РАМАНЬКО́Ў (Міхаіл Ягоравіч) (6.2.1926, в. Дубінка Магілёўскага р-на — 9.7.1966),
Герой Сав. Саюза (1945). У Вял.Айч. вайну ўдзельнік партыз. руху, з ліп. 1944 на 2-м і 3-м Бел. франтах. Камандзір кулямётнага разліку мал. сяржант Р. вызначыўся ў сак. і маі 1945 у баях на тэр.Усх. Прусіі; пры авалоданні нас. пунктам Радаў, у час высадкі сав. дэсанта цераз заліў Фрышэс-Хаф, цяжка паранены працягваў бой. Пасля вайны на гасп. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́ШКІН (Цімафей Цярэнцьевіч) (15.4.1919, в. Марчанкі Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. —8.1.1954),
Герой Сав. Саюза (1954). Скончыў Ульянаўскую авіятэхн. школу (1938). Удзельнік сав.-фінл. 1939—40 і Вял.Айч. войнаў. Пасля вайны ў грамадз.паветр. флоце, ст. тэхнік-лейтэнант. 8.1.1954 у час рэйсу Талін—Ленінград у сутычцы з двума бандытамі, што спрабавалі захапіць самалёт, абяззброіў аднаго і смяротна паранены другім, якога абясшкодзілі інш. члены экіпажа. У Мінску каля аэрапорта-1 помнік Р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЕ́Ц,
пачатковы аддзел 4-камернага страўніка жвачных жывёл. Размешчаны ў левай палавіне брушной поласці. Аб’ём Р. — да 80% ад аб’ёму страўніка. Сценкі складаюцца з 3 абалонак: серознай (вонкавай), мышачнай (сярэдняй) і слізістай (унутранай). Слізістая абалонка падзелена на кішэні, у якіх затрымліваецца харч. маса. У Р. расл. кармы перамешваюцца, расшчапляюцца пад уздзеяннем бактэрый і прасцейшых, усмоктваюцца лятучыя кіслоты. Пасля апрацоўкі ў Р. харч. маса зноў адрыгваецца ў ротавую поласць ці трапляе. ў сетку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САА́РЫШ ((Soares) Марыу) (н. 7.12.1934, Лісабон),
партугальскі паліт. і дзярж. дзеяч. Адвакат. Скончыў Лісабонскі унт. З канца 1940-х г. удзельнік руху супраць дыктатуры А.Салазара. У 1970—74 у эміграцыі ў Францыі, дзе ў 1973 заснаваў партуг.Сацыяліст. партыю (у 1973—86 яе ген. сакратар). ПасляПартуг. рэвалюцыі 1974 міністр замежных спраў (1974—75), выступаў за наданне незалежнасці афр. калоніям Партугаліі. У 1976—78 і 1983—85 прэм’ер-міністр, у 1986—96 прэзідэнт Партугаліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАПРАФІЛА́КТЫКА (ад лац. serum сываратка + прафілактыка),
увядзенне ў арганізм антыцел супраць мікраарганізмаў або іх таксінаў для прафілактыкі інфекц. хвароб. Пры С. ўводзяць імунаглабуліны, імунныя сывараткі, у выніку ўзнікае пасіўны імунітэт (да 2—4 тыдняў). Ужываюць пры высокай рызыцы заражэння з мэтай прадухілення батулізму, слупняку, дыфтэрыі, сібірскай язвы і інш. Эфектыўнасць С. тым большая, чым раней яна праведзена. Калі пасля С. чалавек захварэў, хвароба працякае менш цяжка, радзей узнікаюць ускладненні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМАБА́РСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ,
