ДО́РСКІ (Сямён Львовіч) (20.10.1920, Мінск — 14.1.1992),
бел. перакладчык. Канд.філал.н. (1961), дац. (1965). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1947). З 1947 працаваў у БДУ, з 1962 у Мінскім пед. ін-це замежных моў. Друкаваўся з 1957. Перакладаў з англ., франц., ісп. і ням. моў. На бел. мову пераклаў раманы П.Абрахамса «Вянок для Удома» (1959), І.Кардэнаса Акуньі «Загадка адной нядзелі» (1979), К.Маккалаў «Птушкі на цернях» (1988), Дж.Э.Стэйнбека «Гронкі гневу» (1993), п’есу Э.Заля «Наследнікі Рабурдэна» (паст. 1960), аповесці Л.Рэна «Негр Нобі» (1962), П.Джойса «Цікі» (1977), Д.Алонса «У пошуках чорнай чайкі» (1982), зб. казак Г.Прокапа «Пятае кола» (1980) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМІ́ТЫ (франц. dynamite ад грэч. dynamis сіла),
сумесевыя брызантныя выбуховыя рэчывы, якія маюць больш за 15% нітрагліцэрыны. Іх шчыльнасць, пластычнасць, устойлівасць да ўздзеяння вады, таксама адчувальнасць да мех. уздзеянняў (трэнне, удары) узрастаюць з павелічэннем колькасці нітрагліцэрыны ў сумесі.
Адрозніваюць гурдынаміты (вынайдзены А.Нобелем, 1867), у якіх нітрагліцэрына змяшана з інертным парашкападобным напаўняльнікам (напр., кізельгурам, талькам), і больш устойлівыя жэлаціндынаміты, дзе нітрагліцэрына жэлацінавана калаксілінам (гл.Нітраты цэлюлозы), напр., грымучы студзень (раствор 7—8% калаксіліну ў нітрагліцэрыне) — найб. магутны жэлаціндынаміт. З канца 19 ст. выкарыстоўвалі для многіх відаў узрыўных работ. Зараз карыстаюцца больш бяспечнымі выбуховымі рэчывамі (напр., аманіткі. дынамоны і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПЕРЭ́ ПРА́ВІЛА,
філагенетычнага росту закон, эмпірычнае абагульненне даных аб характары гіст. развіцця асобных сістэматычных груп. Сфармуляваў франц. вучоны Ш.Дэперэ (1907). Паводле Д.п., у кожнай філагенетычнай лініі назіраецца тэндэнцыя да павелічэння памераў цела арганізмаў або гіст. развіццё ідзе ад дробных продкавых груп да ўсё буйнейшых. Пасля дасягнення крытычных памераў і парушэння асн. прапорцый цела адбываецца выміранне групы. Д.п. ўзводзіць асобныя філагенетычныя з’явы ў ранг агульнай эвалюц. заканамернасці і заснавана на прызнанні ўнутр. тэндэнцыі развіцця, незалежнай ад матэрыяльных узаемадзеянняў. Зрэдку Д.п. называюць і закон прагрэсіруючай спецыялізацыі (сфармуляваны Дэперэ), паводле якога група арганізмаў, што стала ў працэсе эвалюцыі на шлях спецыялізацыі, непазбежна павінна ісці да ўсё больш глыбокай і вузкай спецыялізацыі, у выніку чаго вымірае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСАЛІ́Н ((Dessalines) Жан Жак) (20.9.1758, Гана — 17.10.1806),
дзеяч нац.-вызв. руху на в-ве Гаіці. Пажыццёвы ген.-губернатар (з 1804). Негр, да 1790 раб (узяў прозвішча свайго б. ўладальніка). Удзельнік нац.-вызв. паўстання пад кіраўніцтвам Ф.Д.Тусэн-Луверцюра, пасля паланення якога французамі (1802) на чале арміі паўстанцаў (з мая 1803) дамогся вызвалення в-ва ад франц. каланізатараў (канец 1803). З кастр. 1804 імператар Гаіці (правіў як Жак I). Цяжкае эканам. становішча краіны (у т. л. з-за блакады вострава Францыяй, а з 1806 і ЗША), агр. палітыка (перадача дзярж. зямель пераважна ва ўладанне неграм) і жорсткія метады праўлення Д. выклікалі ў кастр. 1806 паўстанне землеўладальнікаў-мулатаў, у час якога Д. загінуў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІ́Д Д’АНЖЭ́ ((David d’Angers) Пьер Жан) (12.3.1788, г. Анжэ, Францыя — 5.1.1856),
французскі скульптар і медальер. З 1808 вучыўся ў Ж.Л.Давіда і Ф.Л.Ралана ў Парыжы, у 1811—16 — у Франц. акадэміі ў Рыме. Пад уздзеяннем А.Кановы ў творчасці ранняга перыяду адчуваецца ўплыў класіцызму, потым — рамантызму. Бронзавыя медалі (больш за 500, у т. л. «Напалеон», «Беранжэ», «Паганіні», «Жорж Санд», «Адам Міцкевіч», «А.Чартарыйскі») і партрэтныя бюсты («І.В.Гётэ», 1831) адметныя ўнутр. усхваляванасцю і яскравай індывідуальнасцю вобразаў; чаканнасць формаў спалучаецца з жывапіснай лепкай дэталей. Аўтар манум. скульптуры: статуя Л. дэ Кандэ ў Версалі (1816—27), рэльефы франтона Пантэона ў Парыжы (1830—37) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНТ, Ган (флам. Gent, франц. Gand),
