комплексная навука, якая вывучае мову, гісторыю, культуру Стараж. Егіпта. Інтэнсіўнае развіццё Е. як навукі звязана з Егіпецкай экспедыцыяй 1798—1801, у якой удзельнічала каля 150 вучоных. У выніку іх дзейнасці заснаваны Ін-т Егіпта ў Каіры (дзейнічае і цяпер), выдадзена «Апісанне Егіпта» (т. 1—24, 1809—28). Дэшыфроўка ў 1822 Ж.Ф.Шампальёнам егіп.-іерагліфічнага пісьма на т.зв. Разецкім камені паклала пачатак навук. вывучэнню стараж.-егіп. помнікаў. У 1828—29 (Шампальён, І.Раселіні) і ў 1842—45 (К.Р.Лепсіус) праведзена інвентарызацыя помнікаў егіп. архітэктуры і мастацтва. Франц. егіптолагі вялі археал. раскопкі (А.Марыет), публікавалі помнікі егіп. філалогіі, перакладалі і выдавалі іерагліфічныя і іератычныя тэксты (Г.Масперо, Ф.Шаба, Э. дэ Ружэ, Э.Навіль), даследавалі гісторыю Стараж. Егіпта (Э.Дрыятон, Ж.Вандзье і інш.), яго рэліг. і сац. ін-ты (А.Марэ, Э.Ф.Гацье). Вялікае значэнне для развіцця Е. мела т.зв. берлінская школа, заснаваная ў 1890-я г. А.Эрманам. Ням. егіптолагі вывучалі пераважна егіп. мовы. Лепсіус выдаў збор першакрыніц, стварыў асновы храналагічнай перыядызацыі гісторыі Стараж. Егіпта. У 1880 выйшла граматыка копцкай (Л.Штэрн) і новаегіп. (Эрман) моў. Лексікаграфічныя даследаванні вёў Г.Бругш (іерагліфічна-дэматычны слоўнік). У 1896 пад кіраўніцтвам Эрмана і Г.Грапава пачалася праца над слоўнікам егіп. мовы. У пач. 20 ст.егіп. палеаграфію даследаваў Г.Мёлер, рэліг. тэксты — К.Зетэ і С.Шот, інш.літ. помнікі — Г.Штайндорф, гісторыю Стараж. Егіпта — Э.Маер, А.Шарф. Брыт. егіптолагі праводзілі інтэнсіўныя археал. раскопкі (У.Пітры Фліндэрс). У сярэдзіне 19 ст. выдадзены адзін з першых іерагліфічных слоўнікаў (С.Бёрч, 1867), апрацавана граматыка класічнай мовы (А.Гардынер), выдадзены копцкі слоўнік (У.Крам, 1939). Намаганнямі Дж.Брыстыда ў Чыкага (ЗША) заснаваны Усходні ін-т, вакол якога групаваліся амер. егіптолагі. Заснавальнік Е. ў Расіі У.С.Галянішчаў сабраў вял. калекцыю стараж.-егіп. матэрыялаў, апублікаваў працы па егіп. філалогіі і археалогіі. Аўтар «Гісторыі Старажытнага Усходу» (т. 1—2, 1935—36). Б.А.Тураеў стварыў рус. школу егіптолагаў. Сац.-эканам. развіццё стараж.-егіп. грамадства даследаваў В.В.Струве. Над праблемамі Е. працавалі У.І.Аўдзіеў, І.М.Лур’е, Ю.Я.Перапёлкін і інш. З 1952 пытанні Е. больш актыўна даследуюць самі егіпцяне. У сувязі з буд-вам Асуанскай плаціны для выратавання гіст. помнікаў, якія знаходзіліся ў зоне затаплення, у 1960 пры ЮНЕСКА быў створаны міжнар.к-т, у Егіпет і Судан накіраваны археал. экспедыцыі шэрагу краін. У Александрыі, Малаві, Асуане і інш. гарадах створаны музеі егіп. старажытнасцей. У 1976 у Каіры адбыўся 1-ы Міжнар. кангрэс егіптолагаў (з гэтага часу склікаецца кожныя 3 гады).
