ВАРО́НКА (Язэп) (Іосіф Якаўлевіч; 17.4.1891, Сакольскі пав. Гродзенскай губ. — 4.6.1952),

бел. паліт. дзеяч, журналіст, публіцыст. У 1909—14 вольнаслухач Пецярбургскага ун-та. У пач. 1917 уступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, з чэрв. 1917 чл. яе ЦК. Уваходзіў у склад Асобай нарады па выпрацоўцы палажэння аб выбарах ва Усерас. Устаноўчы сход, быў чл. Бюро Савета нац. сацыяліст. партый Расіі. Удзельнічаў у рабоце Дзярж. нарады (жн. 1917, Масква). У прамове на Усерас. дэмакр. нарадзе (вер. 1917, Петраград) ад імя Цэнтр. рады бел. арг-цый выказаўся супраць урадавай кааліцыі сацыяліст. партый з буржуазнымі. Уваходзіў у склад Часовага савета Рас. рэспублікі (Перадпарламента). Да снеж. 1917 старшыня к-та Бел. т-ва ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. На 2-й сесіі Цэнтр. рады бел. арг-цый (кастр. 1917, Мінск) падтрымаў прапановы пра ўстанаўленне аўтаноміі Беларусі явачным парадкам. Адзін з кіраўнікоў Усебел. з’езда 1917 у Мінску. У лют.ліп. 1918 старшыня Народнага сакратарыята Беларусі, адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Рэдагаваў газ. «Белорусская земля», час. «Варта». З канца 1918 арыентаваўся на Літоўскую тарыбу, разглядаючы яе як натуральнага саюзніка ў барацьбе за бел. дзяржаўнасць; у снеж. 1918 — крас. 1920 міністр бел. спраў і чл. кабінета міністраў Літвы. Лідэр Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, з ліст. 1922 старшыня т-ва «Беларуская грамада ў Каўнасе». Аўтар гіст.-публіцыстычных брашур, у якіх абагульняў асн. факты з гісторыі бел. нац. руху ў гады рэвалюцыі і грамадз. вайны, аналізаваў тагачаснае паліт. становішча. У 1923 выехаў у Чыкага (ЗША). Адзін з пачынальнікаў бел. паліт. руху ў ЗША. Узначальваў Бел.-Амерыканскую нац. асацыяцыю, выдаваў газ. «Белорусская трибуна».

Тв.:

Белорусский вопрос к моменту Версальской мирной конференции: Ист.-полит. очерк. Ковна, 1919;

Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд. Коўна, 1920. Рэпрынт. Мн., 1991.

С.С.Рудовіч.

т. 4, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЫ́ГА-ДАРЭ́ЎСКІ (Арцём Ігнатавіч) (4.11.1816, в. Кублічы Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 1884),

бел. пісьменнік-дэмакрат. Скончыўшы Забельскую гімназію (Верхнядзвінскі р-н), служыў у розных установах Віцебска. Жыў у в. Стайкі паблізу ад Віцебска, арганізоўваў нар. школы, б-кі, чытальні. Падтрымліваў сувязь з У.Сыракомлем, А.Кіркорам, В.Дуніным-Марцінкевічам, В.Каратынскім, Я.Вулем, А.Рыпінскім і інш., якія пакінулі свае запісы ў «Альбоме» Вярыгі-Дарэўскага. У час паўстання 1863—64 адзін з арганізатараў узбр. выступлення на Віцебшчыне. У 1863 арыштаваны і зняволены ў віцебскую турму, у 1865 сасланы ва Усолле (Усх. Сібір). З 1868 на пасяленні ў Іркуцку. Памёр у Сібіры. Аўтар паэмы «Ахульга» (тэматычна звязана з вызв. барацьбой горцаў пад кіраўніцтвам Шаміля), драмы «Гордасць», камедый «Хцівасць» і «Грэх 4-ы — гнеў», дарожных нататкаў «Гутарка з пляндроўкі па зямлі латышскай» (матэрыялам паслужыла паездка Вярыгі-Дарэўскага ў інфлянцкія паветы Віцебскай губ. ў 1859), верша «Думкі хлопка з аколіц Віцебска на адглос вольнасці» (нап. 1858), твораў «Быхаў», «Паўрот Міхалка» і інш. Першы пераклаў на бел. мову паэму «Конрад Валенрод» А.Міцкевіча. Бел. творы Вярыгі-Дарэўскага з-за цэнзурных умоў не друкаваліся, рукапісы іх не знойдзены. Пры жыцці апубл. маналог-думка «Салдатка» (урывак з камедыі «Грэх 4-ы — гнеў») і верш-гімн «Бялыніцка наша маці...». У копіі захавалася вершаваная імправізацыя «Літвінам, запісаўшымся ў мой Альбом, на пажагнанне» (нап. 1858). Па-польску напісаў «Гутарку пра сваяка» (1858, пад псеўд. Беларуская Дуда), баладу пра кіраўніка паўстання на Украіне Э.Ружыцкага, верш, прысвечаны Э.Жалігоўскаму, і інш. Друкаваў допісы ў газ. «Виленский вестник», варшаўскім час. «Ruch muzyczny» («Музычны рух»), польскамоўнай пецярб. газ. «Słowo» («Слова»). Меркаванне, што Вярыга-Дарэўскі — аўтар паэмы «Тарас на Парнасе», не пацверджана апошнімі даследаваннямі.

