Гісторыка-палітычных даследаванняў інстытут (з кастр. 1990), навукова-даследчая ўстанова ў структуры былой Кампартыі Беларусі ў 1929—91. Папярэднікам ін-та была камісія [Гістпарт пры ЦБКП(б)Б], створаная ў 1921 для збору, вывучэння і выдання дакументаў і матэрыялаў па гісторыі КП(б)Б і рэв. руху на Беларусі. У 1929 пераўтворана ў Ін-т гісторыі партыі і Кастр. рэвалюцыі пры ЦККП(б)Б. Меў аспірантуру. У 1937—38 многія навук. супрацоўнікі рэпрэсіраваны, ін-т ліквідаваны. У 1945 адноўлены. У пасляваен. гады ў структуру ін-та ўваходзілі сектары: гісторыі партыі; парт. будаўніцтва; перакладаў; падрыхтоўкі і выдання прац па гісторыі барацьбы бел. народа супрацьням.-фаш. захопнікаў; парт. архіў, навук.б-ка, Дом-музей I з’езда РСДРП. Пасля перабудовы ў 1990 меў аддзелы: гісторыі Кампартыі Беларусі і паліт. партый сацыяліст. арыентацыі; тэорыі грамадскага развіцця і сучаснай палітыкі партыі; рэдакцыйна-выдавецкі. Спецыялізаваны савет ін-та прымаў да абароны канд. і доктарскія дысертацыі па гіст. навуках. Пры ін-це працаваў Бел.рэсп. савет па каардынацыі распрацоўкі гісторыі КПСС і КПБ.
Асн. кірункі работы: гісторыя рэв. руху на Беларусі, роля ў ім бальшавіцкіх арг-цый, інш. партый, утварэнне КПБ і БССР, арганізатарская і ідэалаг. дзейнасць КПБ на розных этапах, грамадз. вайна і ваен. інтэрвенцыя на тэр. рэспублікі, нац.-вызв. рух у Зах. Беларусі, удзел бел. народа ў барацьбе супрацьням.-фаш. захопнікаў у гады 2-й сусв. вайны. У розны час ін-т узначальвалі А.А.Сянкевіч, В.А.Сербента, П.В.Саевіч, І.А.Раманчук (в.а.), М.А.Ляўкоў, У.С.Пасэ, Я.Р.Пузыроў (в.а), І.С.Чымбург, Ф.А.Новікава, М.М.Мяшкоў, Н.В.Каменская, М.Ф.Капіч, І.М.Ігнаценка, Р.П.Платонаў. У 1991 ін-т перададзены ў падпарадкаванне Галоўархіва Рэспублікі Беларусь і пераўтвораны ў Бел. н.-д цэнтр дакументазнаўства і рэтраінфармацыі (з 1994 бел.н.-д. цэнтр дакументазнаўства, археаграфіі і архіўнай справы, з 1996 Бел.НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы). Парт. архіў ін-та стаў асновай Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛОРУ́ССКИЙ ВЕ́СТНИК»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 21.11(4.12).1904 да 16(29) 11.1905 у Мінску на рус. мове. У залежнасці ад паліт. сітуацыі і складу рэдакцыі часта мяняла кірунак. Спачатку скіроўвалася на шлях ліберальна-бурж. «надпартыйнага» асветніцтва, абвяшчала праграму яднання ўсіх класаў, саслоўяў і нацыянальнасцяў краю на аснове гуманізму і справядлівасці. Пасля адмовілася ад лібералізму, выступала за «непарушнасць самадзяржаўя», за вайну з Японіяй да пераможнага канца, супраць «несвоечасовых і нават пагібельных для будучыні Расіі» рэформаў, адмаўляла нац. і культ. самабытнасць беларусаў і ўкраінцаў. Пад націскам рэв. руху летам 1905 набыла ліберальна-бурж. афарбоўку, нярэдка друкавала матэрыялы апазіцыйнага і выкрывальнага зместу, выказвалася за паліт. рэформы. Пасля таго як улады прыпынілі выданне газ.