РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНАЯ АСТРАНО́МІЯ,

раздзел астраноміі, які даследуе целы Сонечнай сістэмы пры дапамозе адбітых імі радыёхваль, пасланых перадатчыкам з Зямлі ці касм. апарата. Аб’екты даследавання — планеты, спадарожнікі планет, каметы, сонечная карона.

Радыёлакацыйныя даследаванні нябесных цел грунтуюцца на прынцыпах радыёлакацыі. Інтэнсіўнасць радыёхваль пры радыёлакацыі адваротна прапарцыянальная чацвёртай ступені адлегласці ад аб’екта. З прычыны вял. міжпланетных адлегласцей радыёлакатары для даследавання нябесных цел маюць антэны вял. памераў і магутныя перадатчыкі. З дапамогай радыёлакацыі вызначаны абс. памеры Сонечнай сістэмы, атрыманы дакладныя значэнні адлегласцей ад Зямлі да планет і Сонца. Радыёлакацыйная апаратура міжпланетных станцый «Венера» (СССР), «Піянер-Венера» і «Магелан» (ЗША) дала магчымасць вызначыць дакладны рэльеф паверхні Венеры (складзены рэльефныя карты яе паверхні; 1983—92), што асабліва важна, таму што шчыльная атмасфера гэтай планеты непразрыстая ў бачным, ультрафіялетавым і інфрачырвоным дыяпазонах. Пры радыёлакацыі Юпітэра і інш. планет-гігантаў адбіты сігнал не зарэгістраваны (мяркуецца, што радыёхвалі поўнасцю затухаюць у вельмі глыбокай атмасферы). Пры даследаванні Сонца адбіццё радыёхваль адбываецца ад сонечнай кароны, што дае магчымасць даследаваць яе дынаміку. Атрыманы рэльефныя карты паверхні некаторых астэроідаў.

Літ.:

Котельников В.А. и др. Развитие радиолокационных исследований планет в Советском Союзе // Проблемы современной радиотехники и электроники. М., 1980;

Атлас поверхности Венеры. М., 1989.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНАЕ ПАШКО́ДЖАННЕ біялагічных аб’ектаў, парушэнне нармальнай жыццядзейнасці арганізма пры ўздзеянні на яго іанізавальнага выпрамянення. Закранае ўсе ўзроўні біял. структур, ад субклетачных да арганізма ў цэлым. На малекулярным узроўні адбываецца Р.п. субклетачных структур, найперш рыбануклеінавых і дэзоксірыбануклеінавай к-т (разрыў малекул, парушэнне сувязей нуклеінавых к-т з бялком і інш.), разбурэнне мембран клетачнага ядра, мітахондрый і інш. можа стаць прычынай узнікнення мутацый, пераважна з адмоўным эфектам. Характар уздзеяння іанізавальнага выпрамянення на біял. аб’ект вызначаецца з дапамогай мішэні тэорыі. Вылучаюць 3 этапы Р.п.: ажыццяўленне падзей пападання квантаў выпрамянення ў мішэні (субклетачныя структуры), у выніку якіх фарміруюцца першасныя патэнцыяльныя Р.п.; рэалізацыя патэнцыяльных пашкоджанняў; узнікненне другасных парушэнняў нармальнага працякання ўнутрыклетачных працэсаў у выніку пашкоджанняў. Ступень гэтых парушэнняў і пашкоджанняў залежыць пераважна ад дозы апрамянення арганізма і радыеадчувальнасці клеткі ці яе асобных кампанентаў. Страта клеткай здольнасці да праліферацыі ў выніку Р.п. вядзе да яе гібелі. Гл. таксама Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў, Прамянёвае паражэнне, Прамянёвыя пашкоджанні.

Літ.:

Комар В.Е., Хансон К.П. Информационные макромолекулы при лучевом поражении клеток. 2 изд. М., 1980;

Ярмоненко С.П. Радиобиология человека и животных. 3 изд. М., 1988;

Животный мир в зоне аварии Чернобыльской АЭС. Мн., 1995.

А.​Ю.​Маніна.