Тв.:

У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Літ.:

Борковский С.А., Мальдис А.И. Поэтическое наследие Артемия Вериги-Даревского // Сов. славяноведение. 1971. № 2;

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 144—212;

Пачынальнікі. Мн., 1977. С. 213—292.

Г.В.Кісялёў.

т. 4, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗАВЫ ЛА́ЗЕР,

лазер з газападобным актыўным рэчывам. Актыўнае рэчыва (газ) змяшчаецца ў аптычны рэзанатар або прапампоўваецца праз яго. Інверсія заселенасці ўзроўняў энергіі (гл. Актыўнае асяроддзе) дасягаецца ўзбуджэннем атамаў дапаможнага рэчыва (напр., гелій, азот) і рэзананснай перадачай узбуджэння атамам рабочага рэчыва (неон, вуглякіслы газ). Паводле тыпу актыўнага рэчыва адрозніваюць атамарныя, іонныя і малекулярныя газавыя лазеры. Атрымана генерацыя пры выкарыстанні 44 актыўных атамарных асяроддзяў, іх іонаў з рознай ступенню іанізацыі, а таксама больш за 100 малекул і радыкалаў у газавай фазе. Газавыя лазеры маюць больш высокую монахраматычнасць, стабільнасць, кагерэнтнасць і накіраванасць выпрамянення ў параўнанні з лазерамі інш. тыпаў. Выкарыстоўваюцца ў метралогіі, галаграфіі, медыцыне, аптычных лініях сувязі, матэрыялаапрацоўцы (рэзка, зварка), лакацыі, фіз. даследаваннях, звязаных з атрыманнем і вывучэннем высокатэмпературнай плазмы і інш.

Для ўзбуджэння актыўнага рэчыва газавыя лазеры выкарыстоўваюць электрычныя разрады ў газах, пучкі зараджаных часціц, аптычную, хім. і ядз. пампоўку, цеплавое ўзбуджэнне, а таксама газадынамічныя метады і метады перадачы энергіі ў газавых сумесях. Найб. пашыраным атамарным газавым лазерам з’яўляецца гелій-неонавы лазер (магутнасць генерацыі да 100 мВт), які мае найвышэйшую стабільнасць параметраў генерацыі, надзейнасць і даўгавечнасць. Найб. магутная генерацыя іонных газавых лазераў атрымана на іонах аргону (да 500 Вт у неперарыўным рэжыме). Малекулярныя лазеры з’яўляюцца найб. магутнымі, напр. газавы лазер на вуглякіслым газе мае магутнасць да 1 МВт у неперарыўным рэжыме.

