Рэспубліка Нігер (République du Niger), дзяржава ва ўнутранай частцы Зах. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Алжырам і Лівіяй, на У з Чадам, на Пд з Буркіна-Фасо, Бенінам, Нігерыяй, на З з Малі. Пл. 1267 тыс.км². Нас. 9962,2 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — французская, пашыраны мовы хаўса і джэрма. Сталіца — г.Ніямей. Краіна падзяляецца на 7 дэпартаментаў і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (18 снежня).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Орган заканад. улады — аднапалатны Нар. сход. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт. Урад падсправаздачны перад парламентам.
Прырода. Большая частка Н. — у Сахары. Ў рэльефе пераважаюць выраўнаваныя плато і раўніны выш. 200—500 м. Найб. узвышаная ч. — пласкагор’е Аір (Азбін) выш. ад 700—800 м на З да 2000 м на У (г. Ідукальн-Тагес, 2022 м). На У — пясчаная пустыня Тэнерэ. Карысныя выкапні: уранавыя (па запасах адно з першых месцаў у свеце) і жал. руды, фасфарыты, золата, каменны вугаль, нафта, марганец, медзь і інш. Клімат на Пн трапічны, пустынны, на Пд субэкватарыяльны. Сярэдняя т-растудз. ад 15 °C на Пн да 25 °C на Пд, ліп. адпаведна 30 і 25 °C. Ападкаў на б.ч. тэрыторыі каля 100 мм за год, на крайнім Пд і ПдЗ — да 800 мм. На ПдЗ адзіная значная р. Нігер, у пустынях і паўпустынях трапляюцца толькі уэды. На ПдУ частка воз. Чад. 87% тэр. займаюць голыя пяскі і камяністыя грунты зоны пустынь і паўпустынь з рэдкімі аазісамі, на Пд і ПдЗ участкі тыповых саваннаў з асобнымі дрэвамі акацый і баабабаў. Жывёльны свет у пустыні — дробныя грызуны, ліс фенек, антылопы арыкс і адакс, у саваннах — газелі, гепарды, гіены, шакалы. Шмат птушак. Міждзяржаўны нац. парк Дубль-В (часткі ў Беніне, Буркіна-Фасо і Н.), некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. На Пд, уздоўж граніц з Нігерыяй, жывуць хаўса (56% насельніцтва краіны, па мове адносяцца да афразійскай сям’і), на ПдЗ — джэрма і сангаі (разам 22%, мова ўваходзіць у ніла-сахарскую сям’ю). Жывуць таксама туарэгі, кануры, фульбе, маўры і інш. Еўрапейцаў каля 2 тыс., у т. л. 1,2 тыс. французаў. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане (80%), ёсць прыхільнікі мясц. вераванняў (на Пд) і хрысціяне (у гарадах). Сярэдні прырост 2,95% (1999). Сярэдняя шчыльн. 7,9 чал. на 1 км², каля палавіны насельніцтва сканцэнтравана ў даліне р. Нігер. У гарадах жыве 13% насельніцтва. У г. Ніямей 600 тыс.ж. (1998). Больш за 50 тыс.ж. у гарадах Зіндэр і Марады. У сельскай гаспадарцы занята 90% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 6%, кіраванні — 4%.
Гісторыя. Негроідныя плямёны жылі на тэр. Н. з часоў неаліту. Караванны гандаль цераз Сахару спрыяў узнікненню тут шэрагу гарадоў. У сярэднявеччы розныя раёны Н. ўваходзілі ў склад дзяржаў Сангаі (7—16 ст.), Канем-Борну (9—19 ст.) і інш., з пач. 19 ст.Паўд. Н. увайшоў у халіфат Сакота. У канцы 19 ст.тэр. Н. заваявана Францыяй: у 1904—22 «Ваен.тэр. Н.», з 1922 асобная калонія ў складзе Франц.Зах. Афрыкі. Каланізацыя Н. выклікала некалькі ўзбр. выступленняў, найб. з іх — паўстанне туарэгаў у 1914—17. Пасля 2-й сусв. вайны нац.-вызв. рух у Н. ўзначаліла Нігерская прагрэсіўная партыя (НПП, засн. ў 1946), якая складалася з прадстаўнікоў традыц. племянных вярхоў, інтэлігенцыі і чыноўнікаў. У 1946 Н. атрымаў статус заморскага дэпартамента Францыі, у 1957 абвешчаны аўт. рэспублікай у складзе Франц. супольнасці.
З 18.12.1960 Н. — незалежная дзяржава на чале з лідэрам НПП А.Дыёры. У Н. ўсталяваўся аднапартыйны рэжым, які падтрымліваў сувязі з Францыяй і спрыяў прыватнаму прадпрымальніцтву. Незадаволенасць насельніцтва карупцыяй улад, іх няздольнасцю ліквідаваць вынікі моцнай засухі 1968—74 прывялі да ваен. перавароту 15.4.1974. Улада перайшла да Вышэйшага ваен. савета (BBC) на чале з палкоўнікам С.Кунчэ (1974—87). У канцы 1980-х г. новае кіраўніцтва BBC на чале з А.Сайбу (1987—93) пачало дэмакратызацыю паліт. жыцця Н. У 1990 дазволена стварэнне паліт. партый, у снеж. 1992 прынята дэмакр. канстытуцыя. У сак. 1993 прэзідэнтам Н. выбраны лідэр партыі Дэмакр. і сац. канвент — «Рахама» М.Усман. Барацьба ў кіраўніцтве Н. прывяла да ваен. перавароту 27.1.1996. Новая канстытуцыя 1996 значна пашырыла паўнамоцтвы прэзідэнта, а ў ліп. 1996 прэзідэнтам Н. выбраны лідэр ваенных — І.Б.Майнасара. Пасля забойства Майнасары ў крас. 1999 у выніку няўдалага дзярж. перавароту новым прэзідэнтам Н. ў ліст. 1999 выбраны Т.Мамаду.
Н. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства.
Дзейнічаюць паліт. партыі: Дэмакр. і сац. канвент — «Рахама», Альянс за дэмакратыю і прагрэс.
Гаспадарка. Н. — эканамічна слабаразвітая краіна з адсталай эканомікай. Па ўзроўні эканам. развіцця адносіцца да найменш развітых краін. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. за год 670 дол. (1997). Сельская гаспадарка дае 40% ВУП, прам-сць — 18%, абслуговыя галіны — 42%. Пасля заваявання незалежнасці разам з прыцягненнем замежнага і нац. прыватнага капіталу ўрад імкнецца расшырыць дзярж. сектар. У сельскай гаспадарцы гал. ролю адыгрывае папарнае матычнае земляробства. Пад ворывам каля 3,8 млн.га, пад пашай каля 8,9 млн.га. Арашаецца 66 тыс.га у даліне р. Нігер і асобных раёнах на Пд краіны. Гал. земляробчы раён — ПдЗ і Пд. У земляробстве захавалася абшчыннае землеўладанне. Дробныя натуральныя і паўнатуральныя сял. гаспадаркі даюць гал. частку с.-г. прадукцыі. У даліне р. Нігер складваюцца таварныя гаспадаркі экспартнага кірунку. Гал.харч. культуры — проса, сорга, кукуруза, рыс, маніёк, батат, бабовыя, агародніна. На экспарт ідзе частка арахісу і бавоўны. Сярэднегадавы ўраджай (тыс.т): збожжавых — 1600, арахісу — 190—312, бавоўны — 4—10, агародніны — каля 80. Жывёлагадоўля качавая і паўкачавая. Пад пашу выкарыстоўваюцца паўпустыні і саванны на Пд краіны. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 6,15, коз і авечак больш за 6, вярблюдаў 0,3. Птушкагадоўля (20 млн. курэй). Рыбалоўства ў воз. Чад і р. Нігер (каля 20 тыс.т штогод). Збор гуміарабіку (на ПдУ). Прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі горназдабыўной, апрацоўчай і буд. галін. У 1996 атрымана 170 млн.кВт∙гадз электраэнергіі, 195 млн.кВт∙гадз імпартавана з Нігерыі. Электрастанцыі працуюць пераважна на драўніне (85%). Гал. экспартная галіна — горназдабыўная прам-сць. Н. — адзін з вядучых вытворцаў уранавай сыравіны. Здабыча уранавых руд вядзецца ў Аіры (цэнтр здабычы г. Арлі) кампаніямі з пераважнай доляй капіталу з Францыі, Германіі, Італіі, Японіі і інш. Працуюць 2 з-ды па вытв-сці уранавага канцэнтрату магутнасцю 2 тыс.т за год кожны. Вядзецца невял. здабыча каменнага вугалю (каля 170 тыс.т у год), фасфарытаў, кухоннай солі. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена невял. прадпрыемствамі харч., тэкст., гарбарна-абутковай галін, вытв-сцю буд. матэрыялаў, хім. і фармацэўтычнай прадукцыі. Прадпрыемствы харч. прам-сці: 3 з-ды па атрыманні арахісавага алею, мукамольны, малаказавод, бойня-халадзільнік і піўзавод у г. Ніямей, млын і цэх безалкагольных напіткаў у г. Зіндэр. Тэкст.прам-сць: 5 бавоўнаачышчальных, тэкст., прадзільна-ткацкая ф-кі. Прадпрыемствы па апрацоўцы скур, абутковае прадпрыемства канцэрна «Баця» (1,25 млн. пар абутку за год). Вядзецца зборка кузаваў і прычэпаў для аўтамашын, вытв-сць мэблі, дробнага с.-г. інвентару і інш. Ёсць прадпрыемствы па вытв-сці цэглы і цэменту, керамічных і мармуровых плітак. У г. Ніямей фармпрадпрыемства і мылаварна-парфумерная ф-ка і інш. Развіты рамёствы: саматужны выраб біжутэрыі, упрыгожанняў з золата і серабра, тканін, скураных вырабаў, адзення, абутку, ганчарная вытв-сць. Транспарт пераважна аўтамабільны. У краіне 41,6 тыс. аўтамашын (1998). Аўтадарог 10,1 тыс.км, у т. л. 798 км з цвёрдым пакрыццём. Рака Нігер суднаходная ніжэй г. Ніямей. У краіне 27 аэрапортаў, у т. л. 2 міжнар. каля гарадоў Ніямей і Агадэс. У 1997 экспарт склаў 267 млн.дол., імпарт 295 млн. долараў. Н. экспартуе уранавы канцэнтрат (50% па кошце), жывёлу і прадукцыю жывёлагадоўлі (20%), бабовыя, агародніну; імпартуе харч. і спажывецкія тавары, трансп. сродкі, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (у асобныя гады больш за 50% экспарту і імпарту), Канада, Нігерыя, Японія, Бельгія і інш. Знешні доўг 1,6 млрд.дол. (1998). Краіна атрымлівае дапамогу міжнар. арг-цый і асобных краін (найб. Францыі). Грашовая адзінка — афр. франк (франк КФА).
Архітэктура і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У паўд.-зах. раёнах пашыраны саламяныя хаціны, на У — глінабітныя або складзеныя з камянёў дамы з травяным дахам. Гліняныя зернясховішчы ў форме круглай пасудзіны з адтулінай зверху да 3 м вышыні. На Пн качавое насельніцтва (туарэгі, фульбе) жыве ў шатрах, накрытых скурамі. У горадзе будуюць жылыя дамы і мячэці з банка (сумесь гліны з саломай). Жылыя дамы ў Зіндэры, Тахуа і інш. прамавугольныя ў плане, з несапраўднымі купаламі з пальмавых ствалоў або двухсхільным чаротавым пакрыццём (вільчак апіраецца на гліняны слуп унутры будынка), маюць прамавугольныя парталы з рэльефным арнаментам і зубцамі па вуглах. Мячэці складаюцца з вял. шматслупавой залы з плоскім земляным пакрыццём на драўляных бэльках і мінарэта ў выглядзе ўсечанай піраміды, у якой знадворку тырчаць канцы драўляных гарыз. сувязей. Новыя кварталы г. Ніямей і інш. гарадоў забудоўваюцца паводле сучаснага еўрап.тыпу. У раёне Ніямея і ў абласцях, населеных хауса, вырабляюць ціснёныя скураныя вырабы з яркай афарбоўкай — сумкі, сёдлы, абутак, пасудзіны, каралі. Пашыраны кавальства, ювелірная справа, пляценне. Вырабляюцца нажы з бронзавай і сярэбранай інкрустацыяй, сярэбраныя бранзалеты і падвескі, конская вупраж. Сярод ганчарных вырабаў пашыраны пасудзіны з выцісненым і размаляваным арнаментам. Вырабляюць ярка афарбаваныя тканіны (пераважна чырвонага, белага, блакітнага колераў), пасудзіны з гарбузоў (калебасы) з разным і выпаленым арнаментам.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.І.Сініца (гісторыя).
Герб і сцяг Нігера.Да арт.Нігер. Мячэць у Агадэсе. 16 ст.Да арт.Нігер. Тыповы ландшафт пустыннай саванны на поўдні краіны.Да арт.Нігер. Уранавы руднік у Арлі.Да арт.Нігер. Зернясховішчы.Да арт.Нігер. Жаночая сумка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́Ж,
горад, цэнтр Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. За 112 км ад Мінска, 14 км ад чыг. ст. Гарадзея на лініі Мінск—Баранавічы. Аўтадарогамі злучаны з Баранавічамі, Клецкам, Навагрудкам, Стоўбцамі, з аўтамагістраллю Мінск—Слуцк. 14,6 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў 1446 як уласнасць Сяляўкі, перададзеная вял.кн.ВКЛ Казімірам М.Неміровічу. З 1492 уласнасць маршалка ВКЛ П.Я.Мантыгірдавіча, з 1523 — Радзівілаў. У 1547 з атрыманнем М.Радзівілам Чорным княжацкага тытула Н. стаў цэнтрам Нясвіжскага княства. У сярэдзіне 16 ст. ў Н. дзейнічаў кальвінскі збор. Па ініцыятыве М.К.Радзівіла Сіроткі 23.4.1586 Н. атрымаў магдэбургскае права. У 1586 засн.Нясвіжскі езуіцкі калегіум, у 1591 — Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у 1598 — Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. У 1583 пачата буд-ва Нясвіжскага замка (гл. ў арт.Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс). У 1586 Н. стаў цэнтрам зямельнага ўладання Радзівілаў — Нясвіжскай ардынацыі з рысамі дзярж. адзінкі ў Навагрудскім ваяв. У вер. 1655 і 1660 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Н. заняты ўкр. казакамі і рас. войскамі, але замак аблогу вытрымаў. У 1672 засн.Нясвіжскі кляштар дамініканцаў. У 1673 у Н. каля 2,4 тыс.ж., 366 «дымоў». У 1681 заснаваны штогадовы Міхайлаўскі кірмаш (праводзіўся на свята св. Міхаіла, 29 вер.). Моцна пацярпеў Н. ад шведаў у 1706 у час Паўночнай вайны 1700—21, адбылася Нясвіжа абарона 1706. Горад і замак адбудаваны ў 1720-я г. М.К.Радзівілам Рыбанькам. У прыгарадзе Н. Альбе знаходзілася загарадная рэзідэнцыя Радзівілаў, дзе быў пабудаваны палац, разбіты парк, выкапаны каналы, у 1726—36 працаваў Нясвіжскі чыгуналіцейны завод. У 1764 і 1768 Н. заняты рас. войскамі з-за антырас. пазіцыі К.С.Радзівіла Пане Каханку. З 1793 у Рас. імперыі, да 1796 цэнтр Нясвіжскага павета, пасля заштатны горад Слуцкага пав. У канцы 18 ст. ў Н. 2,7 тыс.ж., 409 дамоў. У ліст. 1812 як уладанне Д.Радзівіла, які з атрадам дзейнічаў у складзе войск Напалеона, заняты рас. арміяй, каштоўнасці замка канфіскаваны. У 1897 у Н. 8446 ж. У ліст. 1917 тут адбыўся 2-і з’езд салдат 2-й арміі Заходняга фронту. У лютым—снеж. 1918 акупіраваны герм. войскамі, 6.8.1919 заняты польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяв. У кастр. 1926 у Н. адбылася сустрэча маршала Ю.Пілсудскага з буйнымі землеўладальнікамі. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр раёна. У 1939—8,5 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну 28.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе больш за 6 тыс.чал., у 1943 дзейнічала падп. група. Вызвалены 2—4.7.1944 часцямі 65-й арміі 1-га Бел. фронту ва ўзаемадзеянні з партызанамі ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. У 1959—6,7 тыс. ж.
Працуюць (2000) Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў, хлебазавод, швейная ф-ка, малочны з-д, камбінат быт. паслуг, рыбгас «Альба»; Нясвіжскі педагагічны каледж, санаторый «Нясвіж», Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей.
У 1580-я г. на тэр. сучаснага Н. пачало фарміравацца паселішча гар.тыпу. Да 1533 на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны драўляны замак. Ад першага ўпамінання Н. ў пісьмовай крыніцы ў 1446 і да пач. 16 ст. тут існаваў феад. двор, які ў канцы 15 ст. быў умацаваны. У 1589 пачалося буд-ва ратушы. У канцы 15 ст. пабудаваны касцёл св. Духа, існавала правасл. царква Раства Багародзіцы. У канцы 16 — пач. 17 ст. фарміруецца арх. аблічча Н. (захавалася яго планіровачная структура з невял. зменамі). М.К.Радзівіл Сіротка з удзелам запрошаных ім італьян. архітэктараў узвёў мураваны замак, абнесены земляным валам і вадзяным ровам. У пач, 17 ст. вакол Н. насыпаны земляныя бастыёны і курціны (іх рэшткі захаваліся на беразе Дзявочага става каля кляштара бенедыкцінак, даўж. каля 100—150 м). У 1584—1616 Н. набыў рэгулярную сістэму планіроўкі, сфарміраваўся як горад-крэпасць. Рака падзяляла яго на 2 часткі: уласна горад з замкам і яго прадмесце Новае места, якое будавалася на працягу 17 ст. На 4 асн. уездах у горад былі збудаваны брамы: Нясвіжская замкавая вежа, Нясвіжская Слуцкая брама, Віленская (спачатку наз. Мірская) і Клецкая. Н. меў прамавугольную сістэму планіроўкі з невял. квадратнымі кварталамі. Кампазіцыйным цэнтрам была прамавугольная ў плане Рыначная плошча, забудаваная па перыметры з 3 бакоў мураванымі жылымі дамамі, у цэнтры якой знаходзілася мураваная ратуша. У 17 ст. абапал яе размяшчаліся гандл. рады (перабудаваны ў 18 ст.; гл.Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады). У 1672 за ратушай узведзены мураваны дамініканскі кляштар (не захаваўся). Аснову планіровачнай структуры складалі 2 узаемна перпендыкулярныя вуліцы. Адна, больш працяглая (частка гасцінца Слуцк—Вільня), праходзіла праз увесь горад з З на У і злучала Слуцкую і Віленскую брамы, другая (наз. Водная) — з Пн на Пд, звязвала Рынак з замкавай грэбляй. З канца 16 ст. Н. забудоўваўся паводле класічнай рэнесансавай схемы, прамаляванай ням. жывапісцам А.Дзюрэрам у выглядзе чалавечага цела: замак — галава, калегіум езуітаў з касцёлам — сэрца, ратуша і гандл. рады на рынку — страўнік, рукі і ногі пазначаны кляштарамі і цэрквамі па перыметры горада. Некат. карэкціроўка ўнесена наяўнасцю забалочанага поплаву р. Уша. У канцы 16 ст.паўн.-ўсх. частцы горада, каля замкавай вежы, пабудаваны Нясвіжскі касцёл езуітаў і Нясвіжскі езуіцкі калегіум, у паўд.-ўсх. частцы — Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у паўн.-зах. частцы — Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. У 1673 узведзены Нясвіжскі кляштар бенедыкцінцаў з касцёлам св. Крыжа. У 2-й пал. 16 ст. ўзнік прыгарад Альба, дзе ў 17—18 ст. сфарміраваўся Альбінскі палацава-паркавы ансамбль. У 1654 і 1659 горад разбураны, у 1706 разрабаваны і спалены, узарваны бастыёны, горад пацярпеў і ад пажараў 1836 і 1843 (згарэла 150 дамоў). У 1720-я г. адбудаваны. У 18 ст. існаваў гар. палац, у 19 ст. — цэрквы Праабражэнская (з 1846 у будынку ратушы), Георгіеўская, Прачысценская (пабудавана ў 1577), 2 касцёлы, сінагога, 7 яўр. малітоўных дамоў. Сучасны горад захаваў гіст.арх.-планіровачную структуру. Ракой і вадаёмам ён падзелены на паўн.-зах. (гіст.) і паўд.-ўсх. (асн. жылы масіў з грамадскім цэнтрам) часткі, звязаныя паміж сабой земляной дамбай і мостам. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Ленінская—Савецкая-1 Мая і Шымко—К.Лібкнехта—Садовая (з Пн на Пд). Пасля Вял.Айч. вайны горад развіваўся паводле схемы планіроўкі 1955 (Баранавіцкія праектныя майстэрні) і генплана 1965 (ін-т «Белдзяржпраект»), Гал. вуліца — Ленінская. Адм.-грамадскі і культ. цэнтр сфарміраваўся на Цэнтральнай плошчы (б. Рыначная), на ёй разбіты сквер. Цэнтр забудаваны 3—5-павярховымі дамамі. Сфарміраваліся паўн.-зах. і паўд.-ўсх.вытв. зоны. Зона адпачынку — паркі, вадаёмы, лесапарк. Захаваліся помнікі архітэктуры 16—19 ст.: плябанія, Нясвіжскі«Дом на рынку» і інш. Паводле генплана 1982 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Т.Станішэўская) і праекта дэталёвай планіроўкі цэнтра 1978 (ін-т «Мінскграмадзянпраект», арх. А.Кракалёва, Л.Шылінская, Г.Перліна) прадугледжана далейшае развіццё горада на ПдЗ і ПдУ, стварэнне грамадскага цэнтра на стыку гіст. цэнтра з раёнамі новай жылой забудовы. У 1985 распрацаваны праект рэстаўрацыі і рэгенерацыі гіст. забудовы Н. (арх. Г.Босак, А.Дарэнскі, Т.Куцапалава і інш.). У 1982 у Н. пастаўлены помнік С.Буднаму (скульпт. С.Гарбунова).
Да 20 ст.культ. жыццё Н. развівалася дзякуючы мецэнатам — князям Радзівілам. У 16 і 18 ст. працавала Нясвіжская друкарня, заснаваная С.Будным, М.Кавячынскім і Л.Крышкоўскім і адроджаная Радзівілам Рыбанькам. У 16 ст. склаўся т.зв. Нясвіжскі літ. гурток, у які ўваходзілі С.Будны, А.Рымша, Г.Пельгжымоўскі, Я.Радван, Я.Козак, пазней — Б.Будны і С.Рысінскі. У замку захоўваліся творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, карціны, архіў і б-ка Радзівілаў; буйныя кнігазборы былі ў кляштарах. У канцы 16 — пач. 17 ст. пры двары Радзівіла Сіроткі працаваў гравёр і картограф Т.Макоўскі, складзена 1-я дакладная карта ВКЛ. Пры езуіцкім калегіуме з 1610 існавала муз. бурса, з 1620 — канвікт (інтэрнат) для малазабяспечаных вучняў, з 1627 — аптэка, меўся шпіталь, у 1696—1758 дзейнічаў школьны т-р. У 17 ст. ў калегіуме выкладалі паэт М.К.Сарбеўскі, філосаф З.Лаўксмін, у 18 ст. — паэт і драматург Ю.Катэнбрынг, гісторык Я.А.Пашакоўскі. У сярэдзіне 18 ст. Радзівіл Рыбанька заснаваў Нясвіжскую мануфактуру шаўковых паясоў, Нясвіжскую дывановую мануфактуру і Нясвіжскую суконную мануфактуру. У 18 ст. ў Н. працавалі архітэктар К.Ждановіч, мастакі Гескія, гравёр Г.Ляйбовіч. У 18 ст. дзейнічаў Нясвіжскі кадэцкі корпус для падрыхтоўкі афіцэраў радзівілаўскага войска. У 18 — пач. 19 ст. існавалі Нясвіжскі тэатр Радзівілаў з Нясвіжскай балетнай школай, Нясвіжская капэла Радзівілаў з Нясвіжскай музычнай школай; ставіліся п’есы Ф.У.Радзівіл, оперы М.Радзівіла. У выніку канфіскацый рас. улад у 1772 і 1812 страчана значная частка замкавай б-кі, музейных збораў і каштоўнасцей. У 1815 у Н. жыў паэт-дзекабрыст К.Ф.Рылееў, у 1833—35 і 1840—44 — паэт У.Сыракомля. Пасля скасавання езуіцкага ордэна ў 1773 замест калегіума адкрыта вучылішча Адукацыйнай камісіі, да 1835 дзейнічала школа пры дамініканскім кляштары. У 1875 адкрыта Нясвіжская настаўніцкая семінарыя, дзе вучыліся этнографы А.Я.Багдановіч і А.К.Сержпутоўскі, пісьменнікі Я.Колас, К.Чорны, Р.Мурашка, мастак М.К.Сеўрук (з 1939 жыў пастаянна, тут і пахаваны). У 1921—24 дзейнічала Нясвіжская бел. гімназія. У 1994 для адраджэння помнікаў Н. заснаваны міжнар. фонд «Нясвіж». З 1995 працуе Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей. У 1996 створаны гіст.-культ. запаведнік «Нясвіж». У горадзе праводзяцца міжнар.навук. сімпозіумы па гісторыі і культуры, фестывалі старадаўняй і камернай музыкі «Музы Нясвіжа». Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму, мемар. знак на месцы расстрэлу ахвяр фашызму. Помнік Вызвалення ад ням.-фаш. захопнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РАПІС НАСЕ́ЛЬНІЦТВА працэс збору дэмаграфічных, эканам. і сац. звестак, якія характарызуюць жыхароў краіны або пэўнай тэрыторыі ў пэўны момант. Асн. мэта П.н. — атрыманне звестак пра колькасць, склад, размяшчэнне насельніцтва, яго дэмаграфічныя, эканам. і сац. характарыстыкі, неабходныя для найб. эфектыўнай арганізацыі сац.-эканам. жыцця краіны. П.н. ахоплівае ўсіх жыхароў краіны: пастаянных жыхароў кожнай тэр. (пастаяннае насельніцтва) і тых, што знаходзяцца на ёй у момант перапісу незалежна ад часу знаходжання (наяўнае насельніцтва), уключае і тых грамадзян дзяржавы, што знаходзяцца за мяжой. Звесткі, якія збіраюцца пры П.н., вызначаюцца праграмай перапісу, асн.ч. якой з’яўляецца адзінай для ўсяго насельніцтва краіны. Праграма П.н. звычайна ўключае: дэмаграфічныя адзнакі (пол, дата нараджэння або ўзрост, колькасць дзяцей і інш.), эканам. адзнакі (занятак, прафесія, крыніца сродкаў існавання і інш.), характарыстыкі адукаванасці і ўзроўню кваліфікацыі, этнічныя адзнакі, грамадзянства, пытанні пра жыллёва-бытавыя ўмовы. Апрацоўка даных П.н. звычайна праводзіцца па адм. адзінках. Поўная іх распрацоўка можа займаць некалькі гадоў. Асн.навук. патрабаванні да П.н.: цэнтралізаванасць; наяўнасць вызначанай праграмы і яе адзінства; ахоп усёй тэрыторыі; усеагульнасць; індывідуальнасць рэгістрацыі; непасрэднае атрыманне звестак у насельніцтва; адначасовасць; перыядычнасць.
П.н. папярэднічалі розныя формы ўліку насельніцтва, якія праводзіліся ў Стараж. Грэцыі, Вавілоне, Стараж. Егіпце (каля 2800—2250 да н.э.), Месапатаміі, Кітаі (каля 2238 да н.э.), Японіі і інш.Найб. вядомыя ўлікі вольных грамадзян (цэнзы) пры імператары Серв Тулію ў Стараж. Рыме (6 ст. да н.э.). У Расіі з 1718 праводзіліся дзярж. рэвізіі насельніцтва; праведзена 10 рэвізій: 1-я ў 1719—27, 10-я ў 1857—60. Пачатак усеагульнаму і рэгулярнаму ўліку насельніцтва паклалі ЗША (1790), Швецыя (1800), Вялікабрытанія, Данія, Нарвегія і Францыя (1801). Першы перапіс, які адпавядаў навук. прынцыпам уліку, праведзены ў Бельгіі ў 1846 пад кіраўніцтвам А.Кетле. У пач. 19 ст. П.н. ахопліваў 1,1% насельніцтва, да канца 20 ст. — 95% насельніцтва ў 202 краінах свету. Большасць развітых краін праводзяць перапіс кожныя 10 гадоў; некаторыя — паміж суцэльным П.н. праводзяць выбарачны перапіс.
На тэр. Беларусі пачатак уліку насельніцтва адносіцца да 9 ст. (вёўся з фіскальнымі мэтамі для падаткаабкладання). Колькасць насельніцтва на тэр. Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай вызначалася на аснове тарыфаў падымнага абкладання, дзе за адзінку абкладання браўся дом ці дым. З 17 ст. вяліся падворныя перапісы. У 1897 адбыўся ўсеагульны П.н. на тэр. Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Рас. імперыі. 1-ы ўсеагульны П.н. ў БССР праведзены ў 1926. Вынікі перапісу 1937 з-за разыходжання звестак з тымі, якія меркавалася атрымаць, былі забракаваны. Матэрыялы П.н. 1939 у сувязі з пач. 2-й сусв. вайны часткова распрацаваны ў пасляваенны час і апублікаваны ў 1995. Пасляваенныя П.н. праводзіліся больш рэгулярна (1959, 1970, 1979) і практычна паўтаралі праграму перапісу 1939. У перапісе 1989 дадаткова збіраліся звесткі аб жыллёвых умовах насельніцтва. Аднак у сувязі з распадам СССР праект распрацоўкі і публікацыі матэрыялаў гэтага перапісу ажыццёўлены не поўнасцю (па Беларусі яны апублікаваны толькі для службовага карыстання). П.н. Рэспублікі Беларусь 1999 праводзіўся па больш шырокай праграме, якая ўлічвала кардынальныя перамены ў сац.-эканам. развіцці краіны і структуры грамадства. Напр., большая ўвага звярталася на пытанні занятасці насельніцтва, моўнай сітуацыі.
Дынаміка колькасці насельніцтва. Колькасць насельніцтва Беларусі мянялася нераўнамерна ў выніку 1-й і 2-й сусв. войнаў, хваляў эпідэмій, голаду, міграцый, паліт. рэпрэсій. Паводле звестак Усерас. П.н. 1897, на Беларусі ў сучасных межах пражывала больш за 6,6 млн.чал. У сувязі з ростам эміграцыі ў ЗША, Канаду, Аўстралію, краіны Зах. Еўропы адмоўнае сальда міграцыі насельніцтва склала за 1897—1913 каля 0,5 млн.чал. У 1-ю сусв. (1914—18) і грамадз. (1918—20) войны Беларусь страціла каля 1,4 млн.чал. забітымі і памерлымі. З 1920-х г. да пач. 2-й сусв. вайны назіраўся актыўны працэс росту насельніцтва. Паводле П.н. 1939 на Беларусі жыло амаль 9 млн.чал. У Вял.Айч. вайну 1941—45 страчана больш за 2,2 млн.чал. (кожны 4-ы жыхар), каля 380 тыс.чал. вывезена на працу ў Германію (вярнуліся не ўсе). На канец 1945 на Беларусі жыло 6,2 млн.чал. Даваенная колькасць жыхароў дасягнула толькі ў 1971. У пасляваен. перыяд да пач. 1990-х г. насельніцтва павялічвалася, аднак тэмпы росту з 1970-х г. сталі зніжацца. Паміж П.н. 1989 і 1999 адбылося абсалютнае змяншэнне колькасці насельніцтва на 107 тыс.чал. (1,1%), як вынік дэпапуляцыі, якая пачалася ў 1933: гадавая колькасць памерлых перавышае колькасць народжаных (гл.табл. 1).
