КІ́МАН (Kimōn; каля 504—449 да н.э.),

афінскі палкаводзец і паліт. дзеяч перыяду грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. Стратэг у 478—475 да н.э. Адзін з арганізатараў Дэлоскага саюза. У 476—475 заняў крэпасць Эён (Фракія) і в-аў Скірас. Паліт. праціўнік Фемістокла і Перыкла, на чале алігархаў выступаў супраць дэмакратызацыі дзярж. ладу Афін. У 469 перамог персаў у М. Азіі, у 468 выцесніў персаў з п-ва Херсанес Фракійскі. У 466—465 задушыў паўстанне саюзнікаў супраць Афін на а-вах Наксас і Тасас. У знешняй палітыцы арыентаваўся на Спарту. У 461 выгнаны з Афін, каля 456 вярнуўся, зноў удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць персаў. Загінуў у час марской экспедыцыі на Кіпр.

т. 8, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРПІ́ЧНІКАЎ (Анатоль Мікалаевіч) (н. 25.6.1929, Ленінград),

расійскі археолаг і гісторык. Д-р гіст. н. (1975), праф. (1991). Засл. дз. культуры Расіі (1990). Скончыў Ленінградскі ун-т (1953). З 1955 у Ін-це гісторыі матэрыяльнай культуры Рас. АН у С.-Пецярбургу. Даследуе ўзбраенне, ваен. справу, фартыфікацыю, пытанні археалогіі, гісторыі і культуры Русі 9—15 ст. У 1950—60-я г. ўдзельнічаў у раскопках помнікаў архітэктуры 12 ст. ў Полацку і Навагрудку. Аўтар кніг «Старажытнаруская зброя» (вып. 1—3, 1966—71), «Рыштунак конніка і верхавога каня на Русі IX—XIII ст.» (1973), «Кулікоўская бітва» (1980), «Старажытны Арэшак» (1980), «Каменныя крэпасці Наўгародскай зямлі» (1984), «Старая Ладага — старажытная сталіца Русі» (1996, з В.Д.Сараб’янавым) і інш.

т. 8, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НРАД ((Conrad) Чарлз) (н. 2.4.1930, г. Філадэльфія, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў Прынстанскі ун-т (1953), Ваен-марскую школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў (1961). З 1962 у групе касманаўтаў НАСА. 21—29.8.1965. з Г.Куперам здзейсніў палёт па касм. караблі «Джэміні-5» (як 2-і пілот); 12—15.9.1966 з Р.Горданам — палёт на касм. караблі «Джэміні-11» (як камандзір); 14—24.11.1969 з Горданам і А.Бінам — палёт на касм. караблі «Апалон-12» (як камандзір) на Месяц, у час якога двойчы выходзіў (разам з Бінам) на яго паверхню; 25.5—22.6.1973 з П.Вейцам і Дж. Кервінам — палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як камандзір 1-га экіпажа), у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас. Агульная працягласць палётаў 49,15 сут. Залаты медаль імя Ю.А.Гагарына.

т. 8, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПАЦЬ (Юзаф) (16.5.1762, Пінскі пав. — 1827),

бел. мемуарыст-падарожнік. Удзельнік паўстання 1794. У пач. 1794 для злучэння з гал. войскам Т.Касцюшкі прывёў з-пад Вільні сваю кав. часць, за што ўзнагароджаны залатым пярсцёнкам з надпісам «Айчына — свайму абаронцу». Вызначыўся ў бітве каля г. Хэлм і пры абароне Варшавы. У бітве пад Мацяёвіцамі быў паранены, трапіў у палон, прыгавораны ваен. судом да ссылкі на Камчатку. Амнісціраваны імператарам Паўлам I, у канцы 1790-х г. вярнуўся на радзіму. Свае ўражанні ад знаходжання на Камчатцы і падарожжа па Еўразійскім мацерыку апісаў у «Дзённіку падарожжа...» (нап. каля 1810, выд. 1837).

Літ.:

Худзиковская Я., Ястер Я. Люди великой отваги: Пер. с пол. М., 1957. С. 76—96.

В.І.Ярмоленка.

т. 8, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РШУНАЎ (Фёдар Паўлавіч) (н. 15.5.1934, в. Траўна Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхн. фізікі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1984), д-р тэхн. н. (1975), праф. (1981). Скончыў Рыжскае вышэйшае інж.-авіяц. вучылішча ВПС (1957). З 1962 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН Беларусі (у 1985—94 нам. дырэктара). Навук. працы па фізіцы паўправаднікоў, радыяцыйнай фізіцы цвёрдага цела, мікраэлектроніцы. Распрацаваў радыяцыйную тэхналогію стварэння шэрагу тыпаў паўправадніковых прыбораў і інтэгральных схем з павышанай радыяцыйнай трываласцю для касм. і ваен. тэхнікі. Дзярж. прэмія Беларусі 1980.

Тв.:

Радиационные эффекты в полупроводниковых приборах. Мн., 1978 (разам з Г.В.Гатальскім, Г.М.Івановым);

Воздействие радиации на интегральные микросхемы. Мн., 1986 (разам з Ю.У.Багатыровым. У.А.Вавілавым).

Ф.П.Коршунаў.