Літ.:
Постовская Н.М. Изучение древней истории Ближнего Востока в Советском Союзе (1917—1959 гг.). М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГАНЕ́Ц (Карусь) (сапр.Кастравіцкі Казімір Карлавіч; 10.2.1868, г. Табольск, Расія — 10.5.1918),
бел. пісьменнік, перакладчык, мастак, мовазнавец. Сын удзельніка паўстання 1863—64, сасланага ў Сібір. З 1874 на Беларусі, у в. Засулле каля Стоўбцаў і Прымагілле каля Койданава (цяперг. Дзяржынск). Вучыўся ў Мінскім гар. вучылішчы, Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. Працаваў у Мінску, Рызе, Лідзе, Вільні, фальварку Жортай на Барысаўшчыне. Адзін з арганізатараў Беларускай сацыялістычнай грамады. За рэв. агітацыю сярод сялян быў зняволены ў мінскую турму (1905—06, 1910—11). Друкаваўся з 1893. Паэзія К. агітацыйная, блізкая да нар. песні. Яна працягвала традыцыі нар. антыпрыгонніцкіх і рэкруцкіх песень, прасякнута нац. матывамі («Пра пана Ленскага», «Наша доля маладзецка», «На мабілізацыю», «Наш покліч», «Плач беларуса»), Цэнтр. герой яго лірыкі — кабзар, лірнік («Кабзар»), Проза К. — апрацоўкі мясц. легенд і паданняў («Прылукі», «Навасадскае замчышча», «Вітаўка»), Аўтар гіст. («Старажовы курган», апубл. 1919; «Сын Даніла», апубл. 1920) і бытавых («У іншым шчасці няшчасце схавана», нап. 1903, апубл. 1919; «Двойчы прапілі», нап. 1910, апубл. 1919) драм. Дасюль папулярная яго камедыя «Модны шляхцюк» (паст. 1910 у Вільні і Полацку Першай бел. трупай І.Буйніцкага), у якой высмеяў бел. выраджэнца, які адракаецца ад усяго роднага. Гэта модны шляхцюк Пранцішак Карчэўшчык — папярэднік Адольфа Быкоўскага ў «Паўлінцы» Я.Купалы. Апрацоўваў нар. казкі, паданні; пісаў навук.-папулярныя нарысы для дзяцей. Выступаў як публіцыст. Адзін з аўтараў «Беларускага лемантара, або Першай навукі чытання» (Пб., 1906, выд. ананімна). На бел. мову пераклаў навук.-папулярную брашуру «Гутаркі аб небе і зямлі» (1907, з С.Шаўлоўскім). Шмат увагі аддаваў мове, навук. тэрміналогіі (працаваў над «Беларускай граматыкай», не закончана). З твораў выяўл. мастацтва зберагліся графічныя малюнкі «За сахою», «На ростаньках», паліт. карыкатуры; ляпіў з гліны, выразаў з дрэва і косці, афармляў кнігі (вокладка «Другога чытання для дзяцей беларусаў» Я.Коласа, Пб., 1909). На магіле К. ў в. Навасёлкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. пастаўлены помнік.
Тв.:
Творы. Мн., 1979.
Літ.:
Каспяровіч М. Карусь Каганец // Маладняк. 1928. № 10;
Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979;
Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984. С. 107—110, Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы Мн., 1985. С. 69—82;
Скалабан В. Па слядах Сяргея Мглінскага // Мастацтва Беларусі. 1986. № 1;
Біч М. Ад родных ніў. Грамад.-паліт. погляды Каруся Каганца // Полымя. 1988. № 3;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастр. перыяд. 2 выд.Мн., 1989. Ч. 2. С. 375—379;
Станкевіч Л.І. Рукапісы Каруся Каганца ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І.Леніна // Кніжная культура Беларусі: Да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.Скарыны. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТЭРАЗО́Й (ад грэч. proteros больш ранні + zōē жыццё),
пратэразойская акратэма (акрон), верхняя частка геал. утварэнняў дакембрыю і адпаведны адрэзак часу (акрон) іх фарміравання. Залягаюць на ўтварэннях архею, перакрываюцца адкладамі фанеразою. Пачаўся каля 2,5 млрд.г. назад і закончыўся 570 млн.г. назад. Тэрмін «П.» прапанаваў амер. геолаг Э.Эманс у 1888. Розныя краіны маюць свае стратыграфічныя схемы П.; у СССР з 1977 (цяпер і ў краінах СНД) падзяляюць П. на ніжні (карэлій) і верхні (рыфей і венд) з мяжой на ўзроўні 1650 ± 50 млн. г.
Да пачатку П. завяршылася кратанізацыя зямной кары. Скучванне яе глыб прывяло да ўтварэння гіганцкага адзінага кантынента Пангея-0 (гл.Пангея). На працягу карэлію развіваліся протагеасінкліналі, якія падзялілі Пангею-0 на вял. колькасць протаплатформ. У канцы карэлію (1,8—1,7 млрд.г. назад) протагеасінкліналі моцна спаялі протаплатформы складкавымі сістэмамі. Утварыўся суперкантынент Пангея-1, які ў познім рыфеі распаўся на суперкантыненты Гандвану і Лаўразію.
Пароды П. разам з архейскімі складаюць фундамент стараж. платформ і выходзяць на паверхню на шчытах (Украінскі, Балтыйскі, Алданскі і інш.) і ў сярэдзінных масівах. Паводле саставу, ступені метамарфізму і характару складкавасці пароды ніжняга П. падобныя на архейскія, пераважна адпавядаюць амфібалітавай і зялёнасланцавай фацыям метамарфізму, у меншай ступені праявіліся гранітызацыя і мігматызацыя; часцей трапляюцца карбанатныя пароды, розныя гнейсы і сланцы. Пароды ніжняга П. прарваны інтрузіямі гранітаў і габроідаў. Для завяршальнага этапу магматызму ў П. на Балтыйскім шчыце і ў фундаменце Рускай пліты характэрны граніты рапаківі, прымеркаваныя да мяжы карэлію і рыфею. Пароды верхняга П. больш блізкія да палеазойскіх і прадстаўлены неметамарфізаванымі і слабаметамарфізаванымі тэрыгеннымі (пясчанікі, кварцыты, кангламераты, гліны, аргіліты), карбанатнымі (вапнякі, мармур) і вулканагеннымі адкладамі. У асадкавых пародах П. пашыраны (пераважна ў верхнім П.) арган. рэшткі — прадукты жыццядзейнасці бактэрый, цыянабактэрый і сіне-зялёных водарасцей (страматаліты, анкаліты, фіталіты). У познім рыфеі прысутнічаюць рэшткі мікрафлоры, у вендзе — мнагаклетачных бесшкілетных жывёлін — чарвей, медузоідаў і інш., што сведчыць пра павелічэнне ў марской вадзе долі свабоднага кіслароду. З адкладамі П. звязаны радовішчы жалеза, марганцу, медзі, нікелю, хрому. кобальту, тытану, урану і інш.