Урбанізацыя. Паводле П.н. 1897 гар. насельніцтва Беларусі складала 13,5%. Напярэдадні Вял.Айч. вайны доля гараджан на Беларусі складала 20% насельніцтва. У пасляваенныя гады ў сувязі з размяшчэннем у гарадах буйных прамысл. прадпрыемстваў, працэс урбанізацыі паскорыўся. За 1959—70 доля гар. жыхароў вырасла больш чым на 13%, за 1970—89 яшчэ на 22% і склала 65%. У 1999 у гарадах жыло каля 70% насельніцтва. Характэрная рыса урбанізацыі — паскораны рост насельніцтва ў буйных гарадах. Прырост гар. насельніцтва забяспечваўся ў асн. за кошт. сельскіх жыхароў. Павелічэнне колькасці гар. пасяленняў ішло і шляхам узнікнення новых гарадоў (Салігорск, Светлагорск, Наваполацк, Новалукомль), і надання частцы мястэчак статуса пасёлкаў гар.тыпу. У 1970 на Беларусі было 9 гарадоў, якія мелі больш за 100 тыс. жыхароў, у 1999—15 (Мінск, Гомель, Магілёў, Віцебск, Гродна, Брэст, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Пінск, Орша, Мазыр, Наваполацк, Салігорск, Ліда). У Мінску ў 1999 было 1677,1 тыс. жыхароў.
Асн. тэндэнцыяй полаўзроставай структуры насельніцтва Беларусі з’яўляецца яго старэнне (павелічэнне долі пажылых людзей). Доля асоб пенсіённага ўзросту 60 гадоў для мужчын і 55 для жанчын (павялічылася з 13,5% у 1959 да 21,5% у 1999, фактычна кожны 5-ы жыхар краіны — пенсіянер. Другая характэрная рыса дынамікі ўзроставай структуры насельніцтва — памяншэнне долі дзяцей: у 1897 ва ўзросце да 16 гадоў яны склалі 43%, у 1959—31,3%, у 1999—21,2%. У 1897 на Беларусі на 1000 мужчын прыпадала 1012 жанчын, у 1926—1045, у 1959—1249, у 1999—1129. Працаздольнае насельніцтва складае большую палавіну ўсіх жыхароў — 57,3% (1999).
Усерас. П.н. 1897 даў толькі агульнае ўяўленне пра нац. склад жыхароў Беларусі, паколькі нацыянальнасць вызначалася па мове і веравызнанні. На тэр. 5 бел. губерняў (Гродзенскай, Віленскай, Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай) акрамя беларусаў, якія складалі 65,6% ад усяго насельніцтва, жылі яўрэі (14,6%), рускія (6%), украінцы (4,6%), палякі (5,2%), а таксама латышы, літоўцы, татары, немцы, цыгане і інш. Паводле П.н. 1939 (без уліку тэр.Зах. Беларусі) доля беларусаў вырасла за кошт памяншэння долі інш. нацыянальнасцей і складала 82,9% ад агульнай колькасці насельніцтва, працэнт палякаў знізіўся да 1%, украінцаў — да 2%. Найб. поўную карціну пра нац. склад даюць П.н. 1959, 1970, 1979, 1989 і 1999, якія праводзіліся ў сучасных межах Беларусі. Іх вынікі сведчаць, што ў сувязі з працэсамі асіміляцыі і міграцыі (прыток асоб некарэннай нацыянальнасці і адток беларусаў у інш. рэгіёны СССР) доля беларусаў знізілася з 81,1% у 1959 да 77,9% у 1989. Аднак з пач. 1990 г. пасля распаду СССР у Рэспубліцы Беларусь доля беларусаў пачала павялічвацца, што звязана з працэсам рээміграцыі (вяртаннем асоб тытульнай нацыянальнасці) з рэспублік Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, Прыбалтыкі і інш. рэгіёнаў. Паводле П.н. 1999 колькасць беларусаў склала 8 млн. 159 тыс.чал. (81,2%). Доля рускіх пастаянна павялічвалася: з 8% у 1959 да 13% у 1989. П.н. 1999 засведчыў зніжэнне колькасці рускіх да 11% (1 млн. 141 тыс.чал.), што звязана ў асноўным з адтокам рус. насельніцтва пасля распаду СССР, а таксама з вывадам войск з тэр. Беларусі. Рускае насельніцтва пражывае пераважна ў гарадах і ва ўсх. сельскіх рэгіёнах. Колькасць палякаў (трэцяя па велічыні нац. група) пастаянна зніжаецца з-за працэсаў асіміляцыі і міграцыі: у 1959 яны складалі 7% насельніцтва, у 1999—3,9% (395,7 тыс.чал.). Яны пражываюць пераважна ў сельскай мясцовасці ў зах. і паўн.-зах. раёнах Беларусі. Змянілася і колькасць украінцаў: у 1959 яны складалі 1,7%, у 1999—2,4% (237 тыс.чал.). Значная іх частка жыве ў гарадах і сельскай мясцовасці на Пд ад гарадоў Кобрын і Брэст. Найб. моцныя змены зведалі прадстаўнікі яўр. нацыянальнасці: у 1939 яўрэі былі 2-й па колькасці нац. меншасцю (7%), у 1989—5-й (1,1%). Скарачэнне іх колькасці выклікана інтэнсіўным выездам у буйныя гарады Расіі, Украіны пасля ліквідацыі «мяжы аселасці», асіміляцыйнымі працэсамі, стратамі ў гады Вял.Айч. вайны, актыўным выездам у Ізраіль і інш. замежныя краіны ў 1980—90-я г. У выніку доля яўрэяў у 1999 склала 0,3% (27,8 тыс.чал.). Паводле П.н. 1999 на Беларусі пражывала больш за 100 нацыянальнасцей (гл.табл. 2).
Літ.:
Раков А.А. Население БССР. Мн., 1969;
Гозулов А.И. Переписи населения земного шара. М., 1970;
Киселева Г.П., Кваша АЯ. О чем рассказывают переписи населения. М., 1983;
Манак Б.А. Насельніцтва Беларусі. Мн., 1992;
Шахотько Л.П. Население Республики Беларусь в конце XX в. Мн., 1996.
Дз.М.Кудзелка, Л.П.Шахоцька.
Табліца 1 Дынаміка колькасці насельніцтва Беларусі
Гады перапісаў
Колькасць насельніцтва, тыс.чал.
У % да ўсяго насельніцтва
Усяго
у т. л.
гарадское
сельскае
гарадское
сельскае
1897
6673
899
5774
13,5
86,5
1926
4989
848
4138
17
83
1939
8912
1855
7057
20,8
79,2
1959
8056
2481
5575
30,8
69,2
1970
9002
3908
5094
43,4
56,6
1979
9560
5263
4297
55,1
44,9
1989
10 152
6641
3510
65,4
34,6
1999
10 045
6961
3084
69,3
30,7
Табліца 2 Нацыянальны склад насельніцтва Рэспублікі Беларусь (па даных перапісаў, у %)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЕ́НІЯ, Рэспубліка Арменія. Размешчана ў паўд. частцы Закаўказзя. Мяжуе на Пн з Грузіяй, на У і ПдЗ з Азербайджанам, на Пд з Іранам, на З з Турцыяй. Пл. 29,3 тыс.км². Нас. 3677 тыс.чал. (1992). Дзярж. мова — армянская. Сталіца — г.Ерэван. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 мая).
Дзяржаўны лад. Арменія — дэмакр. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1978. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканадаўчы орган — Вярх. Савет, вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган — Савет Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.
Прырода. Арменія займае паўн.-ўсх.ч. Армянскага нагор’я, акаймаванага паўн. і ўсх. хрыбтамі М.Каўказа. На Пн па мяжы з Грузіяй цягнецца Самхецкі хр. (2548 м, г. Лалвар), на Пд ад яго — Ларыйскае плато (выш. да 1400 м), уздоўж паўд. мяжы якога праходзіць Базумскі хр. Паміж Базумскім і паралельным яму Памбакскім хр. ляжыць Памбакская катлавіна, на ПнЗ — Джавахецкі хрыбет. На З узвышаецца вулканічны масіў Арагац (выш. да 4090 м). Хрыбты Гегамскі на З, Вардэнскі на Пд і Шахдагскі на ПнУ і У акружаюць тэктанічную ўпадзіну, у якой знаходзіцца высакагорнае воз. Севан. На ПдУ Арменіі самы высокі ў Закаўказзі Зангезурскі хр. (выш. 3904 м, г. Капутджух), на ПнУ ад яго вулканічнае Карабахскае нагор’е (выш. 2000—3000 м). У паўд.-зах. частцы Арменіі акумулятыўная Арарацкая раўніна (выш. 800—1000 м). Каля ⅓ плошчы Арменіі ўкрыта андэзітабазальтамі, туфамі, пемзамі, перлітамі і інш. прадуктамі вывяржэння вулканаў. Для асобных раёнаў Арменіі характэрна сейсмічнасць. Працягваюцца гораўтваральныя працэсы, адбываюцца землетрасенні (апошняе катастрафічнае ў снеж. 1988). Карысныя выканні: радовішчы медна-малібдэнавых, медна-калчаданавых, залатых, жал. і поліметалічных рудаў, нефелінавых сіенітаў, каменнай солі, буд. матэрыялаў (туфы розных адценняў і якасцяў, базальты, граніты, мармур, пемза, вапнякі, вогнетрывалыя гліны). Выяўлены прамысл. паклады паўкаштоўных і вырабных камянёў (агат, біруза, яшма, абсідыян). Шмат мінер. крыніц. Клімат субтрапічны кантынентальны, сухі; асаблівасці абумоўлены горным рэльефам, блізкасцю Чорнага і Каспійскага мораў, уплывам засушлівага Іранскага і Малаазіяцкага нагор’яў. На раўнінах сярэдняя т-растудз. -5 °C, ліп. 25 °C, ападкаў каля 400 мм за год. На горных плато і схілах гор (да 1400 м) сярэдняя т-растудз. ад -4 °C да -6 °C, ліп. ад 18 °C да 20 °C, ападкаў каля 500 мм за год. У сярэднягор’і клімат умераны, сярэдняя т-растудз. ад -2 °C да -8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 600—800 мм за год. У высакагор’ях сярэдняя т-растудз. ад -9 °C да -14 °C, ліп. ад 10 °C да 15 °C, магутнае снежнае покрыва. Рэкі Арменіі бурныя, парожыстыя, багатыя гідраэнергарэсурсамі, буйнейшая пагранічная р. Аракс. Па тэр. Арменіі цякуць прытокі рэк Аракс (Раздан, Арла, Варатан і інш.) і Куры (Дэбед з Памбакам і Дзарагетам). Каля 100 горных азёраў, самае вялікае — Севан, для папаўнення якога прабіты горны 48-кіламетровы тунэль р. Арпа — Севан. Глебы Арарацкай раўніны і прылеглых перадгор’яў (да 1200 м) шэразёмныя і светла-бурыя, у паніжэннях саланчакі і сланцы. У паўд. раёнах да выш. 1800 і ў паўн. да 800 м — каштанавыя глебы, вышэй — горныя лугавыя, лясныя, лугава-тарфяныя; на вулканічных плато — горныя чарназёмы. У перадгор’ях калючыя хмызнякі, падушкападобныя астрагалы і аканталімоны, ксерафільныя зараснікі. На паўн.-ўсх. (да выш. 2000 м) і паўд.-ўсх. (да выш. 2400 м) схілах лісцевыя лясы (усх. бук, дуб, граб). У стэпавым поясе (да 2100—2200 м) пераважае кавыльная і ціпчаковая расліннасць, вышэй — ксерафітнае рэдкалессе, субальпійскія і альпійскі лугі. На вяршынях (Арагац, Капутджух) фірнавыя палі і ледавікі. Жывёльны свет у перадгор’ях: паўзуны (гюрза, каўказская гадзюка), грызуны, скарпіёны, у трысняговых зарасніках — дзік, чаротавы кот, шакал; у гарах — безааравы казёл, сірыйскі мядзведзь, рысь, вавёрка і інш. Акліматызаваны янотападобны сабака, нутрыя, плямісты усурыйскі алень. Запаведнікі: Дыліжанскі, Карагельскі-Сіўліцкі (на мяжы з Азербайджанам), Хасроўскі, Эрэнійскі, Шыкахохскі. Нац. парк Севан.
Насельніцтва. Асноўнае насельніцтва — армяне (93,3%; 1992); жывуць таксама рускія, курды, украінцы, беларусы, грузіны, грэкі, асірыйцы і інш. У сувязі з арм.-азерб. канфліктам большасць азербайджанцаў выехала, а ў Арменію перасялілася значная колькасць армян з Азербайджана. Большасць вернікаў належыць да Армянскай апостальскай царквы. Сярэдняя шчыльнасць 115 чал. на 1 км². Натуральны прырост — 15 чал. на 1000 жыхароў. Гар. насельніцтва складае 68% (1989). 50% сельскага насельніцтва жыве ў горным поясе 1500—2000 м. Найб. гарады (1995): Ерэван (1248 тыс.ж.), Гюмры (211 тыс.ж.), Ванадзор (173 тыс.ж.), Эчміядзін (65 тыс.ж.), Раздан (64 тыс.ж.), Абавян (62 тыс.ж.).
Гаспадарка. Прамысловасць. Асноўныя галіны: машынабудаванне і металаапрацоўка, каляровая металургія, хім., нафтахім., лёгкая, харчасмакавая прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Энергетычная база — ГЭС Севана-Разданскага каскада, ГРЭС у Раздане, ТЭЦ у Ерэване, АЭС у Мецаморы і інш. У машынабудаванні развіты эл.-тэхн., электронная, радыётэхн. прам-сць, прылада- і станкабудаванне, вытв-сцьбыт. тэхнікі (Ерэван, Гюмры, Ванадзор і інш.). Каляровая металургія ўключае вытв-сць медзі, алюмінію, канцэнтратаў малібдэну, свінцу, цынку. Выпуск пракату. Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прам-сці вырабляюць сінт. каўчук, аўтамаб. шыны, сінтэтычныя смолы, пластмасы, серную кіслату, хім. валокны і інш. (Ерэван, Ванадзор, Алаверды). З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. і гарбарна-абутковая. Важнейшыя галіны харчасмакавай прам-сці — плодакансервавая, эфіраалейная, віна-каньячная, тытунёвая, разліў мінер. водаў. У прам-сці буд. матэрыялаў гал. роля належыць вытв-сці сценавых блокаў з натуральнага каменю, у т. л. на базе распрацоўкі радовішчаў каляровых туфаў, перлітаў, вапнякоў, граніту і мармуру, вытв-сць цэменту, шыферу, зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў.
Сельская гаспадарка. Плошча с.-г. угоддзяў складае 1,3 млн.га, з іх ворыва 0,5 млн.га, пашы 1,6 млн.га. Земляробства сканцэнтравана пераважна на Арарацкай раўніне, Шыракскім плато і ў раёне воз. Севан. 305 тыс.гас.-г. угоддзяў арашаецца. Гал. галіны раслінаводства — вінаградарства і пладаводства. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень), тэхн. тытунь, цукр. буракі і гароднінна-бахчавыя культуры. Жывёлагадоўля малочна-мяснога і мяса-воўнавага кірунку (буйн. раг. жывёла, коза- і авечкагадоўля). Птушкагадоўля. Асноўныя віды транспарту — чыгуначны (эксплуатацыйная даўж. 870 км) і аўтамабільны (даўж. 7,6 тыс.км, у т. л. 7,3 з цвёрдым пакрыццём). Ёсць газаправодны транспарт, развіты авіяцыйны. Увозіць Арменія энерганосьбіты (прыродны газ), машыны, прадукты харчавання. Экспартуе трансп. абсталяванне, каляровыя металы, быт. тэхніку, вырабы харчасмакавай прам-сці. Каля 80% знешнегандлёвага абароту прыпадае на Расію і Беларусь. Грашовая адзінка — драм.
Гісторыя. Тэр. Арменіі належыць да найб.стараж. цэнтраў сусв. цывілізацыі. Археал. знаходкі сведчаць пра засяленне Армянскага нагор’я першабытным чалавекам у 1-й пал. чацвярцічнага перыяду (Сатані-Дар). У неаліце тут пачалося земляробства. Культура бронзавага веку (3—2-е тыс. да н.э.) прадстаўлена паселішчамі Шэнгавіт, Шрэшблур, Элар, Лчашэн, Тагавараніст. У канцы 2 — пач. 1-га тыс. да н.э. на Армянскім нагор’і ўзнікаюць племянныя саюзы, пачынаецца працэс утварэння дзяржавы. На аснове буйных саюзаў уруатры, наіры, дайані ў 9 ст. да н.э. склалася рабаўладальніцкая дзяржава Урарту. Найб. значныя помнікі гэтага перыяду на тэр. Арменіі: Ван (Тушпа), Эрэбуні, Тайшэбаіні, Армавір. Аслабленая ўнутр. супярэчнасцямі і націскам скіфаў у 6 ст. да н.э. Урарту распалася, яе тэр. ўключана ў стараж. персідскую Ахеменідаў дзяржаву. Арм. народнасць у асн. склалася ў 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. ў выніку змяшання абарыгенных плямёнаў Армянскага нагор’я (хаі, армены), якія атрымалі ў спадчыну высокую культуру Ураргу. Пасля разгрому дзяржавы Ахеменідаў Аляксандр Македонскі ўключыў арм. землі ў сваю імперыю. У канцы 4 ст. да н.э. ад яе аддзяліліся самастойныя арм. царствы ў Арменіі Малой і Айрарацкай даліне. У канцы 3 ст. да н.э.Паўн.-Зах. Арменія (Сафена) і Паўд. Арменія трапілі пад панаванне Селеўкідаў. Каля 220 да н.э. Айрарацкае царства і Паўд. Арменія аб’ядналіся ў незалежную дзяржаву — Арменію Вялікую. У 189 да н.э. правіцелі Вял. Арменіі і Сафеты абвясцілі незалежнасць. З гэтага часу тут усталявалася дынастыя Арташэсідаў [189 да н.э. — 1 ст.н.э.], найб. вядомым прадстаўніком якой быў Тыгран II. У гады яго праўлення завяршылася аб’яднанне асн.арм. зямель. Арменія стала вял. дзяржавай эліністычнага свету. У яе гарадах Армавір, Арташат, Тыгранакерт, Аршамашат, Ервандашат, Вагаршапат былі развіты рамёствы і гандаль. З 1 ст. да н.э Арменія стала арэнай барацьбы паміж Рымам і Парфянскім царствам і прыйшла ў заняпад. У 387 Вял. Арменія падзелена паміж Іранам і Візантыйскай імперыяй; б.ч. яе апынулася ў васальнай залежнасці ад Сасанідскага Ірана, але захавала самакіраванне на чале з намеснікам (марзпанам). У 301 Арменія прыняла хрысціянства. Пачалі складвацца феад. адносіны. Арм. народ вёў упартую барацьбу супраць іранскага панавання за аднаўленне незалежнасці. Буйныя паўстанні адбыліся ў 450—451 (пад кіраўніцтвам Вардана Маміканяна, закончылася Аварайрскай бітвай 451), 481—484, 571—572 і інш. У 2-й пал. 7 ст. Арменія заваявана Арабскім халіфатам. Сац. рух у 9—11 ст. праходзіў пад рэліг. сцягам (гл.Паўлікіяне, Пандракійцы). У ходзе працяглай барацьбы арм. народа з арабамі (паўстанні 703, 748—750, 774—775, 850—855) у канцы 9 ст. Утварылася арм. царства Багратыдаў, у якое ўвайшлі Анійскае царства і залежныя ад яго Ванандскае, Васпураканскае, Сюнікскае і Ташыр-Дзарагецкае царствы. Пачаўся ўздым эканомікі і культуры; цэнтрамі рамяства і гандлю сталі гарады Ані, Карс, Дзвін, Хлат, Маназкерт і інш. У 11 ст. Арменія заваявана Візантыяй, потым сельджукамі, а ў 13 ст. татара-манголамі. У выніку ліквідацыі дзяржаўнасці гарады Арменіі прыйшлі ў заняпад, многія разбураны, значная частка насельніцтва знішчана. Вял. спусташэнні прынеслі Арменіі паходы Тахтамыша і Цімура. Узмацнілася эміграцыя армян у інш. краіны. На ПдУ М. Азіі ўтварылася арм. Кілікійскае царства (1080—1375). На пач. 15 ст. Арменія захоплена вандроўнымі туркм. плямёнамі. У 16—18 ст. яна стала арэнай барацьбы паміж Турцыяй і Іранам, гаспадарка краіны руйнавалася, яе жыхары знішчаліся і высяляліся. У 1639 краіна падзелена; Усх. Арменія адышла Ірану, Зах. — Турцыі. Сац. і нац.-рэліг. прыгнёт выклікаў паўстанні армян (найбуйнейшае ў 1722—28 у Карабаху і Сюніку). З цягам часу ў паліт. плынях стала выспяваць арыентацыя на Расію. У выніку рус.-іран. вайны 1826—28 паводле Туркманчайскага дагавора 1828Усх. Арменія далучана да Рас. імперыі. Больш за 40 тыс. армян перасяліліся з Ірана ў Закаўказзе. Пасля рус.-тур. вайны 1828—29 з падпарадкаваных Турцыі арм. зямель ва Усх. Арменію перасялілася 90 тыс. армян. Зах. армяне, што заставаліся пад уладай Турцыі, неаднаразова паўставалі (Зейтунскае паўстанне 1862, вызв. рух 1870—80-х г.). Тур. ўлады арганізоўвалі (1895, 1896, 1908) масавую разню арм. мірнага насельніцтва. У 1-ю сусв. вайну тур. ўрад правёў генацыд арм. насельніцтва — знішчыў каля 1,5 млн. армян і каля 2 млн. выселіў у пустыні Месапатаміі, дзе большасць іх загінула. У памяць аб гэтай трагедыі 24 крас. лічыцца днём нац. жалобы. Выселеныя з Турцыі армяне аселі пераважна ў краінах Б. Усходу, Еўропы і Амерыкі. У ходзе барацьбы супраць рус. царызму і султанскага дэспатызму ў Арменіі ўзніклі розныя грамадска-паліт. плыні і партыі, найб. уплывовай была партыя «Дашнакцуцюн» (гл.«Дашнакі»). У час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі ў Арменіі пракацілася хваля забастовак. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 Часовы ўрад стварыў у Закаўказзі Асобы Закаўказскі камітэт. У вострай паліт. барацьбе з бальшавікамі ў ліст. 1917 да ўлады прыйшлі дашнакі. 28.5.1918 урад дашнакаў аб’явіў незалежнасць Арменіі. У вер. 1918 Турцыя акупіравала значную ч.тэр. Арменіі. Паводле Батумскага дагавора 1918 паміж Турцыяй і Грузіяй тэр., падуладная ўраду дашнакаў, абмяжоўвалася толькі Эрыванскім і Эчміядзінскім паветамі. Пасля паражэння герм. блоку ў 1-й сусв. вайне (ліст. 1918) у Закаўказзе ўступілі англа-амер. войскі. У вер. 1920 паміж Турцыяй і Арменіяй пачалася вайна, якая прынесла новыя пакуты арм. народу (у акупіраваных туркамі раёнах загінула каля 198 тыс.чал.). У ліст. 1920 у Арменіі адбылося ўзбр. паўстанне, падтрыманае Чырв. Арміяй. 29.11.1920 у Каравансараі ўтвораны Рэўком сав. Арменіі, які абвясціў Арменію сав.сацыяліст. рэспублікай. 2.12.1920 урад дашнакаў капітуляваў. 30.12.1922 Арменія разам з Азербайджанам і Грузіяй у складзе Закаўказскай Федэрацыі (ЗСФСР) увайшла ў СССР, з 5.12.1936 — як саюзная рэспубліка (Армянская ССР). У 1922 прынята першая Канстытуцыя Арм. ССР. Цяжар нявырашаных нац. праблем прывёў да абвастрэння адносін з суседзямі — у 1988 з-за тэр. прыналежнасці Нагорнага Карабаха паміж Арменіяй і Азейрбайджанам узнік канфлікт, які пазней набыў узбр. характар. Сац.-эканам. становішча абвастрылася пасля землетрасення ў снеж. 1988. На дапамогу арм. народу прыйшлі многія краіны, у т. л. Беларусь. На рэферэндуме ў вер. 1991 за незалежнасць Арменіі выказалася 99% яе насельніцтва. 25.9.1991 Вярх. Савет Арменіі прыняў «Дэкларацыю аб незалежнасці Арменіі». У кастр. 1991 прэзідэнтам краіны выбраны Л.Тэр-Петрасян. З 1991 Арменія — член СНД. У процівагу рашэнню Вярх. Савета Азербайджана аб скасаванні статуса Нагорна-Карабахскай аўт. вобласці Арменія прызнала акт абвяшчэння незалежнасці Нагорнага Карабаха. Паміж краінамі пачалася неаб’яўленая вайна. З 1992 вядуцца перагаворы па ўрэгуляванні азерб.-арм. канфлікту. Пасрэднікамі ў гэтым працэсе выступаюць Балтыйскі Савет, Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), дзейнічае Мінская група АБСЕ па Нагорным Карабаху.
Арменія — член буйных міжнар. арг-цый: ААН, АБСЕ і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1993.
Палітычныя партыі. Арм. агульнанац. рух, Ліберальна-дэмакр. партыя, Рэсп. партыя, Хрысціянска-дэмакр. партыя, «Дашнакцуцюн», Партыя нац. адраджэння, Саюз канстытуцыйнага права, Нацыяналістычная партыя Арменіі, Камуніст. партыя Арменіі і інш.
Ахова здароўя. У пач. 1992 на 10 тыс.ж. было 87 бальнічных ложкаў, 136 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 40 урачоў. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 18 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. У Арменіі ажыццяўляецца ўсеагульнае абавязковае сярэдняе навучанне. Створана сістэма вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі. У 1991 у Арменіі былі 1283 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (143 тыс. дзяцей). У 1991/92 навуч.г. працавалі 1374 дзённыя агульнаадук. школы (592 тыс. вучняў, 54 тыс. настаўнікаў), 69 сярэдніх спец.навуч. устаноў (40,6 тыс. навучэнцаў), 14 ВНУ (66,1 тыс. студэнтаў, больш за 5,3 тыс. выкладчыкаў). Найбольшыя ВНУ: Ерэванскі ун-т (з 1920); ін-ты — політэхн., пед., мед., с.-г., нар. гаспадаркі, маст.-тэатральны, кансерваторыя і інш. На 1.1.1990 у Арменіі 1,4 тыс. масавых б-к (21,8 млн. адзінак захавання), самыя вялікія б-кі: Дзяржаўная імя Мяснікяна, навук.б-каАН Арменіі; 50 музеяў, у т. л. гісторыі Арменіі, прыродазнаўства, геалагічны, карцінная галерэя; 1,3 тыс. клубных устаноў. Навук. даследаванні вядуцца ў навук. установах, н.-д. ін-тах Акадэміі навук Арменіі (у яе складзе 43 акад., 59 чл.-кар., 1989), праблемных лабараторыях і канструктарскіх бюро пры мін-вах і ВНУ.
Друк, радыё, тэлебачанне. Найбуйнейшыя газеты: «Екір» («Краіна»), «Азг» («Нацыя»), «Голос Армении», «Республика Армения», «Эпоха». Нац.інфарм. агенцтва Армянпрэс (з 1920). Радыёвяшчанне з 1926 на арм., рус., азерб. і курдскай мовах. Ерэванскі радыёцэнтр перадае спец. праграму для армян, што жывуць за межамі краіны. З 1956 працуе Ерэванскі тэлецэнтр.
Літаратура. Найстаражытныя помнікі арм. культуры захоўваюць звесткі пра жыццё і барацьбу арм. плямёнаў дагіст. перыяду. Паданні і легенды («Нараджэнне Ваагна», «Гайк і Бел», «Ара Цудоўны і Шамірам», «Тыгран і Аждаан» і інш.) расказваюць пра барацьбу армян за незалежнасць і дзяржаўнасць, паказваюць зараджэнне этнічнай самасвядомасці, пошукі ў філас. асэнсаванні жыцця прыроды і Сусвету. Помнікам сусв. культуры з’яўляецца гераічны эпас 9 ст.«Сасунцы Давід».
Арм. пісьменства пачыналася з клінапісных надпісаў (1-е тыс. да н.э.). У перыяд росквіту ў Арменіі эліністычнай культуры існавалі летапісы, кнігі малітваў, паэт. і драматург. творы. Помнікі язычніцкай л-ры не захаваліся, яны знішчаны пасля прыняцця хрысціянства. Развіццю арыгінальнай і перакладной л-ры (жыційнай, царк., гіст., філас.) садзейнічалі вучоны-асветнік Месроп Маштоц, гісторыкі Агатангелос, Карун, Паўстас Бузанд, Егішэ, Маўсес Харэнацы і інш. У часы арабскага нашэсця і візант. экспансіі (7—9 ст.) пераважала царк.л-ра, асабліва духоўныя песні (шараканы), царк.-паліт. публіцыстыка, развіваліся гістарыяграфія (Маўсес Каланкатаўцы, Себеос, Іаан Маміканян і інш), паэзія (Камітас, Даўтак Кертох). Аднаўленне дзяржаўнасці Арменіі (886) спрыяла адраджэнню л-ры. У паэзію пранікаюць свецкія матывы (Грыгор Нарэкацы). З пісьменнікаў 12 ст. вылучаюцца Нерсес Шнаралі і Мхітар Гош, з прадстаўнікоў гуманіст. паэзіі — Фрык, Канстанцін Ерзнкацы (13 ст.), Наапет Кучак, Вардан Айгекцы і інш. Пасля нашэсця мангола-татараў (14 ст.) і падзелу Арменіі паміж Турцыяй і Персіяй настаў змрочны перыяд у культуры краіны. Некаторы яе ўздым адбыўся толькі на пач. 17 ст. Адраджэнне стараж.арм. цывілізацыі, традыцый мовы і л-ры былі гал. мэтай літ. руху «абнаўлення». Важную ролю ў ім адыгрывалі культ. цэнтры арм. калоній у Венецыі, Мадрыдзе, Калькуце, Канстанцінопалі і інш. Развіваюцца публіцыстыка (Аўсеп Эмін, Шаамір Шааміран, Маўсес Баграмян), паэзія (Нагаш Аўнатан, Петрас Капанцы, Багдасар Дпір, Саят-Нава і інш.). У 18 ст. ў арм. л-ры зараджаецца класіцызм (А.Ванандэці, П.Мінасян, А.Багратуні, Э.Гюрмюзян), у 1830—40-я г. адбываўся пераход да рамантызму. Уздым асветніцтва стварыў перадумовы для абнаўлення формы і зместу л-ры. Стараж.арм. мова (грабар) саступае месца нар.літ. мове (ашхарабару). Прадстаўнікі новага літ. руху — А.Аламдаран, М.Тагіядзян, Х.Абавян, Г.Алішан і інш. У 2-й пал. 19 ст. развіваюцца грамадская думка і л-ра. У фарміраванні нац. ідэалогіі важная роля належала перыяд. выданням «Юсісапайл» («Паўночнае ззянне»), «Мегу» («Пчала»), «Мегу Айастані» («Пчала Арменіі»), «Мшак» («Працаўнік»), «Мурч» («Молат») і інш.Л-ра вызначаецца жанравай і стылёвай разнастайнасцю, шматграннасцю ахопу сац.-бытавых і нац. праблем. У паэзіі вядучае месца займае грамадз. лірыка (М.Пешыкташлян, Р.Патканян, М.Налбандзян, П.Дуран), развіваюцца гіст.-рамант. драма (Дуран, Пешыкташлян), сац.-бытавая камедыя (Г.Сундукян). Вядучы жанр л-ры 1870—90-х г. проза. На змену сінкрэтычнаму тыпу «нацыянальнага рамана» прыходзіць маналагічны раман: гістарычны (Цэрэнц, Г.Мурацан, Рафі), сацыяльны (П.Прашан, Г.Агаян, Ц.Камсаракан, А.Шырванзадэ), палітычны (Рафі), псіхалагічны (Мурацан, Нар-Дос) і інш. Дасягненнем маст. прозы сталі сатыра (А.Паранян), навелістыка (Р.Захраб). У 1880—90-я г. вядучым кірункам становіцца крытычны рэалізм, выступае «другое пакаленне» новай арм. паэзіі (І.Іаанісян, А.Туманян, К.Ісаакян). На пач. 20 ст. побач з рэалізмам існуе мадэрнісцкі кірунак з элементамі натуралізму, сімвалізму, неарамантызму. Эстэт. і філас. канцэпцыя адлюстравання рэчаіснасці выявілася ў гіст.-філас. драмах (Л.Шант), прозе (Э.Ацян, Ерухан, В.Папазян), паэзіі (Сіяманта, В.Тэр’ян, Д.Варужан). У 1920-я г. узнік шэраг літ. груповак і арг-цый. У 1927 створаны Саюз пралетарскіх пісьменнікаў, у 1934 — СП Арменіі. Сац. і ідэалаг. перамены ў жыцці, паказ новага і старога грамадства — галоўныя тэмы творчасці Е.Чарэнца, Д.Дэмірчана, С.Зарана, Н.Зарана, Г.Маары і інш. У л-ры 1950-х г. (А.Шыраз, А.Сагіян, Г.Эмін, С.Капуцікян, Р.Аванесян, Х.Даштэнц, С.Хандзадзян і інш.) падзеі 2-й сусв. вайны, змены ў грамадскім і сац. жыцці.
