пальцы або цыліндрычнай палачцы (форма), свісток і бакавыя ігравыя адтуліны (звычайна 2) рабілі іголкападобнай драўлянай праколкай (шыпулём). Абпаленыя разам з посудам у хатняй печы ці ганчарным горне, С. былі тэракотавыя, глазураваныя ці чорназадымленыя. У наш час пашырыліся як сувенірныя і маст. вырабы, нярэдка як нар. духавыя муз. інструменты для выканання нескладаных песенных і танцавальных мелодый, імітацыі спеваў птушак (звычайна ў складзе фалькл. калектываў).

Літ.:

Милюченков С.А. Белорусское народное гончарство. Мн., 1984;

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовые. Мн., 1979;

Сахута Я.М. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987.

І.​Д.​Назіна, Я.​М.​Сахута.

Свісцёлкі «Коннікі». Вёска Ракаў Валожынскага раёна Мінскай вобл. 1930-я г.

т. 14, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)