ВІ́ЦЬБІЧ (Юрка) (сапр.Шчарбакоў Георгій; 15.6.1905, г. Веліж Смаленскай вобл. — 4.1.1975),
бел. пісьменнік і культ. дзеяч. У 1922—33 працаваў у Маскве на хім. заводзе. Пераехаў на Беларусь, удзельнічаў у напісанні гісторыі віцебскіх, гомельскіх і барысаўскіх фабрык. Быў удзельнікам Віцебскай, Гомельскай, Беластоцкай экспедыцый, узначальваў Аршанскую экспедыцыю па даследаванні, уліку і ахове помнікаў гісторыі, архітэктуры і мастацтва. У час Вял.Айч. вайны супрацоўнічаў з фашыстамі, быў членам т.зв.Цэнтр. ўрада бел.культ. згуртавання. З 1944 у Германіі, у 1946 стварыў бел.літ. згуртаванне і час. «Шыпшына», арганізаваў выданне час. праваслаўных беларусаў «Звіняць званы св. Сафіі». Пасля пераехаў у ЗША. Друкаваўся з 1929 у час. «Узвышша». Першая кн. прозы «Смерць Ірмы Лаймінг» (1932). У 1937 выдаў кн. «Формула супраціўлення касцей», у 1944 у Берліне — зб. публіцыстыкі «Веліжскія паўстанцы» і «Нацыянальныя святыні». Аўтар кн. «Плыве з-пад Святое гары Нёман» (ч. І, Мюнхен, 1956), «Мы дойдзем» (Нью-Йорк, 1974, на рус. мове). Пакінуў успаміны пра бел. пісьменнікаў.
Тв.:
Плыве з-пад Святое гары Нёман: Рэпр. выд.Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Барыс Іванавіч) (н. 30.5.1937, г. Балахна Ніжагародскай вобл., Расія),
бел. жывапісец і мастак тэатра. Засл. дз. маст. Беларусі (1991). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1964), у 1969—73 выкладаў у ім. У 1964—69 мастак Бел.рэсп.т-ра юнага гледача, дзе аформіў спектаклі «Яны і мы» Н.Далінінай, «Варшаўскі набат» В.Карастылёва, «Зорка Венера» М.Алтухова і Б.Бур’яна, «Вялікі канспіратар» А.Кузняцова і інш. У Магілёўскім абл.драм. т-ры аформіў «Каварства і каханне» Ф.Шылера і «Мільянерка» Б.Шоу. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Сярод твораў: «Яблыня» (1974), «У майстэрні» (1975), «Рака», «Таня» (абодва 1976), «Атака», «Чорны грузд» (абодва 1979), «Лазневы дзень» (1981), «У Сяргеевічах» (1982), «Вяртанне дадому» (1983), «Карміліца» (1985), «Восень у садах вёскі, якая знікла», (1988), «Хлеб» (1991), «У канцы стагоддзя» (1991—98); серыі «Поры года» (1980—84), «Падлетак» (1986—88); трыпціх «Дарогі, па якіх ніхто не ходзіць» (1987—91), партрэты бел. і рус. вучоных для залы пасяджэнняў НДІ глебазнаўства і аграхіміі ў Мінску (1982) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗЕ́КА (Янка) (Іван Дарафеевіч; н. 31.8.1915, в. Кострычы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. крытык і літ.-знавец. Засл. работнік культ. Беларусі (1975). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1938). Настаўнічаў, працаваў у прэсе. У 1957—67 гал. рэдактар выд-ва «Беларусь». У 1967—91 у выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (у 1969—79 нам.гал. рэдактара). Друкуецца з 1935.