На Беларусі ў крышт. фундаменце адклады П. прадстаўлены гнейсамі, амфібалітамі і сланцамі аколаўскай серыі ў цэнтры краіны (Аколаўская грабен-сінкліналь) і сланцамі і вулканітамі жыткавіцкай серыі ў межах Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу, іх прарываюць гранітоіды жухавіцкага, бабаўнянскага. жыткавіцкага, а таксама габроіды і дыябазы русінаўскага, нагорнаўскага комплексаў і інш. У аколаўскай серыі выяўлена некалькі калчаданных, жалезных (гл.Аколаўскае радовішча жалезных рудаў) рудапраяўленняў. З пародамі, што перасякаюць жыткавіцкую серыю, звязаны руды рэдкіх металаў.
Літ.:
Семихатов М.А. Стратиграфия и геохронология протерозоя. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НАЎ (Еўдакім Раманавіч) (11.9.1855, мяст. Нова-Беліца, цяпер у межах г. Гомель — 20.1.1922),
бел. этнограф, фалькларыст, археолаг, краязнавец, педагог. Правадз.чл.Рус.геагр.т-ва (РГТ, 1886), Маскоўскага т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі (1888), Маскоўскага археал.т-ва (1890, чл.-кар. з 1886). Скончыў Гомельскую прагімназію (1870), курсы настаўнікаў рус. мовы і гісторыі (1872). З 1872 працаваў настаўнікам, у 1886—1906 інспектарам нар. вучылішчаў Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай губ. У 1906—16 чл. Часовай камісіі па ўладкаванні Віленскай публічнай б-кі і музея. У 1897—1903 рэдактар неафіц. аддзела газ.«Могилевские губернские ведомости», у 1900—03 пад яго рэдакцыяй выдадзены 3 вып.«Магілёўскай даўніны». З 1910 заг. секцыі этнаграфіі і археалогіі Паўн.-Зах. аддзялення РГТ. У 1917—22 жыў у г. Стаўрапаль (Расія). Друкаваўся з 1880. Вывучаў матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў: жыллё, адзенне, нар. абрады, сямейны побыт, нар. каляндар і медыцыну, вераванні, дзіцячыя гульні. Апублікаваў працы па археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыцы, гісторыі, мова-, літ.- і музеязнаўстве, археаграфіі. Скразной лініяй навук. дзейнасці Р. стала яго думка пра самабытнасць нац. культуры бел. народа. Меркаваў выдаць бел.фалькл.-этнагр. матэрыялы ў 15 кн. Пры яго жыцці выйшла 9 тамоў «Беларускага зборніка» (1886—1912), 10-ы том выпусціў Інбелкульт, падрыхтаваныя 11—14-ы зб-кі матэрыялаў загінулі ў Вял.Айч. вайну, лёс 15-га невядомы. У 1886—94 вёў археал. раскопкі ў Магілёўскай і Віцебскай губ., адкрыў помнік эпіграфікі 12 ст. Барысаў камень (каля в. Высокі Гарадзец Талачынскага р-на). Склаў археал. карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губ. Сабраў звесткі пра 1 тыс. гарадзішчаў Беларусі, выявіў шмат стаянак першабытнага чалавека, вёў антрапалагічныя даследаванні. Удзельнічаў у рабоце 9-га археал. з’езда ў Вільні (1893). Звяртаў увагу вучоных на вывучэнне геагр. назваў. Вывучаў гарады Полацкай зямлі, у прыватнасці Лукомль, яго манастыр. Выступаў у абарону помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Шмат знаходак перадаў у Магілёўскі, Віцебскі, Віленскі музеі. Працуючы ў музеі ў Вільні, на кожны экспанат даваў падрабязную анатацыю. Сярод прац: «Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні» (вып. 1—2, 1911—12), «Крыніцы для гісторыі Магілёўскага краю» (вып. 1, 1916). У 1901 апублікаваў (са скарачэннямі) працу А.Меера «Апісанне Крычаўскага графства 1786 г.». У 1900 выдаў зб. «Тарас на Парнасе» і іншыя беларускія вершы» (у 1902 дап. выданне). Папулярызаваў бел. л-ру, асабліва творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча. Дзейнасць Р. адзначана залатым і вял. сярэбраным медалямі, дыпломамі навук. т-ваў.