У 1960—70-я г. пашыраецца тэматычны і жанравы дыяпазон л-ры, скіраванай на абнаўленне выяўл. сродкаў, паглыбленне сац.-псіхал. аналізу з’яў і працэсаў, расце цікавасць да гіст. лёсу арм. народа і яго этнічнай самабытнасці (Г.Матэвасян, А.Айвазян, В.Петрасян, Р.Даваян, А.Грыгаран і інш.). У 1980-я г. ў л-ру прыйшлі В.Мугнецян, Л.Хечаян, В.Акапян і інш. Асобнае месца ў сучаснай арм. л-ры займае л-рат.зв. спюрка, створаная армянамі, што жывуць у іншых краінах свету (А.Ашакян, Амстэг, Г.Шахнур, М.Ішхан, Захрат, А.Карапенц).
Архітэктура. Найб. старажытныя паселішчы на тэр. Арменіі адносяцца да энеаліту. Высокай культурай адметныя збудаванні дзяржавы Урарту (9—6 ст. да н.э.). З перыяду элінізму (канец 1-га тыс. да н.э.) захаваліся рэшткі гарадоў Арташата, Тыгранакерта, крэпасць Гарні. У раннефеад. перыяд узніклі невял. замкі-крэпасці (Ані, 5 ст; Амберд, 7—13 ст.), палацы (у Дзвіне, 4—5 ст.; Звартноцы, 7 ст.), хрысціянскія храмы (Эчміядзінскі сабор, 4—19 ст.; Ерэруйская, Тэкорская базілікі, 5 ст.; цэрквы ў Мастары, Рыпсімэ, Аручы, 7 ст.). Збудаванням 5—7 ст. характэрны кампактная кампазіцыя, гармонія прапорцый, лаканічнасць дэкору. У часы новага ўздыму дойлідства (пачынаючы з 9 ст.) пабудаваны крэпасці і замкі (Тыгніс, Бджні, Ахтамар (дойлід Мануэл), буйныя манастырскія комплексы (Татэў, Санаін, Ахпат, Гегард), гасцініцы, трапезныя, кнігасховішчы, караван-сараі, масты. Вялікі размах набыло горадабудаўніцтва ў г. Ані (кафедральны сабор, 989—1001, і храм Гагіка, дойлід Трдат), у 11—14 ст. — у Кілікійскім царстве (крэпасці, парты, палацы, манастыры, храмы, школы, шпіталі). З часу мангола-татарскага нашэсця буд-ва заняпала і толькі пад сярэдзіну 17 ст. аднавілася (манастырскія комплексы Мунгі, Хор-Вірак і інш.). Нар. жыллё — глхатун (прамавугольнае ў плане са ступеньчатым драўляным шатром) — будавалася да 20 ст. Пасля далучэння да Рас. імперыі, асабліва ў канцы 19 — пач. 20 ст., у гарадах будавалі 2—3-павярховыя шматкватэрныя дамы часцей галерэйнага тыпу, будынкі грамадскага прызначэння. З 1930-х г. пачалася комплексная забудова жылых кварталаў, распрацоўваліся аб’ёмна-планіровачныя кампазіцыі паўд.тыпу жылля (арх. К.Алабян, Г.Кочар, М.Мазманян і інш.). У творчасці А.Таманяна спалучаліся сучасныя і традыц.арх. формы (Дом урада, 1926—41; тэатр оперы і балета, 1926—53; абодва ў Ерэване). Выкарыстанне ў буд-ве ружовага і белага туфу надае своеасаблівы каларыт гарадам і пасёлкам Арменіі. У 1960—80-я г. пошукі архітэктараў накіраваны на стварэнне новых арх. формаў і сродкаў маст. выразнасці на аснове сучасных канструкцый, буд. і аддзелачных матэрыялаў. У Ерэване пабудаваны драмтэатр імя Г.Сундукяна (1966, арх. Р.Алавердзян), стадыён «Раздан» (1967—72, арх. К.Акапян, Г.Мушэгян), Дом моладзі (1979, арх. С.Хачыкян, А.Тарханян, Г.Пагасян, М.Закаран), музей сучаснага мастацтва Арменіі (1985, арх. Д.Тарасян, Г.Адамян), спарт.-канцэртны комплекс (1987, арх. Акапян, Мушэгян, Пагасян, Хачыкян; Дзярж. прэмія СССР 1987), аэрапорт «Звартноц» (каля Ерэвана, 1982, арх. Тарханян, Хачыкян, Л.Чаркезян, Ж.Шэхлян); мемарыял у памяць ахвяр генацыду армян 1915 (1965, арх. С.Калашан, Тарханян), манумент «Давід Сасунскі» (1959, скульптар Е.Качар), помнікі Е.Чарэнцу (1985, арх. Тарасян, скульптар М.Нікагасян), М.Сар’яну (1986, арх. Тарханян, скульптар Л.Такмаджан); Ерэванскі метрапалітэн (1981). Арх.-праектныя ін-ты распрацоўваюць планы забудовы нас. месцаў, што пацярпелі ад землетрасення ў снеж. 1988. Архітэктараў у Арменіі рыхтуе буд.ф-т Ерэванскага політэхн. ін-та. У 1933 засн. Саюз архітэктараў Арменіі.
Выяўленчае мастацтва. На тэр. Арменіі знойдзены наскальныя выявы 6-га тыс. да н.э., энеалітычная чарнаглянцавая кераміка з геам. узорам, маст. вырабы з металу і чырвонагліняная кераміка з чорнай размалёўкай (2-е тыс. да н.э.), вялізныя каменныя рыбы (вішапы). Рэшткі насценных размалёвак, ювелірныя вырабы адкрыты ва урарцкіх крэпасцях Эрэбуні і Тэйшэбаіні. Ад эпохі элінізму захаваліся сярэбраныя чашы і рытоны. Мазаікай і размалёўкай упрыгожаны сярэдневяковыя храмы ў Арусы, Таліне, Лмбаце (7 ст.), Татаеве на Ахтамары (10 ст.), Ахтале і Ані (12—13 ст.). Ранняя сярэдневяковая скульптура прадстаўлена стэламі 4—5 ст. з разнымі выявамі. З 9 ст. вядомы стэлы з выявамі крыжа ў арнаментальным абрамленні. З 10 ст.асн. відам выяўл. мастацтва стала кніжная мініяцюра (Т.Рослін, С.Піцак). У сярэдзіне 17 ст. з’явіўся станковы партрэт (А.Мркуз, М.Заграбян, Б.Салтанаў, сем’і Богушаў, Манасе), адзначаны ўплывам прыёмаў зах.-еўрап.рэаліст. жывапісу. Асобнае месца займаюць 6 пакаленняў мастакоў Аўнатанянаў (канец 17—19 ст.), у творчасці якіх фарміраваўся свецкі рэаліст. кірунак. У 19 ст.арм. жывапіс узбагаціўся гіст. і быт. жанрамі (А.Аўнатанян, С.Нерсісян, Г.Башынджагян, В.Сурэнянц). За межамі Арменіі працавалі скульптары А.Тэр-Мерукян, А.Гюрджан, графік Э.Шаін. У фарміраванні арм.маст. школы ў 1920-я г.вял. ролю адыграла творчасць М.Сар’яна, С.Агаджаняна, Е.Татэвасяна, Г.Гюрджана, Ф.Тэрлемезяна і інш. Тэматычныя карціны стваралі С.Аракелян, А.Каджан, А.Бажбеук-Мелікян, нацюрморты — Г.Грыгаран. Развівалася манум. і станковая скульптура (А.Сарксян, С.Сцепанян, А.Урарту), станковая і кніжная графіка (Каджаан, Т.Хачванкян), тэатр.-дэкарац. мастацтва (Г.Якулаў, М.Арутчан, Сар’ян і інш.). У 1940—50-я г. наглядалася развіццё сюжэтнай карціны, пейзажа, нацюрморта (М.Абегян, М.Асламазян, М.Зардаран, Л.Бажбеук-Мелікян, С.Мурудзян, Г.Ханджан, В.Айвазян), скульптуры (Е.Качар, Н.Нікагасян, С.Багдасаран, Г.Чубаран і інш.). Сучасныя жывапісцы і графікі імкнуцца да аналіт. вывучэння аб’екта, асэнсавання гісторыі і нар. паданняў (А.Акапян, Р.Адалян, М.Петрасян, А.Укапян, А.Хачыкян, Р.Хачатран, Г. і Р.Элебікяны і інш.). У галіне тэатр. жывапісу працуюць А.Мірзаян, С.Арутчан; у дэкар.-прыкладным мастацтве — керамісты П.Сіманян, Р.Швердзян, А.Бдзеян і інш. Мастакоў у Арменіі рыхтуюць Мастацка-тэатр.ін-т і маст. вучылішча імя Ф.Тэрмелезяна ў Ерэване. У 1932 засн. Саюз мастакоў Арменіі.
Музыка. У 2-м тыс. да н.э. на тэр. Арменіі ва ўзаемадзеянні з муз. культурамі Пярэдняй і М.Азіі фарміравалася своеасаблівая муз.-паэт. традыцыя, у аснове якой строгая манадыйнасць (з элементамі поліфаніі) і складаная сістэма метрарытму. Сярод жанраў сял. фальклору стараж. абрадавыя, працоўныя, гульнёвыя, лірычныя, эпічныя, каляндарныя і пахавальныя песні, песні вандроўнікаў (пандухтаў). Фарміраванне арм. эпасу (6—4 ст. да н.э.) звязана з творчасцю спевакоў-казачнікаў (віпасанаў) і прафес. паэтаў, спевакоў і акцёраў (гусанаў); гэтая традыцыя прадоўжана ў творчасці ашугаў (Саят-Нава, 18 ст.; Шырын, Джывані, 19—20 ст.). Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковыя — кемані, кеманча; струнна-плектарныя — саз, тар, уд; струнна-шчыпковыя — кнар, тавіг, канон, пандырн; духавыя — срынг, дудук, зурна; ударныя — даол тмбук, нагара; струнна-ўдарныя — сантур (разнавіднасць цымбалаў) і інш.Прафес.муз. культура Арменіі напачатку была звязана з царк. пеўчай традыцыяй; з 4 ст.н.э. пашыраны псалмы, духоўныя гімны і шараканы, пазней — стэгі, зартугі, з 10 ст. — гандзы, духоўныя і свецкія тагі — разгорнутыя вакальна-інстр. лірыка-эпічныя кампазіцыі (Грыгор Нарэкацы, 10 ст.; Нерш Шнаралі, 12 ст.; Хачатур Кечарэцы, 14 ст.). Значны ўклад у арм. музыку сярэднявечча зрабілі музыканты і тэарэтыкі Саак Партэў, Давід Керакан (5—6 ст.), Камітас, Ананій Шыракацы, Барыг Чон (7 ст.), Сцепанос Сюнецы 2-і (8 ст.), Акоп Хрымецы (15 ст.). Да 15 ст. асновай натацыі арм.прафес. музыкі былі своеасаблівыя неўмы (хазы), якія ў 19 ст. заменены новай натацыяй. У 19 ст. пачалося актыўнае развіццё муз. адукацыі, збіранне і апрацоўка нар. песень (Х.Кара-Мурза, Н.Тыгранян), стварэнне муз.нар. і прафес. калектываў, асваенне жанраў оперы, аперэты, камерна-інстр. музыкі, раманса (Т.Чухаджан, Г.Еранян, Г.Карганаў). Асновы арм.нац.муз. стылю залажыў Камітас. На пач. 20 ст. напісаны творы, якія сталі нац.муз. класікай — сімф. карціна «Тры пальмы» (1905), сюіты «Крымскія эскізы» (1903, 1912) А.Спендыярава, опера «Ануш» (1912) А.Тыграняна, камерна-інстр. творы А.Тэр-Гевандзяна, С.Бархударана, вак. творы Р.Малікяна і інш. У 1933 створаны Саюз кампазітараў Арменіі. Кампазітарскую школу ўзначаліў А.Хачатуран. Сімф. музыка прадстаўлена творамі Хачатурана, А.Сцепаняна, Г.Егіязарана, у оперным і балетным жанрах працавалі Спендыяраў (опера «Алмаст», 1928), Хачатуран (балеты «Гаянэ», 1942; «Спартак», 1956), Б.Баласанян, Егіязаран, Сцепанян, у жанры аперэты — А.Айвазян, А.Далуханян, В.Катаян і інш. У 1960—80-я г. вылучыліся С.Агаджанян, А.Аруцюнян, С.Бабаджанян, З.Аганесян, Р.Саркісян і інш. Сярод выканаўцаў: дырыжоры М.Таўрызіян, К.Арбелян; спевакі Т.Гаспаран, Н.Аванісян, П.Лісіцыян, З.Далуханава; піяністы Ю.Айрапецян, С.Навасардзян; скрыпачы І.Налбандзян, Р.Агаранян, А.Габрыэлян, Э.Тэтэвасян; віяланчэлісты М.Абрамян, С.Асламазян, Г.Адамян, Г.Таталян і інш. У Арменіі працуюць (1995): Т-р оперы і балета імя Спендыярава, Т-рмуз. камедыі, Дзіцячы муз.т-р, Хар. капэла, Дзярж.сімф. аркестр, сімф. аркестр. Дзяржтэлерадыё, Ансамбль нар. інструментаў, Ерэванскі камерны аркестр, струнны квартэт імя Камітаса; эстрадны аркестр, хор Харавога т-ва Арменіі, Ансамбль нар. песні і танца, Ансамбль нар. танца, Камерны хор Дзяржтэлерадыё; кансерваторыя (1923), Цэнтр.муз. школа, 5 муз. вучылішчаў, больш за 100 муз. школ і інш.
Тэатр. Зараджэнне тэатр. мастацтва ў Арменіі звязана з нар. святамі, стараж. культамі, рытуальнымі абрадамі. Пачаткам прафес.т-ра лічыцца 53 да н.э., калі ў сталіцы Арменіі Арташаце была паказана трагедыя Еўрыпіда «Вакханкі» (т-р створаны царом Артаваздам II). У стараж. т-рах Арменіі ставілі трагедыі грэч. і арм. драматургаў (выконвалі акцёры дзайнарку-гусаны і вохбергу-гусаны), камедыі і бытавыя драмы (катака-гусаны і катакергані), была пашырана пантаміма (актрысы-пантамімісткі вардзакі). У сярэднія вякі спектаклі паказвалі ў амфітэатрах (на ўзор антычных). Існаваў і сатыр. вулічны т-р гусанаў-мімосаў, цахрацу. На аснове літургічнай драмы створаны хрысц. містэрыяльны т-р. З 1668 да сярэдзіны 19 ст. існаваў школьны т-р (царкоўны і свецкі). У 18 ст. у арм. калоніях узнік новы арм. т-р. У 1836 Г.Шэрмазанян стварыў у Тыфлісе «Шэрмазанян тэатр». У 1810 у Канстанцінопалі (культ. цэнтры зах. армян) адбыліся першыя арм. спектаклі. У 1846—66 тут існаваў прафес.т-р «Армян татрон», у 1850-я г. дзейнічалі аматарскія арм. трупы. У 1856 М.Пешыкташлян заснаваў арм.нац. т-р. Пастаянныя прафес. т-ры існавалі ў Канстанцінопалі (1861), Тыфлісе (1863, пад кіраўніцтвам Г.Чмшкяна), Эрывані (1873). Сцвярджэнне рэалізму ў арм. т-ры звязана з драматургіяй Г.Сундукяна і А.Параняна, пазней — А.Шырванзадэ, дзейнасцю акцёра і рэжысёра Чмшкяна, трагіка П.Адамяна. На пач. 20 ст.арм.нар. т-ры існавалі ў Тыфлісе, Баку, Эрывані. У 1921 створаны 1-ы Дзярж.т-р Арменіі ў Ерэване (з 1937 імя Сундукяна). У 1920—30-я г. ўзніклі дзярж.арм. т-ры ў інш. гарадах. У іх рэпертуары творы арм. драматургіі, рус. і зах.-еўрап. класікі; асаблівае месца займалі п’есы У.Шэкспіра. Вядомыя дзеячы тэатр. мастацтва Арменіі: акцёры А.Авецісян, Г.Джанібекян, В.Гулазян, Д.Малян, Р.Нерсесян, В.Папазян, В.Вагаршан, Т.Сар’ян; рэжысёры В.Аджэмян, А.Бурджалян. У арм. т-рах пастаўлены бел. п’есы: «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча, «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка.
Кіно. Першыя хранікальныя кіназдымкі ў Арменіі зроблены ў 1907. У 1923 створана кінастудыя «Дзяржкіно» (з 1957 «Арменфільм» імя А.Бек-Назарава). Першы дакумент. фільм — «Савецкая Арменія» (1924). Станаўленне маст. кіно звязана з дзейнасцю рэж. Бек-Назарава, які паставіў першы арм.маст. фільм «Намус» (1925). Найб. значныя фільмы нямога кіно: «Зарэ», «Злы дух», «Дом на вулкане», «Кікос», «Гікор». У 1930-я г. зняты фільмы «Пэпо», «Каро», «Зангезаур», «Храбры Назар», «Давід-Бек», першыя мультыплікацыйныя фільмы. Вытворчасць фільмаў павялічылася ў 1950-я г. У 1959 у Ерэване створана студыя хранікальных, дакумент. і навук.-папулярных фільмаў. У развіцці кінамастацтва Арменіі значную ролю адыгралі рэжысёры Бек-Назараў, П.Бархударан, А.Марцірасян, А.Ай-Арцян, С.Кеворкаў, Э.Карамян, С.Параджанаў, акцёры Х.Абрамян, А.Джыгарханян, Г.Тонунц, М.Мкртчан і інш. У 1958 заснаваны Саюз кінематаграфістаў Арменіі.
Літ.:
Абегян М. История древнеармянской литературы. Ереван, 1975;
Налбандян В., Саринян С., Агабабян С. Армянская литература. М., 1976;
Токарский Н.М. По страницам истории армянской архитектуры. Ереван, 1973;
Мнацакян С.Х., Оганесян К.Л., Саинян А.А. Очерки по истории архитектуры Древней и Средневековой Армении. Ереван, 1978;
Григорян А. Современная архитектура Армении. Ереван, 1983;
Дурново Л.А. Очерки изобразительного искусства Средневековой Армении. М., 1979;
Очерки по истории армянского изобразительного искусства. Ереван, 1979;
Музыка советской Армении: Сб. ст. [М., 1960];
Музыкальная культура Армянской ССР: Сб. ст.М., 1985.
Герб і сцяг Арменіі.Да арт.Арменія. Шыкахохскі запаведнік.Да арт.Арменія. Горны пейзаж каля Ерэвана.Да арт.Арменія. Цясніна ракі Раздан.Да арт.Арменія. Астрафізічная абсерваторыя каля Ерэвана.Да арт.Арменія. Кафедральны сабор у Ані. Арх. Трдат. 989-1001.Да арт.Арменія. Манумент «Давід Сасунскі» ў Ерэване.Да арт.Арменія. Рэльеф на фасадзе царквы Крыжа на востраве Ахтамар. 915—921.Да арт.Арменія. Званіца Эчміядзінскага кафедральнага сабора. 1653—58.Да арт.Арменія. Палац моладзі ў Ерэване. 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СЫ,
нацыя, асноўнае насельніцтва Беларусі. Складае 7904 тыс.чал. (перапіс 1989), 77,4% насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Значная частка беларусаў жыве па-за межамі Беларусі, у т. л. ў Расіі 1052 тыс. (1989), на Украіне 406 тыс., у Польшчы больш за 200 тыс., Казахстане 182 тыс., Латвіі 112 тыс., Літве 58 тыс., Эстоніі 23 тыс.чал.; у краінах Зах. Еўропы, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш., паводле розных ацэнак, жыве ад 300 тыс. да 2 млн. беларусаў (гл.Дыяспара беларуская). Гавораць на беларускай мове, якая адносіцца да слав. групы індаеўрап. моўнай сям’і. Разам з рускімі і ўкраінцамі належаць да ўсх.славян. Антрапалагічны тып — сярэднееўрап. варыянт еўразійскай (еўрапеоіднай) расы. Тэрыторыя іх кампактнага рассялення ў межах Беларусі займае 207,6 тыс.км² і ахоплівае басейны верхняга Дняпра, Сажа, Зах. Дзвіны, Нёмана, Прыпяці і часткова Зах. Буга.
Археалагічныя даследаванні сведчаць, што ўжо ў 5—8 ст.тэр. Беларусі насялялі слав. плямёны, з якімі генетычна звязаны саюзаплемянныя і раннефеад. этнапалітычныя супольнасці 9—10 ст. — крывічы, дрыгавічы, радзімічы, часткова валыняне, драўляне і севяране. Працэс іх рассялення на Беларусі суправаджаўся міжэтнічнымі кантактамі з мясц. балцкімі плямёнамі (гл.Балты), якія ў асноўным былі асіміляваны, а часткова (у зах. абласцях) склалі змешаныя балта-слав. групы. У межах Кіеўскай Русі (канец 9 — пач. 11 ст.) пачалі складвацца феад. адносіны, узнікаць класы, гарады, фарміравацца стараж.руская народнасць, прынята хрысціянства. З 10 ст. землі Беларусі ўваходзілі ў склад Полацкага, Тураўскага, часткова Смаленскага, Чарнігаўскага княстваў; да 12 ст. з іх вылучыліся Пінскае, Мінскае, Друцкае, Заслаўскае, Навагрудскае і інш. княствы.
Фарміраванне і развіццё беларускай народнасці. У 13—14 ст. землі і княствы Беларусі ўвайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Полацкая, Новагародская, Віцебская землі, а таксама Слуцкае, Кобрынскае, Мсціслаўскае і інш. княствы мелі ў ВКЛ пэўную сац.-эканам. і юрыдычна-прававую аўтаномію. У складзе адзінай дзяржавы спыніўся працэс іх феад. драблення, што садзейнічала стварэнню агульнай этнічнай тэрыторыі беларусаў. Сацыяльна-эканам., паліт., дэмаграфічныя і этнакультурныя фактары абумовілі пашырэнне этнасацыяльных сувязей паміж рознымі тэрытарыяльнымі часткамі Беларусі і ўнутрыэтнічную кансалідацыю. На працягу 15—16 ст. у ВКЛ павялічылася колькасць гарадоў і мястэчак, узмацніліся гандл. сувязі паміж імі, вырасла доля гандл.-рамесніцкага насельніцтва, павысілася таварнасць і прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі, праведзены адм.-тэр. і аграрна-гасп. рэформы; кадыфікацыя і уніфікацыя дзярж.юрыд. нормаў завяршылася складаннем Статутаў Вял. княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588. Пасля аб’яднання з Польшчай у федэратыўную дзяржаву Рэч ПаспалітуюВКЛ захоўвала паліт. аўтаномію, свой урад, юрыд. правы, войска, фінансы і інш., што ў пэўнай меры стрымлівала польскі ўплыў на бел. і літ. народы. Аднак з таго часу ўзмацніліся працэсы паланізацыі і акаталічвання. Для бел. сялянства і гараджан асн. каштоўнасцю была этнагенетычная спадчына, якая аб’ядноўвала розныя тэрытарыяльныя групы беларусаў на аснове агульнасці іх гіст. лёсу, культуры, мовы, рэлігіі. Значную ролю адыгрывалі фактар кампактнага рассялення беларусаў і іх дэмаграфічнае становішча (бел. землі складалі большасць тэр.ВКЛ, а насельніцтва — асн. этнічны масіў). Беларусы складалі значную частку насельніцтва і ў гарадах этнічнай Літвы — Троках, Коўне, сталіцы ВКЛ Вільні. Дамінуючае дэмаграфічнае становішча беларусаў у межах ВКЛ і высокі ўзровень развіцця іх культуры вызначылі поліэтнічны характар пашырэння іх мовы. Старабел. мова («руськая») была афіцыйнай дзярж. мовай ВКЛ, сродкам зносін паміж усх.-слав. насельніцтвам і літоўцамі-аўкштайтамі, жмудзінамі, латгаламі і больш дробнымі этнічнымі групамі (татары, яўрэі, цыганы, караімы і інш).
У перыяд складвання бел. народнасці этнакансалідуючую функцыю адыгрываў і канфесіянальны фактар. Большасць усх.-слав. насельніцтва ВКЛ да 16 ст. вызнавала праваслаўе. Гэтага веравызнання трымалася таксама частка насельніцтва этнічнай Літвы і Жмудзі. Пасля дынастычнага саюзу ВКЛ і Польшчы (гл.Крэўская унія 1385) на землях Літвы і Беларусі пачало пашырацца каталіцтва, у 16 ст. ў сувязі з еўрап. рэфармацыйным рухам — пратэстантызм (лютэранства, кальвінізм і інш.), а пасля Брэсцкай уніі 1596 — уніяцтва. Праваслаўныя цэрквы Беларусі, Украіны і Літвы, пераведзеныя ва уніяцтва, трапілі пад духоўную ўладу рымскага пантыфікату і ўспрынялі асн. догматы каталіцызму. Наступ каталіцтва і уніяцтва выклікаў у большасці правасл. насельніцтва незадаволенасць і пратэст. Найб. глыбока паланізацыя пранікла ў самасвядомасць, матэрыяльную і духоўную культуру пануючых класаў Беларусі. У 17 ст. большая палова бел. шляхты спавядала каталіцкую ці уніяцкую веру, карысталася польскай мовай, прытрымлівалася агульнасаслоўных стэрэатыпаў ладу жыцця і паводзін (напр., панібрацтва). Усе этнастваральныя фактары, што садзейнічалі складванню бел. народнасці ў 14—16 ст., у цэлым мелі аб’яднальную тэндэнцыю. Жыхары абшчыны сваю супольнасць звычайна вызначалі агульным сельскім ці валасным этніконам, які паходзіў ад назвы сяла ці цэнтра воласці. У межах паветаў, княстваў, зямель, ваяводстваў насельніцтва аб’ядноўвалася вакол гарадоў і мястэчак у т.зв.зямляцтвы (напр., мазыране, палачане, мсціслаўцы, случане і інш.). Зямляцкія этнонімы былі ўстойлівыя і ў самой Беларусі, і за яе межамі. У 14—16 ст. значна пабольшала роля працэсаў этнагенетычнай кансалідацыі і агульнадзярж. інтэграцыі. Пра гэта сведчыць пашырэнне этнонімаў «русіны» і «літвіны». Руссю (рус. землямі) у той час называлі ўсх. і цэнтр.тэр. Беларусі. Кампактны арэал назвы «літвіны» бытаваў пераважна ў раёнах Вілейкі, Смаргоні, Ашмян, Крэва, Маладзечна, Ліды і інш. (т.зв. Павілейская Літва). Але ў 16—17 ст. «Літвой» і «літвінамі» называлі ўсё насельніцтва ВКЛ. Канкрэтна беларусаў называлі «літвіны рускага роду», «літвіны рускай веры», «літвіны-беларусцы», «літоўскія беларусы», што адлюстравана і ў гіст. дакументах (напр., бел. першадрукар і асветнік Ф.Скарына называў сябе палачанінам, русінам і літвінам).
Розныя ўзроўні працэсаў этнічнага формаўтварэння, саслоўна-класавая і канфесіянальная дыферэнцыяцыя адбіліся на складванні бел. народнасці, на разнастайнасці формаў і элементаў яе культуры і побыту. Асаблівасцю гарадоў і мястэчак Беларусі быў іх хуткі рост. У канцы 16 ст. іх было больш за 300, а іх жыхары складалі каля 16—20% насельніцтва. Многія з іх мелі магдэбургскае права. Павялічвалася маёмаснае, прававое і саслоўнае размежаванне іх насельніцтва. Да асобных катэгорый належалі духавенства і арыстакратыя. Іншаэтнічнае насельніцтва часта не ўваходзіла ў катэгорыю мяшчан, а аб’ядноўвалася ў свае абшчыны з асобнымі правамі і прывілеямі.
Асн. масу насельніцтва Беларусі 14—16 ст. складалі сяляне. Яны падзяляліся на дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх. У выніку аграрнай рэформы — валочнай памеры, праведзенай у ВКЛ у 16 ст., саслоўна-сац. і гасп.-эканам. арганізацыя сялянства змянілася і стала складацца з трох асн. катэгорый: слугі, асадныя сяляне і цяглыя сяляне.
Асн. збожжавай культурай было жыта; сеялі таксама авёс, ячмень, проса, пшаніцу і інш. Былі пашыраны агародныя і садовыя культуры. З землеапрацоўчых прылад пераважала саха для парнай запрэжкі. Пры ляднай (падсечна-агнявой) сістэме апрацоўкі зямлі сяляне карысталіся матыкамі, баронамі, сукаваткамі, смыкамі. Збожжавыя культуры сеялі ўручную з сявенькі-лубянкі, жалі сярпом, малацілі цапамі, веялі зерне веялкай-шуфлікам, малолі на муку або абдзіралі на крупы. Павелічэнне плошчы ворных зямель суправаджалася ўзнікненнем новых пасяленняў. Іх памеры, характар узнікнення і інш. асаблівасці адлюстраваліся і ў назвах-вызначэннях. Побач з вядомымі са старажытнасці назвамі сяло, сяльцо, весь, вёска, пагост з 15 ст. пачалі сустракацца слабада. воля, вольта, засценак, селішча. Асн. тыпам планіроўкі новых пасяленняў быў вулічны, што адпавядаў дзярж. плану забудовы. Існавала таксама бессістэмная, або кучавая, забудова. Асноўным тыпам жылля была зрубная хата з двума памяшканнямі (хата + сенцы). Вядома і трохкамернае жыллё (святліца + сенцы + жылое або гасп. памяшканне). Дах накрывалі саломай, дранкай, гонтай. Печы рабілі з комінам або без яго (курная хата). Вокны былі невялікія, іх закрывалі засаўкай, бычыным пухіром, прамасленай паперай, зрэдку шклом. Жылыя дамы заможнай шляхты былі значна большыя, шматкамерныя, часам двухпавярховыя.
Пэўныя асаблівасці мела архітэктура гарадоў і мястэчак, якія паступова набывалі урбанізаваны тып, набліжаны да зах.-еўрапейскіх традыцый горадабудаўніцтва. У іх павялічвалася колькасць мураваных пабудоў (найбольш у зах. абласцях). Мураванымі былі пераважна абарончыя (замкі, крэпасці) і культавыя (цэрквы, касцёлы), радзей жылыя, бытавыя і адм. пабудовы.
Да 16 ст. адносіцца з’яўленне пэўных відаў адзення, якія пазней ўвайшлі ў традыц.бел.нар. касцюм. Асновай жаночага і мужчынскага касцюма заставалася кашуля (сарочка). Мужчынскі гарнітур дапаўняўся паясным (штаны, споднікі), плечавым (кафтан) і верхнім (кажух, армяк, даламан) адзеннем. У жаночы гарнітур уваходзіла плечавое і паясное адзенне (андарак, панёва, фартух, летнік, спадніца), розныя галаўныя ўборы (хустка, рантух, плахта, каптур, чапец, магерка, капялюш), а таксама паясы, кашалькі, упрыгожанні. З даўніх часоў на Беларусі бытаваў скураны абутак. Для сял. асяроддзя характэрнымі былі і лапці, пашытыя са скуры або сплеценыя з лыка.
Аснову харч. рацыёну насельніцтва 14—16 ст. складалі прадукты земляробства, агародніцтва, жывёлагадоўлі. Дадатковымі крыніцамі былі паляўніцтва, рыбалоўства, бортніцтва. З напіткаў спажывалі мёд, квас, піва і інш. (гл. таксама Беларускія народныя стравы).
Фальклор беларусаў перыяду фарміравання народнасці меў тыя самыя жанры і элементы, што і ў папярэднія стагоддзі: песні, магічныя заклінанні, звязаныя з язычніцкай абраднасцю, галашэнні, быліны, казкі, легенды, загадкі. Узнік і новы эпічны жанр — гіст. песні і паданні, гал. тэмай якіх была барацьба народа з іншаземнымі захопнікамі, а таксама з уласнымі прыгнятальнікамі. Шырока бытавалі лірычныя песні. Зліццём язычніцкіх і хрысц. элементаў характарызаваліся многія абрады і звычаі, звязаныя з каляндарна-аграрнымі святамі і сямейна-бытавой абраднасцю. Гл. таксама Народная паэтычная творчасць.
