КВАРТЭ́Т (італьян. quartetto ад лац. quartus чацвёрты),
1) ансамбль з 4 выканаўцаў (інструменталістаў ці вакалістаў). Можа быць аднароднага складу (струнны смыковы, драўляных духавых інструментаў, вак. мужчынскі або жаночы) і мяшанага (т. зв. фартэпіянны К. — фп., скрыпка, альт, віяланчэль). З інстр. К. найб. пашыраны струнны смыковы (2 скрыпкі, альт, віяланчэль). Як самаст. тып выканальніцкага калектыву сфарміраваўся ў 2-й пал. 18 ст. На Беларусі вядомы Гарадзецкі прыгонны квартэт У.Г.Кастрыёта-Скандэрбека, Дзяржаўны смыковы квартэт БССР, Квартэт Саюза кампазітараў БССР, вакальныя Беларускі вакальны квартэт, «Купалінка» і інш. 2) Муз. твор для ансамбля з 4 інструментаў або пеўчых галасоў. Струнны смыковы К. з канца 18 ст. — адзін з асн. жанраў камернай музыкі. Яго вызначаюць індывідуалізацыя партый, поліфанічная фактура, санатная цыклічная форма. Класічныя ўзоры К. стварылі І.Гайдн, В.А.Моцарт, Л.Бетховен, Ф.Шуберт, П.Чайкоўскі, А.Барадзін, Б.Бартак, П.Хіндэміт, Дз.Шастаковіч і інш. У бел. музыцы да К. звярталіся М.Аладаў, У.Алоўнікаў, В.Войцік, Г.Гарэлава, С.Картэс, П.Падкавыраў, А.Туранкоў, К.Цесакоў, М.Чуркін, Л.Шлег, В.Яфімаў. Менш пашыраны ў сусв. музыцы фп. К. Вакальныя К. часта ўваходзяць у оперы, кантаты, араторыі. Шэраг нар. песень апрацавалі для вак. К. бел. кампазітары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЛЬТЫ,
плямёны індаеўрапейскай групы, якія ў 1-й пал. 1-га тыс. да н. э. жылі ў бас. рэк Рэйн, Сена, Луара, вярхоўях Дуная, пазней засялілі тэр. сучасных Францыі, Бельгіі, Швейцарыі, паўд. Германіі, Аўстрыі, паўн. Італіі, паўн. і зах. Іспаніі, Брыт. а-воў, Чэхіі, Славеніі, часткова Венгрыі, Балгарыі і Турцыі. Рымляне называлі К. галамі, а асн. тэрыторыю іх рассялення Галіяй. Найб. значныя плямёны: бойі, гельветы, белгі, секваны, эдуі і інш. З імі звязаны гальштацкая культура (9—5 ст. да н.э.) і латэнская культура (5—1 ст. да н.э.). Займаліся земляробствам, апрацоўвалі металы, будавалі крэпасці і ўмацаваныя гарады, у найбольш развітых плямён з’явіліся зачаткі дзяржаўнасці. Ваявалі з германцамі, рымлянамі. У 1 ст. да н.э. заваяваны рымлянамі і раманізаваны. Традыцыі своеасаблівага кельцкага мастацтва (бронз. вырабы, посуд, зброя, дэталі конскай вупражы, разьба па каменю) захоўваліся і ў 1-м тыс.н.э., асабліва ў Ірландыі. К. адыгралі пэўную ролю ў фарміраванні англ., франц., бельг. і інш. народнасцей.
Літ.:
Граков Б.Н. Ранний железный век. М., 1977;
Широкова Н.С. Древние кельты на рубеже старой и новой эры. Л., 1989;
Шкунаев С.В. Община и общество западных кельтов. М., 1989.
Да арт.Кельты. Бронзавыя збаны з Бос-Юцс (Францыя).Да арт.Кельты. Люстэрка з Дэсбара. 1 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАРНЕ́Т [франц. clarinette ад лац. clarus ясны (гук)],
драўляны духавы язычковы муз. інструмент. Складаецца з дзюбападобнага муштука з прымацаваным да яго трысняговым ці бамбукавым язычком, кароткай пашыранай часткі, верхняга і ніжняга кален з пальцавымі адтулінамі (7) і клапанамі (каля 20) і раструба. Сярод рэгістравых разнавіднасцей найб. пашыраны К. малы (пікала), сапранавыя, альт (басетгорн), бас-кларнет.
