КАТО́К СПАРТЫ́ЎНЫ,

участак роўнай ледзяной паверхні, прызначаны для катання на каньках і санках. Выкарыстоўваецца для вучэбных заняткаў і спаборніцтваў па канькабежным і санным спорце, фігурным катанні на каньках, хакеі, для паказу відовішчаў (балет на лёдзе, цырк на лёдзе і інш.). Масавыя каткі — месца для актыўнага адпачынку, гульняў і забаў. Паводле спосабу падрыхтоўкі ледзяной паверхні каткі падзяляюць на прыродныя (на замерзлых вадаёмах), наліўныя (на прыроднай або штучнай аснове, найчасцей на спарт. пляцоўках, стадыёнах, асфальтаваных участках) і штучныя (робяцца з дапамогай спец. халадзільных установак). З 1950-х г. будуюць штучныя К. с. Найбольшыя з іх у краінах Зах. Еўропы, Расіі, на Украіне, у ЗША, Канадзе, Японіі і інш. З высакагорных каткоў найб. вядомыя ў Германіі, Італіі, Казахстане (Медэо), Швейцарыі. На Беларусі крытыя штучныя каткі ў Гродне, Мінску, Наваполацку.

т. 8, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАС (ад лац. classis разрад, група),

1) сукупнасць, група прадметаў або з’яў, якія маюць агульныя прыкметы.

2) Буйная сац. група людзей, гл. Класы сацыяльныя.

3) Адна з таксанамічных катэгорый у сістэматыцы раслін і жывёл, гл. Клас у біялогіі.

4) У логіцы, матэматыцы — мноства; адвольная (канечная або бесканечная) сукупнасць прадметаў, вылучаных па якой-н. прыкмеце.

5) Тэхнічны разрад марскіх і рачных суднаў; разрад пасаж. вагонаў, кают і інш., якія ўстанаўліваюцца ў залежнасці ад зручнасці і выгод.

6) Пастаянны (у межах навуч. года) калектыў навучэнцаў, а таксама памяшканне для іх заняткаў.

7) У некаторых спец. навуч. установах — група навучэнцаў, якія спецыялізуюцца па якому-н. прадмету (напр., К. скрыпкі). 8) Мера якасці, узровень, у залежнасці ад якога вызначаецца месца прадмета ў шэрагу сабе падобных (напр., каштоўныя камяні); ступень падрыхтаванасці, кваліфікацыя.

т. 8, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕМА́Н (Clément) Рэнэ (18.3.1913, г. Бардо, Францыя — 1996),

французскі кінарэжысёр. Скончыў Школу прыгожых мастацтваў у Парыжы. Адзін з арганізатараў групы пачынаючых кінематаграфістаў «Цэнтр маладых» (з 1943 Ін-т вышэйшай кінаадукацыі). Значнае месца ў яго творчасці займала тэма 2-й сусв. вайны: «Бітва на рэйках» (1945, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1946), «Па той бок кратаў» (1948, у сав. пракаце «Каля сцен Малапагі»; прэмія «Оскар»; 1951). Сярод інш. фільмаў: «Забароненыя гульні» (1952, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі і прэмія «Оскар» 1952), «Пан Рыпуа» (1954, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1954), «Жэрвеза» (1956, паводле рамана Э.​Заля «Пастка», прыз Міжнар. асацыяцыі кінапрэсы на Міжнар. кінафестывалі ў Венецыі 1956).

У 1960—70-я г. ставіў пераважна забаўляльныя фільмы («Дом пад дрэвамі», 1971, і інш.).