Аўтар прац па пытаннях развіцця класічнай і сучаснай бел. л-ры: зб-кі «З невычэрпных крыніц» (1958), «Натхненне і майстэрства» (1963), кн. «Беларуская байка» (1960), «Кандрат Крапіва» (1965), «Кузьма Чорны» (1980). Даследуе пераважна прозу, а таксама жанры сатыры, байку, праблемы творчай індывідуальнасці пісьменніка (Я.Колас, К.Чорны, К.Крапіва, І.Мележ, І.Шамякін, В.Вітка, А.Кулакоўскі), стылёва-жанравых прыкмет маст. твора. Складальнік кніг аўтабіягр. матэрыялаў бел. пісьменнікаў «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1966), «Вытокі песні» (1973). Дзярж. прэмія Беларусі 1976 за ўдзел у выданні Бел.Сав. Энцыклапедыі ў 12 тамах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НЧАР (Яўсей Сцяпанавіч) (2.10.1882, в. Сяўкі Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. — 16.5.1979),
бел.паліт. дзеяч, гісторык, вучоны ў галіне эканам. геаграфіі. Скончыў Петраградскую с.-г. акадэмію (1922). За ўдзел у рэв. руху ў 1906 арыштаваны, у 1908 апраўданы судом. З 1910 у Пецярбургу, супрацоўнік к-та сельскіх т-ваў. З сак. 1917 чл.Бел.нац.к-та (у крас. выйшаў з яго). З ліст. 1917 старшыня Беларускага абласнога камітэта пры Усерас. савеце сял. дэпутатаў, адзін з арганізатараў Усебел. з’езда 1917. З лют. 1918 заг.навук.- статыстычнага аддзела Белнацкома, яго Петраградскага аддзялення, заг. статыстычнага аддзела Камісарыята па справах нацыянальнасцей Саюза камун Паўн. вобласці, старшыня Бел. вольнаэканам. т-ва. У 1918 адстойваў ідэю склікання 2-га Усебел. з’езда. З 1922 на выкладчыцкай працы. З 1929 узначальваў Бел.навук.т-ва ў Ленінградзе. У 1938 арыштаваны. У Вял.Айч. вайну ў блакадным Ленінградзе. Аўтар дапаможнікаў па кааперацыі, эканам. геаграфіі БССР, прац па гісторыі грамадз. вайны, гісторыі грамадскіх, нац. і рэв. рухаў у Беларусі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПУНО́Ў (Анатоль Максімавіч) (н. 15.9.1940, г. Гомель),
бел. дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1998). Скончыў Бел. кансерваторыю па спецыяльнасцях ігра на нар. інструментах (1964) і оперна-сімф. дырыжыраванне (1973, клас Я.Вашчака). З 1974 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, у Вял. т-ры ў Маскве, у Дзярж.сімф. аркестры Беларусі. У 1975—87 (з перапынкам) гал. дырыжор, з 1991 дырыжор Дзярж.т-рамуз. камедыі Беларусі. З 1993 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Сімфанічнага аркестра Беларускага тэлебачання і радыё. Пад яго муз. кіраўніцтвам у Дзярж. т-ры муз. камедыі пастаўлены аперэты бел. кампазітараў «Тыдзень вечнага кахання» Ю.Семянякі (1975), «Судны час» Р.Суруса (1984), «Джулія» У.Кандрусевіча (1991), класічныя «Вясёлая ўдава» Ф.Легара (1978), «Д’ябальскі наезнік» (1983), «Сільва» (1986) і «Марыца» (1992) І.Кальмана і інш., творы сучасных айч. і замежных аўтараў; з Сімф. аркестрам Дзяржтэлерадыёкампаніі Беларусі ажыццявіў шэраг фондавых запісаў (оперы «Агатка, ці Прыезд пана» Я.Д.Голанда, «Фауст» А.Радзівіла, музыка да драмы «Фінгал» і скрыпічны канцэрт В.Казлоўскага, прэм’еры буйных твораў сучасных бел. кампазітараў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЧНАЯ ФО́РМА,
асобная словаформа назоўніка, якая служыць для выражэння звароту, закліку і выконвае эмацыянальна-валявую функцыю маўлення. Захавалася ва ўкр. мове, у рус. мове сустракаецца толькі ў асобных гаворках. З інш.слав. моў захавалася ў польскай, чэш., балг., сербскахарвацкай, бел. і некат. інш.
У сучаснай бел. мове ў залежнасці ад значэння назоўніка і характару яго асновы можа заканчвацца на галосныя «-е» («браце»), «-у» («ве́тру»), «-о» («дзяўчо»), «-а» («дружа»), «-ю» («чаю») і інш. Выкарыстанне абмежавана пераважна эмацыянальна-валявой сферай. Ужываецца ў размоўным стылі («пап», «Мань»), часткова ў публіцыстычным стылі, у эпісталярным жанры і найб. шырока ў маст. л-ры («Смялей, беларусе-араты!»). К.ф. распаўсюджана таксама ў бел. фальклоры і бел. дыялектах («мамо», «Галё»). У маўленні характарызуецца спецыфічнай інтанацыяй звароту, закліку часта ў спалучэнні з часціцамі («Гэй, хлебаробе мазольны!»). Пры выкарыстанні з залежнымі словамі ўтвараюцца клічныя словазлучэнні («Краю мой родны, як выкляты богам!»). Пры інтанацыйнай і сэнсавай завершанасці К.ф. і клічныя словазлучэнні ўтвараюць клічныя сказы.
Літ.:
Наркевіч А.І. Назоўнік: Граматычныя катэгорыі і формы. Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛАШ-АКСАМІ́ТАВА (Леаніла Апанасаўна) (н. 1.6.1927, в. Несцераўка Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. фалькларыстка. Канд.філал.н. (1967). Скончыла БДУ (1952). З 1952 працавала ў Ін-це л-ры і Цэнтр.навук. б-цы АН Беларусі, БДУ, у 1968—90 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе бел. фальклор, гісторыю бел. фалькларыстыкі, бел. вяселле на агульнаслав. фоне. Адзін з аўтараў манаграфій «Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму» (1989, з ГА.Каханоўскім і К.А.Цвіркам), «З душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З.Я.Даленгі-Хадакоўскага» (1991, з А.С.Аксамітавым). Укладальнік кн. «Вяселле: Песні» (кн. 1—6, 1980—88), а таксама зб. «Украінскія народныя песні ў запісах Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага» (Кіеў, 1974, з А.Дэем). Дзярж. прэмія Беларусі 1986 за ўдзел у шматтомным навук. выданні «Беларуская народная творчасць».