Тв.:
Материалы по исторической топографии Витебской губернии. Уезд Велижский. Могилев, 1898;
Учебник русской грамматики. 4 изд. Могилев, 1904;
Беларускія народныя казкі: (Са зборнікаў Е.Р.Раманава). Мн., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАВЕ́ЦКІ МАНАСТЫ́Р.
На Салавецкіх а-вах у Белым м. ў Архангельскай вобл. Расіі. Засн. ў 1429—36 манахамі Германам і Саваціем. З 15—16 ст. меў вял. зямельныя ўладанні па берагах Белага м., вёў развітую сельскую гаспадарку, саляны, рыбалавецкі, зверабойны, жалезны і інш. промыслы. Неаднаразова адбіваў напады шведаў (1571, 1582, 1611), у 1613 манастырскі атрад выцесніў з Карэліі войскі Рэчы Паспалітай і б. прыхільнікаў Ілжэдзмітрыя II. У сувязі з непрызнаннем манахамі царк. рэформы патрыярха Нікана адбылося Салавецкае паўстанне 1668—76. З 1765 стаўрапігіяльны, г.зн. непасрэдна падначалены Сіноду манастыр. У крымскую вайну 1853—56 С.м. летам 18 5 4 вытрымаў абстрэл брыт. эскадры. З 16 ст. выкарыстоўваўся як месца зняволення. Сярод вязняў былі пісьменнікі-публіцысты Максім Грэк і Аўрамій Пал шын, касімаўскі царэвіч Сімяон Бекбулатавіч, дыпламат П.А.Талстой і інш. У 1903 салавецкая турма скасавана, у 1920 адноўлена. У 1923 манастыр скасаваны, у 1923—37 на яго тэр. існавалі Салавецкія лагеры асобага прызначэння, у 1937—39 — Салавецкая турма асобага прызначэння. Сярод вязняў сав. часу бел. пісьменнік Ф.Аляхновіч, рус. філосаф П.А.Фларэнскі, даследчык стараж.рус. л-ры Дз.С.Ліхачоў і інш. У 1942—45 тут размяшчалася Школа юнгаў Паўн. флоту. З 1974 на астравах дзейнічае Салавецкі дзярж.гіст.-арх. і прыродны музей-запаведнік. У 1991 манастыр вернуты царкве.
Тэр. С.м. абкружана магутнымі сценамі (выш. 8—11 м, таўшчыня 4—6 м) з 7 варотамі і 8 вежамі (1584—94, майстар Трыфан), складзенымі пераважна з вял. неапрацаваных камянёў-валуноў. Больш за 100 гадоў пабудовы манастыра былі драўляныя, у 1485 і 1538 знішчаны пажарам. Пры перабудове каменныя храмы захавалі рысы папярэдніх драўляных. Ініцыятар перабудовы ігумен П.Колычаў для ўзвядзення манум. храмаў прывёз у 1552 майстроў Салку і Сталыпу. Будынкі комплексу пастаўлены на адной восі, злучаны крытымі арачнымі пераходамі і абкружаны шматлікімі гасп. і жылымі пабудовамі. Сярод помнікаў: Успенскі сабор (1552—57) з трапезнай (1-стаўповая палата пл. 500 м²), Спаса-Праабражэнскі сабор (1558—66, 3-ярусны, з выразнай пірамідальнасцю асн. аб’ёму і 4 вежападобнымі прыдзеламі па вуглах), царква Дабравешчання (1596—1601), іканапісная палата (1615), вадзяны млын (пач. 17 ст.), званіца (1777), цэрквы Філіпаўская (1797—98, перабудавана ў 19 ст.) і Мікалая (1834), Троіцкі сабор (1856—59). У 1930-я г. комплекс пашкоджаны, цяпер у стане рэстаўрацыі. С.м. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Фруменков Г.Г. Соловецкий монастырь и оборона Беломорья в XVI—XIX вв. Архангельск, 1975;
Скопин В.В. На Соловецких островах. М., 1990;
Солженицын А.И. Архипелаг ГУЛАГ. М.;
Мн., 1990. Т. 2. С. 28—68;
Архитектурно-художественные памятники Соловецких островов. М., 1980;
Скопин В.В., Щенникова Л.А. Архитектурно-художественный ансамбль Соловецкого монастыря. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́НІКІ, Саланікі,
Фесалонікі (Thessalonikē),
горад на Пн Грэцыі, на беразе зал. Тэрмаікос Эгейскага м. Каля 1 млн.ж. з прыгарадамі (2000). Марскі порт (выкарыстоўваецца часткова Македоніяй, Югаславіяй, Балгарыяй), вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Другі, пасля Афін, эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: нафтаперапр. і нафтахім., металаапр., маш.-буд., у т. л. суднабудаванне і суднарамонт; тэкст., харчасмакавая, у т. л. тытунёвая; гарбарна-абутковая, цэлюлозна-папяровая. Ун-т. Археал. музей. Турызм. Штогадовыя міжнар. кірмашы.