Традыцыі перадаваліся ў спадчыну з пакалення ў пакаленне ў рамках сям’і. Тагачасныя сем’і падзяляліся на малыя (шлюбная пара і іх дзеці) і вялікія (бацькоўскія і брацкія родзічы 2—3 пакаленняў, сваякі, якія мелі агульную маёмасць, вялі сумесную гаспадарку і лічыліся адным «дымам»). Распараджальнікам і галавой сям’і быў бацька, а ў выпадку яго смерці — маці (пры адсутнасці дарослага сына). Сямейна-бытавыя адносіны рэгламентаваліся звычаёвым правам і дзярж. сямейным правам.
Са стараж. часоў на Беларусі былі вядомы школы. Яны існавалі пераважна пры манастырах і цэрквах, з 16 ст. — пры брацтвах (гл.Брацкія школы). Пры ордэнах езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў існавалі калегіумы. Адукацыя гар. насельніцтва была звязана з агульнаеўрап. традыцыямі. Разам з тым духоўная культура і грамадская думка беларусаў у 14—16 ст. мелі свае асаблівасці. У той час узнікала бел.-літоўскае летапісанне (гл.«Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», Хроніка Быхаўца). Вяршыняй тагачаснай бел. культуры стала гуманістычная дзейнасць Ф.Скарыны, які ў перакладзе на старабел. мову выдаў Біблію (Прага, 1517—19). Яго паслядоўнікі С.Будны, В.Цяпінскі і інш. былі актыўнымі дзеячамі бел.Рэфармацыі. З жыццём і побытам беларусаў знаёміў еўрап. чытача адзін з выдатных паэтаў эпохі Адраджэння М.Гусоўскі. Вострыя праблемы грамадска-паліт. жыцця ўзнімалі М.Сматрыцкі, Л.Карповіч, С.Зізаній, Афанасій Брэсцкі і інш. З 16 ст. вядомы школьны тэатр, папулярнымі ў народзе былі лялечны тэатр батлейка, бел. харавыя песні-гімны — канты і псалмы. Склалася адметная беларуская іканапісная школа, дасягнулі росквіту драўляная скульптура і разьба па дрэве, беларуская рэзь стала шырока вядома за межамі Беларусі. Узнікла своеасаблівая архітэктура: Мірскі, Навагрудскі, Лідскі, Крэўскі замкі, Мураванкаўская і Сынковіцкая цэрквы-крэпасці і інш.
Асн. вынікам дзейнасці комплексу сац.-эканам., паліт., этнічных працэсаў 14—16 ст. на Беларусі стала складванне самаст. этнасацыяльнай супольнасці феад.тыпу — бел. народнасці і яе асн. этнічных прыкмет — мовы, культуры, самасвядомасці.
Цяжкім і складаным у гісторыі беларусаў быў перыяд 17—18 ст. Шматлікія войны з суседзямі і паміж магнатамі прывялі да сац.-эканам. крызісу Рэчы Паспалітай, які скончыўся яе падзеламі (1772, 1793 і 1795) паміж суседнімі дзяржавамі. Абвастрэнне нац.-класавых, рэлігійных і інш. супярэчнасцей выклікалі ўздым вызв. войнаў і антыфеад. паўстанняў. У выніку войнаў, голаду і эпідэмій рэзка зменшылася колькасць насельніцтва, што негатыўна паўплывала на развіццё бел. народнасці. Бел. шляхта на працягу 17—18 ст. ў асноўнай масе была паланізавана. Сялянства, частка гараджан, ніжэйшага і сярэдняга духавенства, дробнай і часткова сярэдняй шляхты актыўна супраціўлялася паланізацыі, што забяспечвала этнаэвалюцыйнае развіццё бел. народа. Дыферэнцыяцыя бел. культуры на культуру нар. мас і пануючых саслоўяў набывала ярка выражаную этнічную накіраванасць, калі менавіта народ захоўваў традыцыйнасць этнавызначальных прыкмет этнасу.
У 17—18 ст. на ПнУ і У Беларусі, сумежных тэр. Смаленшчыны і Пскоўшчыны стабілізавалася назва Белая Русь, вядомая з 14 ст., паступова ў шырокі ўжытак увайшлі паняцці «беларускі край», «беларускія гарады», «беларуская мова», «беларуская вера» (уніяцтва). Канфесіянальны склад заставаўся стракатым. Падтрымка каралеўскім дваром і магнатамі каталіцкай царквы садзейнічала пашырэнню на Беларусі розных каталіцкіх ордэнаў (дамініканцаў, езуітаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў, кармелітаў і інш.), якія актыўна падтрымлівалі уніяцтва. Да канца 18 ст. католікі складалі каля 15%, уніяты 70%, праваслаўныя 6%, іудзеі 7%, пратэстанты і інш. 2% насельніцтва Беларусі. Палітыка акаталічвання і паланізацыі закранула і мову. У 1696 на канфедэрацыі Рэчы Паспалітай прынята рашэнне, паводле якога агульнадзярж. мовай абвяшчалася польская. Гэтыя і інш. неспрыяльныя сац.-паліт. фактары пагоршылі ўмовы развіцця духоўнай культуры бел. народа.
І.У.Чаквін.
Фарміраванне беларускай нацыі. Драматычныя падзеі апошняй трэці 18 ст. шмат у чым прадвызначылі далейшы лёс бел. этнасу. Устанаўленне паліт. улады рас. царызму садзейнічала захаванню і нават узмацненню феад. прыгону. Сельская гаспадарка Беларусі знаходзілася ў крызісным стане. За 1796—1858 насельніцтва Беларусі павялічылася на 27% і складала 3,3 млн.чал.Вял. страты панесла Беларусь у час Айчыннай вайны 1812. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя прыкметы нац. кансалідацыі. У Віленскім ун-це ў канцы 1810-х г. М.Баброўскі і І.Даніловіч паклалі пачатак збіранню і публікацыі помнікаў бел. пісьменства 16—17 ст., садзейнічалі абуджэнню цікавасці да гіст. мінулага сярод студэнтаў — сяброў таварыстваў філаматаў і філарэтаў.
Развіццё бел. этнасу ў пач. 19 ст. характарызавалася не толькі працэсам фарміравання нац. самасвядомасці, але і іншаэтнічным асіміляцыйным уздзеяннем. Пры патуранні царскай адміністрацыі паланізацыя і акаталічванне карэннага насельніцтва ў канцы 18 — пач. 19 ст. нават узмацніліся. Тэарэтычным абгрунтаваннем гэтай дзейнасці сталі працы польскіх даследчыкаў С.Ліндэ, Л.Галамбёўскага, А.Дамбоўскага, А.Нарушэвіча, якія разглядалі беларусаў як этнагр. групу польскага народа. Пасля задушэння паўстання 1830—31 у дзярж. і навуч. установах замест польскай мовы ўводзілася руская. Полацкі царкоўны сабор 1839 абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з пануючай праваслаўнай царквой. Гэта выклікала супраціўленне многіх вернікаў, асабліва на ПнЗ Беларусі. Пачалося афармленне тэорыі заходнерусізму, паводле якой беларусы лічыліся не самастойным этнасам, а адгалінаваннем рус. народа. Этнагр. асаблівасці, якія адрознівалі беларусаў ад рускіх, тлумачыліся польскім уплывам і падлягалі знішчэнню для аднаўлення нібыта «спрадвечна рускага характару краю». Заходнерусізм стаў ідэалогіяй і формай самасвядомасці часткі праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і дваран.
У 1840—50-я г. сярод шырокага кола мясц. інтэлігенцыі павялічылася цікавасць да гіст. мінулага Беларусі, вывучэння фальклору і побыту карэннага насельніцтва. З польскамоўнага літ. руху вылучылася т.зв. беларуская школа, творчасць прадстаўнікоў якой была прысвечана Беларусі. Асобныя творы Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, А.Рыпінскага, У.Сыракомлі былі напісаны на бел. мове, а ў Я.Дуніна-Марцінкевіча яна стала асноўнай. У 1840-я г. А.Абрамовіч зрабіў першыя спробы стварэння нац. музычных твораў. У 1852 пастаўлена першая бел. опера «Сялянка» («Ідылія», муз. С.Манюшкі і К.Кжыжаноўскага, лібрэта Дуніна-Марцінкевіча). Самасвядомасць і творчасць гэтага кола інтэлігенцыі не заўсёды мелі ясна акрэслены нац. змест, але аб’ектыўна яны стваралі аснову бел. нацыянальнай мастацкай культуры. У цэлым развіццё нац. кансалідацыі слаба закранула этнас. Літвінамі сябе па-ранейшаму называлі жыхары Гродзенскага, Ваўкавыскага, Слонімскага, часткова Слуцкага пав. У Віленскай губ., Мінскім, Дзісенскім, Барысаўскім пав. літвінамі называлі толькі католікаў, а праваслаўных — беларусамі. Зах. Беларусь, як і раней, называлі Літвой, а этнічную Літву — Жмуддзю, Самагіціяй. Саманазва «беларусы» была найб. пашырана ў «гістарычнай Беларусі» — Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Смаленшчыне, але яна мела пераважна тапанімічны характар. Захоўваліся шматлікія этніконы тыпу віцебцы, магілёўцы, гомельцы, пінчукі, бужане. Большасць памешчыкаў, 92% якіх былі католікамі, лічылі сябе палякамі. Многія з іх захоўвалі элементы мясц. («літоўскага», ці «беларускага») патрыятызму, які ў пач. 1860-х г. набыў нацынальна-паліт. і асветніцкі характар. У 1862 мінскі маршалак А.Аскерка выдаў у Варшаве бел. лемантар. Дробная шляхта сваю этнічную прыналежнасць звязвала з канфесіянальнай: католікі лічылі сябе палякамі, праваслаўныя — рускімі. Аналагічным чынам вызначалі сябе мяшчане. Этнічнае самавызначэнне інтэлігенцыі залежала гал. чынам ад яе паліт. арыентацыі, але большая частка аддавала перавагу польскай дэмакр. культуры. І толькі сярод нешматлікага кола дэмакр. інтэлігенцыі сфарміравалася ўяўленне пра тое, што беларусы валодаюць усімі ўмовамі для самастойнага развіцця і маюць на тое ўсе правы. Лідэрам гэтай групы стаў К.Каліноўскі. Яго публіцыстыка ў газ.«Мужыцкая праўда» сведчыла пра спеласць нац. руху. У час паўстання 1863—64 на Вілейшчыне па патрабаванні сялян былі адкрыты бел. школы. Паражэнне паўстання адмоўна адбілася на развіцці бел. этнасу. Лепшыя прадстаўнікі дэмакр. інтэлігенцыі загінулі, многія сасланы ў Сібір. Царская адміністрацыя ўстанавіла на Беларусі ваенна-паліцэйскі рэжым. Руская мова заняла пануючае становішча ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Было забаронена друкаваць бел. кнігі лацінкай.
Сялянская рэформа 1861 абумовіла пазітыўныя зрухі ў эканам. развіцці Беларусі. Вял. значэнне мела будаўніцтва густой сеткі чыгунак. Эканам. становішча сялян палепшылася. Вынікам гэтага стаў хуткі рост колькасці насельніцтва. За 40 паслярэформенных гадоў колькасць жыхароў падвоілася. У 1897 на Беларусі жыло 6,5 млн.чал.
У 1868 у Пецярбургу ўзнікла асветніцкая арг-цыя«Крывіцкі вязок». Далейшае развіццё нац. руху было звязана з народніцкай ідэалогіяй. У канцы 1870-х — пач. 1880-х г. у Пецярбургу была створана група «Гоман» — першая паліт. самастойная арг-цыябел.нац. інтэлігенцыі, якая выдавала час.«Гомон», інш. выданні. У 2-й пал. 1880-х г. у Мінску ўзнікла група ліберальнай інтэлігенцыі (М.В.Доўнар-Запольскі, У.З.Завітневіч, А.І.Слупскі, Я.Лучына і інш.), якая імкнулася абудзіць нац. самасвядомасць легальнымі сродкамі. Для гэтага выкарыстоўвалася першая прыватная на Беларусі газ.«Минский листок», а таксама выдадзеныя ў 1889—93 календары. Яшчэ большы ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці зрабіла творчасць Ф.Багушэвіча. Яго прадмова да «Дудкі беларускай» з’явілася сапраўдным маніфестам нац. адраджэння (гл. таксама Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух).
Вял. значэнне мела дзейнасць шматлікіх збіральнікаў і даследчыкаў фальклору, лінгвістаў, этнографаў. Іх публікацыі пераканаўча сведчылі, што беларусы з’яўляюцца самастойным этнасам, а не «сапсаванымі» рускімі ці палякамі.
На працягу 2-й пал. 19 ст. ў этнічнай самасвядомасці беларусаў адбыліся істотныя змены. Паводле перапісу 1897, 74% насельніцтва Беларусі лічылі роднай мовай беларускую. Да беларусаў сябе адносілі каля 43% саслоўя дваран. Роднай мовай беларускую лічылі 40% чыноўнікаў, 10% юрыстаў, 20% урачоў, 29% паштова-тэлеграфных служачых, 60% настаўнікаў. Сярод сялянства назва «беларусы» выцесніла большасць лакальных этніконаў. Тэрмін Беларусь замацаваўся за ўсёй этнічнай тэрыторыяй беларусаў. Аднак саманазва «беларус» яшчэ не мела агульнаэтнічнага і нац. зместу. Таму поруч з ім ужываліся канфесіянізмы («рускія», і «палякі»), а жыхары паўн.-заходняй і цэнтр. часткі Беларусі нярэдка называлі сябе «тутэйшымі».
Нац. рух, які ўступіў у новы перыяд свайго развіцця, меў сацыяліст. характар. У 1903 створана Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Паскорыўся працэс фарміравання бел. прафесійнай мастацкай культуры. Узніклі бел. выдавецтвы «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Пецярбургу, «Наша ніва», «Наша хата» і «Палачанін» у Вільні і інш. З’явіліся перыяд. выданні: газеты «Наша доля», «Наша ніва», «Гоман», «Беларус», часопісы «Лучынка», «Саха», «Крапіва», альманах «Маладая Беларусь». Характэрнай рысай усёй бел. нацыянальнай культуры было абуджэнне агульнаэтнічнай самасвядомасці.
Вял. ўплыў на фарміраванне нац. самасвядомасці як сістэмы навук. поглядаў зрабілі працы Я.Ф.Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—22), артыкулы Доўнар-Запольскага, матэрыялы перапісу 1897, працы В.Ластоўскага, асабліва яго «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Вядучую ролю ў пашырэнні нац. самасвядомасці адыгрывала прэса, у першую чаргу газ. «Наша ніва», рэдакцыя якой стала арганізацыйным цэнтрам усяго нац. руху. Важнай формай папулярызацыі нац. культуры сталі бел. вечарынкі, што арганізоўваліся ў Вільні, Гродне, Полацку, Карэлічах, а таксама ў Пецярбургу, Варшаве, Тамбове і інш. Развіццю нац. культуры спрыяла кадыфікацыя бел. мовы. У 1908—10 былі спробы стварэння прыватных бел. школ.
Галоўным арэалам кансалідацыі бел. нацыі сталі цэнтр. і паўн.-зах. часткі Беларусі (Лідскі, Дзісенскі, Ашмянскі, Вілейскі, Гродзенскі, Ваўкавыскі, Слонімскі, Навагрудскі, Слуцкі і Мінскі пав). Менавіта сярэднебел. гаворкі, асабліва іх паўн.-зах. група, склалі дыялектную аснову бел. літаратурнай мовы. На пач. 20 ст.нац. самасвядомасць стала характэрнай рысай прадстаўнікоў практычна ўсіх класаў і сац. слаёў грамадства, што сведчыла пра завяршэнне фарміравання бел. нацыі як самаст. этнасацыяльнага арганізма.
П.У.Церашковіч.
Развіццё беларускай нацыі ў 20 ст. Першая сусв. вайна, Лютаўская і Кастр.рэв. 1917, грамадз. вайна, герм. і польск. акупацыі паставілі бел. народ на мяжу выжывання. У выніку страт на франтах і сярод мірнага насельніцтва ў часы ваен. дзеянняў і акупацый, эпідэмій, бежанства, эміграцыі з 7,5 млн.чал., што жылі на Беларусі ў 1914, на канец 1917 засталося 6,9 млн., а на пач. 1921 — 6,7 млн.чал. Радыкальныя змены ў паліт. сітуацыі пацягнулі за сабой трансфармацыю звыклых стэрэатыпаў, фарміраванне якасна новых уяўленняў аб сабе і суседзях. Важным крокам на шляху да бел. дзяржаўнасці было абвяшчэнне 25.3.1918 Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). 1.1.1919 Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі абнародаваў Маніфест аб утварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР). Фактар дзяржаўнасці адыграў вял. этнафарміравальную ролю. У лют. 1919 БССР была аб’яднана з Літвой у Літоўска-Беларускую ССР. 31.7.1920 Беларусь зноў абвешчана незалежнай рэспублікай. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921зах.тэр. Беларусі з насельніцтвам больш за 4 млн.чал. засталася пад уладай Польшчы. Прымусовае адарванне Заходняй Беларусі стрымлівала этнічную кансалідацыю беларусаў. З пераходам да мірнага будаўніцтва, стварэннем СССР паступова вырашаліся нац. і культ. праблемы, пачалася беларусізацыя, якая прадугледжвала пашырэнне сферы ўжывання бел. мовы, вылучэнне на ключавыя пасады мясц. кадраў, развіццё нац. культуры.
Станаўленне новай школы ішло пераважна на роднай мове. На 15.12.1927 у БССР з 5510 школ 4573 былі беларускія. Працавалі таксама рус., яўр., укр., польск., лат., літ., ням. і інш. школы. Існавалі і школы змешанага тыпу: бел.-рус., бел.-польскія, бел.-яўр., рус.-яўр. і інш. Раўнапраўнымі дзярж. мовамі лічыліся бел., рус., польская і яўрэйская. Справаводства ў парт., дзярж., грамадскіх установах і арг-цыях пераводзілася на бел. мову. У станаўленні нац. адзінства пэўную ролю адыграла вышэйшая школа, у т. л.БДУ, Бел.ін-т сельскай і лясной гаспадаркі, Віцебскі ветэрынарны ін-т і інш. У 1929 на аснове Інстытута беларускай культуры створана Акадэмія навук Беларусі. Працэсу кансалідацыі спрыяла развіццё прафесійных формаў культуры беларусаў. На рэв. хвалі з нар. глыбінь у л-ру прыйшлі маладыя пісьменнікі і паэты. Узніклі літ. аб’яднанні («Узвышша», «Полымя», «Маладняк»), якія адыгралі прыкметную ролю ва ўздыме нац. свядомасці. Стварэнне бел. прафесійных тэатраў (Першы БДТ у 1920, Другі БДТ у 1926) стала стымулам для развіцця бел. драматургіі. Бел. мастакі, апрача нац. выставак, дэманстравалі свае творы ў Маскве, Лейпцыгу, Лос-Анжэлесе. У бел. кіно вядучае месца адводзілася гіст.-рэв. фільмам. Развівалася прафесійная музыка, аснову якой складалі нар. мелодыі. Палітыка беларусізацыі дала магутны імпульс для росквіту нац. культуры, абудзіла духоўныя сілы народа. У працэсе культурнай рэвалюцыі назіраліся супярэчлівыя тэндэнцыі, выкліканыя ігнараваннем інтарэсаў пэўных грамадскіх плыняў. Істотныя страты беларусам прычынілі прымусовая калектывізацыя і звязаныя з ёй высылкі за межы Беларусі заможных сялян. Калектывізацыя пакінула глыбокі след у духоўным жыцці беларусаў: разбураліся многія нар. традыцыі, звычаі, абрады, якія складваліся стагоддзямі. Гіпертрафіраваных памераў дасягнула антырэліг. прапаганда: закрываліся і рабаваліся цэрквы, знішчаліся многія арх. і гіст. помнікі. З канца 1920-х г. пачалася кампанія па выкрыцці т.зв. нацыяналдэмакратызму. Да «нацдэмаў» найперш адносілі пісьменнікаў і паэтаў сял. паходжання. Ахвярамі беззаконня сталі таксама вядомыя вучоныя, дзеячы мастацтва, настаўнікі і інш. (гл.Рэпрэсіі палітычныя ў СССР).
І ўсё ж бел.л-ра і мастацтва набывалі жанравую разнастайнасць і займалі пачэснае месца ў агульнасаюзнай і еўрапейскай культуры. У пач. 1930-х г. у БССР уведзена ўсеаг. абавязковае навучанне (пачатковае ў вёсцы, сямігадовае ў горадзе), у асноўным была ліквідавана непісьменнасць (паводле перапісу 1939 было 80,81% пісьменных). У 1938 працавала 7132 школы, у якіх вучылася больш за мільён дзяцей.
Складаным працэсам на Беларусі была індустрыялізацыя. У выніку хуткіх тэмпаў прамысл. развіцця БССР з аграрнай ператварылася ў індустрыяльна-аграрную рэспубліку. У працэсе тэхн. пераўзбраення нар. гаспадаркі мяняліся побыт і матэрыяльная культура беларусаў: традыц. касцюм паступова страчваў функцыі этнічнай прыкметы, традыц. прылады працы паступова выцясняліся машынамі. Замест шматлікіх вёсачак, засценкаў, хутароў узнікалі калгасныя пасёлкі, заснаваныя на нетрадыцыйных прынцыпах гасп. планавання. Пачалася планамерная забудова і рэканструкцыя гарадоў.
У Зах. Беларусі, якая да 1939 знаходзілася ў межах Польшчы, на нац. працэсы ўплывалі супярэчлівыя тэндэнцыі этнасац. развіцця. З аднаго боку, нарастала польска-каталіцкая каланізацыя «ўсходніх крэсаў», з другога — абуджэнне нац. самасвядомасці беларусаў. Запаволенае яе эканам. развіццё і слабая урбанізацыя былі адной з прычын кансервацыі традыц. культуры беларусаў. Важным паліт. актам, які станоўча паўплываў на развіццё бел. народа, было ўз’яднанне беларусаў у адзінай рэспубліцы (1939).
Працэсы ўнутранай кансалідацыі бел. этнасу перапыніла Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. За гады акупацыі гітлераўцы разбурылі і зруйнавалі на Беларусі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак, правялі больш за 140 карных аперацый, у час якіх спалілі 628 вёсак разам з жыхарамі. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі. Вайна выклікала вял. міграцыі насельніцтва: у першыя месяцы вайны з тэр. Беларусі эвакуіравана 1,5 млн.чал.; больш за мільён беларусаў змагаліся на франтах, больш за 440 тыс. партызан і падпольшчыкаў вялі барацьбу на акупіраванай ворагам тэрыторыі (гл.Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну).
Пасля вайны ўнутрыэтнічная кансалідацыя бел. этнасу набірала сілу. У перыяд аднаўлення нар. гаспадаркі адраджаліся традыц. промыслы і рамёствы. Да канца 1950-х г. з дапамогай усёй краіны Беларусь аднавіла свой эканам. патэнцыял. Аднак толькі праз 30 гадоў яна дасягнула даваен. колькасці насельніцтва.
З 1960-х г. з разгортваннем навукова-тэхн. прагрэсу, інтэнсіўным развіццём урбанізацыі і міграцыі, ростам адукацыйнага патэнцыялу насельніцтва адбываліся глыбокія структурныя зрухі ў эканам., паліт., сац. і духоўным абліччы беларусаў. Унутраная кансалідацыя этнасу спалучалася з нарастаннем інтэграцыйных працэсаў. Тэмпы эканам. развіцця Беларусі былі вышэйшыя за сярэднія паказчыкі ў СССР. Павялічылася ўраджайнасць с.-г. культур, прадукцыйнасць жывёлагадоўлі. Індустрыяльнае аблічча рэспублікі сталі вызначаць працаёмкія і навукаёмкія галіны прамысловасці. Хуткі рост прам-сці паўплываў на рост міграцыйных працэсаў і тэмпы урбанізацыі. У гарадах Беларусі жыве 68,6% яе насельніцтва (на 1.1.1995). Міграцыя з вёсак найб. актыўнай і адукаванай іх часткі, масавы прыток сельскіх жыхароў у гарады пэўным чынам паўплывалі на этнічныя працэсы, на аблічча гараджан (73% ад гараджан склалі беларусы). Вяскоўцы прыносілі ў гар. лад жыцця бел. традыцыйную культуру: песні, танцы, абрады, звычаі.
Пад уплывам навук.-тэхн. прагрэсу адбываюцца змены ў матэрыяльнай культуры народа. Бел.нар. адзенне знайшло сваё ўвасабленне ў сцэнічным і абрадавым касцюме. Традыцыі нар. творчасці выкарыстоўваюцца ў мадэліраванні сучаснага адзення. У асобных нас. пунктах захоўваюцца нар. промыслы і рамёствы.
Значныя змены адбываюцца ў жыллёвым буд-ве, ва ўпарадкаванні сельскіх і гар. паселішчаў. Сельскае жыллё развіваецца па 2 кірунках: удасканальванне традыц. тыпаў і забудова вёскі шматпавярховымі дамамі і катэджамі. Аднак пераважае традыц. жыллё: 73% жыллёвага фонду сельскіх нас. пунктаў прыпадае на індывід. хаты. Будуюцца ў вёсках цагляныя і шлакабетонныя дамы; на змену саламянаму даху прыйшлі чарапіца, гонта, бляха, шыфер.
Ідзе інтэнсіўная трансфармацыя інтэр’ера (вылучэнне пакояў, наяўнасць фабрычнай мэблі, хатняй бібліятэкі і інш.).
Пэўнай традыцыйнасцю вылучаецца нац. кухня беларусаў. Па-ранейшаму аддаецца перавага жытняму хлебу, штодзень на стале ў беларусаў бывае бульба ў розных варыянтах. Як і раней, пашыраны стравы з круп. Аднак і ў харчаванні адбыліся пэўныя змены: больш спажываецца мясных і малочных прадуктаў, яек, цукру; параўнальна менш хлеба і бульбы. Стравы, якія раней гатавалі на свята, сталі паўсядзённымі. У той жа час такія стравы, як дранікі, калдуны, бабка, мачанка, пераходзяць на святочны стол і служаць свайго роду этнічнай прыкметай бел. кулінарыі.
Пазітыўныя змены адбыліся і ў духоўнай культуры беларусаў. Ажыццяўляецца ўсеагульная сярэдняя адукацыя. За 1970—90 колькасць нац. інтэлігенцыі падвоілася. Сярод спецыялістаў з вышэйшай адукацый, што працуюць у нар. гаспадарцы, беларусы складаюць 61% (1974), колькасць студэнтаў беларусаў павялічылася да 70,7% (1989). Калі ў 1970 на 1 тыс. беларусаў, што працавалі ў нар. гаспадарцы, прыпадала 40 чал. з вышэйшай і 515 з сярэдняй адукацыяй, то ў 1989 — адпаведна 115 і 774 чал. Беларусы прадстаўлены ва ўсіх групах інтэлігенцыі. Сярод дактароў навук беларусаў 47%, сярод кандыдатаў — каля 50%. Адметнай рысай самасвядомасці беларусаў стала прафесійная культура (літаратура, мастацтва). Яна заняла моцныя пазіцыі ў перадачы этнічных ведаў.
Вялікае значэнне ва ўмацаванні агульнаэтнічнага адзінства набылі тэлебачанне, радыё, друк, якія знаёмяць з багатай спадчынай беларусаў, іх гісторыяй, культурай. У абрадавым жыцці беларусаў ідуць складаныя, супярэчлівыя працэсы. Абраднасць выцясняецца за межы сям’і. Паралельна з працэсам арганізаванага ўкаранення новай абраднасці ідзе актывізацыя абрадавай творчасці нар. мас. Ступень захаванасці нац. самабытнасці найб. высокая ў абрадах, звязаных з жыццём сям’і (радзіны, вяселле, пахаванне). У апошнія дзесяцігоддзі заўважаецца адраджэнне каляндарных свят (провады зімы, гуканне вясны, зажынкі, дажынкі, Купалле), а з 1990-х г. агульнанац. святамі сталі Каляды, Вялікдзень, Дзяды.
Неадназначныя працэсы ідуць і ў моўнай сферы беларусаў. Перапіс 1959 зафіксаваў павелічэнне колькасці беларусаў, якія лічаць бел. мову роднай. Аднак з 1970 працэнт такіх людзей памяншаўся. Мацнейшыя арыентацыі на бел. мову ў сельскай мясцовасці. Больш трывала яна ўтрымлівалася ў сферы чытання, менш — ва ўнутры- і міжнац. зносінах. Патэнцыяльнае валоданне роднай мовай у беларусаў больш высокае, чым яе фактычнае выкарыстанне. Ва ўмовах інтэнсіўнай адаптацыі беларусаў да індустрыяльна-урбанізаванага асяроддзя, інтэрнацыяналізацыі ладу жыцця змяніліся адносіны ў выкарыстанні бел. і рус. моў на карысць апошняй. У выніку нац. свядомасць часткі беларусаў стала абапірацца на мову не як на аб’ектыўную прыкмету, а як на этнічны сімвал. Матэрыялы спец. даследаванняў і перапісаў сведчаць, што нац. самасвядомасць беларусаў абапіраецца на 2 мовы: беларускую і рускую. Масавае двухмоўе стала ўстойлівай з’явай, што пацвердзіў рэферэндум 1995. Руская мова адносіцца да найбольш пашыраных у свеце моў, валодае высокім інфармацыйна-камунікатыўным патэнцыялам, з’яўляецца роднаснай беларускай мове, што і вызначае яе шырокае выкарыстанне беларусамі.
Інтэнсіфікацыя этнакультурных кантактаў, рост нац. змешаных сем’яў, інтэрнацыяналізацыя працоўных калектываў ідзе на фоне нац. цярпімасці і суправаджаецца пэўнай мадыфікацыяй этнасу. У выніку кансалідацыйных працэсаў устойліва замацаваўся ў якасці агульнаэтнічнай назвы этнонім «беларусы». У іншанац. асяроддзі беларусы выступаюць як адзіная нац. агульнасць.
У этнічнай гісторыі беларусаў 1970—80-я г. адзначаны развіццём эканомікі, культуры, своеасаблівай раўнавагай (балансам) інтарэсаў розных нац. і сац. сіл, умацаваннем нац. самасвядомасці. Аднак у канцы 1980 — пач. 1990-х г. заўважаюцца негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы, дэмаграфічным развіцці (павялічваецца смяротнасць, зніжаецца нараджальнасць), у культуры этнасу, экалогіі (найперш Чарнобыльская катастрофа 1986).
Канец 20 ст., як і яго пачатак, стаў пераломным у гісторыі беларусаў, калі на эвалюцыйны шлях развіцця вял. ўплыў аказвалі паліт. і сац. зрухі. 27.7.1990 сесія Вярх. Савета БССР прыняла Дэкларацыю «Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі», якой 25.8.1991 нададзены статус канстытуцыйнага закону. Пасля распаду СССР глабальныя паліт. змены адбыліся і на Беларусі. На 1990-я г. прыпадаюць змены ў культурна-гіст. самасвядомасці беларусаў: умацоўваецца рэліг. самасвядомасць і прыналежнасць чалавека да пэўнага этнасу, а ўтварэнне менавіта сваёй бел. дзяржаўнасці спрыяе развіццю этнакансалідуючых тэндэнцый.
Гісторыя сведчыць, што беларусы на працягу свайго шматвяковага шляху стварылі і захавалі багатую, самабытную і унікальную культуру, якая ўвайшла ў сусветную цывілізацыю, паказалі мужнасць і гераізм, цярпенне і працавітасць, міласэрнасць і ўменне жыць у добрасуседстве. Гэта дае надзею на будучае, што і ў 3-м тысячагоддзі беларусы не страцяць свайго «твару», знойдуць сваё месца ў шматколернай сусветнай супольнасці народаў.
Да арт.Беларусы. Свінцовая пячатка Усевалада Яраславіча з Полацка. 11 ст.Да арт.Беларусы. Карта Вялікага княства Літоўскага і Белай Русі Г.Баплана. Каля 1654.Да арт.Беларусы. Дзяўчынкі са Случчыны. Пач. 20 ст.Да арт.Беларусы. Дзяўчына ў святочным уборы. Вёска Колкі Клецкага р-на Мінскай вобл.Неглюбскія ручнікі. Вёска Неглюбка Веткаўскага раёна.Хата ў вёсцы Старое Сяло Веткаўскага раёна.
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экспазіцыя сектара «Цэнтральная Беларусь».Крыжы з аброчнымі тканінамі на могілках у Чарнобыльскай зоне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬ,
горад, цэнтр Гомельскай вобл. і раёна. За 301 км ад Мінска. Вузел чыгунак (напрамкі на Жлобін, Калінкавічы, Чарнігаў, Шчорс, Навазыбкаў) і аўтадарог. Порт на р. Сож. Аэрапорт. 501 тыс.ж. (1997).
