процілеглыя і адначасова ўзаемазвязаныя формы ўспрымання свету, тэндэнцый і заканамернасцяў яго развіцця. Залежаць ад перавагі спрыяльных, стваральных і жыццесцвярджальных, або, наадварот, неспрыяльных і разбуральных пачаткаў. Абазначаюць веру ці нявер’е ў будучае, у здольнасць чалавецтва арганізаваць сваё жыццё на аснове ідэалаў дабра, справядлівасці і г.д. Надаюць пэўную афарбоўку розным ідэйна-паліт. плыням, ідэалогіям, філас. вучэнням, праграмам практычнага дзеяння. Аптымізм становіцца пануючым настроем у эпоху грамадскага ўздыму і пераходу да новага, больш высокага ў параўнанні з ранейшым якаснага стану. Калі пераход заканчваецца і ў грамадстве ўзнікаюць новыя праблемы і цяжкасці, супярэчнасці абвастраюцца, уздым перарываецца спадамі і крызісамі, узмацненнем рэгрэсіўных тэндэнцый у грамадскім жыцці, аптымізм, як правіла, саступае месца песімізму. Крыніцай песімістычных настрояў і змрочных глабальных прагнозаў на будучыню служыць і заснаваная на драпежніцкіх адносінах да прыроды «цывілізацыя спажывання» (экалагічны песімізм). Аптымізм і песімізм здольныя адыгрываць актыўную канструктыўную ролю ў пошуках адказаў на пытанні, што ўзнікаюць перад грамадствам.
Літ.:
Мечников И.И. Этюды оптимизма. М., 1988;
Жибуль И.Я. Экологические потребности: сущность, динамика, перспективы. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНХІ́Т (ад грэч. bronchos дыхальнае горла + ...it),
запаленчы працэс у бронхах з пашкоджаннем слізістай абалонкі. Этыялогія найчасцей вірусная, а таксама бактэрыяльная і змешаная; узнікненню бранхіту спрыяюць уздзеянні хім. рэчываў, гіпа- і авітамінозы. Асн. сімптом бранхіту — кашаль: сухі з нязначнай колькасцю слізістай макроты пры катаральным бранхіце; мокры з вял. колькасцю слізіста-гнойнай макроты пры катаральна-гнойным і гнойным бранхіце.
Характар кашлю і макроты залежыць ад пашкоджання слізістай бронхаў (эндабранхіт). Абструктыўны бранхіт суправаджаецца дыхальнай недастатковасцю, што выражана пры бранхіяліце (разнавіднасць бранхіту з пашкоджаннем пераважна дробных бронхаў і брахіёлаў), які найчасцей бывае ў дзяцей ранняга ўзросту. Аўскультацыйная прыкмета бранхіту — сухая, свісцячая, мокрая ахрыпласць. Адрозніваюць востры, зацяжны, рэцыдыўны, хранічны бранхіт. Узнікненню рэцыдываў вострага бранхіту і хранічнага працэсу спрыяюць заганы развіцця трахеабранхіяльнага дрэва, лёгачнай тканкі, імунадэфіцыты, гіперрэактыўнасць бронхаў. Пры хранічным бранхіце запаленчы працэс пашыраецца на ўсю сценку бронхаў. Востры бранхіт можа ўскладняцца пнеўманіяй, хранічны — пнеўмасклерозам, эмфіземай, бронхаэктазіяй. Лячэнне тэрапеўт. і фізіятэрапеўтычнае, значны эфект дае кліматычнае курортнае лячэнне. На бранхіт хварэе таксама с.-г. жывёла, пераважна маладняк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІД ЛІТАРАТУ́РНЫ,
устойлівая форма развіцця літаратуры, якая склалася гістарычна як адна з праяў роду літаратурнага (эпасу, лірыкі, драмы). Вылучаюць асн. віды эпасу — эпапея, раман, аповесць, апавяданне, нарыс, казка і інш., лірыкі — верш, паэма, песня, дыфірамб, элегія і інш., драмы — трагедыя, драма, камедыя. Від літаратурны непасрэдна выяўляе ўзаемасувязь паміж тэмай, ідэяй твора і іх маст. увасабленнем, стылем твора. Таму ў развіцці віду адлюстроўваюцца жыццёвыя і літ. з’явы, якім ён абавязаны сваім узнікненнем, існаваннем. Склаўшыся як