паўстанне ў Японіі ў 1637—38 на п-ве Сімабара (каля г. Нагасакі). Яго ўдзельнікамі былі сяляне, якіх еўрап. місіянеры схілілі да хрысціянства, таму С.п. набыло характар рэліг. руху. На задушэнне С.п. сёгунскі ўрад накіраваў 100-тыс. войска. Паўстанцы (каля 38 тыс.чал.) умацаваліся ў замку Хара, які быў захоплены пасля некалькіх месяцаў аблогі, амаль усе яго абаронцы забіты. С.п. стала падставай для поўнай забароны хрысціянства ў Японіі і ў далейшым — самаізаляцыі краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРО́ЦКІ СУД,
установа ў Расіі (1775—1917), якая ведала апякунскімі і сіроцкімі справамі асоб гар. саслоўяў. Засноўвалася пры гар. магістратах, а пасля ўвядзення суд. статутаў (1864) — пры акруговых судах. У склад С.с. ўваходзілі старшыня (гар. галава ці інш. асоба) і члены, якіх выбіралі на сходах купецкага, мяшчанскага і рамеснага саслоўяў на 3 гады. У тых гарадах, дзе не было ўведзена гар. палажэнне, С.с. складаўся з гар. старосты і 2 членаў, якіх выбірала гар. грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКОРАБАГА́ТЫ Кірыла Нічыпаравіч, бел. і рускі артыст балета канца 18 — пач. 19 ст. Да 1800 прыгонны танцоўшчык Шклоўскага тэатра Зорыча, з 1800 характарны танцоўшчык балетнай трупы Пецярбургскага імператарскага т-ра. Пасля адпушчэння на волю, у 1820-я г., быў настаўнікам танцаў у маёнтку кн. Галіцыных. Выступаў пераважна ў дывертысментах. Выконваў цыганскі танец у «Рохусе Пумпернікеле» (паст. Ш.Дзідло, 1821), рус. танцы і танец «Палішынель» у «Аглядзе нявест», арапскае па ў «Адпачынку каравана» (1822) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НАВЫ,
баярскі род, царская (з 1613) і імператарская (1721—1917) дынастыя ў Расіі. Першы дакументальна вядомы продак Р. — баярын маскоўскіх князёў сярэдзіны 14 ст. Андрэй Іванавіч Кабыла. Продкі Р. да пач. 16 ст. называліся Кошкінымі, потым Захар’інымі. У 1547 Захар’іны парадніліся з правячай дынастыяй Рурыкавічаў праз шлюб цара Івана IV з дачкой Рамана Юр’евіча Захар’іна-Юр’ева (ад яго імя пайшло родавае прозвішча Р.) Анастасіяй, маці наступнага цара Фёдара Іванавіча, што спрыяла іх узвышэнню. Непасрэдны родапачынальнік Р. — 3-і сын Рамана Юр’евіча — Мікіта Раманавіч (памёр у 1586) — баярын з 1562, удзельнік Лівонскай вайны 1558—83 і многіх дыпламат. перагавораў; пасля смерці Івана IV да канца 1584 кіраўнік рэгенцкай рады пры няздольным да кіравання цару Фёдару. З сыноў Мікіты Раманавіча найб. вядомы Фёдар (каля 1555—1633; гл.Філарэт) і Іван (памёр у 1640) — баярын з 1605, чл.Сямібаяршчыны (1610—12). Са смерцю цара Фёдара Іванавіча (1598) дынастыя Рурыкавічаў спынілася. Фёдар Мікітавіч Р. быў кандыдатам на царскі трон, але быў выбраны Барыс Гадуноў [1598—1605], які падверг Р. апале (1600) і ссылцы (1601); Фёдар Мікітавіч пастрыжаны ў манахі пад імем Філарэта. Новае ўзвышэнне Р. адбылося ў час праўлення Лжэдзмітрыя I (гл.Ілжэдзмітрый І). У 1608 у Тушынскім лагеры Лжэдзмітрыя II (гл.Ілжэдзмітрый II) Філарэт абвешчаны патрыярхам рус.