т. 13, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАЛІСТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,

адзін з кірункаў правазнаўства ў ЗША у 1920-я г. Прадстаўнікі школы Дж.​Грэй, О.​Холмс, Д.​Франк, К.​Левелін, Е.​Патэрсан і інш., канстатуючы кансерватызм, нягнуткасць, звернуты ў мінулае традыцыйнай прававой сістэмы ЗША, патрабавалі яе мадыфікацыі і прыйшлі да адмаўлення прынцыпу стабільнасці права і падпарадкоўвання суддзі закону. З пункту гледжання Р.ш.п. норма права — гэта ўсяго толькі думка заканадаўца аб праве, якую суддзя можа прыняць або не прыняць пад увагу. На думку «рэалістаў» усякая прававая норма, выказаная ў законе ці ў прэцэдэнце, непазбежна ператвараецца ў нешта застылае і адсталае ад жыцця. Таму права павінна змяняцца бесперапынна, што магчыма толькі ў тым выпадку, калі праватворчай сілай будзе суд. У адказе на пытанне, чым кіруецца суд пры вынясенні рашэння, прыхільнікі гэтай плыні падзяляліся на 2 групы: адна з іх схілялася да біхевіярызму (уздзеянне знешніх фактараў на паводзіны суддзі), другая — да фрэйдызму (пошукі ўздзеяння фактараў у глыбіннай псіхалогіі). У абодвух выпадках асновай паводзін суддзі і створанага ім права выступалі выключна псіхал. фактары. Такім чынам Р.ш.п. прыйшла да вульгарнага разумення права, а яе нігілістычнае стаўленне да стабільных норм права і патрабаванне неабмежаванай свабоды суд. меркавання па сутнасці зводзілі на нішто прынцып законнасці.

т. 13, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́НТА (ням. Rente, франц. rente ад лац. reddita вернутая),

даход, які рэгулярна атрымліваюць з зямлі, капіталу, маёмасці (не звязаны з прадпрымальніцкай дзейнасцю). Можа быць атрымана ад здачы зямлі ці памяшканняў у арэнду, прадастаўлення крэдыту і інш. У адпаведнасці з Грамадз. кодэксам Рэспублікі Беларусь паводле дагавору атрымальнік Р. перадае плацельшчыку Р. пэўную маёмасць на ўмовах перыядычных выплат ім у выглядзе грашовых адлічэнняў ці сродкаў у інш. формах. У выпадку адчужэння плацельшчыкам Р. маёмасці, перададзенай пад выплату Р., яго абавязацельствы пераходзяць да набытчыка гэтай маёмасці. Адрозніваюць Р. бестэрміновую (пастаянную) і пажыццёвую (на тэрмін жыцця атрымальніка). Пры бестэрміновай Р. атрымальнікамі яе могуць быць грамадзяне ці некамерцыйныя арг-цыі, якія выплачваюць Р. ў выглядзе грашовых адлічэнняў, устаноўленых дагаворам, ці рэчаў, выканання работ (паслуг), якія па вартасці адпавядаюць грашовай суме. Пажыццёвая Р. ўстанаўліваецца на перыяд жыцця грамадзяніна, які перадае маёмасць плацельшчыку Р. Яе памер устанаўліваецца ў дагаворы, разлічваецца на месяц і павінен быць не меншы за мінімальную заработную плату (у асобных выпадках прадугледжваецца павелічэнне памеру Р.). Да Р. адносяць таксама зямельную рэнту; даход, які ўладальнік атрымлівае па аблігацыях дзярж. пазыкі (гл. Рэнтавая пазыка); грашовыя сумы, якія штогод выплачваюцца асобе па страхавым полісе з боку страхавога таварыства.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 14, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАКГО́ЛЬМСКАЯ ШКО́ЛА ў палітэканоміі.

Склалася ў Стакгольме ў пач. 1930-х г. ва ўмовах сусв. эканам. крызісу 1929—33 з мэтай пошуку практычных захадаў яго пераадолення. Тэарэт. асновай яе канцэпцыі былі працы швед. эканамістаў Д.​Давідсана, К.​Вікселя, Г.​Каселя і інш., якія лічылі, што для эканам. раўнавагі паміж попытам і прапановай, ліквідацыі дыспрапорцый паміж аб’ёмамі інвестыцый і зберажэнняў патрэбна дзярж. ўмяшанне ў эканоміку. Яны распрацавалі тэорыю прамысл. цыкла, у якім праблемы цэн, даходаў, грошай і эканам. цыкла аб’ядноўвалі ў адзінае цэлае, падкрэслівалі, кумулятыўны саманарастальны характар эканам. працэсаў. Прадстаўнікі школы Э.​Ліндаль, Г.​К.​Мюрдаль, Б.​Олін, Э.​Лундберг незалежна ад Дж.​М.​Кейнса абгрунтавалі ролю дзярж. рэгулявання эканомікі, актыўнай інвестыцыйнай палітыкі на макраэканам. узроўні, пабудавалі мадэлі для аналізу сувязі інфляцыі і беспрацоўя, тэорыі грошай і інш. Сучасная канцэпцыя С.ш., якая складалася пасля 2-й сусв. вайны, інтэгрыруе ідэі макраэканам. дзярж. рэгулявання эканомікі з рэкамендацыямі па яе аўтаматычным самарэгуляванні з мэтай падтрымкі функцыянавання рыначнага механізма; з 1980-х г. больш увагі аддаецца праблемам эфектыўнасці дзярж. сектара эканомікі, падаткаабкладання, канкурэнтаздольнасці тавараў і паслуг, суадносін узроўняў сац. абароны працоўных і стымулявання працы.

