АЎСТРАЛІ́ЙСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Займае Аўстралію і прылеглыя а-вы (Тасманія, Кенгуру і інш.). Размешчана ў трапічным і ўмераным паясах Паўд. паўшар’я. Мае своеасаблівы склад флоры і фауны, абумоўлены аддзяленнем у мезазойскую эру ад стараж. мацерыка Гандвана. Сувязь з Антарктыдай і Паўд. Амерыкай перарвалася значна пазней, адсюль некаторае падабенства флоры і фауны.

У флоры 12 эндэмічных сям і больш за 80% эндэмічных відаў: з іх папараці 115 родаў (у т. л. дрэвападобныя), аднадольныя 320 родаў і двухдольныя 1000 родаў, на Тасманіі — хваёвыя 11 родаў. Шэраг агульных сям. з флорай Паўд. Амерыкі і Палеатропікі. Характэрныя прадстаўнікі — эўкаліпты (каля 400 відаў), акацыі, «травяное дрэва» і інш. Эндэмізм фауны на відавым узроўні блізкі да 100%. Адметная асаблівасць — наяўнасць эндэмічнага падкласа млекакормячых — аднапраходных (качканос і яхідна) і субэндэмічнага атр. сумчатых [каля 200 відаў: кенгуру, каала (сумчаты мядзведзь), сумчаты д’ябал, сумчаты крот, вамбат і інш.) Сярод птушак эндэмічныя сям. аўстралійскіх страусаў (эму) і лірахвостаў. Шмат папугаяў (какаду, лоры, хвалісты папугайчык і інш.), зімародкі, медасмокі, рэптыліі (змяінагаловыя чарапахі, молах, тайпан) і амфібіі (свістуны, аўстралійскія рапухі). Ёсць дваякадыхаючыя рыбы (рагазуб); з беспазваночных найб. адметныя дажджавыя чэрві даўж. да 2,5 м. Сукупнасць арганізмаў (біёта) вобласці вельмі змянілася ў выніку каланізацыі Аўстраліі еўрапейцамі: завезена і акліматызавана шмат еўрап. відаў (дзікі трус, пацукі, рудэральныя расліны), знішчаны многія мясц. віды (напр., сумчаты воўк).

Да арт. Аўстралійская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — плямісты кускус; 2 — каала; 3 — яхідна; 4 — эму; 5 — караткашэрсны вамбат; 6 — шэры кенгуру; 7 — чорны лебедзь; 8 — лірахвост; 9 — сумчаты д’ябал; 10 — качканос; 11 — сумчаты крот; 12 — сумчаты воўк.

т. 2, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА-ЛІТО́ЎСКІ ЛЕ́ТАПІС 1446,

першы агульнадзярж. летапісны звод ВКЛ, прысвечаны гісторыі ўсх. славян і Літвы. У яго аснове — летапіс, складзены каля 1430 у Смаленску невядомай асобай духоўнага сану ў асяроддзі епіскапа, у 1432—35 — мітрапаліта Герасіма і прадоўжаны пазней да 1446. Першапачатковая рэдакцыя не збераглася. У 1490-я г. ўзнікла яго 2-я рэдакцыя (Нікіфараўскі летапіс, Супрасльскі летапіс, Акадэмічны летапіс), каля 1500 — 3-я, скарочаная рэдакцыя (Слуцкі летапіс).

Храналагічна ахоплівае перыяд ад сярэдзіны 9 да сярэдзіны 15 ст. Звесткі па гісторыі за 854—1427 запазычаны з рус. летапісаў, тэксты іх істотна скарочаны. У зводзе аб’яднаны розныя творы, напісаныя ў Кіеве, Маскве, Ноўгарадзе, Вільні, Смаленску, у велікакняжацкай канцылярыі і асяроддзі духавенства, свецкім дзелавым і кніжна-слав. стылямі, на стараж.-рус. і старабел. мовах, што надае яму пэўную стракатасць і незавершанасць. З мясц. твораў у яго ўвайшлі Смаленская хроніка, «Пахвала Вітаўту», смаленскія пагадовыя запісы за 1432—46 і «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» з «Аповесцю пра Падолле». Паводле характару — гэта агульнарус. звод. Шмат увагі аддаецца апісанню гераічнай барацьбы ўсх. славян з іншаземнымі заваёўнікамі, княжанню Вітаўта. Большасць звестак бел.-літ. часткі летапісу унікальныя. Аўтар зводу праводзіў ідэю гіст. еднасці ўсх. славян і абгрунтоўваў заканамернасць іх паліт. аб’яднання ў складзе ВКЛ, якое лічыў вядучым цэнтрам збірання ўсх.-слав. зямель. Летапіс паслужыў асновай для «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хронікі Быхаўца». Адкрыты і ўпершыню апубл. І.М.Даніловічам. Змешчаны ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 17, 1907, т. 35, 1980).