Засн. ў 315 да н.э. царом Македоніі Касандрам. У старажытнасці і сярэднія вякі наз. Фесалонікі. З 148 да н.э. пад уладай рымлян, з канца 4 ст.н.э. — адм. ц. прэфектуры Ілірык. У 5—6 ст. на С. нападалі готы, у 6—7 ст. — славяне. У візант. эпоху С. — другі па значэнні горад пасля Канстанцінопаля. З пач. 9 ст. цэнтр фемы Фесалонікі. З С. паходзілі слав. асветнікі Кірыла і Мяфодзій. У 904 горад разрабаваны арабамі, у 1185 — нарманамі. З 1204 С. — сталіца лац. Фесалонікскай дзяржавы (з 1209 каралеўства). У 1224 стаў цэнтрам Фесалонікскай імперыі. З 1246 у складзе Нікейскай, у 1261 — Візант. імперый. У 1342—49 у горадзе дзейнічала камуна зілотаў. У 1387 захоплены туркамі, з 1403 зноў у Візант. імперыі. З 1430 у складзе Асманскай імперыі. З 1907 цэнтр руху младатуркаў. Пасля Баяканскіх войнаў 1912—13 адышлі Да Грэцыі. У 1-ю сусв. вайну база войск Антанты, якія ўтварылі каля горада Салонікскі фронт 1915—18. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі (1941—44). Вызвалены грэч. Народна-вызв. арміяй.
Захаваліся рэшткі асобных пабудоў рым. часу, у т. л. арка Галерыя (303 н.э.), руіны палаца. Помнікі сярэдневяковага дойлідства. крэпасць і замак, рэшткі візант.гар. сцен, шматлікія візант. цэрквы, у т. л.св. Георгія (перабудавана ў канцы 4 ст. са стараж.-рым. пабудовы; ратонда, мазаікі канца 4 ст.; цяпер музей раннехрысц. мастацтва), св. Дзімітрыя (перабудавана ў 11 ст., адноўлена ў 1917, мазаікі 5 і 7 ст., фрэскі 10 — пач. 14 ст.), св. Сафіі (пачата ў 5—6 ст., 717—741, мазаікі 9 ст., фрэскі 11 ст.), Маці Божай (1028, фрэскі 14 ст., пры турках перабудавана ў мячэць), Апосталаў (1312—15, фрэскі і мазаікі 14 ст.) і інш. З 20 манастыроў С. захаваўся адзін — Мані Влатадон з царквой 14 ст. У часы тур. панавання выраслі партовая ч. горада і жылыя кварталы са шчыльнай «усходняй» планіроўкай вуліц. З 1920-х г. праводзіцца рэканструкцыя, узведзены новыя сучасныя дамы, комплекс кірмашу (1950-я г.) і ун-та (1960-я г., арх. К.Карандынас і інш.). Дахрысц. і візант. помнікі С. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Я.Ф.Шунейка (архітэктура).
Салонікі. Царква Апосталаў. 1312—15.Салонікі. Царква святога Дзімітрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯГРАФІ́ЧНЫЯ ЧАСО́ПІСЫ,
перыядычныя выданні, у якіх вядзецца ўлік і рэферыраванне твораў друку і аўдыёвізуальных матэрыялаў, асвятляюцца пытанні гісторыі, тэорыі, методыкі і арганізацыі бібліягр. дзейнасці. Падзяляюцца на міжнар. і нац., універсальныя і галіновыя.
Бібліяграфічныя часопісы, якія адлюстроўваюць нац. друк, выдаюцца ў большасці краін свету: у Францыі («Bibliographie de la France», «Бібліяграфія Францыі», з 1811), Італіі («Bibliografia nationale Italiana», «Нац. бібліяграфія Італіі», з 1886), ЗША («Cumulative Book Index», «Кумулятыўны паказальнік кніг», з 1898), Расіі («Книжная летопись», з 1907), на Украіне («Літопис книг», «Летапіс кніг», з 1924), у Польшчы («Przegodnik bibliograficzny», «Бібліяграфічны даведнік», з 1946), Кітаі («Цюаньго сінь шуму», «Усекітайскі паказальнік новых кніг», з 1951) і інш. сярод міжнародных бібліяграфічных часопісаў выданні ЮНЕСКА «Index translatonum» («Паказальнік перакладаў», з 1949), «Библиография, документация, терминология» (з 1961). Акрамя універсальных выходзяць галіновыя бібліяграфічныя часопісы: «World list of social science periodical» («Міжнародны паказальнік грамадска-палітычных перыядычных выданняў», ЮНЕСКА з 1980), «Humanities index» («Паказальнік па гуманітарных навуках», ЗША з 1975), «British technology index» («Паказальнік брытанскай тэхналогіі», Вялікабрытанія, з 1962) і інш.