«Северо-Западный край», мінская дэмакр. грамадскасць фактычна ператварыла «Белорусский вестник» у сваю трыбуну, дзе выкрываўся ўрадавы тэрор, прапагандаваліся дэмакр. ідэі. У такіх умовах выдаўцы спынілі выданне газеты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ХРЫСТ,
у хрысціянскай міфалогіі і тэалогіі праціўнік Ісуса Хрыста, які павінен з’явіцца ў канцы гісторыі (гл.Эсхаталогія) і ўзначаліць скрытую татальную вайну супраць хрысціянства, але будзе пераможаны ў час 2-га прышэсця Хрыста на Зямлю. Прароцтвы антыхрыстаў ёсць у старазапаветных кнігах Бібліі, яго прыход сімвалічна апісаны і ў Новым Запавеце. Увасабляе даўнюю варожасць «анёлаў цемры» да хрысціянства, поўнае адмаўленне хрысц. веры і маралі. Антыхрыст уяўляецца магутным чалавекам, надзеленым дэманічнай сілай Д’ябла, які прыходзіць у зманлівым абліччы Хрыста. Паводле апостала Паўла, у царстве антыхрыста людзі будуць самалюбівыя, зламоўныя, абыякавыя да любові і дабра, нахабныя, больш палюбяць раскошу, чым Бога. Антыхрыст — увасабленне дэманічнага пачатку ў чалавеку і грамадстве, спроба ўсталяваць бязбожную ўладу над зямлёй і космасам. Міфу пра антыхрыста прысвечаны фрэскі Л.Сіньярэлі, гравюры Л.Кранаха Старэйшага; аблічча антыхрыста апісаў Сімяон Полацкі ў творы «Жазло праўлення» (1667) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПУЛЕ́Й ((Apuleius) Луцый) (каля 125, г. Мадаўра, Паўн. Афрыка — каля 180),
старажытнарымскі пісьменнік, аратар. Адукацыю атрымаў у Карфагене і Афінах. З яго літ. спадчыны дайшла невял. частка: авантурна-алегарычны раман «Метамарфозы» («Залаты асёл») у 11 кнігах з устаўнымі навеламі (у т. л. казка пра Амура і Псіхею, кн. 4—6), у якім рэаліст. і сатыр. малюнкі з жыцця рымскай правінцыі 2 ст.н.э. спалучаюцца з эротыкай, фантастыкай і містыкай, — адзін з першых псіхал. раманаў у еўрап. л-ры; «Апалогія, ці Слова ў абарону супраць абвінавачання ў магіі»; зб. урыўкаў з рытарычных прамоў Апулея «Фларыды»; навукова-філас. трактаты і інш. На бел. мову «Метамарфозы» пераклаў П.Бітэль.
Тв.:
Бел.пер. — Метамарфозы, ці Залаты асёл // Лонг. Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою...: Раманы. Мн., 1991;
Рус.пер. — «Метаморфозы» (и другие сочинения): Пер. с лат.М., 1988.