Літ.:

Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнік літаратуры. Мн., 1969;

Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТКЕ́ВІЧ (Witkiewicz) Станіслаў Ігнацы [псеўд. Віткацы

(Witkacy); 24.2.1885, Варшава — 18.9.1939], польскі пісьменнік, тэарэтык мастацтва, мастак, філосаф. Сын мастака і пісьменніка С.​Віткевіча (1851—1915). Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі выяўл. мастацтваў (1904—06, 1908—10). У 1918—22 чл. маст. групы «Польскія фармісты». Пачаў друкавацца ў 1919. Свае эстэт. і філас.-грамадз. погляды выклаў у працах «Новыя формы ў жывапісе і недарэчнасці, што адсюль вынікаюць» (1919),

«Эстэтычныя замалёўкі» (1922), «Тэатр» (1923). Напісаў больш як 30 п’ес («У малым дворыку», 1923; «Новае вызваленне», «Вар’ят і манашка», абедзве 1926; «Шаўцы», выд. 1948, паст. 1957; «Маці», паст. 1964; «Яны», паст. 1966, і інш.), іх паэтыка блізкая да экспрэсіянізму і сюррэалізму, часткова прадвызначыла абсурду драму. Аўтар раманаў «622 падзенні Бунга, або Дэманічная жанчына» (нап. 1910—11), «Адзінае выйсце» (нап. 1932—33, выд. 1968). У гратэскна-фантаст. раманах «Развітанне з восенню» (1927), «Ненаеднасць» (1930), напоўненых разважаннямі і дыскусіямі на філас., сац., эстэт. і паліт. тэмы, паказаў крызіс еўрап. культуры, абумоўлены ўсеагульнай уніфікацыяй жыцця, дэфармацыю і алагічнасць сучаснай цывілізацыі. Творчасць Віткевіча-мастака развівалася ў кірунку своеасаблівага экспрэсіянізму. У 1917—25 стварыў паўабстрактныя, фантаст.-сімвалічныя кампазіцыі «Барацьба стыхій» (1920), «Візіт да раджы» (1923) і інш. Пазней парваў з «чыстым мастацтвам». У філас. рабоце «Паняцці і сцвярджэнні, звязаныя з паняццем існавання» (1935) інтэрпрэтацыя праблемы «адзінка — існаванне», дадзеная Віткевічам, пазначана пэўнымі рысамі экзістэнцыялізму. Скончыў самагубствам.

Тв.:

Dzieła wybrane. Т. 1—5. Warszawa, 1985;

Рус. пер. — Сапожники: Драмы. М., 1989.

Літ.:

Sokół L. Groteska w teatrze S. I. Witkiewicza. Warszawa, 1973;

Błoński J. S.I.Witkiewicz jako dramaturg. Kraków, 1973;

Degler J. Witkacy w teatrze międzywojennym. Warszawa, 1973.

В.​В.​Саладоўнікаў.