т. 8, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАВІЦКІЯ ГІМНА́ЗІІ,

сярэднія агульнаадук. навуч. ўстановы ў г. Клімавічы Магілёўскай вобл. Клімавіцкая мужчынская гімназія. Існавала ў 1911—17. Утрымлівалася за кошт дзярж. казны і спец. сродкаў. Тэрмін навучання 5, з 1914—8 гадоў. У 1916 было 305 навучэнцаў. Прымаліся дзеці розных саслоўяў і веравызнанняў. Пры гімназіі дзейнічалі балалаечны аркестр, гіст. музей; вучнёўская (2476 кніг) і фундаментальная (3380 кніг) б-кі. Клімавіцкая жаночая гімназія. Існавала ў 1912—18. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне. Тэрмін навучання 6 гадоў. У 1915 адкрыты дадатковы пед. клас. У 1916 было 311 навучэнак розных саслоўяў і веравызнанняў. У гімназіях вывучаліся закон Божы, рус., ням., франц. мовы, педагогіка, матэматыка, фізіка, уводзіны ў філасофію, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства і інш. Наладжваліся літ. і муз. вечары, дабрачынныя спектаклі, канцэрты і інш.

А.​Л.​Еўдакімава.

т. 8, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́НКЕР (ням. Klinker). 1) К. дарожны — высокатрывалая цэгла

(пліты),

атрыманая з спец. (клінкерных) глін абпальваннем сфармаванай масы да поўнага спякання.

Спосаб фармавання — паўсухі або пластычны, абпальванне робіцца ў тунэльных печах пры т-ры каля 1200 °C. К. вызначаецца супраціўляльнасцю да сцірання, даўгавечнасцю, дэкаратыўнасцю (звычайна цёмна-бурага або сінявата-чырвонага колеру). Выкарыстоўваецца для машчэння дарог, вуліц, падлог у прамысл. будынках, часам для муроўкі фундаментаў, абліцоўкі, у гідратэхн. збудаваннях. На Беларусі вырабляецца на цагельных з-дах і камбінатах буд. матэрыялаў.

2) К. у металургіі — тугаплаўкая запечаная маса, якая застаецца пасля перапрацоўкі (вельцавання) адходаў металург. вытв-сці ў вярчальных печах. Ідзе на далейшую высокатэмпературную перапрацоўку (для здабывання цынку, медзі, свінцу і інш. каштоўных кампанентаў).

3) К. цэментны — запечаная сыравінная сумесь (напр., вапняку і гліны або шлаку) для вырабу цэменту.

І.​І.​Леановіч.

т. 8, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАЧЫ́ЦКАЯ Тамара Мікалаеўна (н. 28.3.1949, г.п. Калінава Папаснянскага р-на Луганскай вобл., Украіна),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). З 1975 на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. У 1993—96 выкладала ў маст. школе-ліцэі ў Мінску. Працуе ў галіне керамікі. Творы вызначаюцца абагульненасцю і стылізаванасцю пластычных форм, спалучэннем натуральнай фактуры матэрыялу з ангобнай размалёўкай. Аформіла інтэр’еры праф.-тэхн. вучылішча мантажных і спец. работ № 31 у Мінску (1979—80), дзіцячых садкоў № 31 у Барысаве (1981) і № 401 у Мінску (1983), загс у г.п. Іўе Гродзенскай вобл. (1990—91) і інш. Сярод станковых твораў: дэкар. пластыка «Сны зімовага лесу» (1987), вазы «Нектар» (1980), «Палессе» (1987), дробная пластыка.

Т.Курачыцкая. Керамічнае пано «Юнацтва» ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы мантажных і спецыяльных работ № 31 у Мінску. 1979—80.

т. 9, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНО́ВІЧ Іван Іосіфавіч (н. 18.4.1929, в. Цырын Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне дарожнага буд-ва і прамысл. транспарту. Д-р тэхн. н. (1974), праф. (1970). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1981). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1953). З 1962 у Бел. тэхнал. ін-це. У 1968—84 нам. міністра вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі, з 1980 у БПЛ. Навук. працы па праблемах прамысл. транспарту, буд-ве і эксплуатацыі аўтамаб. дарог, дарожным матэрыялазнаўстве і механіцы дарожных збудаванняў, тэорыі разліку зборна-разборных дарожных пакрыццяў, экалаг. маніторынгу.

Тв.:

Дорожное грунтоведение с основами механики грунтов. Мн., 1977 (разам з М.​П.​Вырко);

Основы строительного дела. Мн., 1980 (у сааўт.);

Дорожно-строительные материалы. Мн., 1983 (разам з К.​Ф.​Шумчыкам);

Дорожная климатология. Мн., 1994.