Ілюстрацыя М.Селешчука да рамана Апулея «Залаты асёл». Мінск. 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,
культурна-асветнае таварыства бел.нац. меншасці ў Латвіі ў 1921—25. Створана ў Дзвінску (цяпер. г. Даўгаўпілс) групай інтэлігенцыі на чале з настаўнікам Я.В.Харлапам. Членамі кіраўніцтва т-ва ў розны час былі М.Гарэцкі, І.С.Дварчанін, К.Езавітаў, У.Жылка, І.І.Краскоўскі, П.В.Мядзёлка, У.В.Пігулеўскі, С.П.Сахараў, А.П.Якубецкі і інш. Дзейнасці т-ва спрыялі прадстаўнікі лат. інтэлігенцыі Б.Р.Брэжга, Я.Райніс. Пры падтрымцы Райніса пры Мін-ве асветы Латвіі ў 1921 створаны Бел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі (кіраўнік Сахараў), у Дзвінскім і Люцынскім пав. адкрыта каля 60 бел. школ, заснаваны Люцынская і Дзвінская бел. гімназіі, настаўніцкія курсы, с.-г. школа. Паводле сфабрыкаваных паліцыяй Латвіі матэрыялаў супраць членаў «Бацькаўшчыны» былі арыштаваны Езавітаў, Мядзёлка, Пігулеўскі, Краскоўскі, Якубецкі і інш. У крас. 1925 суд апраўдаў усіх абвінавачаных, але дзейнасць т-ва паступова спынілася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАРО́ДНЫ САЮ́З (БНС),
грамадска-паліт.арг-цыя кансерватыўна-клерыкальнага кірунку. Дзейнічала ў Віцебску ў 1917—18. Аб’ядноўвала мясц. чыноўнікаў, выкладчыкаў навуч. устаноў, прадстаўнікоў правасл. духавенства. Кіраўнікі БНС (Ф.І.Грыгаровіч, Б.А.Бялыніцкі-Біруля, Г.І.Палонскі, У.К.Стукаліч) падтрымалі Часовы ўрад, але выступалі супраць дэмакратызацыі грамадскага жыцця, лічылі абавязковым удзел Расіі ў вайне да перамогі. Для прадухілення сац. канфліктаў на вёсцы прапанавалі праект рэформы, аснову якой складала хутарское землекарыстанне. БНС прытрымліваўся дактрыны заходнерусізму, адмаўляў бел. народу ў праве на дзярж. самавызначэнне, абмяжоўваўся патрабаваннем да Часовага ўрада вылучыць Беларусь у асобную адм.-гасп. адзінку ў складзе Расіі. Абапіраўся на ідэалогію праваслаўнага клерыкалізму, праваслаўныя прыходы разглядаў як «асноўныя ячэйкі грамадскасці». Не прыняў Кастр. рэвалюцыі 1917, вёў антыбальшавіцкую і антысеміцкую агітацыю. Па некаторых звестках кіраўнікі БНС Грыгаровіч, Бялыніцкі-Біруля, Палонскі і інш. расстраляны ў 1918 паводле прыгавору Віцебскай губ.ЧК.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАРГІ́Н (сапр.Ільін) Міхаіл Андрэевіч
(19.9.1878, г. Перм, Расія — 27.11.1942),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1902). У 1905 арыштаваны за ўдзел у Маскоўскім паўстанні. У 1906 эмігрыраваў у Італію, друкаваўся ў газ. «Русские ведомости». У 1916 вярнуўся на радзіму. Узначальваў Маскоўскі саюз пісьменнікаў, удзельнічаў у Грамадскім к-це дапамогі галадаючым Паволжа. Непрыняцце Кастр. рэвалюцыі, тэрору, грамадз. вайны стала прычынай яго арыштаў у 1919, 1921 і высылкі за мяжу ў 1922. Вядомасць яму прынёс выдадзены ў Парыжы раман «Сіўцаў Ярок» (1926—28), у якім паказаны нар. трагедыя часоў рэвалюцыі і грамадз. вайны, пакутлівы пошук праўды. Сярод найб. значных твораў дылогія «Сведка гісторыі» (1932) і «Кніга аб канцах» (1935) пра жорсткі тэрор супрацьрус. народа, як прысуд тым, хто развязаў гэтую крывавую драму, раман «Вольны муляр» (1938), аўтабіягр. творы «Рэчы чалавека» (1929) і «Часы» (выд. 1955).
Тв.:
Времена: Романы и автобиогр. повествование. Екатеринбург, 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЭТО́НАВЫЯ ЦЕ́ЛЫ, кетонавыя целы,
група арганічных злучэнняў, якія ўключаюць -оксімасляную, ацэтавоцатную кіслоты і ацэтон.