Гісторыя. Летапісныя назвы Гомель, Гомій, Гомін, Гомь, Гомье. Узнік у канцы 1-га тыс.н. э. пры ўпадзенні р. Гомій (Гамяюк) у Сож на зямлі радзімічаў. Археал. раскопкамі тут выяўлены матэрыялы эпохі неаліту і бронзавага веку, мілаградскай, зарубінецкай, калочынскай культур, гар. ўмацаванні 9—11 ст., рэчы 10—13 ст. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1142 як уладанне чарнігаўскага князя. У 12 ст. барацьбу за Гомель вялі чарнігаўскія, кіеўскія і ноўгарад-северскія князі. З 1161 уладанне Ольгавічаў. У 1-й пал. 13 ст., магчыма, спалены мангола-татарамі. Каля 1335 далучаны да ВКЛ, уладанне Патрыкія Нарымунтавіча і яго нашчадкаў. У канцы 14 ст. ўпамінаецца сярод кіеўскіх гарадоў. У 1406—19 Гомелем кіравалі велікакняжацкія намеснікі, пазней належаў кн. Свідрыгайлу, беглым серпухаўскаму і бароўскаму кн. Васілю Яраславічу і мажайскаму кн. Івану Андрэевічу, з 1483 сыну апошняга. У вайну Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500 — 03 заняты рус. войскамі, якія ўмацавалі горад і Гомельскі замак. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37 зноў у ВКЛ, цэнтр Гомельскага староства (гл.Гомельская воласць). З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. У сярэдзіне 16 ст. адыгрываў важную ролю ў абароне паўд.-ўсх. зямель ВКЛ ад набегаў крымскіх татар. У Лівонскую вайну 1558—83 Гомель ненадоўга заняты войскамі Івана IV Грознага, у маі 1581 вытрымаў аблогу царскіх войск, у 1595 захоплены атрадам паўстанцаў С.Налівайкі. У час вызваленчай вайны ўкраінскага народа 1648—54, антыфеадальнай вайны 1548—51 казацкія атрады Галавацкага і М.Нябабы пры падтрымцы мясц. жыхароў у 1648 і 1649 займалі Гомель. У 1651 зноў абложаны казакамі (гл.Гомеля аблога 1651). У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 заняты казацкім войскам І.Н.Залатарэнкі. З 1667 у складзе Рэчы Паспалітай, належаў М.К.Радзівілу, потым Чартарыйскім. У 1670 атрымаў магдэбургскае права. У час Паўн. вайны 1700—21 у Гомелі размяшчаліся рус. войскі пад камандаваннем А.Д.Меншыкава (1706). З 1772 у Рас. імперыі. З 1773 цэнтр Гомельскага павета Рагачоўскай правінцыі, з 1777 мястэчка Беліцкага павета, з 1852 горад, цэнтр павета Магілёўскай губ. Належаў П.А.Румянцаву-Задунайскаму, з 1836 І.Ф.Паскевічу-Эрыванскаму. У 1775 — 5 тыс.ж., у 1858 — 14 тыс.ж. У 1854 да Гомеля далучаны заштатны горад Новая Беліца як прадмесце. У 1856 зацверджаны гар. герб: у верхняй частцы выява двухгаловага арла, у ніжняй — рысі на блакітным полі. У 1897 — 36,8 тыс.ж. У 1890-я г. ўзнік першы ў горадзе с.-д. гурток. Напярэдадні рэвалюцыі 1905—07 аформіліся гомельскія арг-цыі РСДРП, Бунда, Гомельскі к-т партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Па маштабах рэв. руху Гомель займаў адно з першых месцаў у царскай Расіі. У снеж. 1905 дзейнічаў Гомельскі камітэт дэлегатаў. У 1-ю сусв. вайну адбылося Гомельскага перасыльнага пункта паўстанне 1916. 19.3.1917 утвораны Гомельскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 1.3.1918 да 14.1.1919 акупіраваны ням. войскамі. Паводле дагавора Укр.цэнтр. рады з герм. камандаваннем Гомель уключаны ў склад новаўтворанай Палескай губ. Украіны; ваен. ўлада належала герм. камендатуры, Цывільная — камісару Укр.цэнтр. рады, павятоваму старасту, з 17.12.1918 — Гомельскай дырэкторыі. Пасля Гомельскай забастоўкі 1918—19 (гл.Гомельскія забастоўкі 1918—19) улада 6.1.1919 перададзена ВРК. У сак. 1919 у горадзе адбыўся стракапытаўскі мяцеж 1919. З крас. 1919 Гомель — цэнтр Гомельскай губерні ў складзе РСФСР, з 1926 у БССР; у 1926—31 і з 1937 цэнтр Гомельскага раёна, у 1926—30 — Гомельскай акругі, з 15.1.1938 — Гомельскай вобласці. У першыя дні Вял.Айч. вайны створаны Гомельскі полк народнага апалчэння (гл.Гомеля абарона 1941). З 19.8.1941 да 26.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў гар. турмах, 5 лагерах смерці і 4 гета больш за 100 тыс.чал. Дзейнічала Гомельскае патрыятычнае падполле і Гомельскае камсамольска-маладзёжнае падполле. Вызвалены ў ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. Пасля вызвалення ў Гомель пераехалі ЦККП(б)Б, СНКБССР. У 1959 — 168 тыс.ж., у 1979 — 383 тыс.ж. У сувязі з невырашэннем праблем, звязаных з Чарнобыльскай катастрофай 1986, адбылася Гомельская забастоўка 1990.
Гаспадарка. У 1-й пал. 19 ст. Гомель стаў набываць прамысл. аблічча. Дзейнічалі з-д па вырабе свечак, шкляная мануфактура, 2 ткацкія ф-кі, цукр.з-д Паскевіча (1839), сальна-свечачны з-д Школьнікава (1840), крупадзёрка (1853), некалькі канатна-вяровачных і лесапільных прадпрыемстваў. У 1850 праз Гомель пракладзена шаша Пецярбург—Кіеў і першая ў Расіі тэлегр. лінія Пецярбург—Севастопаль. Пракладзены чыг. лініі Гомель—Бабруйск (1873) і Гомель—Рамны (1874) Лібава-Роменскай чыгункі, лініі Гомель—Лунінец (1886) і Гомель—Бранск (1887) Палескіх чыгунак. У выніку Гомель стаў важным чыг. вузлом, звязаным з Украінай, Польшчай, Прыбалтыкай, Масквой, Пецярбургам і інш.прамысл. цэнтрамі Расіі. У канцы 19 — пач. 20 ст. Гомель — буйны прамысл. цэнтр Беларусі. Тут існавала больш за 40 прадпрыемстваў, асн. частка іх перапрацоўвала мясц. сыравіну: 9 лесапільных ф-к (гл.Гомельскія лесапільныя фабрыкі), запалкавая ф-ка «Везувій» (400 рабочых у 1913, гл.Гомельскі фанерна-запалкавы камбінат), 4 маслабойныя прадпрыемствы, з-ды спіртаачышчальны, цукровы, піваварны, канатны, 2 мукамольныя, швейная ф-кі і інш. Дзейнічалі металаапр. прадпрыемствы: з-ды ліцейна-мех. Фрумкіна і сыноў, ліцейна-мех.з-д «Рухавік» (гл.Гомельскі завод «Стромаўталінія»), гал.мех. майстэрні (абслугоўвалі Лібава-Роменскую чыгунку, 1220 рабочых у 1913; гл.Гомельскі вагонарамонтны завод) і малыя рамонтныя майстэрні (абслугоўвалі Палескія чыгункі, 145 рабочых у 1913), якія выконвалі функцыі паравозавагонарамонтных з-даў, а таксама лакафарбавае прадпрыемства, 5 друкарняў, Гомельскія рагожныя мануфактуры, электрастанцыі і інш. Пачалося паравое суднаходства па р. Сож. Важнае месца ў эканам. жыцці горада займаў гандаль лесам, лёнам, пянькой; гандл. абарот у канцы 1870 — пач. 1890-х г. каля 5,5 млн.руб. Штогод у Гомелі праводзіліся 3 кірмашы. Пасля рэформы 1861 г. ў Гомелі адкрыты гар. грамадскі банк, у пач. 1890-х г. — аддз. (агенцтвы) Віленскага і Мінскага камерц. банкаў; у пач. 20 ст. — аддз. Арлоўскага, Паўн., Аб’яднанага, Руска-Азіяцкага камера банкаў. Пасля 1-й сусв. і грамадз. войнаў пачалося аднаўленне прам-сці і транспарту. У 1920 адноўлена работа ф-кі «Везувій», чыгуналіцейных майстэрняў, цагельных з-даў. Уведзены ў дзеянне ф-ка «Палесдрук» (гл.Гомельская фабрыка «Палесдрук»), у 1922—24 абутковая ф-ка «Праца», хлебакамбінат, электрастанцыя, у 1928 Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання «Гомсельмаш». У 1930-я г. рэканструяваны «Гомсельмаш», пабудаваны станкабуд. з-д імя Кірава, шклозавод імя Ламаносава, ф-кі «Камінтэрн» (гл.Гомельскае акцыянернае таварыства «Камінтэрн»), «8 Сакавіка» (гл.Гомельская прамыслова-гандлёвая фірма «8 Сакавіка»), «Спартак» (гл.Гомельскае адкрытае акцыянернае таварыства «Спартак»), тлушчакамбінат і інш. На пач. 1940 у Гомелі 264 прамысл. прадпрыемствы (3-е месца ў БССР па аб’ёме прамысл. прадукцыі). Пасля вызвалення Гомеля ад ням.-фаш. захопнікаў адноўлены чыг. вузел, да канца 1944 — 25 прадпрыемстваў. Да 1950 адноўлены ўсе даваен. і пабудаваны новыя прадпрыемствы. У 1950—60-я г. ўведзены ў дзеянне з-ды «Гідраапаратура» (гл.Гомельскі завод «Гідрапрывод»), Гомельскі завод пускавых рухавікоў, сан.-тэхн. абсталявання (гл.Гомельскі завод «Эмальпосуд»), Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт». У 1961 горад атрымаў прыродны газ, у 1962 пушчаны першы тралейбус. Вырашэнне сац. і эканам. праблем вельмі ўскладнілася ў сувязі з Чарнобыльскай катастрофай 1986. Створаны філіялы НДІс.-г. радыялогіі і НДІ радыелагічнай медыцыны. Гомель — адзін з буйнейшых прамысл. цэнтраў Беларусі. Прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр. (Гомельскі завод вымяральных прылад, Гомельскі падшыпнікавы завод, Гомельскае вытворчае аб’яднанне «Карал», Гомельскі электратэхнічны завод, Гомельскі завод «Электраапаратура», Гомельскі кабельны завод, Гомельскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод і інш.), хім. (Гомельскі хімічны завод, Гомельскі завод хімічных вырабаў, Гомельскі завод пластмасавых вырабаў), лясной, цэлюлозна-папяровай, лёгкай (Гомельская фабрыка мастацкіх вырабаў), буд. матэрыялаў (Гомельскае акцыянернае таварыства «Гомельшпалеры», Гомельскі шклозавод), дрэваапр. (Гомельскае вытворчае дрэваапрацоўчае аб’яднанне «Гомельдрэў»), харч. (Гомельскі тлушчавы камбінат) прам-сці.
Асвета і культура. У 1781 у Гомель засн.правасл. духоўнае вучылішча (з 1840 павятовае духоўнае вучылішча). У 1818 пры ўдзеле М.П.Румянцава адчынена пач. школа Бел-Ланкастэрскай сістэмы навучання. У 19 ст. ствараюцца ніжэйшыя і сярэднія навуч. ўстановы. У 1841 на базе Беліцкага пав. вучылішча (засн. ў 1790 як дамініканскае, з 1833 свецкае прыходскае) створана 3-класнае пав.нар. вучылішча, на базе якога ў 1866 у Гомелі засн. 4-класная прагімназія (з 1877 — 6-класная гімназія, з 1897 — 8-класная). У 1878 на сродкі Лібава-Роменскай чыгункі засн.тэхн.чыг. вучылішча (гл.Гомельскі тэхнікум чыгуначнага транспарту), адчынена пач. аднакласнае яўр. вучылішча з падрыхтоўчым класам. У 1882 на базе жаночага 3-класнага прыватнага пансіёна створана жаночая 4-класная прагімназія (з 1897 — урадавая гімназія). У 1903, 1907 створаны прыватныя муз. школы. З 1906 дзейнічала прыватная школа павітух, з 1907 — гімназіі: жаночая В.А.Копіш і яўр. мужчынская А.Е.Ратнера; з 1911 жаночая прагімназія М.А.Табалевіч-Федароўскай (гл.Гомельскія гімназіі). У 1911 у Гомелі 32 навуч. ўстановы, у т. л. 5 сярэдніх, 24 ніжэйшыя і пач., 3 падрыхтоўчыя, 45 яўр. вучылішчаў рознага тыпу. З 1915 у Гомелі працавала настаўніцкая семінарыя (у 1919 пераўтворана ў пед. курсы для падрыхтоўкі настаўнікаў школ 1-й ступені). У 1919 створаны курсы буд. дзесятнікаў, бухгалтараў, рахункаводаў, школы паліграф. справы, майстроў для швейнай прам-сці і інш. У 1926 у Гомелі працавалі 3 тэхнікумы — пед. агульны (з 1937 пед. вучылішча), яўр. педагагічны, шляхоў зносін; 15 школ 1-й ступені, 13 школ сямігодак, 9-годка, 4 школы 2-й ступені; 8 дзіцячых дамоў. У 1930 у Гомелі засн. ін-ты механіка-машынабуд., лесатэхн. (у 1945 пераведзены ў Мінск, гл.Беларускі тэхналагічны універсітэт), Гомельскі аграпедагагічны інстытут (з 1933 пед.ін-т); Гомельскі дарожна-будаўнічы тэхнікум. У 1932 адчынена мед. вучылішча і муз. тэхнікум (з 1939 муз. вучылішча). У 1936 пры пед. ін-це створаны Гомельскі настаўніцкі інстытут. У час Вял.Айч. вайны спалены 2 ін-ты, пед. вучылішча, 24 школы. У 1944 аднавілі работу пед., настаўніцкі, лесатэхн. ін-ты, пед. вучылішча, 2 сярэднія, 7 няпоўных сярэдніх і 4 пач. школы, адчынены тэхнікумы рачны, фіз. культуры, Гомельскі кааператыўны тэхнікум, у 1946 — Гомельскі політэхнічны тэхнікум. У 1953 засн.Бел.ін-т інжынераў чыг. транспарту (гл.Беларускі універсітэт транспарту). У 1955 адчынены Гомельскі машынабудаўнічы тэхнікум, у 1956 — Гомельскі сельскагаспадарчы тэхнікум. У 1996/97 навуч.г. ў Гомелі 154 дашкольныя ўстановы, у т. л. дашкольная гімназія, цэнтр развіцця дзіцяці, 4 дашкольныя ўстановы з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, эстэтыка і інш.), 8 устаноў санаторнага тыпу, сад для дзяцей з рознымі дэфектамі, сад для глухіх і з недахопамі слыху. У дашкольных установах выхоўвалася каля 25 тыс. дзяцей. Дзейнічала 80 агульнаадук. школ (больш за 70 тыс. вучняў), у т. л. ліцэй, бел.-слав. гімназія імя І.Мележа, спец. школа з паглыбленым вывучэннем англ. мовы (навучанне з 5 гадоў), 3 пач. школы, школа-сад для дзяцей з парушэннямі зроку, 1 яўр. школа-сад, спец. школа для глухіх і з недахопамі слыху дзяцей, 4 школы-інтэрнаты (2 для разумова адсталых дзяцей, базавая для дзяцей хворых на скаліёз, 1 для сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі), 4 зменныя школы (адна з іх на тэр. жаночай калоніі для непаўналетніх дзяўчынак). Акрамя таго ў Гомелі ёсць прыватная гімназія і абласны ліцэй, 16 прафес.-тэхн. вучылішчаў, у якіх займалася больш за 8 тыс. навучэнцаў, 11 сярэдніх спец.навуч. устаноў (каля 10 тыс. студэнтаў), у т. л.мед. вучылішча, каледж мастацтва, муз.-пед. каледж і інш. У Гомелі 5 дзярж.ВНУ: Гомельскі універсітэт, Гомельскі політэхнічны інстытут, Гомельскі медыцынскі інстытут, Гомельскі кааператыўны інстытут, Беларускі універсітэт транспарту, а таксама Гомельскі філіял Міжнар. недзярж. ін-та працоўных і сац. адносін. У Гомелі 18 масавых б-к, у т. л. 6 дзіцячых, а таксама Гомельская абласная б-ка з дзіцячым аддзяленнем (гл.Бібліятэкі абласныя Беларусі, Бібліятэка дзіцячая). Працуе Гомельскі абласны краязнаўчы музей.
Архітэктура. У 14 ст. аснову Гомеля складаў драўляны замак, пабудаваны на месцы дзядзінца. Горад забудоўваўся хаатычна. Да сярэдзіны 18 ст. ён уяўляў сабой шэраг слабод і вёсак, якія групаваліся вакол замка. У канцы 18 ст. пачалася перапланіроўка — на месцы стараж. замка створаны Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор; на тэр. Спасавай слабады — Гомельская Ільінская царква. 3-прамянёвая сістэма планіроўкі прадугледжвала арыентацыю гал. магістралей — вуліц Румянцаўскай (цяпер Савецкая, асн. вось кампазіцыі горада), Замкавай (праспект Леніна), Фельдмаршальскай (Пралетарская) — на палац. Гэты прынцып захоўваўся і пры наступных рэканструкцыях. Усе будынкі на Румянцаўскай вул. былі створаны ў стылі класіцызму (Гомельскай ланкастэрскай школы будынак і інш.). На вул. Мільённай (цяпер Бялецкага) размяшчаліся Гомельскі «паляўнічы домік», летні дом Румянцава (у 1819 пераабсталяваны пад Гомельскага духоўнага вучылішча будынак). Да ліку лепшых пабудоў канца 19 — пач. 20 ст. належаць Гомельскай гарадской думы будынак, Гомельскага камерцыйнага банка будынак, Гомельскага філіяла Руска-Азіяцкага банка будынак, будынкі мужчынскай і жаночай гімназій, тэхн. вучылішча (гл. адпаведныя артыкулы), асобныя жылыя дамы. У маст. вырашэнні фасадаў гэтых будынкаў выкарыстаны элементы стылізатарска-эклектычнага кірунку і стылю мадэрн. У культавых пабудовах панаваў неарускі стыль: цэрквы Георгіеўская (1904, не захавалася), Праабражэнская (захавалася часткова), Гомельская капліца. Значны ўклад у забудову Гомеля гарадскога арх. С.Шабунеўскага. У 1920—30-я г. пачалося масавае жыллёвае і прамысл.буд-ва: пабудаваны першыя секцыйныя шматкватэрныя жылыя дамы для чыгуначнікаў, Гомельскі дом-камуна, Палац культуры чыгуначнікаў з кінатэатрам, настаўніцкі ін-т і інш. Паблізу прамысл. прадпрыемстваў узніклі рабочыя пасёлкі: Залінейны, Сельмашаўскі, Касцюкоўка. У 1946 распрацаваны праект аднаўлення і рэканструкцыі Гомеля («Белдзяржпраект», арх. І.Сяргееў, Т.Сяргеева, інж. Г.М.Ішчанка, І.Дзесятнікаў, І.Бардукоў) з захаваннем асн. прамянёвых магістралей, што склаліся гістарычна. Паводле генплана 1964 (Гомельскі філіял «Белдзяржпраекта»; арх. М.Сундукоў, К.Усцюгоў, Б.Барысаў, А.Касякоў, інж. М.Найшулер і інш.) радыяльныя напрамкі вуліц паступова ператвараліся ў лінейныя. На гал. магістралях пабудаваны Дом спорту (арх. І.Спірын, С.Паўлаў), рэстаран «Беларусь» (арх. Л.Тамкоў), будынкі абл. б-кі (арх. В.Бурлака), абл.драм.т-ра (арх. А.Тарасенка), пешаходны мост цераз Сож і інш. Аб’екты, пабудаваныя ў 1970—80-я г. змянілі арх. аблічча Гомеля: будынкі Дома сувязі (арх. Р.Ціхаў), трэста «Гомельсаўгасбуд», цэнтра навук.-тэхн. інфармацыі, гал. корпус ун-та, праектнага ін-та «Дзіпражыўмаш» (усіх арх. С.Пеўны), Гомельскі цырк, Ін-т механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі (арх. Тамкоў), Гомельскі лёгкаатлетычны манеж, кінатэатр «Юбілейны» (арх. В.Ціхава), аэравакзальны комплекс, гасцініца «Турыст», шпіталь для інвалідаў Вял.Айч. вайны, комплекс фізкультурна-аздараўленчага камбіната (усіх арх. В.Бяспалаў) і інш. Створаны шэраг мікрараёнаў у паўд.-зах. (арх. Л.Стукачоў, А.Лебедзеў, С.Крывашэеў), паўн.-зах. і левабярэжнай частках (арх. Я.Казлоў, Лебедзеў), раёнах «Аэрадром» (арх. Казлоў) і «Гомсельмаш» (арх. Стукачоў, Л.Патапаў). Паводле генплана 1977 («Гомельграмадзянпраект»; арх. Паўлаў, Крывашэеў, А.Падабедаў, інж. І.Дубаў, Л.Калашнікаў, Найшулер) планіровачная структура горада фарміруецца з 5 комплексных планіровачных раёнаў (Цэнтральнага, Паўночна-Усходняга, Паўднёва-Заходняга, Сельмашаўскага, Навабеліцкага) і развіваецца ў паўн.-ўсх., паўд.-зах. і паўд. напрамках; агульнагарадскі цэнтр развіваецца ўздоўж р. Сож. У 1980-я г. у Гомелі пачалося асваенне поймы р. Сож пад жыллёва-грамадзянскае буд-ва (аўтары інж. Дубаў, А.Карамышаў, Найшулер). На гідранамыўных поймавых тэрыторыях забудаваны вял. жылыя масівы Волатава (арх. Крывашэеў, Казлоў, Лебедзеў), Паўднёвы і інш. Сярод значных пабудоў 1990-х г.: прыгарадны чыг. вузел (арх. Л.Гоер), гал. корпус політэхн. ін-та (арх. Пеўны), ін-та «Гомельпраект» (арх. Ціхаў), Палац моладзі (арх. Г.Комар). У Гомелі брацкія магілы: сав. воінаў, ахвяр фашызму, сав. воінаў і партызан; камунараў; падпольшчыкаў; сав. воінаў і ахвяр фашызму; сав. воінаў і падпольшчыкаў; магілы ахвяр фашызму; магіла гомельскіх апалчэнцаў; брацкія могілкі сав. воінаў. Курган Славы. Помнікі: Вызвалення, П.Я.Галавачову, гомельскім апалчэнцам, А.А.Грамыку, П.А.Румянцаву, П.В.Сухому, у гонар войск Бел. фронту, якія вызвалілі Гомель, і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. Пачатак кнігадрукавання ў Гомелі звязаны з друкарняй Ш.А.Фрыдланда (1887—1912). На пач. 20 ст. ў Гомелі выдаваліся газеты рознай грамадска-паліт. і тэматычнай арыентацыі: «Полесский листок» (1904—05), «Труд» (1906), «Гомельский вестник» (1908—09), «Полесская жизнь» (1909—11), «Гомельская мысль» (1913—14), «Белорусский голос» (1910), «Гомельское слово» (1911—12), «Гомельская жизнь» (1911—19; да 1917 «Гомельская копейка»), «Гомельский театрально-музыкальный вестник» (1914), «Виленский вестник» (1915—16), «Рабочая мысль» (1917), «Голос народа» (1917—18), «Известия Гомельского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов» (з 1917, мяняла назвы, з 1930 на бел. мове, з 1938 «Гомельская праўда») і інш.Літ.-маст.час.«Зарницы» (1911—12) друкаваў творы маладых літаратараў. З 1919 пачалі выдавацца шматтыражныя ведамасныя газеты [«Проблески», «Путь пролетария» (у 1920—21 «Сигнал»), «Рабочая жизнь» (у 1921—22 «Молот») і інш.], а таксама штотыднёвікі («Жизнь — творчество»), У 1920—30-я г. выдаваліся газеты: «Новая деревня» (1919—28), «Бюллетень Гомельского губкома РКП» (1920), «Власть Советов» (1922), «Набат молодёжи» (1922—26), «Искра Ильича» (1924—27), «Камсамолец Гомельшчыны» (1931—35), «Сталінскі сцяг» (з 1938; з 1956 «Трыбуна хлебароба», з 1962 «Маяк», раённая); часопісы «Полесский коммунар» (1919—26), «Коммунистическое просвещение» (1920—21), «Вереск» (1922), «Агитатор» (1922—23), «Рабочий досуг» (1925—26) і «Дэр камунісцішэр вэг» («Камуністычны шлях», 1926, на яўр. мове). У 1922—24 у Гомелі выдаваліся 24 шматтыражныя газеты (большасць з іх праіснавала нядоўга). У 1930-я г. колькасць іх павялічылася, у т. л. «За высокую якасць» ф-кі «Везувій» (1928—41), «Ратацыя» ф-кі «Палесдрук» (1928—41), «Рачнік Беларусі» (1929—41; 1944—53; 1957—63, мяняла назвы) і інш. У Вял.Айч. вайну ў Гомелі выходзіла рэсп. газета «Звязда» (да 13.8.1941), выдадзены 1-ы нумар сатыр. выдання «Раздавім фашысцкую гадзіну». У гады акупацыі ў Гомелі падпольна выдаваліся газеты «Гомельская праўда» і «Партызан Гомельшчыны» (1943). Пасля вызвалення ў Гомелі працавалі рэдакцыі газет «Советская Белоруссия» (снеж. 1943 — ліп. 1944), «Чырвоная змена» (сак. 1944), адноўлена выданне абласной, раённай і шматтыражных газет, пачалі выдавацца новыя.
Выходзяць газеты: «Гомельская праўда», «Рабочае слова» (абл., з 1990), «Агронеделя» (абл. з 1991), «Гомельскія ведамасці» (гар., з 1991), «Вячэрні Гомель» (гар., з 1991); шматтыражныя «Сельмашавец» (з 1930), «Гомельскі універсітэт» (з 1969) і інш.
Літаратура. Літ. жыццё ў Гомелі актывізавалася ў канцы 18 — пач. 19 ст. ў сувязі з дзейнасцю тут мецэната, збіральніка кніг і рукапісаў М.П.Румянцава. Бел. гісторык і археограф І.І.Грыгаровіч працаваў у Гомелі над «Беларускім архівам старажытных грамат» — першым зборнікам дакументаў па гісторыі Беларусі (выд. 1824 у Маскве на сродкі Румянцава). Літ. лекцыі, дыспуты, сходы наладжвала Гомельскае музычна-драматычнае таварыства (1908—14). Горад наведвалі пісьменнікі К.І.Чукоўскі (1913), А.А.Блок (1916), У.У.Маякоўскі (1924). У 1925—27 дзейнічала Гомельская філія «Маладняк» (створана пры ўдзеле Я.Пушчы і Н.Чарнушэвіча), якая арганізоўвала літ. гурткі і студыі, наладжвала вучобу творчай моладзі, праводзіла літ. вечары з удзелам бел. пісьменнікаў (М.Зарэцкі, А.Гурло, А.Дудар і інш.); у 1927 і 1930 у Гомель прыязджаў Я.Купала, у 1934 і 1936 — Я.Колас, у 1937 ён прысутнічаў на спектаклі па сваёй п’есе «Вайна вайне» ў пастаноўцы БДТ-2. У 1934 выдадзены альманах «Літаратурны Гомель». Пасля вайны пры газ.«Гомельская праўда» працавала літ. аб’яднанне, выдадзены альманах «Літаратурны Гомель» (1958), праводзіліся абл. нарады маладых пісьменнікаў. З 1967 дзейнічае Гомельскае абл. аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. У горадзе праводзяцца літ. вечары, канферэнцыі, сустрэчы з пісьменнікамі, дні л-ры, семінары маладых пісьменнікаў, літ. свята «Над Дняпром, Дзясной і Сожам» з удзелам пісьменнікаў Мінска, Чарнігава і Бранска. Шырока адзначалася ў Гомелі 80-, 90-, 100-годдзе з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа. У 1971 брыгада пісьменнікаў (І.Мележ і інш.) удзельнічала ў днях бел. л-ры на Гомельшчыне. У розны час у Гомелі жылі пісьменнікі У.Галубок, П.Трус, Р.Сабаленка, Л.Гаўрылкін, А.Грачанікаў, А.Капусцін, Я.Каршукоў, І.Кірэйчык, М.Кусянкоў, Б.Спрынчан, У.Дзюба, С.Дубавец і інш. Тут пачыналі сваю творчую дзейнасць Л.Гаўрылаў, Дз.Кавалёў, К.Кірэенка, С.Кухараў, П.Прануза, М.Сурначоў, І.Шамякін; тут жывуць і працуюць пісьменнікі Г.Афанасьеў, М.Даніленка, А.Бароўскі, Т.Мельчанка, А.Сопат, І.Сяркоў, В.Ткачоў, В.Ярац. Гомельскі ун-т скончылі пісьменнікі Э.Акулін, І.Багдановіч, А.Казлоў, В.Куртаніч, А.Сыс, Л.Раманава і інш. Выдаецца альманах «Магістраль» (з 1992), час. «Палессе» (з 1996). Працуе абл.літ. аб’яднанне «Магістраль» імя А.Грачанікава.
Мастацкае жыццё. У 10—15 ст. у Гомелі былі пашыраны разнастайныя рамёствы і маст. промыслы, у т. л. ганчарства, ткацтва, ювелірна-бронзаліцейная справа, апрацоўка косці, скуры, дрэва. Пры маст. апрацоўцы прадметаў побыту, рэліг. культу, працы і зброі выкарыстоўвалі коўку, ліццё, чаканку, гравіроўку, інкрустацыю і інш.
У 16 ст. пачалася вытв-сць пячной кафлі. У сярэдзіне 17 — канцы 18 ст. з’явіліся прадпрыемствы па вытв-сці шклянога посуду (келіхі, штофы, бутэлькі), які вылучаўся высокім майстэрствам выканання, мудрагелістай арнаментыкай. Мясц. майстры размалёўвалі вырабы на фаянсавай ф-цы. Разнастайнымі вытканымі і набіванымі ўзорамі аздаблялі баваўняныя тканіны на хустачнай мануфактуры, талеснай ф-цы. Рэзчыкі па дрэве, спалучаючы традыц. арнаментальныя матывы з элементамі тагачасных маст. стыляў, аздаблялі фасады дамоў, мэблю, прадметы побыту праразной карункавай і мудрагелістай аб’ёмнай разьбой. У пач. 20 ст. працавалі прыватная маст. школа Школьнікава, студыя Камінскага, Гомельская мастацкая студыя, жывапісна-малярныя майстэрні Н.Гурэвіч і Х.Рахліна, філіялы маст.-плакатнай майстэрні Усерас. арг-цыі працаўнікоў мастацтва, жывапісная майстэрня «Арцель», выдаваліся плакаты «Гомель-РОСТА». У 1920-я г. дзейнічала маст. школа пад кіраўніцтвам Я.Краўчанкі, у 1924—27 — маст. студыя (кіраўнік С.Каўроўскі), у якой займаліся К.Максімцаў, Б. і Т.Несцярэнкі, М.Сімкоўскі, Н.Тарасікаў і інш. У 1930-я г. існавалі курсы клубных мастакоў, дзе выкладалі А.Бембель, А.Шаўчэнка, А.Шыфрын. У маст. школе выкладаў М.Русецкі. У 1927—32 дзейнічала абл. аддзяленне «Усебеларускай асацыяцыі мастакоў». У 1939 адбылася 1-я абл.маст. выстаўка, у 1941 — перасоўная выстаўка графікі, 3-я абл.маст. выстаўка. Пры Палацы чыгуначнікаў працавала студыя выяўл. мастацтва (кіраўнікі М.Малец, Б.Звінагродскі). З 1966 дзейнічае Гомельская абл.арг-цыя Саюза мастакоў Беларусі. Вял. ролю ў прапагандзе выяўл. і прыкладнога мастацтва адыграла адкрыццё выставачнай залы (1968), дзе адбываюцца персанальныя і тэматычныя выстаўкі. Цяпер у Гомелі працуюць засл. дз. маст. Беларусі Дз.Алейнік і М.Казакевіч, жывапісцы В.Дзенісенка, С.Дзьяканаў, У.Еўтухоў, В.Казачэнка, П.Лук’яненка, М.Палянкоў, І.Сямека, В. і М.Ягоравы, графікі В.Дземянчук, У.Лосеў, А.Отчык, М.Шкляраў, скульптары Г.Гарбанёў, Дз.Папоў, мастакі дэкар.-прыкладнога мастацтва У.Андрыянаў, І.Данілава, А.Дваранін, М.Кляцкоў, А. і Г.Осіпавы, П. і В.Феі, А.Чудзін, мастацтвазнавец А.Шныпаркоў і інш. У творчы калектыў прыйшлі маладыя мастакі: Л.Зуева, А.Крылоў, С.Курашова, С.Наздрын-Платніцкая, М.Няхайчык, І.Папоў.