А.​В.​Бондар.

т. 15, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́МІЯ ДРАЎНІ́НЫ І ЦЭЛЮЛО́ЗЫ,

навука аб саставе, будове і хім. уласцівасцях драўніны і яе кампанентаў; тэарэт. аснова вытв-сцей хім. і хім.-мех. перапрацоўкі драўніны. Разглядае асн. састаўныя ч. драўніны (цэлюлозу, геміцэлюлозу, лігнін; складаюць да 95% сухой масы) і другарадныя (экстракцыйныя рэчывы — таніны, тэрпеноіды, караціноіды, пігменты, вітаміны, ліпіды, бялкі, вугляводы; 5—10%). Хім. метадамі атрымліваюць з драўніннай сыравіны больш за 20 тыс. прадуктаў і вырабаў.

На Беларусі даследаванні па пытаннях Х.д. і ц. вядуцца ў ін-тах Нац. АН, Бел. тэхнал. ун-це, БСГА. Створаны гарачаўстойлівыя і сарбцыйныя валокны, новыя мед. прэпараты з цэлюлозы (І.М.Ярмоленка, Ф.М.Капуцкі); вывучана трываласць валокнаў і плёнак з цэлюлозы (Д.​У.​Жаркоўскі). Распрацаваны метад дэлігніфікацыі драўніны і спосабы утылізацыі лігніну (А.І.Скрыган, А.І.Валожын, У.​М.​Рэзнікаў), мадыфікацыі драўніны сінт. палімерамі і ператварэння яе поліцукровых кампанентаў (В.​Я.​Віхроў, Я.​П.​Марозаў). Гл. таксама Лесахімія.

Літ.:

Никитин Н.И. Химия древесины и целлюлозы. М.; Л., 1962;

Химия древесины: Пер. с фин. М., 1982;

Фенгел Д., Вегенер Г. Древесина: Химия Ультраструктура. Реакции: Пер. с англ. М., 1988;

Капуцкий Ф.Н., Юркштович Т.Л. Лекарственные препараты на основе производных целлюлозы. Мн., 1989.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 17, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧОРЧ (Church) Алонза (14.6.1903, Вашынгтон — 11.8.1995),

амерыканскі логік і матэматык. З 1939 праф. Прынстанскага, з 1967 Каліфарнійскага ун-таў. З 1936 рэдактар час. «The journal of symbolic logic» («Часопіс сімвалічнай логікі»). У 1935 абгрунтаваў палажэнне пра невырашальнасць «масавай праблемы» ў выпадку, калі не існуе (або не можа быць) алгарытму для вырашэння ўсіх адзінкавых праблем, якія ўваходзяць у яе склад. Развіў ідэю аб аддзяленні паняцця функцыі ад паняцця мноства, у 1936 прапанаваў асн. гіпотэзу тэорыі выліч. функцый (т.зв. тэзіс Ч.), паводле якой кожная эфектыўна выліч. функцыя з’яўляецца агульнарэкурсіўнай (вызначанай для ўсіх натуральных значэнняў аргумента). У працы «Уводзіны ў матэматычную логіку» (т. 1, 1956) абгрунтаваў метады матэм. логікі, вызначыў яе першасныя паняцці, сфармуляваў правілы лагічнага аперыравання (злічэння) з выказваннямі простымі (гл. Логіка выказванняў) і раздзеленымі на суб’ект і прэдыкат (гл. Логіка прэдыкатаў). Вызначыў такія катэгорыі, як канстанты і пераменныя функцыі, сімвалы, аператары, квантары, несупярэчлівасць і паўната сістэмы аксіём і інш.; прапанаваў для лагічных мэт ужываць спец. створаную фармалізаваную мову. Яго даследаванні паўплывалі на развіццё матэм., камбінаторнай і мадальнай логікі, тэорыі алгарытмаў, семантыкі лагічнай.