Першы газавы лазер на сумесі неону і гелію створаны ў 1960 амер. фізікамі А.Джаванам, У.Р.Бенетам і Д.Эрыятам. На Беларусі распрацоўкай і даследаваннем газавых лазераў займаюцца ў ін-тах фізікі, цепла- і масаабмену, фіз.-тэхн., малекулярнай і атамнай фізікі АН, НДІ прыкладных фіз. праблем пры БДУ, Гродзенскім ун-це і БПА.

Літ.:

Войтович А.П. Магнитооптика газовых лазеров. Мн., 1984;

Орлов Л.Н. Тепловые эффекгы в активных средах газовых лазеров. Мн., 1991;

Солоухин Р.И., Фомин Н.А. Газодинамические лазеры на смешении. Мн., 1984.

Л.М.Арлоў.

т. 4, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЎЦО́Ў (Макар) (сапр. Касцевіч Макар Мацвеевіч; 18.8.1891, в. Баброўня Гродзенскага р-на — 1939),

дзеяч бел. нац.-вызв. руху, паэт, публіцыст, перакладчык. Скончыўшы Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1910), працаваў настаўнікам на Гродзеншчыне. З 1915 у арміі. Ад салдацкага к-та 44-га армейскага корпуса Паўд.-Зах. фронту абраны дэлегатам на Усебеларускі з’езд 1917. У 1917—19 у Мінску. З 1918 чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1919 па заданні Мін-ва бел. спраў у Літоўскім урадзе стварыў бел. органы ўлады ў Сакольскім пав. Гродзенскай губ. Са снеж. 1919 уваходзіў у склад Беларускай вайсковай камісіі. Аўтар верша «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які стаў гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі. Удзельнік Слуцкага паўстання 1920, Першай Усебеларускай палітычнай канферэнцыі ў Празе (вер. 1921). З 1921 настаўнічаў у Вільні, займаўся літ. грамадскай дзейнасцю, удзельнічаў у рабоце Беларускага навуковага таварыства. У 1926 быў арыштаваны польск. ўладамі. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР з кастр. 1939 працаваў у рэдакцыі газ. «Віленская праўда». У канцы 1939 арыштаваны. Далейшы лёс невядомы. Літ. дзейнасць пачаў у 1918. Выступаў пад псеўд. Дзын-Дзылін, Звончык, Макар, Язэп Светазар, Picolo, Smreczyński; крыпт. З-ык, К.М., Кр.М., М.К. Друкаваўся ў газ. «Вольная Беларусь», «Звон», «Беларусь», «Беларуская крыніца», «Родны край», час. «Рунь», «Маланка», «Беларуская культура», «Шлях моладзі» і інш. Аўтар літаратуразнаўчых артыкулаў пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, У.Жылкі, К.Буйло, Цёткі і інш., успамінаў пра сучаснікаў, дзеячаў нац.-вызв. руху І.Луцкевіча, А.Астрамовіча, П.Крачэўскага, А.Гаруна, а таксама пра Усебел. з’езд 1917. Пераклаў на бел. мову многія творы М.Гогаля, М.Горкага, М.Зошчанкі, А.Купрына, М.Лермантава, А.Міцкевіча, Л.Талстога, Г.Сянкевіча, Т.Шаўчэнкі і інш. Рукапісы К. часткова зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы, Цэнтр. навук. б-цы Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Гарэцкі М. Макар Краўцоў // Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры Вільня, 1920;

Гесь А Макар Краўцоў пра Усебеларускі з’езд // Спадчына. 1996. № 1.

А.М.Гесь.

т. 8, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КУР’Е́Р ЛІТЭ́ЎСКІ»

(«Kurier Litewski», «Літоўскі веснік»),

1) інфармацыйная штотыднёвая газета, якая выдавалася ў 1760—64 у Вільні на польскай мове. Рэдактары Ф.Папроцкі (1760—62) і А Янушкевіч (1763—64).