Тэатральнае жыццё. Вядома, што ў Гомелі адбываліся нар.тэатр. паказы. Бел. фалькларыст Е.Раманаў адзначаў выкананне тут на Каляды нар. драм «Цар Максімілян» і «Трон». У канцы 18 ст. ў маёнтку графа П.А.Румянцава дзейнічаў т-р. Актывізацыя тэатр. жыцця ў 2-й пал. 19 ст. звязана са з’яўленнем у Гомелі прыватнага тэатр. памяшкання (1852) і зімовага т-ра на 400 месцаў (1887—1900). У 19 — пач. 20 ст. ў горадзе выступалі польска-рускія трупы К.Фядзецкага, Ю.Кондрата, С.Навакоўскага і В.Вяжбіцкага; працавалі рус.тэатр. калектывы: антрэпрызы І.Славянскага (1869; у складзе трупы В.Далматаў, М.Мяшкоў-Траяпольскі, Г.Страмлянаў), Ліпоўскай (1881—82), Я.Бяляева (1903), Л.Балоцінай і І.Арлова (1909); т-вы артыстаў пад кіраўніцтвам Е.Свіршчэўскага (1893—94), на чале з Г.Фядотавай (1898), Далматавым (1898; у складзе трупы акцёры пецярб. Александрынскага т-ра В.Істоміна, І.Ставінская, М.Ходатаў), Пісаравым (1910; у складзе трупы П.Арленеў), М.Волкавым (1917) і інш.; украінскія трупы пад кіраўніцтвам Б.Замоўскага (1909, 1911), Н.Запарожца (1917) і інш.; яўрэйскія пад кіраўніцтвам І.Канеўскага (1912), А.Ф.Фішзона (1914); яўрэйска-нямецкая Ш.Жоржа і Ф.Бекера (1914). Поспехам карысталіся спектаклі па п’есах М.Гогаля, А.Астроўскага, М.Горкага, А.Чэхава, Г.Ібсена, інсцэніроўкі па творах Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога, І.Тургенева. Прыкметную ролю ў культ. жыцці горада адыгрывалі аматары, якія наладжвалі вечары, канцэрты, ставілі спектаклі. У 1914 выходзіў «Гомельский театрально-музыкальный вестник». У 1918 у горадзе дзейнічала тэатр. аматарскае т-ва «Вянок». У пач. 1919 арганізавана пралетарская муз.-драм. студыя, якая рыхтавала канцэртныя праграмы, муз.-драм. пастаноўкі. У 1919—20 па ініцыятыве Пралеткульта створана шырокая сетка тэатр. гурткоў пры клубах і рабочых арг-цыях. У 1922 у Гомелі было 8 драм. гурткоў (найб. значны клуба чыгуначнікаў), самадзейны т-р навучэнцаў; выдаваўся часопіс т-ра, л-ры і мастацтва «Вереск». У пач. 1920-х г. у горадзе гастраліравалі бел.тэатр. калектывы, а таксама прафес. калектывы з Расіі і Украіны. У 1920-я г. дзейнічаў калектыў «Сіняй блузы». У 1930 на базе гуртка чыгуначнікаў створаны т-р рабочай моладзі, рэарганізаваны ў 1935 у калгасна-саўгасны т-р (існаваў да 1937). У 1932—37 Гомель быў базай Беларускага трэцяга дзяржаўнага тэатра. У 1938 у Гомелі пачаў сваю дзейнасць Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі, у 1939 — Гомельскі абласны рускі драматычны тэатр. Пасля Айч. вайны аднавілі дзейнасць т-р лялек (працаваў да мая 1949) і абл.рус.драм.т-р (у 1946 пераведзены ў Магілёў). З 1954 цэнтрам культ. жыцця горада з’яўляецца Гомельскі абласны драматычны тэатр. З 1968 працуе Гомельскі абласны тэатр лялек. Дзейнічаюць шматлікія самадз.драм. калектывы, нар. т-ры.
Музычнае жыццё. З часу прыняцця хрысціянства тут пераважала царкоўная музыка, асабліва спевы. У муз. культуры Гомеля 18 ст. асобае месца займае творчасць старавераў (захаваліся іх рукапісныя нотныя зборнікі). У 1-й пал. 19 ст. пераважала хатняе музіцыраванне, выкладаліся муз. дысцыпліны ў асобных прыватных навуч. установах, у т. л. ў жаночым пансіёне А.Петрашэнь. Пасля 1852 пачалося развіццё муз. культуры гар.тыпу. У 1870—90-я г. на Гомельшчыне збіралі ўзоры песеннага фальклору муз. этнографы (З.Радчанка і інш.). Спевы і музыку выкладалі ў мужчынскіх і жаночых гімназіях, у тэхн. чыгуначным вучылішчы, настаўніцкай семінарыі. У 1903 адкрыта муз. школа С.Валовіча, у 1907 — С.Захарына, у 1908 — фартэпіянныя класы Б.Розенблюма. У 1908—14 дзейнічала Гомельскае музычна-драматычнае таварыства. Да 1917 пры гомельскіх храмах існавалі шматлікія хары, у т. л. мужчынскі пры Георгіеўскай царкве, дзявочы пры Петрапаўлаўскім саборы (арганізатар А.Паскевіч). У 1908—17 у Гомелі гастраліравалі «Кааператыўнае т-ва» рус. оперы, вядомыя вакалісты, піяністы, скрыпачы (Л.Аўэр і інш.), рус. і польскія тэатр. трупы, якія ставілі муз. спектаклі. Пасля 1917 створаны шматлікія харавыя студыі і гурткі, у т. л.муз.-харавая студыя пры Гомельскім пралет. ун-це (кіраўнік Шубін), пры рабочым клубе на станцыі Палескай чыгункі (кіраўнік Р.Пукст), муз.-хар. студыя на Палессі імя Н.Брусавай (кіраўнік М.Назараў), студыі пры культ. аддзеле губ. савета прафсаюзаў (кіраўнік Р.Розенблюм) і запалкавай ф-цы «Везувій» (кіраўнік А.Туранкоў). Самадзейным хар. калектывам дапамагалі кампазітары Туранкоў, Пукст, піяніст і хормайстар Г.Пятроў. У ліп. 1919 адкрыта нар. кансерваторыя, якая стала цэнтрам муз. жыцця горада. У 1920 яна рэарганізавана ў дзярж.муз. школу 1-й і 2-й ступеней, у 1921 на яе базе створаны муз. тэхнікум і спец.муз. школа. У вер. 1920 адбылася 1-я Гомельская канферэнцыя работнікаў мастацтваў. Пры губ. аддзеле нар. адукацыі быў створаны пастаянны сімф. аркестр (50 музыкантаў у ліп. 1921; дырыжоры Назараў, Захарын). У канцы 1921 адкрыта 2-я дзярж.муз. школа (у 1923 аб’яднана з 1-й, з 1940 муз. дзіцячая школа-сямігодка № 1 імя П.Чайкоўскага). Муз. мастацтва прапагандавалі педагогі і навучэнцы тэхнікума і школы. У 1920-я г. ў Гомелі гастраліравалі шматлікія муз.-тэатр. трупы (у т. л. У.Галубка), аркестры, асобныя выканаўцы, у т. л. А.Дункан, У.Горавіц, М.Эрдэнка і інш. У 1930-я г. шырока развівалася маст. самадзейнасць, цэнтрам якой быў клуб чыгуначнікаў (цяпер Гомельскі Палац культуры і тэхнікі чыгуначнікаў), дзе працавалі муз., харавы, струнны і інш. гурткі. Музыку да пастановак Гомельскага трама пісалі Туранкоў і Пукст. Дзіцячым аркестрам і хорам (170 чал.) кіравалі К.Карнілаў і Пукст, танц. калектывам, створаным у 1936, — А.Рыбальчанка. У суправаджэнні Дзярж. ансамбля бел.нар. інструментаў (кіраўнік Дз.Захар) выступала Л.Александроўская. Бел.нар. песні выконвала І.Яўнзем. Пасля вызвалення Гомеля ад ням.-фаш. захопнікаў 30.12.1943 у Навабеліцы адбыўся святочны канцэрт з удзелам Бел.дзярж. ансамбля песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы. З 1967 вял. канцэртна-лекцыйную працу вядзе Гомельская абласная філармонія, пры якой пачыналі сваю дзейнасць вак.-інстр. ансамблі «Лявоны» (з 1967; цяпер «Песняры») і «Сябры» (з 1974). Тут жыў і працаваў рэгент Петрапаўлаўскага сабора (да 1961), кампазітар М.Бутома, царк. музыка якога шырока выконвалася ў бел. храмах і за межамі Беларусі. У 1970—80-я г. выступалі шматлікія бел. і інш.муз.-тэатр., харавыя, аркестравыя, харэаграфічныя калектывы, вак.-інстр. групы і ансамблі, калектывы з Польшчы, Венгрыі, Югаславіі. У 1978—93 у Гомелі працаваў фальклорны драм.-муз.т-р «Жалейка» (з 1985 народны, з 1989 прафесійны). У 1997 працуюць 3 муз. школы, 5 школ мастацтваў з аддзяленнямі муз. і харэаграфічным, муз. каледж імя Н.Сакалоўскага, муз.-пед. каледж, абл. аддзяленне Саюза муз. дзеячаў Беларусі (з 1987). Больш за 30 самадзейных калектываў маюць званні народных і ўзорных.
Літ.:
Лебедев Г. Гомель: (Ист.-экон. очерк). 2 изд. Мн., 1962;
Пашкин Ю.А. Русский драматический театр в Белоруссии XIX в. Мн., 1980;
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гомельская вобл.Мн., 1985;
Гомель: Энцикл. справ. Мн., 1991;
Мальцаў У. Тэатральная геаграфія Гомеля // Мастацтва. 1993. №11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛІЯ (Монгал),
Мангольская Рэспубліка (Монгал Улс), дзяржава ў Цэнтр. Азіі. Мяжуе на Пн з Расіяй, на З, Пд і У з Кітаем. Пл. 1565 тыс.км². Нас. 2,58 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — мангольская. Сталіца — г.Улан-Батар. Падзяляецца на 18 аймакаў. Гарады Улан-Батар, Дархан і Эрдэнэт вылучаны ў самастойныя адм. адзінкі. Нац. свята — Дзень Народнай Рэвалюцыі (11 ліп.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Вялікаму дзярж. хуралу, які складаецца з 76 дэпутатаў, выбраных на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным парламентам.
Прырода. У рэльефе пераважаюць горы і пласкагор’і. На З горы Мангольскі Алтай з найвыш. пунктам краіны г. Мунххайрхан-Ула (4362 м), Габійскі Алтай, Хангай, падзеленыя міжгорнымі катлавінамі (Катлавіна Вялікіх Азёр, Даліна Азёр). У цэнтр.ч. — нагор’е Хэнтэй. На Пд, ПдУ, У вял. раўніны — часткі пустыні Гобі (выш. 1000—1200 м) з асобнымі вулканічнымі масівамі, участкамі пяскоў і саланчакамі. Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, жал., уранавыя, медна-малібдэнавыя, алавяныя, марганцавыя, залатыя і сярэбраныя руды, фасфарыты, каштоўныя і паўкаштоўныя камяні і інш. Клімат умераны, рэзка кантынентальны, засушлівы, з кароткім гарачым летам і працяглай халоднай маласнежнай зімой. Сярэдняя т-растудз. ад -35 °C на Пн да -10 °C на Пд, ліп. адпаведна 18 і 20 °C. Ападкаў 60—200 мм на Пд, 200—300 мм на Пн, у гарах 300—500 мм, пераважна летам. На большай ч.тэр. краіны няма пастаянных рэк. Маюць сцёк у акіян рэй: на Пн Селенга з прытокам Архон, Керулен і Анон. З рэк унутр. сцёку найб. Кобда і Дзабхан. Шмат азёр: Убсу-Нур, Хяргас-Нур (бяссцёкавыя, салёныя), Хубсугул, Хара-Ус-Нур, Хара-Нур (праточныя, прэсныя). На Пн у гарах лясы з лістоўніцы і кедра (10% тэр. краіны), ніжэй лесастэпы і стэпы, пераважна злакавыя з дамешкамі разнатраўя. 2/3 тэрыторыі займаюць сухія стэпы, паўпустыні і пустыні. Для жывёльнага свету характэрны грызуны, ёсць ваўкі, лісы, антылопы дзерэн, джэйран і сайгак. На ПдЗ вельмі рэдка трапляюцца конь Пржавальскага і дзікі двухгорбы вярблюд. Вялікі Габійскі запаведнік (4,3 млн.га), рэзерваты.
Насельніцтва. Манголамоўныя народы складаюць 92,4%, у т. л. халха-манголы 80,5%. З імі паступова зліваюцца блізкія да іх дэрбеты, бураты, дарыганга, баяты, захчыны, таргуты і інш. Жывуць таксама казахі (4,4%, на З), рускія і кітайцы (пераважна ў гарадах). Вернікі — будысты-ламаісты. Сярэднегадавы прырост каля 1,5%. Сярэдняя шчыльн. 1,6 чал. на 1 км², у бас.р. Селенга да 3—7 чал. на 1 км², на Пд на 10—15 км² прыпадае 1 чалавек. Каля 25% насельніцтва вядзе качавы спосаб жыцця. У гарадах жыве 61% насельніцтва (1997). Найб. гарады (1997, тыс.ж.): Улан-Батар (680), Дархан (87), Чайбалсан (80), Эрдэнэт (59). У сельскай гаспадарцы занята 40% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 12%.
Гісторыя. Чалавек на тэр. М. паявіўся больш за 100 тыс. гадоў назад. У 3—2-м тыс. да н.э. ва ўсх. і паўд.-ўсх. раёнах М. ўзніклі ачагі земляробства. У І-м тыс. да н.э.стараж. насельніцтва М. перайшло да качавой жывёлагадоўлі. У 3 ст. да н.э. тут склаўся моцны саюз качавых плямён сюну (хуну). Пасля яго распаду ў I ст.н.э.тэр. М. ўваходзіла ў склад племянных саюзаў сяньбі (1—3 ст.), жужаняў (3—5 ст.), Цюркскага і Усх.-Цюркскага каганатаў (6—7 ст.), дзяржавы кіданяў (10—12 ст). Этнонім «мангол» упершыню сустракаецца ў кіт.гіст. хроніках дынастыі Тан (7—10 ст.) у форме «мэнгу», «мэнгулі», «мэн-ва». Да канца 12 ст. на тэр. ад Вял.кіт. сцяны да р. Іртыш існавалі саюзы манг. плямён: тайджыюты, татары, меркіты і інш. У пач. 13 ст.б.ч. іх падпарадкаваў сабе хан Тэмучын з племя тайджыют. У 1206 курултай (з’езд манг. ханаў) абвясціў яго вял. ханам з тытулам Чынгісхан. Рэформы Чынгісхана (ваен., адм., судовая і інш.) ператварылі М. ў найб. моцную ваен. дзяржаву Азіі. У ходзе мангольскіх заваяванняў у 13 ст. ўтварылася Мангольская імперыя, якая акрамя М. ахоплівала Кітай, Цэнтр. Азію, Каўказ, Афганістан, Іран, Месапатамію, б.ч. зямель Русі і інш. У 1280 вял. хан Хубілай абвясціў сябе кіт. імператарам, заснавальнікам дынастыі Юань. У 1368 манголы выгнаны з Кітая. У 1388 кіт. войскі зруйнавалі манг. сталіцу г.Каракарум, адзіная манг. дзяржава распалася на шэраг ханстваў, якія ваявалі паміж сабой. На кароткі час М. аб’ядноўвалі пад сваёй уладай ханы Дайсун [1434—55] і Даян [каля 1479—1543]. Да канца 16 ст. з Манголіі гістарычнай вылучыліся Паўн. М., Паўд. М. (падзяляліся на дробныя ханствы). У 1630-я г. ў Джунгарыі (цяпер ч.тэр.Паўн.-Зах. Кітая і Зах. Манголіі) зах.-манг. плямёны (айраты) утварылі Айрацкае ханства. Непрацяглы час існавалі буйныя аб’яднанні паўд.-манг. плямён: тумэтаў на чале з Алтан-ханам (1543—83] і чахараў на чале з Лігдан-ханам [1604—34]. З канца 16 ст. сярод манголаў пашырыўся будызм у форме ламаізму, які аказваў вялізны ўплыў на іх жыццё і культуру. У 1634 маньчжуры заваявалі дзяржаву Лігдан-хана, у 1636 падпарадкавалі ўсю Паўд. М. У канцы 17 ст. ўладу маньчжурскай дынастыі (правіла ў Кітаі ў 1644—1911) прызналі наёны (князі) Паўн. М. У маньчжурскім Кітаі Паўд. М. атрымала назву Манголія Унутраная, а Паўн. М. — Манголія Знешняя. У 1758 маньчжуры заваявалі Айрацкае ханства і знішчылі б.ч. яго насельніцтва. Тэр. сучаснай М. падзялялася на Зкіт. намесніцтвы з цэнтрамі ў гарадах Урга (цяпер Улан-Батар), Улясутай і Кобда. Асн. заняткам яе жыхароў была качавая жывёлагадоўля, у краіне практычна адсутнічала прам-сць. Вял. ўплыў мела ламаісцкая царква (больш як 750 манастыроў, 120 тыс. манахаў — 40% мужчын краіны). Неэквівалентны тавараабмен з Кігаем, закабаленне кіт. ліхвярамі да пач. 20 ст.б.ч.манг. жывёлаводаў вялі да росту антыкіт. настрояў. У час Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 успыхнула антыкіт. паўстанне ў Знешняй М., 1.12.1911 з’езд манг. знаці ў г. Урга абвясціў яе незалежнай дзяржавай (манархіяй) на чале з кіраўніком ламаісцкай царквы богда-гэгэнам. Пад націскам вял. дзяржаў манг. ўрад у маі 1915 паводле Кяхцінскага рус.-кіт.-манг. пагаднення згадзіўся на аўт. статус Знешняй М. ў складзе Кітая. У 1919 кіт. войскі акупіравалі Знешнюю М. і пазбавілі яе аўтаноміі. Гэта выклікала ўздым нац.-вызв. руху, які ўзначаліла створаная ў 1920 Манг. нар.-рэв. партыя (МНРП, да 1925 наз.Манг.нар. партыя) на чале з С.Данзанам, Д.Сухэ-Батарам і Д.Бода. У выніку Мангольскай нацыянальна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1921 пры падтрымцы Чырв. Арміі з тэр. Знешняй М. выгнаны кіт. войскі і атрады рас. белагвардзейцаў ген. Р.Ф.Унгерна фон Штэрнберга. У ліп. 1921 у г. Урга створаны Нар. ўрад на чале з Бода. 5.11.1921 заключаны дагавор аб узаемадапамозе паміж М. і РСФСР. Сав. войскі знаходзіліся ў М. да 1925. У 1921—24 Нар. ўрад правёў у краіне важныя пераўтварэнні: нацыяналізаваў зямлю, ліквідаваў прыгонніцтва і залежнасць жывёлаводаў ад ліхвяроў, адмяніў феад. тытулы і прывілеі. Да смерці богда-гэгэна (1924) дзяржава фармальна заставалася манархіяй.
26.11.1924 1-ы Вял.нар. хурал (ВНХ) абвясціў Манг.Нар. Рэспубліку (МНР) і прыняў яе канстытуцыю. 3-і з’езд МНРП (жн. 1924) прыняў рашэнне пра пабудову ў М. некапіталіст. грамадства. Залежнасць М. ад СССР і капіраванне яе кіраўніцтвам сав. вопыту былі ў значнай ступені абумоўлены тым, што Кітай да 1946 не прызнаваў яе дзярж. суверэнітэту і лічыў М. часткай сваёй тэр. У 1929 у МНР праведзена кааперацыя жывёлагадоўчых гаспадарак. У выніку рэпрэсій 1936—39 загінула б.ч.парт. і дзярж. кіраўніцтва МНР, моцна пацярпела духавенства. Улада сканцэнтравалася ў руках Х.Чайбалсана (прэм’ер-міністр у 1939—52). У 1939 сав. і манг. войскі перамаглі яп. агрэсараў на р. Халхін-Гол. Манг. войскі прынялі ўдзел у Маньчжурскай аперацыі 1946сав. войск. 20.10.1945 паводле рашэння Крымскай канферэнцыі 1945 адбыўся плебісцыт, на якім насельніцтва М. выказалася за незалежнасць краіны (у студз. 1946 прызнана Кітаем). Пасля смерці Чайбалсана (студз. 1952) прэм’ер-міністрам (да 1974) стаў Ю.Цэдэнбал (кіраўнік МНРП у 1940—54 і 1958—84, старшыня Прэзідыума ВНХ у 1974—84). У 1960 прынята новая канстытуцыя краіны. У 1950—70-я г. адбыўся пераход асн. масы манголаў да аселасці, з дапамогай СССР і інш.сацыяліст. краін пабудавана прам-сць, ліквідавана непісьменнасць. У 1984 ген. сакратаром МНРП і старшынёй ВНХ выбраны Ж.Батмунх. З пачаткам перабудовы ў СССР у М. разгарнуўся масавы рух за дэмакратыю і шматпартыйнасць, які са снеж. 1989 узначальваў Манг.дэмакр. саюз. Пасля масавых дэманстрацый апазіцыі пленум ЦК МНРП у сак. 1990 прыняў адстаўку кіраўніцтва партыі і выбраў яе старшынёй Г.Ачырбата, Старшынёй ВНХ выбраны П.Ачырбат (з вер. 1990 прэзідэнт МНР). У маі 1990 уведзена шматпартыйнасць. У студз. 1992 прынята новая канстытуцыя, паводле якой МНР перайменавана ў Мангольскую Рэспубліку, замест ВНХ створаны Вял.дзярж. хурал (ВДХ). На першых свабодных выбарах у ВДХ перамагла МНРП. У чэрв. 1993 на першых прамых выбарах прэзідэнтам краіны выбраны Ачырбат. Непаслядоўнасць МНРП у рэфармаванні эканомікі і грамадства прывяла да перамогі дэмакр. апазіцыі на выбарах у ВДХ у чэрв. 1996. Урад М.Энхсайхана (1996—98) правёў радыкальныя рыначныя рэформы, якія спрыялі адраджэнню эканомікі, але выклікалі сац. напружанасць у грамадстве, што праявілася ў выбранні прэзідэнтам краіны ў маі 1997 прадстаўніка МНРП Н.Багабандзі. М. — чл.ААН (з 1961). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 24.1.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Манг. нар.-рэв. партыя, Манг. нац.-дэмакр. партыя, Манг.с.-д. партыя, Партыя «зялёных», Рэліг.-дэмакр. партыя і ІНШ.; Федэрацыя манг. прафсаюзаў.
Гаспадарка. М. — аграрна-індустрыяльная краіна параўнальна нізкага ўзроўню развіцця. Штогадовы даход на 1 чал. каля 900 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае каля 40% валавога ўнутр. прадукту, прам-сць — каля 30%. У 1991—92 былыя с.-г. кааператывы пераўтвораны ў акц. кампаніі, завершана прыватызацыя жывёлы. На канец 1998 у прыватнай уласнасці 95% пагалоўя свойскай жывёлы. Больш за 80% тэр. (каля 130 млн.га) прыдатная для выкарыстання ў якасці пашы. Па колькасці жывёлы на душу насельніцтва М. займае адно з першых месц у свеце. Найб. развіта авечка- і козагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, канец 1996): авечкі — 13,5, козы — 9,1, буйн. раг. жывёла — 3,5, коні — 2,8, вярблюды — 0,4. Гадуюць таксама якаў і іх помесі з буйн. раг. жывёлай — артомаў і хайнакаў (у гарах), паўн. аленяў (у гарах на Пн). Прадукцыйнасць жывёлы нізкая. Вытв-сць (1995, тыс.т): ялавічыны і цяляціны — 71, бараніны — 98, каніны — 28, малака — 316. Авечак гадуюць усюды, але найб. у зах. і цэнтр. раёнах, буйн. раг. жывёлу — пераважна на ПнУ і Пн, коз — на З, вярблюдагадоўля ў асн. у паўд. і паўд.-ўсх. раёнах, конегадоўля — ўсюды. У прыгарадных раёнах свінагадоўчыя і птушкагадоўчыя гаспадаркі. Ёсць фермы пушной зверагадоўлі. Раслінаводства — новая галіна сельскай гаспадаркі, займае каля 0,5 млн.га зямель на Пн, у далінах рэк Селенга і Архон. Ураджаі рэзка вагаюцца ў залежнасці ад колькасці ападкаў летам. Пераважае яравая пшаніца, меншыя зборы ячменю, проса, жыта, аўса. У 1998 сабрана 214 тыс.т збожжа. У гарах і стэпах пашыраны пушны промысел, штогод нарыхтоўваюць больш за 1 млн. шкурак сурка. З галін прам-сці найб. значэнне маюць горназдабыўная і каляровая металургія, лёгкая і харчовая. Здабываюць медна-малібдэнавыя і вальфрамавыя руды, буры і каменны вугаль, плавікавы шпат, золата. Самае магутнае прадпрыемства краіны — горнаабагачальны камбінат «Эрдэнэт», які выпускае (тыс.т, 1996) медны (351) і малібдэнавы (4,7) канцэнтрат. Прадпрыемства «Манголрасцэмент» штогод выпускае больш за 1 млн.т цэменту. Камбінат «Керулен» выпрацоўвае плавікава-шпатавы канцэнтрат (565 тыс.т, 1996). Аснова энергетыкі — вугаль (5,1 млн.т, 1996). Вытв-сць электраэнергіі 3,2 млрд.кВт∙гадз (1995). Буйнейшая ЦЭС у сталіцы. Шмат дызельных электрастанцый невял. магутнасці ў аддаленых раёнах. ГЭС на р. Архон. Лёгкая прам-сць перапрацоўвае пераважна жывёлагадоўчую прадукцыю. Працуюць прадпрыемствы гарбарнай, абутковай, валюшна-лямцавай, аўчынна-футравай, скургалантарэйнай, суконнай, дывановай, трыкатажнай і інш. галін прам-сці. Харч.прам-сць прадстаўлена мясакамбінатамі і мясахоладабойнямі, харч. камбінатамі, якія вырабляюць кансервы, сыр, масла, хлебапрадукты. Прам-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, жалезабетонныя канструкцыі, цеплаізаляцыйныя пліты, керамічныя пліты) ва Улан-Батары і Дархане. Дрэваапр. камбінаты ва Улан-Батары і Сухэ-Батары. Вытв-сць мэблі, фанеры, драўнінна-стружкавых пліт. Ёсць вытв-сць фармацэўтычных, шкляных і фарфоравых вырабаў, прадпрыемствы мікрабіялагічнай, паліграф., металаапр. і металарамонтнай галін. Асн.прамысл. цэнтр — г. Улан-Батар. Транспарт пераважна аўтамабільны і чыгуначны. Аўтадарог 46,7 тыс.км, у т. л. палепшаных 4,3 тыс.км, чыгунак 1,8 тыс.км. Трансмангольская чыгунка — частка чыг. магістралі Масква—Улан-Батар—Пекін. У краіне 397 аэрапортаў. Суднаходства па воз. Хубсугул, рэках Селенга і Архон. У 1995 экспарт склаў 451 млн.дол., імпарт — 473 млн. долараў. У экспарце пераважаюць медныя і малібдэнавыя канцэнтраты (каля 50%), плавікавы шпат, жывая жывёла, прадукцыя жывёлагадоўлі, аўчынна-футравыя, скургалантарэйныя вырабы; у імпарце — машыны і абсталяванне, паліва і электраэнергія, агародніна, хімікаты. Гал. гандлёвыя партнёры: Расія (больш за 50% кошту экспарту), Кітай, Японія. У 1991—98 развітыя краіны і міжнар. арганізацыі аказалі М. бязвыплатнай дапамогі на суму больш за 600 млн.дол. Грашовая адзінка — тугрык.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі і ППА) і пагранічных войск. Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі налічваюць (1998) каля 8,5 тыс.чал., на ўзбраенні больш за 650 танкаў, 400 баявых машын пяхоты, 300 бронетранспарцёраў, 300 гармат палявой артылерыі і інш. У ППА каля 500 чал., 9 баявых самалётаў, 12 баявых верталётаў, зенітныя ўстаноўкі і комплексы. У пагранічных войсках каля 5 тыс. чал.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,1, жанчын 63,2 года. Смяротнасць 8 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 101 чал., урачамі — 1 на 402 чал. Узровень нараджальнасці — 25 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,6%. Дзіцячая смяротнасць — 68 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета. Сістэма адукацыі М. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школу, прафес., сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У 1997/98 навуч.г. ў М. 663 агульнаадук. школы, у якіх навучалася больш за 380 тыс.чал. У сістэме вышэйшай адукацыі 64 ВНУ, у т. л. 27 дзярж. ун-таў, ін-таў і каледжаў, у якіх вучылася каля 29 тыс. студэнтаў па 60 спецыяльнасцях на ступень бакалаўра і па 35 — на ступень магістра. ВНУ: Мангольскі дзярж.ун-т (з 1942), Дзярж.пед.ін-т (з 1951), політэхн.ін-т (з 1961), пед.ін-трус. мовы (філіял Маскоўскага ін-та рус. мовы імя Пушкіна, з 1978), мед. (з 1982) і с.-г. (з 1958) ін-ты — усе ва Улан-Батары, пед.ін-т (з 1979) у г. Кобда. У 1998 у М. 424 б-кі з агульным фондам 4,2 млн. кніг, найбольшыя з іх Дзярж. публічная і б-ка Мангольскага дзярж. ун-та. Музеі: Цэнтр.дзярж., рэлігіі, горада Улан-Батар і інш.Навук. даследаванні праводзяцца вядучымі навук. ўстановамі сістэмы АН М. (з 1961) і галіновымі НДІ.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у М. каля 130 перыяд. выданняў. Найб. папулярныя газеты — «Унадур» («Сёння», з 1992), «Ардын эрх» («Народнае права», з 1990), «Унэн-уу?» («Ці праўда?», з 1920), «Ардчылал» («Дэмакратыя», з 1990), «Худулмур» («Праца», з 1928), «Уг» («Слова», з 1990), «Засгійн газрын мэдээ» («Урадавы веснік», з 1991), «Ертанц» («Сусвет», з 1990), «Мангалын залучуд» («Моладзь Манголіі», з 1924), «Шынэ уе» («Новае пакаленне», з 1991); на рус. мове — «Новости Монголии» (з 1942). Інфарм. агенцтвы — Монгал Цахілган Медэній Агентлаг (МОНЦАМЭ, Мангольскае тэлеграфнае агенцтва, засн. ў 1921), «Мангалын дуу хаалой» («Голас Манголіі») і Сан-прэс (з 1992). Радыёвяшчанне з 1934. Тэлебачанне з 1967. Радыё- і тэлеперадачы вядуцца на манг., рус., кіт., англ., франц. і каз. мовах.
