1) ступень захавання папуляцыі або віду ва ўмовах навакольнага асяроддзя ў гіст. аспекце.
2) Колькасць асобін, якія дажылі ў папуляцыі да пэўнага ўзросту. Вызначаецца ў працэнтах. Часта выжывальнасць вымяраюць адносінамі колькасці дарослых асобін, якія размнажаліся, да колькасці тых, што нарадзіліся ў кожным пакаленні. Кожны від мае сваю характэрную крывую выжывальнасці. Звычайна выжывальнасць адваротна прапарцыянальная плоднасці, але яна можа зведваць значныя ваганні пад уплывам прыродных (кліматычныя ўмовы, кормнасць угоддзяў, канкурэнцыя з інш. відамі і г.д.), а таксама генетычных і інш. фактараў. На працягу эвалюцыі выжывальнасць вырасла з сярэдняй у бактэрый 10−7—10−8 % да 10—30% у вышэйшых жывёл. Рост сярэдняй выжывальнасці ў ходзе эвалюцыі звязаны з удасканаленнем самарэгуляцыі і гамеастазу, павелічэннем колькасці назапашаных рэчываў у яйцы, пераходам даўнутр. асемянення, жыванараджэннем, клопатам аб патомстве і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГ (ад галанд. log адлегласць),
1) навігацыйная прылада для вымярэння скорасці руху карабля (судна) і пройдзенай ім адлегласці.
Найб. пашыраны Л., якія вымяраюць скорасць руху адносна вады. Яны бываюць механічныя (з крыльчаткай, якая верціцца ў вадзе пры руху судна), гідрадынамічныя (заснаваныя на залежнасці паміж скорасцю і ціскам патоку вады, што абцякае карабель), індукцыйныя і інш. Ёсць таксама Л., якія даюць паказанні адносна зямлі (дна) — доплераўскія гідраакустычныя і геамагнітныя.
2) Становішча карабля (судна) бортам да ветру, хвалі, прычала і да т.п. (напр., «стаць Л. да хвалі» азначае «стаць бортам да хвалі»).
Лагі: а — механічны (1 — крыльчатка, 2 — днішча судна); б — гідрадынамічны (1, 6 — адтуліны для прыёму статычнага і сумарнага ціскаў; 2, 5 — трубаправоды статычнага і сумарнага ціскаў; 3 — дыяфрагма; 4 — сільфонны апарат; pдын, pст — дынамічны і статычны ціскі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТА́НІ, Ханігальбат, Нахарына,
старажытная дзяржава ў Паўн.-Зах. Месапатаміі ў 16—13 ст.дан.э. Сталіца — г. Вашукані (цяпер г. Расэль-Айн у Сірыі). Насельніцтва хурыты і семіты, афіц. мовамі былі акадская і хурыцкая. Войска М. валодала высокай тэхнікай каляснічнага бою, што дазволіла царам М. аб’яднаць дробныя хурыцкія племянныя групы Месапатаміі і падпарадкаваць семіцкія гарады-дзяржавы. Найб. росквіту дасягнула ў сярэдзіне 16 ст.дан.э., калі валодала тэр. ад узбярэжжа Міжземнага мора і гор Малаазійскага Таўра да ўскраінных гор Ірана. У 15 ст.дан.э. аддала землі на З ад р. Еўфрат Егіпту, наладзіла з ім цесныя гандл. і паліт. сувязі, замацаваныя дынастычнымі шлюбамі. У выніку міжусобнай барацьбы паміж царамі М. і хецкага ўмяшання дзяржава страціла паліт. значэнне. У пач. 13 ст. заваявана Асірыяй, распалася на некалькі княстваў і страціла самастойнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБМЕЖАВА́НАСЦІ ЭВАЛЮ́ЦЫІ ПРА́ВІЛА, неабмежаванага прагрэсу заканамернасць. Яго сутнасць: развіццё ад простага да складанага неабмежавана — ад найпрасцейшых форм руху матэрыі дабіял. і сац. яго форм. У межах біял. формы руху матэрыі Н.э.п. можа быць сфармулявана як максімальнае (вечнае, безупыннае і абсалютна неабходнае) імкненне жывога да адноснай незалежнасці ад умоў асяроддзя існавання і максімальнага прыстасавання да іх.