Тв.:

Рус. пер. — Введение в математическую логику. Т. 1. М., 1960.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 17, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ДУГА́, вольтава дуга,

адзін з відаў электрычных разрадаў у газах, пры якім разрадныя з’явы сканцэнтраваны ў вузкім ярка святлівым плазменным шнуры. Пры гарыз. размяшчэнні электродаў шнур пад уздзеяннем узыходных патокаў нагрэтага разрадам газу набывае форму дугі.

Э.д. можа існаваць у любым газе пры цісках, блізкіх да атмасфернага і больш высокіх. Высокая т-ра Э.д. выклікае іанізацыю, і газ у канале дугі пераходзіць у плазму. Т-ра плазмы ў шнуры пры атм. ціску і току ў некалькі ампер каля 5000 К, пры большых значэннях т-ры і сілы току — да 12 000 К. Вольтамперная характарыстыка Э.д. — спадальная: павелічэнне сілы току суправаджаецца памяншэннем напружання паміж электродамі Э.д. выкарыстоўваецца ў дугавой зварцы, у электраметалургіі (для атрымання чыстых і тугаплаўкіх металаў у дугавых печах), у святлотэхніцы (у газаразрадных крыніцах святла) і інш. Э.д., якая ўзнікае пры разрыве ланцугоў высокага напружання, — шкодная з’ява, для яе гашэння выкарыстоўваюць высакавольтныя выключальнікі з рознымі дугагасільнымі прыстасаваннямі. Э.д. паміж вугальнымі стрыжнямі ў атмасферы ўпершыню назіраў рус. электратэхнік В.У.Пятроў у 1902, апісаў яе і даў назву вольтавай англ. вучоны Г.Дэві ў 1808—09.

Электрычная дуга: размеркаванне тэмпературы (у градусах Кельвіна — К) у розных участках паміж вугальнымі электродамі пры сіле току 200 А.

т. 18, кн. 1, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРОДНА-ПАЭТЫЧНАЯ ТВОРЧАСЦЬ

Вусная народная творчасць (фальклор) — важная і неад’емная частка духоўнай культуры беларусаў. У ёй адлюстраваны працоўны вопыт народа, яго гісторыя, побыт, грамадска-паліт. і эстэт. ідэалы, створаныя паэт. словам. Узнікла ў дакласавым грамадстве. Развіццё яе як формы грамадскай свядомасці звязана са зменамі ў эканам. жыцці грамадства, з грамадскім, гаспадарчым і сямейным побытам. Прасякнутая глыбокім гуманізмам, народнапаэтычная творчасць сцвярджае дабро, справядлівасць, дае высокія ўзоры калектыўнага маст. асэнсавання рэчаіснасці, мае вялікае пазнавальнае, выхаваўчае значэнне.

Каляндарна-абрадавая паэзія (588).

Сямейна-абрадавая паэзія (588).

Апавядальныя жанры (589).

Пазаабрадавая паэзія (590).

Дзіцячы фальклор (590).

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3. М., 1916;

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968;

Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;

Яе ж. Дзіцячы фальклор // Малыя жанры. Дзіцячы фальклор. Мн., 2004;

Салавей Л.М. Беларуская народная балада. Мн., 1978;

Петровская Г.А. Белорусские социально-бытовые песни. Мн., 1982;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Ліс А.С. Каляндарна-абрадавая творчасць. Сістэма жанраў. Эстэтычны аспект. Мн., 1998;

Каляндарна-абрадавая паэзія. Мн., 2001;

Сямейна-абрадавая паэзія. Народны тэатр // Беларускі фальклор: Жанры, віды, паэтыка. Кн. 2. Мн., 2001;

Народная проза. Мн., 2002.