У СССР выходзілі бібліяграфічныя часопісы, у якіх адлюстроўваліся друкаваныя творы на ўсіх мовах народаў СССР: «Нотная летопись» (з 1931), «Летопись периодических и продолжающихся изданий» (з 1933), «Летопись изоизданий» (з 1934) і інш., а таксама бібліяграфічныя часопісы з інфармацыяй (у т. л. і бел.) аб матэрыялах з часопісаў і газет на рус. мове: «Летопись газетных статей» (з 1936), «Летопись рецензий» (з 1935) і інш.Цяпер гэтыя выданні, у т. л. і тэарэтыка-метадычны час. «Библиография», працягваюць выдавацца ў Расіі з расійскімі матэрыяламі. На Беларусі з 1924 Нац. кніжнай палатай Беларусі выдаецца «Летапіс друку Беларусі», які складаецца з 7 тыпаў летапісаў па відах выданняў: «Кніжны летапіс» (з 1924), «Летапіс нотаў» (з 1924), «Летапіс рэцэнзій» (з 1932), «Беларусь у сусветным друку» (з 1946), «Летапіс выяўленчага мастацтва» (з 1955), «Летапіс нарматыўна-тэхнічнай, тэхнічнай дакументацыі і выданняў вузкага прызначэння» (з 1985), «Летапіс картаграфічных выданняў» (з 1994). З 1995 з «Летапісу друку Беларусі» ў самастойныя выданні вылучаны «Летапіс перыядычных выданняў і выданняў, якія прадаўжаюцца» (з 1925), «Летапіс часопісных артыкулаў» (з 1934) і «Летапіс газетных артыкулаў» (з 1937). У 1932 у БССР выходзіў штомесячны час. «Кніга масам». Нац.б-ка Беларусі (да 1992 Дзярж.б-каБССР) у 1934 выдала 10 нумароў «Крытыка-бібліяграфічнага бюлетэня», у 1954—55 і 1958—59 — бюлетэнь «Новыя кнігі». Выдае штомесячны бюлетэнь «Новыя кнігі. Па старонках беларускага друку» (з 1960), шматгаліновыя бібліяграфічныя часопісы: «Зводны паказальнік замежных перыядычных выданняў, выпісаных бібліятэкамі Рэспублікі Беларусь на... год» (з 1945), «Зводны каталог новых замежных кніг, якія паступілі ў бібліятэкі Рэспублікі Беларусь у ... годзе» (з 1969), «Грамадскія навукі» (з 1969), «Беларуская мова, літаратура, мастацтва» (з 1970), «Новая літаратура па гісторыі і гістарычных навуках Беларусі» (з 1972), «Новая літаратура па культуры і мастацтву Беларусі» (з 1972), «Сістэматычны паказальнік неапублікаваных дакументаў па культуры і мастацтву Беларусі» (з 1978), «Штотыднёвы агляд літаратуры па культуры і мастацтву» (з 1986), «Чарнобыль» (з 1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РДЗІ ((Verdi) Джузепе Фартуніна Франчэска) (10.10.1813, Ле-Ранколе, цяпер у межах г. Бусета, Італія — 27.1.1901),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў дырыжора т-ра «Ла Скала» В.Лавіньі і інш. З 1835 наладжваў канцэрты ў г. Бусета, выступаў як дырыжор, піяніст, арганіст. З 1838 у Мілане, дзе ў 1839 пастаўлена яго першая опера «Аберта, граф Сан-Баніфача». Оперы Вердзі 1840-х г. «Набука» («Навухаданосар»), «Ламбардцы ў першым крыжовым паходзе», «Жанна д’Арк», «Атыла», «Бітва пры Леньяна» прасякнуты нац.-вызв. ідэямі. Цікавасць Вердзі да сюжэтаў вял. ідэйнага зместу, насычаных драматызмам, яркай кантрастнасцю, моцнымі пачуццямі, выявілася ў операх паводле твораў В.Гюго («Эрнані», 1844), У.Шэкспіра («Макбет», 1847), Ф.Шылера («Луіза Мілер» паводле трагедыі «Каварства і каханне», 1849). У операх «Рыгалета» (паводле драмы «Кароль забаўляецца» Гюго, 1851), «Трубадур» (паводле А.Гарсіі Гуцьерэса) і «Травіята» (паводле «Дамы з камеліямі» А.Дзюма-сына; абедзве 1853) выявіліся лепшыя рысы муз.-драм. даравання Вердзі: глыбокае спасціжэнне ўнутр. свету герояў, прастата і выразнасць муз. мовы, песеннасць, высокі гуманізм. Оперы 1850-х г. «Сіцылійская вячэрня», «Сімон Баканегра», «Баль-маскарад», «Сіла лёсу» адметныя спалучэннем дынамізму і значнасці масавых сцэн з паглыбленым псіхалагізмам. Да найб. значных яго твораў належаць оперы «Дон Карлас» (паводле Шылера, 1867) і «Аіда» (1870), дзе элементы жанру вял. оперы — развітыя ансамблі, разгорнутыя масавыя сцэны, урачыстыя шэсці, балет — поўнасцю падпарадкаваны раскрыццю глыбокага гуманіст. зместу. Блізкі да лепшых позніх опер Вердзі «Рэквіем» (1874, памяці пісьменніка-патрыёта А.Мандзоні). Вяршыня творчасці Вердзі — муз. драма «Атэла» (1886) і камічная опера «Фальстаф» (1892), у якіх традыц. арыі і дуэты заменены маналогамі і дыялагічнымі сцэнамі, засн. на скразным муз. развіцці, дасягнута поўнае зліццё музыкі з драм. дзеяннем. Вердзі рэфармаваў камічную оперу на аснове дасягненняў рэаліст.муз. драмы 19 ст. Творчасць Вердзі — адна з вяршынь опернага рэалізму ў сусв.муз. мастацтве. На аснове традыцый папярэднікаў і сучаснікаў, выкарыстання песеннасці італьян.нар. музыкі Вердзі стварыў уласны муз. стыль, для якога характэрны яскравая тэатральнасць, вастрыня і выразнасць у абмалёўцы дзейных асоб і сітуацый, неперарыўнасць сцэн. развіцця, гібкасць вак. дэкламацыі, майстэрства ансамбля, узмацненне драматургічнай ролі аркестра. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі пастаўлены «Рыгалета», «Травіята», «Трубадур», «Аіда», «Баль-маскарад», «Атэла», «Дон Карлас», фантазія «Шэкспір і Вердзі» (у трох частках), у рэпертуары хору — «Рэквіем».