пэўная форма літ. твораў, від літаратурны валодае адносна ўстойлівымі кампазіцыйнымі адзнакамі або адзінствам праблематыкі, пафасу. Напр., раман, аповесць, апавяданне вызначаюцца як вялікая, сярэдняя і малая формы, у вызначэнні віду ў лірыцы і драматургіі ўлічваюцца найперш тэматычныя асаблівасці твораў аднаго віду або характар іх пафасу (камедыя, трагедыя, ода, элегія, дыфірамб). Від літаратурны ў сваю чаргу мае свае падвіды, або жанравыя формы (напр., адрозніваюцца раманы філас., псіхал., быт., гіст., дэтэктыўны і інш.). У сучасным літ.-знаўстве часам адбываецца атаясамліванне паняццяў від літаратурны і жанр літаратурны з-за цяжкасці іх тэарэт. размежавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСЮТО́ВІЧ (Канстанцін Андрэевіч) (20.5.1884, в. Бахаравічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 26.2.1943),
бел. балетмайстар. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1906). У 1921—28 балетмайстар БДТ-1. Ставіў танцы, карагоды, гульні, абрадавыя сцэны ў драм. спектаклях («На Купалле» М.Чарота, «Машэка», «Кастусь Каліноўскі», «Каваль-ваявода» Е.Міровіча, «Панскі гайдук» Н.Бываеўскага, «Вяселле» В.Гарбацэвіча і інш.). Для развіццябел.прафес. балетнага мастацтва прынцыповае значэнне мелі яго пастаноўкі балетаў «Капелія» Л.Дэліба, «Зачараваны лес» Р.Дрыга, «Фея лялек» І.Баера, бел. балета «Помста сябровак» (лібрэта Алексютовіча, музыка скампанавана Л.Маркевічам). Адначасова супрацоўнічаў з У.Галубком (БДТ-3). У 1930—37 балетмайстар Бел. ТРАМа і Т-ра юнага гледача, у 1937—41 гал. балетмайстар Ансамбля беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі. Зрабіў значны ўклад у развіццё бел. сцэнічнага танца, выявіў глыбокае веданне харэагр. фальклору, беражлівае стаўленне да яго нац. рысаў, пачуццё тэатральнасці. Стварыў танец «Бульба», сцэн. варыянты многіх традыц.нар. танцаў («Лявоніха», «Крыжачок», «Мяцеліца», «Мікіта», «Таўкачыкі», «Юрачка», «Лянок» і інш.), а таксама кадрыляў, карагодаў, гульняў.
Літ.:
Алексютович Л.К. Балетмейстер Константин Алексютович. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР III (10.3.1845 — 1.11.1894),
расійскі імператар [1881—94]. З дынастыі Раманавых. Сын Аляксандра II. Наследнікам прастола стаў пасля смерці (1865) старэйшага брата. Прыхільнік інтарэсаў найб. кансерватыўных колаў дваранства і буйных землеўладальнікаў, непахіснай самадзяржаўнай улады (29.4.1881 прыняты адпаведны маніфест). У 1883 у гонар сваёй каранацыі амнісціраваў удзельнікаў паўстання 1863—64. Прымаючы пад увагу тэндэнцыі капіталіст.развіцця краіны, правёў у 1880-я г. рэформы: панізіў выкупныя плацяжы б. прыгонных сялян (1881), часоваабавязаных сялян перавёў на абавязковы выкуп (1883), у еўрап.ч. Расіі адмяніў падушны падатак (1887). З канца 1880-х г. пачаўся перыяд адкрытай рэакцыі і т.зв. контррэформаў: уведзены ін-т земскіх начальнікаў (1889, на Беларусі з 1900), перагледжаны земскія і гарадавыя палажэнні, ліквідавана універсітэцкая аўтаномія, узмацніліся нац. прыгнёт нярускіх народаў, уціск нац. культур, русіфікацыя; па Украіне і Беларусі пракацілася хваля яўр. пагромаў. Знешняя палітыка вызначалася міралюбівасцю. У перыяд яго царавання ў асноўным завершана далучэнне да Рас. імперыі Сярэдняй Азіі (1885), заключаны франка-рус. саюз (1891—93), адносіны з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй пагоршыліся.
