ЭКВА́ТАР (позналац. aequator ад лац. aequo раблю роўным) геаграфічны, зямны, лінія сячэння зямнога шара плоскасцю, якая праходзіць праз цэнтр Зямлі перпендыкулярна ўяўнай восі яе вярчэння. Э. падзяляе зямны шар на Паўн. і Паўд. паўшар’і. На Пн і на Пд ад Э. адлічваюцца геагр. шыроты (0—90°). Даўж. Э. (паводле Ф.М.Красоўскага) складае 40 075 696 м, даўж. 1° даўгаты па Э. — 111 321,4 м. Э. з’яўляецца лініяй пастаяннага раўнадзенства (адсюль назва). Сонца бывае над Э. у зеніце двойчы за год — у дні вясенняга (20—21 сакавіка) і асенняга (23 верасня) раўнадзенства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭШНУ́НА,
старажытны горад-дзяржава ў Месапатаміі ў шумера-акадскую эпоху (3—2-е тыс. да н.э.), цяпер гарадзішча Тэль-Асмар у Іраку. Праз Э. Шумер і Акад звязваліся з Эламам. У 21 ст. да н.э. ўваходзіла ў склад дзяржавы Шумера і Акада. У 20 — пач. 18 ст. да н.э. Э. — цэнтр самаст. дзяржавы. Потым заваявана царом Хамурапі. пазней — касітамі (наз. Тупліяш). У клінапісных дакументах апошні раз упамінаецца каля 6 ст. да н.э. У выніку археал. раскопак у 1930—36 выяўлены храмы, палац цара Э. Нарамсіна, сістэма каналізацыі, жылыя пабудовы, скульптура, надпісы, пячаткі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́РМАЛА,
горад, прыморскі кліматычны і бальнеагразевы курорт у Латвіі, паміж паўд. берагам Рыжскага зал. і р. Ліелупе. Ўтвораны ў 1959 з гарадоў Кемеры, Слока і Юрмальскага р-на Рыгі. Уключае шэраг населеных пунктаў, якія цягнуцца ўздоўж узбярэжжа на 33 км: Ліелупе, Булдуры, Дзінтары, Майары, Дубулты (адм. ц. Ю.) і інш.Праз Ю. праходзіць электрыфікаваная чыгунка Рыга—Тукумс (14 станцый). 59 тыс.ж. (1997). Цэлюлозна-папяровы камбінат «Слока», ф-кі «Тэхнаінфарм», маст. вязаных і галантарэйных вырабаў, з-дспарт. лодак і інш. Музеі: гіст., маст., музей-дача Я.Райніса. Міжнар. фестываль эстраднай песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯДАВІ́ТЫ АПАРА́Т ЗМЕЙ.
Складаецца з пары ядавітых залоз, размешчаных ззаду вачэй, і адной ці дзвюх пар спец. ядавітых зубоў у верхняй сківіцы. З залозы яд паступае ў вывадную пратоку, потым у авальную адтуліну каля асновы зуба і па канале ці раўчуку яд праходзіць у зуб. У спакойным стане ядавітыя зубы прыціснуты да паднябення, пры адкрыванні рота зубы выпрамляюцца і падаюцца наперад. Пры ўкусе мышцы, якімі абкружаны ядавітыя залозы, скарачаюцца і яд праз каналы зубоў упырскваецца ў месца ўкусу. Т.зв. «джала» — доўгі раздвоены язык змяі — ніякіх адносін да Я.а.з. не мае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЫ ПРАМЫСЛО́ВЫЯ, яды вытворчыя,
хімічныя рэчывы, якія сустракаюцца ва ўмовах прафес. дзейнасці чалавека і шкодна ўплываюць на здароўе пры невыкананні правіл тэхнікі бяспекі і гігіены працы. Паводле ступені таксічнасці і небяспекі Я.п. падзяляюць на класы. Да іх адносяцца цяжкія металы, вуглевадароды і іх галагенвытворныя, спірты, фенолы, альдэгіды, эфіры, гетэрацыклічныя і фосфарарган. злучэнні, антыбіётыкі і інш. Трапляюць у арганізм праз органы дыхання, страўнікава-кішачны тракт, скурныя покрывы. слізістыя абалонкі. Я.п. аказваюць агульнатаксічнае, раздражняльнае, мутагеннае дзеянне, паскараюць працэсы старэння, выклікаюць развіццё злаякасных пухлін і інш.Гл. таксама Прафесійныя шкоднасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ БУГ, Буг,