т. 8, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РДЗІН (Дзмітрый Іванавіч) (13.10.1899, в. Дзмітрычукі Каменскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 12.12.1937),

бел. пісьменнік. Скончыў Саратаўскі вет. ін-т (1925). Працаваў ваен. вет. урачом у Мінску і Віцебску, выкладаў у Віцебскім вет. ін-це. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны ў Віцебску. Рэабілітаваны ў 1957. Пісаў на рус. мове. Дэбютаваў у 1925 вершамі. Аўтар п’ес «Міжбур’е» (паст. БДТ-1 1929), «Контратака» (паст. 1932), «Чалавек вырашае» (паст. БДТ-2 1934), «Азеляненне цэха» (фрагменты апубл. 1935), «Алюр. Тры крыжы», якія вылучаюцца пераканальнымі характарамі, каларытнымі вобразамі, паказам тыповых з’яў тагачаснага жыцця.

Літ.:

Соболевский А.В. Белорусская драматургия в театрах народов СССР. Мн., 1972. С. 46—58;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2. Мн., 1985.

т. 9, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗА́НСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1922—23.

Адбылася 20.11.1922—24.7.1923 у г. Лазана (Швейцарыя). Склікана па ініцыятыве Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі пасля грэка-турэцкай вайны 1919—22, удзельнічалі прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Грэцыі, Румыніі, Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, Японіі, Турцыі, ЗША (апошнія прадстаўляў назіральнік). Быў падпісаны Лазанскі мірны дагавор 1923, прынята канвенцыя аб чарнаморскіх пралівах (у абмеркаванні ўдзельнічалі таксама прадстаўнікі СССР і Балгарыі), якая прадугледжвала дэмілітарызацыю праліваў, дапускала праход праз Басфор і Дарданелы гандл. і ваен. (з некаторымі абмежаваннямі) суднаў любой краіны. Канвенцыя не была ратыфікавана ў СССР, яна перагледжана на Мантро канферэнцыі 1936. Астатнія 15 дакументаў, падпісаных на канферэнцыі, тычыліся больш прыватных пытанняў, у т. л. вяртання палонных, узаемнага абмену грэч. і тур. насельніцтва.

т. 9, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБЕ́РТ (Карл Восіпавіч) (Lambert Магіе Charles; 1771 або 1772, Францыя — 11.6.1843),

расійскі ваенны дзеяч. Генерал ад кавалерыі (1823). Ваен. службу пачаў у франц. каралеўскай арміі. У час Франц. рэвалюцыі (1789—94) эмігрыраваў у Расію. Удзельнік задушэння паўстання 1794, перс. (1796) і швейц. (1799) паходаў, руска-пруска-франц. вайны 1806—07. Напярэдадні і ў час вайны 1812 камандзір кав. корпуса ў 3-й арміі; 25 ліп. авалодаў Брэстам, 27 ліп. разбіў саксонцаў у Кобрынскім баі 1812, удзельнічаў у Гарадзечанскай бітве 1812; восенню 1812 выбіў праціўніка з Нясвіжа, Навасвержаня, Мінска; пры штурме Барысава цяжка паранены. У сак. 1814 удзельнічаў у бітве пад Парыжам. Пасля вайны на камандных пасадах, сенатар (1826).

т. 9, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЬ БЯ́О (5.12.1907, прав. Хэбэй, Кітай — 13.9.1971),

кітайскі ваенны і паліт. дзеяч. Маршал КНР (1955). Скончыў ваен. школу Вампу (1926). Удзельнік Паўн. паходу 1926—27. Пасля перавароту Чан Кайшы далучыўся да камуністаў, удзельнічаў у стварэнні кіт. Чырв. арміі. У час Нацыянальна-вызваленчай вайны кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45 камандзір дывізіі. З 1947 камандуючы 4-й арміяй Народна-вызваленчай арміі Кітая. З 1954 нам. прэм’ера Дзяржсавета КНР. У 1959—71 міністр абароны. З 1955 чл. Палітбюро, з 1966 нам. старшыні ЦК КПК. Дапамагаў Мао Цзэдуну ажыццяўляць «культурную рэвалюцыю». У крас. 1969 абвешчаны пераемнікам Мао Цзэдуна. Паводле афіц. версіі, загінуў у авіякатастрофе на тэр. Манголіі, калі хацеў уцячы пасля няўдалай спробы дзярж. перавароту.

т. 9, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЎКО́Ў (Максім Архіпавіч) (12.5.1894, в. Кавалі Акцябрскага р-на Гомельскай вобл. — 29.10.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. З 1918 ваенны камісар Рудабельскай вол. Бабруйскага пав., кіраўнік партыз. руху ў павеце. З канца 1920 ваенком Бабруйскага пав., старшыня Замошскага валвыканкома. З 1929 у ЦКК КП(б), з 1931 нарком юстыцыі і пракурор БССР, старшыня Цэнтр. камісіі па справах б. чырвонагвардзейцаў і чырв. партызан, з 1933 сакратар ЦВК БССР. З 1927 канд. у чл. ЦК, у 1932—37 чл. ЦК КП(б)Б. Чл. ЦВК БССР у 1920—22, 1929—37, чл. Прэзідыума ЦВК БССР у 1931—37. 13.7.1937 арыштаваны органамі НКУС па абвінавачанні ў контррэв. дзейнасці і Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР засуджаны да расстрэлу. У 1957 рэабілітаваны.

т. 9, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)