КАДЫФІКА́ЦЫЯ ЮСТЫНІЯ́НА,

сістэматычны выклад візантыйскага права 6 ст., зроблены па загадзе імператара Юстыніяна. Вядома як Звод цывільнага права — Corpus juris civilis; упершыню надрукавана пад такой назвай у 1583. Мэта К.Ю. — замацаваць фактычна неабмежаваную імператарскую ўладу і захаваць рабаўладальніцкі лад. Кадыфікацыя вялася ў 529—534 камісіяй на чале з юрыстам Трыбаніянам. Складаецца з трох частак: Інстытуцый, Дыгестаў і Кодэкса Юстыніяна. Дадаткі і змены, унесеныя ў 535—565 імператарскімі канстытуцыямі, атрымалі назву навел, якія даюць тлумачэнні выяўленым недакладнасцям, дапаўняюць або змяняюць дзеючае права. Заканадаўства Юстыніяна дзейнічала на працягу ўсяго існавання Візантыі, паслужыла крыніцай вывучэння рымскага права і запазычанняў з яго ў эпоху феадалізму і капіталізму.

т. 7, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЁЎ (Павел Міхайлавіч) (29.7.1915, в. Крыцкія Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл — 1.3.1998),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Вышэйшую афіцэрскую артыл. школу ў Ленінградзе (1947). У Чырв. Арміі з 1936. У Вял. Айч. вайну з жн. 1941 на Зах., Бранскім, 1-м Укр. франтах. Вызначыўся ў баях на рубяжы р. Одэр: з 27.1 да 4.2.1945 батарэя пад камандаваннем капітана К. ў раёне г. Алава (Польшча) адбіла 11 контратак пяхоты і танкаў праціўніка; 5 лютага, знаходзячыся ў акружэнні ворага, у крытычны момант бою К. выклікаў агонь сваёй артыл. на сябе, адбіў 14 контратак і ўтрымаў плацдарм. Да 1957 у Сав. Арміі.

П.М.Каралёў.

т. 8, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПА (Лапо) Мацвей Міхаіл Дзям’янавіч

(Дамінікавіч; 13.10.1788, б. маёнтак Рудобелка, цяпер у складзе г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл. — 27.8 1840),

удзельнік руху дзекабрыстаў. Выхоўваўся ў Магілёўскім езуіцкім калегіуме, Пецярбургскім пансіёне пастара Колінса. З 1819 у лейб-гвардыі, з 1824 падпаручнік. З 1819 чл. тайнага т-ва «Хейрут» («Вольнасць», філіял «Саюза дабрабыту»). У снеж. 1825 спрабаваў узняць на паўстанне каля Пецяргофа батальён, у якім служыў. Арыштаваны 4.1.1826. Разжалаваны ў радавыя без пазбаўлення дваранства, у вер. 1826 пераведзены ў Каўказскі асобны корпус, дзе даслужыўся да чыну прапаршчыка. У 1835 звольнены ў адстаўку, жыў на радзіме ў Рудобелцы пад наглядам паліцыі.

В.​В.​Швед.

т. 9, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕКСІКАЛІЗА́ЦЫЯ,

ператварэнне элемента мовы (марфемы, словаформы) ці спалучэння слоў (словазлучэння) у асобную лексічную адзінку. Прыватнымі выпадкамі Л. з’яўляюцца: ператварэнне службовай марфемы (афікса) у слова: «акмеісты, футурысты і іншыя істы»; ператварэнне назоўнікаў у творным склоне ў прыслоўе («зайцам» — «ехаць зайцам»); ператварэнне словазлучэння ў слова: «мабыць» (з «мае быць»); фразеалагізацыя, узнікненне ідыяматычнага словазлучэння з свабоднага: «дагары нагамі», «шыварат навыварат» і інш. Пад Л. разумеюць таксама семантычнае адасабленне адной з форм слова ці часткі форм, напр., форм мн. л. назоўнікаў: «вада» — «воды» (водныя прасторы).

Літ.:

Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

П.​П.​Шуба.

т. 9, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́САВА возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 28 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,91 км², даўж. каля 2,4 км, найб. шыр. 810 м, найб. глыб. 4,9 м, даўж. берагавой лініі 7,3 км. Пл. вадазбору 120 км². Схілы катлавіны выш. 10—20 м (на ПнУ 4—5 м), разараныя, на ПдУ стромкія, парослыя лесам. Берагі нізкія, пад хмызняком. Катлавіна складаецца з паўн. (дно плоскае, ёсць востраў пл. 0,06 км²) і паўд. плёсаў. Дно да глыб. 1 м выслана пяском і ілам, ніжэй — сапрапелем. Упадаюць р. Быстрыца (злучае яго з воз. Нявіда), на Пн злучана пратокай з воз. Забеліна.