Прафес. К. створаны ў Германіі каля 1700 на аснове франц.нар. інструмента шалюмо (тыпу бел.жалейкі). Выкарыстоўваецца як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент.
На Беларусі паявіўся спачатку ў прафес. практыцы (Нясвіж, Гродна, Шклоў і інш.), з 2-й пал. 19 ст. таксама і ў народнай. У нар.інстр. ансамблях К. актыўна замяняе жалейку ў спалучэнні са скрыпкай і цымбаламі або з гармонікам, скрыпкай і барабанам. Найб. характэрны для Палесся і цэнтр. раёнаў Беларусі. Творы розных жанраў для К. і камерных ансамбляў з К. у складзе стварылі бел. кампазітары Л.Абеліёвіч, М.Аладаў, Г.Вагнер, В.Войцік, Г.Гарэлава, Я.Глебаў, Я.Дзягцярык, Дз.Камінскі, П.Падкавыраў, Р.Сурус, Л.Шлег і інш. Класы ігры на К. існуюць у муз.навуч. установах рознага ўзроўню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкаратыўныя вырабы канца 15 — пач. 20 ст. з мясц. гліны ў г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Выраблялі пліткі, вуглы, часткі карніза. У канцы 15—17 ст. была пашырана тэракотавая кафля з рэльефным геам. арнаментам, тэракотавая і зялёная паліваная з рэльефным раслінным і геральдычным (выявы конніка, арла з гербам Радзівілаў) арнаментамі. Аналагічная арнаментыка сустракаецца ў польскай, літоўскай (геральдычнай выявы) і мінскай (раслінныя матывы) кафлі. У 2-й пал. 17 ст. выхадцы з Копысі Я.Андрэеў, С.Аляксееў, П.Будкееў, С.Грыгор’еў, В.Дарафееў, І.Максімаў, П.Фёдараў выраблялі шматколерную паліваную кафлю і аздаблялі ёй палацы і храмы ў Рус. дзяржаве. Найб. пашырыўся выраб кафлі ў канцы 19 — пач. 20 ст., калі ў Копысі працавала каля 20 заводаў. Тагачасная кафля вызначалася рысамі стылю мадэрн і мела форму рэльефных чатырохвугольных плітак або фасонных дэталей (медальёнаў, карыятыд, ільвіных галоў), якімі абліцоўвалі печы; пераважала ружова-бэзавая, зялёна-блакітная, белая з золатам расфарбоўка; узор — найчасцей кветкі рамонка, сланечніку, паслёну (многія ўзоры выконваліся па малюнках замежных каталогаў). К.к. вывозілі за межы Беларусі. З пач. 1980-х г. К.к., упрыгожаную традыц.бел. арнаментам, вырабляе Копыскі кафляны цэх Аршанскага камбіната сілікатных вырабаў.
Да арт.Копыская кафля. Фрагмент печы з кафлі, маляванай каляровымі палівамі. Канец 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМСКО́Й (Іван Мікалаевіч) (8.6.1837, г. Астрагожск Варонежскай вобл., Расія — 5.4.1887),
расійскі жывапісец і ідэйны кіраўнік дэмакр. руху ў рус. мастацтве 1860—80-х г. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1857—63). Выкладаў у Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1863—68). Ініцыятар «бунту чатырнаццаці», завершанага выхадам з АМ яе выпускнікоў, якія стварылі Арцель мастакоў. Адзін са стваральнікаў і ідэолагаў Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). Лідэр рэаліст. кірунку ў рус. жывапісе 2-й пал. 19 ст. Працаваў пераважна ў жанры партрэта.