т. 18, кн. 2, с. 588

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМ’Я́,

заснаваная на шлюбе ці кроўна-сваяцкіх адносінах малая група людзей, члены якой звязаны агульнасцю побыту, узаемнай дапамогай, маральнай і прававой адказнасцю. Асн. функцыі С. — рэпрадукцыйная (нараджэнне дзяцей), выхаваўчая (гл. Сямейнае выхаванне), гасп.-бытавая, эканам., рэкрэактыўная (узаемадапамога, падтрыманне здароўя, арганізацыя вольнага часу і інш.), камунікатыўная і рэгулятыўная (кантроль і рэгламентацыя паводзін членаў С., яе аўтарытэт). Структура С. вызначаецца сістэмай узаемаадносін паміж яе членамі (бацькі, дзеці, муж, жонка і інш.) і яе складам: колькасць членаў, пакаленняў, шлюбных пар, дзетнасць, ступень і характар сваяцтва (прамое, бакавое і інш.). У залежнасці ад характару шлюбных саюзаў вылучаюцца С. палігамныя (гл. Палігамія), парныя (няўстолівы саюз мужа і жонкі), манагамныя (гл. Манагамія). У залежнасці ад колькасці шлюбных пар і характару вядзення гаспадаркі вылучаюць 2 формы С. — нераздзеленая і малая. Да нераздзеленых адносяцца С., у якіх жывуць і вядуць гаспадарку некалькі шлюбных пар. У залежнасці ад сваяцтва іх падзяляюць на бацькоўскія (разам жывуць 2 ці больш жанатых сыноў) і брацкія (сумесна жывуць 2 і больш жанатых братоў). У залежнасці ад пакаленнага складу вызначаюцца адналінейныя (бацькі і адзін жанаты сын, унукі) і многалінейныя (бацькі і 2 ці больш жанатых сыноў або 2 і больш братоў са сваімі сем’ямі). Да малой С. адносяцца нуклеарныя (шлюбная пара з дзецьмі ці без іх) і складаныя (акрамя шлюбнай пары і дзяцей пражывае адзін з бацькоў ці інш. сваякоў).

Да сярэдзіны 19 ст. на Беларусі пераважалі нераздзеленыя С. З канца 19 ст. пераважаюць малыя С. Паменшылася колькасць С. з 6—10 чалавек і павялічылася іх колькасць з 2—5 чалавек. Формай С. вызначаліся і ўнутрысямейныя адносіны. Паводле звычаёвага права на чале С. стаяў старэйшы ў С. мужчына; у бацькоўскай С. гэта быў бацька, у брацкай — старэйшы з братоў. Галава С. адказваў за арганізацыю гасп. дзейнасці і сямейнага побыту, за падатковыя выплаты і інш. Малую С. ўзначальваў муж. Ва ўнутрысямейных адносінах важную ролю адыгрывала жанчына; у бацькоўскай С. гаспадыняй была маці (свякруха), у брацкай — жонка старэйшага брата. Яна кіравала жанчынамі С., вучыла іх гасп. справам, размяркоўвала паміж імі працу, сачыла за парадкам у хаце, гатавала ежу, пякла хлеб і інш., нявесткі поўнасцю залежалі ад свякрухі; першай памочніцай гаспадыні была старэйшая нявестка. У 2-й пал. 20 ст. на Беларусі пераважала малая нуклеарная сям’я (у сярэднім 3,1 чал.).

Паводле перапісу насельніцтва 1990 у Беларусі 2,4 млн. сямейных пар, каля 400 тыс. няпоўных сем’яў. Сярэдні памер С. 3,1 чал. (3,2 чал. ў горадзе, 3 чал. на вёсцы).

Сац. вызначальнікамі структуры С. з’яўляюцца сац. аднароднасць ці неаднароднасць яе членаў, іх адукацыя, прафесія; этнічнымі — узаемаадносіны паміж мужам і жонкай адной ці розных нацыянальнасцей, паміж бацькамі і дзецьмі (нараджэнне дзяцей, этн. змешванне, нац. ці рэлігійнае самавызначэнне іх), паміж пакаленнямі (перадача культ. традыцый) і інш. Сучасная С. арыентавана на 1—2 дзяцей. Яе стан характарызуецца шэрагам процілеглых тэндэнцый: ператварэнне С. ў маральна-прававы саюз мужчыны і жанчыны і рост сямейных калізій (змяншэнне трываласці шлюбна-сямейных адносін, зніжэнне нараджальнасці, рост колькасці няпоўных С., пазашлюбнай нараджальнасці і інш.). Традыц. тып патрыярхальнай С. з жорсткім размеркаваннем сямейных роляў і абавязкаў паступова змяняецца раўнапраўнымі сямейнымі адносінамі паміж мужчынам і жанчынай, паміж дарослымі і дзецьмі, якія заснаваны на іх павазе і ўзаемаразуменні.

Літ.:

Азаров Ю.П. Семейная педагогика. М., 1993;

Горбатенкова Л.М. Отец и семья. Мн., 1993;

Дружинин В.Н. Психология семьи. М., 1996;

Антонов А.И. Микросоциология семьи. М., 1998.

Г.М Курыловіч Т.​І.​Кухаронак.

т. 15, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)