т. 9, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НСКІ РАССТРЭ́Л 1912,

расстрэл 17 крас. рабочых Ленскіх залатых капальняў у Сібіры (належалі рас.-англ. акц. т-ву «Лензолата»). Недастатковая зарплата, цяжкія ўмовы жыцця і працы рабочых выклікалі 13.3.1912 забастоўку, якая да канца сак. ахапіла больш за 6 тыс. чал. Перагаворы з адміністрацыяй вынікаў не далі, улады накіравалі ў раён капальняў войскі і жандараў. 17 крас. 2,5 тыс. рабочых накіраваліся да Надзеждзінскай капальні (цяпер пас. Апрэльск Бадайбінскага р-на Іркуцкай вобл.), каб прынесці пратэст пракурору супраць арышту паліцыяй членаў Цэнтр. стачачнага к-та. Войскі адкрылі агонь: 270 чал. забіта, 250 паранена. Л.р. выклікаў абурэнне ў краіне, яго падзеі вывучалі спец. камісіі Дзярж. думы (кіраўнік А.Ф.Керанскі) і ўрада. Акцыі пратэсту адбыліся па ўсёй Рас. імперыі, у т. л. ў Мінску, Віцебску, Гомелі і інш. месцах Беларусі.

т. 9, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАПРАПУСКНЫ́Я ЗБУДАВА́ННІ,

гідратэхнічныя збудаванні для пропуску сплаўнога лесу (лесасплаву). На суднаходных рэках як Л.з. выкарыстоўваюць суднаходныя шлюзы і спец. збудаванні ў складзе напорных гідравузлоў — плытаходы, на несуднаходных — лесаспускі і мех. лесацягалкі.

Плытаходы — драўляныя, бетонныя і жалезабетонныя нахіленыя латакі прамавугольнага сячэння, шырынёй да 20 м, з адной або дзвюма засаўкамі. Лесаспускі (бярвенаспускі) — латакі трохвугольнага або трапецаідальнага папярочнага сячэння для пропуску лесу россыпам (шарашом, молем). Бываюць сплаўныя (транспартуюць лес на плаву пры глыбіні вады ў латаку 0,7—0,9 дыяметра бярвён), паўсплаўныя (у паўзавіслым стане, пры слізганні па дне; вады ў латаку 0,2—0,6 дыяметра бярвён) і мокрыя (вады 0,1—0,15 дыяметра бярвён, якія слізгаюць па латаку). Лесацягалкі, папярочныя канвееры і інш. мех. прыстасаванні выкарыстоўваюць для перавалкі лесу з верхняга б’ефа ў ніжні праз грэбень плаціны пры значных напорах.

Г.​Г.​Круглоў.

т. 9, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТА́ЎРЫ (відаць, ад познагрэч. polytaurea, ад полі... + taurea барабан),

старажытны мембранны ўдарны муз. інструмент. Вядомы многім народам свету. Традыцыйна выкарыстоўваюцца пераважна парамі. Мае котлападобны метал. корпус-рэзанатар, зверху зацягнуты скураной мембранай. Пры ўдары па ёй 2 драўлянымі калатушкамі ўзнікае гук акрэсленай вышыні. Для настройкі мембраны служаць спец. вінты, размешчаныя па акружнасці, або педальны механізм. У Еўропе Л. вядомы з сярэдневякоўя. Выкарыстоўваліся звычайна як ратны сігнальны інструмент асобна або ў ансамблі з трубамі. Пад назвай бубны ўпамінаюцца ў стараж.-рус. л-ры 12 ст. У 17 ст. ўведзены ў оперна-сімф. аркестр. Поўны камплект сучасных Л. уключае да 5 інструментаў розных памераў і настройкі. На Беларусі паводле этнагр. крыніц 19 ст. наз. катламі, выкарыстоўваліся ў некаторых нар. абрадах (валачобным, купальскім), а таксама паўстанцамі 1863—64.

І.​Дз.​Назіна.

Літаўры.

т. 9, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)