Тв.:
Беларуская этнаграфія і фальклор у працах славянскіх вучоных эпохі рамантызму. Мн., 1973 (разам з В.К.Бандарчыкам);
Беларускае вяселле ў яго адносінах да заходнеславянскіх вяселляў — польскага і славацкага. Мн., 1993 (разам з А.С.Аксамітавым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАШЭ́ЎСКІ Каятан, бел. і польскі драматург канца 18 ст.Праф. рыторыкі і паэтыкі Забельскага дамініканскага калегіума (в. Валынцы, Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.). Аўтар бел.-польск. «Камедыі» і польск. трагедыі «Свабода ў няволі» (паст. ў 1787 у мясц. школьным т-ры). У «Камедыі» паказана цяжкае жыццё прыгоннага селяніна Дзёмкі, выказваецца асветніцкая думка, што шчасце залежыць не ад лёсу, а ад чалавечых учынкаў. Твор напісаны ў адпаведнасці з эстэтыкай класіцызму, аднак адчуваецца ўплыў барочных інтэрмедый, якія ўпершыню ў бел. л-ры сінтэзуюцца ў камедыю. Ідэі асветніцтва выявіліся ў трагедыі «Свабода ў няволі», дзе гал. герой — рымскі палкаводзец Велізарый — вышэй асабістых інтарэсаў ставіць інтарэсы радзімы. «Камедыя» ўпершыню апубл. У.Ператцам у 1911. Творы М. захаваліся ў рукапісным зборніку, які зберагаецца ў б-цы Літ.АН. Сюжэт «Камедыі» выкарыстоўвалі бел. драматургі (п’еса Ф.Аляхновіча «Птушка шчасця», 1920; паст. ў Мінску ў 1991).
Тв.:
Камедыя // Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі. 2 выд.Мн., 1997. Т. 1.
Літ.:
Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979. С. 72—110;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн.. 1980. С. 320—335.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХАДЗІЕ́ЎСКІ (Сцяпан Іванавіч) (9.5. 1911, в. Барок Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 13.2.1979),
бел. паэт і літ.-знавец. Д-рфілал.н. (1967), праф. (1968). Вучыўся ў БДУ (1930—31), Бел. вышэйшым пед. ін-це (1931—33), скончыў Томскі пед.ін-т (1939). 10.8.1933 беспадстаўна асуджаны на 3 гады высылкі ў Казахстан; настаўнічаў там. З 1939 выкладчык Ташкенцкага пед. ін-та, з 1963 заг. кафедры зарубежнай л-ры Рэсп.пед. ін-та рус. мовы і л-ры ў Ташкенце. Друкаваўся з 1925. Тагачасныя пераўтварэнні, пафас будаўніцтва адлюстраваў у зб-ках паэзіі «Рокаты далёкай прыстані», «Чырванеюць вішні» (абодва 1931), «Крывавыя знічкі на снезе», «Мы — маладая гвардыя» (абодва 1932), нарысах. Перажытае — тэмы зб. вершаў «Берасцянка жывых трывог» (1962), «Вянкі камунарам» (1974), «Чырвоныя макі» (1981). Даследаваў крытычны рэалізм у франц. л-ры, бел.-ўзб.літ. сувязі. На бел. мову пераклаў паасобныя творы І.В.Гётэ, Г.Гейнэ, В.Гюго, Ш.Бадлера, П.Верлена, П.Элюара, некаторых рус. і ўзб. паэтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЗКА (Алесь) (Аляксандр Юр’евіч; н. 7.12.1952, в. Прыбалавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. фалькларыст, педагог. Канд.філал.н. (1989). Скончыў Гомельскі ун-т (1975). Настаўнічаў. З 1987 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, Нац. Скарынаўскім цэнтры, Рэсп. цэнтры эстэт. выхавання дзяцей. З 1992 дырэктар Бел.навук.-метадычнага цэнтра гульні і цацкі (адначасова з 1995 выкладчык у БДУ). З 1999 выкладае ў Бел.пед. ун-це імя М.Танка. Аўтар кніг «Беларускі народны каляндар» (1993, першае на Беларусі сістэматызаванае выданне па нар. календары), «Беларуская батлейка: Каляндарныя і абрадавыя гульні» (1997), «Тэатр лялек» (1998, у сааўт.). Склаў том серыі «Беларуская нар. творчасць» «Гульні, забавы, ігрышчы» (1996). Адзін з аўтараў і кіраўнік творчых калектываў па стварэнні дапаможнікаў для навучальна-выхаваўчых устаноў па беларусазнаўстве («Ехала Каляда ў чырвоным вазочку...», 1990; «Беларусазнаўства», вып. 1—4, 1992—94; серыя кніг «Бібліятэчка народных свят і прысвяткаў», з 1995). Стваральнік гульнявых сродкаў навучання і выхавання для дзіцячых садоў, школ і сям’і, распрацоўшчык методыкі батлейкавага т-ра. Даследчык скаўцкай методыкі, гісторыі сусв. і бел. скаўцкага руху («Беларускі скаўтынг», 1997).