МАГА́Р (Setaria italica convar. moharia),

кветкавая расліна сям. метлюжковых. Пашыраны пераважна ў Азіі. Культывуецца ў краінах з умераным і субтрапічным кліматам.

Аднагадовая травяністая расліна. Сцёблы слабагалінастыя выш. да 1 м, аблісцелыя. Суквецце — коласападобная мяцёлка (султан) даўж. 25 см, шыр. 4 см, у адрозненне ад чумізы, не падзеленае на лопасці. Паводле колеру зярнявак і шчацінак бывае М. аранжавы, белы, жоўты, чырвоны. Стараж. кармавая (зялёны корм, сена, сілас, збожжа) і харч. (збожжа) культура.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 9, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ГНІЕВЫЯ СПЛА́ВЫ,

сплавы на аснове магнію з дабаўкамі інш. элементаў (алюмінію, цынку, цырконію, марганцу, рэдказямельных элементаў). Агульная колькасць дабавак у М.с. — 10—14% па масе. Маюць малую шчыльнасць (1500—1800 кг/м³), належаць да групы лёгкіх сплаваў. Вызначаюцца высокімі ўдзельнымі трываласцю і цеплаёмістасцю. Лёгка апрацоўваюцца рэзаннем, зварваюцца, паяюцца, склейваюцца. Паводле спосабу вытв-сці адрозніваюць ліцейныя і дэфармавальныя. Выкарыстоўваюць у аўтамаб., тэкст. і аптычнай прам-сці, электра- і радыётэхніцы, паліграфіі, авіяц., ракетнай і інш. галінах тэхнікі.

т. 9, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙКА́НАВА (Сабіра) (1.1.1914, г. Кзыл-Арда, Казахстан — 15.2.1995),

казахская актрыса. Нар. арт. Казахстана (1959). Нар. арт. СССР (1970). З 1932 у трупе Каз. т-ра драмы імя М.​Аўэзава (Алма-Ата). Стварыла вобразы жанчын, надзеленых моцным і валявым характарам: Каклан («Кабланды» Аўэзава), Зейнеп («Чакан Валіханаў» С.​Муканава), Талганай («Мацярынскае поле» паводле Ч.​Айтматава), Кабаніха («Навальніца» А.​Астроўскага), Любоў Яравая («Любоў Яравая» К.​Транёва), Кацярына Іванаўна («Маці сваіх дзяцей» А.​Афінагенава). Дзярж. прэмія Казахстана 1967.

т. 9, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РАЎ (Барыс Паўлавіч) (28.4.1915, г. Набярэжныя Чаўны, Татарстан — 9.12.1991),

бел. спявак (тэнар). Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Цэнтр. вучылішча тэатр. самадзейнасці ў Маскве (1936). У 1943—78 саліст Ансамбля песні і танца БВА. Творчую манеру М. вызначалі мяккая інтанацыя, шчырасць, сцэн. свабода. У рэпертуары песні сучасных, у т. л. бел., кампазітараў. Валодаў таксама мастацтвам канферансу. Найб. значная работа — вобраз Васіля Цёркіна ў муз.-літ. кампазіцыі «Цёркін у запасе» паводле паэмы А.​Твардоўскага «Васіль Цёркін».

т. 9, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКУ́ХА,

пабочны прадукт алейнай вытворчасці, які застаецца пасля выціскання алею з насення алейных культур. Мае ў сабе да 40% бялкоў, 8—10% тлушчу, 6—8% мінер. рэчываў, шмат вітамінаў комплексу B. Канцэнтраваны корм для с.-г. жывёлы, таксама выкарыстоўваецца (як і шрот) у вытв-сці камбікармоў. Паводле амінакіслотнага складу і біяхім. каштоўнасці бялкоў, колькасці кальцыю і фосфару пераўзыходзіць злакавыя кармы. Найб. кармавая каштоўнасць ў сланечнікавай, ільняной, соевай М. Некаторыя віды М. маюць таксічныя рэчывы.

т. 9, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РДУК,

у старажытна-вавілонскай рэлігіі і міфалогіі бог-апякун г. Вавілон, пасля 18 ст. да н.э. — вярх. бажаство. Паводле вавілонскага міфа, М. — сын бога Эа (у шумерскай міфалогіі Энкі), выбраны царом на савеце багоў, узначаліў іх вайну з войскам першабытных пачвар і забіў правадырку апошніх Тыямат, пасля чаго стварыў зямлю і людзей для абслугоўвання багоў. Атаясамліваўся з Энлілем. У сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. ўсе божаствы вавілонскага пантэона лічыліся ўвасабленнямі М.

т. 10, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТУЭ́НСКІ ДАГАВО́Р.

Падпісаны ў снеж. 1703 паслом Вялікабрытаніі ў Партугаліі лордам Метуэнам (адсюль назва) і партуг. ўрадам. Паводле М.д., у абмен на значнае памяншэнне мытных падаткаў на сваё віно партуг. ўлады дазволілі свабодны ўвоз у Партугалію англ. шарсцяных вырабаў. У выніку Вялікабрытанія заняла пануючае месца ў знешнім гандлі з Партугаліяй, што зрабіла вінаробства вядучай галіной партуг. эканомікі і прывяло да заняпаду інш. галін прам-сці. Дагавор узмацніў залежнасць Партугаліі ад Вялікабрытаніі. Фармальна скасаваны ў 1836.

т. 10, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЫЛАМІ́Н, монаметыламін,

першасны амін аліфатычнага рада, CH3NH2. Бясколерны газ з рэзкім пахам аміяку, tкіп -6,32 °C, шчыльн. 662,8 кг/м³. Раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Паводле хім. уласцівасцей моцная аснова: з мінер. к-тамі ўтварае крышт. солі. У прам-сці каталітычным амінаваннем метанолу атрымліваюць сумесь метыламінаў — М., дыметыламін, трыметыламін (CH3)3N. Выкарыстоўваюць у вытв-сці інсектыцыдаў, растваральнікаў (напр., N-метылпіралідону), лек. сродкаў, паверхнева-актыўных і выбуховых рэчываў, фотаматэрыялаў (метол) і інш.

т. 10, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ ГЕАФІЗІ́ЧНЫ ГОД (МГГ),

перыяд з 1.7.1957 да 31.12.1958 (18 месяцаў), на працягу якога на зямным шары праводзіліся геафіз. назіранні за станам зямной кары, атмасферы, акіянаў паводле адзінай праграмы і адзінай методыкі. Праводзіўся пасля Міжнародных палярных гадоў у год макс. сонечнай актыўнасці вучонымі 67 краін. Арганізаваны комплексныя экспедыцыі, у т. л. ў Арктыку, Антарктыку, высакагорныя раёны, акіяны, запушчаны штучныя спадарожнікі Зямлі і інш. Даследаванні прадоўжаны да 31.12.1959 у межах праграмы міжнар. геафіз. супрацоўніцтва.

т. 10, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ДФА, мадфа,

адзін з першых узораў ручной агнястрэльнай зброі, выкарыстоўвалася арабамі ў 12—13 ст. Складалася з кароткага метал. ствала (трубкі) з дном, які прымацоўваўся да доўгага дрэўка (для зручнасці ўтрымання зброі ў руках). Страляла з сошкі круглым метал. снарадам (мех. сумесь салетры, серы і вугалю). Запальванне зарада адбывалася з дула або праз запальную адтуліну з дапамогай распаленага жал. прута ці тлеючага кнота. Паводле прынцыпу М. пазней зроблены першыя артыл. гарматы — бамбарды.

Модфа.

т. 10, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)