т. 4, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ЗЯМЛЯ́,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—16 ст. Землямі звычайна наз. асабліва значныя намесніцтвы, якія мелі элементы аўтаноміі, замацаваныя абласнымі прывілеямі. Намесніцтва ў Віцебску, верагодна, з моманту свайго ўтварэння (1392) атрымала ад вял. кн. Вітаўта грамату, якая гарантавала захаванне пэўных нормаў мясц. права, што ўзыходзілі да дагавораў паміж горадам і князем. Сляды такой граматы прасочваюцца ў віцебскім прывілеі вял. князя Казіміра IV (каля 1440—47, не захаваўся), які пазней быў пацверджаны вял. князямі Аляксандрам (1503) і Жыгімонтам I Старым (1509, 1547). Гэтыя прывілеі гарантавалі мясц. феадалам і мяшчанам правы, абвешчаныя шляхце цэнтр. часткі ВКЛ (Віленскаму і Трокскаму ваяв.) прывілеямі 1387, 1432, 1434, а таксама права несці гарнізонную службу толькі ў сваёй зямлі, мясцовы (замкавы) суд і непадлегласць юрысдыкцыі ўпаўнаважаных вял. князя (дзецкіх). Мясц. баяры карысталіся выключным правам па чарзе кіраваць дзярж. валасцямі, што знаходзіліся ў складзе зямлі, за выключэннем некалькіх маёнткаў, падпарадкаваных непасрэдна віцебскаму намесніку (гл. Віцебскае права). Аднак на практыцы самастойнасць Віцебскай зямлі была даволі абмежаваная. Асн. ўлада належала намесніку (ужо ў прывілеях 1503 і 1509 ён наз. ваяводам). Азярышчанская і Усвяцкая воласці пры Казіміру IV былі вылучаны з-пад кіравання мясц. баяр і ператвораны ў асобныя намесніцтвы. Відаць, самастойны намеснік быў і ў Оршы. Значныя воласці ў Віцебскай зямлі былі падараваны князям Андрэю Уладзіміравічу, Друцкім, Жылінскім, што таксама выключала іх з-пад кантролю віцебскага баярства. Пасля 1511 за Віцебскай зямлёй канчаткова замацавалася назва «ваяводства». Яе асобны статус быў афіцыйна скасаваны з прыняццем Статута ВКЛ 1566, які пашырыў на ўсю тэр. ВКЛ агульныя прававыя нормы.

В.​Л.​Насевіч.

т. 4, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ ТЭА́ТР РАСІ́І, Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр Расіі,

тэатр оперы і балета; адзін з цэнтраў рускай і сусв. музычна-тэатр. культуры. Засн. ў 1776 у Маскве на базе трупы, створанай антрэпрэнёрам М.​Медоксам і кн. П.​В.​Урусавым. Спектаклі даваліся ў доме графа Р.​І.​Варанцова, з 1780 — у будынку на вул. Пятроўка (наз. Пятроўскі т-р), з 1824 — у сучасным будынку (арх. В.​Бавэ, паводле праекта А.​Міхайлава; рэканструяваны ў 1856, арх. А.​К.​Кавас). Напачатку ставіліся замежныя і першыя рус. оперы і балеты, пазней — шэдэўры сусв. класікі і сучасных кампазітараў. З пач. 20 ст. сусв. прызнанне атрымала рус. вакальная (Ф.Шаляпін, А.Няжданава, Л.Собінаў і інш.) і балетная (К.Гельцэр, А.Горскі і інш.) школы, звязаныя з дзейнасцю Вялікага тэатра Расіі. З 1919 акадэмічны. У 1924—59 у памяшканні б. Опернага т-ра Зіміна працаваў філіял Вял. т-ра, у 1961—89 спектаклі ішлі і ў Крамлёўскім Палацы з’ездаў (цяпер Дзярж. Крамлёўскі Палац). У розныя гады ў т-ры працавалі: дырыжоры М.Галаванаў, Г.Раждзественскі, Я.Святланаў; спевакі В.Барсава, Н.Абухава, С.Лемешаў, І.Казлоўскі, І.Архіпава, Г.Вішнеўская, У.Атлантаў, А.Абразцова, Я.Несцярэнка, І.Сіняўская, Т.Мілашкіна, Б.Рудэнка, Ю.Гуляеў, А.Вядзернікаў, Ю.Мазурок; салісты балета Г.Уланава, Я.Лепяшынская, М.Сямёнава, М.Плісецкая, Н.Бяссмертнава, К.Максімава, У.Васільеў, М.Ліепа, В.Гардзееў, Н.Сямізорава, Н.Ананіяшвілі; рэжысёры Л.​Баратаў, Б.Пакроўскі; балетмайстры Л.Лаўроўскі, Ю.Грыгаровіч, мастакі В.​Рындзін, В.​Левенталь і інш. Маст. кіраўнік — дырэктар т-ра У.​Васільеў (з 1995). У 1920—60-я г. пры т-ры працавала Маскоўскае харэагр. вучылішча.