Аднак Н.э.п. не трэба разумець літаральна, таму што арганізм ніколі не можа поўнасцю вызваліцца ад уздзеяння асяроддзя, і кожная новая, больш эвалюцыйна-гістарычна высокая форма руху матэрыі толькі затушоўвае (у філасофіі — «адымае») дзеянне законаў больш нізкіх форм руху матэрыі (для біял. формы — фіз. і хім. яго формы), але не «адмяняе» іх. Тое ж назіраецца ў рамках сац. формы руху матэрыі. Паводле Н.э.п. заўсёды можна знайсці новыя шляхі развіцця, у прыватнасці, калі праблемы вырашаюцца метадам альтэрнатывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРЫ́МЕР (ад англ. streamer вузкая доўгая стужка) у вылічальнай тэхніцы, адзін з накапляльнікаў інфармацыі на магн. стужцы для персанальных ЭВМ ці мікра-ЭВМ; таксама запамінальнае прыстасаванне з паслядоўным зваротам. Прызначаны для аператыўнага запісу, архіўнага захоўвання і рэзервовага капіравання вял. аб’ёмаў важнай інфармацыі (праграм, дакументаў і інш.).
С. адрозніваюцца тыпам картрыджа (касеты), дзе змяшчаецца магн. стужка, даўжынёй і шырынёй магн. стужкі, відам магн. галовак запісу-счытвання, колькасцю дарожак запісу і стандартам сціскання даных. Картрыджы бываюць 1- ці 2-бабінныя з аб’ёмам інфармацыі да 100 Гбайт, могуць выкарыстоўвацца і касеты для быт. магнітафонаў (у С. мікра-ЭВМ). Скорасць запісу-счытвання інфармацыі да 300 Мбайт/мін. Да С. могуць далучацца аўтазагрузчыкі ці бібліятэкары картрыджаў (прылады для аўтам. змены картрыджаў), што дазваляе павялічыць аб’ём запісанай інфармацыі да некалькіх тэрабайт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАТЫ́ЗМ (ад грэч. automatos самадзеючы, самаадвольны),
1) у фізіялогіі — здольнасць клетак, органаў або ўсяго арганізма да рытмічнай дзейнасці без уздзеяння знешніх пабуджальных фактараў. Аснова аўтаматызму — цыклічнасць метабалічных працэсаў у клетках або дзейнасць сістэм узбудлівых клетак (нерв., мышачных). Аўтаматызм актаў паводзін чалавека і жывёл спалучаны з выпрацаваннем дынамічнага стэрэатыпу ўмоўных рэфлексаў, што з’яўляецца асновай прыстасавання арганізма да пастаянных фактараў знешняга асяроддзя. У высокаразвітых жывёл аўтаматызм праяўляецца і ў выглядзе стэрэатыпных дзеянняў (напр., рухі канечнасцяў, шыі, тулава пры хадзе), паслядоўнасць якіх вызначаецца работай адпаведных аддзелаў цэнтральнай нервовай сістэмы.
2) У псіхалогіі — міжвольныя або бессвядомныя дзеянні. Адрозніваюць аўтаматызм «першасны» (міжвольныя дзеянні, што ўзнікаюць у філагенезе, функцыянаванне прыродных, безумоўна-рэфлекторных праграм) і «другасны» (бессвядомыя дзеянні, якія фарміруюцца ў выніку навучання ці індывід. вопыту). Агульныя іх рысы — адсутнасць кантролю свядомасці за спосабам выканання дзеяння. Разузгадненне мэты і выніку дзеяння выклікае пераход кантролю свядомасці з мэты на спосаб выканання дзеяння, але магчымыя памылкі пры паўторным разгортванні свядомай арыенціроўкі звычайна парушаюць аўтаматызм і могуць прывесці дат.зв. «дэзаўтаматызацыі». У норме аўтаматызм з’яўляецца састаўной часткай свядома рэгулюемага дзеяння, самастойнае існаванне аўтаматызму сведчыць аб паталогіі. Вылучаюцца таксама аўтаматызм маторны, моўны і інтэлектуальны. Аўтаматызм, які стаў патрэбнасцю індывіда, наз. прывычкай. Сістэма такіх прывычак вызначае характар, а сістэма аўтаматызму мыслення — стыль мыслення чалавека.