рака на тэр. Украіны, Беларусі і Польшчы, левы прыток. Нараў. Даўж. 772 км, у межах Беларусі 154 км. Пл. вадазбору 39,4 тыс.км², у межах Беларусі каля 10 тыс.км². Пачынаецца на зах. схілах Падольскага ўзв. каля в. Верхабуж Золачаўскага р-на Львоўскай вобл. Украіны. У сярэднім цячэнні праходзіць па Брэсцкім Палессі і Прыбугскай раўніне (на значным працягу пагранічная). Упадае ў Зягжынскае вадасх. на р. Нараў (Польшча). Асн. прытокі: Луга (Украіна), Капаёўка, Мухавец, Лясная, Пульва (Беларусь), Нужац (Польшча) — справа; Рата, Салокія, Уладаўка, Кшна, Лівец (Польшча) — злева. У верхнім цячэнні даліна выразная, шыр. 1—3 км, у сярэднім цячэнні (у межах Беларусі) невыразная, шыр. 3—4 км, на ніжнім участку выразная, шыр. 1—1,5 км. Пойма ў верхнім і ніжнім цячэнні вузкая, перарывістая, у сярэднім — нізкая, шырокая, часта зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Рэчышча звілістае, шматрукаўнае, шыр. 10—20 м у вярхоўі, ніжэй 50—80 м, на асобных участках 200—300 м. Ледастаў з 2-й паловы снеж. да сярэдзіны сакавіка. Веснавое разводдзе доўжыцца 1—2 месяцы. Летам і ўвосень назіраюцца дажджавыя паводкі, зімой мяшаныя (ад адліг і дажджоў). Межань кароткая, перарывістая. Сярэднегадавы расход вады на мяжы Украіны і Беларусі каля 50 м³/с, у вусці 145 м³/с. Праз Мухавец, Дняпроўска-Бугскі канал, р. Піну. З.Б. злучаны з р. Прыпяць; празр. Нараў з р. Чорная Ганча (прыток р. Нёман). Суднаходства ніжэй Брэста. На рацэ гарады Буск, Каменка-Бугская, Чырванаград, Сакаль (Украіна), порт Брэст (Беларусь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КЕ́РЗАНА ЛІ́НІЯ»,
умоўная назва ўсх. мяжы Польшчы ў 1920 — сак. 1921. Праведзена прыбл. паводле этнічнага прынцыпу паміж Польшчай, Беларуссю і Украінай. Праходзіла праз Гродна—Ялаўку—Нямірава—Брэст-Літоўск—Драгунск—Усцілуг — на У ад Грубешава, праз Крылаў і далей на З ад Равы-Рускай, на У ад г. Перамышль (Пшэмысль) да Карпат. Прапанавана 8.12.1919 Вярх. саветам Антанты. Названа па імю Дж.Н.Керзана, які ў час сав.-польск. вайны 1920 па даручэнні Вярх. савета Антанты 11.7.1920 прапанаваў сав. ўраду спыніць наступленне Чырв. Арміі па гэтай лініі, прызнанай у ліп. 1920 і польск. урадам як усх. мяжа Польшчы на канферэнцыі ў Спа (Бельгія). Аднак у выніку змены ваен. сітуацыі на карысць Польшчы яе ўрад адмовіўся ад сваіх абавязацельстваў. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 польска-сав. граніца праходзіла значна далей на У ад «К.л.» і ўключала Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну ў склад Польшчы. У адпаведнасці з сав.-герм. дагаворам ад 28.9.1939 зах. мяжа СССР на бел. участку праходзіла крыху на З ад «К.л.», а на ўкр. участку прыбл. адпавядала ёй (Перамышль адышоў да СССР). Крымская канферэнцыя 1945 вызначыла, што ўсх. мяжа Польшчы павінна праходзіць уздоўж «К.л.». У адпаведнасці з сав.-польск. дагаворам ад 16.8.1945 паміж СССР і Польшчай устаноўлена дзярж. граніца, больш набліжаная да «К.л.», але з некаторымі адступленнямі на карысць Польшчы; на У ад яе да Польшчы перайшлі землі басейнаў рэк Зах. Бугу і Салокія, а таксама ч. Белавежскай пушчы. Польска-бел. дагавор ад 25.6.1991 пацвердзіў існуючыя межы паміж абедзвюма дзяржавамі.
Літ.:
Волаціч М. Лінія Керзона на фоне падзеяў і тэрытарыяльных зьменаў у Усходняй Еўропе // Спадчына. 1993. № 5—6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫВА́ЛАСЦЬматэрыялаў,
уласцівасць цвёрдых цел (матэрыялаў) супраціўляцца разбурэнню або неабарачальнай змене формы (пластычнай дэфармацыі) пад дзеяннем знешніх нагрузак. Абумоўлена сіламі ўзаемадзеяння паміж атамамі або іонамі, якія складаюць цела. У сістэме СІ вымяраецца ў Н∙м/кг.