Літ.:

Грошева Е. Большой театр СССР в прошлом и настоящем. М., 1962;

Сегодня на сцене Большого театра, 1776—1976: К 200-летию Большого театра: [Сб. ст.]. М., 1976.

Вялікі тэатр Расіі.

т. 4, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОГ ((Gogh) Вінсент Вілем ван) (30.3.1853, Грот-Зюндэрт, каля г. Брэда, Нідэрланды — 29.7.1890),

галандскі жывапісец, адзін з пачынальнікаў постімпрэсіянізму. З 1869 служыў камісіянерам маст. гандл. фірмы ў Гаазе, Бруселі, Лондане, Парыжы; з 1878 — прапаведнікам. Звярнуўшыся да мастацтва, наведваў АМ у Бруселі (1880—81) і Антверпене (1885—86), прыватную студыю ў Парыжы (1886—88); адначасова вывучаў жывапіс імпрэсіянізму і японскую гравюру. Раннія творы, прасякнутыя спагадай да цяжкага жыцця простых людзей Галандыі, напісаны ў змрочнай, стрыманай гаме («Едакі бульбы», «Сялянка», абедзве 1885). Пазней яго палітра стала больш светлай, з’явіўся характэрны для Гога дынамічны мазок. У 1888 Гог пераехаў у Арль, дзе маляваў партрэты і пранізаныя стрыманым жыццялюбствам пейзажы. Жывапісная сістэма гэтых твораў пабудавана на спалучэннях яркіх колераў, выразным рытме малюнка і смелых, свабодных рашэннях («Начное кафэ», «Чырвоныя вінаграднікі ў Арлі», «Сланечнікі», «Спальня ван Гога ў Арлі», усе 1888; Аўтапартрэт з люлькай, 1888—89). Творчасць двух апошніх гадоў адметная абвостранай экспрэсіяй каляровых спалучэнняў, рэзкімі зменамі настрою ад змрочнага візіянерства («Дарога з кіпарысамі і зоркамі», 1890) да трапяткога пачуцця прасвятлення і прымірэння («Пейзаж у Аверы пасля дажджу», 1890). Напружаная праца ў апошнія гады жыцця суправаджалася прыступамі хваробы, якая прывяла Гога ў шпіталь для псіхічнахворых, дзе ён скончыў самагубствам.

Тв.:

Рус. пер. — Письма. Л.;

М., 1966.

Літ.:

Перрюшо А. Жизнь Ван Гога: Пер. с фр. М., 1973;

Дмитриева Н.А. В.​Ван Гог: Человек и художник. М., 1982;

Стоун И. Жажда жизни: Повесть о В.​Ван Гоге: Пер. с англ. М., 1992.

В. ван Гог. Сланечнікі. 1888.
В. ван Гог. Партрэт доктара Гашэ. 1890.
В. ван Гог. Аўтапартрэт з люлькай 1888—89.

т. 5, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКАЕ ХАРЧАВА́ННЕ,

галіна нар. гаспадаркі па вытв-сці і рэалізацыі гатовай ежы насельніцтву праз сетку сталовых, кафэ, рэстаранаў, буфетаў. Першыя таверны, якія выконвалі тую ж ролю, паявіліся ў краінах Захаду ў 1-й пал. 17 ст. У 1832 адкрыты першы рэстаран у Нью-Йорку. Вял. ўплыў на развіццё рэстараннай справы зрабіла Францыя.