Тв.:
26 опер (з іх 6 у 2 рэдакцыях);
«Рэквіем» для 4 салістаў, хору і арк., Staban mater для хору і арк. (1898), Те Deum для падвойнага хору і арк. (1898) і інш.;
вак.-сімф. «Гучы, труба» (рэв. гімн, 1848), Гімн нацый (1862);
струнны квартэт (1873), вак.-інстр. ансамблі;
песні, рамансы і інш.
Літ. тв.: Рус.пер. — Избр. письма. М., 1959.
Літ.:
Соллертинский И. Джузеппе Верди // Соллертинский И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963;
Тароцци Дж. Верди: Пер. с итал. М., 1984;
Соловцова Л.А. Джузеппе Верди. 4 изд. М., 1986;
Галь Г. Брамс. Вагнер. Верди: Три мастера, три мира: Пер. с нем. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБЕЛЕ́Н (франц. gobelin),
вытканы ўручную дыван-карціна (шпалера). На пачатку — вырабы парыжскай мануфактуры, заснаванай у 1662 (існуе і цяпер) і вядомай у гісторыі як мануфактура Габеленаў (ад прозвішча майстроў-фарбавальшчыкаў 15 ст., у будынку якіх размяшчалася ткацкая майстэрня). У 17—18 ст.маст. якасці габеленаў зрабілі іх настолькі папулярнымі, што габеленамі сталі называць высокамаст. шпалеры інш.франц., а пазней і еўрап. мануфактур, а ў 19 ст. наогул шпалеры і шчыльныя абівачныя тканіны нават машыннага вырабу, т.зв. габеленавыя тканіны.
Ткалі габелены з каляровых ваўняных і шаўковых, часам сярэбраных і залатых нітак на спец. ручных станках метадам выбарачнага ткацтва (асобнымі часткамі, якія сшывалі танюсенькай шаўковай ніткай). Габелены ўзнаўлялі ўзор або карціну з малюнка (кардону), зробленага мастаком. Асаблівасць габелена — рубчастая паверхня правага боку, якая ствараецца ніткамі асновы, і няроўная паверхня адваротнага боку, створаная швамі і ніткамі ўтку. З-за працаёмкасці вырабу кошт габеленаў быў вельмі высокі, таму аздаблялі імі інтэр’еры каралеўскіх палацаў, асабнякі знаці. Габелены ўзнаўлялі сцэны з жыцця святых і сюжэты рыцарскіх раманаў, у 16 ст. пашыраны сюжэты на біблейскую тэматыку, у 18 ст. — міфалагічныя сцэны і пастаралі, а таксама партрэты і копіі са станковых карцін. У 19 ст.маст. ўзровень габеленаў рэзка знізіўся. З 1930-х г. пачалося адраджэнне габелена на новай мастацка-стылявой аснове. З сярэдзіны 1940-х г. развіццю мастацтва габелена значна садзейнічалі кардоны мастака Ж.Люрса.
На Беларусі ў 17—18 ст. бязворсавыя дываны-карціны выраблялі на ткацкіх мануфактурах у Нясвіжы, Міры, Карэлічах, Альбе, Слоніме, Гродне і інш. Ткачы былі з мясц. прыгонных, майстры і мастакі мясц. і замежныя. Ткалі габелены з раслінным арнаментам, геральдычнымі матывамі, сюжэтнымі кампазіцыямі і партрэтнымі выявамі; выраблялі і абівачную габеленавую тканіну. У 2-й пал. 18 ст. створана серыя габеленаў, прысвечаная роду Радзівілаў («Бітва на рацэ Славечна», «Паланенне Станіслава Міхаіла Крычэўскага пад Лоевам у 1649 годзе» і інш.). На пач. 19 ст. вытворчасць дываноў-карцін спынілася. Адраджэнне бел. габелена прыпадае на 1960-я г. Мастакі стварылі новы тып сучаснага габелена — манументальна-дэкаратыўны: «Чалавек, які пазнае свет» (А.Кішчанка, А.Бельцюкова, Г.Гаркуноў), «Музыка», 6 габеленаў для фае Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, «Чарнобыль», «Габелен стагоддзя» (усе Кішчанкі). Выпускнікі Бел. акадэміі мастацтваў Гаркуноў, В.Грыдзіна, В.Дзёмкіна, Г.Крываблоцкая, В.Крывашэева, В.Маркавец-Бартлава, Л.Пятруль, Н.Пілюзіна, Л.Пуцейка, А.Салохіна, С.Свістуновіч, Л.Сівакова, Л.Скрыпнічэнка, Г.Стасевіч, Н.Сухаверхава, Г.Юзеева-Шаблоўская, Т.Хацановіч-Дарбінян і інш. працуюць пераважна ў галіне дэкар.нац. габелена.
