ДДТ, дыхлордыфенілтрыхлорэтан,

хімічны прэпарат для барацьбы са шкоднымі насякомымі (інсектыцыд). Шырока выкарыстоўваўся ў 1940—60-я г. ў многіх краінах свету. Устойлівае злучэнне, якое здольна назапашвацца ў навакольным асяроддзі, забруджваць яго і парушаць біял. раўнавагу ў прыродзе; небяспечнае для чалавека і жывёл (выклікае хранічнае атручэнне). Забаронены (на Беларусі — з 1970).

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБЛО́Н (франц. doublon ад ісп. doblon),

іспанская залатая манета. Змяшчала каля 7,5 г золата. У 1537 выпушчаны эскуда, двайны эскуда называўся пістоль, або «іспанскі Д.». У еўрап. гандлі двайны пістоль атрымаў назву Д. Існаваў да 1868. Д. з’яўляўся стараж. залатой манетай Швейцарыі, у 15—16 ст. яго чаканілі рым. папы.

т. 6, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСКО́НТ (англ. discount),

1) спагнанне банкам пэўнай часткі намінальнага кошту вэксаляў, чэкаў, інш. каштоўных папер у выпадку скупкі іх да тэрміну пагашэння.

2) Працэнт ад кошту вэксаля, які спаганяецца пры набыцці яго да тэрміну пагашэння. Памер Д. залежыць ад дысконтнай (уліковай) стаўкі, намінальнага кошту і тэрміну пагашэння. Гл. Дысконтная палітыка.

т. 6, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАРАТЫ́ЎНАЯ СКУЛЬПТУ́РА,

скульптура, прызначаная для ўпрыгожвання інтэр’ераў, паркаў, плошчаў, вуліц, будынкаў; адзін са сродкаў эстэт. выхавання чалавека. Уключае скульптуру малых форм, манументальна-дэкаратыўную скульптуру. Удзельнічае ў маст. фарміраванні матэрыяльнага асяроддзя чалавека, уносіць у яго ідэйна-вобразны пачатак. Найб. поўна раскрывае свой змест у ансамблі, для эстэт. арганізацыі якога яна прызначана.

т. 6, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛА́ЎСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка БССР у 1924—59. Утвораны 17.7.1924 у складзе Мінскай акругі. Цэнтр — г.п. Заслаўе. У 1925 пл. 834 км², 34 819 ж., 444 нас. пункты. Падзяляўся на 12 сельсаветаў, на 1.1.1941—10. З 20.2.1938 у Мінскай вобл. 8.8.1959 раён скасаваны, яго тэр. далучана да Мінскага р-на.

т. 6, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́РМІНГЕРА ЦЯЧЭ́ННЕ,

цёплае паверхневае цячэнне ў Атлантычным ак. каля паўд. берагоў Ісландыі, зах. адгалінаванне Паўночна-Атлантычнага цячэння. Скорасць 0,2—0,5 км/гадз. Т-ра вады каля 5 °C зімой, 10—12 °C летам. Салёнасць 34,8—35‰. Названа прозвішчам дацкага мараплаўца К.​Ірмінгера, які абазначыў і апісаў яго ў 1853—54.

т. 7, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛБЦО́ВА (Міра Міхайлаўна) (н. 21.12.1938, Масква),

расійская артыстка балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. Расіі (1978). Нар. арт. СССР (1989). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1973). З 1957 салістка Дзярж. акад. харэаграфічнага ансамбля «Бярозка», з 1980 яго маст. кіраўнік. Стварыла шэраг танцаў і кампазіцый, прасякнутых яскравым нац. каларытам, лірызмам.

т. 7, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛ-ДЖАЗ (ад англ. cool jazz халодны джаз),

стыль сучаснага джаза. Склаўся ў ЗША на мяжы 1940—50-х г. у процівагу бібопу. Для яго характэрны эмацыянальная стрыманасць, тэндэнцыя да збліжэння віртуознай імправізатарскай тэхнікі з традыц. сродкамі кампазіцыі, увядзенне інструментаў сімф. аркестра. Найб. значныя прадстаўнікі М.​Дэйвіс і Д.​Брубек.

т. 8, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНАКАЛАРЫ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ,

ахаладжэнне звышцякучага гелію пры працяканні яго праз каналы з вял. гідрадынамічным супраціўленнем, напр., праз капіляры. Вадкі гелій у зыходнай пасудзіне пры гэтым награваецца. М.э. адкрыты ў 1938 англ. фізікамі Дж.​Даўнтам і К.​Мендэльсонам; тлумачыцца на аснове тэорыі звышцякучасці. Адваротная з’ява (цячэнне гелію, выкліканае падвядзеннем цеплаты) наз. тэрмамеханічным эфектам.

т. 10, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАСКАПІ́Я,

агульная назва сукупнасці метадаў вывучэння нябачных вокам чалавека мікрааб’ектаў з дапамогай мікраскопа, які павялічвае іх адлюстраванне. Метады М. залежаць ад тыпу аптычнай сістэмы мікраскопа (напр., светлавая, люмінесцэнтная, палярызацыйная), характару аб’екта, спосабу яго падрыхтоўкі да назірання (прыжыццёвы, гістахімічны, аўтарадыёграфічны і інш.), дапаможных прылад (мікрафатаграфія, мікрафотаметрыя, сістэма аўтам. камп’ютэрнага аналізу і інш.).

т. 10, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)