ВЕЙС ((Weiss) Войцех) (4.5.1875, г. Леорда, Румынія — 7.12.1950),
польскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве (1892—99) у Я.Матэйкі, Л.Вычулкоўскага; выкладаў там жа (з 1910 праф.). Паслядоўнік рэаліст. традыцый 19 ст., выкарыстоўваў асобныя прыёмы імпрэсіянізму. Пісаў партрэты, жанравыя карціны, пейзажы («Аўтапартрэт з маскамі», 1900, «Дэман», 1904, партрэт Эміліі Фларковай, 1916—17; «Амур», «Венера», 1919; «Мадысткі», 1922; «Сям’я пад арэхам», 1933, і інш.). Стварыў сімвалічную, амаль манахромную кампазіцыю «Маніфест» (1950).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕННАПАЛО́ННЫЯ,
у міжнародным праве асобы, што ўваходзяць у асабовы склад узбр. сіл і апалчэння, партызаны, удзельнікі руху Супраціўлення, якія ў час ваен. канфлікту трапілі пад уладу варожай дзяржавы. Рэжым ваеннапалонных вызначаны Гаагскімі канвенцыямі 1899 і 1907 аб законах і звычаях вайны, а таксама Жэнеўскай канвенцыі 1949, удзельнікам якой з’яўляецца Рэспубліка Беларусь. Абыходжанне з ваеннапалоннымі пры ўсіх абставінах павінна быць гуманнае, без дыскрымінацыі. Замах на жыццё і фізічную недатыкальнасць ваеннапалонных, на іх чалавечую годнасць не дапускаецца. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымін. адказнасць ваеннаслужачых за дрэннае абыходжанне з ваеннапалоннымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Анатоль Васілевіч) (28.8.1888, в. Луначарскае Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобласці — 2.8.1969),
бел. і рус. мовазнавец. Скончыў Варшаўскі ун-т (1913). Настаўнічаў, з 1926 выкладаў бел. мову ў БДУ. Удзельнічаў у распрацоўцы бел. арфаграфіі (сакратар Арфаграфічнай камісіі, потым Камісіі бел.літ. мовы ў Інбелкульце). На пач. 1930-х г. звольнены з працы і пад пагрозай арышту ў 1934 пакінуў Беларусь. Працаваў у пед. ін-тах Расіі і Украіны. Аўтар падручніка «Беларуская мова» (1927), «Самавучыцеля па беларускай мове» (у рукапісе), артыкулаў па пытаннях бел. і рус. моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ГНА, дрыгва,
зыбкае, грузкае балота. Утвараецца пры зарастанні возера чаротам, рагозам, бабком трохлістым, капытнікам балотным, брыевымі і сфагнавымі імхамі і інш. раслінамі (з паверхні) і ператварэнні яго ў нізіннае балота. Пад слоем нетрывалай травяна-імшыстай дзярніны (сплавіны) знаходзіцца слой вады або глею. Узровень вады блізкі да паверхні, перыядычна мяняецца. Небяспечная для людзей і свойскай жывёлы; замярзае толькі ў самыя суровыя зімы. З развіццём меліярацыі і асушэннем нізінных балотаў вял. багнавыя масівы на Беларусі амаль зніклі. Захаваліся на тэрыторыі некаторых запаведнікаў (Бярэзінскі біясферны, Прыпяцкі гідралагічны) і заказнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ГНА-СХЕ́ДА,
балота ў Беларусі, на Пд Мастоўскага і Пн Зэльвенскага р-наў Гродзенскай вобл., у пойме р. Зальвянка. Нізіннага тыпу. Пл. 11,3 тыс.га (у т. л. ў Мастоўскім раёне 5,8 тыс.га), у межах прамысл. пакладу 7 тыс.га. Глыб. торфу да 4 м, сярэдняя 1,5 м. Пач. запасы торфу 22,6 млн.т. Ёсць паклады мергелю магутнасцю да 1,5 м. На балоце пясчаныя ўзвышаныя астравы. Асушаецца з 1962, меліяраваныя землі выкарыстоўваюцца пад сенажаць. На астатняй частцы асокі, драбналессе і хмызнякі з бярозы, вярбы, чорнай вольхі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНКУ́ЗАЎ (Анатоль Іванавіч) (15.1.1921, в. Мхінічы Краснапольскага р-на Магілёўскай вобласці — 23.5.1980),