Літаратура. Фальклор манголаў прадстаўлены гераічнымі паданнямі, казкамі, ероаламі (пажаданні дабра), магтааламі (ухваленні), сургааламі (павучанні), легендамі і інш. Зберагліся эпіграфічныя помнікі 12—13 ст., дыялагічныя нар. песні («Золатаардынскі рукапіс на бяросце», 13—14 ст.), нар. эпас «Джангар» (15 ст.), эпічнае сказанне пра Гэсэр-хана (16—17 ст.), летапісы («Алтан Тобчы», 17 ст.) і інш. У 14—18 ст. росквіту дасягнула перакладная л-ра (зборы будыйскіх кананічных твораў «Ганжур», «Данжур»). У 2-й пал. 19 ст. зарадзілася рэаліст.л-ра. Дэмакр., антыфеад. тэндэнцыі выявіліся ў гіст. раманах В.Інжынаша, сатыр. паэзіі Х.Сандага. Пасля рэвалюцыі 1921 узнікла новая л-ра: створаны аповесці (Д.Нацагдорж, Ц.Дамдзінсурэн), зарадзілася рэв. паэзія, значных поспехаў дасягнула драматургія (п’есы С.Буянэмэха, Нацагдоржа). Пасля 2-й сусв. вайны пашырылася ваен. тэматыка (аповесці «Аюуш» Д.Сэнгээ, «Вучань Ганбат» Д.Цэвэгмэда, вершы Ч.Лхамсурэна, Дамдзінсурэна), з’явіліся п’есы на тэмы сучаснасці (Сэнгээ, Л.Ванган). Вызначальная рыса л-ры 1950—60-х г. — станаўленне і развіццё новага рамана: прыгодніцкага («На Алтаі» Ч.Ладайдамба), гісторыка-рэв. («Ранішняя зара» Б.Рынчэна, «Чырвонае сонца» С.Дашдэндэва), на тэмы сучаснасці («Вясна — восень» Ч.Чыміда). У 1960—70-я г. далейшае развіццё атрымалі раман (Л.Тудэў), аповесць (С.Удвал), апавяданне і навела (Э.Аюун, С.Эрдэнэ). Паэзія ўзбагацілася лірычнымі і грамадз. вершамі Б.Явуўхулана, Чыміда, паэмамі Ц.Гайтава. Вядучае месца занялі пераклады. Творчасць сучасных манг. пісьменнікаў сведчыць пра збліжэнне л-ры М. з прагрэс.сусв. л-рай з захаваннем нац. асаблівасцей. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі «Мангольскія казкі» (пер. А.Якімовіча, 1956), раманы Тудэва «Горны паток» (пер. І.Сакалоўскага і У.Шахаўца, 1971) і Н.Банзрагча «Шлях» (пер. М.Парахневіча, 1978), зб. навел «Вясновыя птушкі» (пер. В.Рабкевіча, В.Новіка, З.Прыгодзіча, М.Паслядовіча, Я.Крамко, А.Рыбака, 1981), казка «Залатая ластаўка» (пер. С.Міхальчука, 1982). На бел. мову паасобныя вершы і навелы манг. пісьменнікаў перакладалі Я.Бяганская, М.Калачынскі, П.Макаль, Ю.Свірка, Х.Чэрня і інш.
Архітэктура. Збудаванні на тэр. М. вядомы з часоў Цюркскага каганата (7 ст.), калі на месцы пахаванняў узводзілі храмы з мемар. стэламі і скульптурай. Ад перыяду Уйгурскага каганата (745—840) захаваліся руіны сталіцы Орду-Балык (пазней Хара-Балгас) са строгай планіроўкай, абарончымі збудаваннямі, дамамі, храмамі. Пры кіданях (10—12 ст.) інтэнсіўна будаваліся гарады. Звычайна горад, амаль квадратны ў плане, быў абкружаны равамі і землянымі валамі. Яго перасякалі адна ці некалькі вуліц з адм. будынкамі, храмамі і дамамі, на незабудаваных участках ставілі юрты і палаткі. Пры раскопках г. Барс-Хот I (10—12 ст.) выяўлены рэшткі будыйскага храма з сюжэтнымі і арнаментальнымі фрэскамі і 2 цагляныя пагады з 5 і 7 ярусамі (апошняя выш. 16 м), у дэталях звязаныя з мясц. традыцыяй і ўплывам Кітая. У канцы 12 — пач. 13 ст. вядомасць набывае архітэктура сталіцы Каракарум. Захаваліся рэшткі палаца хана Угедэя (пл. 2475 м²) на штучнай насыпной платформе (гранітныя цокалі і базы калон, разьба па камені і дрэве, лепка, чаканка і інш.) і кумірні (малітоўныя дамы) з насценнымі размалёўкамі. У 16 — пач. 20 ст. ў манг. ханствах і княствах асн. відам жылля была лямцавая зборна-разборная юрта (гэр: дыяметр 5 м, выш. каля 3 м) на драўляным каркасе з рассоўнымі насценнымі рашоткамі, дзвярной каробкай і дахам у форме ўсечанага конуса; звонку дзверы лямцавыя, унутры — драўляныя размаляваныя. Для далёкіх паездак з караванамі служылі шасцісхільныя палаткі (майханы). З канца 16 ст. з пашырэннем ламаізму вялося буд-ва манастыроў і храмаў. З’явіліся культавыя пабудовы з дрэва, у аснове якіх — кампазіцыя юрты (часам на колах) круглай, шматвугольнай, з сярэдзіны 17 ст. квадратнай формы, а таксама цагляны кіт. і каменныя тыбецкага тыпаў (у манастырах Амур-Баясхуланту-хіт, Эрдэні-дзу). Своеасаблівыя мемар. збудаванні — субурганы (Бодзі-субурган у манастыры Эрдэні-дзу). Захаваліся храмы змешанага тыпу: манг.-кіт. (манастыр Да-Хурэ ва Улан-Батары, засн. ў 1651 як качавы, з 1779 — аселы; юртападобныя храмы 18 ст.), тыбецка-кіт., тыбецка-манг. (манастыр Гандан, пач. 18 ст., з храмам Мэгджыд-Джанрайсэг, пач. 20 ст., ва Улан-Батары). У 19 — пач. 20 ст. цэнтрам культавага і свецкага буд-ва быў Улан-Батар (палацавы комплекс Ноган-Орга, «Зялёны палац», 1832). У 1920—30-я г. разгарнулася грамадз. і прамысл.буд-ва, рэканструкцыя старых (Улан-Батар) і стварэнне новых (Дархан, Налайха, Сайншанд) гарадоў і пасёлкаў з рэгулярнай планіроўкай, рысамі сав. канструктывізму. У 1940—50-я г. фасады грамадскіх будынкаў упрыгожвалі порцікамі, каланадамі, нац. арнаментам (Мангольскі ун-т ва Улан-Батары). Будынкі ўзводзілі з улікам кліматычных умоў, патрабаванняў камфорту, выразнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі (Т-р оперы і балета ва Улан-Батары). У 1960—80-я г.буд-ва вялося паводле тыпавых праектаў, з выкарыстаннем жалезабетонных канструкцый на аснове прынцыпаў функцыян. архітэктуры (выставачная зала ва Улан-Батары, будынак вакзала ў Сухэ-Батары).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб.стараж. помнікі мастацтва на тэр. М. вядомы з 14—10 ст. да н.э. (выбітыя або нанесеныя фарбай на скалах выявы жывёл). У 4—3 ст. да н.э.метал. вырабы і каменныя надмагільныя слупы аздаблялі стылізаванымі фігуркамі жывёл. У кургане Наін-Ула (1 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.) выяўлены начынне, тканіны, лямцавыя дываны, аздабленне конскай вупражы. У 6—8 ст. развіваліся рамёствы па вырабу конскай вупражы, зброі, упрыгожанай расл. арнаментам, з’явіліся мемарыяльныя каменныя стэлы на пастаментах у выглядзе чарапоў, скульпт. фігуры мужчын каля надмагільных помнікаў, т.зв.каменныя бабы. У 8—10 ст. развіваліся партрэтная пластыка, прысвечаная уйгурскім уладарам, фігуратыўная размалёўка з выявамі уйгурскіх і кіданьскіх уладароў у мемар. палацах і храмах, у 10—12 ст. — кераміка (фігуркі будыйскіх божастваў, жывёл і інш. з раскопак г. Барс-Хот I). Сінтэзам мастацтваў і стылістычнай разнастайнасцю вызначаюцца творы 12—13 ст., знойдзеныя ў Каракаруме: фігуратыўныя скульптуры, дэкар. маскі, жывапісныя партрэты ханаў і інш.Найб. пашыраным відам жывапісу 16 — пач. 20 ст. былі танка — будыйскія кампазіцыі, выкананыя на палатне фарбамі тыпу гуашы. У насценных размалёўках адчувальны ўплыў мастацтва Тыбета, Кітая, Непала. Стваралася храмавая скульптура з гліны, дрэва і бронзы, заснавальнік яе кананічнай формы — скульпт. Дзанабадзар (2-я пал. 17 ст.; рабіў таксама танка). З канца 19 ст. пашырыўся таксама свецкі жывапіс (ургінская школа і інш.) — партрэты, пейзажы, жанравыя палотны. У пач. 20 ст. пад уплывам еўрап.рэаліст. традыцый пачала фарміравацца сучасная манг.маст. школа (жывапісцы Б.Шараў, Д.Манібадар і інш.). У 2-й пал. 20 ст. пашырылася тэматыка твораў, у якіх спалучаліся прыёмы нац. і еўрап. мастацтва (жывапісцы Г.Адон, Будбазар, Н.Цултэм, А.Цэвэгжаў, Д.Чойдаг, графікі Д.Амгалан, Балдан, скульптары Н.Жамба, С.Чоймбал і інш.). Развіваюцца вышыўка, аплікацыя, маст. апрацоўка металу, ювелірнае мастацтва, разьба па дрэве, выраб каляровых масак з пап’е-машэ, сюжэтных дываноў і інш.
Музыка. У традыц. музыцы М. пераважае вак. музіцыраванне, часта з інстр. суправаджэннем, пашыраны сольныя і ансамблевыя інстр. кампазіцыі. Ладавая аснова пераважна ангемітонная (часам пентатоніка). Спецыфічнае гуказдабыванне ў традыцыях гарлавога спеву (хаамэй), ігры на цууры (падоўжная флейта), аманхурах (самагучальныя язычковыя тыпу варганаў) і інш. Сярод традыц. інструментаў: стр. смычковыя — морын-хур, іх-хур, хучыр; стр. шчыпковыя — тобшур, шудрага (шанза), цытра ятга, род цымбалаў ёачын; драўляныя духавыя — лімбэ, цуур, біш-хур (тып габоя), эвэр-бурээ (рог); ударныя — барабаны хэнгэрэг, бумбур, талеркі цан, літафоны, шаманскія бубны; храмавыя інструменты — марская ракавіна дун, званы хонх, гонгі, вял. медныя трубы і інш.Стараж. музыка звязана з паляўнічай і жывёлагадоўчай практыкай, абрадамі. У 3 ст. да н.э. — 2 ст.н.э. ўзніклі разнастайныя жанры і віды музыкі. Да 13 ст. развівалася прыдворная музыка, дзейнічалі шматскладавыя аркестры. Музыка ўваходзіла ў абрады шаманізму і культу продкаў, суправаджала баявыя дзеянні; былі пашыраны караванныя песні без слоў (уншуу). У 13—14 ст. выпрацоўваліся нарматывы класічнай музыкі. Склаўся рэпертуар віртуознай сольнай інстр. музыкі, развіліся муз.-паэт. жанры магтаал (ода) і сургаал (дыдактычны верш). Розныя жанры манг.муз.-паэт. традыцыі спалучае гісторыка-эпічнае «Патаемнае казанне» (13 ст.). У канцы 17 — пач. 20 ст.муз. жыццё засяроджвалася пераважна ў ламаісцкіх манастырах. У 18 ст. цэнтрам культ. жыцця М. стала Урга. Вызначыліся асн. песенныя жанры: найб. развітая працяжная — уртын-дуу і кароткая — богіна-дуу. У 1920—30-я г. пачалося асваенне жанраў еўрап. музыкі (опера, балет, сімфонія, інстр. канцэрт). Сярод дзеячаў муз. мастацтва: кампазітары С.Ганчыксумла, Б.Дамдзінсурэн (першая нац. опера «Сярод трох маркотных гор», з Б.Смірновым, паст. 1942), Л.Мурдорж (першая нац. сімфонія «Мая радзіма», 1955), У.Білегжаргал, Э.Чойдаг, Д.Луўсаншараў (першая нац. аперэта «Голы князь», 1986; песні і інш); дырыжоры Ж.Чулун, Ц.Намсрайжаў, Ж.Жамсранжаў, спевакі Ц.Пурэўдорж, А.Сурдал, А.Загдсурэн, Х.Уртнасан, А.Хаўлаш; інструменталісты Т.Цолман, З.Сэрэтэр, Аюуш; выканаўцы традыц. музыкі — спевакі Л.Луўсанбалдан, Ш.Дамба, М.Дашрынчэн, С.Гомба, Б.Луўсангампіл, М.Дугаржаў, Ж.Дарждагва, Н.Нараўбанзад, інструменталісты А.Сандаг, Д.Ішдулам, О.Дашдэлэг, У.Луўсанхурчы, Л.Цэрэндорж, Г.Жам’ян, Д.Дашдулам. У М. працуюць (1999): больш за 10 муз. т-раў, у т. л.Дзярж.т-р оперы і балета (з 1963); філармонія, пры якой сімф. аркестр (з 1957), эстр. калектывы; Ансамбль Манг.нар. арміі (з 1932), Дзярж. ансамбль песні і танца (з 1950). Муз. аддзел у Пед. ін-це (Улан-Батар), муз.-харэаграфічныя вучылішчы. У 1957 створаны Саюз кампазітараў М.
Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва М. — у тэатралізаваных рытуальных дзействах, нар. абрадах, танцах-пантамімах, выступленнях нар. спевакоў-сказіцеляў. З канца 14 ст. на манг. мастацтва, у т. л.т-р, паўплываў кіт. класічны т-р. Папулярнымі былі выступленні артыстаў-лялечнікаў. У 17 ст. з распаўсюджаннем будызму ўзнік містэрыяльны т-р цам (сінт. форма, дзе драм. дыялогі перамяжоўваюцца з пантамімай, танцам, харавымі спевамі). Пры дварах манг. князёў існавалі прыдворныя т-ры. У 1830 у Габійскім аймаку адбыўся першы публічны спектакль «Месячная зязюля». З 1920-х г. пачала шырока развівацца тэатр. самадзейнасць; арганізаваны муз.-драм. гурткі, з якіх пазней узніклі праф. т-ры. Спектаклі ставіліся ў нар. традыцыях. Рэпертуар складаўся з інсцэніровак нар. песень і сцэнак на надзённыя тэмы. Рабіліся спробы выкарыстоўваць вопыт кіт. класічнага т-ра і т-ра ян-гэ. У 1930 ва Улан-Батары арганізавана тэатр. студыя, з якой у 1931 узнік Цэнтр.дзярж.манг.т-р (з 1942 Дзярж.муз.-драм.т-р). Новая нац. драматургія была сарыентавана на традыцыйную манг.тэатр. форму сінт.т-ра. Ставіліся п’есы манг. аўтараў, творы сусв. класікі, сав. драматургаў. У 1963 на базе Дзярж.муз.-драм.т-ра створаны Дзярж.т-р оперы і балета і Дзярж.т-р драмы імя Д.Нацагдоржа. З 1970-х г. развіваецца драматургія сучаснай тэматыкі; прасочваецца тэндэнцыя засваення еўрап.тэатр. школы і драматургіі. Ва Улан-Батары працуюць таксама Т-р лялек (з 1948), Цэнтр. дзіцячы т-р (з 1950), існуюць аймачныя (абласныя) т-ры.
Кіно. У 1935 ва Улан-Батары створана кінастудыя «Манголкіно». У 1936 выйшлі першыя дакумент. фільмы, у 1938 — маст. фільм «Шлях Норжмы» (рэж. Т.Нацагдорж, Л.Шэфер). З 1947 пачаўся сістэматычны выпуск кінаперыёдыкі. Першых поспехаў манг. кінематаграфісты дасягнулі ў гісторыка-рэв. тэматыцы: «Пасланец народа» (1959), «Адзін з многіх» (1962), «Раніца» (1968, усе рэж. Д.Жыгжыда), «Апавяданні пра вайну» (1970, рэж. Ж.Бунтар, Н.Нямдава), «Пачатак вялікага шляху» (1978, рэж. Б.Сумху) і інш. На сучасную.тэматыку ставіліся камедыі і меладрамы, з 1970-х г. здымаліся псіхал.сац. драмы: «Зяць» (1970, рэж. Жыгжыд), «Шум матора» (1973) і «Жонка» (1975, рэж. Сумху), «Сустрэча» (1974, рэж. Нямдава), «За перавалам перавал» (1977, рэж. Бунтар), «Неба праясняецца» (1978, рэж. Р.Даржпалам), «Жыццё чалавечае» і «Хатанбатар» (1981, рэж. Г.Жыгжыдсурэн). Значны ўплыў на станаўленне манг. кінематографа зрабілі сав. кінематаграфісты. Сярод сумесных сав.-манг. фільмаў: «Яго завуць Сухэ-Батар» (1942, рэж. А.Зархі, І.Хейфіц), «Віцязі стэпу» (1945, рэж. Ю.Тарыч, Дудсан-Джалел, М.Болд), «Слухайце, на тым баку!» (1972, рэж. Б.Ермалаеў, Сумху), «Праз Гобі і Хінган» (1982, рэж. В.Ардынскі, Сумху). Здымаюцца дзіцячыя (рэж. Х.Дамдзін, Нямдава і інш.) і дакумент. (рэж. А.Уртнасан, Г.Даждорж і інш.) фільмы. У 1970-я г. створаны Саюз работнікаў мастацтваў, які аб’ядноўвае і кінематаграфістаў.
Літ.:
История Монгольской Народной Республики. М., 1983;
Татаро-монголы в Азии и Европе: Сб. ст. 2 изд. М., 1977;
Трепавлов В.В. Государственный строй Монгольской империи XIII в.: Пробл. исп. преемственности. М., 1993;
Михайлов Г.И., Яцковская К.Н. Монгольская литература. М., 1969;
Тудэв Л. Национальное и интернациональное в монгольской литературе: Пер. с монг. М., 1982;
Майдар Д. Архитектура и градостроительство Монголии. М., 1972;
Майдар Д., Пюрвеев Д. От кочевой до мобильной архитектуры. М., 1980;
Цултэм Ням-Осорын. Искусство Монголии с древнейших времен до начала XX в. М., 1982;
Кондратьев С.А. Музыка монгольского эпоса и песен. М., 1970;
Смирнов Б.Ф. Монгольская народная музыка. М., 1971;
Герб і сцяг Манголіі.Да арт.Манголія. Краявід на поўначы краіны.Да арт.Манголія. Горна-абагачальны камбінат «Эрдэнэт».Да арт.Манголія. Мангольскія дываны.Да арт.Манголія. Мангольскае войска. Мініяцюра са «Зборніка летапісаў» Рашыд-ад-дзіна. 1301—14.Да арт.Манголія. Байцы Мангольскай народна-рэвалюцыйнай арміі вядуць бой з японскімі захопнікамі. Халхін-Гол. 1939.Да арт.Манголія. Трыумфальныя вароты ў палацавым комплексе Ноган-Орга ва Улан-Батары. 19 ст.Да арт.Манголія. Храм Мэгджыд-Джанрайсэг манастыра Гандан. Пач. 20 ст.Да арт.Манголія. Юрта.Да арт.Манголія. Будынак вакзала ў г. Сухэ-Батар.Да арт.Манголія. Будынак выставачнай залы ва Улан-Батары.Да арт.Манголія. Каменныя бабы. 6—8 ст.Да арт.Манголія. Буда. Невядомы майстар. 19 ст.Да арт.Манголія. Абраз «Буда Алмазнапрастольны (Ваджрасана)». Палатно, клеявыя фарбы. Канец 11—12 ст.Да арт.Манголія. Галаўное ўпрыгожанне. 19 ст.Да арт.Манголія. Майстар ургінскай школы. Шак’ямуні. 19 ст.Да арт.Манголія. Маска для рэлігійнай цырымоніі цам. Бегдзе-Дармапала. 19 ст.Да арт.Манголія. Б.Шараў. Партрэт жонкі VIII богда-гэгэна. Пач. 20 ст.Да арт.Манголія. Дзанабадзар. Сіяма-Тара (Зялёная тара; злева) і Сіта-Тара (Белая тара; справа).Да арт.Манголія. Ансамбль мангольскіх народных інструментаў.Да арт.Манголія. Сцэна з оперы «Сярод трох маркотных гор».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБХА́ЗІЯ, Абхазская Аўтаномная Рэспубліка. Размешчана ў паўн.-зах.ч. Закаўказзя, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа. Пл. 8,6 тыс.км². Нас. 533,8 тыс.чал. (1991), гарадскога 48%. Нац. склад у 1989: грузіны (25%), абхазы (18%), армяне (15%), рускія (14%), грэкі, украінцы і інш. Сярэдняя шчыльн. 61 чал. на 1 км², найб. 150—200 чал. на нізінах і ў перадгор’ях (93% усяго насельніцтва). Сталіца — г.Сухумі, найб. гарады Ткварчэлі, Гагра, Ачамчыра, Гудаута, Галі.
Прырода. Большая ч.тэр. на паўд. схілах Галоўнага, ці Водападзельнага, хрыбта (найвыш. пункт г. Дамбай-Ульген, 4046 м), які акаймоўвае Абхазію з Пн. Найбуйнейшыя адгор’і: Гараўскі, Бзыбскі, Абхазскі, Кадорскі хрыбты. Пашыраны карставыя з’явы, шмат пячор (найб. і найдаўжэйшая Новаафонская). На ПдУ Калхідская нізіна. Радовішчы каменнага вугалю (Ткварчэлі), поліметал. руд, ртуці (Авадхарскае), барыту (Піцыкварскае, Апшрынскае); выхады мінер. крыніц (Ткварчэлі, Рыца, Авадхара і інш.). Клімат на нізінах і ў перадгор’ях субтрапічны, вільготны, у гарах умерана цёплы і халодны, снегавое покрыва ляжыць 2—3 месяцы. Сярэдняя т-растудз. на ўзбярэжжы 4—7 °C, у гарах ад 2 да -2 °C, ліп. адпаведна 22—24 °C і 16—18 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў на нізіне і ў перадгор’ях 1300—1500, у гарах да 2000—2400 мм за год. Безмарозны перыяд у прыморскай паласе 250—300 дзён. Найб. значныя рэкі — Кадоры, Бзыб, Келасуры, Гуміста — шматводныя, багатыя гідраэнергіяй; пераважае дажджавое і снегавое жыўленне. На выш. 882 мвоз. Рыца. Глебы на нізінах балотныя, у перадгор’ях падзолістыя, чырвана- і жаўтазёмныя. Пад лесам больш за 55%. На нізінах і ў цяснінах невял. масівы шыракалістых лясоў (граб, дуб, каштан і інш.), у перадгор’ях букавыя, у верхняй ч. гор піхтавыя лясы, вышэй за 2000 м субтрапічнае крывалессе, альпійскія лугі. На мысе Піцунда захаваўся гай рэліктавай хвоі. На ўзбярэжжы субтрапічная расліннасць (пальмы, магноліі, кіпарысы, эўкаліпты). У лясах трапляюцца высакародны алень, казуля, кабан, рысь, на нізінах — шакал. Запаведнікі: Гумісцінскі, Піцундскі, Псхускі, Рыцынскі.
Гісторыя. Найб.стараж. паселішчы чалавека на тэр. Абхазіі адносяцца да эпохі палеаліту і неаліту. Продкі абхазаў належалі да абарыгенаў Зах. Каўказа. У асірыйскіх надпісах яны ўпамінаюцца як абышлы, у антычных крыніцах — як абазгы (на Пн) і апсілы (на Пд). З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. Абхазія ўваходзіла ў Калхідскае царства, у 6—5 ст. да н.э. на яе марскім узбярэжжы ўзніклі грэч. калоніі Дыяскурыяда, Пітыунт і інш. У 1 ст.н. э. тут утварыліся раннефеад. княствы, залежныя ад Рыма. З 4 ст.тэр. Абхазіі ў складзе царства Лазіка. У 6 ст. пад уплывам Візантыі тут афіцыйна прынята хрысціянства. У перыяд Абхазскага царства ў 8—10 ст. завяршылася аб’яднанне стараж.абх. плямёнаў у адзіную народнасць. З 975 Абхазія ў складзе аб’яднанай Грузіі, на мяжы 16—17 ст. самастойнае княства, у 17—18 ст. пад уладай Турцыі, ч. насельніцтва перайшла ў мусульманства (канфесійная неаднароднасць захавалася і цяпер). Супраць тур. панавання абхазы паўставалі ў 1725, 1728, 1733, 1771, 1806. Пасля далучэння ў 1810 да Рас. імперыі ў Абхазіі захоўвалася ўнутр. самакіраванне. Пасля Каўказскай вайны 1817—64 княжацкая ўлада ліквідавана, на тэр. Абхазіі ўтвораны Сухумскі ваенны аддзел, пазней — ваенная акруга. Частка абх. насельніцтва перасялілася ў Турцыю і на Б. Усход. У 1866 аўтахтоннае насельніцтва на тэр. Абхазіі складала больш за 85%, у 1876 — 55,3%, затое доля груз. насельніцтва вырасла больш як у 4 разы — 24,4%. 10.3.1917 у Абхазіі створаны К-т грамадскай бяспекі — орган часовага кіравання, у ліст. — Нар. Савет. У чэрв. 1918 Абхазію занялі груз. войскі, матывуючы гэта барацьбой супраць бальшавізму. Пасля ўстанаўлення ў лютым 1921 сав. улады ў сак. Абхазія абвешчана сав.сацыяліст. рэспублікай. 16.12.1921 яна на дагаворнай аснове ўвайшла ў Груз. ССР, а ў снеж. 1922 як састаўная яе частка ў складзе ЗСФСР увайшла ў СССР. 1.4.1925 прынята 1-я Канстытуцыя Абхазіі. З лют. 1931 Абхазія — аўт. рэспубліка ў складзе Груз. ССР. За гады сав. улады доля тытульнага насельніцтва рэспублікі працягвала зніжацца, што вяло да напружання ў груз.-абх. адносінах; мелі месца антыгруз. масавыя хваляванні (1964, 1967, 1978, 1989). Найб. вастрыні гэтыя супярэчнасці дасягнулі ў 1992, калі Вярх. Савет Грузіі прыняў рашэнне аб вяртанні да Канстытуцыі Груз.Дэмакр. Рэспублікі 1921, у якой Абхазія як суб’ект дзярж. прававых адносін не згадваецца. У адказ Вярх. Савет Абхазіі пастанавіў вярнуцца да Канстытуцыі рэспублікі 1925, якая абумоўлівала дагаворныя адносіны паміж Абхазіяй і Грузіяй. Летам 1992 разгарэўся ўзбр.грузіна-абхазскі канфлікт 1992—94. У канцы 1993 пачаліся груз.-абх. перагаворы пад эгідай ААН. 4.4.1994 груз. і абх. дэлегацыі падпісалі ў Маскве пагадненні аб мерах па паліт. урэгуляванні. У зону груз.абх. канфлікту ўведзены міратворчыя сілы Расіі. 26.11.1994 Вярх. Савет абвясціў дзярж. незалежнасць рэспублікі, прыняў новую Канстытуцыю і абраў першага прэзідэнта — У.Ардзынбу.
Гаспадарка. Абхазія — раён вырошчвання субтрапічных цытрусавых культур, тытуню, чаяводства. Прамысловасць звязана пераважна з перапрацоўкай с.-г. сыравіны (60% ад агульнай вытв-сці прамысл. прадукцыі); чайная, тытунёвая, вінаробная, рыбная, кансервавая прам-сць. Прадпрыемствы машынабуд., металаапр., абутковай, швейнай, дрэваапр. прам-сці. Сухумская ГЭС і Ткварчэльская ДРЭС. Важныя галіны сельскай гаспадаркі — тытуняводства (жоўты тытунь «Самсун»), чаяводства, вырошчванне цытрусавых, тунгу, эфіраалейных. Развіты вінаградарства і пладаводства. Жывёлагадоўля пераважна малочнага і мяса-малочнага кірунку. Вялікае эканам. значэнне мае курортная гаспадарка і турызм. Курорты — Гагра, Піцунда, Новы Афон, Гудаута, Сухумі, Гульрыпш. Сухумі — адзін з буйнейшых партоў Закаўказзя. Па прыморскай паласе праходзіць чыг. Туапсэ—Сухумі—Самтрэдыя і аўтадарога Новарасійск—Сухумі—Батумі.
Культура. У 1988 у Абхазіі больш за 210 дашкольных устаноў (16,7 тыс. дзяцей), 319 агульнаадук. школ (84,6 тыс. вучняў); 7 сярэдніх спец.навуч. устаноў (2,1 тыс. навучэнцаў), 2 ВНУ (Абхазскі ун-т і ін-т субтрапічнай гаспадаркі), сухумскі ф-тГруз.тэхнал. ун-та (усяго 7,7 тыс. студэнтаў); 391 б-ка з кніжным фондам 4,3 млн.экз. Абхазскі дзярж. музей, Музей абхазскай зброі, Музей-выстаўка ў Піцундзе. Навук. даследаванні вядуцца ў Ін-це эксперым. паталогіі і тэрапіі, Абхазскім філіяле НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі, НДІ турызму, Сухумскім бат. садзе.
Радыё і тэлебачанне вядуць перадачы на абх., груз. і рус. мовах. Рэтрансліруюцца радыё- і тэлепраграмы з Тбілісі, Сочы, Масквы.
Вытокі абх. літаратуры ў нар. творчасці, у багатым фальклоры, які ўключае шматлікія жанры — ад гераічных эпічных паданняў пра волатаў-нартаў і багаборца Абрскіла (эпас «Абрскіл» запісаны ў 19 ст.) да лірычных песень і мудрых афарызмаў. Першую спробу скласці абх. алфавіт на рус. графічнай аснове зрабіў у 1862 рас. мовазнавец П.К.Услар. Першы буквар выд. ў 1865. Заснавальнік маст. л-ры Дз.Гулія. Пад яго рэдакцыяй выходзіла першая абх.газ. «Апсны» («Абхазія», 1919—20). Першую абх. драму («Махаджыры», 1920) напісаў С.Чанба. Вядомасць набыла творчасць паэтаў І.Кагонія, Л.Квіцынія, К.Агумаа, Б.Шынкубы, Ш.Цвіжбы, А.Ласурыя і інш. У 1930-я г. пачала фарміравацца проза: раманы І.Папаскіры і Гулія, аповесці Чанбы, У.Агрбы, Цвіжбы, апавяд. М.Хашбы. У пасляваеннай прозе вызначаюцца раманы І.Папаскіры «Шлях Хімур», «Каля падножжа Эрцаху», «Жаночая годнасць», аповесці Агумаа, М.Хашбы, П.Чкадуа, М.Папаскіры, А.Гогуа, вершы, паэмы, апавяданні Квіцынія, Л.Лабахуа, Агумаа, Д.Дарсалія, С.Кучберыя, П.Чкадуа, раманы ў вершах «Мае землякі» і «Песня пра скалу» Шынкубы, творы І.Тарбы, М.Лакербая, А.Ласурыя, А.Джонуа, К.Ломія, К.Чачхалія, Г.Гублія, У.Анквабы. Уклад у абх. л-ру зрабілі Н.Тарба, Гогуа, Ш.Чкадуа, Д.Ахуба і інш. У дзіцячай л-ры плённыя набыткі ў Д.Тапагуа, Г.Папаскіры; у крытыцы — у Ш.Інал-Іпы, Х.Бгажбы, М.Дзелбы, Ш.Салакія і інш. У перакладзе на бел. мову выйшлі кніга Гулія «Выбранае» (1974) і раман Тарбы «Сонца ўзыходзіць у нас» (1979).
З найб.стараж. твораў выяўл. мастацтва на тэр. Абхазіі вядома кераміка, жаночыя статуэткі з Ачамчырскага селішча, Эшэрскі і Ангарскі дальмены. Да ант. помнікаў адносіцца Сухумская крэпасць (2—3 ст.), разнастайныя ўзоры прыкладнога мастацтва. З сярэдневяковай архітэктуры вылучаюцца базіліка ў Піцундзе, храмы ў сёлах Бедыя і Лыхны, «замак Баграта» ў Сухумі, Беслецкі мост, а таксама разны іканастас у царкве с. Ольгінскае, залаты абраз св. Кацярыны, каляровыя малюнкі на керамічным посудзе і інш.Нар. мастацтва Абхазіі—разьба і інкрустацыя па дрэве, гравіроўка па метале, ткацтва дываноў, вышыўка, пляценне паясоў. У канцы 19 — пач. 20 ст. пабудаваны гасцініцы і палац у Гагры, дом Алаізі ў Сухумі, закладзены паркі ландшафтны і прыморскі ў Гагры, дэндралагічны ў Сухумі. Сярод сучасных буйнейшых збудаванняў: ін-т субтрапічнай гаспадаркі ў Сухумі, санаторый «Расія», курортны комплекс у Піцундзе. Жывапісцамі (С.Габелія, Х.Авідзба і інш.) створаны карціны на гіст. тэмы, пейзажы, партрэты, нацюрморты; развіваюцца скульптура (В.Іванба, Ю.Чкадуа і інш), графіка (Т.Ампар, З.Джынджаліа і інш.), тэатр.-дэкар. (Т.Жванія) і дэкар.-прыкладное (В.Шэнгелая, В.Хурхумал і інш.) мастацтва. У 1939 заснавана Абх.аддз. Саюза мастакоў Грузіі, у 1946 — Абх.аддз. Саюза архітэктараў Грузіі.