У залежнасці ад матэрыялу, віду напружанага стану (расцяжэнне, сцісканне, выгін і інш.), умоў эксплуатацыі (т-ра, магн., эл. і інш. палі, нераўнамернае высыханне ці набраканне, нераўнамернае працяканне фіз.-хім. працэсаў у розных частках цела і інш.) прыняты розныя меры (крытэрыі) Т.: межы прапарцыянальнасці, цякучасці, паўзучасці, трываласці і інш. Адрозніваюць Т.: тэарэтычную, якую вылічваюць праз сілы міжатамнага счаплення (роўная прыкладна 1/6 модуля падоўжнай пругкасці; гл.Модулі пругкасці); тэхнічную — Т. рэальных матэрыялаў (меншая за 0,1 тэарэтычнай); канструкцыйную — Т. элементаў канструкцый, якая з-за шчылін, надрэзаў, драпін і інш. паверхневых дэфектаў, унутр. напружанняў, цяжкіх рэжымаў работы ніжэйшая за тэарэтычную; дынамічную, якая вызначае здольнасць матэрыялаў успрымаць без разбурэння дынамічныя нагрузкі; працяглую. калі разбурэнне матэрыялу адбываецца праз пэўны час пасля прыкладання нагрузкі (разбурэнню папярэднічае відавочная дэфармацыя матэрыялу). Удзельная Т. нітак, дроту, валокнаў і падобных матэрыялаў — велічыня, роўная адносінам разрыўнога намагання, прыкладзенага да матэрыялу, да яго лінейнай шчыльнасці. Імавернасць існавання ва ўзоры дэфекту тым большая, чым у тых жа ўзораў большых памераў (т.зв. маштабны эфект). Участкі з павышаным напружаннем, дзе найлягчэй з’яўляюцца мікрашчыліны. знаходзяцца каля паверхні (выступы. драпіны), таму паліроўка паверхні і ахоўныя пакрыцці павышаюць Т. У агрэсіўных асяроддзях Т. памяншаецца.
Літ.:
Клюшников В.Д. Физико-математические основы прочности и пластичности М., 1994;
Прочность и акустическая эмиссия материалов и элементов конструкций. Киев. 1991: Прочность, устойчивость и колебания термонапряженных оболочечных конструкций. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІ́НКАВАЕ, асобнае, індывідуальнае,
філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае існаванне адносна асобных у прасторы і часе рэчаў, з’яў, працэсаў з індывід. якаснай і колькаснай акрэсленасцю. Выяўляе тое, што ўласціва толькі гэтаму аб’екту і адрознівае яго ад іншых. У якасці адзінкавага можа разглядацца не толькі асобны прадмет, яго ўласцівасці ці прыкмета, але і цэлы іх клас, калі яны бяруцца як нешта адзінае. Адзінкавае непарыўна звязана з агульным. Любая рэч індывідуальная ў параўнанні з іншымі, разам з тым у пэўных адносінах валодае агульнымі з імі ўласцівасцямі. Улік катэгорыі адзінкавага ў метадалогіі пазнання праяўляецца ў пераходзе ад адзінкавага празасаблівае да агульнага, заканамернага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСКАНТА́КТАВАЯ КАМУТАЦЫ́ЙНАЯ АПАРАТУ́РА,
электратэхнічныя і электронныя прылады, у якіх камутацыя эл. ланцугоў (замыканне, размыканне, пераключэнне), а таксама пераўтварэнне току або напружання ажыццяўляецца без іх мех. разрыву. У стане «выключана» праз кіравальны элемент (транзістар, магнітны ўзмацняльнік, тырыстар), які ўключаны ў ланцуг паслядоўна з нагрузкай, працякае эл. ток нязначнай сілы з прычыны высокага супраціўлення элемента ў закрытым стане; у стане «ўключана» супраціўленне значна змяншаецца.
Бескантактавая камутацыйная апаратура адрозніваецца высокай надзейнасцю, павышаным хуткадзеяннем. Выкарыстоўваецца ў сістэмах камутацыі і аховы эл. установак (у т. л. крыніц сілкавання), у бескантактавых сістэмах кіравання і рэгулявання і інш., напр., сенсорныя пераключальнікі тэлевізійных каналаў, камутацыйныя блокі электронных АТС, тырыстарныя пераключальнікі электрапрыводаў.