Літ.:
Обшая психология. 2 изд. М., 1986;
Рубинштейн С.Л. Основы обшей психологии. Т. 1—2. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРО́Н (ад лац. operare працаваць, дзейнічаць),
участак генетычнага матэрыялу з аднаго, двух і больш счэпленых структурных генаў, якія кадзіруюць бялкі (ферменты), што ажыццяўляюць паслядоўныя этапы біясінтэзу якога-н. метабаліту. У аперон эўкарыёт уваходзіць, як правіла, адзін структурны ген. Рэгулятарныя элементы аперона складаюць таксама праматар (участак малекулы ДНК, з якім спецыфічна звязваецца фермент РНК-палімераза, што ажыццяўляе транскрыпцыю аперона) і аператар (участак ДНК, які нясе функцыю «ўключэння» або «выключэння» структурных генаў і рэгулюе функцыянальную актыўнасць аперона). Канцэпцыя аперона распрацавана франц. вучонымі Ф.Жакобам і Ж.Мано (1961) для тлумачэння механізму рэгуляцыі сінтэзу бялку ў бактэрыяльных клетках.
Рэгулятарная функцыя аперона адбываецца на стадыі транскрыпцыі і забяспечвае каардынацыю сінт. працэсаў і адпаведныя рэакцыі клеткі на ўплыў навакольнага асяроддзя. Кантралюе дзейнасць аперона ген-рэгулятар, які можа знаходзіцца ў розных участках храмасомы. Яго прадукт — бялок-рэгулятар — пастаянна сінтэзуецца ў клетцы ў невял. колькасці і здольны ўзаемадзейнічаць з двума рознымі субстратамі, з аператарам і эфектарам (нізкамалекулярным рэчывам). У рэпрэсібельных сістэмах комплекс бялку-рэгулятара з эфектарам набывае роднасць з аператарам і далучаецца да яго, у выніку адбываецца выключэнне генаў, якія кіруюцца гэтым аператарам. У індуцыбельных сістэмах эфектар, які далучаецца да бялку-рэгулятара, вызваляе аператар ад гэтага бялку. Такім чынам, запускаюцца ў работу гены, падпарадкаваныя дадзенаму аператару.
Даарт.Аперон. Асноўныя структуры і працэсы, якія ўдзельнічаюць у рэгуляцыі біясінтэзу бялкоў — ферментаў паводле гіпотэзы Жакоба—Мано. Лічбы паказваюць паслядоўнасць працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЙНСІЯ́НСТВА,
тэорыя дзярж. рэгулявання эканомікі. Асн. палажэнні сфармуляваны Дж.М.Кейнсам у кн. «Агульная тэорыя занятасці, працэнта і грошай» (1936). К. даследуе колькасныя сувязі такіх макраэканам. велічынь, як капіталаўкладанні і нац. даход, інвестыцыі і занятасць насельніцтва, нац. даход, спажыванне і зберажэнне, сукупная колькасць грошай у абарачэнні, узровень цэн, заработная плата, прыбытак і працэнт і інш. У К. аналізуюцца не столькі індывід. паводзіны ўдзельнікаў эканам. працэсу, колькі суадносіны паміж сукупным попытам і прапанаваннем. Кейнс сцвярджаў, што з прычын псіхал. схільнасці людзей да зберажэння, спажыванне расце больш павольна, чым даходы. Павелічэнне нац. даходу вядзе не да росту попыту, а да росту зберажэнняў. Калі рост зберажэнняў не кампенсуецца ростам інвестыцый, даход зніжаецца і ўзмацняецца беспрацоўе. Кейнс выказаў таксама ідэю эканам. раўнавагі рыначнай сістэмы ва ўмовах няпоўнай занятасці і сцвярджаў, што ў канкурэнтнай эканоміцы не існуе механізма, які б гарантаваў поўную занятасць. Каб пазбегнуць масавага беспрацоўя, ён лічыў неабходным умяшанне дзяржавы, якая, на яго думку, павінна стымуляваць попыт на тавары шляхам фінансавання інвестыцый з бюджэту і такім чынам уздзейнічаць на рост вытворчасці. К. зрабіла значны ўплыў на эканам. палітыку краін з развітой рыначнай гаспадаркай. Сярод вядучых прадстаўнікоў К.Л.Клейн, Ф.Мадыльяні, П.Сэмуэльсан, Дж.Тобін і інш. Шэраг палажэнняў К. былі скарэкціраваны і развіты ў неакейнсіянстве.
