МА́ЛЬЦАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (14.10. 1921, г. Цвер, Расія — 21.4.1964),
рускі гісторык. Канд. гіст. н. (1949). Скончыў Маскоўскі ун-т (1944). З 1946 выкладчык у ВНУ Масквы, у т. л. ў Маскоўскім ун-це. У манаграфіі «Расія і Беларусь у сярэдзіне XVII ст.» (1974), прысвечанай вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, даследаваў ход ваен. дзеянняў, палітыку рус. улад адносна шляхты, духавенства, мяшчанства, сялянства, узаемаадносіны рус. ўрада і ўкр. казакоў у дачыненні да Беларусі. Апублікаваў Баркулабаўскі летапіс («Археаграфічны штогоднік за 1960 г.», 1962).
В.С.Пазднякоў.
т. 10, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́ХАЎ (Уладзімір Васілевіч) (30.9.1922, Даўгінцава Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 18.11.1983),
расійскі кінааператар і рэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1964). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1952), з 1969 выкладаў у ім. З 1952 аператар, з 1964 рэжысёр кіно. Аператарскае мастацтва вызначалася драм. напружанасцю, багаццем і тэхн. вынаходлівасцю прыёмаў, вастрынёй пластычных эфектаў: «Скакуха» (1955, з Ф.Дабранрававым), «Вышыня» (1957), «Лёс чалавека» (1959, паводле М.Шолахава; Ленінская прэмія 1960), «Аптымістычная трагедыя» (1963, паводле У.Вішнеўскага). Рэжысёр фільмаў: «Няпрошанае каханне» (1965), «Пра цуды чалавечыя» (1968), «Нечаканы госць» (1972), «Каханне маё вечнае» (1982) і інш.
т. 10, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГЫ́Т,
дынастыя правіцеляў Бухарскага эмірата ў 1753—1920. Заснавальнік дынастыі Мухамед Рахім
[1753—58] прыняў тытул эміра. Найб. вядомыя прадстаўнікі М.: Даніял-бей [1758—85],
Шах-Мурад [1785—1800], Хайдар [1800—26], Насрула [1826—60], Музафар-эд-дзін [1860—85]. Яны ажыццяўлялі палітыку цэнтралізацыі эмірата, падпарадкоўваючы сабе мясц. феадалаў, вялі барацьбу з Какандскім і Хівінскім ханствамі. Паводле дагавораў 1868 і 1873 прызналі пратэктарат Расіі над Бухарой. У вер. 1920 апошні эмір з М. Алім-хан — быў скінуты часцямі Чырв. Арміі на чале з М.В.Фрунзе і ўцёк у Афганістан. М. прысвечана праца таджыкскага пісьменніка і вучонага Айні «Гісторыя эміраў Мангыцкай дынастыі» (1923).
т. 10, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНФЕРА́Н ((Montferrand) Аўгуст Аўгуставіч) (сапр. Агюст Рыкар дэ М.; 24.1.1786, Парыж — 10.7.1858),
расійскі архітэктар. дэкаратар і рысавальшчык. Па паходжанні француз. Вучыўся ў Політэхн. школе, у арх. Ш.Персье і П.Фантэна ў Парыжы. З 1816 працаваў у Расіі. У творчасці М. адлюстраваўся пераход ад позняга класіцызму да эклектызму. Асн. работы ў Санкт-Пецярбургу: Ісакіеўскі сабор, Аляксандраўская калона на Дварцовай плошчы (1830—34, ампір), дом Лабанава-Растоўскага (1817—20), аздабленне Фельдмаршальскай, Пятроўскай і буд-ва Круглай залаў Зімняга палаца (1827 — пач. 1830-х г.), перабудова дома Гагарынай (1840-я г.).
т. 10, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРХА́,
рака, левы прыток Вілюя, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 1181 км, пл. басейна 99 тыс. км². Пачынаецца ва ўсх. ч. Вілюйскага плато, цячэ па Сярэднесібірскім пласкагор’і і Цэнтральнаякуцкай раўніне. Асн. прытокі: Маркока (справа), Ханя (злева). Высокае веснавое разводдзе і летне-асеннія паводкі. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 360 м³/с. Ледастаў ад канца вер. — пач. кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Зімой перамярзае ў вярхоўі на 7 месяцаў, у нізоўі — на 5 месяцаў. Суднаходная вясной на 984 км ад вусця.