2) Інфармацыйная газета, што выдавалася ў 1796—1840, да 1797 у Гродне, потым у Вільні, да 1833 на польск., з 1834 на рус. (пад назвай «Литовский вестник») і польск. мовах. Выдавец Т.Влодэк. З пач. 19 ст. перададзена ў арэнду Віленскаму ун-ту, у 1800—32 яе рэдагавалі Я.Ясінскі, К.Даніловіч, Э.Славацкі, А.Марціноўскі; з 1834 — орган мясц. улад. Мела дадатак «Wiadomości literackie» («Літаратурныя навіны»). З 1841 яе працягам стала газ. «Виленский вестник». Змяшчала матэрыялы з пецярбургскіх выданняў, артыкулы бел. тэматыкі.

3) Прыватная штодзённая газета, якая выдавалася ў 1905—15 у Вільні. Выдаўцы: І.Корвін-Мілеўскі, Ф.Завадскі, В.Бараноўскі, Э.Навіцкі, Т.Дэмбоўскі; у 1906—09 фактычным уладальнікам газеты быў віленскі біскуп Э.Роп. Орган кансерватыўнай плыні «краёвага кірунку» польскага руху ў Літве і Беларусі. Супрацоўнічала з аб’яднаннямі польскіх дэпутатаў ад Беларусі і Літвы ў I—IV Дзярж. думах. У 1905 — пач. 1906 бел. нац. рух разглядала як «антыпольскую інтрыгу» царскай адміністрацыі, бел. мову называла «мовай цемры і невуцтва». З сярэдзіны 1906 стаўленне да беларусаў стала больш прыхільным, выказвалася за неабходнасць дапамогі бел. нац. адраджэнню. Станоўча ацэньвала дзейнасць газеты «Наша ніва». Але патрабаванні бел. нац. руху, якія закраналі інтарэсы палякаў (радыкальная аграрная рэформа, увядзенне бел. мовы ў богаслужэнні), не падтрымлівала, самастойнае нац. і паліт. жыццё беларусаў лічыла малаверагодным. У вер. 1910 газета забаронена. У кастр. 1910 пачала выходзіць пад назвай «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»). 1(14).6.1911 рэдакцыя газеты аб’ядналася з рэдакцыяй газ. «Goniec codzienny» («Штодзённы веснік»). 31.12.1911 (13.1.1912) газета вярнула назву «К.Л.», паступова стала пераходзіць на пазіцыі польскай партыі нац. дэмакратаў. На апошнім этапе свайго існавання выступала супраць бел. і літ. нац. рухаў. У 1906—09 мела дадатак «Zycie ilustrowane» («Ілюстраванае жыццё», штотыднёвы ілюстраваны часопіс).

Ю.А.Вашкевіч, А.Ф.Смалянчук.

т. 9, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ ВЫЗВАЛЕ́ННЕ,

сацыяльна-паліт. працэс і вынік барацьбы супраць нац., эканам., паліт. і інш. прыгнёту за дасягненне незалежнасці (суверэнітэту) і стварэння самаст. нац. дзяржаўнасці. Праяўленні барацьбы за Н.в. вядомы здаўна (напр., барацьба паўд. славян супраць тур. панавання), аднак яе пашырэнне звязана з развіццём капіталізму, фарміраваннем нацый і нац. культур, стварэннем нац. дзяржаў у Зах. Еўропе і Паўн. Амерыцы (Нідэрландская буржуазная рэвалюцыя, вайна за незалежнасць у ЗША). Найбольшыя маштабы Н.в. мела ў 20 ст., калі яно набыло глабальны характар і прывяло да краху шматнацыянальных калан. імперый. Нац. незалежнасць заваявалі Кітай. Індыя, Інданезія, Пакістан, інш. краіны Азіі, Афрыкі, Лац. Амерыкі. Н.в. ажыццяўляецца ў форме нац.-вызв. рэвалюцыі, якая часта набывае характар шматгадовай узбр. барацьбы супраць замежных прыгнятальнікаў (напр., у Кітаі), ці ў форме мірнага эвалюцыйнага руху ў кірунку незалежнасці, калі ў канчатковым выніку ўлада перадаецца нац. ўраду мірным шляхам, як гэта адбылося ў Індыі. Н.в. з’яўляецца вынікам барацьбы, складанага ўзаемаперапляцення этнанац., паліт., сац., рэліг., сацыякультурных і інш. грамадскіх сіл. што складаюць масавую базу гэтага працэсу. Узначальваць рух за Н.в. могуць розныя супольнасці і арг-цыі: нац.-бурж., рэв.-дэмакр., сацыяліст., феад.-манархічныя і інш. Значны ўклад у фарміраванне бел. нац. ідэі і асэнсавання неабходнасці барацьбы за Н.в. зрабілі сваёй творчасцю Т.Нарбут, Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, А.Гурыновіч і інш. Важнай вяхой у барацьбе бел. народа за Н.в. з’явілася паўстанне пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага і выданне ім нелегальнай рэв.-дэмакр. газ. «Мужыцкая праўда», у якой выяўлены асн. арыенціры нац.-вызв. барацьбы бел. народа. Істотны ўклад у Н.в. беларусаў зрабіла ў 1906—15 газ. «Наша ніва», актыўная дзейнасць плеяды класікаў бел. л-ры, грамадска-паліт. дзеячаў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Пашкевіч, А.Гаруна, Ц.Гартнага, М.Гарэцкага і інш. Нац.-вызв. барацьба бел. народа прывяла да абвяшчэння ў 1918 Бел. Нар. Рэспублікі, у 1919 — БССР, у 1991 — Рэспублікі Беларусь як незалежнай, суверэннай і самаст. дзяржавы. Гл. таксама Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух, Нацыянал-дэмакратызм, Нацыянальнае самавызначэнне.