правасл. царквы [1608—10] у процівагу патрыярху Гермагену. На земскім саборы 1613 Міхаіл Фёдаравіч Р., сын Фёдара Мікітавіча (Філарэта), выбраны рас. царом [1613—45] і паклаў пачатак правячай дынастыі Р. Пры ім вял. уплывам на дзярж. справы карысталіся яго дзядзька Іван Мікітавіч, а з 1619, пасля вяртання з польскага палону, бацька Філарэт (з 1619 зноў патрыярх), які фактычна кіраваў дзяржавай. Наступныя правіцелі Расіі з дынастыі Р.: Аляксей Міхайлавіч [1645—76], яго сын Фёдар Аляксеевіч [1676—82], яго браты Іван V [1682—96] і Пётр I [1682—1725], рэгенткай пры якіх была іх сястра Соф’я Аляксееўна (да 1689). У 1721 Расія абвешчана імперыяй, а Пётр I — першым імператарам усерасійскім. Паводле указа Пятра ад 16.2.1722 (пацверджаны ў 1731 і 1761) імператар прызначаў сабе пераемніка з асоб імператарскай фаміліі. Пётр I не паспеў прызначыць пераемніка і пасля яго смерці прастол заняла яго жонка (паводле паходжання бел. мяшчанка) Кацярына I [1725—27]. Пасля яе смерці імператарам стаў непаўналетні ўнук Пятра I (сын царэвіча Аляксея Пятровіча) Пётр II [1727—30]. З яго смерцю (1730) дынастыя Р. у прамым мужчынскім пакаленні спынілася. У 1730—40 імператрыцай была дачка Івана V Ганна Іванаўна, у 1741—62 — дачка Пятра I Лізавета Пятроўна, са смерцю якой (5.1.1762) дынастыя Р. спынілася і па жан. лініі. У далейшым прозвішча Р. насілі роднасныя ім прадстаўнікі ням. Гольштэйн-Готарпскай дынастыі: Пётр III [1762], сын герцага Гольштэйн-Готарпскага Фрыдрыха Карла і дачкі Пятра I Ганны; яго жонка Кацярына II [1762—96], народжаная прынцэса Ангальт-Цэрбсцкая; іх сын Павел I [1796—1801], які заканадаўча зацвердзіў прынцып пераходу прастола паводле права першародства па мужчынскай лініі (дзейнічаў да 1917); яго сын Аляксандр I [1801—25], брат Аляксандра Мікалай I [1825—55], сын, унук і праўнук Мікалая I, адпаведна: Аляксандр II [1855—81], Аляксандр III [1881—94] і Мікалай II [1894—1917]. У выніку Лют. рэвалюцыі 1917 дынастыя Р. скінута, у вер. 1917 Расія абвешчана рэспублікай. Мікалай II з сям’ёй і яго брат Міхаіл у ліп. 1918 расстраляны бальшавікамі; у 1918—19 расстраляны або забіты многія Р. ПасляКастр. рэвалюцыі 1917 некат. Р. апынуліся ў эміграцыі. Некаторыя з іх абвясцілі сябе прэтэндэнтамі на рас. прастол, у прыватнасці вял. князі Мікалай Мікалаевіч і Кірыл Уладзіміравіч. Спрэчкі паміж рознымі галінамі Р. за права прэтэндаваць на рас. прастол працягваюцца да нашага часу.
Літ.:
Трехсотлетие Дома Романовых, 1613—1913. М., 1990 [рэпр. выд. 1913];
Василевский И.М. Романовы: Портреты и характеристики. Ч. 1—2. Новосибирск, [1991];
Буранов Ю., Хрусталев В. Гибель императорского дома, 1917—1919 гг.М., 1992. Гл. таксама літ. пры артыкулах пра асобных манархаў з дынастыі Р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕНДЫКУЛЯ́РЫІ (Appendicularia),
клас марскіх хордавых жывёл тыпу абалоннікаў. Каля 100 відаў. Жывуць ва ўсіх морах і акіянах у паверхневых слаях вады.
Цела даўж. 0,3 мм — 2,5 см, з тулава і хваста, свеціцца. Маюць хорду, спінны нервовы цяж і мускульныя клеткі, сэрца. Знаходзяцца ў студзяністым празрыстым «доміку», які могуць скідваць. Рухамі хваста праганяюць ваду праз фільтрацыйны апарат. У глотцы пара шчэлепных адтулін (стыгмы). Жывяцца мікраарганізмамі. Гермафрадыты. Размнажэнне палавое. Яйцы трапляюць у ваду пасля разрыву сценкі цела, і апендыкулярыі гінуць.