У Беларусі былі шырока вядомы заезныя дамы, корчмы, шынкі, дзе людзі маглі пасталавацца і адпачыць. З развіццём прам-сці пачалі ўзнікаць і інш. формы абслугоўвання ў харчаванні. У студз. 1918 у Мінску ў нацыяналізаваных рэстаранах «Еўропа» і «Цэнтральны» створаны нар. сталовыя, пазней падобныя ўстановы адкрыты і ў інш. гарадах. Арганізоўвалася бясплатнае харчаванне рабочых на вытв-сці і дзяцей да 16 гадоў. У 1940 тавараабарот дзярж. і каап. прадпрыемстваў грамадскага харчавання ў БССР дасягнуў 68,9 млн. руб. За 1950—75 колькасць прадпрыемстваў грамадскага харчавання павялічылася амаль у 5 разоў, пашырылася сетка такіх прадпрыемстваў ў сельскай мясцовасці. У 1993 працавала 11,2 тыс. прадпрыемстваў грамадскага харчавання, колькасць месцаў на іх складала 812 тыс. Паслугі прадпрыемстваў грамадскага харчавання былі даступныя шырокім слаям насельніцтва. Складанае фін. становішча дзярж. прадпрыемстваў грамадскага харчавання ў пач. 1990-х г. абумовіла закрыццё або перапрафіляванне многіх агульнадаступных сталовых, закусачных, чайных у дарагія кафэ і рэстараны. Як альтэрнатыва скарачэнню недарагіх прадпрыемстваў грамадскага харчавання ў 1995—96 пачалі адкрывацца ў гарадах прадпрыемствы хуткага харчавання. Найб. актыўна ў новым для бел. грамадскага харчавання кірунку працуюць фірмы з прыватным капіталам, у т. л. сумесныя прадпрыемствы з замежнымі інвестыцыямі. У 1996 у Мінску адкрыты 3 рэстараны «МакДональдс» на 540 месцаў.

А.​А.​Батура.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭ́ШАЎ (Rzeszów),

горад на ПдУ Польшчы, на р. Віслак. Адм. ц. Жэшаўскага ваяв. 159 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (вытв-сць авіяц. рухавікоў, эл.-тэхн. абсталявання, прыладабудаванне), харчовая (мясакамбінат, плодакансервавыя з-ды). З-д тэхн. фарфору. Політэхн. ін-т, Вышэйшая пед. школа. Тэатры, філармонія. Музей, маст. галерэя.

У 11—12 ст. пасяленне, пазней памежны горад Сандамірскай зямлі. У пач. 14 ст. захоплены галіцкімі князямі, зноў уключаны ў склад Польшчы Казімірам III Вялікім. Гар. правы з 1354. Дасягнуў росквіту ў канцы 16—1-й пал. 17 ст., важны гандл.-рамесны цэнтр на шляху з Кракава ў Расію (адбываліся кірмашы). Ў 17—19 ст. у Ж. існаваў калегіум піяраў. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у складзе Аўстрыі (1772—1918). Ў 2-ю сусв. вайну пад ням.-фаш. акупацыяй.

Захаваліся арх. помнікі: парафіяльны касцёл (1-я пал. 15 ст., у стылі готыкі, перабудаваны ў 1754 у стылі барока); кляштар бернардзінцаў з касцёлам у стылі маньерызму (1624—29; кляштар перабудаваны ў 19 і 20 ст.); кляштар піяраў (1624—29; дабудаваны ў 1702—07, арх. Тыльман Гамерскі) з барочным касцёлам (1642—49); калегіум (1703—04, арх. Тыльман Гамерскі; перабудаваны ў 1835 і ў 2-й пал. 19 ст.); сінагогі Старога горада (17 ст.) і Новага горада (1705—10; адноўлена ў 1954—63); стараж. замак з барочнай вежай колішняга палаца (1620); бастыённыя фартыфікацыі (1-я пал. 17 ст.); палац Любамірскіх (пач. 18 ст., арх. Тыльман Гамерскі (?); перабудаваны ў 18 ст., арх. Т.​Белоцы, і ў 20 ст.).