горад на ПнЗ Бельгіі, у сутоках рэк Ліс і Шэльда. Адм. ц. правінцыі Усх. Фландрыя. Вядомы з 7 ст. 228,5 тыс.ж. (1993). Буйны трансп. вузел. Марскі і рачны порт, каналамі звязаны з Паўночным м. Старадаўні (з 11 ст.) цэнтр тэкст. прам-сці (пераважна баваўнянай і льняной) і вытв-сці карункаў. Прам-сць: машынабудаванне (тэкст., эл.-тэхн., суднабудаванне), хім., нафтахім., папяровая (у асн.вытв-сць газетнай паперы), мэблевая, харчовая. Кветкаводства (на экспарт), выстаўкі кветак. Цэнтр флам. культуры. Ун-т. Музеі: выяўл. мастацтваў, археал., фальклору і інш.Арх. помнікі 11—18 ст., у т. л. гатычны сабор св. Бавона (12—16 ст.), гар. вежа (12—14 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЁЗЫ (галанд. geuzen ад франц. gueux жабракі),
1) мянушка ўсіх праціўнікаў ісп. панавання ў Нідэрландах у час Нідэрл. рэвалюцыі 1566—1609. Напачатку гёзы (ад беднай вопраткі сельскіх дваран) называлі членаў Саюза дваран (створаны апазіц.нідэрл. знаццю ў 1563 з мэтай абароны «законнымі сродкамі» паліт. і рэліг. вольнасцей краіны), якія 5.4.1566 уручылі ў Бруселі сваю петыцыю ісп. намесніцы, потым мянушка пашырана і на нідэрл. партызан, якія на сушы (лясныя гёзы) і на моры (марскія гёзы) вялі ўзбр. барацьбу супраць ісп. войск і іх памагатых. Пасля заняцця марскімі гёзамі порта Брыл (1.4.1572) паўсталі Флісінген, Феер, Арнемёйдэн, Энкхёйзен і інш. гарады.
2) Мянушка прадстаўнікоў ліберальнай апазіцыі ў Бельгіі ў 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЗО́ ((Guizot) Франсуа П’ер Гіём) (4.10.1787, г. Нім, Францыя — 12.9.1874),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч, гісторык. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1832), чл.Франц. акадэміі (1836). З 1812 праф. Сарбоны. Міністр унутр. спраў (1830), нар. Асветы (1832—36, 1836—37), замежных спраў (1840—48), прэм’ер-міністр (1847—48). З 1840 фактычна кіраваў усёй палітыкай Ліпеньскай манархіі. Як канстытуцыйны манархіст заснаваў кансерватыўную і парт. групоўку дактрынёраў, змагаўся з рэакц. рэжымам Карла X. Выступаў супраць сац. рэформаў і пашырэння выбарчага права. Аўтар твораў «Гісторыя Англійскай рэвалюцыі» (поўн. выд.т. 1—6, 1854—56), «Гісторыя цывілізацыі ў Еўропе» (1828), «Гісторыя цывілізацыі ў Францыі» (т. 1—5, 1829—32), мемуараў (т. 1—8, 1858—67) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРСУТЫ́ЗМ (ад лац. hirsutus махнаты, валасаты),
мужчынскі тып абваласення ў жанчын; адно з праяўленняў вірылізму. Тэрмін «гірсутызм» увёў франц. ўрач Э.Апер у 1910. Гірсутызм найчасцей бывае пры хваробах, якія ўзнікаюць пры пашкоджанні кары наднырачнікаў і палавых залоз. Праяўляецца валасатасцю на твары (вусы, барада), жываце, грудзях, руках, нагах, атлусценнем («тлусты» тып гірсутызму) з вял. колькасцю вугроў ці мужчынскімі рысамі («мышачны»); у дзяўчынак — заўчасным развіццём вонкавых палавых органаў і другасных палавых прыкмет, што ўласцівы мужчынскаму полу, адсутнасцю менструацый, павелічэннем малочных залоз (за кошт тлушчавай тканкі), грубым голасам; псіхіка і інтэлект зніжаны, палавыя пачуцці адсутнічаюць. Лячэнне хірургічнае. Валасатасць іншы раз бывае ў жанчын у клімактэрычны перыяд пры паніжэнні функцый яечнікаў. Лячэнне: электракаагуляцыя, электроліз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВО́ЛЬВА»
(Volvo A.B.),
самае буйное машынабудаўнічае акц.т-ва Швецыі. Засн. ў 1915 як даччына фірма па зборцы аўтамабіляў швед. падшыпнікавага канцэрна СКВ. Выпускае аўтамабілі з 1927. З 1935 самастойнае. З 1979 супрацоўнічае з франц.аўтам. кампаніяй «Рэно». Адзін з найб. у свеце вытворцаў рухавікоў для суднаў, у Зах. Еўропе — грузавых аўтамабіляў вял. грузападымальнасці, аўтобусных шасі і буд. машын. Выпускае (1992) 304 000 легкавых і 46 500 грузавых аўтамабіляў, 5700 аўтобусаў (уключаючы шасі). Вырабляе таксама авіяц. маторы, абсталяванне для суднаў і сувязі, харч., харчасмакавую і біятэхнал. прадукцыю. Гал. цэнтры вытв-сці: Гётэбарг, Удэвала і Кальмар у Швецыі, Гент у Бельгіі, Борн (прав. Лімбург) у Нідэрландах, Галіфакс у Канадзе.