Я.М.Бабосаў.

т. 11, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІК-ПЯЮ́Н (Сяргей Міхайлавіч) (27.8.1906, в. Лявонавічы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 26.8.1994),

бел. пісьменнік. Скончыў Нясвіжскую гімназію (1924), бел. настаўніцкія курсы ў Вільні (1926). Арганізатар і першы кіраўнік хору ў Лявонавічах (з 1963 народны), стварыў там тэатр, б-ку, гурток ТБШ, за што высланы ў г. Свеце над Віслай (1926—31). Пасля вяртання зноў арыштаваны, высланы пад нагляд паліцыі ў Слонім. У 1939 зняволены ў астрог у г. Баранавічы. Вызвалены Чырв. Арміяй. З 1939 інспектар Слонімскага аддзела нар. адукацыі, дырэктар Слонімскага краязн. музея. Ў Вял. Айч. вайну ў 1943 арыштаваны слонімскім СД і зняволены ў Калдычэўскі лагер смерці пад Баранавічамі. Пасля вызвалення працаваў дырэктарам Слонімскага музея. 14.12.1944 арыштаваны сав. органамі бяспекі, высланы на Калыму. Рэабілітаваны ў 1958. Жыў у Слоніме, Нясвіжы, з 1960 у Мінску. Друкаваўся з 1924. У 1927 выдаў у Вільні пад псеўд. «Малады Дзядок» п’есу «Ёлка Дзеда Мароза». У 1927—31 супрацоўнічаў з віленскім дзіцячым час. «Заранка», газ. «Беларуская крыніца», часопісамі «Студэнцкая думка», «Шлях моладзі», «Хрысціянская думка» і інш., у 1940—41 друкаваўся ў слонімскай раённай газ. «Вольная праца». Аўтар зб-каў вершаў «Заўсёды з песняй» (1984), для дзяцей «Зорачкі ясныя» (1986), успамінаў пра Я.Купалу, Г.Леўчыка, І.Стаброўскага, Я.Карскага, ген. Я.Леашэню. Напісаў больш за 100 песень (словы і музыка Н.-П.). Песні «Зорачкі» і «Над Шчарай» («Слонімскі вальс») і інш. сталі народнымі. Пераклаў на бел. мову п’есы П.Салаўёвай (Алегра) «Цудоўная ноч», «Пакой у наймы», «Прадка пад крыжам», польскую камедыю А.Абрамовіча і Р.Рушкоўскага «Муж у ветлівасці», «Русалку» А.Пушкіна, «Першага вінакура» Л.Талстога. Эсперантыст. Аўтар эсперанцкага міжнар. гімна. Зб. «Песні з-за кратаў» застаўся ў рукапісе.