Літ.:
Твардовская В.А. Александр III // Российские самодержцы, 1801—1917. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНАСТЫЦЫ́ЗМ (ад грэч. agnōstos недаступны пазнанню),
філасофскае вучэнне, паводле якога немагчыма пазнанне аб’ектыўнага свету, яго сутнасці і заканамернасці развіцця, дасягненне абсалютнай ісціны; крайняя форма скептыцызму. Роля навукі абмяжоўваецца толькі пазнаннем з’яў. Тэрмін уведзены ў 1863 англ. прыродазнаўцам Т.Гекслі. Ідэі агнастыцызі прасочваліся яшчэ ў ант. філасофіі (Пратагор, сафісты). Найб. паслядоўна агнастыцызм прадстаўлены ў вучэннях Д.Юма і К.Канта. Юм лічыў, што ўсё пазнанне звязана толькі з вопытам і прынцыпова не выходзіць за яго межы, а таму нельга меркаваць пра адносіны паміж вопытам і рэальнасцю. Кант абгрунтоўваў агнастыцызм увядзеннем і размежаваннем паняццяў «рэч у сабе» (недасягальная для пазнання) і «рэч для нас» (у працэсе пазнання якой утвараецца вобраз гэтай рэчы). Пазнаючы вобраз, розум імкнецца пазнаць і «рэч у сабе», але гэта яму не ўдаецца, паколькі ён валодае магчымасцямі толькі для пазнання вобраза рэчы, таму розум канчаткова заблытваецца ва ўзаемна супярэчлівых выказваннях аб прадмеце (антыноміях), якія дапускаюць пераканаўчае лагічнае абгрунтаванне. Агнастыцызм параджаецца абсалютызацыяй, празмерным адасабленнем і проціпастаўленнем тэорыі і практыкі, пазнання і рэчаіснасці, суб’екта і аб’екта пазнання. Разнавіднасцю агнастыцызму з’яўляецца іерогліфаў тэорыя, неапазітывізм, экзістэнцыялізм і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІНА́ЦЦАТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎрабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся 14—22.1.1935 у Мінску; 787 дэлегатаў з рашаючым і 180 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ўрада БССР; даклады аб стане і развіцці жывёлагадоўлі, стане і задачах аховы здароўя ў БССР.
Праходзіў ва ўмовах узмацнення культу асобы Сталіна і актыўнага складвання камандна-адм. сістэмы, што вяло да пэўнага адрыву рашэнняў з’езда ад жыцця, перабольшвання дасягнутых поспехаў, недаацэнкі цяжкасцяў і недахопаў. Паставіў нерэальную задачу перавыканаць план 2-й пяцігодкі. Сярод дасягненняў адзначаны адмена картачнай сістэмы на прадукты харчавання, канчатковая перамога калгаснага ладу ў рэспубліцы. З’езд звярнуў увагу на дрэнную работу большасці жывёлагадоўчых саўгасаў і калгасных фермаў, ухваліў дзярж. план развіцця жывёлагадоўлі. Зроблены змены і дапаўненні да Канстытуцыі БССР, абвешчана абавязковая сіла пастаноў і заканадаўчых актаў СССР на тэр. Беларусі.
Выбраў ЦВКБССР (215 чл.), 72 дэлегаты на 7-ы з’езд Саветаў СССР і 5 прадстаўнікоў ад БССР у Савет нацыянальнасцяў ЦВКСССР. Старшынёй ЦВКБССР абраны А.Р.Чарвякоў, старшынёй СНКБССР — М.М.Галадзед.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АДЧЫ́НЕНЫХ ДЗВЯРЭ́Й» ПАЛІ́ТЫКА,
1) адзін са стратэгічных кірункаў знешняй палітыкі ЗША у канцы 19 — пач. 20 ст. па стварэнні спрыяльных умоў для эканам. экспансіі ў Кітаі. ЗША, прызнаючы падзел Кітая на сферы ўплыву паміж Вялікабрытаніяй, Германіяй, Францыяй, Расіяй, Японіяй і інш. дзяржавамі, патрабавала захаваць для амер. капіталу ў гэтых сферах «адчыненыя дзверы» — роўныя правы і магчымасці, ільготы і тарыфы. Афіцыйна «Адчыненых дзвярэй» палітыка прызнана на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22. У сав.гіст. л-ры наз. «Адкрытых дзвярэй» дактрына.