Муз. фальклор Абхазіі захаваў стараж. ўзоры абрадавых, сямейна-быт., гіст.-гераічных песень, танцаў, інстр. найгрышаў. Пераважае 2- і 3-галоссе; сустракаюцца ўзоры антыфоннага спявання, гетэрафоніі і інш. Сярод традыц. інструментаў: струнна-смычковы апхерца; струнна-шчыпковыя — аюмаа (тыпу арфы), ахымаа; духавыя — ачарпын, абык; ударны — адаул; самагучальны — акапкап (трашчотка). Першыя збіральнікі нар. песень К.Ковач, К.Дзідзарыя (1920-я г.). Прафес. музыка фарміруецца з 1930-х г. Творы буйных форм стварылі Дз.Шведаў, А.Чычба, Р.Гумба, М.Берыкашвілі і інш. Працуюць (1988): філармонія, сімф. аркестр, хар. капэла, Дом нар. творчасці, Ансамбль песні і танца Абхазіі, ансамбль доўгажыхароў «Нартаа». Муз. вучылішча (1930). У 1971 засн. Саюз кампазітараў Абхазіі.
Вытокі тэатр. культуры абхазаў у нар. гульнях, абрадах, вуснай нар. творчасці. З 1915 у Сухумі ставіліся аматарскія спектаклі. У 1921 створана абх. вандроўная трупа пад кіраўніцтвам Дз.Гулія. З 1928 працаваў драм.т-р у Сухумі (абх. і груз. трупы). На базе абх.драм. студыі ў 1930 у Сухумі адкрыты Абх.нац.т-р (з 1967 імя С.Чанбы). У яго рэпертуары нац. драматургія, інсцэніроўкі нар. паданняў і легендаў, сучасныя і класічныя п’есы.
Літ.:
Лакоба С.З. Очерки политической истории Абхазии. Сухуми, 1990;
Марыхуба И.Р. Об абхазах и Абхазии: Ист. справка. Сухум (Акуа), 1993;
Очерки истории Абхазской АССР. Ч. 1—2. Сухуми, 1960—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ САВЕ́ЦКАГА САЮ́ЗА (КПСС),
палітычная арганізацыя, якая з кастр. 1917 была кіруючай у РСФСР, з 1922 да ліст. 1991 — у Саюзе Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Яе сац. база — рабочы клас і бяднейшае (потым калгаснае) сялянства, тэарэт. аснова — марксізм-ленінізм. Бярэ пачатак з Першага з’езда РСДРП (13—15.3.1898, Мінск), фактычна — з узнікнення бальшавіцкай плыні ў РСДРП на II яе з’ездзе (30.7—23.8.1903, Брусель—Лондан). У бальшавізме сканцэнтравалася сутнасць таго марксізму, які аказаўся прымальным ва ўмовах Расіі. З канца 20-х г. ён стаў асаблівай якасцю, кодэксам паводзін, спосабам ажыццяўлення марксізму, што вызначыла такія яго рысы, як крайні цэнтралізм, аднадумства тэарэт. дагматызм, радыкальныя формы рэв. барацьбы. Арганізацыйна бальшавіцкая партыя аформілася на VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі РСДРП (18—30.1.1912). Поўнасцю і канчаткова выйшла з сумесных з меншавікамі арг-цый РСДРП пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. 1-я Праграма партыі, прыпятая на II з’ездзе РСДРП, складалася з праграмы-мінімум і праграмы-максімум, якія вызначылі бурж.-дэмакр. і сацыяліст. этапы рэв. барацьбы: звяржэнне самадзяржаўя, перарастанне бурж.-дэмакр. рэвалюцыі ў сацыялістычную, пабудова сацыяліст. грамадства — 1-й ступені камуніст.сац.-эканам. фармацыі. У ходзе рэвалюцыі 1905—07 у Расіі бальшавікі актыўна падтрымалі створаныя рэв. ініцыятывай іванава-вазнясенскіх рабочых Саветы рабочых дэпутатаў, выступілі за ператварэнне іх у органы ўзбр. паўстання, зародак новай рэв. улады. Памылкова спадзеючыся на рэв. ўздым, бальшавікі байкатавалі выбары ў 1-ю і 2-ю Дзяржаўную думу. З 1907 свой удзел у Думе яны разумелі як адну з форм выкрыцця царскага ўрада і палітыкі лібералізму. Пазадумская барацьба заставалася для бальшавікоў асноўнай. На V з’ездзе РСДРП (13.5—1.6.1907, Лондан) замест Цэнтр.к-та (ЦК) і Цэнтр. органа (ЦО) выбраны толькі ЦК (з 12 членаў ЦК было абрана 5 бальшавікоў і 7 меншавікоў). Пасля з’езда бальшавікі на сваёй нарадзе стварылі Бальшавіцкі цэнтр на чале з У.А.Леніным, які выпускаў газ. «Пролетарий» (1906—09). У канцы 1910 бальшавікі разам з меншавікамі-партыйцамі наладзілі выпуск у Расіі легальнай газ. «Звезда». 22.4(5.5).1912 выйшаў 1-ы нумар бальшавіцкай газ.«Правда». З пач. 1-й сусв. вайны (1.8.1914) бальшавікі заклікалі да ператварэння імперыяліст. вайны ў грамадзянскую, да дэмакр. рэвалюцыі ў Расіі. Адсюль вынікаў тактычны лозунг — паражэнне свайго ўрада ў вайне. У жн. 1915 Ленін прапанаваў замяніць марксісцкае палажэнне аб адначасовай перамозе сацыялізму ва ўсіх ці ў большасці капіталіст. краін новым палажэннем, паводле якога «магчыма перамога сацыялізму першапачаткова ў нямногіх або нават у адной, асобна ўзятай капіталістычнай краіне». У пач. 1917 у партыі бальшавікоў налічвалася каля 24 тыс. членаў. Бальшавікі мелі свае арг-цыі ва ўсерас. маштабе і адзіны цэнтр — Рус. бюро ЦК. Пасля перамогі 27 лют. (12 сак.) Лют. рэвалюцыі 1917 у Расіі ўзніклі 2 улады: Часовы ўрад і Петраградскі Савет, у выканкоме якога большасць склалі меншавікі. Вярнуўшыся з-за мяжы, Ленін на Красавіцкай канферэнцыі РСДРП бальшавікоў Петраграда прапанаваў праграму дзеянняў у новых умовах («Красавіцкія тэзісы»): пераход ад бурж.-дэмакр. да сацыяліст. этапу рэвалюцыі, стварэнне рэспублікі Саветаў, мірны пераход улады да Саветаў, братанне на фронце, канфіскацыя памешчыцкіх зямель і нацыяналізацыя ўсіх зямель у краіне і інш. Петраградская канферэнцыя ўхваліла тэзісы. Супраць выступілі Л.Б.Каменеў і А.А.Рыкаў. VII (Красавіцкая) Усерас. канферэнцыя РСДРП(б) [24—29.4(7—12.5).1917, Петраград] па прапанове Леніна прыняла курс на сацыяліст. рэвалюцыю, разлічаны на пераход усёй дзярж. улады ў рукі Саветаў і ператварэнне іх у органы дыктатуры пралетарыяту. VI з’езд РСДРП(б)[26.7—3.8(8—16.8).1917, Петраград] пацвердзіў курс на сацыяліст. рэвалюцыю ў краіне праз узбр. паўстанне. 10(23) кастр. ў Петраградзе ЦК. прыняў рашэнне аб практычнай яго падрыхтоўцы. 16(29) кастр. пры Петраградскім Савеце быў створаны Ваен.-рэв. цэнтр з членаў ЦК. 24 кастр. (6 ліст.) Пецярбургскі к-т прыняў пастанову аб неадкладным звяржэнні Часовага ўрада і перадачы ўлады Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў. 25 кастр. (7 ліст.) Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 перамагла. У звароце «Да грамадзян Расіі!» Ленін выклаў праграму: дэмакр. мір, адмена памешчыцкай уласнасці на зямлю, рабочы кантроль над вытворчасцю, стварэнне Сав. ўрада. II Усерас. з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў [25—27.10(7—9.11).1917, Петраград) выбраў Савет Народных Камісараў (СНК) з бальшавікоў на чале з Леніным, прыняў Дэкрэты аб міры і зямлі. Да вясны 1918 улада Саветаў усталявалася амаль усюды. VIII з’езд РКП(б) (18—23.3.1919, гэты і ўсе наступныя з’езды адбываліся ў Маскве) прыняў новую Праграму, у якой адзіным сродкам выхаду са створанага імперыялізмам тупіка і імперыяліст. вайны абвяшчалася толькі пралетарская, камуніст. рэвалюцыя. Рабілася стаўка на развіццё буйной прам-сці і с.-г. вытв-сці, пралетарскай дэмакратыі ў форме сав. улады як «вышэйшага тыпу дэмакратызму». X з’езд РКП(б) (8—16.3.1921) па ініцыятыве Леніна прыняў рашэнне аб пераходзе ад палітыкі «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі (нэп), аб замене харчразвёрсткі харчпадаткам. З’езд забараніў у РКП(б) фракцыйную дзейнасць. Погляды апазіцыі павінны былі падпарадкоўвацца рашэнню большасці. У крас. 1922 пленум ЦК выбраў Ген. сакратаром ЦК партыі І.В.Сталіна. 6.10.1922 пленум ЦК РКП(б) прыняў рашэнне «прызнаць неабходным заключэнне дагавора паміж Украінай, Беларуссю, Федэрацыяй Закаўказскіх рэспублік і РСФСР аб аб’яднанні іх у «Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік», які быў створаны 30.12.1922 на I з’ездзе Саветаў СССР. У адпаведнасці з пастановай XII з’езда РКП(б) (17—25.4.1923) у краіне ўсталёўвалася дыктатура партыі, а да 1929 — сістэма наменклатуры ўліку і размеркавання пасад і кадраў. Апошняя стала ключавым звяном вяршэнства партыі над дзяржавай, фарміравання рэжыму асабістай улады Сталіна. З 1925 парт. органы прыступілі да выканання пастаўленай XIV з’ездам ВКП(б) (18—31.12.1925) задачы сацыяліст.індустрыялізацыі краіны з мэтай забеспячэння яе эканам. самастойнасці, умацавання абараназдольнасці, стварэння матэрыяльнай базы сацыялізму. На ліпеньскім (1928) пленуме ЦКВКП(б) Сталін заявіў, што «па меры нашага руху наперад супраціўленне капіталістычных элементаў будзе ўзрастаць, класавая барацьба будзе абвастрацца». Гэты тэзіс стаў тэарэт. абгрунтаваннем масавых рэпрэсій палітычных, якія пачалі разгортвацца ў краіне. У пач. 1930-х г. планавалася завяршыць калектывізацыю сельскай гаспадаркі і ліквідаваць кулацтва як клас. Парт. органы сканцэнтравалі ў сваіх руках вырашэнне важнейшых пытанняў, увялі кантроль над усімі сферамі жыцця насельніцтва, устанавілі ідэалаг. дыктат камуніст. дактрыны. Да сярэдзіны 1920-х г. у СССР спынілі дзейнасць інш.паліт. партыі. Камуніст. партыя ператварылася ў ядро грамадскіх арг-цый і дзярж. улады, што было замацавана ў Канстытуцыі СССР 1936. XVIII з’езд ВКЛ(б) (10—21.3.1939) канстатаваў, што сацыялізм у краіне ў асноўным пабудаваны і СССР уступіў у паласу завяршэння будаўніцтва сацыяліст. грамадства. У маі 1941 Сталін, застаючыся сакратаром ЦК, прызначаны і Старшынёй СНКСССР. З першых дзён Вял.Айч. вайны парт. і дзярж. органы ўзначалілі барацьбу сав. народа супраць фаш. агрэсіі. Сакратар ЦКВКП(б) Сталін прызначаны і Старшынёй Дзярж.к-та абароны і Вярх. Галоўнакамандуючым. Больш за палову членаў партыі змагаліся з ворагам у дзеючай арміі, 140 тыс. — у партыз. атрадах і брыгадах. У краіне сфарміравалася скаардынаваная сістэма аб’яднанага парт., дзярж., гасп. і ваен. кіраўніцтва. На XIX з’ездзе партыі (5—14.10.1952) ВКП(б) перайменавана ў КПСС. На вераснёўскім (1953) пленуме ЦККПСС Першым сакратаром ЦК выбраны М.С.Хрушчоў. Па выніках даклада Хрушчова на закрытым пасяджэнні XX з’езда КПСС (14—25.2.1956) «Аб кульце асобы і яго выніках» ЦККПСС 30.6.1956 прыняў пастанову «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў». XXII з’езд КПСС (17—31.10.1961) прыняў 3-ю Праграму партыі — праграму будаўніцтва камунізму. На кастрычніцкім (1964) пленуме ЦККПСС Хрушчоў вызвалены ад усіх пасад, першым сакратаром абраны Л.І.Брэжнеў. У 2-й пал. 1960-х г.КПСС прыняла і пачала праводзіць у жыццё эканам. рэформу, скіраваную на інтэнсіфікацыю эканомікі, паскарэнне навукова-тэхн. прагрэсу. У пач. 1970-х г. было адзначана, што ў СССР пабудавана развітое сацыяліст. грамадства. XXIII з’езд КПСС (29.3—8.4.1966) аднавіў пасаду Ген. сакратара ЦККПСС, скасаваную ў 1953. У чэрв. 1977 Ген. сакратар ЦККПСС Брэжнеў выбраны адначасова Старшынёй Прэзідыума Вярх. Савета СССР). У ліст. 1982 Ген. сакратаром ЦК КЛСС выбраны Ю.У.Андропаў, у маі 1984 — К.У.Чарненка (з красавіка ён быў і Старшынёй Прэзідыума Вярх. Савета СССР). У сак. 1985 Ген. сакратаром ЦККПСС абраны М.С.Гарбачоў. Па яго ініцыятыве КПСС пачала перабудовупарт., сац.-эканам., паліт. і культ. жыцця. XXVII з’езд КПСС (26.2—6.3.1986) прыняў новую рэдакцыю Праграмы партыі — праграму планамернага і ўсебаковага ўдасканалення сацыялізму, у якой замацавана канцэпцыя, што КПСС дзейнічае ў рамках Канстытуцыі СССР. 17.6.1986 пленум ЦК зацвердзіў «Асноўныя палажэнні карэннай перабудовы кіравання эканомікай», якія прадугледжвалі перанясенне цэнтра цяжару з пераважна адміністрацыйных на пераважна эканам. метады кіраўніцтва, шырокую дэмакратызацыю грамадства. На XIX Усесаюзнай канферэнцыі КПСС (28.6—1.7.1988) прынята рашэнне аб раздзяленні функцый паміж партыяй і Саветамі. 29.7.1988 пленум ЦК утварыў камісію на чале з Гарбачовым для падрыхтоўкі прапаноў па рэформе паліт. сістэмы сав. грамадства. 25.5.1989 з’езд нар. дэпутатаў СССР выбраў Ген. сакратара Гарбачова Старшынёй Вярх. Савета СССР, а 15.3.1990 — Прэзідэнтам СССР. 3-і Нечарговы з’езд нар. дэпутатаў СССР (сак. 1990) выключыў з Канстытуцыі СССР артыкулы, якія вызначалі КПСС як ядро паліт. сістэмы СССР. У снеж. 1989 XX з’езд Кампартыі Літвы аб’явіў КПЛ самастойнай паліт. арг-цыяй, у крас. 1990 адбыўся Устаноўчы з’езд Кампартыі РСФСР. XXVIII з’езд КПСС (2—13.7.1990) прыняў пастанову аб падрыхтоўцы новай Праграмы КПСС. 25.7.1991 пленум ЦККПСС зацвердзіў праект новай Праграмы КПСС «Сацыялізм, дэмакратыя, прагрэс» і прыняў рашэнне аб скліканні нечарговага XXIX з’езда партыі. Пасля выступлення 19—21.8.1991 Дзярж.к-та па надзвычайным становішчы Прэзідэнт РСФСР Б.М.Ельцын і Ген. сакратар ЦККПСС Гарбачоў 6.11.1991 выдалі сумесны дакумент аб роспуску КПСС, і яна спыніла існаванне. Перастала існаваць як састаўная частка КПСС і Камуністычная партыя Беларусі. У далейшым у краінах СНД былі створаны камуністычныя партыі, якія лічаць сябе ідэйнымі пераемнікамі КПСС, у ліку іх КПБ, ПКБ, КПРФ, КПУ і інш.
Літ.:
История ВКП(б): Краткий курс [2 изд.]. М., 1945;
Джилас М. Новый класс: Анализ коммунистической системы: Пер. с англ. Нью-Йорк. 1958;
История Коммунистической партии Советского Союза: В 6 т.Т. 1—5. М., 1964—82;
Коммунистическая партия Советского Союза в резолюциях и решениях съездов, конференций и пленумов ЦК. Т. 1—15. 9 изд. М., 1983—89;
Страницы истории КПСС: Факты. Проблемы. Уроки. М., 1988;
Страницы истории КПСС: Факгы. Проблемы. Уроки. М., 1989;
Троцкий Л.Д. К истории русской революции. М., 1990;
Восленский М. Номенклатура: Господствующий класс Советского Союза. М., 1991;
Рассел Б. Практика и теория большевизма: Пер. с англ.М., 1991;
История политических партий России. М., 1994;
Божанов В.А. Восхождение к абсолютной власти (большевики и советское государство в 20-е гг.). Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ АМЕ́РЫКА,
мацярык у Зах. паўшар’і; разам з Паўднёвай Амерыкай утварае частку свету Амерыка. Пл. з астравамі 24,25 млн.км², без астравоў 20,36 млн.км². Паўн. пункт — мыс Мерчысан 71°50′паўн. ш., паўд. — мыс Мар’ята 7°12′паўн. ш., усх. — мыс Сент-Чарльз 55°40′зах. д., зах. — мыс Прынца Уэльскага 168°зах. д. Працягласць з Пн на Пд 6600 км, з У на З 4800 км. На ПдЦэнтральнай Амерыкі Панамскім перашыйкам злучана з Паўд. Амерыкай, абмываецца Карыбскім м. і Мексіканскім зал., на У — Атлантычным ак., на З — Ціхім ак., на Пн — морамі Паўн. Ледавітага акіяна; ад Азіі аддзяляецца Берынгавым пралівам. Буйнейшыя а-вы: Грэнландыя, Канадскі Арктычны архіпелаг, Ньюфаўндленд, Ванкувер. Да П.А. звычайна адносяць і Вест-Індыю з Вялікімі Антыльскімі а-вамі. Найб. паўастравы: Лабрадор, Фларыда, Юкатан, Каліфарнійскі, Аляска. Найб. парэзаны фіёрдавыя берагі Грэнландыі, усх.ч. Канадскага Арктычнага архіпелага, Ціхаакіянскага ўзбярэжжа Канады і паўд. Аляскі. Берагі Атлантычнага ак. абразійныя, бухтавыя, акумуляцыйныя. Мала парэзаныя берагі Ціхага ак. на Пд ад Канады. На З і Пн Аляскі характэрны акумуляцыйныя і дэльтавыя берагі. Асобныя залівы глыбока ўразаюцца ў сушу. Найбольшыя: Гудзонаў, Мексіканскі, Аляска, Каліфарнійскі, Св. Лаўрэнція.
Рэльеф. Сярэдняя вышыня П.А. над узр. м. 720 м. На мацерыку спалучаюцца ступеньчатыя і пластавыя раўніны, нізіны з эразійнымі пласкагор’ямі і сярэднягор’ямі, складкава-глыбавымі гарамі, пласкагор’ямі дэнудацыйнага тыпу і інш. На ЗКардыльеры Паўночнай Амерыкі з г. Мак-Кінлі (6193 м — найвыш. пункт П.А.); на УАпалачы (выш. да 2037 м). У сярэдняй частцы мацерыка на ПнЛаўрэнційскае ўзвышша, нізіны Макензі і Гудзонава зал.; у цэнтры Цэнтральныя і Вялікія раўніны; на Пд Прымексіканская нізіна (да 200 м); на ўсх. узбярэжжы Прыатлантычная нізіна. Самы нізкі пункт -85 м (Даліна Смерці). На фарміраванне рэльефу на Пн уплывалі чацвярцічныя зледзяненні (ледавікі займалі каля 15,6 млн.км²), на Вялікіх раўнінах яры і лагчыны, рэльеф спадзіста-хвалісты. Горны рэльеф пераважае на Пд мацерыка — Мексіканскае нагор’е акаймавана хрыбтамі, горы цягнуцца ў Цэнтр. Амерыку. На З і Пд мацерыка вулканізм і значная сейсмічнасць.
Геалагічная будова. Аснова б.ч. мацерыка — Паўн.-Амерыканская платформа (утварылася ў дакембрыі 2,5—3 млрд.г. назад). Яна акаймавана складкавымі горнымі збудаваннямі каледонскага (ПнУ, Грэнландыя, Ньюфаўндленд, паўн.ч. Апалачаў), герцынскага (паўд.ч. Апалачаў і інш.) узростаў. Складкавыя структуры Кардыльераў меза-кайназойскага ўзросту, аформіліся ў невадыйскую (цэнтр. зона), ларамійскую (усх. зона) і альпійскую (ціхаакіянская зона) складкавасці. Дакембрыйскія метамарфізаваныя тоўшчы і гранітагнейсы, якія складаюць крышт. фундамент платформы, залягаюць на глыб. 3—4 км у вял. сінеклізах і прагінах. Яны запоўнены асадкавым чахлом пераважна ардовікска-каменнавугальнага і пермскага ўзростаў. На ПнУ, у Канадзе і Грэнландыі архейскія і раннепратэразойскія пароды сфарміравалі Канадскі шчыт.
Карысныя выкапні. Гал. металагенічныя правінцыі — Канадскі шчыт, Апалачы, Кардыльеры. Канадскі шчыт і Апалачы багатыя жалезам, меддзю, нікелем, золатам, плацінай, серабром. У Кардыльерах багатыя радовішчы золата, медзі, серабра, свінцу, вальфраму і інш. У ЗША і Мексіцы, на шэльфе Аляскі і Мексіканскага зал. выяўлена больш за 2 тыс. радовішчаў нафты. Вял. запасы кам. вугалю ў Апалачах (Ілінойскі і Пітсбургскі басейны) і Кардыльерах. Ёсць уранавая сыравіна, фасфарыты, сера, калійныя солі і інш.
Клімат. П.А. размешчана ва ўсіх кліматычных паясах Паўн. паўшар’я, за выключэннем экватарыяльнага. Ціхі ак. уплывае толькі на вузкую паласу ўзбярэжжа. З-за адсутнасці горных хрыбтоў шыротнага напрамку паўн.паветр. масы часам пранікаюць далёка на Пд, паўд. трапічныя — на Пн, Таму для П.А. характэрны рэзкія ваганні т-р паветра. Летам, калі цэнтр.ч. мацерыка моцна награецца і ўсталёўваецца вобласць паніжанага ціску, з Атлантычнага ак. і Мексіканскага зал. прыходзіць вільготнае цёплае паветра. Зімой над Канадай фарміруецца слабавыразная няўстойлівая вобласць высокага ціску з нізкімі т-рамі; халоднае паветра ахоплівае Канаду і значную ч. ЗША. Самыя халодныя месцы П.А. — в-аў Грэнландыя (у цэнтр.ч. ў студз. -46 °C, абс. мінімум -70 °C) і Пн Канады; самае гарачае — ПдЗ ЗША (Даліна Смерці, абс. максімум 56,7 °C).
Вылучаюць 6 кліматычных паясоў: арктычны займае паўн. ўзбярэжжа мацерыка, амаль увесь Канадскі Арктычны архіпелаг, б.ч. Грэнландыі (сярэдняя т-раліп. ніжэй за 5 °C, ападкаў 200—300 мм на З, да 1000 мм на У за год); субарктычны — паўд.-зах. ўзбярэжжа Грэнландыі, сярэднюю частку штата Аляска і паўн.тэр. Канады (сярэдняя т-раліп. 5—10 °C, ападкаў 300—1000 мм); умераны — Пд Канады і значную тэр. ЗША (т-раліп. 10—20 °C, студз. ад -24 да 5 °C, ападкаў ад 400—800 да 6000 мм); субтрапічны — Пд ЗША (т-раліп. 20—26 °C, студз. 10—15 °C, ападкаў менш за 250 мм на З і 1200—1400 мм на ПдУ); трапічны — Мексіку, ПнЦэнтр. Амерыкі, Вест-Індыю і Пд Фларыды (т-ра пастаянная, 18—26 °C, ападкаў ад 1500 мм на У да 100 мм на З); субэкватарыяльны — ПдЦэнтр. Амерыкі (т-ра больш за 20 °C, ападкаў 1000—3000 мм за год).
Гідраграфія. Каля 55% пл. мацерыка ў бас. Атлантычнага ак.; найб. рэкі Місісіпі з Місуры, Рыо-Грандэ, Св. Лаўрэнція, пераважна раўнінныя. 25% пл. належыць да бас. Ціхага ак.: Каларада, Калумбія, Фрэйзер, Юкан — горныя рэкі. Жыўленне снегавое і ледавіковае, падзенне стромкае, даліны глыбокія, шмат каньёнаў. У рэках Паўн. Ледавітага ак. (найб. Макензі, Нельсан, Чэрчыл) профіль нявыпрацаваны, цякуць праз шматлікія азёры, больш як палавіну года ўкрыты лёдам. У паўн.ч. мацерыка, якая трапіла пад абледзяненне, шмат азёр ледавікова-тэктанічнага паходжання. Найбольшыя: Вялікія азёры, Вялікае Мядзведжае возера, Вялікае Нявольніцкае возера, Вініпег, Атабаска, Манітоба. У Кардыльерах басейн Вялікага Салёнага возера не мае сцёку ў акіян. Ледавікі займаюць каля 2 млн.км², у т. л. 1,8 млн.км² на Грэнландыі, 150 тыс.км² на Канадскім Арктычным архіпелагу. Значныя горныя ледавікі ў Кардыльерах Аляскі і Канады.
Глебы і расліннасць. Асн. тыпы глеб і расліннага покрыва размешчаны занальна. На Пн Грэнландыі і Канадскага Арктычнага архіпелага арктычныя пустыні на грубых шкілетных глебах. На Пд архіпелага і паўн. узбярэжжы мацерыка тундравая расліннасць на балотных і тундрава-балотных глебах. Каля 30% пл. мацерыка займае лясная зона на дзярнова-падзолістых і бурых глебах, якая падзяляецца на падзону тайгі (елкі чорная і белая, лістоўніца амерыканская, піхта бальзамічная, хвоя Банкса, у зах. частцы — елка сітхінская, хвоя веймутава, піхта дугласава, туя гіганцкая, тсуга канадская), падзону мяшаных і лісцевых лясоў (клён, дуб, ясень, ліпа амерыканская, каштаны, букі і інш.). У субтрапічных лясах на бурых і жоўтых, мясцінамі на чырвоных глебах побач з лістападнымі пародамі трапляюцца вечназялёныя (цюльпанавае дрэва, магнолія, віргінскі ядловец). Унутр. частку мацерыка займаюць прэрыі на чарназёмных, каштанавых і буразёмных глебах. У сухіх раёнах паміж горнымі хрыбтамі Кардыльераў — пустыні і паўпустыні; расліннасць (кусцікі лебяды, палыну, кактусы, агавы) на шэразёмах. У найб. сухіх паўд. раёнах — фармацыі цвердалістых вечназялёных хмызняковых дубоў (чапараль). На ўсх. беразе Мексікі, у Цэнтр. Амерыцы і ў Вест-Індыі пераважаюць трапічныя лясы, на Мексіканскім нагор’і — сухія стэпы, паўпустыні з кактусамі, юкамі і агавамі.
Жывёльны свет. Тэр. П.А. ўваходзіць у 2 зоагеагр. вобласці: Галарктычную (амаль увесь мацярык да паўд. ч Мексікі) і Неатрапічную (цэнтральнаамерыканскую падвобласць). У зоне тундры — паўн. алень (карыбу), белы мядзведзь, аўцабык, палярныя зайцы, лемінгі, пясцы; на берагавых скалах «птушыныя кірмашы». У лясной зоне — амер. лось, алень-вапіці, бабёр, расамаха, янот-паласкун, ліс, воўк, куніца, вавёрка, скунс. У прэрыях бізон і антылопа-віларог (у запаведніках), каёт, тхор, суслікі, пацукі. У горных раёнах — мядзведзь грызлі, снежны баран, пума. На пустынна-стэпавых пласкагор’ях шматлікія паўзуны. На Пд Мексікі і ў Цэнтр. Амерыцы — малпы, чарапахі, у рэках алігатары.
Насельніцтва. У П.А. жыве каля 470 млн.чал. (1998). Сярэдняя шчыльнасць 19,3 чал. на 1 км², найбольшая на Бермудскіх а-вах — 1179, Барбадасе — 603, найменшая ў Грэнландыі — 0,03 і Канадзе — 3,1 чал. на 1 км². Пераважае гар. насельніцтва (Канада — 77%), ЗША — 76%, Мексіка — 74%). Карэнныя жыхары П.А. (належаць да асобнага адгалінавання мангалоіднай расы) — індзейцы, а таксама эскімосы і алеуты. З 16 ст. ў П.А. сталі перасяляцца іспанцы (Вест-Індыя, Мексіка, Цэнтр. Амерыка), з 17 ст. — французы, галандцы, англічане, ірландцы, немцы і інш., склаліся нацыі амерыканцаў, англа- і франка-канадцаў. Шмат выхадцаў з Еўропы (італьянцы, яўрэі, палякі, украінцы, выхадцы з Скандынаўскіх і Балканскіх краін, венгры і інш.) пераехала ў П.А. ў 19—20 ст.; у ЗША і Канадзе каля 20 тыс. беларусаў. На Пд ад ЗША жывуць народы метыснага паходжання (мексіканцы, гватэмальцы, гандурасцы, нікарагуанцы і інш., склаліся ад змяшання іспанцаў з індзейцамі). Індзейцаў засталося найбольш на Пд Мексікі і ў горных раёнах Гватэмалы. Нашчадкі афр. неграў-рабоў (адносяцца да негроіднай расы) і мулаты (еўрапеоідна-негрыцянскага паходжання) — асн. насельніцтва Гаіці, Ямайкі, інш. краін Вест-Індыі, значная доля насельніцтва ЗША. Большасць насельніцтва П.А. належыць да еўрапеоіднай расы, гаворыць на індаеўрапейскіх мовах, найбольш германскай (англійская мова) і раманскай (іспанская мова) груп. Некат. групы нядаўніх імігрантаў гавораць на інш. мовах. Каля 60% вернікаў належаць да шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў і сектаў (пераважна ў ЗША і Канадзе); больш за 30% — католікі (пераважна Мексіка і інш. іспанамоўныя краіны). Ёсць мусульмане, іудаісты, будысты, праваслаўныя, канфуцыянцы, сінтаісты, прадстаўнікі новых рэлігій і сектаў. Гл. таксама Народы Амерыкі, Мовы свету.
Палітычны падзел. На тэр. мацерыка і а-вах Вест-Індыі размешчаны 23 дзяржавы. На мацерыку з Пн на Пд знаходзяцца Канада, ЗША, Мексіка, Беліз, Гватэмала, Гандурас, Сальвадор, Нікарагуа, Коста-Рыка, Панама. Астраўныя дзяржавы: Багамскія Астравы, Куба, Гаіці, Дамініканская Рэспубліка, Ямайка, Сент-Кітс і Невіс, Антыгуа і Барбуда, Дамініка, Сент-Люсія, Барбадас, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Грэнада, Трынідад і Табага. 14 тэрыторый з’яўляюцца ўладаннямі: Грэнландыя, Сен-П’ер і Мікелон, Бермудскія а-вы, Церкс і Кайкас, Кайман а-вы, Пуэрта-Рыка, Віргінскія а-вы (брыт.), Віргінскія а-вы (ЗША), Ангілья, Мантсерат, Гвадэлупа, Марцініка, Аруба, Нідэрландскія Антыльскія а-вы. Пра дзяржавы і ўладанні гл. адпаведныя артыкулы.
А.Я.Яротаў.
Да арт.Паўночная Амерыка. Пустыня на ўсходзе штата Арызона.Да арт.Паўночная Амерыка. На водападзеле паміж Ціхім акіянам і Мексіканскім залівам.Да арт.Паўночная Амерыка. Бурыя мядзведзі на Алясцы.Да арт.Паўночная Амерыка. Схілы гор Сьера-Невада.Да арт.Паўночная Амерыка. Частка Ніягарскага вадаспаду і горад Ніягара-Фолс (ЗША).