Літ.:
Эклунд К. Эффективная экономика — Шведская модель: Пер. со швед.М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТЫФІКА́ТАРЫ (ад грэч. plastos вылеплены + лац. facere рабіць),
1) рэчывы, што павышаюць пластычнасць і (ці) эластычнасць палімераў і матэрыялаў на іх аснове пры перапрацоўцы і эксплуатацыі. Аблягчаюць размеркаванне сыпучых інгрэдыентаў у палімернай матрыцы, зніжаюць т-ру перапрацоўкі палімерных матэрыялаў, некаторыя надаюць ім негаручасць, тэрма-, мароза-, святлоўстойлівасць і інш.спец. ўласцівасці. П., якія аблягчаюць перапрацоўку (зніжаюць т-ру цякучасці гумавых сумесей), але не паляпшаюць марозаўстойлівасць вулканізату, наз.змякчальнікамі. Працэс увядзення П. у палімер наз.пластыфікацыяй. Найб. шырока П. выкарыстоўваюць пры перапрацоўцы пластмас (каля 70% ад агульнага аб’ёму пры перапрацоўцы полівінілхларыду) і эластамераў, вырабе лакафарбавых матэрыялаў.
Асн. агульныя патрабаванні да П. — сумяшчальнасць з палімерам пры ўвядзенні значнай (да 50% па масе) колькасці П., нізкая лятучасць, адсутнасць паху і колеру, хім. інертнасць, устойлівасць да вымывання ў вадкім асяроддзі. Найб. пашыраныя П. — складаныя эфіры араматычных і аліфатычных кіслот (напр., дыбутылфталат), фосфарнай к-ты, нізкамалекулярныя поліэфіры, эпаксідаваныя алеі, змякчальнікі — нафтавае масла, парафіны, каніфоль, прадукты ўзаемадзеяння алеяў з серай (факсіты), нафтавыя бітумы (рубраксы), кумарона-індэнавыя смолы.
2) Паверхнева-актыўныя рэчывы, што дадаюць у буд. растворы і бетонныя сумесі (0,15—0,3% ад масы вяжучага матэрыялу) для надання ім пластычнасці (аблягчэння ўкладкі ў форму) і зніжэння водазмяшчэння. Найб. шырока выкарыстоўваецца сульфітна-спіртавая брага (таварная форма лігнасульфанатаў — солей лігнасульфонавых кіслот), якая паскарае працэс цвярдзення і павышае трываласць бетону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБТРАПІ́ЧНЫЯ ПАЯСЫ́, субтропікі,
прыродныя геагр. паясы ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях Зямлі паміж трапічнымі паясамі і ўмеранымі паясамі. Размешчаны ў межах 30—40°паўн. і паўд. ш. Характарызуюцца чаргаваннем тэрмічных рэжымаў па паўгоддзях, перавагай трапічных пасатных паветраных мас летам і цыкланальнай цыркуляцыі ўмеранага пояса зімой, радыяцыйным балансам 70—100 ккал/см² за год. Пераважае субтрапічны клімат. Сярэднемесячныя т-ры паветра летам 20 °C і больш, зімой 4 °C і больш, што дазваляе бесперапынную вегетацыю раслін. Зімой магчымы замаразкі і невял. маразы (да -10 °C). На сушы С.п. колькасць ападкаў і кантынентальнасць клімату мяняюцца ад прыакіянічных раёнаў да ўнутрымацерыковых, што вызначае ландшафтныя адрозненні ў фарміраванні прыродных зон. На кожным з мацерыкоў у С.п. вылучаюцца 3 асн. сектары: зах. прыакіянічны (міжземнаморскі) з сухім летам і вільготнай зімой; унутрыкантынент. з бедным увільгатненнем; усх. прыакіянічны (мусонны) з багатым летнім увільгатненнем. Глебы і расліннасць мяняюцца ад вільготных вечназялёных і шыракалістых лясоў на чырваназёмах і жаўтазёмах да мусонных і цвердалістых лясоў, хмызнякоў і субтрапічных стэпаў на карычневых і шэра-карычневых глебах, ксерафітных рэдкалессяў, паўпустынь і пустынь на шэра-бурых глебах і шэразёмах. Тэрыторыя С.п. здаўна гаспадарча асвоена: лясы моцна зведзены, вял. плошчы займаюць ворныя землі і плантацыі (вырошчваюць рыс, бавоўнік, чай, цытрусавыя, арахіс і інш.). Акіян у межах С.п. адрозніваецца высокай т-рай (у сярэднім 15—16 °C) і салёнасцю вады, нязначнай колькасцю прамысл. рыб.