2) Сучасны кірунак развіццясусв. эканомікі і гандлю, галоўны прынцып якога — узаемаадкрытасць эканомікі праз дзейнасць транснац. карпарацый і транснац. банкаў. Падтрымліваецца найб. краінамі свету: ЗША, Японіяй, Францыяй, Германіяй і інш. 3) Курс некаторых дзяржаў Азіі (Кітай, Паўд. Карэя, Малайзія, Індыя і інш.), Афрыкі (Егіпет, Нігерыя, Кенія і інш.), Лац. Амерыкі (Аргенціна, Мексіка, Багамскія Астравы і інш.), рэспублік б.СССР (Расія, Украіна, Літва, Латвія, Эстонія) на эканам. развіццё за кошт прыцягнення замежнага капіталу, тэхнікі і тэхналогій і стварэння свабодных эканамічных зон з ільготным падатковым рэжымам, асобнымі правамі ў сац.-эканам. і паліт. сферах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НДНЫ ПАДРА́Д,
форма арэндных узаемаадносін унутры прадпрыемства (унутрывытворчая арэнда). Выкарыстоўваецца для павышэння эфектыўнасці вытворчасці на аснове матэрыяльнага стымулявання арэнднага калектыву. Аб’ектам арэнды з’яўляецца падраднае заданне — выпуск прадукцыі пэўнай наменклатуры, адпаведнай якасці і ў вызначаны тэрмін на аснове выкарыстання асноўных сродкаў вытворчасці, якія бяруцца ў арэнду. Дагавор на арэндны падрад заключаецца паміж адміністрацыяй прадпрыемства, з аднаго боку, і калектывамі яго вытворчых падраздзяленняў (брыгад, цэхаў і інш.), з другога. Узаемаадносіны паміж імі будуюцца на прававой і эканамічнай аснове. Арэнднаму вытворчаму падраздзяленню перадаецца частка правоў прадпрыемства, напрыклад размеркаванне даходу, арганізацыя працы і яе аплата, вызначэнне колькасці работнікаў, выкарыстанне абсталявання і працоўнага часу, выкананне знешніх паслуг і заказаў і гэтак далей. Такое расшырэнне правоў і гаспадарчай самастойнасці арэнднага калектыву спалучаецца з яго матэрыяльнай адказнасцю за выкананне вытворчых заданняў. Арэндны падрад грунтуецца на дакладным вызначэнні складу і памеру арэнднай платы, парадку размеркавання выручкі ад продажу прадукцыі паміж адміністрацыяй і арэндным калектывам, магчымасцяў ствараць у арэндным вытворчым падраздзяленні фонд развіцця вытворчасці, фонд спажывання і гэтак далей. Пры гэтым асноўныя функцыі прадпрымальніка застаюцца за адміністрацыяй прадпрыемства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
інструментальны сродак (або сукупнасць сродкаў) для апрацоўкі інфармацыі, у т. л. вылічэнняў, кіравання, рашэння задач. Бываюць мех., эл., электронныя, гідраўл., пнеўматычныя, аптычныя і камбінаваныя; у залежнасці ад формы выяўлення інфармацыі адрозніваюць аналагавыя вылічальныя машыны, лічбавыя вылічальныя машыны і гібрыдныя вылічальныя сістэмы.
Першы праект універсальнай «аналітычнай машыны» (гіганцкага арыфмометра з праграмным кіраваннем, арыфм. і запамінальным блокам), які, аднак, не быў поўнасцю рэалізаваны, распрацаваў англ. вынаходца і матэматык Ч.Бэбідж у 1883. Асн. ідэі праекта закладзены ў аснову работы сучаснай вылічальнай машыны: праграма вылічэнняў захоўваецца ў памяці машыны і выконваецца аўтаматычна. Развіццё электратэхнікі і радыёэлектронікі прывяло да стварэння ў 1930-я г. спецыялізаваных аналагавых вылічальных машын. Першыя электронныя вылічальныя машыны, заснаваныя на выяўленні інфармацыі ў лічбавай двайковай форме, распрацаваны ў 1940-я г. на аснове развіццяэл. пераключальных схем у аўтам.тэлеф. сувязі, электроннай кантрольна-вымяральнай апаратуры, радыёлакацыі. Гл. таксама Вылічальная машына «Мінск», Вылічальная тэхніка, Вылічальны цэнтр, Вылічальная сістэма.