Літ.:
Трызна Д.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981.
Да арт.Габелен. П.Бондар і Н.Пілюзіна. Беларусь. 1982.Да арт.Габелен. В.Дзёмкіна. Дажынкі. 1994.Да арт.Габелен. Г.Стасевіч. Купалле. 1982.Габелен у інтэр’еры базілікі Санта-Марыя Маджорэ ў г. Бергама (Італія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУБО́К (сапр.Голуб) Уладзіслаў Іосіфавіч
(15.5.1882, ст. Лясная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 1937),
бел.тэатр. дзеяч, драматург, рэжысёр, акцёр, мастак. Буйны дзеяч нац. сцэны, першы нар.арт. Беларусі (1928). У 1908 пачаў літ. дзейнасць як паэт і празаік. Друкаваўся ў газ. «Наша ніва», час. «Лучынка», альманаху «Маладая Беларусь» і інш. Выдаў зб. «Апавяданні» (Пецярбург, 1913). Пісаў таксама гумарэскі, сатыр. апавяданні. З 1917 выступаў як драматург. Аўтар каля 40 п’ес з жыцця бел. народа (пераважна меладрамы, камедыі, вадэвілі, фарсы), якія шырока ставіліся ў бел.прафес. і самадз. т-рах. Значнае месца яны займалі ў Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі, дзе Галубок у 1917—20 выступаў як акцёр і рэжысёр. Былі пастаўлены: «Апошняе спатканне» і «Пісаравы імяніны» (1917), «Бязвінная кроў» (1918), «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» (1919). У Бел.дзярж. т-ры (цяперНац.т-р імя Я.Купалы) ставіліся яго «Залёты дзяка» («Пісаравы імяніны»), «Ганка», «Апошняе спатканне», «Бязродны» (усе 1921). Яго шматгранны талент найб. ярка і поўна раскрыўся ў арганізаваным ім у 1920 у Мінску калектыве — Трупе бел. артыстаў (гл.Беларускі трэці дзяржаўны тэатр). Аснову рэпертуару складалі п’есы Галубка: «За мураванай сцяной» (1920), «Душагубы», «Пісаравы імяніны», «Залаты бог» (1921), «Ганка», «Мужычае шчасце», «Былое», «Ліхадзеі» (1922), «Пан Сурынта», «Плытагоны», «Падкідыш» і «Ветрагоны» (1923), «Пан-князь» (1924), «Беларускія зажынкі» (1925), «Пінская мадонна» і «Краб» (1928), «Рыкашэт» (1935); рэж. усіх, акрамя апошняй, быў сам Галубок. Яго пастаноўкі вызначаліся сакавітасцю нар. гумару, маляўнічасцю, былі насычаны музыкай, песнямі, танцамі. Сам Галубок з жыццёвай верагоднасцю, бытавой і псіхал. дакладнасцю выконваў драм., характарныя і камедыйныя ролі ў сваіх п’есах: Авечка («Суд»), Дзяк («Пісаравы імяніны»), Ксёндз («Пінская мадонна»), Пан Сурынта (аднайм. п’еса) і інш. У сцэн. творчасці ён наследаваў традыцыі стараж.бел.нар.т-ра, што ішлі ад скамарохаў, батлейшчыкаў, выканаўцаў нар. драмы; творча развіваў вопыт Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Галубок стварыў глыбока самабытны, непаўторны свой т-р, выхаваў вял. групу бел. акцёраў (А.Бараноўскі, С.Бірыла, Б.Бусел, К.Быліч, У.Дзядзюшка, А.Згіроўскі і інш.). Праводзіў вял.культ.-асв. работу сярод насельніцтва, дапамагаў маст. самадзейнасці, выступаў з лекцыямі і дакладамі, выпускаў баявыя лісткі і насценгазеты, выступаў у перыяд. друку з публіцыст. і тэатразнаўчымі артыкуламі. Як мастак-дэкаратар ён афармляў пастаноўкі ўсіх сваіх п’ес. Вядомы як пейзажыст (карціны «Раніцай», «Туманы», «На рацэ Бярозе», «Сож»; удзельнічаў у шэрагу рэсп. выставак). У канцы 1920-х г. на Галубка пачаліся ганенні і абвінавачанні ў нацыяналізме. У 1931 яго адхілілі ад маст. кіраўніцтва т-рам, працаваў дырэктарам і акцёрам. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957.
Літ.:
Звонак А. Уладзіслаў Галубок // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;
Сабалеўскі А. Уладзіслаў Галубок // Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Мн., 1969. Кн. 1;
Атрошчанка А. Уладзіслаў Галубок Мн., 1969;
Адхінуўшы заслону часу...: Успаміны пра Ўладзіслава Галубка. Мн., 1979;
Карабанава Л.В. Драматургія Уладзіслава Галубка. Мн., 1982.