Стварыў галерэю вобразаў прадстаўнікоў дэмакр. інтэлігенцыі Расіі: Л.Талстой, І.Шышкін (абодва 1873), П.Траццякоў (1876), М.Някрасаў (1877), М.Салтыкоў-Шчадрын (1879), С.П.Боткін (1880) і інш., шэраг твораў на мяжы партрэта і тэматычнай карціны: «Някрасаў у перыяд «Апошніх песень» (1877—78), «Невядомая» (1883), «Несуцешнае гора» (1884). Пранікнёнае назіранне нар. тыпажу, пераасэнсаванне рэліг. тэматыкі ў маральна-філас. плане, ідэю гераічнага самаахвяравання ўвасобіў у творах «Палясоўшчык» (1874), «Міна Майсееў» (1882), «Селянін з аброццю» (1883), «Хрыстос у пустыні» (1872). У Нац.маст. музеі Беларусі знаходзяцца яго творы «Жаночы партрэт» (1870-я г.), «Дзеці ў лесе» (1887).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖНІ́ВЕНЬ (ад слова «жніво»),
восьмы месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц лета на Беларусі. 15 Ж. працягласць дня ў Мінску 14 гадз 56 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам 50,3°, сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 478 МДж/м², радыяц. баланс дадатны (252 МДж/м²). На тэр. Беларусі сярэдняя т-ра паветра 15,5—18 °C, у 2-й пал. Ж. магчымы замаразкі на глебе (часам і ў паветры). Звычайна Ж. халаднейшы за ліпень, але прыкладна раз у 5 гадоў бывае наадварот. Адносная вільготнасць паветра ў Ж. не ніжэй за 70%, ападкаў 60—85 мм, у асобныя гады можа быць і больш (149 мм, Бабруйск, Жыткавічы, 1970) ці ападкі зусім не выпадаюць (Лепель, 1939). У сярэднім з ападкамі бывае 14—16 дзён. Частыя ліўневыя дажджы з моцнымі вятрамі выклікаюць паляганне збожжавых культур. У Ж. канчаецца жніво азімых, убіраюць яравыя, лён. З сярэдзіны месяца пачынаецца сяўба азімых жыта і пшаніцы. Даспявае садавіна, у разгары збор брусніц, касцяніц, чаромхі, ажыны. Ж. самы багаты месяц на грыбы. Паступова пачынаюць адлятаць у вырай птушкі: стрыжы, ластаўкі, зязюлі, івалгі, мухалоўкі, валасянкі, пліскі. Збіраюцца ў чароды шпакі, гракі. У канцы Ж. размнажаюцца змеі, яшчаркі, пачынаецца гон у казуль, нараджаюцца зайчаняты (другі прыплод).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДЗІ́ТАВА,
вёска ў Спораўскім с/с Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Дарагабуж, паміж азёрамі Чорнае і Спораўскае. За 33 км на ПдУ ад г. Бяроза, 133 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Белаазерск. 1200 ж., 436 двароў (1997).
З 2-й пал. 15 ст. вядомы «Здитов Городок» («дворец») — цэнтр дзярж. воласці Слонімскага пав. Трокскага ваяв. З 1520 «двор» З. — адм.-гасп. цэнтр мястэчка і воласці. З 1561 З. належала В.Цішкевічу і яго дачцэ Аляксандры. У 1590 Здзітаўская воласць у закладзе ў Л.Сапегі, у 1594 — у А.Цішкоўны-Язлавецкай. У 1567 тут існавала царква Успення. У 17—18 ст. З. — цэнтр староства Сапегаў у Навагрудскім ваяв. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка Пескаўскай вол. Слонімскага пав. У 1880-я г. ў З. 644 ж., 57 двароў. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска Пескаўскай гміны Косаўскага пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Бярозаўскага р-на. У Вял.Айч. вайну ў крас. 1944 у З. і наваколлі адбыліся баі паміж партызанамі і ням.-фаш. захопнікамі (гл.Здзітаўская абарона 1944). У 1971—2492 ж., 565 гаспадарак.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Царква. Мемарыяльны комплекс «Здзітаўская абарона 1944». Каля вёскі 2 стаянкі неаліту і бронз. веку, сярэдневяковае селішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗОАГЕАГРА́ФІЯ (ад зоа... + геаграфія),
геаграфія жывёл, раздзел біягеаграфіі, які вывучае размеркаванне ў сучасным і мінулым відаў жывёл, іх экалагічных груповак і заканамернасці іх пашырэння на зямным шары.
Першыя звесткі па З. з’явіліся ў працах Арыстоцеля, Плінія Старэйшага і інш.; асабліва хутка назапашванне інфармацыі ішло ў эпоху вял.геагр. адкрыццяў 15—17 ст. Спробы падзелу паверхні Зямлі на асобныя зоагеагр. прасторы рабіліся ў 1-й пал. 19 ст.Вял. значэнне для развіцця З. мелі працы вучоных: англ. Ф.Склетэра, А.Уолеса, рас. М.А.Северцава, Л.С.Берга, Л.А.Зянкевіча, М.А.Мензбіра, П.П.Сушкіна і інш.