т. 10, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ ЖАНО́ЧЫ ДЗЕНЬ 8 САКАВІКА́,
дзень міжнар. салідарнасці жанчын у барацьбе за эканам., сац. і паліт. роўныя правы з мужчынамі. Рашэнне аб штогадовым святкаванні М.ж.д. прынята ў 1910 на 2-й Міжнар. канферэнцыі жанчын-сацыялістак у Капенгагене (Данія) па прапанове К.Цэткін. Упершыню праводзіўся ў 1911 у Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі і Даніі. У Расіі ўпершыню праведзены ў 1913, у Беларусі — у 1914. У СССР з 1965 паводле рашэння Вярх. Савета СССР непрацоўны дзень; захаваў такі статус пад інш. назвамі і ў многіх краінах СНД, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь.
т. 10, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ДО́СЛЕДНАЕ РЫБАПЕРАПРАЦО́ЎЧАЕ КО́МПЛЕКСНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА.
Засн. ў 1973 у Мінску. З 1988 наз. Мінскі холадакамбінат па захаванні, перапрацоўцы і рэалізацыі рыбных тавараў, з 1990 арэнднае прадпрыемства, з 1995 адкрытае акц. т-ва «Рыбакомплекс». Працуюць асн. цэхі: вяндлярны, кулінарны, прэсерва-марынадны, сыравінны і дапаможныя, халадзільныя камеры. Выпускае (1999) больш за 100 найменняў рыбапрадукцыі, у т. л. з марской капусты 7, прэсерваў больш за 30, рыбы халоднага і гарачага вэнджання больш за 50, салёнай рыбы больш за 10 найменняў. Сыравіна завозіцца ў асн. з краін Балтыі і Расіі.
т. 10, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЧМАН (ад англ. midshipman карабельны чын),
воінскае званне (чын) у ВМФ (ВМС) шэрагу дзяржаў. У ВМФ Расіі ў 1716—32 унтэр-афіцэрскі чын, у 1732—51 і 1758—1917 малодшы (першы) афіцэрскі чын, які адпавядаў паручніку ў арміі. У СССР у 1940—71 воінскае званне старшынскага складу ВМФ (гл. Старшына), у 1972—91 воінскае званне ў ВМФ і марскіх часцях пагран. войск, якое адпавядала званню прапаршчыка. У 1981 уведзена таксама званне старшага М. У Вялікабрытаніі, ЗША і інш. краінах — воінскае званне курсантаў старшых курсаў ваен.-марскіх ВНУ.
т. 10, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́РАМА,
роднаснае мардве стараж. фіна-угорскае племя, што жыло ў 1-м тыс. да н.э. — 12 ст. н.э. на берагах р. Ака, у межах сучаснага Мурамскага р-на Уладзімірскай вобл. Расіі. Асн. заняткі — жывёлагадоўля, земляробства, пушное паляванне, рыбалоўства, бортніцтва, металургія жалеза, медналіцейнае і ювелірнае рамёствы. Вяла гандаль са славянамі, волжскімі булгарамі, народамі Прыуралля і Сярэдняй Азіі. Грамадскі лад М. — патрыярхальна-родавы. У 10—11 ст. М. плаціла даніну князям Кіеўскай Русі (згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў»), у 12 ст. асімілявана слав. насельніцтвам і пазней увайшла ў склад рускай народнасці.
т. 11, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСКАВІ́Т (англ. muscovite ад Muscovy Масковія — стараж. назва Расіі, адкуль М. быў завезены ў краіны Еўропы),
мінерал групы слюд, складаны гідраксідалюмасілікат калію, KAl2[AlSi3O10](OH, F)2. Крышталізуецца ў манакліннай, зрэдку трыганальнай сінганіях. Утварае кароткаслупкаватыя і пласціністыя крышталі, ліставатыя, лускаватыя і інш. агрэгаты. У тонкіх пласцінах бясколерны, у больш тоўстых набывае шэрае, ружаватае, жаўтаватае, зеленаватае адценні. Бляск шкляны, на плоскасцях спайнасці перламутравы і серабрысты. Цв. 2—3. Шчыльн. 2,8—2,9 г/см5. Магматычнага і метамарфічнага паходжання. Выкарыстоўваецца ў буд., хім., гумаватэхн., фарфоравай, электра- і радыёпрамысловасці.
т. 11, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)