КРЫ́ПЕН (Crippen) Роберт Лорэл (н. 11.9.1937, г. Бомант, ЗША),
касманаўт ЗША, удзельнік першага арбітальнага палёту касм. карабля тыпу «Спейс шатл». Капітан ВМФ. Скончыў Тэхаскі ун-т у г. Остын (1960), Аэракасм. школу лётчыкаў-даследчыкаў ВПС ЗША (1965), у якой і працаваў. З 1966 у лабараторыі пілатуемых палётаў ВПС ЗША, у 1969—91 у атрадзе касманаўтаў НАСА (з 1987 намеснік, з 1990 дырэктар праграмы «Спейс шатл»). У 1992—95 дырэктар Касм. цэнтра імя Дж.Кенэдзі НАСА, у 1996—2001 прэзідэнт кампаніі па вытв-сці ракетных рухавікоў. Здзейсніў 4 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 12—14.4.1981 на КК «Калумбія» (як пілот; з Дж.Янгам); 18—24.6.1983, 6—13.4.1984 і 5—13.10.1984 на КК «Чэленджэр» (як камандзір). У космасе правёў 23,5 сут. Залатыя медалі НАСА «За выдатнае кіраўніцтва», «За выключныя заслугі», «За выдатныя заслугі», «За касмічны палёт» (4). Яго імя занесена ў Залу гонару авіяцыі і Міжнар. залу гонару касманаўтыкі.
М.М.Касцюковіч.
т. 18, кн. 1, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)