Літ.:

Лойка А. Душа рвалася да песень // ЛіМ. 1981. 9 кастр.;

Шишигина К. Музы Несвижа. Мн., 1986. С. 61—63, 101—102, 108, 110, 112.

І.У.Саламевіч.

т. 11, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАМО́ВІЧ (Аляксандр Фаміч) (студз. 1900, в. Васюлькі Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 1937),

парт. і дзярж. дзеяч БССР. Скончыў пач. вучылішча ў Радашковічах (1915). У 1916—19 у Адэсе, уваходзіў у бел. культ.-асв. арг-цыю «Беларускі гай». З 1918 чл. Бел. сацыяліст. грамады, у 1919 чл. Камуніст. партыі. З 1926 чл. ЦК КП(б)Б. З 1922 інструктар, заг. аддзела Бабруйскага пав. к-та КП(б)Б, інтруктар ЦК КП(б)Б, сакратар Калінінскага акр. к-та КП(б)Б (г. Клімавічы), сакратар Полацкага акр. к-та КП(б)Б, заг. аддзела друку ЦК КП(б)Б, рэдактар газ. «Беларуская вёска». У 1928—29 нам. наркома земляробства БССР. У вер. 1929 выключаны з партыі, звольнены з пасады. У ліп. 1930 арыштаваны органамі АДПУ і зняволены на 10 гадоў. У 1937 прыгавораны да пакарання смерцю. Рэабілітаваны ў 1988.

т. 1, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫНЕ́Ц (Антон Эдвард) (25.1.1804, в. Гейстуны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — 15.1.1885),

польскі паэт, перакладчык, мемуарыст, выдавец. З роду Адынцоў. Скончыў Віленскі ун-т (1823). У Вільні пасябраваў з А.Міцкевічам, Я.Чачотам, Т.Занам, І.Дамейкам, І.Ходзькам. У 1821 стаў чл. т-ва філарэтаў, напісаў «Песню філарэтаў» (пераробка яе — «Песня» Ф.Багушэвіча). У 1823—24 зняволены па справе т-ва. У 1825—26 выдаў у Вільні 2-томнік «Паэтычныя творы». У 1829—37 падарожнічаў па Зах. Еўропе, жыў у Дрэздэне. З 1838 у Вільні. У 1841—59 рэдактар газ. «Виленский вестник». З 1866 у Варшаве. У 1888 з І.Дамейкам наведаў Беларусь. Аўтар мемуарных «Пісем з падарожжа» (1875—78), «Успамінаў з мінулага» (1884), вершаваных драм «Феліцыта, або Карфагенскія мучанікі» (1849), «Барбара Радзівілянка» (1860).

Літ.:

Цвірка К. Тэлемак з-пад Ашмянаў: Жыццё і творчасць А.Э.Адынца // Роднае слова. 1994. № 3.

А.В.Мальдзіс.

т. 1, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАБЕ́Й (Лідзія Львоўна) (н. 27.6.1925, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменніца. Канд. філал. н. (1958). Скончыла БДУ (1951). Працавала ў рэдакцыях час. «Вожык», «Полымя», газ. «Чырвоная змена», выд-ве «Беларусь». Друкуецца з 1946. Аўтар манаграфій «Цётка (Алаіза Пашкевіч)» (1956) і «Хвядос Шынклер» (1959), твораў для дзяцей (зб. апавяданняў «Калібры», 1960, аповесць «Сіні бор», 1972; зб. апавяданняў і казак «Ісці ў разведку», 1989). Пра жыццё і творчасць Цёткі аповесці «На струнах буры» (1966) і «Стану песняй» (1977). Актуальныя праблемы сучаснасці ў аповесцях «Мера часу» (1962), «Экзамен» (1963), «Ваўчкі» (1972). Айч. вайнагал. тэма аповесцяў «На другой зіме вайны» (1966) і «Сярод ночы» (1968), раманаў «Іскры ў папялішчы» (1969), «Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы» (1980), зб. прозы «Мне трэба ехаць» (1974).

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1985;

Халодны май. Мн., 1993.

т. 1, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)