ПІРАМЕТАЛУРГІ́Я (ад піра... + металургія),
сукупнасць працэсаў атрымання і ачысткі металаў і сплаваў пры высокіх тэмпературах. Асн. і найстарэйшая галіна металургіі. Метадамі П. атрымліваюць амаль 100% чыгуну, сталі, свінцу, каля 95% медзі, больш за 60% цынку.
Працэсы П. адбываюцца ў розных металург. печах і плавільных агрэгатах. Найб. пашыраныя метады П. — плаўка за кошт цяпла ад згарання паліва, напр. доменны працэс (гл. Доменная печ, Мартэнаўскі працэс), працэсы з выкарыстаннем цяпла ад згарання дамешкаў металаў (Бесемераўскі працэс, Тамасаўскі працэс). Гл. таксама Гідраметалургія, Электраметалургія.
т. 12, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАНО́МЕТР (ад піра... + грэч. anō наверсе + метр),
прылада для вымярэння сумарнай і рассеянай сонечнай радыяцыі. Пабудаваны на тэрмаэлектрычным прынцыпе. Прыёмнай паверхняй П. з’яўляецца тэрмабатарэя. Рознасць тэмператур спаяў тэрмабатарэі, якая прыводзіць да ўзнікнення электрарухаючай сілы, ствараецца розным па радыяцыйных уласцівасцях пакрыццём цотных і няцотных спаяў тэрмабатарэі. Сіла току, якая ў ёй узнікае, прапарцыянальная інтэнсіўнасці радыяцыі і вымяраецца гальванометрам. Тэрмабатарэя ахавана ад дзеяння даўгахвалевай радыяцыі, ветру і ападкаў шкляным каўпаком. Для вымярэння рассеянай радыяцыі выкарыстоўваецца экран, які зацяняе П. ад уздзеяння прамой радыяцыі.
т. 12, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭКА́РЫЙ (лац. precarium ад preces просьба),
першапачаткова ў рым. праве даўгавыя адносіны паміж пазыкадаўцам і пазычальнікам незалежна ад формы маёмасці; у раннім сярэднявеччы ў Зах. Еўропе права карыстання зямлёй (на некалькі гадоў ці пажыццёва), якое даваў землеўладальнік селяніну на падставе яго пісьмовай просьбы. За гэта атрымальнік зямлі (прэкарыст) плаціў чынш ці выконваў паншчыну. Прэкарскі дагавор аднаўляўся кожныя 5 гадоў. П. быў пашыраны ва ўсіх еўрап. краінах да 13 ст. і стаў адным са сродкаў залежнасці вольных сялян ад буйнога землеўладальніка.
А.Г.Зельскі.
т. 13, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛЬЯМО́ВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Матыкальскім с/с Брэсцкага р-на. Цэнтр калгаса. За 28 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Лышчыцы. 535 ж., 181 двор (1995). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква Ушэсця (1899).
т. 4, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́СТА,
малая планета № 4. Адкрыта Г.Ольберсам (Германія, 1807). Адлегласць ад Сонца мяняецца ад 2,2 да 2,6 а.а. Самая яркая (6,5 зорнай велічыні ў процістаянні) і адна з буйнейшых (дыяметр 555 км) малых планет; адзіная з іх, бачная пры спрыяльных умовах простым вокам.
т. 4, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗАЎКА,
вёска ў Беларусі, у Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 39 км на ПдУ ад г. Калінкавічы, 161 км ад Гомеля. 460 ж., 215 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
т. 3, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАР (франц. barre),
пясчаны падводны вал у прыбярэжнай паласе марскога дна перад вусцем ракі (прывусцевы бар) або вузкая, выцягнутая ўздоўж берага наносная паласа сушы, што аддзяляе лагуну ад мора (берагавы бар). Утвараецца ад сукупнага дзеяння цячэння ракі, марскіх хваляў, прыліваў і адліваў.
т. 2, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕ́КСІЯ (ад лац. annexio далучэнне),
захоп адной дзяржавай часткі або ўсёй тэрыторыі інш. дзяржавы, а таксама гвалтоўнае ўтрыманне народнасці ў межах чужой дзяржавы. Анексія — грубае парушэнне міжнар. права. Статут ААН дэкларуе права нацый на самавызначэнне і абавязвае членаў ААН устрымлівацца ад анексіі.
т. 1, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНО́ПАЛЬ,
вёска ў Беларусі, у Крупіцкім с/с Мінскага р-на. За 25 км на Пд ад Мінска, 17 км ад чыг. ст. Міханавічы. 498 ж., 162 двары (1995). Цэнтр эксперым. базы «Анопаль». Б-ка, клуб. Помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 18—19 ст.
т. 1, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)