На Беларусі даследаванні па З. вядуцца з 1920-х г. (А.У.Фядзюшын, У.В.Станчынскі). Стан жывёльнага свету (віды і групоўкі млекакормячых, птушак, рыб, насякомых, паразітычных членістаногіх, водных беспазваночных) вывучалі І.М.Сяржанін, Фядзюшын, М.С.Долбік, П.І.Жукаў, І.К.Лапацін, В.І.Мержаеўская, Т.Р.Іанісіяні, І.Ц.Арзамасаў, І.В.Чыкілеўская, М.М.Драко і інш.Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це заалогіі Нац.АН, БДУ, Бел. геолагаразведачным НДІ і інш. На падставе даных З. вучоныя складаюць схемы зоагеаграфічнага раянавання, абгрунтоўваюць рацыянальныя спосабы выкарыстання і аховы жывёльнага свету ў рэгіёнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ СВЕ́РЖАНЬ,
вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на левым беразе р. Нёман, на аўтадарозе Стоўбцы—Нясвіж. Цэнтр сельсавета. За 4 км на Пд ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 82 км ад Мінска. 2277 ж., 789 двароў (2000). Стаўбцоўская райаграпрамтэхніка, лесазавод, тарарамонтнае прадпрыемства. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Навасвержанская Успенская царква, Навасвержанскі Петрапаўлаўскі касцёл.
Вядома з 1568 як мястэчка Свержань Навагрудскага пав. з замкам, царквой і млынам. З 1578 уласнасць Радзівілаў, пры якіх у 1588 заснаваны касцёл, у 1592 — уніяцкая царква, у 1-й пал. 18 ст. — базыльянскі кляштар з семінарыяй, пабудавана Свержанская фаянсавая мануфактура. У 17—18 ст. у складзе Мірскага графства. У 1706 у час Паўн. вайны 1700—21 спалена шведамі. У 18 ст. атрымала назву Н.С. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр Свержанскай вол. Мінскага пав. У 1860-я г. 178 двароў, нар. вучылішча, школа. царква, касцёл, капліца, сінагога, 2 млыны, каля 20 крам, карчма, паштовая станцыя, штогод 2 кірмашы, у 1897—1749 ж., 297 двароў. З 1921 у Польшчы ў Стаўбцоўскім пав. Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР. З 1940 вёска, цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЕ КНЯСТВА,
буйное феад. зямельнае ўладанне князёў Радзівілаў у 16—18 ст. у Навагрудскім пав. Цэнтр — г.Нясвіж. Вядома з сярэдзіны 15 ст. (паводле некат. звестак, існавала ў 13 ст.). У 1492 вял.кн. Аляксандр падараваў двор Нясвіж з с. Круты Бераг і Чучэвічы П.Я.Мантыгірдавічу. У 1-й пал. 16 ст. маёнтак перайшоў да Радзівілаў. У 1547 М.Радзівіл Чорны атрымаў ад імператара Карла V княжацкі тытул «Свяшчэннай Рымскай імперыі», які ў 1549 прызнаны вял. князем ВКЛ. З гэтага часу да Нясвіжскага маёнтка Радзівілаў ужывалася назва Н.к. У пач. 1560-х г. у Н.к. праведзена валочная памера. У буйную латыфундыю Н.к. ператварыў сын Чорнага — М.К.Радзівіл Сіротка. У 1568—69 да яго ў спадчыну перайшло і далучана да Н.к. Мірскае графства. У 1587 гэта латыфундыя падзялялася на 7 ключоў (Нясвіжскі, Мірскі, Свержанскі, Быхаўшчынскі, Чанавіцкі, Салтанаўскі, Затур’янскі), налічвала каля 40 сёл. На поўдні Н.к. межавала з Клецкім княствам Радзівілаў. На аснове Н.к. ў 1586 створаны буйны маярат — Нясвіжская ардынацыя, правы на якую перадаваліся ў спадчыну старэйшаму прадстаўніку Радзівілаў па мужчынскай лініі. У пач. 17 ст. памеры Н.к. дасягнулі 5810 валок, тут было каля 3600 «дымоў» (25 тыс.чал. насельніцтва). У Нясвіжы знаходзіўся замкавы суд, якому падлягала ўсё насельніцтва, у т. л. і шляхта.