Герой Сав. Саюза (1945), ген.-м. (1953). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1947). У Чырв. Арміі з 1938. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Карэльскім, Зах., Бранскім, Калінінскім, 2-м і 1-м Прыбалтыйскіх, 3-м Бел. франтах: камандзір узвода, роты, нач. штаба, камандзір палка. Полк пад яго камандаваннем вызначыўся ў крас. 1945 у баі за крэпасць і ваенна-марскую базу Пілау (г. Балтыйск, Калінінградская вобл.). Да 1962 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРО́НАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура бронзавага веку (каля сярэдзіны 2 — пач. 1-га тыс. да н.э.) на тэр.Зах. Сібіры і Казахстана. Назва ад могільніка каля в. Андронава (Краснаярскі край). Насельніцтва займалася пераважна жывёлагадоўляй, жыло ў паўзямлянкавых і наземных жытлах на адкрытых паселішчах, карысталася бронзавай зброяй (кельты, наканечнікі коп’яў, нажы), крамянёвымі наканечнікамі стрэл. Пахаванні ў ямах пад курганамі (часам з каменнымі агароджамі) у скурчаным становішчы, вядомы выпадкі трупаспалення. Характэрны керамічны посуд слоікападобнай формы згеам. арнаментам. Андронаўская культура разглядаецца як умоўная назва т.зв. андронаўскай культурнай агульнасці — некалькіх археал. культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫЦЕ́ЛЫ,
складаныя бялкі — імунаглабуліны, якія сінтэзуюцца клеткамі лімфатычнай тканкі чалавека і цеплакроўных жывёл пад уплывам антыгенаў. Здольныя спецыфічна звязвацца з імі ў імунныя комплексы, што забяспечваецца прасторавай узаемадапаўняльнасцю (камплементарнасцю) паверхняў малекул антыцел і антыгена. Дзякуючы рэакцыям звязвання антыцел з антыгенамі адбываецца нейтралізацыя мікробных таксінаў, імабілізацыя і ўстараненне мікраарганізмаў, чужародных арганізму бялкоў і поліцукрыдаў, а таксама ўласных клетак са змененай паверхневай мембранай. Адначасова яна ляжыць у аснове патагенетычнага механізма анафілаксіі, сываратачнай хваробы і аўтаімунных захворванняў. У лабараторнай практыцы рэакцыя выкарыстоўваецца для дыягностыкі хвароб, ідэнтыфікацыі мікраарганізмаў і асобных рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНА́ЎТЫ,
у грэчаскай міфалогіі героі паходу па залатое руно, якое ахоўваў дракон. Больш за 50 арганаўты пад кіраўніцтвам Ясона накіраваліся на караблі «Арго» ў Калхіду. З дапамогай чараўніцы Медэі захапілі руно і прывезлі яго ў Грэцыю. Паход арганаўтаў — часты сюжэт у творах ант. і пасляант. мастацтва (рэльеф у Дэльфах, кратэр сярэдзіны 5 ст. да н.э.); ён выкарыстаны ў эпасах Апалонія Радоскага і В.Флака, драм. трылогіі Ф.Грыльпарцэра, оперы Л.Керубіні і інш.
Да арт.Арганаўты. Геракл і арганаўты. Размалёўка кратэра зг. Арвіета. Каля 450 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛ ((Bell) Эндру) (27.3.1753, Сент-Эндру, Шатландыя — 27.1.1832),
англійскі педагог; адзін з заснавальнікаў Бел-Ланкастэрскай сістэмы ўзаемнага навучання. Святар англіканскай царквы. Адукацыю атрымаў ва ун-це Сент-Эндру. З 1789 загадваў прытулкам для сірот вайскоўцаў каля Мадраса (Індыя). У 1791 увёў там сістэму ўзаемнага навучання, калі дзеці вучаць адзін аднаго пад кіраўніцтвам настаўніка. Сваю «мадраскую сістэму» выклаў у творы «Вопыт навучання, праведзены ў Мадрасе...» У 1812 і 1827 выдаў дапаможнік для школ, якія працавалі па яго метадзе. Сістэма Бела была выкарыстана таксама ў Ірландыі і Канадзе.