β-оксімасляная і ацэтавоцатная к-ты — прамежкавыя прадукты нармальнага абмену рэчываў у чалавека і жывёл. Утвараюцца ў печані пры няпоўным акісленні тлустых к-т, лёгка акісляюцца ў шкілетных мышцах і нырках. Інтэнсіўнасць іх утварэння залежыць ад стану вугляводнага абмену. Пры канчатковым акісленні іх у здаровым арганізме ўтвараецца вада і вуглякіслы газ. Калі паніжана здольнасць арганізма акісляць рэчывы да канчатковых прадуктаў абмену (пры цукровым дыябеце, недахопе вугляводаў, голадзе, ірвоце, некат. парушэннях нерв. і эндакрыннай сістэм і інш.), к-ты назапашваюцца ў крыві і мачы хворых у таксічных дозах (да 500 мг% супраць нормы — 1 мг%) і часткова ператвараюцца ў ацэтон, які выдзяляецца нават праз лёгкія, што прыводзіць да павышэння кіслотнасці крыві (ацыдозу) і атручэння арганізма. Ад увядзення ў арганізм інсуліну ці дадатковай колькасці вугляводаў утварэнне ацэтонавых целаў памяншаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАРО́ДЖВАННІ,
спецыфічная форма ліквідацыі абшчынных зямель і распарадкаў у еўрап. краінах у 13 — пач. 19 ст. Назва ад распачатага ў Англіі працэсу захопу і агароджвання лендлордамі абшчынных пашаў для гадоўлі на іх авечак. У 15—16 ст. развіццё тэкст. прам-сці і вял. попыт на воўну зрабілі авечкагадоўлю прыбытковай справай. Таму буйныя землеўладальнікі пачалі інтэнсіўна зганяць сялян з ворных зямель і ператвараць іх у пашу. У 16—18 ст. агароджванні былі пашыраны ў Нідэрландах, Францыі, Германіі. У 18 ст.англ. парламент узаконіў агароджванні і яны працягваліся да пач. 19 ст. Супраціўленне і паўстанні збяднелых сялян супраць агароджванняў (адно з буйнейшых у 1549 пад кіраўніцтвам Р.Кета) душыліся ўладамі. Адным з вынікаў агароджванняў быў адток сялян у прамысловасць.
Літ.:
Митрофанов В.П. Вопрос об огораживаниях в английском парламенте (конец XVI — начало XVII в.) // Проблемы истории Западной Европы развитого и позднего феодализма. Иваново, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙДРЫХ, Гейдрых (Heydrich) Рэйнгард (7.3.1904, г. Гале, Германія — 4.6.1942), адзін з кіраўнікоў фаш. Германіі. Обергрупенфюрэр СС і генерал паліцыі (1941). У 1922—31 афіцэр флоту. З 1931 чл. Нацыянал-сацыялісцкай партыі. Арганізатар (1931) і кіраўнік (з 1932) СД — службы бяспекі СС. Пасля 1933 адзін з гал. арганізатараў (разам з Г.Гімлерам і інш.) сістэмы нацысцкага тэрору: нач. упраўлення гестапа Прусіі (з 1934), «шэф паліцыі бяспекі і СД» (з 1936), кіраўнік Гал. імперскага ўпраўлення бяспекі (РСХА; з 1939). У 2-ю сусв. вайну кіраваў масавым знішчэннем яўрэяў на акупіраванай тэр.СССР (1941); з вер. 1941 таксама нам. імперскага пратэктара Багеміі (Чэхіі) і Маравіі, дзе развязаў тэрор супрацьмясц. насельніцтва. Забіты ў Празе чэш. байцамі руху Супраціўлення, пасля чаго гестапаўцы ўчынілі акцыю ў Лідзіцэ.
Літ.:
Сергеев Ф. Тайные операции нацистской разведки, 1933—1945. М., 1991. С. 103, 108—118.