ФІЛІПО́ВІЧ Міхаіл Мацвеевіч (1896, Мінск—1947),

бел. мастак. Вучыўся ў Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях у Маскве (1920—21, 1925—30). У 192325 працаваў у Бел. дзярж. музеі. Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў 1-й Усебел. маст. выстаўкі (1921). Адзін з першых пачаў адлюстроўваць бел. фалькл. тэмы і сюжэты, падзеі бел. гісторыі: «Народнае гулянне» і «На Купалле» (1921), «Бітва на Нямізе», «Веснавое свята (Карагод)» (абодва 1922), «Беларускія сяляне на кірмашы» і «Ноч на Івана Купалу» (1925), «Апрацоўка лёну» (1928), «Ад веку мы спалі», «З часоў прыгнёту», «Барыкада» (1928—29), «Паўстанне К.​Каліноўскага» (1929), «1905 год у Мінску» (1932) і інш. Аўтар партрэтаў М.​Станюты, П.​Мрачкоўскай (абодва 1921), Г.​Грыгоніса (1927). Адметныя нац. тыпажы адлюстраваны ў партрэтах бел. сялян: «Касцы» (1924), «Лірнік», «Дудар», «Тыпы беларусаў» і інш. (усе 1923—25), «Стары беларус з люлькай» (1925), «Беларуская сялянка» (1927), «Жанчына ў намітцы» (1928) і інш. Тагачаснай рэчаіснасці прысвечаны карціны «Ворыва» (1930), «Трактары ў вёсцы», «Чырвонаармейцы ў вёсцы», «Сіласаванне» (усе 1931) і інш. У 1910—30-я г. выканаў 10 альбомаў замалёвак твораў нар. мастацтва, нар. строяў з розных этнагр. рэгіёнаў Беларусі, у т. л. «Беларускія ткацкія ўзоры», «Народная драўляная разьба», «Народныя паясы», «Віцебская набіванка», «Народныя пернікі», «Беларускае народнае адзенне» і інш. Аўтар ілюстрацый да паэмы М.​Чарота «Босыя на вогнішчы» (1922), бел. нар. казак (1920-я г.), карыкатур для сатыр. выданняў «Партызанская дубінка», «Раздавім фашысцкую гадзіну», плакатаў. Творы вызначаюцца выразнасцю кампазіцыйнай будовы, абагульненасцю вобразаў, часам эскізнасцю. Адчувальны ўплыў мадэрнізму.

Літ.:

Шматаў В.Ф. М.​Філіповіч. Мн., 1971.

Міхаіл Філіповіч. Ноч на Івана Купалу. 1925.

т. 16, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)