т. 9, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́КІЯ (грэч. Lykia),

старажытная краіна на Пд М. Азіі. У 1-м тыс. да н.э. заселена лікійцамі, якія да асіміляцыі грэкамі (3 ст. да н.э.) размаўлялі на адной з хета-лувійскіх моў і карысталіся да 5—4 ст. да н.э. літарным пісьмом. З 546 да н.э. пад уладай персаў, у канцы 4 ст. да н.э. ў дзяржаве Аляксандра Македонскага. У 295 да н.э. падпарадкавана Пталамеямі. У 197 да н.э. заваявана Антыёхам III, пасля перамогі над якім рымляне перадалі Л. Радосу. Пасля шматлікіх паўстанняў у 169 да н.э. лікійцы дамагліся незалежнасці ад Радоса, атрымалі аўтаномію ў складзе Рым. дзяржавы. З 43 да н.э. рым. правінцыя.

т. 9, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́КАЎСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА, Вольны незалежны і строга нейтральны горад Кракаў з акругай. Існавала ў 1815—46. Створана паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15. Уключала Кракаў, 3 мястэчкі і 244 вёскі (пл. 1164 км², нас. 96 тыс. чал., 1815). Паводле канстытуцыі з 1818 на чале К.Р. знаходзіўся Правячы сенат (13 чл., прадстаўнікі мясц. арыстакратыі) на чале з прэзідэнтам; заканад. ўлада належала аднапалатнаму Сходу прадстаўнікоў (41 чл., выбіраліся на аснове маёмаснага і адукац. цэнзу). Дзейнічалі цывільны кодэкс Напалеона, франц. гандл. кодэкс і інш. Была важным цэнтрам польскага незалежніцкага руху. У выніку рэпрэсій супраць тайных патрыят. арг-цый пад аўстр. акупацыяй (1836—41). Пасля задушэння Кракаўскага паўстання 1846 далучана да Аўстрыі.

т. 8, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́СТАЎСКАЯ РАЗМАЛЁЎКА,

рускі народны маст. промысел, развіты ў в. Жостава Мыцішчынскага р-на Маскоўскай вобл. Узнікла ў пач. 19 ст. пераважна пад уплывам уральскай кветкавай размалёўкі па метале. Яе развіццё стылістычна ўзаемазвязана з размалёўкай па фарфоры і фініфці падмаскоўных з-даў і ф-к, кветкавымі матывамі набіванага паркалю ф-к г. Іванава і фядоскінскай мініяцюрай. Ж.р.дэкар. жывапіс (пераважна выявы букетаў, садавіны) на метал. падносах з наступным пакрыццём лакам. Выконваецца энергічным мазком стракатымі алейнымі фарбамі на чорным або каляровым фоне. У 1928 заснавана арцель (цяпер Жостаўская ф-ка дэкар. размалёўкі).

Літ.:

Коромыслов Б.И. Жостовская роспись. М., 1977.

Да арт. Жостаўская размалёўка. Н.​Ганчарова. Пунцовы світанак.

т. 6, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМЫСЛО́ЎСКІ (Ягор Ягоравіч) (18.6.1841, г. Гродна — 21.5.1896),

расійскі гісторык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1888). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1862), у 1867—71 выкладаў у Аляксандраўскім ліцэі, з 1871 праф. Гісторыка-філал. ін-та ў Пецярбургу, у 1884—90 — Пецярбургскага ун-та. Асн. працы па крыніцазнаўстве гісторыі Расіі і Беларусі 16—17 ст., у т. л. «Цараванне Фёдара Аляксеевіча» (ч. 1, 1871), «Сказанне Масы і Геркмана пра смутны час у Расіі» (1874), «Герберштэйн і яго гісторыка-геаграфічныя весці пра Расію» (1884), «Зносіны Расіі з Польшчай у цараванне Фёдара Аляксеевіча» (1887) і інш. Пад яго рэдакцыяй складзены вучэбны атлас па рас. гісторыі з каментарыямі, выдадзена «Гісторыя расійскіх ордэнаў».

т. 6, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДАБЫВА́ННЕ КО́РАНЯ,

алгебраічнае дзеянне, адваротнае ўзвядзенню ў ступень.

Здабыць корань n-й ступені з ліку a — значыць знайсці такі лік (корань) x, n-я ступень якога роўна a. Матэм. запіс x = a . Задача З.к. n-й ступені з ліку a раўнасільная рашэнню ўраўнення xn a = 0 , якое мае роўна n каранёў. Калі a — сапраўдны дадатны лік, то 1 з каранёў таксама будзе сапраўдным дадатным лікам (арыфм. корань); пад задачай З.к. часта разумеюць знаходжанне менавіта арыфм. кораня. Напр. 81 4 = +3 (арыфм. корань 3), таму што (±3) 4 = 81 ; сярод уяўных лікаў (гл. Камплексны лік) ёсць яшчэ 2 карані: 81 4 = ±3i .

т. 7, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)