т. 6, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

З’Е́ЗДЫ КПСС,

вярхоўны орган Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. У адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР 1977 КПСС адводзілася роля кіруючай сілы сав. грамадства, ядра яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арг-цый. Паводле Статута КПСС з’езды склікаліся не радзей аднаго разу ў 5 гадоў, нечарговыя — па ініцыятыве ЦК або па патрабаванні не менш як ⅓ агульнай колькасці членаў партыі, прадстаўленых на апошнім з’ездзе. Дата з’езда і парадак апавяшчаліся не пазней як за паўтара месяца да з’езда, нечарговыя з’езды склікаліся ў двухмесячны тэрмін. З’езд заслухоўваў і зацвярджаў справаздачу ЦК, Цэнтр. рэвіз. камісіі (ЦРК) і інш. цэнтр. арг-цый, пераглядаў, зменьваў і зацвярджаў Праграму і Статут КПСС, вызначаў лінію партыі па пытаннях унутр. і знешняй палітыкі, разглядаў і вырашаў найважнейшыя пытанні парт. і дзярж. жыцця, выбіраў ЦК і ЦРК. Указ рас. Прэзідэнта ад 20.8.1991 аб дэпартызацыі ў РСФСР дзярж. устаноў нанёс удар па манаполіі КПСС. У жн. 1991 дзейнасць КПСС на тэр. Расіі прыпынена. Даты з’ездаў: 1-ы (1898, Мінск), 2-і (1903, Брусель—Лондан), 3-і (1905, Лондан), 4-ы (1906, Стакгольм), 5-ы (1907, Лондан), 6-ы (1912, Прага), 7-ы (1917, Петраград), 8-ы (1919; гэты і ўсе наступныя адбываліся ў Маскве), 9-ы (1920), 10-ы (1921), 11-ы (1922), 12-ы (1923), 13-ы (1924), 14-ы (1925), 15-ы (1927), 16-ы (1930), 17-ы (1934), 18-ы (1939), 19-ы (1952), 20-ы (1956), 21-ы (1959), 22-і (1961), 23-і (1966), 24-ы (1971), 25-ы (1976), 26-ы (1981), 27-ы (1986), 28-ы (1990).

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРЧ,

горад на Украіне, у Аўтаномнай Рэспубліцы Крым, на беразе Керчанскага праліва. 170 тыс. ж. (1998). Марскі порт. Чыг. станцыя. Злучана чыг. паромнай пераправай са ст. Каўказ (Таманскі п-аў). Здабыча жал. руды (Камыш-Бурунскі камбінат). Прам-сць: металургічная, суднабуд. і суднарамонтная, харчасмакавая. Тэатр. Гіст.-археал. музей. Мемар. ансамбль героям абароны Аджымушкая (1982), Мелек-Чэсменскі курган (4 ст. да н.э.), склеп Дэметры (1 ст. н.э.), царква Іаана Прадцечы (10—13 ст.).

Засн. стараж. грэкамі пад назвай Пантыкапей у 1-й пал. 6 ст. да н.э. У пач. 5—4 ст. да н.э. сталіца Баспорскай дзяржавы. У 10—12 ст., магчыма, уваходзіла ў Тмутараканскае княства (пад 1068 згадваецца як Корчаў). У 13 ст. захоплена мангола-татарамі (наз. Чэркіо). З 1318 консульства (адм. адзінка), падпарадкаваная Генуі. Пасля 1475 апорны пункт Турцыі для абароны Крыма ад казакоў. У рус.-тур. вайну 1768—74 занята рас. войскамі (1771). Паводле Кючук-Кайнарджыйскага міру 1774 адышла да Расіі, з 1775 горад Азоўскай губ. З 1821 рэйдавы порт, цэнтр Керч-Енікальскага граданачальства. У 1825 засн. Музей старажытнасцей. У Крымскую вайну 1853—56 захоплена англ. дэсантам, моцна пацярпела ад пажару (выгарала трэцяя ч. горада). У канцы 19 — пач. 20 ст. адзін з буйных партоў Расіі. У 1900 К. злучана чыгункай з Джанкоем. У грамадз. вайну ў крас. 1918 акупіравана аўстра-германскімі, у канцы 1918 — англа-франц. войскамі, пазней белагвардзейцамі. У 1920 вызвалена Чырв. Арміяй. У Вял. Айч. вайну месца значных баёў. З 1944 у складзе Крымскай вобл. РСФСР, з 1954 — Украіны.

Літ.:

Акулов М.Р. Керчь — город-герой. М. 1980.

т. 8, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)